Тэма: Суверэнная Беларусь ў канцы XX – пачатку XXI ст. План лекцыі




Дата канвертавання24.03.2016
Памер63 Kb.
Тэма: Суверэнная Беларусь ў канцы XXпачатку XXI ст.
План лекцыі:

1.Абвяшчэнне і ўмацавання дзяржаўнага суверэнітэту.

2.Эвалюцыя палітычнай сістэмы ў Рэспубліцы Беларусь у другой палове 1990-х гг. – пачатку ХХІ ст.
1.Абвяшчэнне і ўмацавання дзяржаўнага суверэнітэту.
Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. У канцы 1980-х гг. у СССР значна абвастрыліся дэзінтаграцыйныя працэсы, нарастала незадаволенасць палітыкай перабудовы ва ўсіх саюзных рэспубліках. Яны жадалі большай незалежнасці ад цэнтра, у першую чаргу эканамічнай. Сепаратысцкія настроі станавіліся ўсё больш прыкметнымі. Іх натуральным вынікам з'явіўся «парад суверэнітэтаў» у 1990 г. Першымі адпаведныя дэкларацыі прынялі прыбалтыйскія рэспублікі ― Эстонія, Латвія і Літва.

27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў «Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі». Яна абвяшчала верхавенства Канстытуцыі БССР і яе законаў на тэрыторыі рэспублікі, самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады у яе межах, незалежнасць Беларусі ў знешніх адносінах, надавала беларускай мове статус дзяржаўнай. Дзяржаўны суверэнітэт сцвярджаўся ў імя свабоднага развіцця і дабрабыту, годнага жыцця кожнага грамадзяніна рэспублікі на аснове забеспячэння правоў асобы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР і яе міжнароднымі абавязацельствамі.

Дэкларацыя абвяшчала Беларусь як суверэнную дзяржаву, ўсталяваную на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад'емнага права на самавызначэнне. Адпаведна Дэкларацыі грамадзяне Беларусі ўсіх нацыянальнасцяў складаюць беларускі народ, які з'яўляецца носьбітам суверэнітэту і адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў рэспубліцы.

Паўстала пытанне аб далейшым лёсе Савецкага Саюза. У сакавіку 1991 г. яно было вынесена на ўсенародны рэферэндум. Большасць грамадзян выказалася за захаванне абноўленага Саюза. У БССР прагаласавалі за Саюз 82,7% грамадзян. Пасля гэтага пачалася распрацоўка новага саюзнага дагавора. 20 жніўня 1991 г. павінна было адбыцца яго падпісанне, што азначала пераход на самой справе да федэратыўнай дзяржавы.



Аднак частка палітычнай эліты СССР лічыла, што гэты дагавор шкодны і можа прывесці толькі да дэхзінтэграцыі краіны. Кансерватары, не здолеўшы сарваць гэты працэс на стадыі распрацоўкі, вырашылі не дазволіць падпісання дагавора ўвогуле. Гарбачова падчас ягонага адпачынку ў Крыму ізалявалі на дачы з 18 жніўня. Адначасова быў створаны дзяржаўны камітэт па надзвычайнаму становішчу (ДКНС-ГКЧП). Віцэ-прэзідэнт Г. Янаеў выдаў указ аб сваім уступленні на пасаду прэзідэнта СССР. Супраціўленне путчыстам узначалілі Б. Ельцын і кіраўніцтва РСФСР. Змоўшчыкі былі арыштаваны. Жнівеньскія падзеі азначалі канец перабудовы. Дзейнасць КПСС была прыпынена, паколькі яна фактычна падтрымала путчыстаў. Падзенне КПСС абумовіла распад СССР.

Заканадаўчае афармленне дзяржаўнай незалежнасцi Рэспублiкi Беларусь. 25 жніўня 1991 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў рашэнне аб наданні статуса канстытуцыйнага закона Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце БССР, а таксама пастанову пра забеспячэнне палітычнай і эканамічнай самастойнасці рэспублікі. Ва ўласнасць Беларусі перайшлі прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы агульнасаюзнага падпарадкавання, якія знаходзіліся на яе тэрыторыі. Камітэт дзяржаўнай бяспекі БССР і Міністэрства ўнутраных спраў БССР былі з саюзна-рэспубліканскіх пераўтвораны ў рэспубліканскія ўстановы. Вярхоўны Савет БССР прыняў рашэнне аб часовым прыпыненні дзейнасці КПБ ― КПСС на тэрыторыі рэспублікі, дэпартызацыі органаў дзяржаўнай улады і кіравання, дзяржаўных прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў.

19 верасня 1991 г. Вярхоўны Савет БССР зацвердзіў новую назву краіны ― «Рэспубліка Беларусь», прыняў рашэнне пра ўвядзенне новай дзяржаўнай сімволікі.

Белавежскае пагадненне. Стварэнне СНД. 8 снежня 1991 г. Без ведама прэзідэнта СССР Міхаіла Гарбачова ў рэзідэнцыі Віскулі ў Белавежскай пушчы кіраўнікі Беларусі (Станіслаў Шушкевіч), Расіі (Барыс Ельцын) і Украіны (Леанід Краўчук) падпісалі Пагадненне аб спыненні існавання СССР і аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД). 10 снежня 1991 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ратыфікаваў пагадненне аб стварэнні СНД і прыняў рашэнне аб дэнансацыі дагавора аб утварэнні СССР ад 1922 г. 21 снежня 1991 г. ў Алма-Аце кіраўнікі Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Таджыкістана, Туркменіі і Узбекістана падтрымалі стварэнне СНД.

Прыняццё Канстытуцыі і ўвядзенне пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 15 сакавіка 1994 года Вярхоўны Савет прыняў новую Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якая ўвяла ў рэспубліцы прэзідэнцкую форму кіравання.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь з'яўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Згодна Аснаўному Закону, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь увасабляе адзінства народа, гарантуе рэалізацыю асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі, прадстаўляе беларускую дзяржаву ў адносінах з іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі. Прэзідэнт прымае меры па ахове суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці, забяспечвае палітычную і эканамічную стабільнасць, пераемнасць і ўзаемадзеянне органаў дзяржаўнай улады, ажыццяўляе пасрэдніцтва паміж органамі дзяржаўнай улады.

23 чэрвеня 1994 года адбыліся выбары Прэзідэнта, на якіх з 6 прэтэндэнтаў у другі тур выйшлі Аляксандр Лукашэнка і Вячаслаў Кебіч. 10 ліпеня 1994 года адбыўся 2-і тур выбараў, па выніках якога першым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў абраны А.Р. Лукашэнка. За яго кандыдатуру аддалі сваі галасы звыш 80 % выбаршчыкаў. 20 ліпеня 1994 г. на сесіі Вярхоўнага Савета адбылася афіцыйная цырымонія ўступлення Прэзідэнта на пасаду.



Рэспубліканскі рэферэндум 1995 г. і яго вынікі. 14 мая 1995 г. па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адбыўся рэспубліканскі рэферэндум, у якім прынялі ўдзел 64,8 грамадзян рэспублікі, якія маюць права голасу.

На рэферэндум былі вынесены чатыры пытання:

  • «Ці згодны Вы наданнем рускай мове статуса, роўнага з беларускай?»,

  • «Ці падтрымліваеце Вы прапанову пра ўстанаўленне новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?»,

  • «Ці падтрымліваеце Вы дзеянні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй?»,

  • «Ці згодны Вы з неабходнасцю ўнясення змен у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі?».

На першае пытанне рэферэндуму станоўча адказалі 83,3 % грамадзян, прыняўшых удзел у галасаванні, на другое ― 75,1 %, на трэцяе ― 83,3 %, на чацвёртае ― 77,7 % грамадзян.
2.Эвалюцыя палітычнай сістэмы ў Рэспубліцы Беларусь у другой палове 1990-х гг. – пачатку ХХІ ст.
Рэспубліканскі рэферэндум 1996 г. і яго вынікі. 24 лістапада 1996 г. адбыўся рэспубліканскі рэферэндум па важнейшых праблемах дзяржаўнага і грамадскага жыцця краіны, у якім прынялі ўдзел 84,4 % грамадзян рэспублікі, якія маюць права голасу.

На галасаванне былі вынесены сем пытанняў, чатыры з якіх прапанаваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, тры — дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

Па пытанні рэферэндуму, звязаным з пераносам Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь на 3 ліпеня, прагаласавала “за” 88,18 % грамадзян, якія прынялі ўдзел у галасаванні.

Па пытанні рэферэндуму аб прыняцці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь са змяненнямі і дапаўненнямі, прапанаванымі Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка, прагаласавала за 70,45 % грамадзян, якія прынялі ўдзел у галасаванні.

Па пытанні аб свабоднай куплі-продажу зямлі прагаласавала “супраць” 82,88 % грамадзян, якія прынялі ўдзел у галасаванні.

Па пытанні аб адмене смяротнага пакарання прагаласавала “супраць” 80,44 % грамадзян, якія прынялі ўдзел у галасаванні.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 г. (са змяненнямі і дапаўненнямі). У адпаведнасці з ёй Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь выбіраецца на 5 гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на падставе ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні.

17 кастрычніка 2004 г. адбыўся рэспубліканскі рэферэндум па пытанню прыняцця паправак у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, звязаных з тэрмінам паўнамоцтваў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У выніку рэферэндума з Канстытуцыі было выключана палажэнне аб тым, што адна і тая ж асоба можа быць Прэзідэнтам не болей дзвух тэрмінаў.








База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка