Тэма Уводзіны ў дысцыпліну. Беларускія землі ў перыяд старажытнага грамадства План лекцыі




Дата канвертавання01.05.2016
Памер202.5 Kb.
Тэма 1. Уводзіны ў дысцыпліну. Беларускія землі ў перыяд старажытнага грамадства

План лекцыі:

1. Уводзіны ў дысцыпліну “Інтэграваны модуль “Гісторыя”.

2. Найстаражытнае насельніцтва на тэрыторыі беларускіх зямель (каменны, бронзавы і ранні жалезны вякі).

3. Балты і славяне ў VІ – VІІІ стст.

4. Усходнеславянскія саюзы плямён (крывічы-палачане, дрыгавічы, радзімічы).

5. Фарміраванне беларускага этнасу.




  1. Уводзіны ў дысцыпліну “Інтэграваны модуль “Гісторыя”.


Прадмет і задачы гісторыі.

Слова «гісторыя» паходзіць са старажытнагрэцкай мовы, дзе яно азначала «аповяд», «апавяданне пра тое, што атрымалася пазнаць», «даследаванне». У наш час тэрмін «гісторыя» мае некалькі значэнняў. З аднаго боку, гісторыяй называюць усякі працэс развіцця ў прыродзе і грамадстве. У гэтым сэнсе можна казаць пра гісторыю самых розных аб'ектаў і з'яў (напрыклад, гісторыі галактыкі, гісторыі раслін, гісторыі мовы і г.д.). З іншага боку, паняццем «гісторыя» пазначаюць мінулае, якое захоўваецца ў памяці людзей, а таксама любы аповяд пра гэта мінулае. У падобных значэннях паняцце «гісторыя» ўжываецца і ў гутарковай гаворцы – як сінонім слоў «мінулае», «здарэнне», «выпадак» і г. д.

У рамках дадзенага курсу тэрмін «гісторыя» выкарыстоўваецца ў першую чаргу для пазначэння адной з гуманітарных дысцыплін. Гісторыя ў дадзеным выпадку - адмысловая навука (ці комплекс навук), якая займаецца вывучэннем мінулага чалавечага грамадства ва ўсёй яго шматстатнасці.

Гісторыя, як форма чалавечых ведаў аб мінулым, узнікла яшчэ ў старажытным свеце. Карані яе сыходзяць у фальклор і міфалогію, у найстаражытныя сакральныя тэксты Ўсходу. Родапачынальнікам гісторыі прынята лічыць старажытнагрэцкага пісьменніка Герадота (V ст. да н. э.), які напісаў працу «Гісторыя» пра падзеі грэка-персідскіх войн.

Станаўленне беларускай гістарычнай навукі звязана з развіццём навуковых ведаў пра Беларусь і беларускі народ (беларусазнаўствам), якое зараджаецца ў канцы ХVІІІ – пачатку ХІХ ст. Беларусь у навуковых адносінах да гэтага часу заставалася амаль зусім не вывучаным рэгіёнам. Негатыўным фактарам з’яўлялася панаванне ў XIX ст. дзвюх канцэпцыяў адносна гісторыі беларускіх зямель – вялікапольскай і вялікарускай, якія адмаўлялі сам факт існавання беларускага этнасу, прызнавалі Беларусь часткай Польшчы або Расіі, а беларусаў – галіной адпаведна польскага або рускага народаў. У другой палове ХІХ ст. пачынаецца працэс станаўлення беларускай нацыі, фарміруецца нацыянальная самасвядомасць беларусаў. Гэтыя працэсы абумовілі зараджэнне і развііццё нацыянальнай гістарычнай навукі Беларусі. З іншага боку, гістарычныя даследаванні сталі важным фактарам, які пазітыўна ўплываў на фарміраванне беларускай нацыянальнай самасвядомасці. Наяўнасць сваёй нацыянальнай гістарычнай навукі, якая адлюстроўвае гістарычную памяць народа з’яўляецца апорай нацыянальнай самасвядомасці кожнага народа.

Прадметам гістарычнай навукі можна назваць усе праявы жыцця чалавецтва, пачынаючы з зараджэння чалавечага грамадства і да цяперашняга часу. Адпаведна, галоўнымі задачамі гісторыі можна лічыць:

– спазнанне мінулага чалавецтва, што неабходна для разумення сучаснага стану чалавечага грамадства; і прадбачання яго развіцця ў будучыні;

– фарміраванне ў людзей на аснове гістарычных матэрыялаў патрыятызму, інтэрнацыяналізму, маральнасці і г. д.

Без гісторыі нацыя не можа быць жыццястойкай, не можа мець будучага. Вывучэнне гісторыі закладвае аснову для абуджэння гістарычнай памяці і нацыянальнай свядомасці, засцярагае ад паўтарэння памылак мінулага. Вывучэнне нацыянальнай гісторыі будзе спрыяць выхаванню чалавека-грамадзяніна, патрыёта Беларусі, добрага гаспадара на сваёй зямлі, які адчувае духоўную сувязь з пакаленнямі продкаў, а значыць, – і адказнасць за працяг іх спраў, за будучыню сваёй краіны.

Фармацыйны і цывілізацыйны падыходы.

Існуе два асноўных падыходу да вывучэння гісторыі - фармацыйны і цывілізацыйны.



Фармацыйны падыход быў распрацаваны ў XIX ст. К. Марксам і Ф. Энгельсам. Сэнс яго складаецца ў заканамернай змене грамадска-эканамічных фармацый – гістарычна вызначаных тыпаў грамадства. Яны вылучалі наступныя фармацыі:

- першабытнаабшчынную;

- рабаўладальніцкую;

- феадальную;

- капіталістычную;

- камуністычную;

Пераход ад адной да другой фармацыі, паводле К. Маркса, ажыццяўляецца ў выніку сацыяльных рэвалюцый. Эканамічнай асновай сацыяльнай рэвалюцыі з'яўляецца канфлікт паміж прадукцыйнымі сіламі грамадства, якія выйшлі на новы ўзровень і набылі новы характар, і састарэлай, кансерватыўнай сістэмай вытворчых адносін.

Рэвалюцыя прыводзіць да змены пануючага класа. Класс-пераможца ажыццяўляе пераўтварэнні ва ўсіх сферах грамадскага жыцця і такім чынам ствараюцца перадумовы для фармавання новай сістэмы сацыяльна-эканамічных, прававых і іншых грамадскіх адносін, новай свядомасці і г. д. Так утвараецца новая фармацыя. У сувязі з гэтым у марксісцкай канцэпцыі гісторыі значная роля надавалася класавай барацьбе і рэвалюцыям. Класавая барацьба аб'яўлялася найважнейшай рухаючай сілай гісторыі, а рэвалюцыі К. Маркс зваў «лакаматывамі гісторыі».

Моцны бок гэтай канцэпцыі заключаецца ў тым, што на аснове вызначаных крытэрыяў яна стварае выразную мадэль усяго гістарычнага развіцця. Гісторыя чалавецтва паўстае як аб'ектыўны, заканамерны, паступальны працэс.

Недахопамі фармацыйнага падыходу можна лічыць тое, што шматлікія працэсы культурнага, духоўнага жыцця разглядаюцца спрошчана, мала ўвагі надаецца ролі асобы ў гісторыі, чалавечаму фактару, а таксама тое, што быў абсалютызаваны пераход ад адной фармацыі да іншай (некаторыя народы не праходзілі ўсе фармацыі і не заўсёды змены адбываюцца праз рэвалюцыі).



Цывілізацыйны падыход грунтуецца на тэзісе аб тым, што ўзнікалі і знікалі цывілізацыі, якія развіваліся па сваіх законах, узаемадзейнічалі адна з адной.

Любая цывілізацыя характарызуецца спецыфічнымі як грамадска-эканамічным тэхналогіяй, так і культурай. Ёй уласцівыя пэўная філасофія, спецыфічны лад жыцця, маральныя каштоўнасці і г. д. Усё гэта аб'ядноўвае людзей у дадзенай цывілізацыі, забяспечвае адзінства на працяглы перыяд гісторыі.

Найбольш яркімі прыхільнікамі гэтай метадалогіі з'яўляюцца М. Вэбер, А. Тойнбі, О. Шпэнглер.

У навуцы адзіныя крытэры, па якіх выдзяляюцца цывілізацыі не вызначана. У сувязі з гэтым іх колькасць адрозніваецца ў розных аўтараў.

Недахопамі цывілізацыйнага падыходу з'яўляецца тое, што ён не дазваляе глядзець на гісторыю, як на цэласны, заканамерны працэс. Ужываючы цывілізацыйны падыход цяжка вывучаць заканамернасці гістарычнага развіцця.

Змест курса “Гісторыя Беларусі”

Курс разлічаны на 34 гадзіны, з якіх 18 гадзін – лекцыі, 16 – семінарскія заняткі.

Мы будзем разглядаць пытанні сацыяльна-эканамічнага, палітычнага характару, праблемы дзяржаўнасці, этнагенезу, культуры Беларусі як суб’екта гісторыі, разумеючы айчынную гісторыю як арганічную частку еўрапейскай і сусветнай. Мы зробім намаганні пазнаць непаўторнасць, арыгінальнасць пройдзенага народам шляху, яго матэрыяльнай і духоўнай культуры, усвядоміць яе нацыянальную адметнасць і каштоўнасць у суквецці славянскай, еўрапейскай і сусветнай культуры.

Крыніцы вывучэння гісторыі Беларусі.

Гісторыя Беларусі вывучаецца на падставе даных разнастайных гістарычных крыніц, якія падзяляюцца на 6 асноўных груп:

- археалагічныя,

- этнаграфічныя,

- лінгвістычныя,

- вусныя,

- пісьмовыя,

- кіна-фота-фона.



Археалагічныя. Гэты тып крыніц – асноўны для даследчыкаў да з’яўлення крыніц пісьмовых. Аднак і з існаваннем пісьмовых крыніц археалагічныя не страчваюць сваей вагі ў вывучэнні гістарычных падзей да XV-XVII ст. Да археалагічных крыніц адносяць: рэшткі старажытных паселішчаў, стаянак, гарадзішчаў, гарадоў; выкапневыя прылады працы, прадметы побыту, хатняе начыненне, адзенне; горныя выпрацоўкі, гідратэхнічныя збудаванні, палі старажытнага земляробства, дарогі; зброю, абарончыя збудаванні; магільнікі і інш. На ўсёй тэрыторыі Беларусі зарэгістравана каля 6 тысяч буйных археалагічных помнікаў, што ахопліваюць храналагічны перыяд ад часоў першых пасяленцаў (каля 100-40 тыс. гадоў да н.э.) і да XV ст.

Этнаграфічныя. Абрады, прадметы побыта, адзенне людзей у мінулым – усё гэта дазваляе нам бліжэй пазнаёміцца з жыццём, гаспадарчай дзейнасцю, культурай нашых продкаў.

Лінгвістычныя. Да іх адносяцца назвы і імёны прыродных, геаграфічных аб’ектаў, раслін жывёл, людзей, этнасаў, дзяржаў і г. д. Асаблівую каштоўнасць дадзеныя крыніцы набываюць пры вывучэнні гістарычных перыядаў, калі яшчэ не было пісьменнасці.

Пісьмовыя. Асабліва важнае значэнне маюць пісьмовыя крыніцы (заканадаўчыя акты, матэрыялы справаводства, статыстычныя матэрыялы, летапісы і хронікі, мемуарная літаратура, літаратурныя і публіцыстычныя творы, матэрыялы перыядычнага друку і інш.).

Вусныя. Утрымліваюць інфармацыю ў выглядзе вуснай традыцыі, якая перадаецца ад пакалення да пакалення з вуснаў у вусны і захоўваецца ў памяці народа (песні, казкі, паданні). Таксама да гэтай групы крыніц адносяцца вусныя расказы сведак тых ці іншых гістарычных падзей.

Кіна-фота-фона-аудыёдакументы. Яны даносяць да нас воблік, галасы непасрэдных удзельнікаў падзей, творцаў гісторыі, адлюстроўваюць імгненні гэтай гісторыі.

Перыядызацыя гісторыі Беларусі.

Перыядызацыя гісторыі – сістэматызацыя, якая заключаецца ва ўмоўным дзяленні гістарычнага працэсу на пэўныя храналагічныя перыяды. Гэтыя перыяды маюць тыя ці іншыя адметныя асаблівасці, якія вызначаюцца ў залежнасці ад абранага крытэрыя перыядызацыі. Для перыядызацыі могуць абірацца самыя розныя падставы (змена тыпу мыслення; спосабаў камунікацыі; экалагічныя змены; трансфармацыі сацыяльна-эканамічных адносінн (марксісцкая тэорыя фармацый), асноўных сфер вытворчасці (тэорыя індустрыяльнага і постіндустрыяльнага грамадства; і г. д.).

Пры вывучэнні дадзенага курса мы возьмем перыядызацыю, у падмурак якой пакладзены рысы этнічнага развіцця беларускага народа і дзяржаўнасці нашых зямель:


  1. Старажытнае грамадства (100 тыс. г. да н. э. – V ст. н. э.)

  2. Полацкі перыяд (ранняе сярэднявечча) VІ – пач. ХІІІ ст., калі на нашых землях з’яўляюцца племянныя саюзы (крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў), а потым узнікаюць і развіваюцца дзяржавы-княствы (Полацкае, Тураўскае і інш.).

  3. Утварэнне і росквіт ВКЛ (п. п. ХІІІ – др. п. ХVІст.).

  4. Беларускія землі ў складзе Рэчы Паспалітай (1569 - кан. ХVІІІ ст.)

  5. Беларускія землі ў складзе Расійскай Імперыі (кан. ХVІІІ – пач. ХХ ст.).

  6. Беларусь у перыяд савецкай эканамічнай і грамадска-палітычнай сістэмы (1917 – 1991 гг.).

  7. Суверэнная Беларусь на сучасным этапе (1991 – па сённяшні дзень).


2. Найстаражытнае насельніцтва на тэрыторыі беларускіх зямель (каменны, бронзавы і ранні жалезны вякі).

Перыяд старажытнага грамадства на тэрыторыі Беларусі падзяляецца на тры эпохі:

– каменны век (100–40 тыс. гг. таму – III тыс. да н. э.);

– бронзавы век (ІІ тыс. да н. э. – VIIІ ст. да н. э.);

– жалезны век (VII ст. да н. э. – VIII ст. н. э.).

Каменны век. Гісторыя любой краіны пачынаецца са з′яўлення на яе тэрыторыі людзей. У навуковай літаратуры маецца некалькі пунктаў гледжання наконт часу з'яўлення чалавека на сучаснай беларускай тэрыторыі.

Як мяркуць некаторыя вучоныя, першымі людзьмі, якія праніклі на тэрыторыю паўднёвай і паўднёва-ўсходняй Беларусі, былі неандэртальцы.

Неандэртальцы (назва паходзіць ад ракі Неандэр у Германіі) ростам былі 155–165 см. Абліччам прысадзістыя, моцнага целаскладу. Галава мела пакаты лоб, выступаючыя надвочныя валікі і скошаны падбародак. Для іх было характэрна фарміраванне абстрактнага мыслення, зараджэнне мастацтва мастацтва і грамадскай свядомасці. Жылі першабытным статкам ці эндагамнай праабшчынай.

Па меркаванні некаторых гісторыкаў, менавіта неандэртальцы былі першымі людзьмі на тэрыторыі Беларусі. З’явіліся яны тут прыкладна 100–40 тыс. гадоў назад. Каля вёсак Бердыж Чачэрскага, Абідавічы Быхаўскага, пас. Свяцілавічы Веткаўскага раёнаў былі знойдзены некалькі крамянёвых вырабаў архаічнага выгляду, якія тэарэтычна маглі належыць неандэртальцам. Аднак, на жаль, уладальнікаў знойдзенных прылад і саміх паселішчаў пакуль не выяўлена. Знаходкі не маюць выразнай геалагічнай прывязкі і спадарожнай арганікі, што не дазваляе іх дакладна даціраваць. Вось чаму нельга сцвярджаць, але можна толькі меркаваць, што неандэртальцы былі першымі жыхарамі Беларусі.

Непасрэдныя продкі людзей сучаснага выгляду – краманьёнцы (назва паходзіць ад пячоры Кро-Маньён у Францыі). Па найбольш абгрунтаванай версіі, сучасны выгляд чалавека сфармаваўся ў Афрыцы паміж 200-160-100 і 45 тысячамі гадоў назад. Паміж 80 і 45 тысячамі гадоў назад абмежаваная колькасць людзей выйшла з Усходняй Афрыкі, патомкі якіх сталі рассяляцца спачатку па паўднёвых берагах Еўразіі – аж да Аўстраліі, – а пасля на поўнач, у вобласці, заселеныя неандэртальцамі, пра магчымы лёс якіх сказана вышэй.

У Беларусі адкрыты два краманьёнскія помніка на Гомельшчыне: паляўнічы лагер у вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёна і паселішча-стаянка ля вёскі Бердыж Чачэрскага раёна. Іх ўзрост складае 26 і 23 тыс. гг. Тут выяўлены рэшткі маманта, першабытнага быка і інш жывёл, на якіх палявалі старажытныя людзі. Знойдзена больш сотні крамянёў з прыкметамі апрацоўкі.

Першыя сучасныя людзі стварылі за 100 відаў прылад працы, авалодалі скульптурай, графікай, жывапісам, танцам, музыкай. Сярод найбольш вядомых прадметаў мастацтва вылучаюцца жаночыя статуэткі, так званыя старажытныя Венеры.

У мастацтве краманьёнцаў знайшлі адлюстраванне першыя формы рэлігіі: 1) анімізм – вера ў існаванне духаў і душы; 2) фетышызм – вера ў цудадзейную сілу асобных матэрыяльных прадметаў; 3) татэмізм – вера ў звышнатуральнае сваяцтва людзей і канкрэтнай жывёлы або расліны.

З высокімі інтэлектуальнымі здольнасцямі краманьёнцаў звязана асэнсаванне кроўнага сваяцтва, якое стала асновай грамадскай арганізацыі. Спачатку сваяцтва вызначалась па мацярынскай лініі. Узнік матрыархат. Сфарміравалася парная сям’я. Сваяцкія па лініі маці сем’і складалі экзагамны род (родавую абшчыну). Усе члены рода валодалі роўнымі правамі.

Каля 18 тысячагоддзяў назад ледавік дасягнуў раёнаў сучасных Гродна, Оршы. Узмацненне халадоў заставіла людзей пакінуць Беларусь. Але праз тры тысячагоддзі пацяплела. Умовы сталі спрыяльнымі для існавання чалавека. 14–10 тыс. назад зноў адбылося засяленне Беларусі.

10 тысячагоддзяў таму завяршылась ледавіковая эпоха. Клімат, раслінны і жывёльны свет набывалі сучасны выгляд. Беларусь усё гусцей пакрывалася лесам. У ім валадарылі высакародныя алені, ласі, дзікі, туры, мядзведзі і іншыя лясныя звяры. Адступаючы ледавік стварыў густую сетку азёр, рэк, балот – прыстанішча разнастайных відаў рыб, вадаплаваючых птушак і жывёл. Значна павялічылася колькасць птушак.

Стабілізацыя новага асяроддзя спыніла сезонныя міграцыі насельніцтва. Па распаўсюджанню агульных элементаў матэрыяльнай і духоўнай культуры археолагі вызначаюць з’яўленне плямён – устойлівых аб’яднанняў некалькіх родаў, звязаных кроўнымі сувязямі.

Да канца каменнага веку людзі вынайшлі ўкладышавую тэхніку вырабу прылад працы (нажы, сякеры). Шырока выкарыстоўвалі лук і стрэлы, вуды з касцянымі кручкамі, разнастайныя пасткі. Вядомы знаходкі першых выдзеўбаных з камля дрэва чаўноў. Была вынайдзена кераміка.

Вызначыць этнічную прыналежнасць старажытных людзей Беларусі перыяду каменнага веку няма магчымасці. Мовы гэтага насельніцтва невядомы. Сляды іх не знойдзены. Разам з тым даныя археалогіі і гістарычнага мовазнаўства, у прыватнасці гідраніміі (старажытных назваў рэк, азёр), даюць магчымасць вызначыць этнічную прыналежнасць некаторых груп мясцовага насельніцтва ў канцы каменнага веку. Прыкладна ў III тыс. да н.э. у Падзвінні і Падняпроўі з'явілася фіна-угорскае насельніцтва, а на-крайнім паўднёвым заха-дзе Папрыпяцця – невялікія групы індаеўрапейскага насельніцтва.



Бронзавы век Беларусі датуецца 2 тыс. – VIII ст. да н. э. Яго пачатак звязваюць з прыходам індаеўрапейскіх народаў. Прарадзімай індаеўрапейцаў, згодна найбольш абгрунтаванай канцэпцыі, з’ўляецца паўночнае прычарнамор’е. Адсюль на рубяжы 4–3 тыс. да н. э. пачалося Вялікае перасяленне старажытных індаеўрапейцаў. Яны сталі асновай фарміравання славянскіх, балцкіх і германскіх народаў.

З рассяленнем індаеўрапейцаў змянілася гаспадарка. Пачалося выкарыстанне медзі і бронзы для вырабу прылад працы. Нашы першыя металы пераважна прыкарпацкага і каўказкага паходжання, таму іх нешмат. Дамінавалі вырабы з костак і каменя.

Вядучае становішча ў гаспадарцы занялі жывёлагадоўля і лядна-агнявое (падсечна-агнявое, падсечнае, ляднае) земляробства. Сваю назву земляробства атрымала ад спосабу падрыхтоўкі поля для пасеву. На выбранай дзялянцы леса (лядзе) высякалі дрэвы. Карчавалі і палілі пні. У выніку верхні слой глебы станавіўся больш рыхлым, а попел угноўваў яго. Зерне сеялі і загортвалі ў зямлю бараною-сукаваткай (вярхушка дрэва з сукамі). Збожжа жалі крамянёвымі сярпамі. Праціралі на ручных каменных зерняцёрках.

Духоўнае жыццё насельніцтва Беларусі бронзавага веку ўзбагацілася новымі індаеўрапейскімі светапогляднымі традыцыямі. На першы план выйшлі культ Сонца і агню. Пра гэта сведчыць абрад спальвання нябожчыкаў, абпальвання месца яго пахавання, над якім узводзіўся курган. Арнамент глінянага посуду набыў магічныя фігуры нябесных свяціл, агню, плоднасці.



Жалезны век на Беларусі ахоплівае перыяд з VII ст. да н.э. па VIII ст. н. э. Найперш ён характарызуецца з’яўленнем металургіі жалеза з балотнай і лугавой руды. Гэта сыравіна шырока распаўсюджана. Яе перапрацоўка не ўяўляла складанасці. Вось чаму жалезныя вырабы хутка і амаль цалкам выцеснілі каменныя. Жалезныя прылады дазволілі рэзка павысіць вытворчасць працы. Распаўсюдзілась ворыўнае земляробства з выкарыстаннем драўлянага рала (плуга). З часам з’явіліся металічныя наральнікі. У жывёлагадоўлі перавагу аддавалі рабочай жывёле – валу, быку, коням. Іх выкарыстоўвалі ў якасці цяглавай сілы пры апрацоўцы зямлі. З дапамогай жалезных інструментаў удасканальваліся рамёслы.

У духоўным жыцці насельніцтва жалезнага веку фарміруецца пантэон Багоў. З’явіліся свяцілішча – культавыя збудаванні для ўшанавання звышнатуральных апекуноў чалавечага жыцця. Яны былі чатырохвугольныя ці круглыя ў плане. Мелі падмазаную глінай падлогу, гліняныя агнішчы-ахвярнікі.


3. Балты і славяне ў VІ – VІІІ стст.

З VI стагоддзя ў Еўропе разгортваецца Вялікае перасяленне народаў, падчас якога славяне раздзяліліся на тры группы: паўднёвых (балгары, македонцы, сербы, славенцы, харваты, чернагорцы), заходніх (палякі, славакі, чэхі) і ўсходніх (беларусы, рускія, украінцы). Прыкладна ў гэты час славянскія плямёны пачынаюць актыўна засяляць сучасную тэрыторыю Беларусі, асімілюючы тут балтскае насельніцтва.

Рухаючыся па рэках, славяне сяліліся побач з балтамі, нярэдка падпарадкоўваючы і займаючы іх гарадзішчы. Яны пераўзыходзілі балтаў па ўзроўні сацыяльнай арганізацыі, мелі болыш развітую гаспадарку: займаліся ворыўным земляробствам, ведалі двухполле, карысталіся ралам з жалезным наканечнікам і г. д.

Да канца ІХ ст. славяне засялілі практычна ўсю тэрыторыі Белусі, за выняткам часткі Панямоння, дзе гэта адбылося на стагоддзе пазней.

Грамадскі лад тагачасных славян характарызуецца як ваенная дэмакратыя – арганізацыі ўлады на стадыі пераходу ад першабытна-абшчыннага ладу да дзяржавы. Паўнапраўнымі членамі грамадства лічыліся сталыя і здаровыя мужчыны. Яны павінны былі з'яўляцца са зброяй на народны сход, на якім вырашаліся рознага роду пытанні (выбары правадыра, аб пачатку ваенных паходаў і г. д.).
4. Усходнеславянскія саюзы плямён (крывічы-палачане, дрыгавічы, радзімічы).

У VIII–IX ст. усходнія славяне стварылі шэраг тэрытарыяльна-палітычных аб’яднанняў – племянных саюзаў, протадзяржаў. Першы ўсходнеславянскі летапіс «Аповесць мінулых гадоў» азначае іх паняццем «княжанні».

У Беларусі сфарміравалісь славянскія княжанні дрыгавічоў, крывічоў-палачан, радзімічаў, на аснове якіх утварыўся беларускі этнас.

Дрыгавічы займалі тэрыторыю ад Папрыпяцця да вярхоўяў Нёмана. Сваю назву, па адным з меркаванняў, атрымалі ад балоцістай мясцовасці пражывання – дрыгвы. Па іншай версіі, найменне «дрыгавічы» утварылася ад асабовага імя Драг ці Драгавіт. Летапіс падкрэслівае паходжанне дрыгавічоў ад старажытных славян, якія прыйшлі з Падунаўя, належылі да ўсходнеславянскай моўнай групы, жылі ў міры з іншымі славянскімі народамі.

Крывічы-палачане ўваходзілі ў вялікае аб’ядненне разам з крывічамі смаленскімі і пскоўскімі (паводле назваў іх галоўных гарадоў). Назва «крывічы» тлумачыцца па-рознаму: ад прозвішча легендарнага родапачынальніка ці правіцеля Крыў (Крыва) ці язычніцкага першасвяшчэнніка Крыва-Крывейта, ад слова «крэўныя» (блізкія па крыві, у сэнсе параднёныя), ад узгоркавай мясцовасці пражывання – крывізны.

Радзімічы, згодна «Аповесці мінулых гадоў», прышлі з ляшскіх (польскіх) зямель. Рассяліліся ў Пасожжы. Назву атрымалі ад імя свайго правіцеля Радзіма. Летапіс расказвае, што жылі радзімічы ў лясах быццам дзікуны. Спажывалі брудную ежу. Брыдкасловілі перад бацькамі і нявесткамі. Збіраліся на ігрышча, дзе танцавалі і спявалі. Тут выкрадалі сабе жонак, якіх мелі па 2–3. З суседзямі падтрымлівалі мірныя адносіны.
5. Фарміраванне беларускага этнасу.
Беларускі этнас – гэта ўстойлівая супольнасць людзей, якая гістарычна склалася на тэрыторыі сучаснай Беларусі, суседніх усходніх і паўночных землях і характарызуецца асаблівасцямі мовы, побыту, культуры, рысаў псіхікі і самасвядомасці, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Працэс фарміравання беларускага этнасу з'яўляецца доўгім па часе, складаным і шматгранным. Існуюць розныя погляды і адказы на пытанне аб вытоках, каранях, продках беларусаў.

Узнікла шмат канцэпцый, якія маюць як навуковы, так і ненавуковы характар, палітычную афарбоўку, часта ўзаемавыключаюць адна другую.

Так, яшчэ ў XIX ст. з'явіліся польская і велікаруская канцэпцыі, якія адмаўлялі існаванне самастойнага беларускага этнасу на той падставе, што ў насельніцтва Беларусі быццам не было самастойнай славянскай мовы. Прыхільнікі польскай канцэпцыі лічылі беларускую мову дыялектам польскай мовы, а беларусаў   часткай польскага этнасу. Творцы вялікарускай канцэпцыі сцвярджалі, што Беларусь   частка велікарускай этнічнай тэрыторыі, а беларуская мова   дыялект рускай мовы.

Памылковасць гэтых канцэпцый даказана. У пачатку XX ст. выдатны славіст Я. Карскі ў фундаментальнай працы «Беларусы» пераканаўча даказаў, што беларуская мова з'яўляецца самастойнай славянскай мовай, якая паводле свайго лексічнага складу, сінтаксісу, фанетыкі і марфалогіі ўваходзіць у групу ўсходнеславянскіх моў нароўні з велікарускай і ўкраінскай.

В. Ластоўскім была прапанавана крывіцкая канцэпцыя. Яна грунтавалася на сцвярджэнні, што адзінымі і непасрэднымі продкамі беларусаў з'яўляюцца крывічы. Аўтары названай канцэпцыі атаясамлівалі беларусаў і крывічоў і нават уносілі прапанову называць беларусаў крывічамі, а Беларусь — Крывіяй. Памылковасць гэтай канцэпцыі заключаецца ў тым, што крывічы займалі толькі паўночную і цэнтральную частку тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Аўтары крывіцка-дрыгавіцка-радзіміцкай канцэпцыі (Я. Карскі, У. Пічэта, М. Грынблат, М. Доўнар-Запольскі) асноўнымі продкамі беларусаў лічылі этнічныя супольнасці крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. Асноўная іх аргументацыя грунтуецца на вывучэнні распаўсюджвання традыцыйных земляробчых прылад і асаблівасцей гаворак у розных рэгіёнах Беларусі. Але і гэтая канцэпцыя мае спрэчныя моманты. Тыя элементы культуры і мовы беларусаў, якія лічацца састаўнымі элементамі культуры і мовы дрыгавічоў ці крывічоў, узніклі пазней, чым існавалі крывічы, дрыгавічы і радзімічы (не раней XII ст.), і займалі больш шырокія арэалы, чым тэрыторыі дрыгавічоў, крывічоў і радзімічаў.

Згодна з фінскай канцэпцыяй (яе аўтар I. Ласкоў), продкамі беларускага народа былі славяне і фіны. У якасці доказу ён спасылаецца на тое, што некаторыя назвы беларускіх рэчак (напрыклад, Дзвіна) фінскага паходжання. Але гэты факт не з'яўляецца аргументам фінскага субстрату ў беларускім этнагенезе. Ён сведчыць толькі аб тым, што ў Падзвінні, Панямонні калісьці жыло фінамоўнае насельніцтва. Гэта было ў глыбокай старажытнасці, у каменным веку. Яно было асімілявана балтамі яшчэ да рассялення славянаў на тэрыторыі Беларусі.

Паводле балцкай канцэпцыі (Г. Штыхаў, В. Сядоў) продкамі беларусаў былі славяне і старажытныя балты. Беларускі этнас, на іх думку, сфарміраваўся ў выніку змяшэння прышлых славян і мясцовых батаў. Пры гэтым у этнагенезе беларусаў балты адыгралі ролю субстрата (асновы). Прыхільнікі балцкай канцэпцыі сцвярджаюць, што на старажытных балтаў, як продкаў беларусаў, указваюць некаторыя элементы традыцыйнай беларускай культуры і мовы (культ вужа, жаночы галаўны ўбор намітка, цвёрды «р» і інш.). Аргументам гэтай канцэпцыі лічацца таксама назвы беларускіх рзчак (Сож, Рэста, Клёва, Арэса і інш.). Мяркуюць, што яны балцкага паходжання.

У 50-я гады XX ст. савецкі этнограф С. Токараў прапанаваў так званую старажытнарускую канцэпцыю. На яго думку, у канцы IX   пачатку X ст. узмацніліся працэсы нівеліроўкі этнакультурных асаблівасцей усходніх славян. Гэта было абмоўлена эканамічнай, палітычнай, культурнай і канфесійнай інтэграцыяй. Пачала фарміравацца агульная тэрыторыя ўсходніх славян. Цэнтрам збірання ўсходніх славян было Сярэдняе Падняпроўе, дзе знаходзіўся г. Кіеў, які стаў сталіцай новай дзяржавы - Кіеўскай Русі. У выніку змешвання розных супольнасцей (крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, драўлян, палян, вяцічаў і іншых) у Сярэднім Падняпроўі ў IX- X стст. сфарміравалася новая, усходнеславянская этнічная супольнасць   старажытнаруская народнасць. Згодна з гэтай канцэпцыяй, у Старажытнарускай дзяржаве існавала адзіная культура і мова. Затым у выніку палітычнага раз'яднання, распаду Кіеўскай Русі раз'ядналася і старажытнаруская народнасць. У выніку ўтварыліся тры роднасныя народы: рускі, беларускі і ўкраінскі.

Аднак у гэтай канцэпцьй з'явілася шмат апанентаў (Г. Штыхаў, М. Ермаловіч, М. Ткачоў і інш.). Яны поўнасцю адмаўляюць сам факт існавання старажытнарускай народнасці і фарміравання на яе аснове беларусаў, украінцаў і рускіх. Згодна з канцэпцыяй М. Ермаловіча, ніякай стражытнарускай народнасці не існавала. А калі гэта так, дык і не магло быць ніякага падзелу неіснуючай агульнарускай народнасці на тры галіны - рускую, украінскую і беларускую. Гэтая выснова робіцца на той падставе, што Кіеўская Русь, куды ўваходзілі ўсходнеславянскія землі, не з'яўлялася такой дзяржавай, як яе апісваюць у нашай гістарычнай і вучэбнай літаратуры. Яна, на думку Ермаловіча, зусім не з'яўлялася збіральнікам славянскіх народаў. Гэта дзяржава была штучным і таму нетрывалым ваенна-адміністрацыйным аб'яднаннем. У ёй паспешліва і насуперак волі і інтарэсам народаў аб'ядноўваліся племянныя землі, і таму яна не мела агульнай эканамічнай базы. Галоўная мэта дзяржавы — здзяйсняць ваенныя паходы на Візантыю. Для гэтага і збіралася з заваяваных тэрыторый шматлікае і рознапляменнае войска. А калі гэта так, дык, піша Ермаловіч, становіцца праблематычным узнікненне старажытнарускай народнасці ў такой дзяржаве, як Кіеўская Русь. Аб неіснаванні старажытнарускай народнасці сведчыць і той факт, што Кіеўская дзяржава ў XII ст. распалася на часткі, якія адпавядалі першапачатковым племянным тэрыторыям.

У сувязі з такімі развагамі ўзнікае і яшчэ адно пытанне: калі не было агульнарускай народнасці, як тады адбылося фарміраванне беларускага, рускага і ўкраінскага этнасаў, а потым і адпаведных народнасцей? Ермаловіч мяркуе, што справа ўся ў тым, на якой тэрыторыі пасяліліся славянскія плямёны і з якім карэнным насельніцтвам (субстратам) адбылося змяшэнне. Так, рускі этнас фарміраваўся на аснове фіна-угорскага субстрату, украінскі — цюркскага, беларускі — балцкага.

На пачатку 90-х гадоў XX ст. яшчэ адну канцэпцыю ўзнікнення беларускага этнасу прапанаваў беларускі гісторык і этнолаг М.Ф. Піліпенка. Ён па-новаму падышоў да пытання аб продках беларусаў. Ён лічыць, што ў выніку шырокага рассялення славян і змешвання іх з усходнімі балтамі ўтварыліся не беларусы, а першапачатковыя ўсходнеславянскія этнічныя супольнасці крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. Гэта адбылося ў IX - X стст. Затым у канцы X - пачатку XI ст. разам з іншымі ўсходнеславянскімі супольнасцямі крывічы, дрыгавічы і радзімічы кансалідаваліся ў новую агульнаславянскую этнічную супольнасць. Для яе былі характэрны агульнаўсходнеславянская мова, агульныя матэрыяльная і духоўная культуры. З трансфармацыяй гэтых першапачатковых этнічных славянскіх супольнасцей у агульнаславянскую старажытную супольнасць іх тэрыторыі сталі агульнай этнічнай тэрыторыяй, якая атрымала назву Русь. Менавіта з гэтага часу ў дачыненні да тэрыторыі Беларусі, як і да суседніх усходнеславянскіх зямель, пачала ўжывацца назва Русь, а насельніцтва стала называцца русамі, русічамі, русінамі, рускімі.

З цягам часу, адзначае М. Піліпенка, на шырокай тэрыторыі, размешчанай паміж Прыпяццю на поўдні і Заходняй Дзвіной на поўначы, Нёманам на захадзе і Дняпром на ўсходзе, да сярэдзіны XVI ст. сфарміраваліся новы комплекс культуры і звязаная з ім сістэма мовы. Усё гэта сведчыла аб з'яўленні новай, усходнеславянскай этнічнай тэрыторыі, якая атрымала з таго часу сваю назву Белая Русь. Аб'яднанне беларускіх земляў у складзе ВКЛ, падначаленне адзінай вярхоўнай уладзе прывяло да тэрытарыяльнай кансалідацыі і паслужыла штуршком да складання этнічнай тэрыторыі кампактнага рассялення народа, з якой звязаны яго фарміраванне і развіццё.



Паходжанне назвы Белая Русь.

У розныя часы паходжанне назвы Белая Русь тлумачылі па-рознаму. Яе звязвалі з прыгажосцю зямлі, мноствам снегу, вольнасцю, незалежнасцю ад татара-манголаў, са светлапігментаваным і светлавокім антрапалагічным тыпам жыхароў. У наш час з'явіліся іншыя тлумачэнні: назва Белая Русь звязваецца з раннім прыняццем хрысціянства, з шырокім распаўсюджваннем у тапаніміцы назваў са словам «белая», асацыяцыяй у аднаго з этнічных продкаў беларусаў (балтаў) захаду з чорным колерам, а ўсходу - з белым.






База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка