Традыцыі ў выхаваўчай прасторы гімназіі як сродак фарміравання нацыянальнай свядомасці гімназістаў




Дата канвертавання22.06.2016
Памер48.66 Kb.
Традыцыі ў выхаваўчай прасторы гімназіі як сродак фарміравання нацыянальнай свядомасці гімназістаў
З якой хуткасцю бяжыць час! Мінаюць стагоддзі. Змяняецца і само жыццё, але нязменнай застаецца памяць, якая дае сілы прыняць новае, не страціўшы пры гэтым тое каштоўнае, што назапашана чалавецтвам, нашымі продкамі. Культура – гэта таксама памяць, і яе ўзбагачэнне – гэта традыцыі і іх развіццё. Нездарма 2016 год у Беларусі аб’яўлены Годам культуры.

Як жа выхаваць духоўна багатую і ўсебакова развіту́ю асобу, сэнс жыцця якой быў бы цесна звязаны з лёсам народа, краіны? Якія прынцыпы і тэхналогіі для гэтага выкарыстаць? Адказы на гэтыя пытанні ў першую чаргу варта шукаць педагогам і бібліятэкарам. Згадзіцеся, што ў кожнай установе адукацыі павінна існаваць беларускамоўнае асяроддзе. Бо менавіта школы, гімназіі, ліцэі выхоўваюць, удасканальваюць, так бы мовіць, “шліфуюць” асобу навучэнца, рыхтуючы яго да зменлівага, хуткаплыннага жыцця, у якім так важна знайсці сябе і самарэалізавацца. Якіх жа традыцый і накірункаў прытрымліваецца гімназія імя Я.Купалы?

Вось ужо 5 гадоў напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы мы арганізоўваем важнае і значнае культурна-асветніцкае мерапрыемства – Купалаўскія чытанні. Галоўныя мэты конкурсу скіраваны на выхаванне ў падрастаючага пакалення нацыянальнай свядомасці, патрыятызму; далучэнне навучэнцаў да даследчай дзейнасці; павышэнне іх цікаўнасці да беларускай мовы, культурнай спадчыны свайго народа, гісторыі культуры роднай краіны; развіццё інтэлектуальнай і мастацкай творчасці.Традыцыйнай стала секцыя “Культурная спадчына”, на якую прадстаўляюцца вучэбна-даследчыя работы па мовазнаўстве, літаратуры, краязнаўстве, этнаграфіі. Асаблівай папулярнасцю ў вучняў і іх настаўнікаў карыстаюцца секцыі “Святыня народа” (конкурс чытальнікаў вершаў ці празаічных урыўкаў з твораў беларускіх пісьменнікаў-юбіляраў) і “Мой творчы радок” (конкурс вучнёўскіх сачыненняў, апавяданняў, эсэ, вершаў). Тэматыка творчых работ кожны год змяняецца. Так, сёлета творчыя работы былі прысвечаны 30-годдзю з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Свае творчыя здольнасці навучэнцы праявілі і ў секцыі выяўленчага мастацтва “Мазырскія краявіды”. Своеасаблівым экзаменам для вучняў стала інтэлектуальнае спаборніцтва па беларускай мове, а таксама жыццёвым і творчым шляху Кандрата Крапівы.

Упершыню ў гэтым годзе з’явілася секцыя “Мой родны край” для вучняў 4-х класаў, якія ўразілі членаў журы сваёй непасрэднай і шчырай любоўю да роднай Беларусі.

Купалаўскія чытанні з кожным годам набываюць размах і па колькасці ўдзельнікаў. У бягучым 2016 годзе, акрамя школьнікаў з Мазырскага раёна, у мерапрыемстве прынялі ўдзел навучэнцы Ельскай, Жыткавіцкай, Нараўлянскай, Буда-Кашалёўскай, Петрыкаўскай, Лельчыцкай, Калінкавіцкай гімназій. Гэта сведчыць пра рост увагі да вывучэння роднай мовы, літаратуры і культуры, што не можа не радаваць.

Захавальнікамі памяці былі і застаюцца музеі. Для большасці навучэнцаў менавіта са школьнага музея і пачынаецца іх грамадзянскае станаўленне.

Наш літаратурны мзей “Янка Купала і гімназія яго імя” быў адкрыты ў 1984 годзе. З архіўнай даведкі вядома, што ў далёкім 1926 годзе вучні тады яшчэ сямігадовай школы № 3 горада Мазыра звярнуліся да паэта з просьбай дазволіць навучальнай установе насіць яго імя. І Купала згадзіўся. Сімвалічна, што гімназія імя Я.Купалы знаходзіцца на вуліцы Якуба Коласа – яшчэ аднаго знакамітага класіка беларускай літаратуры. Сузор’е вядомых імёнаў і падштурхнула да задумы арганізаваць у навучальнай установе Купалаўскія чытанні. Госці мерапрыемства з задавальненнем наведваюць наш музей. У ім праводзяцца не толькі экскурсіі, але і ўрокі па творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа, пазакласныя літаратурныя мерапрыемствы, вечарыны, прысвечаныя творчасці пісьменнікаў-юбіляраў, літаратурна-музычныя кампазіцыі, сустрэчы з пісьменнікамі і паэтамі.

Саветам музея была праведзена пошукава-даследчая работа ў рамках акцыі “Славутыя імёны бацькаўшчыны”, вынікам якой сталі вучэбна-даследчыя працы “Гісторыя роднай зямлі ў лёсе землякоў” (Сяргей Палуян – міф і рэальнасць), “Мая сям’я – мой гонар”. Дарэчы, апошняя работа ўвайшла ў кнігу “Ніколі не забудзем. Унукі аб вайне: апавяданні, вершы”. Кніга выдадзена ў Мінску ў 2015 годзе да 70-годдзя Вялікай Перамогі.

На базе літаратурнага музея дзейнічае гурток “Купалінка”. На заняткі гуртка запрашаюцца мазырскія паэты: Васіль Андрыеўскі, Галіна Фядосенка, Галіна Дашкевіч, Аляксандр Каляда і іншыя. Трэба адзначыць, што гімназічны музей супрацоўнічае з установай “Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы” горада Мінска. Некаторыя экспанаты гэтага музея перададзены для часовага выкарыстання ў навучальным працэсе.

Любяць наведваць гімназісты і музейны пакой “Беларуская хатка”. Тут праходзяць экскурсіі для вучняў гімназіі і гасцей горада. Асабліва помняцца дзецям літаратурна-музычная кампазіцыя “Жывая спадчына”, этнаграфічны ўрок “Як апраналіся нашы продкі”, інтэграваны ўрок “Пляценне – адзін з відаў народнай творчасці” сумесна з педагогам дадатковай адукацыі аб’яднання “Палескія сувеніры” Лазюк Алінай Міхайлаўнай. На мерапрыемствы запрашаюцца не толькі настаўнікі і вучні, але і іх бацькі, бабулі і дзядулі.

Традыцыйным у гімназіі стала беларускае народнае свята “Калядкі”, а таксама святкаванне Дня беларускага пісьменства і культуры.

У рамках акцый “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, “Я – грамадзянін Беларусі” былі арганізаваны і праведзены экскурсіі: Мазыр – Юравічы -Глінішча – Мазыр, “Залатое кола Гомельшчыны”, “Каб памятаць” (да 70-годдзя Перамогі), Навагрудак – Мір – Нясвіж (па радзіме А.Міцкевіча).

Дзеці наведваюць тэатры, краязнаўчыя музеі, выставы і іншыя славутасці Беларусі. Вялікі ўклад у гэту работу ўносіць настаўнік-метадыст Святлана Васільеўна Філімонава.

Бібліятэка гімназіі цесна супрацоўнічае з гарадскімі бібліятэкамі-філіяламі № 1, № 12. Захапляюць і дарослых і дзяцей сумесныя мерапрыемствы і сустрэчы са знакамітымі людзьмі горада, раёна і вобласці: старшынёй Гомельскага аддзялення “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімірам Гаўрыловічам, членамі Саюза пісьменнікаў Наталляй Канопліч і Аляксандрам Калядой, Галінай Дашкевіч, Васілём Андрыеўскім. З вуснаў знакамітых гасцей вучні чуюць мілагучнае беларускае слова.

Гімназісты ўдзельнічаюць у культурным і інтэлектуальным жыцці гімназіі, а таксама ў раённых і абласных канферэнцыях, фестывалях, конкурсах вучэбна-даследчых і творчых работ. Сярод пераможцаў сёлетняга абласнога конкурсу “Захаваем свет разам” – вучаніца 10-га класа Гырла Крысціна. Яна стане ўдзельніцай X-га міжнароднага фестывалю “Славянскія літаратурныя дажынкі – 2016”, які пройдзе ў рамках Дня беларускага пісьменства ў горадзе Рагачове.

Прыстойна выглядаюць гімназісты і ўдзельнічаючы ў нацыянальных конкурсах розных узроўняў: прадметнай алімпіядзе, конкурсе “Буслік”, конкурсе рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску”. Так, сёлета на заключным абласным этапе эконкурсу “Гавары са мной па-беларуску” Гырла Крысціна ўзнагароджана дыпломам I ступені, а вучань 8-га класа Аўсіевіч Серафім – дыпломам ΙΙΙ ступені.

Усё, адзначанае вышэй (раней) дае падставы сцвярджаць, што дзяржаўная ўстанова адукацыі “Гімназія імя Я.Купалы” займае актыўную пазіцыю ў справе фарміравання нацыянальнай свядомасці навучэнцаў і выхавання сапраўдных грамадзян Рэспублікі Беларусь.

“Зямля бацькоўская - святая”, - слушна выказаўся некалі Пімен Панчанка. З гэтай ісцінай пагодзяцца ўсе. А для таго, каб быць годным грамадзянінам сваёй Радзімы, шчыра любіць яе і шанаваць, трэба змалку далучацца да нацыянальных традыцый, да гістарычнай спадчыны.





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка