Т.І. Доўнар. Гарадзельская унія 1413 Г. І Яе наступствы




Дата канвертавання17.03.2016
Памер84.71 Kb.
Т.І.Доўнар. ГАРАДЗЕЛЬСКАЯ УНІЯ 1413 Г. і ЯЕ НАСТУПСТВЫ.

Доўнар Т.І. Гарадзельская унія 1413 года і яе наступствы // Юстыцыя Беларусі. 2013, № 8. – С.73-74.


В статье рассматриваются вопросы взаимотношений Польши и Великого Княжества Литовского в XIV – XV вв., причинами и последствиями заключения между ними Гародельской унии 1413 года.
600 гадоў таму паміж Вялікім Княствам Літоўскім, палітыка-эканамічным цэнтрам якога былі беларускія землі, і Каронай Польскай быў заключаны новы дагавор (унія), які на працягу наступных стагоддзяў вызываў непаразуменні і бурныя спрэчкі многіх дзяржаўных асоб і навукоўцаў. Заключэнню гэтай ўніі папярэднічалі шматлікія падзеі.

У XIV ст. еўрапейскія дзяржавы перыяду сярэдневечча мелі паміж сабой даволі цесныя сувязі, якія перыядычна перапыняліся войнамі. Такія ж адносіны былі характэрнымі для Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы. Аднак у апошняй чвэрці XIV ст. адносіны паміж гэтымі дзяржавамі перараслі ў больш цесны дзяржаўна-прававы саюз. Па ініцыятыве польскіх феадалаў у 1385 г. у замку Крэва (цяпер вёска ў Смаргонскім раёне Гродзен­скай вобласці) была заключана першая ўнія паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай шляхам дынастычнага шлюбу. Вялікі князь Ягайла жаніўся на польскай каралеве Ядвізе. У выніку – упершыню ўзнік саюз дзвух дзяржаў пад уладай аднаго манарха, які аказаў істотны ўплыў на палітыка-эканамічныя і сацыяльна-культурныя адносіны народаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы. Фактычна ўся наступная гісторыя гэтых народаў на працягу 400 гадоў знахо­дзілася пад уздзеяннем гэтага саюза. Дзякуючы змяненню ўнутранай і знешняй палітыкі Польшчы пад уздзеяннем уніі былі прыпынены анямечванне польскага народа і нямецкая каланізацыя Польшчы.

Умовы Крэўскай дамовы дакладна невядомы, аднак гэты саюз быў выгодны абедзвюм дзяржавам, бо дазваляў аб’яднаць сілы для сумеснага адпору нямецкай крыжацкай агрэсіі (Тэўтонскаму ордэну, які ўжо падпрадкаваў сабе многія прыбалтыйскія землі і пагражаў ВКЛ). Вялікі князь Ягайла, прыняўшы каталіцтва і атрымаўшы імя Уладзіслаў, уступіў у 1386 г. на польскі трон і стаў каралём Польшчы, пасля чаго пачаў распаўсюджваць у Вялікім Княстве Літоўскім каталіцызм. Нягледзячы на тое, што Ягайла стаў польскім каралем, ён застаўся вялікім князем Вялікага Княства Літоўскага, хоць і паставіў замест сябе вялікім князем роднага брата Скіргайлу.

Пасля заключэння Крэўскай уніі ў Вялікім Княстве Літоўскім пачалося прымусовае насаджэнне каталіцызму. Увядзенне польскіх войскаў на тэрыторыю Княства пагоршыла ўнутрыпалітычную сітуацыю, бо выклікала рэзкую незадаволенасць насельніцтва. Апазіцыйныя Скіргайлу сілы аб’яднаў і ўзначаліў Вітаўт – князь Брэсцкі і Гарадзенскі. Шырокая народная падтрымка, аказаная Вітаўту, выму­сіла Ягайлу пайсці на кампраміс. У выніку перамоваў, якія адбыліся 5 жніўня 1392 г. у маёнтку Вострава каля г. Ліды, была заключана дамова, адпаведна якой паўнамоцтвы вялікага князя ў Вялікім Княстве Літоўскім перадаваліся Вітаўту, а Скіргайла пераводзіўся на княжанне ў Кіеўскае княства.

Востраўскае пагадненне паклала пачатак спыненню ўнутранай барацьбы ў Вялікім Княстве Літоўскам і прывяло да ўмацавання яго саюзу з Польшчай на аснове персанальнай уніі. Вітаўт пагадзіўся з вяршэнствам улады Ягайлы. Апошні, у сваю чаргу, прызнаў уладу Вітаўта ў Вялікім Княстве Літоўскім і нават абяцаў яму ўсялякую падтрымку. У гэтым пагадненні ў чарговы раз выявіўся палітычны талент Ягайлы, які замест праціўніка ў асобе Вітаўта набыў энергічнага, рашучага і разумнага саюзніка ў барацьбе з крыжакамі.

Пасля Востраўскай дамовы прымусовае акаталічванне насельніцтва Княства некалькі саслабела. Нават не дапускалася знаходжанне польскіх войскаў на тэрыторыі дзяржавы. Меры па ўмацаванні аўтарытэту абедзвюх дзяржаў, распачатыя Ягайлам, а таксама наданне істотных ільгот феадалам далі магчымасць кіраўніцтву Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага прыцягнуць на свой бок шэраг удзельных князёў, умацаваць свае пазіцыі на міжнароднай арэне. З мэтай пашырэння саюзных адносін дзвюх дзяржаў 18 студзеня 1401 г. ў Вільні былі сабраныя найболей уплывовыя магнаты Княства, якія прынялі каталіцкую веру і пацвердзілі спецыяльнай граматай саюз з Польшчай. У сакавіку гэтага ж года аналагічнае ўзаемнае абавязацельства пацвердзіла польская кіруючая эліта, якая сабралася ў г. Радаме. Такім чынам, саюз дзвюх дзяржаў, заснаваны на персанальнай уніі, атрымаў юрыдычнае замацаванне ў Віленска-Радамскай уніі.

Гэтая унія адначасова пацвердзіла суверэнітэт Вялікага Княства Літоўскага, а таксама правы вялікага князя Вітаўта як самастойнага гаспадара дзяржавы. Віленска-Радамскі дагавор ясна вызначыў сутнасць дзяржаўна-прававога саюза Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай як персанальную ўнію дзвюх дзяржаў пад вяршэнствам аднаго манарха. У дагаворы рабілася спроба юрыдычна абгрунтаваць спадчынны характар вялікакняжацкай улады ў адносінах да Ягайлы і яго спадчыннікаў, хоць феадалы, якія складалі кіруючыя вярхі Вялікага Княства Літоўскага, выступалі за захаванне старажытнай практыкі абрання вялікага князя. У сувязі з гэтым залежнасць вялікага князя Вітаўта ад караля Ягайлы пачала насіць у большай ступені намінальны характар і не мела вырашальнага значэння ў адносінах паміж абедзвюма дзяржавамі. Ва ўсіх унутраных справах Вітаўт і Ягайла выступалі самастойнымі гаспадарамі сваіх дзяржаў.

Крэўская і Віленска-Радамская уніі, нягледзячы на ўзмацненне польска -каталіцкага ўплыву, садзейнічалі культурнаму і эканамічнаму збліжэнню народаў Беларусі, Літвы, Украіны і Польшчы. Аднак самае важнае значэнне мела цеснае ўзаемадзеянне абедзвюх дзяржаў у справе аб’яднання матэрыяльных сродкаў і ваенных сіл у барацьбе са знешняй крыжацкай агрэсіяй.

Адным з самых галоўных вынікаў уній стала Грунвальдская бітва 15 ліпеня 1410 г., перамога ў якой аб’яднаных войскаў Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы стала пачаткам паражэння Тэўтонскага ордэна і спыненнем нямецкага наступлення на ўсход Еўропы. Перамога пад Грунвальдам павысіла аўтарытэт Вялікага Княства і Польшчы на міжнароднай арэне. Гэтыя падзеі сталі важным этапам ва ўсёй еўрапейскай гісторыі. Яны значна паўплывалі на ўсю наступную гісторыю Беларусі.

Перамога пад Грунвальдам падарвала магутнасць польскага каталіцкага духавенства, якое пачало шукаць новыя сродкі ўзмацнення свайго ўплыву ў Вялікім Княстве Літоўскім. Менавіта пад іх уплывам узмацнілася імкненне да больш цеснага саюзу дзвюх дзяржаў.

У кастрычніку 1413 г. па ініцыятыве польскіх феадалаў і Ягайлы ў Гарадзельскі замак з’ехаліся прадстаўнікі польскай шляхты і 47 магнатаў-каталікоў Вялікага Княства Літоўскага з мэтай распрацоўкі ўмоваў новай уніі. У выніку былі прыняты тры граматы (прывілеі), якія юрыдычна і аформілі новую Гарадзельскую унію. Паводле першай граматы прадстаўнікі польскай кіруючай вярхушкі пагаджаліся з правам буйных землеўласнікаў-каталікоў Вялікага Княства мець свае ўласныя гярбы, як гэта было прынята ў Польшчы. Прадстаўнікі польскай шляхты надзялялі 47 магнатаў Княства сваімі гярбамі, тым самым прымаючы іх у гербавае пабрацімства.

Другая грамата ўтрымлівала згоду землеўласнікаў-каталікоў Вялікага Княства на прыняцце гербаў польскіх магнацкіх родаў. Магнаты абедзвюх дзяржаў кляліся адзін адному быць у цесным сяброўстве і саюзе.

Трэцяя грамата, выдадзеная ад імя Ягайлы і Вітаўта, якая менавіта ўвайшла ў гісторыю як знакаміты Гарадзельскі прывілей, уяўляла сабою дамову двух манархаў аб больш цесным саюзе дзяржаў. У грамаце гаварылася, што на дзяржаўныя пасады ў Вялікім Княстве Літоўскім могуць прызначацца толькі феадалы-каталікі, якія прынялі польскія гербы. Упершыню гаварылася аб магчымасці склікання сумесных соймаў дзвюх дзяржаў.

Гэты дакумент меў супярэчлівыя палажэнні. Так, у першым артыкуле прывілея канстатавалася, што ўсе землі, аб’яднаныя ў Вялікім Княстве Літоўскім, гаспадары Ягайла і Вітаўт «да каралеўства Польскага моцна інкарпаравалі, аб’ядналі, злучылі ў адзіны саюз», аднак у артыкуле 11-м гаварылася аб захаванні ўлады вялікага князя і адасобленасці Вялікага Княства Літоўскага ад Польшчы. Кіруючыя вярхі Княства абяцалі ў выпадку смерці Вітаўта не абіраць сабе князя без кансультацый і згоды польскай шляхты. Апошнія, у сваю чаргу, у выпадку смерці польскага караля не павінны былі абіраць новага караля без згоды Вітаўта і кіруючых вярхоў Вялікага Княства Літоўскагаi. Таксама і іншыя палажэнні гэтага прывілея мелі ці супярэчлівы, ці прапагандысцкі характар.

Такім чынам, улічваючы супярэчнасць палажэнняў Гарадзель­скага прывілея, можна зрабіць вывад, што дзяржаўна-прававога значэння словы аб аб’яднанні земляў Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай не мелі. Характар узаемаадносін дзяржаў не змя­ніўся, і ў рэальным жыцці заставаўся той жа саюз дзвюх дзяржаў у форме персанальнай уніі. Палажэнні ж аб тым, што феадалам некаталіцкага веравызнання не павінны давацца дзяржаўныя пасады і яны не дапускаліся да пасяджэнняў панскай рады, мелі не столькі практычнае, колькі ідэалагічнае значэнне, паколькі большасць службовых асоб мясцовай адміністрацыі і значная частка пано-рады належала да праваслаўнай верыii. Дадзены прывілей фактычна меў за мэту не саюз дзвюх дзяржаў, а большае ўзмацненне ўплыву каталіцызму ў Вялікім Княстве Літоўскім, што стала падставай для наступнага рэлігійнага супрацьстаяння.

Не толькі просты народ, але і шляхта была незадаволена гэтай уніяй і на кожным сойме падымала пытанне аб яе скасаванні і ўраўненні ў правах праваслаўных з католікамі. Прыходзілася на соймах даваць справаздачу і тым феадалам, якія падпісалі гэтую ўнію. Часам яны апраўдваліся тым, што самі не чыталі і не ведалі зместа прывілеяў, бо не ведалі лацінскай мовы.

Пад націскам пратэстаў незадаволенных уніяй людзей у заканадаўчых актах Вялікага Княства Літоўскага XV ст. неаднойчы абвяшчалася аб роўнасці правоў праваслаўнай і каталіцкай шляхты (Гародзенскія прывілеі 1432, 1434 гг., прывілей Казіміра 1447 г. і інш.). Прымаліся таксама адпаведныя акты аб ураўненні ў маёмасных правах праваслаўнай царквы з каталіцкай (напрыклад, прывілеі Казіміра 1443 г., Аляксандра 1499 г.).

Аднак каталіцкая царква ўсё больш ўмацоўвалася ў Вялікім Княстве Літоўскім, таму і XVI ст. прыходзілася вяртацца да гэтых пытанняў. Віленскім прывілеем 1563 г. зноў пацвярджалася адмена дыскрымінацыйных нормаў Гарадзельскага прывілея 1413 г., а правы праваслаўнай шляхты прызнаваліся роўнымі з феадаламі-каталікамі. Больш за тое, аб’яўлялася, што не толькі каталікі, а ўсе хрысціяне, у тым ліку праваслаўныя і пратэстанты, могуць карыстацца правамі і прывілеямі шляхты. Так, у Віленскім прывілеі, напісаным на тагачаснай беларускай мове, гаварылася: «Иж от того часу, только тые панове шляхта и бояре або потомкове их всих земль наших того панства всего нашего дарованья привильев и наданье всех вольностей и справ земских уживати и с ним се веселити мають, которые суть подданы Римскому костелу и которых теж продкове клейносты и гербы в Коруне Польской пріймовали; але теж и вси иные стану рыцарского и шляхетского, як Литовского так и Русского народу одно бы были веры Хрестіянское, и теж которые продкове клейнотов або ли гербов с Коруны Польской не брали, однако и заровно того всего вечными часы уживати и тых вольностей веселитись, яко перед тым здавно и до того часу тых всих вольностей стану рыцерского и шляхецкого обоего народу як Литовского так и Русского уживали и с того се веселили»iii.



Такім чынам, пасля заключэння Гарадзельскай уніі дзяржаўна-прававыя адносіны паміж дзвюма суверэннымі дзяржавамі – Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай амаль не змяніліся. Аднак паступова ўсё больш праяўлялася тэндэнцыя польскага і каталіцкага ўплыву. Нягледзячы на ўраўненне ў правах праваслаўных з католікамі, у рэальным жыцці феадалы каталіцкага веравызнання мелі больш правоў, у тым ліку павялічваліся іх землеўладанні, што вызывала незадаволенасць праваслаўнага насельніцтва. Закладзеная уніямі “міна замаруджанага дзеяння” – рэлігійная варожасць паступова ўсё больш узмацнялася ў дзяржаве і потым выбухнала ў канцы ХVIII ст. Менавіта яна стала адной з падстаў знікнення з картаў Еўропы Рэчы Паспалітай, а таксама Вялікага Княства Літоўскага – беларускай дзяржавы, як гэта даказваў знакаміты беларускі даследчык нашага часу Мікола Іванавіч Ермаловіч у сваіх навуковых творахiv.

i Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах (IХ–ХVIII ст.ст.) / склад. В. К. Шчарбакоў, К. І. Кернажыцкі, Д. І. Даўгяла. – Менск: Выд-ва АН БССР, 1936. – Т. 1. – С. 211–216.

ii Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 года / Т. І. Доўнар, У. М. Сатолін, Я. А. Юхо. – Мінск, 2003. – С. 38–39.

iii Тамсама.

ivЕрмаловіч М.І. Беларуская дзяржава – Вялікае княства Літоўскае. – Мінск: Беллітфонд, 2000. – 435 с.



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка