Т.І. Шамякіна (Мінск) традыцыйная культура ў беларускіх смі І адукацыі




Дата канвертавання01.05.2016
Памер103.61 Kb.
Т.І.Шамякіна (Мінск)

ТРАДЫЦЫЙНАЯ КУЛЬТУРА Ў БЕЛАРУСКІХ СМІ І АДУКАЦЫІ

Трывожнае пачуццё пакідае знаёмства са станам традыцыйнай культуры ў адукацыйнай сферы і беларускіх мас-медыа. Велізарная колькасць інфармацыі, якая льецца некантралюемай плынню з электронных СМІ, з Інтэрнета самым згубным чынам уплывае на свядомасць людзей, асабліва маладых, размывае крытэрыі ацэнак маральна-этычных і эстэтычных з’яў. Радыё-тэле-інтэрнетаўская інфармацыя, нягледзячы на ўвесь яе каласальны аб’ём і разнастайнасць, нівеліруе чалавечую асобу, уніфікуе яе, стандартызуе паводзіны і жыццёвыя запатрабаванні людзей. Шаблонныя ўяўленні і паняцці, маючы выгляд правільнасці, на самай справе не адпавядаюць цэласнаму вопыту навукі і сапраўднай культуры. Асабліва згубнае ўздзеянне тэлебачання. Тэлевізар за апошнія дзесяцігоддзі стаў самастойнай рэальнасцю – віртуальнай, а ў сапраўднай рэчаіснасці ён выклікаў духоўны рэгрэс, разлажэнне, знішчэнне чалавечай душы, пераўтварыў добры, працалюбівы, інтэлігентны народ у натоўп спажывальнікаў рэчаў і рознага роду даброт. Тэлевізар робіць чалавека істэрычным, прывучае да сібарыцкага ладу жыцця, ляноты, суцэльнага летуцення, паралізуе волю, разбэшчвае. Шматлікія даследаванні ў розных краінах паказваюць, што дзеці, якія шмат часу праводзяць перад тэлевізарам, дрэнна вучацца, губляюць памяць, яны апатычныя і фізічна нездаровыя.

Ёсць і іншы аспект праблемы. Страта традыцыйных вераванняў і шырокае распаўсюджанне электронных СМІ прывялі да замены веры рознага роду сацыяльнымі міфамі. Любы чалавек у любым грамадстве знаходзіцца ў палоне стэрэатыпаў дадзенага грамадства, якія і можна лічыць міфамі і якія на 80 % вызначаюць светапогляд і паводзіны чалавека. Шырокае распаўсюджанне сацыяльных міфаў абумоўлена тым, што яны апелююць хутчэй да эмоцый, чым да розуму, хоць вельмі часта бываюць агорнутыя ў абалонку навуковай тэорыі. Менавіта ў наш час міфы як з’ява па сутнасці ірацыянальная пачалі выкарыстоўвацца з рацыянальнымі мэтамі і сталі важнейшым сродкам маніпуляцыі калектыўнай свядомасцю народа. Распаўсюджваюць міфы ў асноўным электронныя СМІ. Імкненне развянчаць міфы не прыводзіць да станоўчых вынікаў: тут дзейнічаеш словам, на баку ж тэлевізара і слова, прычым часта слова з вуснаў як быццам бясспрэчных аўтарытэтаў, і багаты візуальны рад, і сродкі сугестыі – не толькі 25-й кадр, а іншыя, намнога больш тонкія, прыёмы сублімаванага ўздзеяння.

У сучаснай Беларусі міфы, што авалодалі інтэлігенцыяй і моладдзю, маюць сваю спецыфіку. Паколькі гэтая частка насельніцтва добра валодае не толькі беларускай, але і рускай мовай, то яна не агароджана, хоць у нейкай ступені, як народы іншых былых савецкіх рэспублік, сваёй роднай мовай ад згубнага ўплыву расійскіх сродкаў масавай інфармацыі, бясспрэчна, самых амаральных на постсавецкай прасторы, ды, думаю, і ў свеце. У выніку беларусы ўбіраюць у сябе, паглынаюць ідэалогію, варожую і здароваму сэнсу, і пачуццю справядлівасці, і універсальным каштоўнасцям, і традыцыйнай культуры.

Пад традыцыйнай мы разумеем, перш за ўсё, культуру народную і культуру класічную – не толькі айчынную, але і сусветную. Культура – дысцыплінаваны стан ведаў, быцця, паводзін, вынік свядомай творчасці і ўстойлівая сістэма духоўнага, разумовага, пачуццёвага вопыту. Культура ўстанаўлівае іерархію каштоўнасцей, якія сучаснымі СМІ ў вялікай ступені знішчаюцца, размываюцца; тут ствараецца і прапагандуецца або субкультура, або псеўдакультура, або антыкультура.

Беларусы – людзі дапытлівыя, цікаўныя да розных праяў жыцця. Таму інтэлектуальныя запатрабаванні насельніцтва айчынныя СМІ ўсё ж улічваюць. Так, амаль кожны беларускі друкаваны орган змяшчае, прытым рэгулярна, эксклюзіўны матэрыял, часта навуковы, але ў папулярным выкладзе. Напрыклад, пра народную культуру як сістэму сімвалаў, пэўных кодаў друкуе свае допісы ў “Звяздзе” і іншых газетах і часопісах вядомы айчынны фалькларыст Янка Крук. У масавай газеце “Беларусь сегодня” нязменна карыстаецца велізарнай папулярнасцю рубрыка “У пошуках страчанага”, а таксама культуралагічныя доследы вядомага ў Беларусі навукоўца Адама Мальдзіса, архіўныя пошукі Уладзіміра Скалабана і Людмілы Рублеўскай. Газеты “Минский курьер” і “Вечерний Минск” публікуюць матэрыялы пра стары Мінск. У прынцыпе ўсе выданні ў той ці іншай ступені змяшчаюць допісы пра навіны культурнага жыцця. Ствараецца ўражанне, што ўсім відам культуры – і традыцыйнай, і авангарднай – адводзіцца роўнае месца. На самай справе гэта ілюзія. Сапраўднай культуры – народнай і класічнай – у СМІ недаравальна мала, не больш 5 %. Дастаткова спаслацца на такі факт. 90-годдзе з дня нараджэння выдатнейшых, сапраўды народных пісьменнікаў, Андрэя Макаёнка і Івана Мележа, не былі адзначаны ў большасці сродкаў масавай інфармацыі. Некалькі радкоў петытам – быццам гаворка ідзе не пра класікаў беларускай літаратуры, якімі б ганарыўся любы іншы народ. Праўда, Саюз пісьменнікаў Беларусі ў час схамянуўся, нагадаў тэлебачанню пра юбілей І.Мележа, і новае кіраўніцтва Тэлерадыёкампаніі тэрмінова скарэкціравала праграму, выпусціла дакументальны фільм пра пісьменніка і мастацкую кінастужку па яго несмяротнай “Палескай хроніцы”. Пра А.Макаёнка, некалі лепшага камедыёграфа Савецкага Саюза, п’есы якога ставіліся ў сотнях тэатраў, нагадаць не паспелі...

Штодзённа і штотыднёва газеты Беларусі, як і Расіі, напоўнены аповедамі пра “зорак” шоу-бізнесу, тэлевядучых, камерцыйных пісьменнікаў, якія даюць шматлікія інтэрв’ю, раскавана паводзяць сябе, крыўляюцца. Праблемы высмоктваюцца з пальца: “У якіх вы адносінах з кошкамі?”, “Дзе вы лечыце зубы?”, “Калі вы апошні раз цалаваліся?” Усё для таго, каб лішні раз нагадаць, убіць у свядомасць, у памяць абывацеля пэўнае прозвішча. Так ствараюцца дутыя аўтарытэты, ўяўныя куміры, якіх шануе моладзь. А традыцыйная культура – на апошнім месцы, для яе няма ні спецыяльных выданняў (акрамя ў некаторай ступені “ЛіМа”), ні дадаткаў, ні ўкладышаў да масавых газет, як для прадстаўнікоў шоу-бізнесу.

Зноў спашлюся на прыклад. Перад 8 сакавіка ў беларусаў аказаліся тры вольныя дні. Чым жа цешыла ў гэты час гледачоў беларускае тэлебачанне? 5 сакавіка Першы канал паказаў дастаткова прыстойны дакументальны фільм “К.Крапіва. Таямніцы біяграфіі” – да 115-годдзя з дня нараджэння класіка. СТВ – традыцыйна “Новыя падарожжы дылетанта”, якія хоць у нейкай ступені знаёмяць беларусаў з іх радзімай. Канал “Лад” – зноў-такі традыцыйную перадачу “Страсці па культуры” і дакументальны фільм “Каханне ў жыцці і творчасці М.Багдановіча”. У наступныя дні ў музычных перадачах – песні самага нізкага гатунку і, як заўсёды, бясконцыя расійскія серыялы і амерыканскія кінастужкі. І толькі 8 сакавіка на Першым канале “Вялікі канцэрт”, дзе гучала класічная і народная музыка.

Дэградацыя культуры адбываецца таму, што ў традыцыйным мастацтве бачаць або палітычна-дыдактычны сродак, або забаўляльны. У выніку ў СМІ і адукацыі мастацтва выкарыстоўваецца як своеасаблівы прывесак, які магчымы пасля працы, вучобы, бо ён прызначаны як быццам толькі для адпачынку, для забавы. Між тым, мастацтва – адзіная з’ява, у якой чалавек ўвасабляе сябе ў сваёй чалавечай цэласнасці, у паўнаце сваіх перажыванняў, роздумаў, мар. Мастацтва – такі спосаб самапазнання чалавека, з якім ніякі іншы не параўнаць. Аднак у апошні час мастацтва загналі ў рэзервацыю, яно ігнаруецца, усяляк прыніжаецца, прадстаўляецца або як памыйка, куды індывідуум скідвае свае комплексы, або як гульня, спосаб забыцця ад жорсткіх рэалій жыцця. У Беларусі палічылі неабходным пакінуць абсалютна адыёзны, амаральны канал НТВ, але ліквідавалі расійскі тэлевізійны канал “Культура”. Беларускі “Лад”, у якім пераважаюць спартыўныя перадачы, замяніць “Культуру” ні ў якім разе не можа. Наіўнымі ўяўляюцца і настойлівыя заклікі пісьменнікаў дапусціць іх на ТВ. Гэта немагчыма ў прынцыпе. Пісьменнікі для тэлебачання – канкурэнты. Калі людзі будуць больш чытаць, значыць, будуць менш глядзець тэлевізар, менш паглынаць рэкламы.

У выніку насельніцтва адвучана ад сапраўднай культуры, моладзь пра яе ўвогуле не мае ніякага ўяўлення. Перадачы, прысвечаныя класічнаму мастацтву, ідуць у самы нязручны час, яўна – толькі для справаздачы: маўляў, ёсць у нас яны. Міністр культуры П.Латушка нядаўна на нарадзе ў Гомелі рэкамендаваў вярнуць у школы дысцыпліну “Сусветная мастацкая культура”. Яна дрэнна выкладалася, таму яе ліквідавалі, але ва ўсялякім разе сведчыла, што ёсць і нешта альтэрнатыўнае масавай культуры. Унікальная вучэбная дысцыпліна “Гісторыя і тэорыя сусветнай культуры”, якая пачынала чытацца на філалагічным факультэце БДУ яшчэ ў 80-я гады, скарацілася за гэты час у чатыры разы. Гадоў дзесяць таму вядомы “палітычны дзеяч” А. Казулін, калі быў рэктарам БДУ, ліквідаваў дысцыпліну “Беларусазнаўства”, якая карысталася нязменнай папулярнасцю ў студэнтаў. Дысцыпліна “Гісторыя Беларусі” абсалютна не замяняе “Беларусазнаўства”, бо чытаецца толькі ў адным аспекце. “Беларусазнаўства” ж знаёміла і з прыродай, і з народнай культурай, і з прафесійнай культурай на працягу тысячагоддзя, з ментальнасцю народа, давала цэласнае ўяўленне пра краіну, прычым вельмі часта ў аздабленні мастацкага слова, з паэтычнымі прыкладамі. У той час, калі ў Японіі кожны выпускнік базавай школы ведае, згодна праграме, 50 народных песень, у нас ўжо вырасла некалькі пакаленняў, якія не маюць ніякага паняцця пра народную і класічную культуру. Гэта катастрофа намнога большая, чым землятрус. Дарэчы, так званы “японскі цуд” у 60-я гады ХХ ст., фактычна імгненнае авалоданне краінай самымі сучаснымі тэхналогіямі, якраз абумоўлены захаваннем і надзвычай кранальным стаўленнем японцаў да сваёй традыцыйнай культуры. Тыя ж японцы шляхам скрупулёзных доследаў высветлілі, што ў чалавека з нізкай агульнай культурай зніжаная вытворчасць працы, адсутнічае адказнасць за даручаную справу. Таму яшчэ ў 80-я гады кіраўнікі фірмаў і прадпрыемстваў абавязалі сваіх супрацоўнікаў праходзіць курсы па гісторыі сусветнай культуры – музыкі, жывапісу, архітэктуры [1, 164]. У ЗША менеджэраў падчас павышэння імі кваліфікацыі прымушаюць аналізаваць літаратурныя творы, наведваць спектаклі па класічных п’есах. Многія ўрачы гавораць сёння пра каласальны тэрапеўтычны, лячэбны эфект мастацтва.

Адно з вялікіх няшчасцяў нашага жыцця, нашай свядомасці і эмацыйных праяўленняў – занядбанне традыцый, страта арыенціраў, парушэнне гістарычнага кантынууму. Галоўная небяспека і галоўны недахоп сучаснай сістэмы адукацыі – знішчэнне вобразнага мыслення. Яно пачынаецца ўжо з сярэдніх класаў школы, а ў ВНУ пра яго ўвогуле гаворка не ідзе. Чыноўнікі выстаўляюць педагогам-літаратуразнаўцам тыя ж правілы і нормы ў навучанні, што і пры падрыхтоўцы іншых дысцыплін, як быццам літаратура – звычайны прадмет, а не від мастацтва, навучанне якому патрабуе зусім іншых падыходаў, чым навучанне хіміі і нават мовы. Знішчэнне вобразнага мыслення цягне за сабою шматлікія наступствы. Вобразнае мысленне – аснова ўяўлення, фантазіі, няма фантазіі – няма крэатыўнасці, патухае творчы патэнцыял, які ёсць у любога дзіцяці; знікае цікаўнасць да іншага чалавека, ды нават і да пазнання самога сябе. Адсюль – жорсткасць у адносінах да іншага, раўнадушша да жыцця, злачынствы, немагчымасць захаваць сям’ю, суіцыды. Заканадаўчыя акты стрымліваюць крайнія праяўленні разбуральных інстынктаў, але ўсё ж выхаваўчы іх патэнцыял невялікі. Так званыя “рэформы” адукацыі тармозяць развіццё здольнасці дзяцей да цэласнага і глыбокага ўсведамлення свету, да шмат чаго, што робіць чалавека асобай. Ужо ў недалёкім будучым мы сутыкнёмся з тым, што людзям усё цяжэй будзе выражаць свае думкі і эмоцыі. Эмацыянальнае жыццё беларуса кволае ўжо цяпер, яму пастаянна патрабуецца электрашок у выглядзе тэлепраграм і газетных сенсацый. Але пагаршаюцца і ўсе іншыя паказчыкі. Да нас у ВНУ са школы прыходзяць дзеці з надзвычай дрэннай памяццю, бо яе не трэніруюць, не прымушаюць, як раней, шмат вывучваць класічных вершаў. Адсутнічае ў абітурыентаў і логіка, уменне бачыць сутнасць той ці іншай з’явы, вылучаць галоўнае, найбольш важнае ў пэўным тэксце.

Часам студэнты і іх бацькі незадаволены некаторымі дысцыплінамі ў ВНУ: яны, маўляў, не патрэбныя ў будучай працы, а ў іншых зашмат тэорыі, мала практычных ведаў. Распрацоўшчыкі стандартаў і вучэбных планаў поўнасцю згодныя з гэтымі абывацельскімі меркаваннямі, не разумеючы, што менавіта так званыя “лішнія” веды якраз ствараюць крэатыўны задзел асобы, развіваюць яе творчы патэнцыял, які спатрэбіцца на любой працы – рынак яе сёння непрадказальны. “Парадокс культуры ў тым і заключаецца, – піша выдатны расійскі філосаф А. Панарын, – што да многіх яе прадуктаў нельга падыходзіць утылітарна як да сродку – іх змест раскрываецца толькі ў рамках прынцыпу самакаштоўнасці” [2, 34].

Кожная краіна імкнецца ісці па шляху прагрэсу. Але прагрэсу чаго? Заклапочаныя камерцыялізацыяй быцця, мы неяк забыліся, што важнейшай умовай любога руху наперад з’яўляецца ўдасканаленне чалавека – прагрэс усіх прагрэсаў. Жывёльны, эгаістычны пачатак у чалавеку, імкненне спажываць і разбураць заўсёды стрымліваліся сумленнем, рэлігійнай верай, традыцыяй. Сёння ўсё гэта – сістэмай адукацыі, дэбільнымі тэстамі, СМІ – старанна разбураецца. Старшыня Савета дырэктараў школ краін СНД прафесар Я.С. Турбоўскі адзначае, што праблемы ва ўсіх краінах СНД аднолькавыя: “Рэзкая страта якасці адукацыі пры абсалютна фармальным кантролі... Рэзкае зніжэнне элементарнай выхаванасці дзяцей.... Так званы балонскі працэс, змена адукацыі з арыентацыяй на Захад, а не на ўласныя традыцыі, тэставы прынцып навучання... – праблемы агульныя” [4, 14]. Як адзначаюць шмат якія расійскія аналітыкі, разбурэнне традыцыйнай сістэмы адукацыі, працэс варварызацыі насельніцтва носіць, відавочна, свядомы характар. А мы, беларусы, бяздумна паўтараем расійскія так званыя “адукацыйныя рэформы”, абы толькі не лічылі б нас правінцыяламі. Разбураць заўсёды лягчэй, чым ствараць. Таму на шляху энтрапіі – у прынцыпе вечнага закона Сусвету – павінна стаяць асабліва моцная заслонка – культура. Культура – адзіны стрыжань, хрыбет, які здольны стрымаць, захаваць чалавека, нават калі ўсе астатнія бакі яго жыцця разбураныя. Ніякі навуковы прагрэс, ніякая тэхніка (чаго яна каштуе ў параўнанні з сіламі прыроды, мы бачылі ў Японіі), ніякія вытворчыя адносіны, законы і загады не захаваюць чалавека чалавекам, калі ў ім загінула мараль і развеялася душа. Толькі праз адраджэнне культуры ляжыць шлях да адраджэння і развіцця краіны.

Кіраўнікі Беларусі і асобных арганізацый гэта разумеюць. Але палажэнне ў культуры даволі запушчанае. На месцах звяртанне да традыцый адбываецца часцей за ўсё на самым спрошчаным, прымітыўным, павярхоўным узроўні – тыпу выкарыстання пластыка ў рэстаўрацыі мірскага палаца. Пры наяўнасці вялікай колькасці цудоўных ансамбляў народнай музыкі, спеваў шырокая публіка іх усё ж мала ведае. Ва ўмовах залішне агрэсіўнай і несбалансаванай інфармацыі неабходна ставіць пытанне і пра больш эфектыўнае выкарыстанне часу вяшчання, друкаваных плошчаў, адукацыйных праграм. Калі масавая культура і так лезе з усіх шчылін, ці не варта ў класічным універсітэце больш увагі надаваць усё ж традыцыйнай культуры? І ці не з’яўляецца абсурдам тое, што на аддзяленнях, дзе вывучаюць замежныя мовы, не чытаецца “Славянская міфалогія”, “Беларускі фальклор”? У той час як на гэтых аддзяленнях іх неабходна чытаць у два разы больш, чым на астатніх – менавіта ў мэтах выхавання, бо “што ведаю, тое і люблю”. Веданне той ці іншай мовы заканамерна прыводзіць да большай любові да краіны вывучаемай мовы. Гэта даўно ўжо аксіёма, на якую закрываюць вочы. Таму для пэўнага балансу хоць у нейкай ступені дзяцей неабходна прывучаць да свайго, роднага. А што тычыцца СМІ, то наша дзяржава не такая багатая, каб можна было за дзяржаўныя сродкі запаўняць час і прастору не проста непатрэбнай праблематыкай, а абсалютна пустымі размовамі і нават глупствам, якое вельмі часта можна пачуць з вуснаў неадукаваных гламурных прыгажунчыкаў поп-тусоўкі.

Такім чынам, мы ставім пытанне пра адбор, уменне правільна фільтраваць інфармацыю, пра іерархію каштоўнасцей, пра неабходнасць улічваць не толькі камерцыйны інтарэс, але і мэты выхавання народа, пра большы кантроль СМІ з боку грамадскасці. У больш шырокім плане – пра місію інтэлігенцыі ва ўмовах яўнай дэградацыі культуры, якая ідзе ва ўсім свеце.



Міхась Савіцкі – лепшы беларускі мастак ХХ стагоддзя, які, на жаль, нядаўна пайшоў ад нас, гаварыў: “Надзвычай важна выхаваць катэгорыю людзей, якія б прысвяцілі сябе адраджэнню мастацтва ў народзе. Энтузіястам неабходна даць свабодна працаваць” [3, 15]. На шчасце, у БДУ разумеюць гэта. Сведчанне – вялікая колькасць мастацкіх калектываў, а таксама музеяў. Сярод іх – музей-кабінет беларускай культуры на філалагічным факультэце, створаны такім энтузіястам, пра якіх гаварыў народны мастак, – І.В. Казаковай. Яна ж – і ініцыятар нашай канферэнцыі.


  1. Лебедев Е. Кое-что об ошибках сердца. Эстрадная песня как социальный феномен. // Новый мир. – 1988. - № 10. – С. 153-168.

  2. Панарин А.С. Правда железного занавеса / Александр Панарин. – Москва: Алгоритм, 2006. – 336 с.

  3. Савицкий М. Служить искусству – служить народу // Политический собеседник. - № 3, 1987. – С.14-17.

  4. Турбовский Я.С. Образование: традиции и границы // Литературная газета. - № 14. – 13–19.04.2011.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка