Толькi дакрануўся — i заплацiў




Дата канвертавання27.03.2016
Памер17.37 Kb.

Толькi дакрануўся — i заплацiў





Нядаўна ад аднаго знаёмага я пачуў новы аргумент супраць безнаяўных разлiкаў. Быццам з плацежнай карткай таксама не надта зручна ў краму хадзiць — трэба картку, як i грошы, даць касiру, пасля ўвесцi ПIН-код цi падпiсаць чэк. Маўляў, час гэта зусiм не эканомiць. Можа быць, i так, але ёсць чым адказаць i такiм скептыкам. Ужо iснуе новае пакаленне плацежных картак — бескантактныя. Аб тым, што гэта за «звер» такi, расказвае Алена Лагунiна, начальнiк упраўлення развiцця Разлiковага цэнтра пластыкавых картак Беларусбанка.

«Мабыць, самы новы вiд картак, якi з’явiўся ў Беларусi i з якiм працуюць яшчэ далёка не ўсе беларускiя банкi, — бескантактныя карткi Visa PayWave i MasterCard PayPass, — разважае спецыялiст. — Iх асаблiвасць у тым, што, дзякуючы ўбудаванай антэне, для правядзення куплi дастаткова дакрануцца да счытвальнай прылады спецыяльнага плацежнага тэрмiнала i не перадаваць картку касiру. Гэта забяспечвае вялiкую хуткасць аперацый з карткай разам з iх бяспекай».

На жаль, сёння ў нашай краiне пакуль мала плацежных тэрмiналаў, якiя абслугоўваюць бескантактныя карткi. Але выпрабаваць iнавацыйную тэхналогiю правядзення плацяжоў ужо можна ў некалькiх сотнях гандлёвых арганiзацый. «У iх лiку такiя сталiчныя прадпрыемствы, як «ЦУМ», унiвермаг «Беларусь», гандлёвы дом «На Нямiзе», «Лiдо», — пералiчвае спадарыня Лагунiна i дадае: — У той жа час, бескантактныя карткi могуць абслугоўвацца i ў любым стандартным абсталяваннi, бо маюць магнiтную паласу i мiкрапрацэсар». Спецыялiст сцвярджае, што ў сумежных краiнах (Польшча, Расiя), куды можна выправiцца ў падарожжа з бескантактнымi мiжнароднымi карткамi, iнфраструктура абслугоўвання новага пакалення картак развiта ўжо дастаткова добра.

Мiж iншым, бескантактная картка афармляецца гэтак жа, як i звычайная: неабходна звярнуцца ў банк, якi ажыццяўляе выпуск такiх картак (у тым лiку Беларусбанк), з пашпартам i заключыць дагавор. Варта адзначыць, што бескантактную картку можна аформiць да рахунку, якi ўжо iснуе. «Але вялiкай неабходнасцi мець да рахунку i стандартную картку, i бескантактную няма, бо апошняя прымаецца ва ўсiх стандартных месцах — банкаматах, iнфакiёсках, гандлёвых пунктах», — запэўнiвае Алена Лагунiна.

* * *

Чакаем вашых пытанняў пра карыстанне грашыма i ўсё, што з гэтым звязана. Вы можаце звяртацца на электронны адрас газеты infо@zvуаzdа.minsk.bу з пазнакай «для аддзела эканомiкi» цi па тэлефоне 8 017 292 38 02.



Уладзiслаў КУЛЕЦКI

Звязда” № 233 (27598)



11.12.2013г.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка