Тэма Уводзіны ў гісторыю Беларусі. Гісторыя як навучальная дысцыпліна




Дата канвертавання21.05.2016
Памер88.13 Kb.
Тэма 1. Уводзіны ў гісторыю Беларусі.
1. Гісторыя як навучальная дысцыпліна
Тэрмін гісторыя бярэ свой пачатак ад старажытнагрэчаскага слова апавяданне аб минулых падзеях, фактах, аб тым, што пазнана, даследавана.

Назапашванне гістарычных ведаў у глыбокай старажытнасці пачалося і вялося ў вусных пераказах. Найдаўнейшыя пісьмовыя помнікі з а глядам гістарычных падзей вядомы ў дзяржавах Старытытнага Усходу (канец 4 – пач. 3-га тыс. да н.э. Вялікі ўклад ў распрацоўку гістарычных уяўленняў пакінулі антычныя гісторыкі – Герадот, Плутарх, Лівій, Тацыт і інш.)

У старажытнасці гісторыя лічылася не навукай, а галіной мастацтва. Але, ужо ў працах Герадота праявляўся прагматызм, ён імкнуўся не толькі апавядаць пра тыя ці іншыя факты ў пэўнай паслядоўнасці, аднак і растлумачыць іх паходжанне з даўніны.

Сярэдневяковыя заходнееўрапескія гістарычныя веды мелі даволі складаную структуру і падзеляліся на свяшчэнную і свецкую гісторыю. Гісторыя разглядалася як працэс, прадвызначаны Богам.

У эпоху Адраджэння ў цэнтры гісторыі аказваюцца падзеі і факты.

У эпоху Асветніцтва гісторыкі адмовіліся ад тэалагічнага тлумачэння гісторыі, склаўся погляд на гісторыю як працэс заканамернага развіцця, прызнавалася адзінства лёсу ўсяго чалавецтва.

Навукай гісторыя зрабілася на пачатку ХІХ ст., калі галоўная цікавасць была накіравана на вывучэнне грамадскага жыцця на ўсіх ступенях яго развіцця.

На пачатку ХХ ст. рускі гісторык С. Платонаў казаў, што “Гісторыя з’яўляецца навукай, якая вывучае канкрэтныя факты ва ўмовах (іменно) часу і месца і галоўнай мэтай яе лічыцца сістэмнае адлюстраванне развіцця і змен жыцця асобных гістарычных грамадстваў і ўсяго чалавецтва”. “Савецкі гістарычны слоўнік” дае наступнае тлумачэнне “гісторыя–гэта 1) працэс развіцця прыроды і грамадства; 2) даследаванне мінулага чалавецтва ва ўсёй канкрэтнасці і разнастайнасці”.

Такім чынам, гістарычная навука ў шырокім сэнсе гэта працэс развіцця ў грамадстве.

У вузкім спецыфічным сэнсе гісторыя гэта навука аб заканамернасцях разгортвання ў прасторы і часе сусветна-гістарычнага працэсу і ўзаемадзеянняў этнапалітычных супольнасцей.

Аб’ект пазнання гістарычнай навукі – уся сукупнасць з’яў грамадскага жыцця на працягу ўсёй гісторыі грамадства.

У параўнанні з іншымі грамадска-гуманітарнымі навукамі гісторыя выступае як навука комплексная, інтэгральная.

Прадметам яе пазнання з’яўляецца раскрыццё чалавечай дзейнасці ва ўсёй шматбаковасці, прасторавай і часовай канкрэтнасці.

Асноўнымі функцыямі гістарычнай навукі з’яўляюцца такія сацыяльныя функцыі як

Навукова-пазнавальная дазваляе на канкрэтным прыкладзе гістарычнага шляху развіцця грамадства ад старажытнасці да сучаснасці выяўляе галоўныя тэндэнцыі развіцця гістарычнага працэсу, дае фундаментальныя тэарэтычныя навуковыя веды;


  • Практычна-рэкамендацыйная заключаецца ў тым, што гісторыя ўвогуле выяўляе заканамернасці развіцця грамадства, дапамагае вырашэнню сучасных праблем краіны;

  • Выхаваўчая адыгравае значную ролю ў фарміраванні навуковага светапогляда, патрыятызму.


2. Перыядызацыя гісторыі Беларусі
Гістарычная перыядызацыя – гэта форма колькаснага і якаснага абазначэння гістарычнага развіцця. Перыядызацыі існуюць лінейныя (падзел гісторыі на раўназначныя паслядоўна наступаючымі ступені) і іерархічныя (калі вялікія ступені гісторыі падзяляюцца на меншыя, напрыклад – сярэднявечча на ранняе і поздняе). Так сама існуюць і спецыяльныя перыядызацыі – напрыклад – археалагічная. Аснову любой перыядызацыі складваюць крытэрыі. Крытэрыі могуць быць сацыяльна-эканамічныя, духоўныя, палітычныя і інш. Канчаткова пытанне перыядызацыі гістарычнага развіцця грамадства не вырашана і ў наш час. Існуе некалькі розных канцэпцый перыядызацыі, у падмурак кожнай з якіх пакладзены свой прынцып.

Найбольш ранняя перыядызацыя – гэта так званая канцэпцыя “трох ступеняў”. Распрацавана яна была яшчэ ў старажытныя часы грэчаскімі навукоўцамі. Згодна з іх меркаваннямі, чалавецтва ў сваім развіцці прайшло тры стадыі. Першая стадыя – “залаты век” – характаразавалася прысваеннем гатовых дароў прыроды. Другая стадыя – дзікасць – была звязана са з’яўленнем і распаўсюджваннем такіх форм гаспадарання, як паляванне і жывёлагадоўля. Трэцяя стадыя – цывілізацыя – характаразавалася высокім узроўнем развіцця земляробства і грамадскага жыцця. Пераход ад адной ступені да другой праходзіў паступова. Гэта перыядызацыя з некаторымі змяненнямі і дапрацоўкамі была галоўнай да сярэдзіны XIX стагоддзя.

Першую спробу ўсеагульнай перыядызацыі зрабілі еўрапейскія гуманісты XIV-XVI стагоддзяў, якія эпоху Адраджэння назвалі Новым часам у параўнанні з папярэднім перыядам гісторыі. У канцы XVII стагоддзя канчаткова склалася класічная трохчасткавая схема гісторыі: “Старажытны свет – Сярэднія вякі – Новы час”. Зараз гэтая перыядызацыя дапоўнена перыядам “Найноўшы час”.

У XIX ст. Карл Маркс распрацаваў фармацыйную тэорыю развіцця грамадства на падставе якой была складзена адпаведная перыядызацыя. Былі вылучаны тры фармацыі – пярвічная (архаічная); другасная (эканамічная); трацічная (камуністычная). У падмурак гэтага падзелу на фармацыі быў пакладзены прынцып панавання асноўнага спосабу вытворчасці ці тыпу маёмасці. Так, да другаснай фармацыі даследчык вылучаў азіяцкі, антычны, феадальны і сучасны спосабы вытворчасці. Гэтая канцэпцыя, дапрацаваная У. Леніным і І. Сталіным, была пануючай у гістарычнай навуцы СССР.

У наш час папулярнасць набыла цывілізацыйная канцэпцыя развіцця грамадства, пачатак якой пакладзены ў XIX ст. А. Тойнбі, І. Данілеўскім, О. Шпенглерам. Цывілізацыя – гэта «ўстойлівы, самаўзнаўляльны тып сацыяльнай арганізацыі аднаго ці некалькіх грамадстваў, калі яны звязаны прыкладна аднолькавымі палітычнымі, эканамічнымі, сямейнымі, псіхалагічнымі і прававымі традыцыямі, якія могуць перадавацца ад адных этнасаў да другіх, што з’явіліся на гістарычнай арэне пазней». Згодна з цывілізацыйнай канцэпцыяй існавалі на працягу гісторыі лакальныя цывілізацыі (яны ахоплівалі кароткія гістарычныя цыклы) і сусветныя цывілізацыі (ахоплівалі больш працяглыя гістарычныя цыклы). Гэтыя цывілізацыі аб’ядноўваюць шэраг краін і тэрыторый, яны маюць свае спецыфічныя асаблівасці развіцця, але, змяняючы адна адну, яны захоўвалі паслядоўнасць і пераемнасць развіцця тэрыторый. Гісторыя такім чынам падаецца як адзіная плынь.

Гісторыя Беларусі вывучаецца на падставе розных перыядызацый. Выкарыстоўваюць еўропацэнтрысцкую, простую і ўніверсальную перыядызацыю. Згодна з ёй, гісторыя Беларусі падзяляецца на наступныя перыяды:



  • старажытны (100 тыс. г. да н.э. – V ст. н.э.);

  • сярэднія вякі (VI ст. н.э. – XV ст. н.э.);

  • новы час (XVI ст. – пачатак XX ст.);

  • навейшы час (з 1914 г. па сённяшні дзень).

Існуе так сама дзяржаўніцкі падыход да перыядызацыі, які аформіўся ў пачатку XX стагоддзя ў працах В.Ластоўскага і Ў.Ігнатоўскага. Вылучаліся перыяды беларускай гісторыі – полацкі, літоўска-беларускі, польскі, расійскі і савецкі. А ў сярэдзіне XX стагоддзя зацвердзілася фармацыйная канцэпцыя перыядызацыі, заснаваная на прынцыпах гістарычнага матэрыялізму. Нацыянальныя адметнасці і каштоўнасці рэгіёну гэты падыход не цікавіў.
3. Важнейшыя крыніцы па гісторыі Беларусі
Крыніцы па гісторыі Беларусі вельмі разнастайныя па форме, зместу і дакладнасці інфармацыі. Гісторыкі карыстаюцца некалькімі тыпамі крыніц. Кожны тып, у сваю чаргу, можа падзяляцца на больш дробныя састаўныя часткі.

Археалагічныя крыніцы. Гэты тып крыніц – асноўны для даследчыкаў да з’яўлення крыніц пісьмовых. Аднак і з існаваннем пісьмовых крыніц археалагічныя не страчваюць сваей вагі ў вывучэнні гістарычных падзей да XV-XVII ст. Да археалагічных крыніц адносяць: рэшткі старажытных паселішчаў, стаянак, гарадзішчаў, гарадоў; выкапневыя прылады працы, прадметы побыту, хатняе начыненне, адзенне; горныя выпрацоўкі, гідратэхнічныя збудаванні, палі старажытнага земляробства, дарогі; зброю, абарончыя збудаванні; магільнікі і інш. На ўсёй тэрыторыі Беларусі зарэгістравана каля 6 тысяч буйных археалагічных помнікаў, што ахопліваюць храналагічны перыяд ад часоў першых пасяленцаў (каля 100-40 тыс. гадоў да н.э.) і да XV ст.

Тапанімічныя крыніцы. Тапонімы – гэта назвы геаграфічных аб’ектаў. Яны былі дадзены яшчэ ў самыя старажытныя часы, захоўваючы звесткі пра этнічны склад старажытнага насельніцтва тэрыторыі, найбольш распаўсюджаныя яго заняткі. Так, існаванне падсечна-агнявой (ляднай) сістэмы земляробства знайшло адлюстраванне ў назвах населеных пунктаў Ляды, Чысць. Ад старадаўніх промыслаў і рамёстваў атрымалі назвы пунктаў Рудня, Кавалі, Пушкары. Ў 20-я – 60-я г. XX ст. праводзілася палітыка перайменавання паселішчаў. Шмат весак і гарадоў, што мелі нязвучныя назвы, страцілі іх. Так каля 1000 старадаўніх назваў населеных пунктаў зніклі з карты Беларусі. У выніку каштоўнасць гэтага тыпу крыніц значна знізілася.

Помнікі пісьменнасці. Пісьменнасць ва ўсходніх славян звязана з увядзеннем братамі Кірылам і Мяфодзіем у 863 г. кірылічнай азбукі, якая пакладзена ў аснову алфавітаў сучаснай беларускай, рускай і ўкраінскай моў.

Раннія пісьмовыя крыніцы – гэта «Аповесць мінулых гадоў», Лаўрэнцьеўскі, Іпацьеўскі, Радзівілаўскі летапісы, «Руская праўда», «Слова аб палку Ігаравым» і інш. дакументы. У іх мы знаходзім самыя раннія звесткі пра гарады Полацк, Тураў, Брэст, Мінск, Друцк, аб рассяленні ўсходніх славян на тэрыторыі Беларусі, іх гаспадарчай дзейнасці, грамадскім ладзе. Разам з археалагічнымі крыніцамі яны даюць досыць поўнае ўяўленне аб жыцці і занятках насельніцтва старажытнай Беларусі.

Беларускія летапісы складаліся ў межах Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага ў XIII-XVI стст. на старажытнарускай, старабеларускай і польскай мовах. Ранні этап беларускага летапісу прадстаўлены кароткімі летапіснымі рэдакцыямі. Гэта Супрасльскі, Увараўскі, Познанскі, Нікіфараўскі, Слуцкі, Акадэмічны летапісы. Да падрабязных летапісаў адносяцца «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», а таксама спісы Красінскага, «Летапіс Быхаўца». Яны адлюстроўваюць заканчэнне працэсу этнічнай, палітычнай і эканамічнай кансалідацыі беларускіх земляў, што адбылася да XVI ст. Летапісы канца XVI-пачатку XVII ст. (Баркулабаўскі летапіс, Віцебскі летапіс) аб беларускіх землях гавораць як аб адзіным палітычным і эканамічным рэгіёне.

Гаспадарчыя дакументы XV – першай паловы XIX ст. як крыніцы па гісторыі Беларусі маюць выключную каштоўнасць. Яны прадстаўлены інвентарамі маёнткаў, гарадоў, рэвізіямі дзяржаўных і магнацкіх маёнткаў і г.д. Тут маюцца звесткі аб памерах зямельных угоддзяў, колькасці двароў, занятках насельніцтва, стане рамяства і гандлю і іншых баках дзейнасці насельніцтва.

Матэрыялы цэнтральных і мясцовых органаў дзяржаўнай улады Расійскай імперыі з’яўляюцца крыніцай па вывучэнню палітыкі цэнтральнага ўрада на беларускіх землях і стана развіцця гаспадаркі Беларусі ў XIX – пачатку XX ст.

Мемуарная літаратура і дзённікі ўтрымліваюць вельмі каштоўныя звесткі аб настроях, якія панавалі ў грамадстве ў тыя часы, аб спосабах вядзення гаспадаркі ў кожным канкрэтным маёнтку, якім валодаў аўтар.

Статыстычныя даведнікі выдаваліся ў межах Расійскай імперыі з пачатку XIX ст. Адзін з першых даведнікаў: «Статистическое изображение городов и посадов Российской империи по 1825 год» (1829 г.) утрымліваў дакладныя звесткі аб эканамічным стане беларускіх гарадоў. Друкаваліся спецыялізаваныя даведнікі, яны ахоплівалі розныя сферы гаспадарчага развіцця («Фабрично-заводская промышленность России. Перечень фабрик и заводов» (1897 г.); «Статистика землевладений в 1905 г.» (1906-1907 гг.), а таксама матэрыялы рэвізій конскіх перапісаў і ўсеагульнага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 г.

У савецкі перыяд перш за ўсё выдаваліся статыстычныя даведнікі па выніках кожнай пяцігодкі ці да юбілеяў існавання савецкай улады («Советская Белоруссия», 1921 г.; «Белорусская ССР в цифрах. К 10-летию существования БССР. 1919-1929 гг.», 1929 г.; «Ітогі першай пяцігодкі БССР», 1934 г.; «Белорусская ССР за годы Советской власти», 1967 г.; «Народное хозяйство Белорусской ССР. Юбилейный статистический ежегодник», 1978 г. і г.д.). Да кожнага з іх трэба падыходзіць творча і крытычна.

Перыядычныя выданні – гэта агульная перыёдыка, прадстаўленая грамадска-палітычнымі, культурнымі часопісамі і газетамі «Русский архив» (1863-1917), «Русская старина»


(1870-1918 гг.), «Губернскія ведамасці», “Мінскі лісток”, гарадскія газеты-капейкі, першымі беларускімі газетамі “Наша доля” і “Наша ніва”.

Публікацыя дакументаў па гісторыі Беларусі пачалася ў першай палове XIX ст. Першай такой публікацыяй з’явілася выданне «Белорусского архива древних грамот. 1507-1768 гг.», здзейсненнае Іванам Грыгаровічам у 1824 г. Шматтомныя выданні здзейсніла Пецярбургская археаграфічная камісія, што выдала 5 тамоў «Актов, относящихся к истории России», 1846-1853 гг. і 15 тамоў «Актов, относящихся к истории Южной и Западной России», 1863-1892 гг. Віленская археаграфічная камісія выдала на працягу 1865-1904 гг. 39 тамоў «Актов, издаваемых Виленской Археографической комиссией» і 14 тамоў «Археографического сборника документов, относящихся к истории Северно-Западной Руси». Археаграфічная камісія, што працавала ў Віцебску, у 1871-1906 гг. выдавала «Историко-юридические материалы», усяго 32 выпускі. Такім чынам асноўная частка публікацыі дакументаў была здзейснена ў дарэвалюцыйныя часы.



У савецкі перыяд ў 20-я гг. выдадзен зборнік «1905 год у Беларусі». У 30-я гг. убачылі свет «Матэрыялы да гісторыі мануфактуры Беларусі ў гады распаду феадалізму» (у 2 т.); Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах, IX-XVIII стст.» (Т.1. 1936), «Дакументы і матэрыялы па гісторыі Беларусі, 1772-1903 гг.» (Т.3. 1940). У 50-70-я гг. выдадзены зборнік «Белоруссия в эпоху феодализма» (У 4 т.), «Документы и материалы по истории Белоруссии. 1900-1917 гг.», «Хрестоматия по истории Белоруссии.
С древнейших времен до 1917 г.».

Архіўныя матэрыялы можна разглядаць як асобны тып крыніц. Зараз ў Нацыянальным архіве Беларусі налічваецца 7089 фондаў (па дакументах з XIV да XIX ст. – 3089, па дакументах XX ст. – 4000), у якіх захоўваецца больш за 2 млн. спраў, частка з іх – каштоўныя крыніцы па эканамічнай гісторыі Беларусі.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка