Тэма. Савецкая Беларусь: дасягненні і праблемы стварал




Дата канвертавання27.03.2016
Памер160.05 Kb.
Тэма. Савецкая Беларусь: дасягненні і праблемы стваральнай працы народа (1945-1991 гг.).

План лекцыі:

1. Аднаўленне народнай гаспадаркі і грамадска-палітычнае жыццё БССР пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны.

2. Адраджэнне і развіццё адукацыі, навукі, літаратуры і мастацтва.

3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.

4. Грамадска-палітычнае жыццё Беларусі ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.
1. Аднаўленне народнай гаспадаркі і грамадска-палітычнае жыццё БССР пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны.

Аднаўленне народнай гаспадаркі. СССР у цэлым і БССР у прыватнасці ўнеслі важкі ўклад у збаўленне свету ад пагрозы нацысцкага панавання. Але перамога дасталася дарагой цаной. СССР страціў каля 1/3, а БССР больш паловы нацыянальнага багацця. Нічым нельга вымераць чалавечыя страты. А на Беларусі загінуў амаль кожны трэці яе жыхар.

Аднаўленне народнай гаспадаркі пачалося адразу пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў усходніх раёнаў рэспублікі (восень 1943 г.)

Аднаўленне народнай гаспадаркі ў БССР меркавалася завяршыць на працягу чацвёртага пяцігадовага плана (1946-1950 гг.). Акцэнт быў зроблены на паскораным аднаўленні энергетыкі і развіцці машынабудавання, стварэнні такіх галін прамысловасці, якіх раней на Беларусі не існавала: аўтамабіле- і трактарабудаванне і інш. Быў пабудаваны Мінскі аўтамабільны завод (МАЗ), першыя аўтамабілі-самазвалы былі выпушчаны ў 1947 г. Трактарны завод пачаў будавацца ў 1946 г., першыя трактары "Беларусь" зышлі з канвеера ў 1953 г.

Дзякуючы развіццю машынабудавання і металаапрацоўкі прамысловасць рэспублікі ў 1950 г. перавысіла даваенны ўзровень на 20%. Але перакос у бок вытворчасці сродкаў вытворчасці прывёў да таго, што ў заняпадзе засталіся традыцыйныя для Беларусі лёгкая, харчовая галіны, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў.

З сярэдзіны 50-х гг. у свеце разгарнулася навукова-тэхнічная рэвалюцыя – якаснае параўтварэнне прадукцыйных сіл на аснове навуковых дасягненняў і ўкаранення іх у вытворчасць. Яна адкрывала магчымасці комплекснай аўтаматызацыі вытворчасці, выкарыстання ЭВМ, новых крыніц энергіі, матэрыялаў і інш. Гэта не магло не закрануць і эканоміку СССР, а разам з тым і БССР. Пераважнае развіццё атрымалі галіны прамысловасці, якія вызначалі тэхнічны прагрэс, - прыборабудаванне, радыётэхнічная, хімічная, нафтахімічная. У першай палове 50-х гг. у Мінску было завершана будаўніцтва і ўступілі ў строй падшыпнікавы, гадзіннікавы, радыятарны заводы, адзін з буйнейшых у Еўропе камвольны камбінат. За пятую пяцігодку (1951 - 1955 гг.) было пабудавана 150 буйных прадпрыемстваў.

Па розных прычынах больш складаным і супярэчлівым было адраджэнне сельскагаспадарчай вытворчасці. Памер разбурэнняў тут таксама быў велізарным. Адбылося вяртанне да калгаснай сістэмы. Пры аднаўленні сельскай гаспадаркі не хапала насення, мінеральных угнаенняў, інвентару і машын. 3-за недахопу коней і трактароў у якасці цяглавай сілы на веснавой сяўбе выкарыстоўваліся каровы. У плуг запрагаліся нават людзі, па 3-4 жанчыны, дзеці – так узорвалі, засявалі значныя зямельныя плошчы.

Адной з найбольш істотных праблем, з якой сутыкнулася сельскагаспадарчая вытворчасць БССР, стаў недахоп людскіх рэсурсаў. Многія салдаты, што вярнуліся з вайны, былі калекамі, няздольнымі выконваць цяжкую сялянскую работу; іншыя, пажыўшы месяц-другі, падаваліся ў горад, рабочыя пасёлкі, уладкоўваліся на працу ў МТС (машынна-трактарныя станцыі). Там прадуктовы’я карткі забяспечвалі рабочага і яго сям'ю харчаваннем, а грошы давалі магчымасць набыць нейкае адзенне.

Ва ўмовах экстэнсіўнага развіцця1 асноўнай крыніцай павелічэння збораў збожжа і іншай прадукцыі паляводства з'яўлялася пашырэнне пасяўных плошчаў. Вырашыць гэтую складаную задачу без значнай колькасці рабочай сілы, без механізацыі было немагчыма. Фонд аплаты працы аказваўся нязначным, і энтузіязм асобных калгаснікаў вельмі слаба падмацоўваўся матэрыяльнымі стымуламі. Калгас амаль нічога не даваў земляробам за іх самаадданую працу. Большасць калгаснікаў не атрымлівала заработную плату. Заставалася толькі асабістая гаспадарка, але і з яе амаль увесь прыбытак ішоў на выплату падаткаў. Спусташэнне і голад панавалі на вёсцы.

Негатыўна сказвалася на развіцці сельскай гаспадаркі жорсткая цэнтралізацы яе кіравання. Зверху загадвалі, што, дзе і як сеяць, колькі мець жывёлы і г. д.

Вытворчасць прыватных сельскіх гаспадарак стрымлівалася наяўнасцю жорсткай падатковай сістэмы.



Калектывізацыя ў заходніх абласцях Беларусі. Да вясны 1949 г. калектывізацыя ў заходніх раёнах БССР вялася даволі абачліва і далікатна, а пасля ліквідацыі асноўных сілаў антысавецкага падполля – ужо тымі самымі метадамі, што і ва ўсходняй частцы беларускіх земляў у 30-я гады. Да 1952 г. з заходніх раёнаў БССР у Расію вывезлі амаль 30 тыс. “кулакоў”. Маёмасць высяленцаў канфіскоўвалася і перадавалася дзяржаўным установам і калгасам.

Аднаасобнікаў заганялі ў калгасы і эканамічным уціскам: абразалі надзелы, павялічвалі натуральныя падаткі (сельгаснарыхтоўкі).

Калі ў 1948 г. у калгасы ў заходняй Беларусі былі аб’яднаныя каля 5% сялянскіх двароў, то ў 1950 г. - ужо каля 82%.

У цэлым, дасягнуць даваеннага ўзроўню па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў чацвёртую пяцігодку не ўдалося.



Грамадска-палітычнае жыццё. У пасляваенны час, як і ў 1930-40-я гг., уся паўната ўлады была сканцэнтравана ў руках камуністычнай партыі і, у выніку спецыфічнай пабудовы апошняй, у руках яе кіраўніка - I. Сталіна.

Цэнтральныя ўлады акрэслівалі асабісты недавер і падазронасць да вызваленых народаў. Л. Цанава, які напярэдадні і ў першыя пасляваенныя гады ўзначальваў рэпрэсіўны апарат НКУС БССР, лічыў: усе тыя, хто не прымаў актыўнага ўдзелу ў партызанскай барацьбе - здраднікі. У той самы час без удакладнення фактаў альбо на сфальсіфікаванай падставе ў турму былі кінуты многія мінскія падпольшчыкі, партызанскія сувязныя, былыя ваеннапалонныя.

Асабліва напружаным было становішча ў заходніх абласцях Беларусі, дзе пад час вайны і ў першыя пасляваенныя гады дзейнічалі атрады Арміі Краёвай2. Менавіта тут бачылася НКУС "гняздо нацыяналізму і кулацтва". Сітуацыя яшчэ больш ускладнілася з пачаткам масавай калектывізацыі ў гэтых раёнах.

Недавер да беларускага насельніцтва перакінуўся на мясцовае партыйна-савецкае кіраўніцтва. У 1951 г. урад БССР складаўся з 22 рускіх, аднаго грузіна, аднаго яўрэя і дзевяці беларусаў.

У пасляваенныя гады на Беларусь прыйшла новая хваля рэпрэсій — чарговыя арышты, дэпартацыі людзей на спецпасяленні і ссылку, абмежаванні на некаторыя віды дзейнасці і г.д. Рэпрэсіі праводзіліся з часу вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашыецкіх захопнікаў да 1952 г. Палітыка рэпрэсій на Беларусі ў значнай ступені звязана з дзейнасцю паплечніка Лаўрэнція Берыя – Лаўрэнція Л. Цанавы. У канцы 40-х гадоў ён паспрабаваў расправіцца з Сяргеем Прытыцкім, які тады ўзначальваў Гродзенскі абком партыі. I толькі дзякуючы прынцыповай пазіцыі ЦК КПБ, і перш за ўсё першага сакратара ЦК Мікалая Патолічава, Прытыцкага здолелі адстаяць.

Шырокую агалоску ў 1951 г. атрымала “справа Саевіча”. Платон Саевіч, нарком асветы рэспублікі, быў абвінавачаны ў змове з “югаслаўскімі рэвізіяністамі”, у трацкізме, а таксама ў валютных махінацыях. Нягледзячы на абсалютную абсурднасць абвінавачванняў, П.В.Саевіч быў асуджаны да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.

У пасляваенныя гады былі зноў рэпрэсіраваны пісьменнікі Уладзімір Дубоўка, Сяргей Грахоўскі і многія інш.

Наогул, галоўны ўдар у гэтыя гады быў накіраваны на інтэлігенцыю, таму што менавіта ў яе асяроддзі нараджаліся ідэі абнаўлення і яна магла падвесці грамадства да асэнсавання неабходнасці змен.

У аснову кампаніі супраць творчай інтэлігенцыі былі пакладзены пастановы ЦК ВКП(б) «Аб часопісах “Звязда” і “Ленінград”» (1946), «Аб оперы “Вялікая дружба”» (1948) і іншыя, у якіх у рэзкай форме крытыкавалася творчасць некаторых пісьменнікаў, паэтаў, кампазітараў, а таксама дзейнасць тэатраў і літаратурных часопісаў за нізкі ідэйна-мастацкі ўзровень, апалітычнасць, нізкапаклонства перад Захадам і г.д.

Выкананне гэтых пастаноў закранула практычна ўсе напрамкі літаратуры і мастацтва, навуковыя дысцыпліны, пачаўся пошук “недахопаў” і “памылак”. У дзейнасці грамадска-палітычных і літаратурных часопісаў “Беларусь”, “Полымя” быў выяўлены шэраг “безыдэйных”, “ідэалагічна шкодных” твораў. Пад крытыку падпалі часопіс “Бальшавік Беларусі”, газеты “Советская Белоруссія”, “Звязда” і інш. Нездавальняючым быў прызнаны рэпертуар драматычных тэатраў Беларусі. Пачалася барацьба з т.зв. касмапалітызмам, нізкапаклонствам перад Захадам.

Былі ашальмаваны многія буйныя вучоныя, у тым ліку Антон Жэбрак. Выдатны савецкі вучоны-генетык, паслядоўнік М.І. Вавілава, ён у 1947 г. быў абраны прэзідэнтам Беларускай акадэміі навук. У тым жа годзе пачаліся і ганенні. Падставай з’явіўся надрукаваны ім яшчэ ў 1945 г. навуковы артыкул у амерыканскім часопісе. А.Р.Жэбрак быў на доўгія гады адлучаны ад паўнацэннай навуковай працы, але не здрадзіў сваім поглядам.

Міжнароднае прызнанне Беларусі. Беларусь унесла ў перамогу над фашызмам не меншы ўклад, чым Францыя ці Польшча. У рэгулярнай арміі ваявала больш за мільён жыхароў беларускай рэспублікі. Таму не выпадкова кіраўнікі антыгітлераўскай кааліцыі надалі БССР права заснавальніцы Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў (ААН). Беларуская дэлегацыя 26 чэрвеня 1945 г. падпісала Статут ААН.
2. Адраджэнне і развіццё адукацыі, навукі, літаратуры і мастацтва.
За гады 2-й сусветнай вайны была знішчана амаль уся матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў навукі і культуры, не прыйшлі з вайны многія адукаваныя і прафесійна падрыхтаваныя людзі. У такіх умовах адразу пасля вызвалення пачынаецца культурнае аднаўленне БССР.

Адукацыя. За гады вайны на Беларусі была амаль поўнасцю знішчана матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў навукі, адукацыі і культуры, загінулі многія навукоўцы і выкладчыкі. Але да 1950 г. школьная сетка ў рэспубліцы была адноўлена.

Да сярэдзіны 50-х гг. быў завершаны пераход да ўсеагульнага сямігадовага навучання.

У снежні 1958 г. Вярхоўны Савет СССР прыняў Закон "Аб умацаванні сувязі школы з жыццём і аб далейшым развіцці народнай адукацыі СССР", згодна з якім сямігадовыя школы пераўтвараліся ў васьмігадовыя, сярэднія – у агульнаадукацыйныя адзінаццацігадовыя з вытворчым навучаннем. Ствараліся школы-інтэрнаты, у якіх вучыліся дзеці-сіраты і дзеці з малазабяспечаных сем'яў. Ва ўсіх сярэдніх і большасці васьмігадовых школах былі адкрыты майстэрні. Школы пераходзілі на кабінетную сістэму.

Навука. У галіне натуральных навук ішла барацьба супраць генетыкаў. Акадэміка Антона Жэбрака знялі з пасады прэзідэнта АН БССР. Вядомыя навукоўцы Беларусі не мелі права станоўча ставіцца да дасягненняў замежнай “буржуазнай” навукі. Ніводнае выданне не магло пабачыць свет без дазволу Галоўнага ўпраўлення па справах літаратуры і выдавецкай дзейнасці пры Савеце Міністраў БССР, створанага ў 1951 г. Доступ да замежнай літаратуры абмяжоўваўся.

Літаратура. Развіццё беларускай літаратуры ішло ў вельмі складаных умовах. Дыктат камуністычнай партыі, перавага стылю “сацыялістычнага рэалізму” – гэта прывяло да таго, што многія літаратурныя творы вызначаліся бесканфліктнасцю і ідэалізацыяй савецкага ладу.

Пільную ўвагу беларускіх пісьменнікаў прыцягвала гераічная эпапея барацьбы народа з фашызмам. Ідэйна-эстэтычнае асэнсаванне ваенных падзей наша проза пачала па гарачых слядах (“Глыбокая плынь” Івана Шамякіна, “Векапомныя дні” Міхася Лынькова, “Мінскі напрамак” Івана Мележа і інш.). Але яны не мелі права адступаць ад прынцыпаў так званага сацыялістычнага рэалізму – паказваць жыццё такім, якім хацела яго бачыць улада, гэта значыць, бесканфліктным і поўным веры ў шчаслівую камуністычную будучыню.



Выяўленчае мастацтва. Адной з галоўных тэм мастацтва становіцца гераізм савецкіх людзей у гады вайны. Героіку савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны ўвасабляюць мастакі Яўген Зайцаў, Валянцін Волкаў і інш. Ярка праявіўся талент скульптара Заіра Азгура. Ён стварыў цэлую серыю партрэтаў гістарычных дзеячаў і герояў сучаснасці. Значным дасягненнем стаў ансамбль Плошчы Перамогі (1954), створаны З.Азгурам, Андрэям Бембелем, Аляксеям Глебавым, Сяргеем Селіханавым.
3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.
У канцы 50-х гг. адбыліся перамены ў кіраўніцтве гаспадаркай, у 1958 г. быў створаны Савет Народнай гаспадаркі БССР (Саўнаргас). Саўнаргасы садзейнічалі лепшаму выкарыстанню мясцовых рэсурсаў, узмацненню спецыялізацыі і г.д.

Фарміраванне прамысловага комплексу БССР. За 1956 - 1965 гг. у рэспубліцы было ўведзена ў строй звыш 450 буйных прадпрыемстваў - БелАЗ у Жодзіне, Салігорскі калійны камбінат, Магілёўскі металургічны камбінат, Полацкі нафтаперапрацоўчы камбінат, 1-я чарга азотнатукавага завода ў Гродна. У Беларусі з'явіўся новы від транспарту - трубаправодны.

Аднак з 1962 г. назіраецца зніжэнне ўсіх паказчыкаў прамысловай вытворчасці. Саўнаргасы не змаглі змяніць становішча. Прычынай зніжэння паказчыкаў было вычарпанне экстэнсіўных шляхоў развіцця.

Са зменай кіраўніцтва СССР (Сталін памёр 5 сакавіка 1953 г.) у 1953 г. рабіліся захады па паляпшэнні сітуацыі ў сельскай гаспадарцы. Улады пачалi шукаць выхад з крызiсу сельскай гаспадаркі шляхам павышэння цэн на сельскагаспадарчую прадукцыю, пераразмеркавання бюджэту на карысць сяла i iнш. Умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база сяла, у 1958 г. тэхнiка з МТС была перададзена калгасам. Калгасы атрымалi каля 10 тыс. спецыялiстаў. Гэта прывяло да станоўчых вынiкаў. Павысіўся валавы збор зерня, вытворчасць мяса, малака i г.д. Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркi перавысiла ўзровень 1950г. на 70%.

Аднак дасягнуты рост сельскагаспадарчай вытворчасці ў пачатку 60-х гадоў быў знiжаны ў сувязi з правядзеннем палiтыкi нацiску на ўласную гаспадарку сялян, насаджэння кукурузы i лiквiдацыi травапольнай сiстэмы, знiшчэння коней, "узбуйнення калгасаў", што прывяло да крызiсу сельскай гаспадаркі ў сярэдзiне 60-х гадоў. Развіццё аграрнага сектара адставала ад прамысловага, уражайнасць збожжавых культур і бульбы непавышалася. З 1961 года пачаў адчувацца дэфіцыт прадуктаў харчавання, у радзе месц пачалі ўводзіцца харчовыя карткі, павысіліся цэны на мяса і масла. Краіна пачала закупляць збожжа за мяжой.



Эканамічная рэформа 1965 г. У кастрычніку 1964 г. М.С. Хрушчоў быў абвінавачаны ў “валюнтарызме і суб’етывізме” і вызвалены з займаемай пасады першага сакратара ЦК КПСС. Генеральным сакратаром ЦК КПСС стаў Леанід Брэжнеў, старшынёй Савета Міністраў СССР – Аляксей Касыгін.

Новае кіраўніцтва пачало эканамічныя рэформы. У сельскай гаспадарцы была зменена сістэма нарыхтовак прадукцыі (уводзіўся цвёрды і нязменны план на пяць гадоў для кожнага суб’екта гаспадарання), вызначаліся меры матэрыяльнага стымулявання за звышпланавую проданную прадукцыю (50% надбаўка). У паўтары-два разы павышаліся закупачныя цэны, павялічваліся капіталаўкладанні ў сельскую гаспадарку, пастаўкі сельскагаспадарчай тэхнікі. Павышалася самастойнасць калгасаў і саўгасаў, уводзіліся элементы гаспадарчага разліку.

У сферы прамысловасці былі зроблены спробы ўдасканалення планіравання і ўзмацнення матэрыяльнага стымуліравання вытворчасці. Галоўным крытэрыем ацэнкі эффектыўнасці работы завода або фабрыкі станавілася не валавая вытворчасць прадукцыі, а аб’ём яе рэалізацыі. Павышалася самастойнасць прадпрыемстваў, уводзіўся гаспадарчы разлік. Прадпрыемствам дазвалялася самастойна расходваць частку сродкаў для развіцця вытворчасці, матэрыяльнага стымулявання, будаўніцтва жылля, развіцця сацыяльнай сферы.

Была зменена сістэма кіравання прамысловасцю. Былі ліквідаваны саўнаргасы і адноўлены міністэрствы. Павялічваліся капіталаўкладанні. Праведзеныя рэформы ў цэлым дадатна адбіліся на эканамічным развіцці як Савецкага Саюза, так і Беларусі.

У другой палове 60-х гадоў прамысловасць Беларусі развівалася даволі паспяхова. Значную долю ў ёй заняла радыётэхніка, электроніка, оптыка, якія выкарыстоўваліся ў асноўным у ваенных мэтах.

У 70-х гадах БСС-Р па аб’еме прамысловай вытворчасці зраўнялася ці нават пераўзышла такія дзяржавы, як Аўстрыя, Венгрыя. У 1985 г. прамысловасць Беларусі давала 60% валавага нацыянальнага прадукту.



Замаруджванне тэмпаў росту эканомікі і сацыяльнай сферы ў першай палове 1980-х гг. У той жа час каб не дапусціць беспрацоўя, прадпрыемствы ўтрымлівалі празмерную колькасць рабочых і разгалінаваную заводскую адміністрацыю, што рабіла немагчымай рацыянальную арганізацыю працы.

Як толькі пачаліся спробы павысіць якасць прадукцыі і абмежаваць страты, сярэднегадавыя тэмпы прыросту прамысловасці ў Беларусі скараціліся ў 1981—1985 гг. у параўнанні з 1961—1965 гг. амаль удвая. У выніку беларуская прамысловасць па ўзроўні новых тэхналогіяў пачала безнадзейна адставаць ад краінаў Захаду.

У сельскую гаспадарку ўкладваліся вялікія сродкі, але не заўсёды рацыянальна. Мяса і малака выраблялася столькі, што ў Беларусі не хапала халадзільнікаў і прамысловых магутнасцяў для іх перапрацоўкі. Але харчоваперапрацоўчыя прадпрыемствы ўсё роўна не будаваліся.

Ураджайнасць збожжавых на пачатку 80-х гадоў узрасла да 22 цэнтнераў з гектара. Яна была вышэйшая, чым у гаспадарках Украіны і Расіі, але ўтрая ніжэйшая ў параўнанні з заходнееўрапейскімі краінамі. Страты сельскагаспадарчай прадукцыі даходзілі да 40%. А страты ад крадзяжоў проста не падлічваліся.

На пачатку 1980-х гг. крызісны стан сельскай гаспадаркі стаў відавочным. Калгасная сістэма прывяла да таго, што пачуццё гаспадара сярод вяскоўцаў было канчаткова згублена. Адчужэнне працаўніка ад сродкаў вытворчасці стала рэальнасцю. Паскорыўся працэс міграцыі з вёскі ў горад. 3 1970 па 1984 вясковае насельніцтва ў БССР паменшылася амаль у 1,5 разы.

Узровень жыцця народа. У першае дзесяцігоддзе пасля смерці Сталіна з прыходам да ўлады новага кіраўніцтва краінай значные змены адбыліся і ў сацыяльнай палітыцы. Хутка развівалася жыллёвае будаўніцтва. У 1951–1965 гг. жыллёвыя ўмовы палепшылі каля 4 млн. чалавек, амаль палова усіх жыхароў рэспублікі. Павялічылася аплата працы, у выніку рэальныя даходы працоўных ужо ў 1958 г. выраслі ў параўнанні з 1950 годам на 60%.

У 1956 годзе быў прыняты Закон аб пенсійным забяспячэнні калгаснікаў. Праўда, мінімальные пенсіі складалі толькі 12 рублёў у месяц, таму пенсіянеры, як правіла, прадаўжалі працаваць. Паменшылася працягласць працоўнага дня, а затым быў зроблены пераход на пяцідзённы працоўны тыдзень. Паступова паляпшалася медыцынскае абслугоўванне людзей.

У другой палове 1960-х – 1970-я гг. адбывалася далейшае паляпшэнне дабрабыту працоўных. Рэальныя даходы павысіліся амаль у два разы. За 1960-1985 гг. сярэднямесячная праца ў прамысловасці вырасла з 63 р. да 173 р., аплата працы сельскіх працаўнікоў амаль дасягнула узроўню прамысловых рабочых і склала ў сярэднім 154 р. Гэта з улікам прадастаўлення бясплатнага жылля, сімвалічнай платы за камунальныя паслугі, іншымі сацыяльнымі льготамі дазваляла дасягнуць хаця і небагатага, але даволі прыстойнага ўзроўню жыцця.

Аднак рост рэальных даходаў працоўных і, як вынік гэтага, павышэнне пакупной здольнасці з аднаго боку, і з другога, недастатковая пераарыентаванасць з цяжкай прамысловасці на вытворчасць тавараў народнага спажывання прывялі да з’яўлення дэфіцыту тавараў і ўтварэння

ў гандлёвых кропках чэргаў. За 1971-1985 гг. грашовая маса павялічылася болей чым у 3 разы, а таварная – толькі ў 2 разы.

Праблемы экалогіі. У БССР выпускалася каля 25% хімічнай прадукцыі Савецкага Саюза. Ужо на пачатку 80-х гадоў у Салігорску, Наваполацку, Магілёве, Гародні ўзніклі асяродкі сур’езнай экалагічнай пагрозы. Хімічныя гіганты будаваліся ў БССР, як правіла, з парушэннем набытай за мяжой тэхналогіі.

На працягу 70-х гадоў было асушана каля аднаго мільёна гектараў забалочаных земляў. Грунтовыя воды ішлі ў глыбіню, а балоты ператвараліся ў пустэльні.

Тысячы гектараў адводзіліся пад ваенныя аб’екты. Па насычанасці вайскоўцамі і ядзернай зброяй Беларусь займала сярод іншых савецкіх рэспублік першае месца. 3 44 ракетных баз 23 ваеннае ведамства размясціла на тэрыторыі БССР.
4. Грамадска-палітычнае жыццё Беларусі ў другой палове 1950-х – першай палове 1980-х гг.
“Адліга”. Пасля XX з'езда партыі (1956), які асудзіў культ асобы Сталіна, наступіла так званая хрушчоўская "адліга", спыніліся арышты, людзі сталі больш свабодна выказваць свае думкі. Была праведзена частковая рэабілітацыя ахвяр палітычных рэпрэсій. У БССР было рэабілітавана каля 30 тыс. чалавек, у тым ліку вядучыя палітычныя дзеячы рэспублікі ў 20–30-х гг. В. Кнорын, А. Чарвякоў, В. Шаранговічі інш. Рэспубліканскія ўлады атрымалі больш самастойнасці ў вырашэнні сацыяльна-эканамічных і палітычных праблем. Але далей некаторага паслаблення кантролю "зверху" справа не пайшла. Таталітарная сутнасць існаваўшага палітычнага заставалася непахіснай.

Пасля 1964 г., калі да ўлады прыйшоў Л. Брэжнеў, "адліга" скончылася. Узмацніліся ганенні па палітычных матывах. Партыя імкнулася захаваць ўладу, атрыманую з рук Сталіна, і ўступаць яе нікому не збіралася.



Кіруючая роля Камуністычнай партыі. Саветы. Прафсаюзы. Камсамол. Фактычнае кіраўніцтва краінай ажыццяўлялася Камуністычнай партыяй Савецкага Саюзу (КПСС), што, адпаведна, зніжала ролю Саветаў. Адбывалася трансфармацыя партыі ў напрамку яе поўнага пераўтварэння ў дзяржаўную арганізацыю. Галіновыя аддзелы партыі непасрэдна займаліся пытаннямі народнай гаспадаркі. Партыйная наменклатура3 усё больш ператваралася ў асобую прывілеяваную “касту”. У пачатку 80-х гг. у маштабах краіны наменклатурная эліта дасягнула 18 млн чалавек.

Важную ролю ў палітычнай структуры і жыцці грамадстваадыгралі прафсаюзы, якія ўключалі ў сябе амаль усіх працуючых, і Ленінскі Камуністычны Саюз Моладзі, які ахопліваў амаль усю моладзь. Аднак іх дзейнасць была заарганізавана, цэнтралізавана і паступова пачала пакідаць усё менш месца для ініцыятывы асобнага чалавека, актыўнасць іх членаў усё больш фармалізавалася.

Трэба адзначыць, што сярод кіраўнікоў рэспублікі былі даволі аўтарытэтныя, кампетэнтныя людзі. I сёння з павагай успамінаюць Кірыла Мазурава — Першага сакратара ЦК КПБ з 1956 па 1965 г., Пятра Машэрава — Першага сакратара ЦК КПБ з 1965 па 1980 г.

У 1965 - 1980 гг. Кампартыю Беларусі узначальваў Пётр Машэраў. Ён нямала зрабіў для развіцця гаспадаркі, навукі і культуры рэспублікі. Высокія маральныя якасці, працавітасць, дэмакратычнасць Пятра Машэрава здабылі яму аўтарытэт і павагу ў народзе. Але і на яго аказвалі ўплыў абставіны, у якіх ён працаваў. Негатыўныя з'явы нарасталі у дзейнасці партыйна-дзяржаўных структур Беларусі.



Існаваў таталітарны кантроль за сродкамі інфармацыі, друкам, культурным жыццём. Але людзі знаходзілі іншыя шляхі для абмену думкамі і ідэямі. Напрыклад, выпуск самавыдавецкай літаратуры, распаўсюджванне інфармацыйных лістоў, асабістыя кантакты, сустрэчы. Камітэт дзяржаўнай бяспекі (КДБ) разам з партыйнымі арганізацыямі рабіў усё, каб выкарчаваць з грамадска-палітычнага жыцця "іншадумнасць".



1 Экстэнсіўны шлях развіцця – форма развіцця эканомікі за кошт колькаснага (а не якаснага) павелічэння чыннікаў вытворчасці. Напрыклад, уключэнне ў вытворчасць дадатковай рабочай сілы, будаўніцтва новых прадпрыемстваў, павелічэнне пасяўных плошчаў пры захаванні папярэдняга ўзроўню тэхналогій.

2 Армія Краёва (АК) – узброеная падпольная арганізацыя, якая дзейнічала на акупіраванай нацысцкай Германіяй тэрыторыі Польшчы і частцы тэрыторыі былога СССР (Заходняя Беларусь, Заходняя Украіна, Літва). Ставіла мэту аднаўлення Польшчы ў межах да верасня 1939. Пасля вызвалення Чырвонай Арміяй Беларусі ад нямецкіх акупантаў частка былых членаў АК перайшла да ўзброенай барацьбы супраць савецкай улады. У 1944-45 гг. у Заходняй Беларусі адбываліся шматлікія напады на вайскоўцаў, савецкіх актывістаў, мясцовых жыхароў, якія падтрымалі савецкую ўладу, перасяленцаў з усходніх рэгіёнаў. Асобныя акцыі зафіксаваны аж да пачатку 1950-х гадоў.

3 Наменклатура - гэта сацыяльная праслойка, якая была сфарміравана партыйнымі органамі і пастаўлена па сутнасці над грамадствам.




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка