Тэма «У госці да бабулі» Задачы




Дата канвертавання12.05.2016
Памер38.48 Kb.
Тэма «У госці да бабулі»

Задачы:

Малодшая група: пазнаёміць дзяцей з беларускім народным святам-Вялікдзень; далучаць дзяцей да беларускай традыцыйнай культуры праз беларускую мову, гульні.

Сярэдняя група: пазнаёміць дзяцей з абрадамі, які суправаджаюць вялікоднае святкаванне; садзейнічаць развіццю правільнага беларускага вымаўлення.

Развіваць увагу, спрыт, вынослівасць; выхоўваць павагу і цікаўнасць да нацыянальных традыцый, стварыць святочны настрой, эмацыянальны камфорт у групе падчас зносін.
Абсталяванне і матэрыялы: экспазіцыя “Беларуская хатка”(ложак, засланы вышыванкамі, печ, стол), беларускі нацынальны касцюм для бабулі, яйкі, пірог, чугунок, абручы (для гульні), музычнае суправаджэнне.
Папярэдняя работа: завучванне вершаў па тэме; разглядванне ілюстраваных матэрыялаў, альбомаў; гутарка пра народныя святы, назіранне за надвор’ем.
Ход занятку.

Пад вясёлую мелодыю дзеці падыходзяць да імправізаванай беларускай хаткі і гучна тры разы вітаюцца: “Хрыстос уваскрэс!”. Іх сустракае бабуля (выхавацель, апрануты ў беларускі нацыянальны касцюм) і адказвае “Сапраўды ўваскрэс”.



Бабуля: Дзякуй, даражэнькія, не забыліся, што сёння свята вялікае- Вялікдзень і прыбеглі сваю бабулечку праведаць.

Дзеці: Бабуля любая, віншуем цябе са святам.

Бабуля: Дзякуй вам, дзетачкі-кветачкі мае, красачкі любыя. Яшчэ і сонейка не заззяла, а вы ўжо тут. Бачу у вочках вашых яшчэ сон… Тады бліжэй, будзем умывацца вадой у якой фарбавалі яйкі.

Дзеці: Ой, як цікава, а чаму так трэба мыцца?

Бабуля: А таму, што ў гэтае свята існуе такое павер’е! Прачнуўшыся раніцай, мылі твар вадой у якой фарбавалі яйкі. Лічылася, такім чынам чалавек ачышчаецца ад усіх нягод. (Бабуля выносіць чыгунок, ставіць на стол і прыгаварвае).

Мыйце вочкі свае светлыя, тварыкі белыя, каб былі чыстыя, а шчочкі ружовыя, як яйкі, каб жыццё ваша было чыстым і празрыстым, як крынічка лясная. Дай вам Бог вырасці здаровенькімі, ды працавітымі. (Дзеці мыюцца.)

Ну вось вочкі засвяціліся радасцю, як зорачкі. І сонейка ужо узышло і заглянула да нас у вакенца.

1-ае дзіця: Сонейка заззяла, краем узышло.

З нябёсаў нам паслала святочнае цяпло.



2-ое дзіця: Пачатак яснай ранічкі – чароўнае праменне

Святочная зараначка – прыроды абуджэнне.



Бабуля: дык вось, дзеткі, на Вялікдзень існавала яшчэ адно павер’е, нібыта сонейка на першы дзень Вялікадня “іграе”—струменіць праменьчыкі. Вялікдзень –гэта свята сонца, абуджэння прыроды і надыходу палявых работ. Пасля зімовага адпачынку людзі пачынаюць сеяць, палоць, касіць… Давайце павітаем сонейка і павіншуем яго са святам!

(Дзеці становцца ў карагод і спяваюць разам з бабулй песню “Промнічкі вясёлыя” муз. С.Галкінай)



Пасля песні бабуля выносіць святочны пірог.

Бабуля:Свяці, свяці сонейка,

Каб нам было цёпленька

Пад хаткаю седзчы

Лусту хлеба дзержачы. (Ставіць на стол).

Яйкі качаючы,

Песенкі спяваючы. (Выносіць чырвоныя яйкі).



Бабуля: Хачу вам нагадаць, што на Вялікдзень гатавалі шмат страў, але пачыналі снедаць пасля таго, як кожны паспрабуе па кавалачку яйка, пірага, солі. (Дзеці смакуюць).

А зараз пагуляйце,моц яек паспытайце.

Спачатку аб зубкі пастукайце,

Да вушка прыкладзіце—паслухайце,

Калі яйка гудзе—значыць, моцным будзе,

А калі не—значыць, нехта разаб’е!

(Дзеці гуляюць з яйкамі.)

Бабуля: Ведаеце, дзеткі мае любыя, ёсць яшчэ адна гульня: хто далей пракоціць яйка! Даўней існавала павер’е, чыё яйка далей пракоціцца, жыццё таго будзе доўгае і прыгожае. Запрашаю пагуляць.
Гульня “Пракаці яйка”.
Бабуля: Звярніце ўвагу, мае даражэнькія, якія пыгожыя яйкі на нашым вялікодным стале. Усе яны размалёваны па - рознаму. Гэта таксама традыцыя. З даўніх часоў прадаюцца спецыяльныя фарбы для размалёўкі яек. На яйках можна нават намаляваць які-небуць малюнак. Нават самога Ісуса Хрыста, альбо царкву. Малявалі дзве літары “ХУ”, што азначала “Хрыстос Уваскрэс”.

Дзеці: бабуля, а мы таксама ведаем беларускую народную гульню «Міхасік» і хочам паказаць яе табе.
Гульня «Міхасік»

Абручы раскладваюцца па крузе, вакол іх становяцца дзеці. Адзін з іх гаворыць словы:

Ты, Міхаська, не зявай, не зявай!

Лапаточкі абувай, абувай!

Гучыць беларуская народная мелодыя, Дзеці танцуючы рухаюцца па крузе. Як толькі музыка заканчваецца, усе спыняюцца і стараюцца як мага хутчэй «абуць лапці»- заняць свабоднае месца ў адным з абручоў. Дзіця, якое засталося без «лапцяў», выбывае з гульні.

Пасля гэтага забіраецца яшчэ адзін абруч, і гульня працягваецца да той пары, пакуль у крузе не застанецца адзін чалавек. Ён лічыцца пераможцам.
Бабуля: Малайчынкі дзеткі, добрую гульню ведаеце. Дзякуй, даражэнькія, што не забыліся пра мяне і прыйшлі павіншаваць з гэтым светлым святам Вялікдзень. Хрыстос Уваскрэс!!!, гаворым мы сёння ўсім добрым людзям, са святам вас, са святам Вялікадня.

А зараз я запрашаю вас да нашага святочнага стала.


Літаратура:

  1. Пралыгіна, Н.В. Далучэнне дашкольнікаў да беларускай нацыянальнай культуры сродкамі народных гульняў : дапаможнік для педагогаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне дашкольнай адукацыі / Н.В.Пралыгіна ; пад агульнай рэдакцыяй М.У.Чачэры.- 2-е выд.- Мазыр : ТАА ВД “Белы Вецер”, 2007.

  2. Кахноўская,А.В. Этнакультурнае выхаванне: фарміраванне асноў патрыятызму ў старэйшых дашкольнікаў : вучэб.-метод. Дапаможнік / А.В.Кахноўская; ДУА “Мін. абл. ін-т развіцця адукацыі”.—2-е выд., выпраўл.—Мінск : Мін. абл. ІРА, 2013.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка