Тып урока: Развіццё звязнай мовы вучняў, камбінаваны. Тэхналогія




Дата канвертавання01.05.2016
Памер33.37 Kb.
МЭТА: Стварыць сітуацыю творчасці, выявіць ролю прыслоўяў у вусных і пісьмовых выказваннях вучняў; выпрацоўваць уменне выкарыстоўваць прыслоўі ў вусным і пісьмовым маўленні, развіваць крытычнае мысленне, творчыя здольнасці вучняў.
ТЫП УРОКА: Развіццё звязнай мовы вучняў, камбінаваны.
ТЭХНАЛОГІЯ: Развіццё крытычнага мыслення—парк-школа—праектная.
ФОРМА: Вяртушка.
АБСТАЛЯВАННЕ: Карткі з надпісамі: дакладчыкі, аптымісты, песімісты, рэалісты, эксперты; схема парк-школы, магнітафон і аўдыязапіс класічнай музыкі--М.Агінскі “Развітанне з радзімай “; камп’ютэрныя копіі карцін С.Жукоўскага “Настурцыі” і “Лясная дарога”, зборнік Е.Вароніча “Палескія санеты”і вянок санетаў М.Антаноўскага “Пушча”.
ЛІТАРАТУРА: Настаўніцкія інавацыі. Метадычны бюлетэнь для настаўнікаў №2і3/Гдыня 2005;

С.І.Заір-Бек, І.В.Мушынская. Развіццё крытычнага мыслення на ўроку;

С.В.Кульневіч, Т.П.Лакацэніна. Сучасны ўрок, частка 2.
ХОД УРОКА:
I.Арганізацыйны момант:

Настаўнік вітаецца, прапануе ўзяцца за рукі і пажадаць адзін аднаму добрага здароўя і поспехаў у працы.


II.Паведамленне тэмы і мэты ўрока.
III.Праца над тэмай урока:

1)Слова настаўніка: ён звяртаецца да дошкі і чытае эпіграф:

Сваёй я формы не змяняю.

Заўсёды я абазначаю

Прымету дзеяння і стану—

Як з дзеясловам побач стану,

А як з прыметнікам—то гэта

Ўжо будзе якасці прымета.

- Вы напэўна ўжо здагадаліся, што размова пойдзе сёння пра прыслоўе. Так як у нас урок развіцця мовы, то скажыце, якія дзве формы мае сучасная літаратурная мова?(Вусную і пісьмовую—адказы дзяцей).Мы будзем гаварыць пра прыслоўе як моўную адзінку і пра сувязь яго з іншымі відамі мастацтва: літаратурай, жывапісам, музыкай, тэатрам.(Настаўнік прымацоўвае таблічкі з назвамі відаў мастацтва да дошкі (схема прыкладваецца) і працягвае ўрок)

-Унас атрымалася кола, а кола мае непасрэдныя адносіны да парка. Так, сёння ў нас на ўроку парк-школа.І мы яшчэ на мінулым уроку аб’ядналіся ў 5 вольных студый, згодна прапанаваных заданняў:


1.Студыя мовы,

2.Студыя літаратуры,

3.Студыя жывапісу,

4.Студыя музыкі,

5.Студыя тэатральная.
- Але вы, як студыйцы, павінны яшчэ адначасова пабываць у ролі не толькі дакладчыкаў, абараняючы свае працы, але і ў ролі аптымістаў, песімістаў, рэалістаў і экспертаў, калі свае працы абараняюць іншыя студыі (карткі з надпісамі роляў стаяць на партах і мяняюцца пасля таго, як мяняюцца дакладчыкі па метадзе “Вяртушка” ). Выступаючы ў розных ролях, вы павінны ў сваіх вусных выказваннях ужываць прыслоўі, засяродзіўшы ўвагу на ўказанне ролі прыслоўяў у пісьмовых паведамленнях, творчых працах студыйцаў.

2) Абарона праектаў сяброў студыі мовы (яны выступаюць у ролі дакладчыкаў). Моваведы падрыхтавалі слоўнікі пыслоўяў-сінонімаў, прыслоўяў-антонімаў, прыслоўяў-фразеалагізмаў, а таксама таблічку злітнага, раздзельнага і дэфіснага напісання прыслоўяў.(Абмеркаванне прац па метадзе “Вяртушка”пасля кожнай часткі абароны праекта) .



3)Абарона праектаў сяброў студыі літаратараў.Яны выступаюць з даследаваннямі прыслоўяў у зборніку вершаў “Палескія санеты” Е.Вароніча і робяць заключэнне аб іх ужыванні, а таксама з даследаваннямі вянка санетаў М.Антаноўскага “Пушча” (дадаткі прыкладваюцца).

4) Абарона праектаў сяброў студыі жывапісу.Яны прадставілі творчыя працы -- сачыненні-апісанні карцін нашага славутага земляка са Стараволі Станіслава Жукоўскага “Настурцыі” і “Лясная дарога”, а таксама паведамленне пра самога мастака з ужываннем прыслоўяў.

5)Абарона праектаў сяброў студыі музыкі. Студыйцы прадставілі для абмеркавання паланез Агінскага “Развітанне з радзімай”, які прагучаў у класе, сачыненне-апісанне музыкі, паведамленне пра Агінскага і яго знакаміты паланез таксама з уключэннем у творчыя працы прыслоўяў.

6)Абарона праектаў сяброў тэатральнай студыі.Вучні разыгралі невялічкую інсцэніроўку са студэнцкага жыцця з ужываннем прыслоўяў у гутарковым стылі і паведамленне аб ролі прыслоўяў у ім.
IV.РЭФЛЕКСІЯ: Што новага вы даведаліся на сённяшнім уроку? Якое адкрыццё для сябе вы зрабілі?
V.Падвядзенне вынікаў урока: заключнае слова настаўніка аб уменнях і навыках вучняў, набытых на ўроку, уменні працаваць у групе, выказваць крытычныя меркаванні у адрас сваіх сяброў; выстаўленне адзнак пасля абмеркавання з групамі, словы падзякі вучням за добрую падрыхтоўку і за цікавыя адкрыцці, а таксама гасцям , што прысутнічалі на ўроку.
VI.Дамашняе заданне: падрыхтавацца да тэставай работы, дапрацаваць і аформіць творчыя працы.


Настаўніца беларускай мовы і літаратуры

Жаўнярчук Ларыса Васільеўна


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка