Тэма: Спецыфіка абсалютызму ў германскіх дзяржавах




Дата канвертавання19.03.2016
Памер299.67 Kb.
Тэма: Спецыфіка абсалютызму ў германскіх дзяржавах.
1 Свяшчэнная Рымская імперыя пасля трыцацігадовай вайны. Фарміраванне сістэмы княжскага абсалютызму.

2 сістэма абсалютызму ў Брандэнбурзе-Прусіі

Палітыка цэнтралізацыі аўстрыйскіх імператараў у XVI – XVII ст.

3 Абсалютызм у дзяржаве аўстрыйскіх Габсбургаў.


Літаратура

История Европы. [Текст]. Т. 3, 4. – М,. 1990, 1994.

Пристер, Е. Краткая история Австрии. [Текст]. / Е. Пристер. – М., 1952.

Шимов, Я. Австро-Венгерская империя. [Текст]. / Я. Шимов. – М., 2003.

Германская история в новое и новейшее время. [Текст]. – М., 1970. – т. 1.

Перцов, В.Н. Очерки истории Германии в XVIII в. [Текст]. / В.Н. Перцов. – Мн., 1959.

Перцов, В.Н. Гогенцолерны. [Текст]. / В.Н. Перцов. – М., 1996

1. Пасля Вестфальскага міру Германія была амаль выключана з міжнароднага гандлю. Гэта ў многім было звязана з тым, што германскія дзяржавы фактычна страцілі выхад да Балтыйскага і Паўночнага мораў у сувязі са швецкімі тэрытарыяльнымі захопамі. Назіраецца заняпад ранейшых прамысловых цэнтраў. сельская гаспадарка таксама была падарвана вайной. Дваранства, каб хучэй аднавіць сваю гаспадарку, пачынае ўзмацняць эксплуатацыю сялян. памешчыкі захопліваюць ранейшыя сялянскія палі і абшчынныя землі. Найбольшы размах гэты працэс набыў ва Усходняй Германіі –Прусія, Мекленбург. У Заходняй Германіі сяляне заставаліся трымальнікамі сваіх спадчыных надзелаў. Паншчына тут ужо не з'яўлялася асноўным відам сялянскіх павіннасцей. Была распаўсюджана феадальная рэнта ў выглядзе разнастайных плацяжоў, і склалася сеньярыяльная гаспадарка.

Ва Усходняй Германіі пераважала паншчынная гаспадарка, якая грунтавалася на працы асабіста залежных сялян. Тут утварыўся вялікі слой бяззямельных сялян (прыгонных батракоў), якія часам атрымлівалі невялікі кавалак зямлі. Ва ўсходнегерманскіх землях у руках памешчыкаў апынулася і судовая ўлада (вотчыны суд). Трыцацігадовая вайна прывяла да ўпадку рамёстваў. На рынак пачынаюць актыўна пранікаць замежныя тавары (галандскія, французскія, англійскія). Германская прамысловасць не вытрымлівае канкурэнцыі.

Толькі з канца XVII ст. у Германіі пачынаецца некаторае эканамічнае ажыўленне. Найбольш выразна яно праявілася ў развіцці вясковых хатніх промыслаў. Яны актыўна распаўсюджваюцца там, дзе была нізкая ўрадлівасць глебы (Цюрынгія, Сілезія, Саксонія). Паступова сельскія промыслы прыбліжаюцца да ўзроўня рассеянай мануфактуры.

У другой палове XVII – XVIII ст. германскія гарады захоўваюць дзяленне на імперскія і княжскія. Імперскія гарады мелі права пасылаць дэпутатаў у імперскі рэйхстаг. Калі ў сярэдзіне XVII ст. налічвалася 150 імперскіх гарадоў, то ў канцы XVIII ст. гэты статус захаваў толькі 51 горад. Гарадскія вярхі накіроўвалі капіталы ў зямельную ўласнасць, набыццё тытулаў. З'яўляюцца гарады новага тыпу – гарады-сталіцы (Берлін, Дрэздан), якія хутка раслі. У іх каля паловы насельніцтва складалі чыноўнікі, ваенныя. У германскіх дзяржавах эканамічны поспех буржуазіі ў рашаючай ступені залежаў ад дзяржаўнай падтрымкі. У сувязі з гэтым пачынае выхоўвацца схільнасць нямецкай буржуазіі да супрацоўніцтва з дзяржавай.

Найбольш падыходзячай формай праўлення для Германіі ў другой палове XVII – XVIII ст. стаў княжскі абсалютызм. Абсалютызм тут пачынае ўсталёўвацца ва ўмовах упадку гарадоў, у выніку чаго замацоўваецца эканамічная і палітычная раздробленасць краіны. Германскае бюргерства так і не ператварылася яшчэ ў буржуазію, у моцную сацыяльна-палітычную сілу. У сувязі з гэтым германскія князі не мелі патрэбы праводзіць палітыку лавіравання паміж дваранствам і буржуазіяй. У германскіх дзяржавах фарміруецца саюз княжскай улады і дваранства. Гэты саюз трымаўся на тым, што абсалютызм гарантаваў усе прывілеі дваранства. Галоўнай апорай абсалютызму стала дробнае дваранства. Моцная каралеўская ўлада гарантавала абарону дробных памешчыкаў ад выступленняў сялян, давала магчымасць атрымаць дадатковы даход ад афіцэрскіх і прыдворных пасад. Дваранская сацыяльная база германскага абсалютызму садзейнічала таму, што з яго ўсталяваннем замацоўваюцца феадальныя адносіны.

Важнейшай апорай мясцовых манархаў стала чыноўніцтва, якое фарміравалася пераважна з высока адукаваных юрыстаў. Яшчэ адной важнай апорай княжскага абсалютызму стаў афіцэрскі корпус. Для дробных дваран, чыя гаспадарка часта была ў заняпадзе, служба ў княжскай арміі была ледзве не адзіным сродкам паправіць сваё матэрыяльнае становішча. Мілітарызацыя дваранства прывяла да фарміравання ваенна-дзяржаўнага саюза паміж дваранствам і манархіяй. Ва ўмовах Рэфармацыі і рэлігіёзных войнаў германскія князі змаглі паставіць пад свой кантроль і царкву, што і было замацанвана ў Аўгсбургскім рэлігійным міры 1555 г. формулай “чыя ўлада – таго і вера”.

Вестфальскі мірны дагавор прадугледжваў рэформу дзяржаўнага ладу Свяшчэннай Рымскай імперыі. Але ў чэрвені 1653 г. быў скліканы ранейшы вышэйшы орган улады ў імперыі – агульнагерманскі сейм. Краіна засталася раздробленай на 360 княстваў. Акрамя таго ў Германіі існавала некалькі тысяч імперскіх рыцараў, самастойныя імперскія гарады. Асабліва вялікай была раздробленасць на Захадзе і на Паўднёвым захадзе. На чале Свяшчэннай Рымскай імперыі стаяў імператар з дынастыі аўстрыйскіх Габсбургаў. Габсбургі адстойвалі ідэю ўніверсальнай наднацыянальнай імперыі, што не спрыяла руху краіны да аб’яднання. У імператара не было ні арміі ні фінансаў, абапірацца ён мог на рэсурсы толькі сваіх спадчыных уладанняў. Князі былі цалкам суверэнныя. Курфюрсты пры абранні новага імператара прад’яўлялі яму капітуляцыі, якія абмяжоўвалі яго ўладу. Рэфармацыя і рэлігійны канфлікт паміж каталікамі і пратэстантамі, які набыў палітычны характар, таксама не спрыялі кансалідацыі Германіі.

Рэйхстаг складаўся з трох курый. Першая – курыя курфюрстаў. Спачатку яна складалася з 8, а з 1692 г. – з 9 князёў, якія мелі права выбіраць імператара. Другая – курыя князёў. У яе ўваходзілі яшчэ 98 найбольш магутных князёў. Трэцяя – курыя імперскіх гарадоў. Яна была малаўплывоваю, яе дэпутаты галасавалі пасля дзвюх першых і ўжо не маглі, як правіла, паўплываць на прынятае рашэнне. З 1663 г. князі перасталі асабіста з’яўляцца ў рэйхстаг. Гараджане таксама неахвотна збіраюцца там, бо не бачылі магчымасці рэальна ўплываць на рашэнні сейма. Яшчэ адным агульнагерманскім органам быў імперскі суд. Ён таксама рэальнага ўплыву не меў.

Раздробленасць Германіі вяла да таго, што краіна становіцца ахвярай агрэсіі іншых дзяржаў. З 1648 г. па 1721 г. на тэрыторыі Германіі было 10 войнаў. У час іх імператар, каб атрымаць падтрымку князёў, павінен быў ісці ім на ўсё новыя саступкі. Так, каб дабіцца падтрымкі брандэнбургскага курфюрста ў час Вайны за іспанскую спадчыну, імператар вымушаны быў дараваць яму каралеўскую карону.

2. Гогенцолерны пачалі правіць у Брандэнбургу з 1415 г. Цэнтральным элементам палітыкі гэтай дынастыі стала пашырэнне іх уладанняў. У першай палове XVIІ ст. у склад Брандэнбурга ўвайшлі Клеве-Юліхскае герцагства на Рэйне і герцагства Прусія на ўсходзе. Тры часткі ўладанняў брандэнбургскіх курфюрстаў былі аддзелены адна ад адной тэрыторыямі іншых германскіх дзяржаў. Гогенцолерны пастаянна імкнуліся да аб’яднання сваіх уладанняў у адно цэлае. Таму галоўнай іх задачай стала стварэнне трох інструментаў заваёўніцкай палітыкі: арміі, моцнай фінансавай базы і эфектыўнай бюракратычнай сістэмы. Манархія ў Брандэнбургу набывае з самага пачатку яскрава выражаны мілітарысцкі характар.

Важным этапам узмацнення Брандэнбурга стала Трыцацігадовая вайна. Па Вестфальскаму міру ў яго склад увайшла Усходняя Памеранія. У германскай кансерватыўнай гістарыяграфіі стваральнікам Брандэнбургска-Прускай дзяржавы лічыцца курфюрст Фрыдрых-Вільгельм І, які правіў у 1640 – 1688 гадах. Пры ім Брандэнбург вырас у буйную ваенную дзяржаву, пашырыўся за кошт новых тэрытарыяльных захопаў і стаў дамінуючай дзяржавай паўночнай Германіі.

Нягледзячы на тэрытарыяльны рост, у сярэдзіне XVIІ ст. уладанні Гогенцолернаў уяўлялі сабою тыпавую ласкутную дзяржаву. Яе асобныя часткі былі звязаны толькі асабістай уніяй. Невялікі тайны савет пры курфюрсце быў фактычна адзіным агульным цэнтральным органам кіравання. Усе ўладанні Гогенцолернаў былі землямі з моцнымі саслоўна-прадстаўнічымі органамі і абмежаванай княжскай ўладай. У Брандэнбургу без згоды ландтага курфюрст не мог весці знешнюю палітыку, ўводзіць і збіраць падаткі.

У сацыяльна-эканамічным плане ўсе землі Гогенцолернаў, за выключэннем Рэйнскіх герцагстваў, характарызаваліся панаваннем прыгонніцкіх парадкаў, абсалютнай перавагай юнкерства ў сацыяльнай сістэме і слабасцю гарадоў. У ландтагах гараджанам адводзілася роля бяссільнай апазіцыі. Гогенцолерны традыцыйна падтрымлівалі дваранства ў барацьбе з гарадамі. Ваціруемы брандэнбургскім ландтагам асноўны падатак, кантрыбуцыя, з даўніх часоў размяркоўвалася паміж гарадамі і вёскай у прапорцыі 2 да 1, затым – 59% да 41%. Пры гэтым дваранскія маёнткі ўвогуле не плацілі кантрыбуцыю, яна цалкам клалася на сялянскія гаспадаркі. У Прускім герцагстве дваранства згодна традыцыі не карысталася падатковым імунітэтам. Таму тут ландтагі, каб абараніць інтарэсы дваранства, ваціравалі пераважна ўскосныя падаткі, якія ў асноўным плацілі гарады.

Пачатак станаўлення абсалютызму ў Брандэнбургу-Прусіі звязаны з праўленнем Фрыдрыха-Вільгельма І. Яшчэ яго папярэднікі ў час Трыцацігадовай вайны пачалі збіраць падаткі без згоды ландтагаў. Пасля заключэння Вестфальскага міру брандэнбургскае юнкерства занялося аднаўленнем сваіх гаспадарак і выступала супраць амбіцыйных знешнепалітычных планаў курфюрста, якія патрабавалі вялікіх выдаткаў і росту падаткаў. Таму Фрыдрых-Вільгельм І у 1652 г. склікаў Вялікі ландтаг. Курфюрст прапанаваў увесці акцызны збор на ўсе гандлёвыя здзелкі і распаўсюдзіць яго на ўсе саслоўі. Дэпутаты ад дваранства рашуча выступілі супраць гэтага. Яны прапанавалі курфюрсту вацірававь традыцыйную кантрыбуцыю пры ўмове пацверджаня іх традыцыйных прывілеяў і правоў на прыгонных. Фырых-Вільгельм І абнародаваў адпаведны ўказ, які замацаваў паўнату ўлады памешчыка над сялянамі. Былі крайне абмежаваны правы бюргерства на набыццё зямлі. У замен курфюрст атрымаў субсідыю і ўдзельнічаў у вайне 1655 – 1660 гадоў на баку Швецыі супраць Рэчы Паспалітай. За час вайны ён стварыў вялікую армію і з яе дапамогаю пачаў збіраць кантрыбуцыю, якая значна перавышала ваціраваную ландтагам. Курфюрст захаваў гэты метад спагнання кантрыбуцыі пасля заключэння міру.

У 1680 г. Фрыдрых-Вільгельм І без згоды ландтага ўвёў акцыз ва ўсіх курфюршскіх гарадах. З наступнага года ён быў распаўсюджаны і на гарады, якія належалі дваранам. Але гэта быў адзіны ўдар па інтарэсах дваранства. На вёску акцыз не распаўсюджваўся. Яна па-ранейшаму плаціла кантрыбуцыю, ад якой дваране былі вызвалены. Спагнанне акцызу перайшло ад гарадскіх улад да чыноўнікаў курфюрста. З гэтага часу пачынае хутка расці бюракратычны апарат Брандэнбурга, у якім вялікую ролю адыгрываюць ваенныя. Курфюрст Фрыдрых-Вільгельм І з 1660 г. стварае сістэму камісараў (штэйератаў), якія адказваюць за збор падаткаў і акцызаў. У Брандэнбургу ўсталявалася з 1680-х гадоў двайная сістэма кіравання: цывільная (на вёсцы); ваенная (ў гарадах). Дваранства захоўвае на вёсцы самакіраванне і ўладу ў сваіх руках, а ў гарадах акцыз збірае генералкргскамісарыят, які складаўся з афіцэраў.

Услед за Брандэнбургам абсалютызм перамог і ў Прускім герцагстве. У 1660 г яна вызвалілася ад васальнай залежнасці ад Польшчы. Тым самым саслоўныя органы Прусіі страцілі магчымаць апеліраваць да польскага караля ў спрэчках з герцагам. З 1670-х гадоў Фрыдрых-Вільгельм І і ў Прусіі пачаў збіраць падаткі з дапамогай арміі без санкцыі ландтага. У 1716 г. прускі ландтаг канчаткова быў пазбаўлены права ваціраваць пазямельныя падаткі.

Курфюрсты імкнуліся абмежаваць палітычную самастойнасць дваранства, але ніколі не даводзілі справу да крайнасці. Задача заключалася ў тым, каб ператварыць дваранства з самастойнай палітычнай сілы ў інструмент палітыкі манарха, надзелены грамадскай пашанай і эканамічнай незалежнасцю.

Была ўсталявана дзяржаўная апека над гарадамі. Гэта зрабіла абсалютызм зацікаўленым у паспяховым развіцці гарадской эканомікі. Палітыка эканамічнай падтрымкі гарадоў знайшла сваё адлюстраванне перш за ўсё ў меркантылізме. Але ў сувязі са слабасцю буржуазіі гэтая палітыка не набыла ў Брандэнбургу-Прусіі яскрава выражанага характару. У цэлым у Германіі абсалютызм не адыгрываў такой вялікай станоўчай ролі ў развіцці прамысловасці і гандлю, як у Францыі ці Англіі.

Вялікае значэнне для развіцця брандэнбургскай эканомікі мела іміграцыйная палітыка. Для Брандэнбурга была характэрна рэлігійная цярпімасць. Так склалася, што з пачатку XVIІ ст. кальвінізм тут існаваў як рэлігія курфюрстаў, а лютэранства – большасці насельніцтва. Верацярпімасць дазволіла курфюрстам запрашаць перасяляцца ў Брандэнбург тых, хто падвяргаўся рэлігійнаму праследаванню на радзіме. Напрыклад, у Брандэнбург перасяліліся 20 тыс. французскіх гугенотаў, сярод якіх было шмат рамесленікаў, гандляроў. Дякуючы перасяленцам з іншых краін у Брандэнбургу былі створаны мануфактуры па вытворчасці сукна, паперы, аксаміту, шпалер.

Да канца XVIІ ст. пры Фрыдрыху-Фільгельму І у Брандэнбургу склалася сваеасаблівая “двухпавярховая” сістэма кіравання. На верхнім паверсе строга цэнтралізаваная манархічная ўлада, якая абапіралася на бюракратычны апарат. Унізе, на вёсцы, засталася патрыярхальная ўлада памешчыка. У яго руках была мясцовая юстыцыя, паліцэйскія і адміністрацыйныя функцыі.

У 1701 г. курфюрст Фрыдрых ІІІ (1688-1713) атрымлівае тытул караля Прусіі (кароль Фрыдрых І). Прусія прымае ўдзел у Вайне за іспанскую спадчыну і ў Паўночнай вайне. У выніку гэтых войн яна атрымала Заходнюю Памеранію. Пры Фрыдрыху-Вільгельме І (1713 - 1740) Прусія канчаткова афармляецца як мілітарысцкая дзяржава. Кароль імкнецца адыгрываць ролю строгага, але справядлівага правіцеля ў дачыненні да сваіх подданых, бацькі-гасудара, які дбае пра патрэбы простага народа.

Буйнейшай рэформай Фрыдрыха-Вільгельма стала ўвядзенне кантанальнага рэгламента ў 1733 г. Ім быў канчаткова аформлены воінскі абавязак прыгонных сялян. Ад службы ў арміі вызваляліся сяляне заможных сем'яў, каб не падрываць іх гаспадаркі, і беззямельныя бабылі, якія не мелі сродкаў на набыццё ваеннай амуніцыі. Прыгонныя сяляне станавіліся асноўнай сілай арміі, і патрэба ў сялянах-рэкрутах прымушала дзяржаву абараняць сялян ад праізволу памешчыкаў, не дапускаць іх разарэння. Прызыўнік служыў 1,5  2 гады, потым прыпісваўся да акругі (кантона) і нёс службу ў запасе, прыцягваючыся па 2  3 месяцы ў год на ваенныя зборы. Памешчык з’яўляўся камандзірам сваіх прыгонных сялян, калі яны прызываліся ў армію. Кантаністы складалі 2/3 прускай арміі, а 1/3 – наёмнікі. У 1740 г. яна складала 80 тысяч чалавек. Яе ўтрыманне патрабавала велізарных падаткаў. Галоўная мэта ўнутранай палітыкі Фрыдрыха-Вільгельма І заключалася ў тым, каб арганізаваць максімальна эфектыўны збор падаткаў. Для гэтага было створана Генеральнае вярхоўнае ўпраўленне фінансаў, вайны і ўдзелаў. Быў ажыццёўлены новы перапіс, павялічыліся ўскосныя падаткі.

Гэта выклікала незадавальненне некаторай часткі дваранства, бо змяншаўся іх даход ад эксплуатацыі прыгонных сялян. Але большасць дваран падтрымала курс караля на мілітарызацыю краіны. Наяўнасць вялікай колькасці афіцэрскіх пасад давала магчымасць перш за ўсё малодшым сынам юнкераў рабіць добрую кар’еру і мець стабільны даход. Ваенная прафесія была найбольш прыстыжнай у краіне. Але за гэтыя перавагі дваранства вымушана было падначальвацца жорсткай дзяржаўнай дысцыпліне. Дваране былі абавязаны служыць у арміі. Кароль забараняў дваранам займацца прадпрыймальніцтвам, наймацца на службу ў іншыя дзяржавы. уся эканамічная дзейнасць у Прусіі знаходзілася пад дзяржаўным кантролем. Кароль давёў да абсалюта палітыку меркантылізму. За час праўлення караля-капрала, як называлі Фрыдрыха-Вільгельма І, краіна ператварылася ў адну вялікую казарму.

31 мая 1740 г. на прускі трон уступіў Фрыдрых ІІ. З яго праўленнем звязана правядзенне ў Прусіі палітыкі асветніцкага абсалютызму. Але перш за ўсё ён прадоўжыў палітыку мілітарызацыі. Армія дасягнула 186 тысяч чалавек і была галоўным інструментам, з дапамогай якога Фрыдрых ІІ імкнуўся ператварыць Прусію ў вялікую дзяржаву. Кароль разумеў, што для дасягнення гэтай мэты неабходная і моцная эканоміка, развіццё навукі, адукацыі, культуры. Кароль адмяніў цэнзуру, выдаў дэкрэт аб верацярпімасці, часта выстаўляў сябе абаронцам свабоды слова, думкі. Аднавіла сваю дзейнасць акадэмія навук. Быў складзены праект "Агульнага земскага ўлажэння", які прадугледжваў незалежнасць судовай улады. З яго прыняццем быў створаны агульнадзяржаўны кодэкс законаў. У судзебнай справе адмяняюцца пыткі, але захаваліся элементы саслоўнай няроўнасці перад судом. У рэлігійнай сферы праводзілася палітыка рэлігійнай цярпімасці.

Унутраная палітыка Фрыдрыха ІІ у цэлым была накіравана на абарону інтарэсаў дваранства. За ім захаваліся ўсе правы і прывілеі ў дачыненні да сялян. Кароль стварыў дваранскія банкі, дваранам аддавалася перавага пры заняцці афіцэрскіх і чыноўніцкіх пасад. Дваранства вызвалялася ад падаткаў (акрамя Сілезіі і герцагстваў на Рэйне).

У сваёй палітыцы ў дачыненні да сялянства кароль сутыкнуўся з неабходнасцю захаваць селяніна як падаткаплацільшчыка і рэкрута, не абмяжоўваючы пры гэтым правы памешчыка. Яшчэ ў 1739 г. Фрыдрых-Вільгельм І забараніў сваім указам зганяць селяніна з зямлі без замены яго іншым. Фрыдрых ІІ працягнуў гэтую палітыку. Яна была нацэлена на захаванне класа сялян у цэлым, але не абараняла асобнага селяніна. Памешчыку не было складанна знайсці замену непажаданнаму трымальніку надзела.

У 1763 г. Фрыдрых ІІ зрабіў спробу адмяніць прыгоннае права ў Памераніі, але сутыкнуўся з такім моцным супраціўленнем дваранства, што быў вымушаны адступіць. Каралём была зроблена спроба палепшыць становішча сялян, якія з'яўляліся трымальнікамі каралеўскіх зямель. У 1777 г. ім было гарантавана права ўласнасці на надзел і перадачы яго ў спадчыну.

У эканоміцы Фрыдрых ІІ быў прыхільнікам палітыкі меркантылізму і імкнуўся забяспечыць максімальны прыток грошай ў дзяржаву. Для гэтага кароль усяляк абмяжоўваў імпарт, уводзячы высокія мытныя пошліны. З 1766 г. стала прымяняцца практыка забороны ўвоза розных тавараў. У адпаведныя спісы патрапіла 490 прадметаў. Але меркантылізм не мог кампенсаваць недахоп капіталу, тэхнічных ведаў, агульную слабасць прускага прадпрымальніцтва. Недахоп капіталу не ўдавалася кампенсаваць і дзяржаўнымі субсідыямі, бо 2/3 бюджэта Прусіі ішло на ўтрыманне арміі. Вялікія субсідыі выдаваліся дваранам. Мануфактуры, калі і атрымоўвалі субсідыі ад караля, то, як правіла, зусім нязначныя. Некаторыя галіны прамысловасці былі выключна дзяржаўнымі. Так адбылося ў горнай прамысловасці. Буйныя дзяржаўныя мануфактуры насаджаліся штучна, часта прыходзілі да банкрутства. Толькі нямногія галіны, як палатняная вытворчасць на тэрыторыі Сілезіі, развіваліся паспяхова. Дробная рэгламентацыя, да якой прыбягаў кароль, падаўляла прадпрымальніцкую ініцыятыву, шкодзіла вытворчасці. Суб’ектыўныя погляды караля таксама перашкаджалі росту прамысловасці. Так, Фрыдрых ІІ лічыў шкодным укараненне машын у вытворчасць, бо яны замяняюць шмат людзей і перашкаджаюць росту насельніцтва.

Адмоўна адбіваўся на развіцці прамысловасці вялікі падатковы ціск. Вёска па-ранейшаму плаціла прамы пазямельны падатак – кантрыбуцыю, а горад – акцыз на гандлёвыя аперацыі. Пры гэтым гандляваць можна было толькі ў гарадах, а ў вёсцы гандаль быў забаронены. Была ўстаноўлена каралеўская манаполія на соль, тытунь, каву. Пры гэтым поданыя вымушаны былі купляць гэтыя тавары ў вялікай колькасці. Асноўны клопат эканамічнай палітыкі Фрыдрыха ІІ зводзіўся да максімальнага папаўнення казны.

Прусія пры Фрыдрыху ІІ засталася ваеннай і дваранскай дзяржавай. Пры гэтым яна набыла яшчэ адну рысу: усталяваўся рэжым дробнага ўмяшання дзяржавы ў гаспадарку, прыватнае жыццё. цэнтралізацыя дзяржаўнага кіравання дасягнула крайніх форм. Усе функцыі мясцовага самакіравання перайшлі ў рукі каралеўскіх чыноўнікаў. Кароль асабіста вырашаў, якія фабрыкі засноўваць, колькасць вырабляемых тавараў, дзе сяліць каланістаў.

Па-за сістэмай дзяржаўнай цэнтралізацыі застаўся дваранскі маёнтак. Тут улада належала памешчыку. У гэтым заключаўся кампраміс паміж манархічнай формай улады і арыстакратычнымі прывілеямі дваран.

Важнейшым элементам палітыкі прускага абсалютызму стала знешняя агрэсія. У Аўстрыі ў 1740 г. была захоплена Сілезія. У час сямігадовай вайны Фрыдрых ІІ захаваў Сілезію. У 1772 г. ён прыняў удзел у першым падзеле Рэчы Паспалітай. Тэрыторыя Прусіі павялічылася за час яго праўлення са 119 тысяч км2 да 195 тысяч км2, а яе насельніцтва з 2240000 чалавек да 5430000. Прусія стала адной з вялікіх дзяржаў Еўропы. Пры гэтым Фрыдрых ІІ не імкнуўся ажыццявіць агульнагерманскую ідэю, а дзейнічаў толькі як прускі кароль і разглядаў Германію як поле для пашырэння Прусіі.

У цэлым палітыка асветніцкага абсалютызму Фрыдрыха ІІ не прывяла да прагрэсіўнага перавароту ў жыцці краіны. Яна ўмацавала абсалютысцкія структуры і фактычна ператварыла Прусію ў ваенна-бюракратычную, дыспатычную дзяржаву. Тут так і не склалася адукаванага і актыўнага трэцяга саслоўя. Прускае грамадства было адвучана Фрыдрыхам ІІ ад усялякай самастойнасці. Вынікам гэтага стала тое, што ў пачатаку XIX ст. Прусія сутыкнулася з глыбокім крызісам.



3. На пачатку новага часу ўладанні аўстрыйскіх Габсбургаў складаліся са шматлікіх частак, якія моцна адрозніваліся паміж сабою. Зараджэнне імперыі Габсбургаў адбываецца ў канцы XV ст., калі ім удалося заключыць некалькі ўдалых дынастычных шлюбаў. У 1477 г. быў заключаны шлюб сына рымска-германскага караля Фрыдрыха ІІІ Максімільяна з дачкою герцага бургундскага Марыяй. Праз некаторы час гэта прынесла Габсбургам уладанне над Нідэрландамі. Шлюб паміж Філіпам Габсбургам і Хуанай Касцільскай паклаў пачатак імперыі Габсбургаў, над якой не заходзіла сонца. У 1519 г. іспанскія і аўстрыйскія ўладанні аб’яднаў пад сваёй уладаю іх сын імператар Карл V, які быў выбраны імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі. У 1515 г. у выніку двайнога шлюбу Габсбургі парадніліся з Уладзіславам ІІ Ягелонам, які быў каралём Венгрыі і Чэхіі. Пасля бітвы пры Мохачы ў 1526 г., у якой загінуў новы кароль Венгрыі і Чэхіі Людовік Ягелон, Габсбургі атрымалі чэшскую і вянгерскую кароны. На думку Тойнбі, менавіта дзякуючы здабыткам 1526 г. і ўзнікла імперыя Габсбургаў. У час праўлення Карла V яна ўспрымалася як чыста іспанская дзяржава. Яе фарміраванне і развіццё звязана з барацьбой з асманскай агрэсіяй. Яна стала тым выклікам, адказ на які стаў важным стымулам для цэнтралізацыі імперыя Габсбургаў. Гэта найбольш адпавядае прамежку часу ад першай асады Вены туркамі ў 1529 г. да апошняй асады ў1683 г.

Аўстрыйская дзяржава развівалася як складаны сембіёз народаў і дзяржаўных традыцый. Карл V, стаўшы імператарам, імкнуўся да стварэння централізаванай імперыі. Імкненне імператара да цэнтралізацыі сустрэла дружнае супраціўленне як з боку пратэстанцкіх, так і каталіцкіх князёў. І тыя і другія не жадалі ўмацавання Габсбургаў. У 1531 г. брат імператара Фердынанд быў выбраны рымскім каралём. У той жа час наследнікам Карла ў Іспаніі, Нідэрландах, Неапале, на Сіцыліі стаў яго сын Філіп. Так габсбургі раздзяліліся на дзве галіны: іспанскую і аўстрыйскую.

Фердынанд у сваіх уладаннях у Аўстрыі, Чэхіі і Венгрыі правёў адміністрацыйную рэформу, стварыўшы для іх цэнтральныя органы кіравання: тайны савет, ваенны савет, палацавая палата. Гэтая рэформа паклала пачатак ператварэнню спадчыных уладанняў Габсбургаў у адзіную дзяржаву і іх адміністратыўнаму аддзяленню ад Свяшчэннай Рымскай імперыі. Але ў 1558 г. для таго, каб атрымаць імператарскую карону, Фердынанд І вымушаны быў падзяліцца ўладаю з курфюрстамі. Пасля прызнання ім калектыўнай адказнасці імператара і імперскіх князёў за стан рэчаў у імперыі, надзеі на стварэнне ў Германіі цэнтралізаванай манархіі ў той час рухнулі. Ландтагі захавалі за сабою права заканадаўчай ініцыятывы, ваціравання падаткаў, іх збору і расходавання сабраных сродкаў. Яны адхілілі прапанову імператара аб стварэнні пастаяннай цэнтральнай арміі. Кожная правінцыя па рашэнню ландтага выстаўляла свой вайсковы кантынгент.

Трыцацігадовая вайна прадэманстравала, што спробы імператара аб'яднаць Германію не ўдаліся, і яго ўлада з’яўляецца чыста намінальнаю. Ужо ў пачатку вайны ў 1619 г. у большасці цэнтральнаеўрапейскіх уладанняў Габсбургаў улада перайшла ў рукі саслоўных органаў асобных земляў. Падаўленне чэшскага паўстання ў 1620 г. прывяло да ўмацавання ўлады Габсбургаў у Чэхіі. Згодна з Абноўленым земскім улажэннем 1627 г. усе дзяржаўныя пасады ў Чэхіі займаліся па прызначэнню манарха. Роля мясцовых саслоўных органаў была абмежавана толькі ваціраваннем падаткаў. Але ў іншых землях адбылося хучэй аслабленне цэнтралізатарскіх тэндэнцый.

Важным інструментам умацаванні ўлады Габсбургаў у іх спадчыных уладаннях стала створаная ў час Трыцацігадовай вайны пастаянная армія. У выніку вайны Габсбургам удалося захаваць панаванне на тэрыторыях, якія складалі іх спадчыну (Аўстрыя, Чэхія, Маравія, частка Венгрыі). Дзяржаўны лад гэтых уладанняў характарызаваўся спалучэннем цэнтралізаванага апарата з актыўнымі саслоўна-прадстаўнічымі органамі. Ступень цэнтралізацыі была больш высокая ў Аўстрыі і Чэхіі. У Чэхіі Гасбургі сталі спадчынымі манархамі з 1627 г. У Венгрыі ж кароль быў выбіраемы да 1687 г. Тытул імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі ўздымаў аўтарытэт Габсбургаў на міжнароднай арэне і даваў ім магчымасць выступаць арбітрам у спрэчках паміж нямецкімі князямі.

Значнае ўзмацненне цэнтралізацыі ва ўладаннях Габсбургаў адбывалася пры імператары Леапольду І (1657 – 1705). Пры яго ўтупленні на трон Аўстрыйскія герцагствы і Чэхія яшчэ мелі дастаткова моцныя саслоўна-прадстаўнічыя органы, у якіх панавала дваранства. І ўсё ж у сярэдзіне XVII ст. многія ўладныя прэрагатывы саслоўных органаў адыходзяць у мінулае. Усталёўваецца права манарха займацца заканадаўствам без гэтых органаў. У чэшскіх сеймаў было аднята права кантролю над узвядзеннем у дваранскае саслоўе. Сеймы маглі абмяркоўваць тыя ці іншыя пытанні, толькі са згоды караля. Чэшскае каталіцкае дваранства становіцца галоўнай апорай імператара. Пасля падаўлення паўстання 1627 г. землі, канфіскаваныя ў пратэстанскага дваранства, былі перададзены каталіцкаму. Гэта новае каталіцкае дваранства ў чэшскіх землях стала надзейнаю апораю манархіі ў Чэхіі. Аўстрыйскія ландтагі яшчэ захавалі заканадаўчую ініцыятыву. Саслоўныя сходы па-ранейшаму ваціравалі асноўны прамы падатак (кантрыбуцыю) і надзвычайныя зборы (турэцкія грошы). Яны захавалі права набіраць вайсковыя кантынгенты. Выканаўцамі рашэнняў сейма выступалі самі дваране.

Сістэма саслоўных органаў супрацьстаяла цэнтральнаму дзяржаўнаму апарату. Спачатку вышэйшым цэнтральным органам улады ў спадчыных уладаннях Габсбургаў быў Тайны савет, потым у 1665 г. з яго вылучылася Тайная канферэнцыя, якая ведала знешняй палітыкай. Фінансамі ведала гофкамера, якая наступае на фінансавыя правы сеймаў. Кіраўніцтва арміяй знаходзіцца ў руках прыдворнага ваеннага савета гофкрыгсрата, але яму падначальваліся толькі ўласна імператарскія войскі. Імператарская армія паступова павялічваецца: 1688 г. – 14 тыс., 1703 – 129 тыс. Значэнне ж сеймавага кантынгента зніжаецца. Тым не менш, да 20-х гадоў ХVIII cт. захоўваецца сістэма набору ў армію па асобных землях манархіі.

Для кожнай часткі ўладанняў Габсбургаў былі ўтвораны дзяржаўныя канцылярыі на месцах, якія адыгрывалі важную ролю ў складанні цэнтралізаванага бюракратычнага апарата. Справамі Свяшчэннай рымскай імперыі займаецца рэйхсканцэлярыя. Утвараюцца канцэлярыі для аўстрыйскіх, чэшскіх, вянгерскіх земляў. Кіруючыя пасады ў бюракратычных органах займае прыдворная арыстакратыя. Менавіта яна аказалася здольнаю без аглядкі на мясцовыя прывілеі і традыцыі згуртавацца вакол манархіі. Сіла Габсбургаў заключалася ў тым, што да сярэдзіны XVII ст. нямецкая арыстакратыя і новая чэшская арыстакратыя зліліся ў адзін правячы слой, які падтрымліваў цэнтралізатарскую палітыку манархіі.

У другой палове XVII ст. імператар пачынае фарміраваць і мясцовыя органы ўлады. Напрыклад, у чэшскіх землях дзейнічае апеляцыйны суд, у Маравіі і Сілезіі – земскія старасты, як органы, непасрэдна падначальваючыеся імператару. Манархія імкнецца вызваліцца ад залежнасці і ў справе збору падаткаў. У 1682 г. збор турэцкіх грошай быў дэклараваны Леапольдам І без кансультацыі з прадстаўнічымі органамі, і такая практыка становіцца пастаяннай. У 1690 г. без кансультацыі з сасловіямі імператар уводзіць новы падатак (капетацыю), што выклікала моцнае супраціўленне з боку сеймаў. Ён спрабуе аднаасобна ўвесці і акцызны збор.

Умацаванне цэнтралізацыі ў розных частках уладанняў Габсбургаў адбывалася ў розных сацыяльна-эканамічных умовах. У Аўстрыі існаваў сеньярыяльны лад на вёсцы. Тут сеньёр раздаваў землі ў трыманне сялянам. Аўстрыйскі селянін быў асабіста свабодным. Аўстрыйскі сеньёр павінен быў плаціць агульны падатк з зямель свайго дамена і сцецыяльны збор са сваіх сеньярыяльных праў. У Чэхіі ўсталявалася паншчына-прыгонніцкая сістэма. Чэшскі селянін з’яўляўся прыгонным. Чэшскія феадалы паступова вызваляліся ад уплаты прамога падатка на зямлю, поўная адмена якога была афіцыйна зафіксавана ў 1705 г.

У Венгрыі ўсталяванне абсалютнай улады было больш складаным. Тут кароль быў выбарны. Венгерскі сейм захаваў права заканадаўчай ініцыятывы, пажыццёва выбіраў главу мясцовай адміністрацыі з 4 кандыдатаў, якіх прадстаўляў кароль. Вянгерская знаць з недаверам ставілася да Габсбургаў як да іншаземнай манархіі. Апазіцыя Габсбургам у Венгрыі ўзмацнялася тым, што моцныя пазіцыі тут меў пратэстантызм. Каб справіцца з апазіцыяй, Леапольд І спрабуе як мага радзей склікаць венгерскі сейм (за 48 гадоў яго праўлення сейм быў скліканы толькі 4 разы). У 1670 г. Леапольд І, скарыстаўшы як падставу нязначнае паўстанне, уводзіць у Венгрыі сістэму ваеннай акупацыі. Але ў 1681 г. ён вымушаны быў склікаць сейм і вярнуцца да традыцыйнай сістэмы кіравання. Пасля перамогі ў вайне з туркамі Леапольд І у 1687 г. дабіваецца прызнання яго спадчыным манархам Венгрыі. Абапіраючыся на моцную пастаянную армію, кароль стаў самастойна ўводзіць у Венгрыі падаткі, парушыўшы ў 1696 г. нават падатковы імунітэт вянгерскага дваранства.

Адказам на жорсткую цэнтралізатарскую палітыку леапольда І у Венгрыі стала нацыянальнае паўстанне венграў пад кіраўніцтвам Феранца Ракаці ў 1703 -1711 гадах. Падавіўшы паўстанне, Габсбургі ўсё ж вымушаны былі вярнуцца да традыцыйнага кіравання. Венгрыя захавала асобы статус у складзе габсбургскіх уладанняў. Зноў стаў актыўна працаваць венгерскі сейм. Але пасля паўстання Ракаці венгерскі сейм у цэлым ужо заставаўся лаяльным у дачыненні да Габсбургаў. Тым не менш, пераход да абсалютызму ў Венгрыі зацягнуўся ў параўнанні з аўстрыйскімі і чэшскімі землямі.

У 1699 г. завяршылася вайна Аўстрыі з Турцыяй, якая цягнулася з 1683 г. Па ўмовах Карлавацкага міру пад уладу Габсбургаў перайшла ўся Венгрыя і Трансільванія. У выніку Вайны за іспанскую спадчыну, па Утрэхцкаму і Раштацкаму дагаворах Аўстрыя атрымала Іспанскія Нідэрланды, Ламбардыю, Неапаль і Сардынію. Затым сардынія была саступлена савойскаму герцагу ў абмен на Сіцылію. Аўстрыя аказалася ўцягнутаю ў доўгія войны з Іспаніяй за італьянскія землі. У 1735 г. аўстрыйцы вымушаны былі саступіць іспанскім Бурбонам неапаль і Сіцылію.

Імператар Карл VІ не меў сына і гэта ўздымала пытанне аб захаванні цэласнасці ўладанняў аўстрыйскіх Габсбургаў. У 1719 г. імператар выдаў Прагматычную санкцыю, у якой заявіў, што спадчыныя землі Габсбургаў на вечныя часы застаюцца непадзельнымі і перадаюцца, пры адсутнасці мужчыны-наследніка, старэйшай дачцэ. Унутры Аўстрыі прагматычная санкцыя атрымала шырокую падтрымку. Дваранства, як пануючы клас Аўстрыі, было зацікаўлена ў захаванні адзінства краіны. Таго ж патрабавалі і эканамічныя інтарэсы буржуазіі, пераважна нямецкай. З 1720 па 1723 г. Прагматычная санкцыя без праблем атрымала юрыдычнае прызнанне ва ўсіх правінцыях імперыі. Яе таксама прызналі вядучыя еўрапейскія краіны – Іспанія, Расія, Прусія, Англія, Галандыя, Францыя.

Нягледзячы на гэтае прызнанне, у 1740 г. успыхнула Вайна за аўстрыйскую спадчыну. Супраць Аўстрыі выступілі Францыя, Прусія, Саксонія, Савоя, Іспанія, Баварыя. На баку Аўстрыі былі Англія і Расія. У выніку вайны Аўстрыя саступіла Прусіі Сілезію – адну з найбольш багатых правінцый.

Важнай для Аўстрыі па-ранейшаму заставалася турэцкая праблема. Аўстра-турэцкая вайна 1716 – 1718 гадоў была паспяховаю для Габсбургаў. Па мірнаму дагавору Аўстрыя атрымала Банат, Боснію, Белград. Але наступная вайна з Турцыяй у 1737 – 1739 гадах аказалася для аўстрыі няўдалай. Яна страціла ўсе землі на поўдзень ад Дуная.

У ХVIII ст. аўстрыйская прамысловасць уступіла ў мануфактурную стадыю развіцця. З сярэдніх вякоў Аўстрыя атрымала ў спадчыну развітую горна-рудную прамысловасць у Чэхіі, Ціролі. У Чэхіі, Сілезіі актыўна развівалася таксама палатняная мануфактурная вытворчасць. Ніжняя Аўстрыя з Венай сталі цэнтрамі шарсцяной і баваўняна-папяровай прамысловасці. Шэраг буйных мануфактур было створана дзяржавай. Напрыклад, на дзяржаўнай мануфактуры ў Лінцы было занята 30 тыс рабочых. На вёсцы памешчыкі пачалі ствараць прыгонніцкія манафактуры. Тэкстыльныя і металічныя вырабы, прадметы раскошы прадаваліся пераважна на ўнутраным рынку. Больш актыўнае развіццё ўнутранага гандлю ў ХVIII ст. спрыяла збліжэнню розных частак уладанняў Габсбургаў. Знешні гандаль Аўстрыі быў слабым. Больш развітая ў прамысловым плане Чэхія пастаўляла на экспарт палатно, багемскае шкло, паперу. Вена пастаўляла за мяжу шоўк, люстэркі, фарфор. Аўстрыйскі экспарт у асноўным ішоў на Балканы. Аўстрыйскі гандлёвы капітал эксплуатаваў Венгрыю, Трансільванію як рынкі збыту тавараў. Вялікае значэнне як гандлёвыя шляхі мелі рэкі. У ХVIII ст. былі пабудаваны першыя шасейныя дарогі, якія злучылі Вену, Прагу, Брно. Трыест і Фіуме былі абвешчаны вольнымі портамі і сталі буйнымі цэнтрамі знешняга гандлю. Але ў цэлым марскі гандаль не адыгрываў істотнай ролі ў развіцці эканомікі.

Нараджаўшаяся капіталістычная прамысловасць знаходзілася пераважна пад кантролем нямецкай буржуазіі. У асноўным да нямецкай народнасці належала і бюракратыя, значная частка гарадскога насельніцтва Венгрыі і славянскіх земляў. Немцы ўсё больш займаюць пануючае становішча ў розных сферах грамадскага жыцця ва ўладаннях Габсбургаў. У выніку сацыяльныя супярэчнасці ўсё больш перапляталіся з нацыянальнымі.

У Венгрыі пачынаецца канфіскацыя зямель, якія належалі ўдзельнікам паўстання 1703 – 1711 гадоў. Іх атрымалі ў асноўным аўстрыйскія афіцэры, каталіцкія прылаты, фінансісты з Вены. Атрымаўшыя землю ў Венгрыі нямецкія дваране разам з той часткай вянгерскага дваранства, якая засталася вернаю Габсбургам у час паўстання, склалі новуя арыстакратыю Венгрыі, лаяльную манархіі.

Эканамічная палітыка Габсбургаў была накіравана на тое, каб прымусіць Венгрыю гандляваць сельскагаспадарчымі таварамі з Аўстрыяй. Падаўляюцца спробы Венгрыі стварыць сваю прамысловасць. Венгрыя становіца крыніцай сыравіны для аўстрыйскай прамысловасці і манапольным рынкам для збыту прамысловых тавараў.

Важнай асаблівасцю абсалютызму аўстрыйскіх Габсбургаў было тое, што ён меў наднацыянальны характар. Сацыяльныя пласты, зацікаўленыя ва ўмацаванні манархіі, не мелі сувязей з нацыянальнымі інтарэсамі тых краін, на тэрыторыі якіх яны дзейнічалі. Асаблівасцю аўстрыйскага абсалютызму да сярэдзіны ХVIII ст. было і тое, што ён быў каталіцкім і арыстакратычным. Ваенная і цывільная бюракратыя яшчэ не іграла той ролі ў кіраванні краінай, якую яна мела ў Францыі, ці ў Прусіі.

У 1740-я гады ў Аўстрыі пачынаецца серыя рэформ, якія праводзяцца ў русле асветніцкага абсалютызму. Асноўная мэта рэформ заключалася ва ўмацаванні абсалютызму. Марыя-Тэрэзія, пасля ўступлення на трон у 1740 г., пачынае рэарганізоўваць адміністратыўную сістэму, спачатку ў Аўстрыі і Чэхіі. У 1749 г. была ўтворана дырэкторыя – спецыяльны цэнтральны дзяржаўны орган для гэтых зямель. Следам марыя-тэрэзія стварае правінцыйныя органы, незалежныя ад саслоўна-прадстаўнічых органаў і падначаленыя толькі цэнтральнай адміністрацыі ў Вене. У 1760 г. быў заснаваны вышэйшы дзяржаўны савет у якасці вышэйшага дарадчага органа пры імператары.

Рэформа 1749 г. уводзіць цэнтралізаваны набор у аўстрыйскую армію на аснове каскрыпцыйных спісаў. Дваранства, духавенства, чыноўнікі, заможнае бюргерства вызваляліся ад ваенных набораў. Асноўны цяжар ваеннай службы несла сялянства. Большая частка салдат пасля 2-3 гадоў тэрміновай службы працягвалі службу ў запасе і перыядычна выклікаліся на зборы. Памешчыкі былі не задаволены гэтым, бо сяляне на працяглы час адрываліся ад работ. Гарадскія магістраты плацілі падаткі на ўтрыманне арміі.

Ваенная рэформа пацягнула значны рост падаткаў, што выклікала незадавальненне саслоўяў. Каб зламаць іх супраціўленне, імператрыца ідзе на правядзенне рэформы, па якой саслоўныя органы ваціравалі падаткі не штогод, а адразу на 10 год. Затым Марыя-Тэрэзія выдае ўказ аб усеагульным падаходным падатку, што стала важным крокам на шляху ліквідацыі саслоўных прывілеяў. У 1751 г. яна выдае дэкрэт, які забараняе памешчыкам зганяць сялян з зямлі. Тым самым імператрыца імкнулася не дапусціць змяншэння колькасці падаткаплацільшчыкаў і рэкрутаў.

У рамках палітыкі асветніцкага абсалютызму Марыя-тэрэзія правяла некаторыя аграрныя пераўтварэнні. У 1769 г. памешчыкі пазбаўляюцца права судзіць і караць прыгонных сялян. З 1771 па 1778 г. імператрыца выдала серыю ўказаў аб скарачэнні паншчыны, аб выкупе сялянамі права спадчынага ўладання зямлёй, якую яны апрацоўвалі. Паншчына была абмежавана 3 днямі на тыдзень пры 10-гадзінным рабочым дні. У каронных землях прыгоннае права было адмянена.

Значныя перамены адбыліся ў сістэме судавытворчасці. У Аўстрыі былі адменены пыткі, скарацілася прымяненне смяротнага пакарання. Важнае значэнне мелі рэформы ў галіне асветы. Была створана вялікая колькасць пачатковых школ. Сярэдняя і вышэйшая школа ў сувязі з ліквідацыяй ордэна іезуітаў перайшла ў рукі дзяржавы. Галоўным вынікам праўлення Марыі-Тэрэзіі было завяршэнне станаўлення абсалютысцкай сістэмы ў Аўстрыі і Чэхіі.

Працяг палітыкі асветніцкага абсалютызму звязаны з праўленнем Іосіфа ІІ, які ў 1780 г. становіцца самастойным правіцелем. У лістападзе 1781 г. ён выдае ўказ аб адмене прыгоннага права ў Чэхіі, Маравіі і Галіцыі. Сяляне атрымалі асабістую свабоду, але за карыстанне зямлёю павінны былі выконваць паншчыну і іншыя павіннасці на карысць памешчыка. Выкуп надзела быў магчымы толькі са згоды памешчыка. Адмена паншчыны была распаўсюджана на Аўстрыю і Венгрыю. Рэформа 1781 г. садзейнічала ператоку насельніцтва з вёскі ў горад і, адпаведна, мадэрнізацыі грамадства ў Цэнтральнай Еўропе. Патрэбы развіцця эканомікі прымушалі манарха садзейнічаць развіццю адукацыі. Іосіф ІІ уводзіць абавязковае 7-гадовае навучанне, а на бацькоў, якія не пускалі дзяцей у школу, накладае двайны падатак.

У 1789 г. быў выдадзены ўказ, які дакладна вызначаў павіннасці сялян. Паншчына адмянялася цалкам, 70% валавога даходу з сялянскай гаспадаркі павінна было заставацца селяніну, 18% – атрымоўваў памешчык, 12% – дзяржава. Іосіф ІІ лічыў, што гэтымі мерамі ён гарантуе захаванне селяніна як падаткаплацільшчыка і прадухіляе магчымую аграрную рэвалюцыю. Наступленне на прыгоннае права выклікала моцнае супраціўленне дваранства, асабліва ў Венгрыі.

У духу асветніцтва Іосіф ІІ праводзіць палітыку верацярпімасці. У 1781 г. былі прыняты эдзікты, якія ўраўнялі ў правах з каталікамі праваслаўных і пратэстантаў, а з 1782 г. – і яўрэяў. Імператар лічыў, што царква павінна стаць часткаю дзяржаўнага апарата. Былі зачынены многія манастыры, іх маёмасць перайшла ў рукі кароны. Была аслаблена залежнасць каталіцкай царквы ў Аўстрыі ад рыма. Наступленне на пазіцыі царквы было важным элементам палітыкі асветніцкага абсалютызму. Іосіф ІІ зачыніў 700 мужчынскіх і 2000 жаночых манастыроў, канфіскаваў велізарныя царкоўныя маёмасці. Кліру было забаронена непасрэдна звяртацца ў Рым, мінуючы каралеўскую ўладу.

Кіруючы шматнацыянальнай імперыяй, імператар лічыў, што можна ўмацаваць яе цэласнаць толькі праз жорсткую цэнтралізацыю. Пры ім была ліквідавана аўтаномія асобных зямель. Германізацыя Венгрыі і іншых правінцый стала афіцыйнай ўрадавай палітыкай. Гэта выклікала супраціўленне, найбольш значным праяўленнем якога стала рэвалюцыя ў Паўднёвых Нідэрландах, якая ўспыхнула ў 1788 г. У 1789 г. на мяжы паўстання апынулася і Венгрыя, дзе Іосіф ІІ асабліва рэзка праводзіў палітыку цэнтралізацыі і анямечвання. Венгерскае дваранства было адхілена ад кіравання краінай праз саслоўныя органы. Уся ўлада перайшла ў рукі каралеўскіх чыноўнікаў. З 1784 г. выкладанне ў вянгерскіх школах можна было весці толькі на нямецкай мове. Яна ж была моваю дзяржаўнай адміністрацыі. Незадавальненне дваранства выклікала і палітыка Іосіфа ІІ, накіраваная на некаторае паляпшэнне становішча сялянства.



У цэлым рэформы Іосіфа ІІ унеслі істотныя змены ў сістэму кіравання зямель, якія ўваходзілі ва ўладанні Габсбургаў. Да канца праўлення Іосіфа ІІ Аўстрыя фактычна стала адзінаю дзяржаваю. Але рэформы не падарвалі асноў феадалізму. У нацыянальным пытанні палітыка Іосіфа ІІ можа быць ахарактарызавана як рэакцыйная. Рэвалюцыя ў Паўднёвых Нідэрландах і Вялікая французская рэвалюцыя прывялі да згортвання рэформаў. У 1790 г. Іосіф ІІ памірае. Тым самым быў скончаны перыяд асветніцкага абсалютызму ў Аўстрыі. Новы імператар Леапольд ІІ пачынае праводзіць палітыку контррэформаў.

Як піша расійскі даследчык Я. Шымаў, імператар Іосіф ІІ у многім апярэдзіў свой час, а таму быў проста асуджаны на паражэнне. Але яно было тактычным, а не стратэгічным. Тойнбі указвае, што філосаф-цар аказаўся няздольным выратаваць сваіх суайчыннікаў ад крушэння распадаючагася грамадства. Гэта быў прысуд асветніцкаму абсалютызму ў цэлым. У той жа час асветніцкі абсалютызм можна трактаваць, згодна А. Ніканаву, як спробу прыстасаваць элементы новага індустрыяльнага грамадства да ўжо існуючай абсалютысцкай сістэмы кіравання. Гэта аказалася немагчымым у Аўстрыі, таму рэформы былі асуджаны на няўдачу.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка