Тэма: “Выхаванне вучняў на духоўнай спадчыне і агульначалавечых каштоўнасцях праз урочную і пазакласную дзейнасць”




Дата канвертавання02.05.2016
Памер347.83 Kb.
Тэма: “Выхаванне вучняў на духоўнай спадчыне і

агульначалавечых каштоўнасцях праз урочную і

пазакласную дзейнасць”
Актуальнасць тэмы
На мяжы ХХІ стагоддзя назіраецца збядненне духоўнага свету навучэнца, перанасычэнне яго свядомасці інфармацыяй з розных СМІ, страчваецца сувязь з культурнай спадчынай народа, змяняюцца многія жыццёвыя арыенціры падрастаючага пакалення.

Як змяніць сітуацыю? Як выхаваць духоўна багатую і ўсебакова развітую асобу, сэнс жыцця якой быў бы цесна звязаны з лёсам народа, краіны? Якія прынцыпы і тэхналогіі для гэтага выкарыстаць? Гэтыя пытанні хвалююць, на маю думку, кожнага педагога сучаснай школы. Актуальнымі яны сталі і для мяне, асабліва пасля таго, калі ў класе, дзе я была назначана класным кіраўніком, разам з псіхолагам школы было праведзена анкетаванне вучняў на прадмет вызначэння ступені сфарміраванасці духоўна-маральных якасцей школьнікаў.

Анкетаванне паказала, што на нізкім узроўні аказаліся адносіны да вывучэння беларускай мовы і літаратуры, да чытання мастацкай літаратуры. Выявілася адмоўнае стаўленне дзяцей да наведвання музеяў, тэатраў, экскурсій.

Гэты факт даў падставу канстатаваць неадпаведнасць паміж вынікамі анкетавання і задачамі навучання і выхавання.

Узнікла неабходнасць мэтанакіраванай працы па фарміраванні ў школьнікаў погляду на нацыянальную культуру як на фундаментальную духоўную каштоўнасць народа. “Чалавек, які засвоіў культурныя каштоўнасці свайго народа, актыўна ўплывае на жыццёвыя абставіны, аналізуе стваральную дзейнасць людзей” [13,с.113].

Прадстаўленая работа на тэму “Выхаванне вучняў на духоўнай спадчыне і агульначалавечых каштоўнасцях праз урочную і пазакласную дзейнасць” грунтуецца на выніках работы, накіраванай на ідэалагічную сацыялізацыю вучня ў перыяд з 2005 па 2008г.

Дзейнасць, вынікі якой знайшлі адлюстраванне ў працы, актуальная і адпавядае накірункам дзяржаўнай палітыкі ў сферы агульнай сярэдняй адукацыі: “вызначэнне зместу агульнай сярэдняй адукацыі на аснове прыярытэту нацыянальна-культурных і агульначалавечых каштоўнасцей” (Артыкул 3, Закон аб сярэдняй адукацыі); “Змест выхавання засноўваецца на агульначалавечых, гуманістычных каштоўнасцях, культурных і духоўных традыцыях беларускага народа, дзяржаўнай ідэалогіі, адлюстроўвае інтарэсы асобы, грамадства і дзяржавы” (Канцэпцыя непрырыўнага выхавання дзяцей і навучэнцаў у Рэспубліцы Беларусь).

У рамках праведзенай работы знайшлі адлюстраванне такія накірункі ідэалагічнага выхавання, як фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці, грамадзянскасці і патрыятызму, духоўнасці асобы ў працэсе ўрочнай і пазакласнай дзейнасці.



Мэта:

Садзейнічаць выхаванню асобы з глыбока гуманістычным светапоглядам, з развітым высокакультурным пачуццём нацыянальнай і асабістай павагі.



Задачы:

1.Стварэнне ўмоў для выхавання асобы як носьбіта нацыянальна-культурных і маральных каштоўнасцей праз урочную і пазакласную дзейнасць.

2. Выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму.

3.Развіццё творчых здольнасцей вучняў у галіне тэатральнага мастацтва.



Для дасягнення пастаўленых мэт выконваліся наступныя віды работ:

1. Навучанне школьнікаў у рамках урока і факультатыва напісанню творчых работ: напісанне казкі, прыдумванне прыказак, загадак, сачыненне па прыказцы, складанне радаводнага дрэва, збор фальклорнага матэрыялу, складанне крыжаванкі, водгук на літаратурны твор, зварот літаратурнага героя да нашчадкаў (ліст з вайны).

2. Інсцэніраванне твораў беларускай літаратуры як выхад за рамкі ўрока і больш глыбокае і дэталёвае спасціжэнне мастацкага твора.

3. Наведванне музеяў і гістарычна памятных месцаў Беларусі з мэтай абуджэння цікавасці да гістарычнай спадчыны народа, гонару за свой край.



Навуковасць

Сучасная адукацыя і выхаванне павінна насіць сацыяльна-накіраваны характар, гэта значыць, выконваць сацыяльны заказ грамадства.

Гуманізацыя адукацыі заключаецца ў забеспячэнні развіцця дзіцяці. “Задача ўсялякай адукацыі – далучэнне чалавека да культурных каштоўнасцей навукі, мастацтва, маральнасці, права, ператварэнне прыроднага чалавека ў культурнага” [6, с.36].

Паколькі мэта працы”Садзейнічаць выхаванню асобы з глыбока гуманістычным светапоглядам, з развітым высокакультурным пачуццём нацыянальнай і асабістай павагі”, то для дасягнення плённых вынікаў выкарыстоўваліся этнапедагагічны і культуралагічны падыходы, якія дапамагаюць выхаваць духоўна багатую і ўсебакова развітую асобу. “У навучанні і выхаванні этнапедагагічны падыход дазваляе фарміраваць у навучэнца ўспрыняцце культуры свайго народа праз родную мову да культуры суседніх народаў, а затым да разумення сусветнай культуры”[14, с.469].

Такога ж меркавання прытрымліваецца В.П.Шаўчэнка: “Мэта адукацыі – культурныя каштоўнасці, да якіх павінен будзе далучыцца чалавек. А гэтыя каштоўнасці маюць найперш нацыянальны характар. Шлях да сусветнай культуры магчымы толькі праз культуру нацыянальную” [17, с.5].

К.Д.Ушынскі быў адным з першых у айчыннай педагогіцы, хто прымяніў падыход з пазіцыі нацыянальных каштоўнасцей адукацыі да абгрунтавання педагогікі як навукі. “Выхаваўчыя ідэі кожнага народа, - лічыў ён, - прасякнуты нацыянальнасцю больш, чым што іншае, прасякнуты ў такой ступені, што немагчыма і падумаць перанесці іх на іншую глебу” [16, с.33].

У адпаведнасці з выкарыстанымі падыходамі ў сучаснай

адукацыі была арганізавана праца, накіраваная на фарміраванне сістэмы духоўных каштоўнасцей асобы вучня. Асноўны акцэнт у працы быў пастаўлены на тэатральную дзейнасць.

У выніку прадстаўленая работа накіравана на фарміраванне кампетэнцый не толькі ў далейшым прафесійным станаўленні асобы, але і ў розных сферах жыццядзейнасці.

Выніковасць

Пасля вызначэння ступені сфарміраванасці духоўна-маральных якасцей вучняў у 2008 навучальным годзе значна павысілася цікавасць вучняў да беларускай мовы і літаратуры, тэатра, наведвання экскурсій па Беларусі і музеяў. Гэта можна прасачыць з дадзенай табліцы


Ступені сфарміраванасці духоўна-маральных якасцей вучняў

балы


адносіны да ўдзелу ў школьных спектаклях

адносіны да вывучэння беларускай мовы і літаратуры

адносіны да чытання кніг беларускіх аўтараў

адносіны да наведвання факультатыва “Беларускі фальклор”


адносіны да наведвання музеяў, тэатраў і г.д.

2005г

%

2006г

%

2008г

%

2005г

%

2006г

%

2008

%

2005 г

%

2006

%

2008

%

2005

%

2006

%

2008

%

2005

%

2006

%

2008

%


0

46

23

0

54

25

0

38

20

0

34

25

0

38

12

0

1

42

59

54

46

52

50

58

58

42

66

65

34

62

67

38

2

12

18

46

0

23

50

4

22

58

0

10

66

0

21

62

0 – не выражана

1 – выражана

2 – яскрава выражана

Навізна

У прадстаўленай рабоце навізной з’ўляецца выкарыстанне сярод шырокага спектра разнастайных прыёмаў па фарміраванні духоўнасці асобы тэатральнага мастацтва, як сродка фарміравання камунікатыўных навыкаў, неабходных у сённяшні час для самарэалізацыі асобы ў любой сферы дзейнасці (г.зн.можна гаварыць аб фарміраванні сёння запатрабаванага тэрміна – эмацыянальнага таленту).

Таксама навізной з’яўляецца выкарыстанне магчымасцей для развіцця і фарміравання ў вучняў нацыянальна-культурных і маральных каштоўнасцей трох асноўных ступеней у рэалізацыі пастаўленых задач:

- урокі;


- факультатыўныя заняткі (дадатковая адукацыя);

- пазакласная



Віды дзейнасці




Урок

- Пішам казку;

- Складанне прыказак, загадак;

- Мой радавод;

- Ліст да Дзеда Мароза;

- Сачыненне па прыказцы;

- Водгук на літаратурны твор(дадатак 6);

- Ліст з вайны.




Гурток
“Жывое слова”


Факультатыў
Беларускі фальклор (духоўная спадчына Беларусі)


Пазакласная праца
- Экскурсіі па гістарычных месцах Беларусі;
- Наведванне музеяў


Аптымальнасць

У нашай краіне існуюць школы з выкладаннем сцэнічнага мастацтва. Пра мэтазгоднасць авалодання сцэнічным майстэрствам можна гаварыць шмат. Мы вырашылі выкарыстаць яго як адну з аптымальных форм у дасягненні пастаўленай мэты.

Абапіраючыся на свае рэзервы я, як настаўнік беларускай мовы і літаратуры, праводзіла дзейнасць па фарміраванні нацыянальна-культурных каштоўнасцей.

Вучні наведвалі драматычны гурток “Жывое слова” з задавальненнем. Заняткі прыносілі не толькі радасць ад працы і зносін у калектыве, але і карысць, што прасочваецца з адказаў вучняў на пытанні анкеты аб удзеле ў гуртку (дадатак 5).

Мы дасягнулі добрых вынікаў без запрашэння ў школу прафесійных выкладчыкаў тэатральнага мастацтва.

Выкарыстаныя метады з’яўляюцца найбольш аптымальнымі для дасягнення пастаўленых мэт. Экскурсіі, наведванне музеяў, тэатральная дзейнасць, збіранне фальклорнага матэрыялу спрыяе фарміраванню

культурна-маральных якасцей асобы вучня.

Стабільнасць

Дзейнасць мае вынікі, бо жадаючых удзельнічаць у драматычным гуртку шмат. Дзеці пастаянная выступаюць у школе і за яе межамі.

У 2006 годзе вучні прынялі удзел у раённых інтэлектуальных гульнях па беларускай мове, дзе занялі 5 месца.

У 2007 годзе сталі пераможцамі раённага конкурса “У вянок песнярам” (да 125-годдзя з дня нараджэння Я.Купалы і Я.Коласа).

Стабільнасць вынікаў забяспечваецца непрырыўнай дзейнасцю педагога па дасягненні пастаўленай мэты.

Перспектыўнасць

Набыты вопыт у дасягненні пастаўленай мэты дае магчымасць выкарыстоўваць школьны тэатр у практыцы сучаснай школы, перш за ўсё, таму, што лепшымі сваімі ўзорамі ён непарыўна звязаны з літаратурай і драматургіяй прагрэсіўных накірункаў. З’яўляючыся неад’емнай часткай сусветнай мастацкай культуры, тэатр валодае вялікімі патэнцыяльнымі магчымасцямі ў развіцці ў вучняў пачуцця павагі да духоўных каштоўнасцей, назапашаных чалавецтвам.



Апісанне дзейнасці

Настаўнік беларускай мовы і літаратуры мае бязмежныя магчымасці па выхаванні патрыятычных і грамадзянскіх пачуццяў. З дапамогай мастацкага слова ён уплывае на светапогляд, думкі вучняў, фарміруе іх нацыянальную самасвядомасць.

Асноўная мэта моўнай адукацыі на сённяшнім этапе развіцця школы заключаецца ў тым, каб мова была не столькі прадметам навучання, колькі дзейсным сродкам фарміравання асобы, дапамагаючы ёй зразумець навакольны свет і ўзаемаадносіны людзей у ім.

Дасягнуць гэтай мэты можна, пазбавіўшыся асноўнага традыцыйнага недахопу выкладання беларускай мовы, які выяўляецца ў тым, што працэс навучання зводзіцца да засваення лінгвістычных ведаў і граматычных схем, да запамінання арфаграфічных і пунктуацыйных правілаў, а развіццё маўленчай дзейнасці ўспрымаецца як асобны, хоць цяпер ужо і не эпізадычны від працы.

У цэнтры выкладання, прадугледжанага праграмай, знаходзіцца вучань як асоба, у якой неабходна абудзіць пачуццё павагі да духоўнага багацця беларускага народа, паказаўшы самабытнасць і непаўторнасць яго мовы. Такі вучань будзе ўспрымаць веды па беларускай мове, выпрацоўваць уменні, карыстацца адметнымі словамі, формамі часцін мовы, сінтаксічнымі канструкцыямі найперш дзеля актывізацыі сваёй маўленчай дзейнасці, а гэта ў сваю чаргу паспрыяе абуджэнню нацыянальнай свядомасці і павышэнню культуры выпускнікоў, ад грамадзянскай пазіцыі якіх залежыць будучыня Бацькаўшчыны.

У сваёй рабоце, пачынаючы з пятага класа, я выкарыстоўваю сістэму заданняў, якая мае на мэце развіццё камунікатыўнай, сацыяльнай, унутрысямейнай, дзелавой культуры.

Вось прыклад задання на развіццё камунікатыўнай культуры: усведамляць камунікатыўную мэту, планаваць маўленчую дзейнасць, арыентавацца на адрасата.

Прыклад:

Ліст ад Дзеда Мароза.

Дарагія дзеці!

Мая сядзіба знаходзіцца ў Белавежскай пушчы. Тут растуць старыя дубы і сосны. Сярод гэтай велічнай прыроды

збудаваны і мой казачны домік. Побач – домік маёй унучкі Снягурачкі…
Заданне. Напішыце адказ Дзеду Марозу: сяброўскі ліст з просьбай здзейсніць вашу мару;

Захоўваць паслядоўнасць частак, ужываць формулы маўленчага этыкету і г.д.

Вось прыклад звароту дзяцей да Дзеда Мароза:

Макарэц Крысціна: “Добры дзень, Дзед Мароз. Пасля экскурсіі з класам к табе ў казачны палац я паверыла, што ты ёсць. Я ведаю, што ўсе дзеці вераць у цябе, што ты можаш усё! Напэўна, ты здзівішся, што папрашу ў цябе не домік для Барбі-Луізы, а вось што: зрабі так, каб кожнаму хлопчыку і дзяўчынцы з прыюта знайшоўся дом, дзе заўсёды будзе мама”.

Валюкевіч Віялета: “Дарагі Дзед Мароз! Я вельмі хачу, калі вырасту, разводзіць коней, даглядаць за імі, бо я іх вельмі люблю. А яшчэ на конях я б хацела катаць дзяцей-інвалідаў. Кажуць, што гэта малым вельмі дапамагае. Зрабі так, каб маё жаданне споўнілася”.

Ермаковіч Лёня: “Дарагі Дзед Мароз! Піша табе Ермаковіч Лёня. Я вучуся ў 5 класе сярэдняй школы № 125. Я не буду прасіць у цябе ніякіх падарункаў, папрашу ў цябе толькі адно: зрабі так, каб мае тата і мама зноў пажаніліся. Дзякуй.”

У старэйшых класах тэматыка тэкставага матэрыялу становіцца больш разнастайнай. Пытанні і заданні да тэкстаў скіроўваюць вучняў да сістэматызацыі і паглыблення ведаў па мове і літаратуры. Напрыклад, пасля азнаямлення з фрагментам Я.Баршчэўскага “Шляхціц Завальня” вучням прапануецца не толькі вызначыць стылістычную ролю лексічных і сінтаксічных сродкаў, падабраць рускамоўныя адпаведнікі да фразеалагізмаў, але і прадоўжыць думку Я.Баршчэўскага “Той чалавек шляхетны, які, жывучы на гэтым свеце…” так, каб выявіць веданне тэксту і сутнасць пісьменніцкай канцэпцыі.

Прыклад адной з цытат: “Той чалавек шляхетны, які, жывучы на гэтым свеце будзе клапаціцца пра сваю краіну, пра яе месца сярод іншых народаў. Жыць на карысць іншых, рабіць учынкі, годныя звання высакароднага мужчыны, шляхціца…”

Марцінаў Антон
Калі гаварыць пра выкладанне беларускай літаратуры ў школе, нельга не адзначыць, што яна як прадмет забяспечвае паўнавартаснае гарманічнае развіццё вучняў на ўсіх ступенях школьнай адукацыі, фарміруе чалавека з глыбокімі маральна-этычнымі перакананнямі, выразнай грамадзянскай пазіцыяй, развітай экалагічнай свядомасцю, творчым патэнцыялам. Урок літаратуры – гэта найперш працэс жыццяпазнання, скіраваны на выпрацоўку крытычнага і мадэлюючага тыпаў мыслення. Асаблівая ўвага пры гэтым надаецца развіццю творчых здольнасцей, навыкаў і ўменняў самастойнай працы.

Ужо ў пятым класе я стараюся зацікавіць вучняў чытаннем, скіраваць іх увагу на пазнанне мастацкай прыроды фальклорных і літаратурных твораў, навучыць успрымаць літаратуру як мастацтва слова. Паколькі ў падлеткавым узросце фарміруецца сістэма каштоўнасных адносін да жыцця, вялікая ўвага надаецца творам гераічнага, рамантычнага, фантастычнага зместу, якія выяўляюць найважнешыя грамадзянскія, маральна-этычныя якасці ў характары і паводзінах чалавека, яго адносінах да Радзімы, яе мінулага і сучаснага, да сваёй культуры і мовы, да захавання прыроды і г.д.

У старэйшых класах вялікае выхаваўчае значэнне маюць творы, прысвечаныя маці. Такія, напрыклад, як “Мама”, С.Грахоўскага, “Незагойная рана”, В.Быкава, “На каляды к сыну” З.Бядулі і інш. Пасля прачытанага апавядання З.Бядулі “На каляды к сыну” некаторыя дзеці плачуць, бо настолькі ў гэты час адбываецца моцнае суперажыванне за галоўную гераіню твора – старэнькую маці, што пехатою зімой ідзе на Каляды к сыну, знакамітаму і багатаму адвакату, які, убачыўшы сваю маці, засаромеўся і прамовіў: “Ідзі, старушка, я цябе не знаю”. Апавяданне закранае кожную дзіцячую душу. У сваіх водгуках вучні расказваюць пра сваю маці, пра тое, як яны яе любяць, малююць партрэт сваёй маці.

Мэтазгодна прывесці тут шчырыя думкі дзяцей: “…Мама… Сонца. Свет. Радзіма. Жыццё. Часам я думаю, што ўбачыла сваю любую маму, калі толькі з’явілася на свет з першым крыкам. Якое шчасце, што ў мяне ёсць мама…”



Чэркас Насця
“…Бог пакарае Лаўрука з апавядання З.Бядулі “На каляды к сыну”. Культ грошай, фанабэрыстаць і нахабства прывялі гэтага героя да такога стану. Жахліва. Так паступіў з самым святым, што ёсць у жыцці. Уяўляю, як выпалі з састарэлых рук маці тыя няшчасныя трохрублёўкі. Бедны ты, непаўнацэнны Лаўрук. Загінула твая душа перад Богам і людзьмі…”

Папова Юля
Тэма Вялікай Айчыннай вайны цікавіць вучняў, не пакідае іх раўнадушнымі. Такія творы, як “Бацьку”, Р.Барадуліна, “Васількі”, М.Лынькова, “Маці” А.Куляшова і інш. прымушаюць задумацца над праблемай вайны і міру. Праца над творамі дапамагае зразумець, што вайна – найвялікшае зло, якому супрацьстаялі простыя людзі, якім хацелася жыць, любіць, працаваць. Але ў той час у іх не было іншага выйсця: у такі складаны час ім прыйшлося жыць і абараняць Радзіму.

Шчыра вучні дзеляцца сваімі ўражаннямі аб прачытаным, адлюстроўваюць гэта ў сваіх малюнках. Пасля вывучэння аповесці “Жураўліны крык” В.Быкава вучні напісалі сачыненне “Ліст з вайны”. Гэты ліст быў адрасаваны сённяшняму пакаленню. На маю думку, гэтыя выказванні дзяцей заслугоўваюць увагі. Вось як адазвалася на аповесць вучаніца 9Б класа Зайцава Вольга: “…Кастрычнік 1941 года. Зараз ідзе жахлівая вайна. Зямля шчодра паліта чалавечай крывёю. Мяне завуць Васіль Глечык. Я застаўся ў жывых адзін з усяго атрада. І зараз пішу тым, хто зможа прайсці праз гэту вайну Першы раз за ўсё жыццё я так востра адчуваю каштоўнасць блакітнага неба над галавою, пяшчотных кветак у полі.



Першы раз так да болю моцна люблю і сумую па матуліных руках. Першы і апошні раз так люблю жыццё і так удзячны Богу за кожны пражыты на гэтай зямлі дзень.

Беражыце нашу Радзіму, яна, як маці, у нас адна. Любіце і шануйце кожны дзень, праведзены на зямлі. Змагайцеся за мір у краіне і блакітнае неба над галавою…”

Сваімі шчырымі думкамі падзялілася Ляшкова Ксенія, вучаніца 9А класа: “…Як жа гэта цяжка лічыць свае апошнія хвіліны жыцця. Я адчуваю, што загіну. Сама прырода падае мне знакі аб смерці. Толькі што на цёмным небе, зацягнутым вялікімі хмарамі плачу, смерці і адзіноты праляцелі журавы. Усе ляцелі разам, але адзін падбіты малады журавель адстаў ад іх. Ён ніяк не мог дагнаць чараду. З усяе сілы ён імкнуўся, але не мог. Яго жураўліны крык праняў мяне да глыбіні душы. Чуючы крык, я быццам правальваўся ў пропасць і губляў сябе, свой розум і думкі. Вяртаючыся са свету ўспамінаў у свет бесчалавечнай вайны, я ўсведамляў, што гэты жораў – я. Не дай вам Бог, мае дарагія нашчадкі, знаць, што такое вайна…

Бывайце, мае дарагія, і помніце: уся сіла чалавека заключана ў любові да Радзімы і да сваіх блізкіх…”

Неад’емнай часткай фарміравання павагі да беларускай мовы і літаратуры, да гісторыі, да культуры, традыцый нашага народа з’яўляецца і пазакласная праца, якая разам з урокам як адно цэлае мае на мэце прывіццё любові і павагі да свайго роднага, нацыянальнага.

Вялікае выхаваўчае значэнне мае наведванне музеяў. Музей нясе ў сабе найважнейшую выхаваўча-адукацыйную функцыю. У музеі дзеці судакранаюцца з прадметамі – праўдзівымі сведкамі культурнай спадчыны народа, яго багацця.

Гэта забяспечвае высокую эмацыянальнасць успрымання матэрыялу, доказнасць пры яго выкладзе, што робіць выхаваўчы працэс больш дзейсным.

Пры ўзаемадзеянні школы і музея могуць вырашацца наступныя задачы:

* павышэнне адукаванасці школьнікаў;

* пашырэнне іх кругагляду;

* развіццё пазнавальных інтарэсаў;

* выхаванне нацыянальнай самасвядомасці, эстэтычнага густу.

Шматлікія экскурсіі па Беларусі – гэта пашырэнне кругагляду вучняў, знаёмства з гістарычнымі месцамі: замкамі, касцёламі, сядзібамі. Гэта гонар за сваю Радзіму, за мудрых продкаў, што насялялі Беларусь. Заўсёды ў паездках дзеці вядуць дыялог з экскурсаводам, шмат хочуць даведацца.

У музеі “Дудуткі” многія спрабавалі вылепіць сабе свісцёлку, збіць масла, адціснуць сыр, пакарміць курэй, гусей, нават падаіць карову. Хлопцы вучыліся запрагаць каня.

Пасля экскурсіі вучні дзеляцца сваімі ўражаннямі.



(дадатак 1).

Хацелася б адзначыць адносіны дзяцей і да матэрыялу, што разглядаўся на факультатыве “Беларускі фальклор”. Тэмы заняткаў выклікалі цікавасць у дзяцей. Вучні з задавальненнем апісалі звычаі, традыцыі, святы, знайшлі прыкметы і павер’і, цікава былі апісаны гаданні дзяўчат на Каляды, падабраны на адпаведныя тэмы “залацінкі народнай мудрасці” – прыказкі і прымаўкі. Вядома, што ў прыказцы заключаецца вялікі выхаваўчы патэнцыял. Гэта народная мудрасць, назапашаная вякамі. Сэнс гэтых твораў актуальны і сёння. Яскравым прыкладам падбору прыказак дзецьмі на тэму “Каханне, жаніцьба; мужык, жонка, дзеці і іх выхаванне; радня” з’яўляюцца наступныя:



*Адзін сын не сын, два – паўсына, а тры – цэлая гаспадарка

* Адсунься ты, то сядзе тры

* Баба тады пышна, калі замуж выйшла

* Бяда дзеду без бабы

* Гадка есці і шкада кінуць

* Гадуй дочкі, а сам хадзі без сарочкі

* Горка рэдзька, ды ядуць, дрэнна замужам, ды ідуць

* Даганяючы не нацалавацца

* Дзеўка прыгожа, але прасці нягожа

* Жаніся, каб дурні не звяліся

* Жонка не лапаць, з нагі не скінеш

* Замуж, калі хочаш – не скочыш, а ідзі, калі бяруць

* Мужык не наносіць мяшком, што баба вынесе гаршком

* Не за таго выйшла замуж, каб лежачы спаць, выспішся і бегаючы.

Фальклорны матэрыял дзеці запісвалі самастойна летам у тых мясцовасцях, куды ездзілі ў госці (дадатак 2).

Зацікавіла дзяцей тэма “Беларускія прыказкі і прымаўкі”.

Вучні не толькі запісвалі прыказкі, але і адгукнуліся на некаторыя сваімі сачыненнямі, у якіх былі закрануты такія актуальныя і важныя ў наш сённяшні час праблемы алкагалізму як страшнай сацыяльная з’явы. Не абмінулі вучні сваёй ўвагай праблемы дзяцей-сірот у наш мірны час, што знаходзяцца ў дзіцячых дамах. (дадатак 3).

Сачыненне-роздум па маральнай праблеме адносіцца да спецыфічных метадаў духоўна-маральнага выхавання. Відавочна, што такі від дзейнасці зможа ўзбагаціць эмацыянальную сферу вучняў маральнымі перажываннямі. “Часам моцныя эмацыянальныя перажыванні дзяцінства і падлеткавага ўзросту вызначаюць жыццёвыя пазіцыі дарослага чалавека” [4, с.61].

Як выхад за рамкі ўрока і больш глыбокае і дэталёвае спасціжэнне мастацкага твора, з’явілася жаданне інсцэніраваць твор. Творчы пачатак нараджае ў вучня жывую фантазію, можна сказаць, што творчы пачатак у чалавеку – гэта імкненне наперад, да лепшага, да прагрэсу, да дасканаласці і, канечне, да цудоўнага ў самым шырокім сэнсе гэтага паняцця. Без творчай фантазіі нельга зрушыць ні адну галіну чалавечай дзейнасці. Развіццё творчых здольнасцей асобы – надзённая патрэба сённяшняга дня, сацыяльны заказ сучаснасці. Становіцца відавочным той факт, што рухаючай сілай духоўнага і сацыяльнага прагрэсу з’яўляецца культурны ўзровень кожнага чалавека, яго выхаванасць і адукаванасць, яго творчая актыўнасць і ступень крэатыўнасці.

У гэтым сэнсе актуальнай і значымай прадстаўляецца праблема развіцця творчых здольнасцей асобы, выхавання духоўнасці, самарэалізацыі і самаразвіцця.

Так былі інсцэніраваны п’есы:

- “Аднойчы пад Новы год”;

- “Рэпка на новы лад”;

- “Хитрюндий Великолепный”;

- казка-жарт “Іван-дурань”;

- п’еса А.Дударава“Вечар”;

- камедыя Я.Купалы “Паўлінка”, за якую мы атрымалі на раённым конкурсе “У вянок песнярам” першае месца і прайшлі на гарадскі конкурс, дзе таксама выступілі са сваёй пастаноўкай

- камедыя К.Крапівы “Хто смяецца апошнім”.
Для таго, каб прасачыць, які ўплыў аказаў драматычны гурток “Жывое слова” на ўдзельнікаў, было праведзена анкетаванне “Мой удзел у драмгуртку” (дадатак 4).

Анкетаванне паказала, што 100% вучняў прытрымліваюцца таго, што сумесная праца над спектаклем усіх згуртавала, дапамагла адчуць сябе адзінай камандай. Прывяду цытату: “Усе мы навучыліся працаваць у камандзе. Калі на рэпетыцыі хто-небудзь забываў словы, то ўсе разам падказвалі, стараліся дапамагчы. Дзе яшчэ такое ўбачыш? Хіба ў спорце, калі ты ў адной зборнай. Можна сказаць, што і мы паводзілі сябе як каманда, толькі не спартыўная, а тэатральная”.

На пытанне “Што даў табе ўдзел у драмгуртку? Што карыснае ты возьмеш з сабою ў жыццё? Былі дадзены цікавыя, я б сказала, творчыя адказы: 80% удзельнікаў адзначылі, што драмгурток навучыў іх слухаць і разумець другіх людзей, наладжваць зносіны з іншымі, дружыць, працаваць у калектыве. Дзеці ўказваюць і на тое, што драмгурток пашырыў іх лексікон, папоўніў іх веданне пра спецыфіку драматычных твораў.

30% дзяцей адказалі, што хацелі б і далей удзельнічаць у якасці акцёраў, дзе б ні вучыліся. А яшчэ было вельмі прыемным даведацца аб тым, што гэтыя вучні самі б хацелі паставіць які-небудзь спектакль, паспрабаваць сябе ў якасці рэжысёра. Цытата: “У мяне ўжо ўзнікаюць думкі наконт пастаноўкі спектакля, дзе я б выступіла рэжысёрам. Здаецца, што ўжо і назву вызначыла будучага спектакля: “Спакуса” (пра праблемы сучаснай моладзі).



Смаляга Вольга
Яскравымі былі адказы на пытанне “Ці змяніліся твае адносіны да нацыянальных каштоўнасцей за час удзелу ў драмгуртку?”

90% вучняў адказалі, што адносіны да нацыянальных каштоўнасцей кардынальна памяняліся за час наведвання гуртка. Дзеці адзначылі, што адкрылі для сябе беларускую мову і літаратуру. Удзел у гуртку паўплываў на любоў да беларускай кнігі. Вучні паведамляюць аб адкрыцці для сябе Я.Купалы, І.Мележа, К.Крапівы, В.Быкава. Нельга не спаслацца на адну цытату: “Я проста закахалася ў маю мову і літаратуру. Купала – гэта геній. Я думаю, што яго ніхто не пераўзышоў. Гэта мой самы любімы пісьменнік. Я яго адкрыла для сябе з паэмай “Курган”. “Паўлінка ж – візітная картка Беларусі. Для мяне Купала – самая галоўная нацыянальная каштоўнасць.”



Смаляга Вольга
Прыклад адказаў на ўсе пытанні анкеты пададзены ў дадатку 5.

80% вучняў выказалі сваю любоў да прыказак і фразеалагізмаў, што склаў беларускі народ. “Залацінкі народнай мудрасці” вучні адкрылі для сябе найперш у камедыі В.Вольскага “Несцерка”, п’есе А.Дударава “Вечар”, неўміручай камедыі Я.Купалы “Паўлінка”.

Вынікі анкетавання сведчаць пра тое, што:

*у вучняў сфарміраваліся камунікатыўныя навыкі;

*выявіліся станоўчыя адносіны да нацыянальна-культурных каштоўнасцей;

* павысіўся ўзровень духоўнай культуры дзяцей;

*развіліся творчыя здольнасці, уменне крэатыўна мысліць;

* пашырыліся веды аб тэатральным мастацтве і г.д.

Відавочна, што тэатральная дзейнасць, якую я наладзіла ў школе, прынесла карысць і дапамагла мне дасягнуць пастаўленай мэты па фарміраванні духоўна багатай і ўсебакова развітай асобы. Пасля кожнага спектакля праводзілася гутарка з дзецьмі аб нашай працы: што ўдалося, а што не? Творчымі і непаўторнымі былі ўражанні гурткоўцаў пасля спектакля (дадатак 7).

Кажуць, што калі за табою пойдзе хоць адзін чалавек, то жыццё пражывеш недарма.

Упэўнена, што смела магу гэта выказванне аднесці і да сябе. Мая вучаніца, Круглік Дар’я, у 11 класе заняла ІІІ месца на раённай алімпіядзе па беларускай мове. Пасля школы яна паступіла ў БДУ на філалагічны факультэт. Скончыла яго і атрымала дыплом з адзнакай. Затым вярнулася ў родную школу ўжо ў якасці настаўніцы беларускай мовы і літаратуры. Мы з ёй падтрымліваем сяброўскія адносіны.

Выпускніца 2001 года, Катлярэнка Таццяна, таксама выбрала прафесію настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, часам звяртаецца да мяне за парадай.

Лічу, што станоўча змагла ўздзейнічаць на сваіх выхаванцаў, дапамагчы ім раскрыць свае здольнасці, паўплывала на іх светапогляд, прафесійны выбар (дадатак 8).

Такім чынам, і на ўроках беларускай мовы і літаратуры, і ў пазакласнай працы я стараюся рабіць усё магчымае, каб фарміраваць у вучняў любоў да мовы і літаратуры, гістарычнай спадчыны, культуры, традыцый народа. Лічу, што ад гэтага у прамым сэнсе залежыць, якая будучыня чакае Беларусь.


ЛІТАРАТУРА


  1. Беларуская мова: энцыклапедыя / пад рэд.А.Я.Міхневіча. – Мінск: Бел ЭН, 1994.

  2. Бяздоннае багацце: легенды, паданні, сказы / склад. А.І.Гурскі. – Мінск, 1990.

  3. Гарбунова М.Б. Фарміраванне духоўна-маральнай культуры вучняў. //Адукацыя і выхаванне. – 2008, №2. – с.27-32.

  4. Гаўрылавец К.В. Прынцып сістэмнасці ў маральным выхаванні вучняў. // Адукацыя і выхаванне. – 2002, №5. – с.60-65.

  5. Гершунскі Б.С. Філасофія адукацыі ХХІ стагоддзя. М., 2002

  6. Гессен С.И. Основы педагогики. Введение в прикладную философию. М.,1995.

  7. Гілевіч, Н.С. Паэтыка беларускіх загадак/ Н.С.Гілевіч. – Мінск, 1976.

  8. Грыгаровіч Н.П. Духоўна-маральнае выхаванне навучэнцаў як актуальная тэма. //Народная асвета. – 2002, №7. – с.54-64.

  9. Гурскі, А.І. Тайны народнай песні / А.І.Гурскі. – Мінск, 1994.

10. Жніўныя песні / уклад. А.С.Ліс, В.І.Ялатаў. – Мінск, 1974.

11. Каляда, А. Выразнае чытанне / А.Каляда. – Мінск, 1970.

12. Малахава І.А. Развіццё асобы. Мастацка-творная дзейнасць. – Мн., 2003.

13. Міхалёў Л.А. Выхаванне навучэнцаў на духоўнай спадчыне і агульначалавечых каштоўнасцях. // Сталічная адукацыя сёння. – 2005, №2. – с.113-117.

14. Підкасісты П.І. Педагогіка, М., 2002.

15.Саламевіч, І.У. Беларускі фальклор: кароткі бібліяр. даведнік /І.У.Саламевіч. – Мінск, 1972.

16. Ушинский К.Д. Собрание сочинений. М., 1990. Т.6.

17. Шаўчэнка В.П. Асноўны прынцып духоўна-маральнага выхавання школьнікаў. // Народная асвета.– 2005, №7. – с.3-6.

18.Янкоўскі, М.А. Паэтыка беларускіх прыказак / М.А.Янкоўскі. – Мінск, 1971.

Маё ўражанне ад экскурсіі

Дадатак 1
“ … У аўтобусе, пакуль ехалі ў Брэсцкую крэпасць, было весела, усе жартавалі, смяяліся. Калі ж пачалася экскурсія, то я сам ды і ўсе другія дзеці ўважліва слухалі. Многа мы пахадзілі, паглядзелі, нават спускаліся пад зямлю. Уражанняў шмат. Я падумаў пра тое, што шмат часу спатрэбілася, каб збудаваць такія манументы! Не давала мне пакою і думка пра тое, што на гэтым месцы гінулі людзі, якія хацелі жыць. Да, гэтыя людзі нарадзіліся ў жахлівы час. Яны ахвяравалі сваё жыццё дзеля будучых пакаленняў. Змагаючыся з фашызмам, яны верылі, што на Зямлі больш не будзе карычневай чумы. Як бы яны былі здзіўлены, а самае галоўнае, пакрыўджаны, каб дазналіся, што ў наш час, у ХХІ стагоддзі з’явіліся неафашысты. “За што ж мы ляжым у сырой зямлі, так і не зведаўшы жыцця? Дзеля чаго мы ваявалі?” – спыталіся б яны.

Я не ведаю, што б я ім мог адказаць. Мне сорамна. Але я ведаю адно: розум людскі возьме верх. Спадзяюся, што свет ніколі не дапусціць вяртанне фашызму.

Гэта паездка прымусіла мяне задумацца над сэнсам жыцця…”

Цішчанка Аляксандр 8Д клас.
… “Паміраю, але не здаюся “…Мы ўсе бачылі гэты надпіс. Страшна… ХХ стагоддзе… Самае крывавае за гісторыю чалавецтва. Чаму адбываюцца войны? Таму што ёсць група фанатыкаў, што развязваюць вайну. Чаму? Бо ім гэта выгадна. Расплачваюцца сваім жыццём простыя салдаты і мірныя людзі…

Праходзіць час. Усё далей ад нас падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Усё менш застаецца сведкаў-ветэранаў. І ўсе ж такі хочацца верыць, што прагрэсіўнае чалавецтва не дапусціць больш вайны.

Людзі, помніце ўрокі гісторыі, не паўтарайце страшных памылак! А ўсім салдатам Айчыннай нізкі паклон да зямлі…”

Торапава Ліля 8Д клас.

Дадатак 2
Калядныя варожбы на Уздзеншчыне
1. Дзяўчына брала кавалачак куцці (а дакладней яе трэба было ўзяць неўпрыкмет, каб ніхто не бачыў), і перад тым, як легчы спаць, клала пад падушку. Затым пад ложак ставіла міску з вадой, цераз якую клала лучыну. Дзяўчына лажылася спаць і пра сябе прамаўляла наступныя словы:

- Хто мяне па кладачцы правядзе, той мяне замуж возьме.

Пры гэтым ні пад час выканання варажбы, ні пасля (аж да самай раніцы) нельга было ні з кім гаварыць.

2. У калядную ноч дзяўчаты бралі тыя стужкі, што ў косах насілі, прывязвалі на вішню (толькі на вішню, а не якое-небудзь іншае дрэва). Гэтыя стужкі (адна з іх сімвалізавала суджанага, другая - саму дзяўчыну) перапляталі паміж сабой, пры гэтым прасілі, каб прысніўся або знайшоўся суджаны. Стужкі пакідалі на дрэве на ўсю ноч.

3. Варажба "Калодзеж мералі".

Вечарам да калодзежа падыходзіла некалькі дзяўчат, бралі вочап і рукамі па чарзе хапаліся за яго. Хго апошні зверху закрые вопач, тая першая і замуж пойдзе.

4. Варажба "Замкнуць вядро".

Дзве сяброўкі набяруць у калодзежы вядро вады, прынясуць яго ў хату і паставяць на лаву. Затым возьмуць замок і замкнуць вядро. Пасля гэтага клаліся спаць, не сказаўшы ніводнага слова. Ноччу павінен быў прысніцца той, хто прыйдзе "адамкнуць" вядро.

5. Варажба на дровах.

У хляве або ў паветцы дзяўчына набярэ ахапак дроў, прыносіць у хату, кладзе каля печы і лічыць: калі пара будзе- замуж пойдзе, калі лішка- то не.

6. Варажба на аладках.

Дзяўчаты раніцай напякуць аладак, па адной схаваюць. Вечарам збяруцца ў чыёй-небудзь хаце і пачынаюць варажыць. На ўслон кожная з прысутных дзяўчат кладзе сваю аладку, а затым у хату прыводзяць сабаку. Чыю аладку сабака схопіць першую, тая хутчэй за ўсіх замуж пойдзе. Бывала, сабака падыдзе, нюхае, нюхае, а дзяўчаты аж падскокваюць: і тая хоча, каб хутчэй, і тая. А сабака возьме чыю-небудзь аладку скіне, а есці не стане. Тады ўжо плачуць, бо лічаць, што ў гэтым годзе не пашанцуе.

7. Варажба на волаве.

Адна дзяўчына садзіцца на ўслон, другая становіцца за спінай,бярэ расплаўленае волава і вылівае над галавой у міску з вадой. Потым глядзіць, якая выява атрымалася. Калі вянок- замуж пойдзе, калі калыска- дзіця народзіць. »



8.Варажба на плоце.

Дзяўчына выбягала на вуліцу і рукамі абхоплівала плот. Затым лічыла штакеціны. Калі ў пару будзе- замуж пойдзе, калі няцот- у дзеўках засядзіцца.



Запісала Аўсіевіч Каця
Дадатак 3

Сачыненне па прыказцы

Гарэлка не дзеўка – не цалуй”

Беларусы шмат склалі прыказак пра адносіны людзей да гарэлкі. Вось якія я, напрыклад, ведаю:

* Піць, пі, але розуму не правівай.

* Піць да дна – не бачыць дабра.

* Не пі гарэлкі гарнушкам, не будзеш з голым брушкам.

* Не папраўляй на п’яным шапкі, бо ў морду дасць.

Пералічваць можна і далей. Чаму ж гэта тэма знайшла такі водзыў у грамадстве? Напэўна, таму што гарэлка нікому не прыносіць дабра. У розныя часы галоўным для людзей былі вечныя ісціны: праца (бо з яе жылі), дабрыня, спагада, шчырасць, любоў да Радзімы, павага да Бацькоў.

Толькі клапатлівы гаспадар будзе мець дагледжаную гаспадарку, а не п’яніца. І тут успамінаецца другая прыказка: як дбаеш – так і маеш. І гэта правільна.

Можа, для каго-небудзь праблема п’янства далёкая, пра яе некаторыя не ведаюць, лепш сказаць, гэта праблема іх абышла. А вось для мяне гэта актуальна. Мой бацька шмат піў. Спачатку патрохі, па святах, а пасля часцей і часцей. Мама сварылася на яго, але ён яе не слухаў. Скончылася ўсё тым, што мама пакінула бацьку, забрала мяне, і мы прыехалі да бабулі. Бацька зараз нідзе не працуе, ён яшчэ больш стаў піць. Мне яго шкада (усё ж такі ён мой бацька) і крыўдна за яго, што ён не змог трымаць сябе ў руках.

Маці цяжка адной мяне гадаваць, але яна кажа, што лепш жыць адной, чым з алкаголікам.

Я ўжо амаль дарослая. Я цвёрда ведаю, што ніколі не буду піць гарэлку, бо яна прыносіць гора. Напэўна, тыя падлеткі, што п’юць піва, не маюць такога, як у мяне, бацьку- п’яніцу, таму ім весела, калі вып’юць, і яны не задумваюцца, што п’янства – зло, разбураныя сем’і.

Была б мая воля – я б забараніла вырабляць алкагольныя напіткі.



Сачыненне па прыказцы

Ад дрэннага семені не чакай добрага племені”


Чаму я выбрала для напісання сачынення гэту прыказку?

Вось прадгісторыя. У маёй цёткі няма дзяцей. У яе добры муж, ён шмат зарабляе, але дзяцей Бог не даў. Бабуля мая ўвесь час паўтарала маёй цётцы гэту прыказку, калі тая казала, што возьме сабе гадаваць дзіця з дзіцячага дома. Цётка плакала, спрачалася з бабуляй, гаварыла, што ў дзіцячым доме не ўсе дзеці п’яніц, а нават калі бацькі гэтага дзіцяці былі алкаголікамі, дык гэта ж не значыць, што і дзіця стане піць. Бабуля ў спрэчках заўсёды брала верх. Ішоў час. Цётка прыязджала да нас, забаўлялася з намі. Часта з намі хадзіла ў тэатр. І вось аднойчы цётка павяла мяне з братам у тэатр. Мы глядзелі лялечны спектакль “Чырвоная Шапачка”. У зале было шмат дзяцей. Перад намі сядзелі дзеці (іх было чалавек з дзесяць) з дзіцячага дома. Гэтыя дзеці былі з выхавацельніцай. Цётка разгаварылася з гэтай жанчынай. Аказалася, што гэтыя дзеці з рознымі захворваннямі, у асноўным, яны ўсе з адставаннем у псіха-фізічным развіцці. Але больш за ўсё нас уразіла тое, што ўсе гэтыя дзеці называлі выхавацельніцу мамай. Яны лашчыліся каля яе, гладзілі яе па галаве. Гэта вельмі падзейнічала на маю цётку, яна не зводзіла вачэй з гэтых дзяцей, нават заплакала…

Вы здзівіцеся, але мая цётка ўзяла з дзіцячага дома дзяўчынку, яе завуць Каця. Яна яшчэ малая, ёй усяго 3 гады, але ж вельмі “дасціпная”, як кажа бабуля. Цётку не пазнаць, яна стала больш смяяцца, вясёлая такая ходзіць. Яна цяпер гадуе дачку…

Я лічу, што яна зрабіла правільна. Каб кожны, хто не мае дзяцей, сагрэў хоць адну дзіцячую душу – не было б у краіне столькі крыміналу, п’янства. Тыя дзеці, што гадуюцца ў дзіцячым доме, не атрымліваюць мацярынскай ласкі і цяпла. Напэўна, па гэтай прычыне шмат былых выхаванцаў дзіцячых дамоў співаюцца, трапляюць у турмы. А гэта вялікая сацыяльная праблема. Ці зможа такі чалавек пасля стварыць сям’ю і даць правільныя жыццёвыя арыенціры свайму дзіцяці?



Людзі, вазьміце дзіцятка з дзіцячага дома, выхавайце з яго добрага чалавека. І не верце, што з дрэннага семені не будзе добрага племені.
Дадатак 4

АНКЕТА
Мой удзел у драмгуртку


  1. Што прывяло цябе ў драматычны гурток?

  2. Якую сваю ролю ты найбольш запомніў (запомніла)?

  3. Што табе ўдалося ў гэтай ролі? А што не?

  4. Ці былі ў цябе якія-небудзь комплексы наконт выхаду на сцэну? Ці змог (змагла) ты іх пераадолець?

  5. Ці спадабалася табе сумесная праца над спектаклем?

  6. Якія найбольш яркія ўспаміны адклаліся ў тваёй памяці?

  7. Каго б ты хацеў (хацела) сыграць? Чаму?

  8. Што даў табе ўдзел у драмгуртку? Што карыснае ты возьмеш з сабою ў жыццё са сваёй тэатральнай дзейнасці?

  9. Ці паўплывалі заняткі ў гуртку на твой светапогляд?

10.Ці змяніліся твае адносіны да нацыянальных каштоўнасцей за час удзелу ў драмгуртку?

11.Што б ты пажадаў (пажадала) тым вучням, што прыйдуць на змену табе.


Дадатак 5
Адказы на анкету “Мой удзел у драмгуртку”
Смаляга Вольга

  1. Вялікае жаданне іграць на сцэне.

  2. Безумоўна, Паўлінкі.

  3. Можа, гэта не вельмі сціпла, але ўсё.

  4. Сказаць па праўдзе, да. Я вельмі баялася на першым спектаклі паглядзець у залу і сустрэцца там з чыімі-небудзь вачыма. Паступова я змагла гэта ў сабе перабароць. Я іграла ў шасці спектаклях.

  5. Так. Я ўвогуле лічу, што адзін у полі не воін. А тут такая важная справа, як спектакль. Усе мы навучыліся працаваць у камандзе. Калі на рэпетыцыі хто- небудзь забываў словы, то ўсе разам падказвалі, стараліся дапамагчы. Дзе яшчэ такое ўбачыш? Хіба ў спорце, калі ты ў адной камандзе. Можна сказаць, што і мы паводзілі сябе як каманда, толькі не спартыўная, а тэатральная.

  6. Пацалунак з Сарокам.

  7. Я б хацела сыграць Зоську з “Раскіданага гнязда” Я.Купалы. На мой погляд, гэта вельмі філасофская п’еса, яна мне спадабалася ў тэатры.

  8. Уменне быць артысткай. Я думаю, што дзякуючы нашым пастаноўкам я навучылася весці сябе з людзьмі, думаю, што мяне людзі будуць добра разумець, дзе б я ні была. Часам мне здаецца, што я іграю на сцэне, а ўсе вакол мяне таксама. “Вся жизнь - игра, а люди в ней – актеры”. Нездарма ж так сказаў У.Шэкспір.

  9. Безумоўна, удзел у драмгуртку вельмі ўздзейнічаў на мяне як на асобу. Я зараз шмат ведаю пра сцэнічнае майстэрства, пра тэатры, пра ўменне іграць, а не механічна пераходзіць з месца на месца. Я шмат даведалася карыснага, цікавага.

10.Несумненна. Я проста закахалася ў маю мову і літаратуру. Купала – гэта геній. Я думаю, што яго ніхто не пераўзышоў. Гэта мой самы любімы пісьменнік. Я яго адкрыла для сябе ўжо з паэмай “Курган”. Ну а “Паўлінка” – гэта проста візітная картка Беларусі. Для мяне Купала – самая галоўная нацыянальная каштоўнасць.

10.Жадаю ўсім, хто яшчэ не адкрыў для сябе ўсё наша, нацыянальнае, хутчэй гэта зрабіць праз драмгурток.


Адказы на анкету “Мой удзел у драмгуртку”
Казарэз Аляксей

  1. Жаданне паспытаць свае сілы ў акцёрскім майстэрстве.

  2. Роля Нічыпара ў п’есе “Хто смяецца апошнім”.

  3. Думаю, удалося дакладна перадаць вобраз гэтага простага чалавека.

  4. Комплексы былі. Спачатку я баяўся гледачоў. Дома, калі вучыў словы, то ўсё атрымлівалася, а вось, калі мы паказвалі самы свой першы спектакль “Аднойчы пад Новы год”, я так ні разу і не паглядзеў у залу. Пасля ўсё гэта неяк само сабой прайшло. На другім паказе я ўжо нават падміргваў свайму аднакласніку.

  5. Адназначна спадабалая, асабліва калі мы падбіралі музыку да спектакля. У той дзень у мяне быў дзень нараджэння. Мне было вельмі прыемна, калі мяне ўсе павіншавалі і ўручылі падарунак. Гэта было здорава.

  6. Самым яркім успамінам было тое, як я ў спектаклі “Хто смяецца апошнім” шыбануў цюліку косткі… Трохі не разлічыў траекторыю палёта і разбіў графін. Ой-ой! Але ўсё абышлося.

  7. Я б хацеў паспрабаваць сябе ў ролі Быкоўскага. Сатырычны вобраз, скажу я вам.

  8. Я думаю, што дзе б я ні вучыўся, з задавальненнем буду ўдзельнічаць у драмгуртку. Мне здаецца, што я б і сам ужо змог нешта паставіць. Гэта цікава і займальна паспрабаваць сябе ў ролі другога чалавека. Драмгурток навучыў мяне выразна гаварыць, чыста, робячы лагічныя паўзы на важным слове.

  9. Канечне. Я стаў духоўна багацейшым.

  10. Кожны год летам я ездзіў у вёску да бабулі. Там вясковыя хлопцы гаварылі на беларускай мове. Сярод іх я адчуваў сябе нейкім выключным. Часта я сам пра сябе іх называў “калхознікамі” толькі таму, што яны не ўмелі гаварыць так, як я, на рускай мове. Я нават пасмейваўся з іх, хоць усе яны былі добрыя і шчырыя, маглі падзяліцца апошнім. За час удзелу ў гуртку я добра навучыўся гаварыць па-беларуску, палюбіў мову і тыя п’есы, якія мы ставілі. Зараз, калі я прыязджаю ў вёску і сустракаюся там са сваімі сябрамі, я размаўляю на беларускай мове. Калі я ўспамінаю, як сябе раней паводзіў з імі, мне становіцца сорамна.

  11. Ідзіце ў гурток, ён вам прынясе толькі карысць. Вы адкрыеце для сябе шмат новага.

Дадатак 6

Водгук на апавяданне Барыса Санчанкі "Хлеб"
3 вялікім хваляваннем узяла я ў рукі аркушык з тэкстам, на які трэба было пісаць водгук. Але як толькі я прачытала назву твора і прозвішча аўтара, то адразу чамусьці супакоілася, нават не ведаю чаму. Яшчэ і яшчэ раз перачытала назву твора...

Хлеб...якое маленькае слова, а які глыбокі сэнс. Хлеб, радзіма, народ...

Хлеб...я нават не ведаю, ад каго я пачула ўпершыню гэтае слова. Здаецца, яно суправаджае мяне з таго самага часу, як я толькі сказала першае слова і зрабіла першы крок.

Хлеб...самі не ведаючы чаму, людзі заўсёды схіляюць перад ім галаву, як перад богам. Усе мы ведаем такую ісціну, што калі б на зямлі засталіся хлеб і вада, чалавецтва б не знікла, а прадаўжала жыццё. Значыць, хлеб-гэта аснова жыцця.

Але што ж хацеў сказаць Барыс Сачанка ў сваім творы? Што яго так усхвалявала і натхніла?

Чытаю апавяданне "Хлеб".3даецца, звычайны твор, звычайная праблема, усё ўжо шмат разоў чутае і чытанае. Але калі ўчытацца глыбей, удумацца, можна заўважыць і другі бок праблемы: барацьбу жадання з тым, што дыктуе наш розум. I, згадзіцеся, не заўсёды мы можам выканаць другое. Гэтаму, як і дабрыні, трэба вучыцца з дзяцінства.

Дзеянні, апісаныя ў апавяданні "Хлеб", адбываюцца ў пасляваенны час, у час галадоўкі. Галоўны герой-хлопчык-вельмі галодны. Яго дзіцячы розум яшчэ слабейшы за яго жаданні. Ён ужо разумее, што калі здзейсніцца яго жаданне, то не будзе балюча брату, але не можа ўтрымацца перад спакусай.

Маці і брат, які застаўся галодным, нічога не сказалі хлопчыку. Ды што яны маглі сказаць? Магчыма, у глыбіні душы яны прадчувалі,што прыйдзе той час,калі хлопчык усе зразумее сам і дасць адзнаку свайму ўчынку.

Так яно і адбылося. Прайшоў час, хлопчык стаў дарослым. I цяпер ён не можа забыцца пра той выпадак з хлебам, яму не дае спакою яго сумленне. Мне здаецца, што цяпер ён з радасцю аддасць апошняе таму, каму гэта будзе неабходна, каб прынесці хоць нейкую ахвяру за свой учынак.

На маю думку, тэкст складаецца з трох частак. Першая частка з'яўяецца ўступам, і ў ёй вельмі выразна паказаны адносіны маці да хлеба. У другой частцы ідзе барацьба паміж жаданнем і розумам. Трэцяя ж частка з'яўляецца нібы вынікам дзвюх папярэдніх.

Інтанацыя твора ўвесь час мяняецца. То ў ёй чуваць ноткі захаплення, то адчай. Больш ярка выразіць свае думкі і пачуцці дапамагаюць аўтару эпітэты. Асаблівую ролю ў апавяданні адыгрываюць сказы са шматкроп'ем, бо яны дазваляюць адчуць тую барацьбу і тое ваганне, што адбываюцца ў душы чалавека.

Жаданне і сумленне...гэта дзве сілы, паміж якімі заўсёды адбываецца барацьба. Дык няхай жа як мага часцей перамагае сумленне!

Кіблова Насця
Дадатак 7
Што я думаю пра наш спектакль?
Ліпень Уладзіслаў

Што я думаю пра наш спектакль?

“Хто смяецца апошнім” – гэта сіла! Спачатку пры чытанні ў класе я падумаў: “Не, каб што-небудзь сучаснае было ў падручніку, напрыклад, пра космас, выратаванне свету ад катастрофы, а тут нейкія “мамантавыя свінні”.

Але гэта быў пачатак. Чытаючы п’есу, я разумеў, што калі будзем інсцэніраваць, то я б хацеў паспрабаваць сябе ў ролі Гарлахвацкага.

Можа, гэта не зусім сціпла, але гэта так. Чаму? Не ведаю, але, здаецца, я нешта ў ім убачыў мне знаёмае. Нельга сказаць, што я “бяру некага за горла”. У Гарлахвацкага ёсць нейкі напор, смеласць, з якой ён робіць свае “цёмныя справы”. Я не раблю, думаю, нічога дрэннага, але ў мяне таксама ёсць напор, сіла ўпэўніць чалавека, перацягнуць яго на свой бок.

Крыху было неяк няёмка сябе адчуваць з Зіначкай: трэба было абняць перад усімі, але і гэта неяк само па сабе было пераадолена. У “Паўлінцы” ж Зіначка была маёй дачкой, Паўлінкай, таму, успомніўшы гэта, я пасмялеў, нават было прыемна.

Шкада было Тулягу (па сцэнарыі) усяго баіцца, няшчасны такі. Але ён – адбітак страшнага сталінскага часу. Шмат хто быў тады такім. Хацелася жыць! Жыць хочацца заўсёды! Я, усе мы, шчаслівыя, што нарадзіліся не тады…

Як і заканамерна для п’ес таго часу, справядлівасць узяла верх: я (Гарлахвацкі) – прайдзісвет. Левановіч трыумфальна выкрыў мяне… Ці не занадта злосна я крыкнуў Нічыпару, каб той забіраў косткі са стала?!

Па гледачах зразумела: мы сёння парадавалі сваёй ігрой усіх. Я рады, што ўсё атрымалася.

Р.S. Толькі малыя бегаюць па школе і дражняць: “Гарлахвацкі, дзе твае мамантавыя свінні?”

Маё ўражанне ад спектакля

Смаляга Вольга
Ну вось і скончаны рэпетыцыі, нават генеральная! Усе хваляваліся, асабліва, як заўсёды, Жанна Анатольеўна. І на гэты раз ні разу ніхто не забыўся ніводнага слова, руху. Ваня, як і заведзена, быў аператарам. Хацелася яму ўсміхнуцца ў камеру на памяць, але дзе там!

У зале шмат гледачоў: настаўнікі, дзеці, бацькі, нават нехта з Міністэрства адукацыі. Напружанне расце…

І вось я на сцэне. Неяк вельмі хутка. І ўжо Сарока прызнаецца ў каханні… Хораша, весела. Неяк на адным дыханні закруцілася, завярцелася. Вось і Лявоніху станчылі, і насустрач свайму шчасцю палезла ў акно… Апладысменты… Паклон… Яшчэ апладысменты… Значыць, спадабалася. Ура! Мне таксама.

Шкада, што так і не паспрабавала кіслай капусты з грыбамі (пакуль іграла, пан Быкоўскі з’еў усю!)

А калі сур’ёзна, то я рада, што ў мяне ўсё атрымалася, што больш я не баюся сцэны і ўжо смела гляджу ў зал і сустракаюся вачыма з іншымі вачыма. Што ў іх?

Як я стала Ганнай

Казбан Маша
П’еса “Вечар” нечым прывабіла мяне. Чым? Вы скажаце: “Такая маладая, ці разумееш ты Ганну, Мульціка, Гастрыта?” Магчыма, разумею, ці думаю, што разумею: аднаму быць дрэнна ў вялікім свеце людзей…

Адно мне спачатку не падабалася: зноў буду іграць на сцэне ў хустцы! Каторы спектакль! Як бабка старая. Стоп! Дык я ж і ёсць па сцэнарыі бабка. Неяк прызвычаілася. Нават весела: табе ўсяго 14 гадоў, а ты – бабка! О, вялікая сіла тэатра! Табе падуладны розныя метамарфозы.

Я ўпэўнена, што змагла перадаць усю глыбіню пачуццяў Ганны, яе боль і роспач, трывогу за сына. Чаму? Не ведаю. Але я нешта ў Ганне ўбачыла роднае, што ёсць у маёй бабулі. Яна, таксама як і Ганна, заўсёды выходзіць на дарогу і выглядае, ці едзе да яе хто-небудзь з дзяцей.

Ва ўсіх свае клопаты, свае сем’і і праца. Часта бабуля застаецца адна: усім няма часу прыехаць.



У час рэпетыцый і спектакля я “прымерала” на сябе яе стан… Сумна… Не хачу, каб яна заставалася адна, выходзіла на дарогу і доўга стаяла, прыжмурыўшы вочы, пільна ўглядаючыся ў далечыню з надзеяй, што да яе едуць дзеці.

Бабулечка, едзь да нас!


Дадатак 8

АДГУКНУЛІСЯ ВУЧНІ

Круглік Дар’я “Паважаная Жанна Анатольеўна! Хачу падзякваць Вас за тое, што на ўроках Вы не толькі выкладалі праграмны матэрыял, а вучылі нас думаць, перажываць. Вы заўсёды праводзілі паралель з жыццём, рабілі акцэнт на станоўчым, чалавечным. Дзякуючы Вашым урокам я, гарадская дзяўчына, палюбіла беларускую мову і літуратуру, нашу культуру. Маючы ўсе выдатныя адзнакі ў атэстаце, добра разбіраючыся ў матэматыцы, я ўсё ж вырашыла паступаць на філалагічны.



Сёння я настаўніца. Ніводнага разу я не пашкадавала аб сваім выбары. Дзякуй Вам за цяпло і шчырасць, за Вашу любоў да працы.Жадаю Вам добрых і разумных вучняў…”

Смаляга Вольга “… Паважаная Жанна Анатольеўна, я шчыра Вам дзякую за тое, што Вы дапамаглі мне паверыць у сябе. З першым выхадам на сцэну ў ролі Снягуркі пачалося маё “акцёрскае жыццё”. Я ніколі не забуду Вашы словы: “Оля, ты можаш!..” Помню свае ўсе ролі да адной. Але самай любімай з’яўляецца роля Паўлінкі. Дзякуй Вам, што я атрымала асновы акцёрскага майстэрства…”

Чэркас Наця “…Словы ўдзячнасці хацелася б выказаць Вам за тое, што ўсё ж прымусілі мяне абудзіць маю фантазію і стварыць дэкарацыі і афішы да спектакляў. Мала-памалу я малявала, дапамагала мне і кошка, прабягаючы па маіх афішах і пакідаючы свой аўтограф (лапамі, вядома). Ну, гэта кошка! І Вы ведаеце, я так захапілася жывапісам, што мяне прынялі ў мастацкае вучылішча Глебава!!! У гэтым, безумоўна, ёсць і Ваш уклад. Я абяцаю пасля заканчэння вучылішча абавязкова падарыць Вам сваю карціну. Яшчэ раз, дзякуй Вам!..”

Ліпень Уладзіслаў “…Пераадолець страх і выйсці на сцэну мне дапамаглі Вы, Жанна Анатольеўна. Напэўна ж Вы помніце, як я сеў за апошнюю парту? А верш чытаў на памяць толькі на перапынку, каб не чулі астатнія. І тут Вы кажаце: “Улад, з тваёй сілай голасу, тэмбрам толькі быць акцёрам. І я паверыў у сябе, хоць любіў фізіку і матэматыку больш, чым беларускую літаратуру. Вашы словы заінтрыгавалі мяне. А чаму б і не паспрабаваць свае сілы? Ну і пайшло, як кажуць, “на непадмазаных калёсах” (з “Паўлінкі”). На рэпетыцыі бегаў як заведзены. І, што самае цікавае, хутка запамінаў словы і не толькі свае.



Сёння на самым відным месцы ў маім пакоі стаяць дыскі з запісамі нашых спектакляў. А там я ў ролі Караля, Івана-дурня, Мульціка, Сцяпана Крыніцкага, Гарлахвацкага. Думаю, што не кожны прафесійны акцёр зможа столькі пералічыць выкананых роляў. Я ад усёй душы дзякую Вам за тое, што Вы адкрылі для мяне мяне самога.

P.S. Дзед мяне зараз ніяк па-іншаму не называе, як акцёр.






База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка