Тэрапія Глабалістская фантазія




старонка1/4
Дата канвертавання01.05.2016
Памер0.6 Mb.
  1   2   3   4


Тэрапія
Глабалістская фантазія
Нешта творыцца ў гэтым свеце: незразумелае, страшнае, таямнічае, унікальнае. Відаць, збываюцца прароцтвы старажытных майя і карабель цывілізацыі ідзе да дна. Няма размовы пра выратаванне пасажыраў і нават членаў экіпажа: не хопіць шлюпак, прэснай вады, ежы. Пра рэальнасць пагрозы ведаюць толькі тыя, хто кіруе плаваннем, і прафесіяналы. Пацукі з затопленых трумаў ужо скачуць у ваду, каб праз нейкі час загінуць у моры. Капітан не спяшаецца: месца ў шлюпцы яму забяспечаць тыя, хто спадзяецца, што за бездакорную службу іх таксама возьмуць з сабой. Дарэмна спадзяюцца: ратаваць будуць тых, без каго не абысціся на бязлюдным востраве, дзе небяспека абступіць з усіх бакоў. Пасажыраў заклікаюць не панікаваць, але на выпадак актыўнага абурэння зброя зараджана і знята з перасцерагальнікаў. Зрэшты, будуць выратаваны жанчыны і дзеці: свае жанчыны, свае дзеці.

Згушчаю фарбы? Дай жа Бог… Аднак, калі гэтым разам і абыдзецца, то прэцэдэнт, несумненна, выкліча рэцыдзіў.
Юрась НЕРАТОК

Рэзервацыя
Вогнішча роздумаў
Адфільтраваныя бялявымі хмарамі сонечныя промні асвятлялі даліну. Сямёра гентэстраў сядзелі вакол вогнішча, якое сілкавалася паўгнілой драўнінай і сушанымі фунгамі. Драўніна давала сіні дым, які, прытуплены нюх і смак старых, успрымалі за салодкі, а жаўтлявыя клубкі фунгаў пыхкалі і прасвятлялі розум больш сталым, правакавалі на гаварлівасць і агрэсію тых, хто быў маладзейшым.

— Што, Кані, зноў за сваё? — перарваў бяседу самы малады са старэйшын-гентэстраў, якому толькі ў мінулую зіму дазволілі прымасціцца каля вогнішча Роздумаў. — Усё не можаш вызначыцца «чалавекі» або «людзі» — то так скажаш, то гэтак. Кажы, як належыць: «антры»!

І не вытрымаў, перадражніў:

— «Вы некалі падпарадкоўвалі сабе ўсю прастору экумены і фрэмдаў вывелі вы…»

— Не «вы», а «мы», Руга, — прашамкаў Кані. І не прамінуў, каб не прыструніць малодшага: — Смаркачы з твайго вялізнага носа цягнуцца па зямлі, а ты кажаш словы, што прыніжаюць мяне?

— Кані, пойдзем за межы Зоны — і я заб’ю цябе.

— Наўрад я здолею дайсці да мяжы Зоны, — уздыхнуў стары. — А калі б і дайшоў, там нас абодвух схопяць лімгарды. Цябе адмалоцяць бастонамі і выкінуць, адкуль прыйшоў, а мяне — забяруць з сабой, пасадзяць у яму і будуць палохаць мной сваіх малалетніх інфанаў.

— Ты баязлівец, зморшчаны Кані! — пагардліва вымавіў Руга і адразу пачаў абзываць: — Тумігі-Кані, Маркела-Кані, Кані-Клык!

— Забі мяне тут, лапавухі Руга, — не здаваўся Кані. — Сапраўдныя людзі заўсёды забівалі там, дзе хацелі.

— І не баяліся фрэмдаў? Бо толькі ў іх ёсць ліцэнзіі на забойства і адлоў антраў! — насмешліва запярэчыў Руга. — Пах згарэлых фунгаў замутняе твой розум, Кані.

— Фрэмдаў тады не было, — цвёрда сказаў стары. — Так, быў Закон, які мог пакараць і нават знішчыць, аднак яго стварылі мы, людзі.

— А ці не было тады Закона ў яшчарак або жаб? А можа, у павукоў і пацукоў?

— Людзей тады было столькі, што калі б усё нашае племя захацела паказаць іх колькасць абедзвюма рукамі і пачало ляпаць пальцамі, то за гэты час дзве генерацыі сышлі б пад зямлю, — не звяртаў увагі Кані.

— Не дуры галаву, рыхтуйся да таго, што хутка ты сам не здолееш нічога, нават дыхаць. А ў дзень, калі племя будзе спяваць над табой меланхалічную каролу, я плюну ў твой твар.

— Ты маеш права выказаць сваё меркаванне мне ўслед, Руга. Так заўсёды было прынята ў людзей, — стомлена махнуў рукой Кані.

— Каноны племені не дазваляюць эстыматам варагаваць, — у спрэчку нарэшце ўмяшаўся гвідант Цэфа. — Раптам нас пачуюць маладыя? Іх пустыя галовы і лёгкія языкі разнясуць дрэнную пагалоску.

— Цэфа, ты, вядома, галоўны. Аднак ці не пайсці табе будаваць мурашнікі замест таго, каб кіраваць нашым шаноўным кансіліумам?

— Дзёрзкі Руга, нас шасцёра, а ты адзін. Калі мы забалатуем цябе, ты назаўсёды пакінеш вогнішча Роздумаў. Фрэмды пасадзяць цябе ў шкляную яму, якую будуць паласкаць толькі ў вялікі Месяц. А іх аднолькавыя дзеці будуць хадзіць вакол, віляць хвастамі, глядзець, як ты топчашся па ўласнай латрыне, і смяяцца.

— Давай-давай, Цэфа! Тры на тры — на маю карысць? Вось так! Не першы раз! І яшчэ не забудзь: для таго, каб прыбраць гентэстра, патрэбна канфірма фрэмдаў. А яны ой як не любяць, калі ў нас пачынаюцца звады!

— Добра-добра! — аслабіў націск гвідант. — Аднак табе семдзесят шэсць, а Кані-Клыку сто дванаццаць. Ёсць канон: паважаць старэйшых, бо яны злаўчыліся перажыць равеснікаў.

— А! — махнуў рукой свавольны Руга. — Мне надакучыла балбатаць з вамі. Хутка ноч, і я хачу правесці яе з жанчынай.

— У цябе няма жанчыны. Твая эдза сустрэлася з мадоннай Морта, і толькі таму да вогнішча Роздумаў прынялі менавіта цябе, а астатніх антраў вярнулі фрэмдам…

— Ты нічога не разумееш, Цэфа. Мне патрэбна айна, любая жанчына.

— У кансіліуме не можа ўдзельнічаць персона, схільная да сексуальных жарсцяў.

— Затое любая вірына племені павінна падпарадкавацца жаданню старэйшыны. Ці не так, гвідант? Ды і што сур’ёзнага мы тут робім? Я, шчыра кажучы, пакуль не быў прыняты, думаў што вы вызначаеце лёс племені. А на самай справе — песціцеся і жыруеце!

— Вось няхай цяпер так думаюць астатнія…

Руга дастаткова рэзка ўзняўся, толькі шчоўкнуў спінны пазванок.

Цэфа ведаў, што галасаванне нічога не дасць: «тры на тры» было не аднойчы, будзе і цяпер. Сама працэдура, даведзеная да выканання фрэмдамі, практычна выключала радыкальныя рашэнні. Ведаў Цэфа і тое, што вырачыся нахабнага эстымата немагчыма. Ён шкадаваў, што сам прапанаваў прыняць Ругу ў Раду старэйшын, хоць і адчуваў, што гэта жаданне фрэмдаў, якое так ці інакш будзе рэалізавана. Не выключана, што і цаной пасады гвіданта…

Цэфа ўздыхнуў; у яго заставалася адзінае неаспрэчнае права: апошняе мудрае слова.

— Няхай добрая воля суправаджае дзеянні і намеры твае, а Юганта рассудзіць нас!

Руга сцепануў плячыма і хітнуў галавой. Потым развярнуўся і пайшоў.

***
Крокаў за трыста знаходзілася станавішча племені, адкуль некалькі маладых людзей, хто з таемнай павагай, хто з непаразумелай іроніяй, пазіралі за штовячэрнім рытуальным вогнішчам старэйшын. Яны марылі састарыцца, пазбегнуць усіх напасцей і гэтак жа вольна сядзець вакол свяшчэннага вогнішча.

— Сюды ідзе Руга. Пэўна, кансіліум паслаў яго з нейкай місіяй, — усклікнуў адзін з юнакоў.

— Ты кажаш лухту, Лерта. Ён ідзе забраць адну з нашых эдзін. У яго ёсць права. — Фраза належала Ромпі, гвіданту маладых.

— Яны патрэбны нам, яны патрэбны нам, яны патрэбны нам! — замітусіўся Лерта. — Ім, ім, усё ім — нам не хопіць.

— Жыццё ўладкавана так, што ўсім усяго хопіць: ежы, адзення, сонца, жанчын, — адазваўся Ромпі. — Так вучыць мяне прадзед, гэтак яно і ёсць. Вогнішча Роздумаў хутка патухне. Надыходзіць ноч, трэба хавацца. Фрэмды не будуць чапаць эдзіну, з якой будзе Руга. Таму ўсе яны будуць старацца спадабацца яму. Лепш ноч са старым, чым рызыка быць забітай куглай фрэмда. А шкада, што няма жаночага вогнішча Роздумаў, а Лерта? — Ромпі падмаргнуў. — Можа б, і цябе старая на ноч выбрала!

— Жанчыны не старэюць. — Лерта не ўспрыняў абстракцыі. — Фрэмды ніколі не пакідаюць жанчын, нават тых, хто не раджаў. Тых, каго нельга назваць ні маладымі, ні старымі, яны забіраюць да сябе кожную трынаццатую поўню. Толькі некаторых старых потым вяртаюць і прад’яўляюць Радзе. А на нас, маладых, палююць… Кажуць, што фрэмды жывуць у каменных скалах, якія пакінулі іхнія продкі, а не ў земляных норах, як мы. Дарэчы, ты не баішся, Ромпі, што касант заб’е менавіта тваю каханую Банегу?

— Баюся, Лерта. Аднак спадзяюся, што яе кругленькі жывоцік саб’е прыцэл фузілы касанта… Прадзед Кані расказваў, што каменныя хаціны пабудавалі некалі антры. А яшчэ яны ўмелі не толькі хутка рухацца ў жалезных шкатулках, а і лунаць у іх, быццам птушкі. А іх кары не трэба было цягнуць — яны ездзілі самі, бо мы прывучылі іх піць чорную жыжку.

— Твой прадзед Кані-Клык даўно зблажэў, Ромпі. Без фрэмдаў людзі проста вымерлі б! — Да размовы далучыўся яшчэ адзін хлопец, Конвін. — Яны стварылі нас па сваім падабенстве, аднак мы аказаліся недасканалымі: ходзім на дзвюх нагах, маем поўсць толькі на галаве і зусім не маем хваста! А як выказаць пачуцці, калі няма хваста? Мы бездапаможныя жывёліны і не можам ні сагрэць, ні пракарміць сябе — нам усё даюць фрэмды.

— …якія забіраюць у нас жыццё, — завяршыў фразу Лерта.

— Толькі ў некаторых, неразумны спрачальнік! Яны ніколі не памыляюцца! Фрэмды дазваляюць нам спарвацца і размнажацца. Аднак мы не ўмеем сябе абмяжоўваць: калі яны не будуць нас не знішчаць, мы запоўнім усю экумену і пачнём забіваць адно аднаго, калі даць нам удосталь ежы, мы будзем есці, пакуль нашы жываты не распухнуць і не лопнуць. Фрэмды ўсёмагутныя, іхняя воля — свяшчэнная. Нават сонца ўзыходзіць і заходзіць па іх волі!

Апошні аргумент Конвіна прымусіў змоўкнуць не толькі Лерту, але і Ромпі, які, зрэшты, вымавіў заключную фразу:

— Яны не маюць права забіваць мяне. І яны не здолеюць забіць мяне. Так па сакрэце сказалі гентэстры…

***
На вогнішча Роздумаў апускаліся прыцемкі; рабілася няўтульна, хоць Кані-Клык, падбадзёраны тым, што Руга сышоў, працягваў вяшчаць:

— Далёкія прашчуры казалі, што некалі мы гаспадарылі ва ўсім свеце. Мы разбуралі скалы, на якія цяпер не здолеем падняцца, мы ляталі на вышыню, у якой цяпер нічога не можам нават убачыць…

— У антраў былі крылы? — спытаўся Цэфа.

— У іх не было крылаў, аднак яны маглі з’яўляцца, — не вельмі ўцямна патлумачыў Кані перад тым як прадоўжыць. — Так, мы забівалі адно аднаго, але не дзеля забавы, як гэта робяць з намі фрэмды, а для таго, каб валодаць тэрыторыямі, жанчынамі, манетамі…

— Спыніся, эстымат. — Маналог Кані перарваў старац Шлос. — Я разумеў, пакуль ты казаў пра тэрыторыі і жанчын, але ты дзенькнуў нейкае незнаёмае слова. Гэта з мовы фрэмдаў?

— Не, Шлос, я гаварыў пра манеты. У нас, людзей, у старажытнасці быў такі сімвал магутнасці і ўлады. Зразумела, што гэтае слова нагадвае звінячую мову фрэмдаў. Яны ж таму нас і не разумеюць, што наша мова падаецца ім маруднай і глухой. Усё, што не звініць, для іх — гук нізкага паходжання.

— Забавіліся вы, браты эстыматы. Сонца асвятліла цёмную рысу гарызонту, час адыходзіцца ад вогнішча. — Гвідант Цэфа быў спагадлівы да ўсіх, аднак не забываў пра функцыі кіраўніка.

— Заўтра яны прывязуць нам крэсіва? — спытаў Шлос.

— Фрэмды называюць крэсіва «індзь».

— Прывязуць індзь? — спакойна перапытаў Шлос.

— Канешне. І гнілых трэсак, і сушаных фунгаў.

— А сёння ноччу зноў будуць паляваць на маладых?

— Так заведзена, Шлос. Гэта малая плата за тое, што яны не даюць нам знікнуць. Фрэмды бяруць з сабой дрэсі-людзей, каб лягчэй было высачыць нашых.

— Чалавек лягчэй высачыць чалавека, чым гэта зробіць фрэмд-касант, — пагадзіўся Шлос. — За гэта дрэсі і кормяць…

Канкет і Ромпі
— О, выдатны самец, мышцы пад скурай так і перакочваюцца… І нас не заўважае — у іх дрэнны нюх і амаль адсутнічае начны зрок. Але чаму ён не хаваецца, у яго ж ёсць слых?

— Злітуйцеся, амата Канкет, няўжо вам прыемна пасылаць куглу ў жывое цела, няхай безвалосае і бязхвостае?!

— Ціха-ціха, жаласлівы мой хельпант… Антры жывуць толькі з нашага дазволу. Я ж не б’ю цяжарных самак. Бач ты, як вушамі стрыжэ… Што ты разумееш у паляванні, Фроці! Магчыма, паляванне — адзінае, што засталося нам ад папярэдняй цывілізацыі.

Успышка выштурхнула куглу з фузілы — чалавек упаў на спіну і задрыгаў нагамі.

Голас касанта стаў стражэйшым і пранізліва зазвінеў:

— Бяры двух дрэсі, няхай зацягнуць цела на кару. І жорстка з імі: калі што не так — бі бастонай!

Дрэсі, якіх падганяў хельпант Фроці, паслухмяна пабеглі да параненага чалавека.

Конвін і Лерта з логава назіралі, як дрэсі-людзі схапілі за ногі Ромпі і пацягнулі яго па каменні ў змрок.

— Вось бачыш, і фрэмды памыляюцца…

— Не. Значыць, так было патрэбна, — застаўся непахісным Конвін.

***
Касант правёў над галавой і целам чалавека дыфіна-пласцінкай.

— Выдатна, я заваліў звера, але ён яшчэ на дзве траціны жывы. Не будзем пакуль дабіваць, ён патрэбны свежым. Навука патрабуе ахвяр… Ведаеш, Фроці, за што мне падабаюцца антры? З іх неабавязкова здымаць скуру! Ліцэнзія сябе апраўдала!

Раптам самазадаволенасць Канкета змянілася спалохам, ён нават хвастом перастаў памахваць.

— Фроці, прыгледзься, што ты бачыш у яго на правым локці?

— На правым локці ў яго накрэслены дзве перакрыжаваныя бастоны — сімвал улады антраў, амата…

— Я параніў юнага гвіданта… — разгублена вымавіў Канкет.

— Хіба гэта забаронена, амата?

— У сёлетнім сезоне — так. Канклаў забараніў забіваць не толькі эстыматаў, але і маладых важакоў. А мая старая фузіла не блакіруе куглу, нацэленую на іх, я не паспеў мадэрнізаваць яе фармат.

Вы не забілі яго, амата, а толькі паранілі, — паспрабаваў супакоіць гаспадара хельпант. — Давайце завязём яго ў рэсаніку!

— Твая праўда, Фроці. Гэта адзіны спосаб пазбегнуць ссылкі, хоць кар’ера, лічы, загублена. Бо на мяжы Зоны давядзецца ўсё расказаць лімгардам.

Ромпі паварушыўся і глуха застагнаў.

Канкет узняў галаву і тонка з бразгатаннем падвыў. Фроці не бачыў яго хваста, таму па гуку не здолеў вызначыць: радуецца той або сутаргава рыдае.

Затым касант выхапіў з-за спіны бастону і спрытна выцяў па спінах абоіх дрэсі:

— Грузіце звера на кару, лайдакі!

Голас Канкета звінеў, а антры-дрэсі толькі нешта незадаволена прагулі.

Гісторык і біёлаг
— Ты зразумей, упартая галава, антры — ніжэйшыя істоты, якія ніколі не мелі ніякіх шанцаў. Яны ў прынцыпе не могуць быць самастойнымі, таму нам наканавана іх берагчы. Яны безабаронныя перад Прыродай. БяСшэрснае цела, пляскаты твар і, нарэшце, адсутнасць хваста — ды яны далікатнейшыя за гладыёлус, што расце ў тваім гаршчку!

— Яны размаўляюць, Балайла. І разумеюць адно аднаго. Я назіраў за гэтым шмат разоў. Зразумела, тэмы прымітыўныя. А што ты хочаш ад істот, у якіх мы рэгулярна перарываем повязь пакаленняў: забіраем бацькоў і матак, пакідаем толькі некаторых дзядоў, якім прадпісваем, як сябе паводзіць. Нават бабуль не астаўляем!

— Калі б я не ведаў цябе столькі гадоў, Вірга, то павінен быў бы дакласці ў Канклаў пра тое, што ты параўноўваеш фрэмдаў з антрамі. Якія бацькі-маткі, дзяды-бабулі?! У іх што, ёсць інстытут шлюбу? Ды яны савакупляюцца так, што бацька не можа вызначыць, дзе яго дзеці, а маці — чые яны! У нас таямніца нараджэння вызначана Законам, у іх — выпадковасцю. Кантроль над колькасцю адсутнічае ўвогуле. Яны не ізалююць дзяцей ад бацькоў, не перадаюць іх выхавальнікам. Толькі жывёлы не кантралююць нараджальнасць, а самі іх выхоўваюць! «Яны размаўляюць…» Я абараніў дысертацыю і, павер, даследаваў перад гэтым не адзін дзясятак антраў. У іх няма нармальнага моўнага апарата — язык надта кароткі і шырокі, зубы бліжэй, чым трэба, да насаглоткі, вусны маленькія, сківіца недастаткова выцягнута, а гартань апушчана. Яны могуць толькі невыразна гудзець або мыкаць! А разнастайнасць гукаў не большая, чым у нованароджанага фрэмда. У антраў няма навукі — значыць, у іх адсутнічае розум, у іх няма хваста — адсюль вынікае, што ім непадуладныя эмоцыі, якія можна выявіць у мастацтве. І гэта бясспрэчныя факты, дактрына нашага грамадства. Вось так, сябар мой Вірга!

— І ўсё ж у антраў магутны патэнцыял, Балайла. Мы жывём у дамах, пакінутых папярэдняй цывілізацыяй, а яны самі рыюць логавы і нават будуюць шатры, калі мы дазваляем ім браць драўніну. Замест таго, каб падзяліцца ведамі, мы пераканалі іх, што валодаем рухам Сонца!

— Мурашы таксама будуюць дзіравыя горы, ластаўкі клеяць гнёзды, восы ўладкоўваюць дуплы сотамі. Многія звяры рыюць норы. Гэта толькі пацвярджае іх жывёльнае паходжанне. Гэтак жа, як і няздольнасць адрозніць вымысел ад ісціны.

— Хлусню ад праўды, — удакладніў Вірга. — Калі ім стварыць умовы, у якіх жывём мы, яны многім здолеюць нас здзівіць.

— Ну, канешне, — саркастычна перабіў біёлаг і клацнуў зубамі. — Нагледзеўся на спектаклях выступленняў дрэсі-сабак, дрэсі-мышэй, дрэсі-антраў. Зразумела, антры — разнастайней за ўсіх. Аднак тыя, хто іх дрэсіруе, сцвярджаюць, што няма больш упартай скаціны. Яны нават галодныя могуць не спакусіцца кормам і не выканаць каманду.

Ці не сведчанне розуму тое, што яны пераадольваюць інстынкт голаду, каб захаваць уласную годнасць? — лісліва спытаў Вірга. — А ці дазваляем мы ім рабіць тое, што яны хочуць самі? У нас жа толькі нявольнікі…

— Не гавары слова «нявольнікі» ў дачыненні да жывёл! Бог не даў ім волі! — раззлаваўся Балайла, які паспеў забыць, што ледзь не пырснуў слінай пасля словаў пра «ўласную годнасць» антраў. — Шукай інтэлект у курынай галаве, зваранай у тваім супе. І гэта ўжо не жарты, вальнадумец-рэпусіт Вірга!

Гісторык задуменна, але жвава пачасаў сябе за вухам і адпарыраваў:

— Я ведаю больш за цябе, Балайла. Ідзі адсюль.

— Статус забараняе такім чынам перарываць дыспут.

— Ты ў маім доме.

— Усё роўна! — віскнуў Балайла.

— Маё меркаванне больш значнае.

Абодва ўскочылі на карачкі, злосна бліснулі зрэнкамі і ашчэрыліся. Пры гэтым хвост Віргі быў прыціснуты да левага сцягна, а хвост Балайлы пагрозліва ўзняўся і знерухомеў.

— Балайла, ты ведаеш Статус. Калі ты мяне загрызеш, цябе спаляць. Маё імя не заплямлена. У мяне шэсць абалонак сацыяльнай абароны.

Балайла няпэўна махнуў хвастом.

— Пакуль «шэсць абалонак»…

Прыўзняўся на заднія лапы і стукнуў па дзвярной клавішы.

— Мы дрэнна пагаварылі, Балайла, не злуйся на мяне доўга. — Апошняй фразай Вірга азначыўся як больш мудры.

Рэпусіт Вірга
Балайла не мог данесці Канклаву на Віргу: усё скончылася б тым, што ён сам бы атрымаў чорную кропку на лісце лёсу. Вірга быў адным з нешматлікіх вучоных Тутмондыі, якія валодалі ведамі найстаражытнай гісторыі. І з шасці абалонак сацыяльнай абароны тры не толькі ахоўвалі і забяспечвалі Віргу, але і ізалявалі яго веды ад распаўсюджання. Чэрава планеты час ад часу выкідвала факты існавання папярэдніх цывілізацый, якія былі настолькі супярэчлівымі, што давала магчымасць выбудаваць любую канцэпцыю. А стварэнне канцэпцый з’яўлялася кормам для яго мозга і, пасля адпаведнай апрацоўкі, — базай для агульнадаступнай ідэалогіі Тутмондыі.

Балайла даўно сышоў, а ўвушшу Віргі стаяў ягоны віскат: «Твае погляды разыходзяцца з афіцыйнымі!»

«Розум. Вось чым мы адрозніваемся ад жывёл. Аднак, ствараючы ўмовы для развіцця іх розуму, хіба не робім мы небяспечнейшым уласнае існаванне? Заўсёды на планеце вылучаецца больш значны і магутны від, лідар з паспяховай эвалюцыйнай стратэгіяй. Сягоння гэта мы. Хто быў учора — невядома, хто будзе заўтра — залежыць ад нас…» — так сказаў на таемнай гутарцы секурыт.

Зрэшты, трэба працаваць. Вірга выцягнуў свінцовую матрыцу, што засталася ад антраў, аднак і па сёння нераспазнаную ні антрамі-фаскінамі, ні сучаснымі навукоўцамі.

Папярэдняя цывілізацыя замест простай і зручнай дваічна-матрычнай сістэмы перадачы пісьмовай інфармацыі выкарыстоўвала грувасткую паслядоўную шматсімвальную літарную, у якой кожная асобная літара азначала, пэўна, нейкае падабенства гука. Разам з тым паралельна ў іх існавалі дзясяткавыя лічбавыя коды, якімі яны надавалі больш выразны сэнс тэкставым сендытам.

Вірга лёгка расшыфраваў асобныя сімвалы, але не мог даўмецца, на што разлічвалі тыя, хто сачыняў пасланне. «Цукар» — нешта белае, светлае, салодкае; «пясок» — дробныя сыпучыя каменьчыкі; «1954» — колькасць гэтых пясчынак; «Бакалея» — імя пісара, які пакінуў пасланне. Што хацеў сказаць нашчадкам невядомы майстар Бакалея гэтымі белымі каменьчыкамі, пра што папярэдзіць? Як яны былі раскладзены: малюнкам або тэкстам? Вірга ўзяў другі рарытэт «2071ЕР-7». У фрэмдаў толькі адзінка і нуль мелі сэнс, прычым нуль не абазначаўся, а адзінка была базавай кропкай. Праўда, апошнім часам з’явіўся значок «можа быць» або «варыянт», якім вучоныя карысталіся ў асноўным на стадыі вывучэння тэмы, у чарнавіках. Прысутнасць падобнага значка ў рабоце, што падавалася на разгляд Савета Вучоных, выключалася: работа не магла лічыцца закончанай.

Канкрэтныя тэмы не ішлі. Няхай з імі па зацверджаных методыках важдаюцца лернеры-вучні, а ён, рэспект, абагульніць і зробіць вывады.

Вірга ўвайшоў у прафесарскі пакой і крыкнуў хельпантцы Флэці, каб падала віянду для актывізацыі працэсу мыслення. Затым выпіў віянду і зрабіў Флэці заўвагу за стомлены выгляд і нізкую сервільнасць; зачыніў дзверы і вокны, каб застацца ў цемры. Выцягнуў алюмініевы фолій, які яму выдавалі для чарнавікоў, узяў у рукі найл і мартэлу і пачаў выкладаць думкі, якія нават яму, вядомаму парадоксу, здаваліся крамольнымі. А калі ўлічыць сілу Канклава і рашучасць Камісіі — такімі і былі.

«Глорыя Першародцу і Стваральніку! Без аніякага сумневу ў Афіцыйнай Гісторыі паведамляю, што адпаведна рэальнасці менавіта антры некалі валодалі светам, які цяпер падпарадкавалі мы. Цуд, што захаваў іх, тлумачыцца так: яны стварылі нас, фрэмдаў, што на мове тубыльцаў (асмелюся іх так назваць) азначае «чужынцы», і надзялілі нас інстынктам клопату пра іх. Маё адкрыццё ў тым, што мы называем сябе абсалютна сугучна, калі ўдвая знізіць актыўны рэгістр стэрта і ўвесці снуфы ў мову антраў. Непрыстасаванасць антраў да сучаснага жыцця тлумачыцца хуткім іх пакарэннем намі, вырываннем з працэсу выхавання старэйшага і сярэдняга звёнаў, ціскам на іх гентэстраў, адсутнасцю індывідуальнай праграмы для кожнай народжанай асобіны і татальным кантролем.

Знойдзены тысячы сведчанняў надзвычай высокай, хоць і празмерна заблытанай цывілізацыі. Большасць з іх не паддаюцца дэшыфроўцы, бо не нясуць прамой інфармацыі, з’яўляюцца ўскоснымі да розуму. Значыць, па псіхафізіялагічнай сутнасці яны бліжэйшыя да антраў, чым да нас. Гэтая тэза і прынятая ў дакладзе за дырэктыўную. Відавочна, што пісьменнасць антры выкарыстоўвалі для выказвання эмоцый, што натуральна, бо ў іх адсутнічае хвост. Нядаўна мы пераклалі шэраг наскальных надпісаў, на якіх невядомыя гісторыкі сцісла перадалі змену эпох: «Талян — міравы пацан», «Элен + Віктар=Любоў», «Усе лохі» — ад татальнага кіраўніцтва асобным рэгіёнам цераз канфармізм да поўнага лібералізму. І менавіта складаная пісьменнасць пры неразвітай мове служыла сродкам зносінаў між антрамі. Толькі гэтым тлумачыцца яе грувасткая структура.

Аднак узнікае яшчэ адна праблема: засталіся не толькі наскальныя выявы, але і будынкі, якія немагчыма зрабіць. Па рэштках рытуальных фундаментаў, разбураных пры зрушэнні падакіянскай цвярдыні, эксперыментальна вызначана іхняя вышыня — больш як трыста ўмоўных скачкоў. Асобныя блокі немагчыма падняць ні фрэмдам, ні цяперашнім антрам. Значыць, прадстаўнікі мінулай цывілізацыі былі значна буйнейшымі і мацнейшымі за сённяшніх або мелі ў якасці дрэсі вельмі магутных жывёлін, астанкі якіх часам трапляюцца. На карысць гэтай версіі сведчыць тое, што гэтыя магутныя звяры жылі ў спецыяльных рэзервацыях-ангарах і мелі металічны шкілет. Біёлагам удалося сістэмазаваць іх і падзяліць на класы і віды: краны, экскаватары, трэйлеры, бульдозеры, скрэперы, грэйдэры і гэтак далей. Усе яны канчаткова вымерлі.

Мяркую, што па будове розуму нашыя продкі былі бліжэй да антраў, чым да фрэмдаў, таму што іх імкненне мяняць свет было вышэйшым, чым прыстасаванасць да тых умоў, што існавалі.

Так, іхнюю цывілізацыю загубіла раз’яднанасць: яны мералі адно ў аднаго рост, прыкладалі да шкла пальцы і вушы, каб знайсці адрозненні, а затым падзяляліся па супадзенні гэтых фактараў і забівалі адно аднаго. Верагодна, скрытай прычынай агрэсіі была адсутнасць хваста як асноўны комплекс. Быў у іх дагэтуль нерасшыфраваны прынцып, за які яны несупынна змагаліся, — манеты.

Толькі ці былі яны без эмоцый? Пра гэта другая частка даклада. Фасы антраў з-за аголенасці і пляскатасці дастаткова выразна, калі прыгледзецца, перадаюць эмацыйны стан. Пачуцці сучасных антраў прымітыўныя, але міміка адлюстроўвае іх не горш, чым хвост. Гэта мой погляд, канешне. Аднак пастараюся пераканаць і вас».

Рэспекту падалося, што ў гэтым месцы Савет завішчыць і зазвініць. Ён як бы звярнуўся да залы: бліснуў вачыма, прымірэнча ўзняў лапу і зноў пачаў стукаць мартэлай па найлу.

«Як яны хмураць бровы, калі злуюцца, як ускідваюць уверх вочы, калі просяць, як крывяць вусны, калі незадаволены! Зразумела, што гэта малапрыкметна. І вушамі яны варушыць амаль не могуць. Вядома, што гартань у іх не развітая, таму пра нармальную мову гаварыць не даводзіцца. Яна занадта манатонная, каб выкласці доўгую абстрактную думку. Да таго ж віскат амаль адсутнічае, а звона не можа быць у прынцыпе. Іх мозг замаруджаны, таму пры хуткаплыннасці дзён яны не могуць здзейсніць нешта істотнае, калі не перадаць завяршэнне задачы наступным пакаленням. Але і пры гэтым я ўспрымаю антраў не больш і не менш, чым роўнымі сабе. Меморы Першародцу і Стваральніку!»

Вірга задумаўся. Замест ухвальнага скавытання або няхай сабе нават абуранага бразгату ён пачуў трывожную цішыню.

Таму тэзу пра тое, што абшарпаныя будынкі, у якіх фрэмды жывуць і па сёння, некалі пабудавалі цывілізаваныя продкі антраў, а не падаравала прырода, ён вырашыў не развіваць ні ў якім разе.


  1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка