Тыпы тэкстаў Практыкаванне




Дата канвертавання27.03.2016
Памер23.95 Kb.
Тыпы тэкстаў

Практыкаванне. Падумайце, у якім парадку трэба размясціць сказы, каб атрымаўся тэкст. Пранумаруйце сказы. Вызначце тып маўлення ў кожным тэксце.

1. 1) Учарашні дождж растапіў пачарнелы снег, і цяпер на лёдзе стаяла падсінелая вада. 2) Лёгкі вецер гнаў па ёй дробныя хвалі, якія падкатваліся да рудых чаротаў. 3)Далей вырастаў проста з вады хмызняк. 4) 3 самай раніцы не сядзелася ў хаце. 5) Я пайшоў на возера, якое заўсёды вабіла да сябе.

2. 1) 3 пупышак на бярозе вось-вось гатовы былі паказацца маладыя лісточкі, але дрэва нешта марудзіла. 2) Дол усланы рудым лісцем, сухой папараццю, пераблытанай травой і збуцвелымі галінкамі. 3) Гэтую асцярожнасць яна пераняла ў дуба. 4) 3-пад гэтай папрэлай коўдры месцамі праглядваў бледны, нібы вымачаны, мох. 5) Бяроза, відаць, чакала, пакуль пройдуць вясновыя халады.

3. 1) Асновай "Слова..." стала апісанне рэальных падзей, звязаных з барацьбой усходніх славян з полаўцамі. 2) У ім гучыць заклік да князёў спыніць звадкі ды бясконцую дзяльбу Радзімы, каб паспяхова супрацьстаяць варожай навале. 3) Гэта натхнёная песня - палымяны пратэст супраць княжацкіх міжусобіц і заклік да яднання перад пагрозай нашэсця ваяўнічых качэўных народаў. 4) Створанае восем стагоддзяў назад "Слова пра паход Ігаравы" заслужана называюць жамчужынай славянскай паэзіі.



Практыкаванне. Вызначце тыпы тэкстаў.

I. Адзенне ансамбля ў тыя першыя пасляваенныя гады не вызначалася багаццем тканін, адмысловасцю формы. Але добра помню, што першае, што мяне ўразіла, - гэта прастата і строгасць строяў харыстаў, што выйшлі на сцэну, выстраіліся ў шарэнгі: ва ўсім адчувалася пачуццё меры, густу.

А вось і ён - сам Шырма. Невысокага росту, па-сялянску шыракаплечы, але па-інтэлігенцку падцягнуты, у чорным фраку, у белай манішцы; галава ўжо абсыпана інеем, і такая ж белая, надзвычай акуратная бародка. Было ў яго постаці, у яго паставе, у адзенні нешта сапраўды класічнае ў самым высокім разуменні гэтага слова. Помню, яшчэ да музыкі я падумаў: "Божа, дык гэта ж чарадзей!" (І.Шамякін.)

II. Так сталася, што Сімяон Полацкі вымушаны быў пакінуць родны горад. Асабістае знаёмства з царом Аляксеем Міхайлавічам дало магчымасць адукаванаму палачаніну пасяліцца ў Маскве.

Сімяон Полацкі ахвотна карыстаўся запрашэннем з'яўляцца ў царскі палац з любога ўрачыстага выпадку. Прыходзіў, зразумела, не з пустымі рукамі. Калі, напрыклад, нарадзіўся царэвіч Сімяон, паэт паднёс усцешанаму бацьку свайго цёзкі нешта нябачанае дагэтуль ні царом, ні прыдворнымі: віншаванні мелі форму крыжа, васьміканцовае зоркі, ромба, сэрца, стужкі серпанціну.

Пазней Сімяона Полацкага прызначылі выхавальнікам і настаўнікам царскіх дзяцей. ( У.Арлоў.)



III. Хто калі лічыў, хто калі задумаўся, колькі ж на душу насельніцтва, на душу кожнага з нас прыпадае кветак, матылёў, дрэў, птушак, крынічак? Усяго гэтага мы, занятыя вечным клопатам, часцей за ўсё не заўважаем: яно для нас такое ж звыклае і будзённае, як і паветра, гэты цуд прыроды, якім мы безуважна, раўнадушна дыхаем.

Так, мы звыкла ўсім гэтым карыстаемся. Часам нават забываем, што прырода - не толькі для нас адных, хоць чалавек і з'яўляецца самаю лепшаю аздобаю любога краявіду. Што, беручы ў яе ўсё, чым яна так шчодра з намі дзеліцца, трэба думаць пра будучыню і абавязкова трэба пакідаць у ёй месца і той жа рэчцы, і таму ж буслу, і той жа травінцы, і таму ж мурашу. Пакідаць усё, што ім трэба. Бо ўсе мы на гэтай зямлі суседзі: рэчка і бусел, дрэва і травінка, кветка і пчала, мураш і чалавек. Усе мы зямляне. Бо зямля ў нас адна, яна агульная. I мы маем радасць суіснаваць на ёй. Жыць у дружбе і ва ўзаемнай павазе. Таму, беручы ў прыроды, мы абавязаны захоўваць яе багацці і павялічваць іх. Беручы -аддаваць.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка