Тэма Рассяленне славян на тэрыторыі Беларусі Генезіс усходнеславянскіх плямён і шляхі іх рассялення па тэрыторыі Беларусі. Праблема паходжання беларусаў




Дата канвертавання21.05.2016
Памер131.07 Kb.
Тэма 5. Рассяленне славян на тэрыторыі Беларусі
1. Генезіс усходнеславянскіх плямён і шляхі іх рассялення па тэрыторыі Беларусі. Праблема паходжання беларусаў
Этнонім “славяне” выводзяць ад “слова” (г.зн. славяне–тыя, хто разумее словы, у адрозненне ад “нямых”-немцаў).

Паводле меркаванняў многіх археолагаў, старажытныя славяне, таксама як і германцы і балты, былі нашчадкамі жывёлагадоўча-земляробскіх плямён шнураваннай керамікі культуры, якія на мяжы 3 і 2 тысячагоддзяў да н.э. рассяліліся з Паўночнага Прычэрнамор’я і Прыкарпацця па Цэнтральнай, Паўночнай і Усходняй Еўропе.

Некаторыя археолагі лічаць праславянамі носьбітаў чарналескай культуры ў падняпроўі, невраў і скіфаў-земляробаў. Існуе меркаванне пра сувязь са славянамі мілаградскай і зарубінецкай культуры, яе прыемніцы кіеўскай культуры. Апошнюю звязваюць з продкамі ўсходніх славян.

Пра местазнаходжанне славянскай прарадзімы існуюць розныя погляды. Па адной з версій яна знаходзілася паміж Эльбай і Одэрам на захадзе, у басейне Віслы, у Верхнім Паднястроўі і да сярэдняга Падняпроўя на Усходзе.

Паўночнымі суседзямі славян былі германцы і балты, якія разам са славянамі складалі паўночную групу індаеўрапейскіх плямён, усходнімі суседзямі былі заходне-іранскія плямёны: скіфы, сарматы, паўднёвымі –фракійцы і ілірыйцы, заходнімі–кельты.

У канцы 5 ст. славяне падзяліліся на 2 групы: антаў і склавінаў.

Славяне пачалі распадацца на асобныя пляменныя групоўкі. Ужо з 6 ст. вядомы дулебы ( у больш позні час назва паляне), севяране, драўляне, углічы, ціверцы, харваты, дрыгавічы, крывічы, радзімічы, вяцічы і і нш.

У выніку рассялення славян на вялізных прасторах, на якіх жыло рознае мясцовае насельніцтва, этнічная і моўная супольнасць славян пачала разбурацца, што прывяло да ўтварэння трох славянскіх груповак–заходняй, паўднёвай і ўсходняй. З распадам родавага ладу і ўзнікненнем старажытнейшых славянскіх дзяржаў (1-е балгарскае царства, дзяржава Сама, Вялікамараўская дзяржава, Кіеўская Русь і інш. ) у канцы першага тысячагоддзя пачалі фарміравацца сярэдневяковыя народнасці: палякі, чэхі, крыху пазней славакі (зах.славяне), славенцы, сербы, харваты і балгары (паўд. славяне). Ва ўсходніх славян ішоў працэс фарміравання старажытна-рускай народнасці.

Cярод навукоўцаў няма адзінага погляду на паходжанне беларусаў. Існуюць розныя канцэпцыі этнагенезу беларусаў.


    • Фінская (І.Ласкоў) Славяне і фіны. (Назвы рэк і азёр:Мардва, Дзвіна, Свір – фінскага паходжання);

    • Балцкая (Сядоў В., Штыхаў Г. і нш.) Славяне і балты (Назвы рэк:Арэса, Клёва, Рэста і інш.–балцкага паходжання. Некаторыя элементы традыцыйнай беларускай культуры і мовы: культ ужа, жаночы галаўны ўбор намітка, цвёрдае “р” і інш.)

    • Крывіцка-дрыгавіцка-радзіміцкая (Я.Карскі, М.Доўнар-Запольскі, У. Пічэта і інш.) Крывічы, радзімічы, дрыгавічы. (Праемственнасць мат. культуры, мовы: саха з перакладной паліцай, “оканье” і інш.)

    • У канцэпцыі Піліпенкі М. ёсць дадатковая ступенька (прыступка) паміж крывічамі, дрыгавічамі, радзімічамі і беларускай народнасцю – палешукі і беларусцы.

    • Старажытнаруская (Карнейчык Е. І інш) Беларусы-частка старажытнарускага народа. (У Кіеўскай Русі існавала агульная мова, культура.)

    • Субстратнага паходжання беларусаў, сутнасць якой зводзіцца да таго, што ў беларускім арэале слявяне паступова асімілявалі балтаў, але ў той жа час самі зазналі ўздзеянне лета-літоўскага этнічнага субстрата.

Даследчыкі ў галіне генагеаграфіі прыйшлі да высновы, што ўся тэрыторыя Беларусі была залкам заселена продкамі сучаснага насельніцтва прыкладна 10 тыс. гадоў таму назад. Можна меркаваць, што мы з’яўляемся тутэйшымі нашчадкамі сваіх тутэйшых продкаў,сцвярджае М.Мікуліч (Гіст. навука і гіст. адукацыя ў рэспубліцы Беларусь. Усебеларуская канферэнцыя гісторыкаў. Мн., 1994.–с. 66). Антрапалагічны тып беларусаў-сярэднееўрапейскі варыянт еўразійскай (еўрапеоіднай ) расы.

Даследаванне генафонду насельніцтва Беларусі сведчыць аб бытаванні ў рэгіёне Беларусі блізкароднасных этнасаў. Устаноўлена адпаведнасць сучаснага генафонду беларусаў старажытнаму прабацькоўскаму. Інакш кажучы, беларусы з’яўляюцца аўтахтонным насельніцвам Беларусі.

У 1956 г. В.Бунак выдзеліў сярод беларусаў 2 асноўныя антрапалагічныя тыпы: верхнеднепроўскі, да якога належыць насельніцтва паўночна-заходняга, паўночны і паўночна-ўсходняга раёнаў рэспублікі, і палескі, што ўключае жыхароў Палесся.
2. Разлажэнне першабытна-абшчынных адносін. Узнікненне класавага грамадства.
Пісьмовыя крыніцы сведчаць, што ў крывічоў-палачан, радзімічаў і Дры-гавічоў ужо ў VI—VIII стст. былі свае "княжанні", склаўшыяся на аснове этнічных супольнасцей. Гэта былі даволі ўстойлівыя этнаграфічныя аб'яднанні, якія ўтварыліся стыхійна. На думку Г.В.Штыхава, яны ўяўлялі сабой не плямёны, як у раннім жалезным веку, а саюзы плямён, склаўшыяся протанароднасці ("народцы") і аднача-сова дзяржаўныя ўтварэнні ці прота - дзяржавы. "Княжанні" складаліся з валасцей-княстваў, былых радавых абшчын. У кожнай воласці-княстве меліся свае веча і свае князі з дружынамі. Заканадаў-чая ўлада ў воласці належала веча - народнаму сходу. Яно збірала-ся ў галоўным горадзе воласці.

Веча выбірала князя і адмаўляла яму ў даверы, калі ён парушаў пастаўленыя ўмовы, абвяшчала вайну і заключала мір з суседзямі. На веча назначаліся "ўраднікі" на свабодныя пасады, прымаліся пастановы, рэгулюючыя гаспа-дарчыя і грамадска-прававыя адносіны ў межах воласці.Валасныя князі, як правіла, рэкрутаваліся з былых радавых ста-рэйшын. Яны ажыццяўлялі выканаўчую ўладу ў воласці. Разам з дружынаю яны абаранялі тэрыторыю воласці ад знешніх ворагаў, ахоўвалі гандлёвыя шляхі і купецкія караваны, якія праходзілі праз тэрыторыю воласці, ажыццяўлялі ваенныя паходы ў суседнія землі, чынілі суд і расправу над сваімі супляменнікамі.

Племянныя князі выбіраліся з ліку еаласных па праву старшын-ства, па маральных якасцях, ваенных здольнасцях. Акрамя прадстаўнікоў мясцовай фармацыі мелі месца прызванні на княжацкі пасад і прышлых людзей. Яны вербаваліся з нармана-варажскіх элементаў, якія часта праходзілі праз беларускія землі з поўначы на поўдзень. Як вербаваўся ў князі прышлы элемент сведчыць летапіснае паданне аб прызванні ў Наўгародскую зямлю Рурыка з сям'ёю і скарбам.

У некаторых жа мясцовасцях варагі бралі ўладу ў свае рукі і сілай зброі, прымушаючы падначаленае насельніцтва плаціць ім даніну. Прадэманструем гэтую акалічнасць на прыкладзе Полацкай зямлі, якая аб'ядноўвала суседнія воласці-княствы і цэнтрам якой быў г. Полацк. Княжылі тут князі мясцовай дынастыі недзе з VI ст., аб чым сведчыць адна са скандынаўскіх сагаў. На жаль, нельга назваць іх імёны, таму што яны не ўпамінаюцца ў пісьмо-вых крыніцах.

Першым, з вядомых па летапісе князёў, быў Рагвалод, які княжыў у апошняй чвэрці X ст., а з'явіўся на Полаччыне, як гаворыць "Аповесць мінулых гадоў", дзякуючы прызванню на княжацкі пасад у Ноўгарадзе Рурыка. Уладкаваўшыся, Рурык пачаў раздаваць гарады мужам сваім, у тым ліку і Полацк. Але нельга адвяргаць і меркаванне аб тым, што Рагвалод быў патомкам мясцо-вай княжацкай дынастыі. Тое ж самае можна сказаць і адносна першага летапіснага князя дрыгавічоў - Тура, радзімічаў - Радзіма. Полацкія крывічы плацілі даніну варагам. У 862 г. крывічы разам з другімі плямёнамі прагналі варагаў за мора, адкуль яны прыйшлі. Аднак потым, як паведамляе летапіс, чудзь, наўгародскія славяне і крывічы) заклікалі да сябе варажскіх князёў. У час паходу князя Алега (907 г) і Ігара (944 г.) супраць грэкаў прымалі ўдзел і крывічы. А ў канцы X ст. на аснове племяннога княжання крывічоў склалася буйное Полацкае княства - самастойная дзяржава на тэрыторыі паўночнай Беларусі.
3. Саюзы плямен (княжанні).
У выніку славяна-балцкага сінтэзу ў VIII - Х стст. узніклі новыя этнічныя славянскія супольнасці, якія часта ўпамінаюцца ў сярэдне-вяковых пісьмовых крыніцах. Гэта - дрыгавічы, радзімічы, крывічы.

Дрыгавічы займалі большую часткў Паўднёвай і значную частку Сярэдняй Беларусі. У "Аповесці мінулых гадоў" адзначаецца, што яны жылі паміж Прыпяццю і Заходняй Дзвіной. У іх культуры пераважалі славянскія элементы. Мова была славянскай. Аднак у іх тагачаснай культуры зафіксаваны і балцкія элементы — спіральныя пярсцёнкі, змеегаловыя бранзалеты, падковападобныя спражкі. Дабалцкіх вытокаў адносіцца звычай пахавання нябожчыкаў у драўляных дамавінах-церамах.

Змешанае паходжанне дрыгавічоў у выніку славяна-балцкага сінтэзу зафіксавана і ў назве гэтай супольнасці. Корань яе, відаць, балцкі. У літоўскай мове ёсць шмат слоў з гэтым коранем (сыры, вільготны), якія адлюстроўваюць адну з асаблівасцей мясцовасці, дзе аселі дрыгавічы, а менавіта вільготнасць, забалочанасць зямлі ў парэччы Прыпяці.

Пазней да былой асновы было дададзена славянскае "-ічы". Такім чынам, тэрмін "дрыгавічы" ўяўляе сабой славянізаваную назву былой, даславянскай формы, якая азначала групу балцкага насельніцтва ў адпаведнасці з асаблівасцю тэрыторыі пражывання. 3 геаграфічнай асаблівасцю тэрыторыі дрыгавічоў звязана і паходжанне слова "дрыгва" ў беларускай мове, што ў перакладзе на рускую азначае "трясина".

Радзімічы, паводле звестак з "Аповесці мінулых гадоў", займалі землі паміж Дняпром і Дзясной. Асноўны арэал іх рассялення - басейн р. Сож. Як і дрыгавічы, радзімічы сфарміраваліся ў выніку змяшэння славянскага і балцкага насельніцтва і асіміляцыі апошняга. У культуры пераважалі славянскія элементы. Мова была славянская. Разам з тым ў археалагічных помніках адзначаны і балцкія элементы: шыйныя грыўны, бранзалеты са стылізаванымі змяінымі галовамі, прамянёвыя спражкі.

Летапісная легенда аб паходжанні радзімічаў ад міфічнай асобы Радзіма адлюстроўвае, на наш погляд, хутчэй за ўсё біблейскі светапогляд аўтара гэтай легенды, чым існаванне сапраўднага чалавека. Тут мы сустракаемся з прыкладам міфатворчасці. На думку шэрага аўтараў (М.Піліпенка, Г.Хабургаеў), тэрмін "радзімічы" выяўляе блізкасць з балцкім тэрмінам "знаходжанне".



Крывічы займалі поўнач Беларусі і суседнія раёны Падзвіння і Па-дняпроўя (Пскоўшчыну і Смаленшчыну). Яны жылі ў вярхоўях рэк -Заходняй Дзвіны, Дняпра і Ловаці - і былі найбольш шматлікім усходнеславянскім насельніцтвам. Культура крывічоў дзялілася на дзве вялікія групы: полацка-смаленскую і пскоўскую.

У этнічным абліччы пераважалі славянскія рысы. Мова была сла-вянскай. Да балцкіх элементаў у культуры крывічоў трэба аднесці бранзалеты са змяінымі галовамі, спіральныя пярсцёнкі, грыўны балцкага тыпу і г.д.

Што да назвы "крывічы", дык існуе некалькі гіпотэз. Адны вучоныя (гісторык В.Ластоўскі) выводзяць назву "крывічы" ад слова "кроў"; тады яе можна разумець як "сваякі па крыві", "крэўныя". Вядомы гісторык С.М.Салаўёў сцвярджаў, што назва "крывічы" звязана з характарам мясцовасці, якую займала гэта супольнасць (узгоркаватая, няроўная - крывізна). Вялікая група вучоных (археолаг П.М.Траццякоў, гісторык Б.А.Рыбакоў, беларускі філолаг і гісторык М.І.Ермаловіч) сцвярджаюць, што ў назве "крывічы" захавалася імя язычніцкага першасвяшчэнніка Крыва-Крывейты.

Такім чынам, звесткі археалогіі, мовазнаўства, антрапалогіі сведчаць пра тое, што раннесярэдневяковыя этнічныя супольнасці дрыгавічоў, радзімічаў, крывічоў сфарміраваліся ў выніку змяшэння, сінтэзу славянскіх і балцкіх груп насельніцтва. У іх культуры і мове перапляліся славянскія і балцкія элементы з перавагай славянскіх рыс. Менавіта крывічы, дрыгавічы, радзімічы, а не наступныя этнічныя супольнасці ўтрымлівалі ў сабе балцкі субстрат.

Для характарыстыкі дрыгавічоў, радзімічаў, крывічоў важнае значэнне мае высвятленне тыпу гэтых этнічных супольнасцей. Неправамерна называць іх плямёнамі таму, што ў іх асяроддзі ўжо не было сацыяльнай роўнасці, аднолькавага становішча ўсіх членаў этнічнай супольнасці, знік родаплемянны падзел, з'явілася палітычнае кіраванне, утварыліся "княжанні", на чале якіх стаялі князі. Звесткі з археалогіі, пісьмовых крыніц сведчаць, што дрыгавічы, крывічы і радзімічы пераступілі мяжу абшчынна-радавога ладу і ўвайшлі ў пачатковы этап раннякласавага грамадства. Гэта пацвярджае і ўзровень развіцця іх эканомікі, які характарызуецца пачаткам грамадскага падзелу працы.

Дрыгавічы, крывічы, радзімічы з'яўляліся тэрытарыяльнымі культурна-этнічнымі супольнасцямі і не сфарміраваліся ў народнасці. Яны ўяўлялі сабой не плямёны, як у раннім жалезным веку, а протанароднасці ("народцы") і адначасова пачатковыя дзяржаўныя ўтварэнні, ці протадзяржавы.

Дрыгавічы, крывічы-палачане, радзімічы паступова ўцягваліся ў працэс фарміравання беларускай народнасці. Прычым трэба адзначыць, што паміж славянамі і балтамі мелі месца і мірнае суіснаванне, і ваенныя сутыкненні, і асіміляцыйныя працэсы. Асімілявалі не толькі славяне балтаў, але ў шэрагу выпадкаў славяне былі асіміляваныя балтамі. Мелі месца істотныя адрозненні гэтых працэсаў на ўсходзе і захадзе Беларусі. На ўсходзе былі вельмі моцныя сувязі славянскай, балцкай і суседняй фіна-угорскай культуры, якія доўга ажыццяўляліся ў межах шырокай паласы, і працягласць іх была вельмі вялікай. У заходніх рэгіёнах Беларусі ўсходнеславянскія супольнасці дрыгавічоў, валынян, крывічоў суседнічалі і суіснавалі з усходнебалцкімі (літоўскімі), заходнеславянскімі (мазавецкімі), заходнебалцкімі (яцвяжскімі) плямёнамі. У адрозненне ад балтаў, якія жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі і Смаленшчыны і былі асіміляваны славянамі, балцкія плямёны Паўднёва-Усходняй Прыбалтыкі сталі асновай, на якой склаліся народнасці: літоўцы, латышы, прусы, яцвягі. Па мове балты гэтага рэгіёна падзяляліся на заходніх (прусы, яцвягі) і ўсходніх (літоўцы, латышы, куршы і інш.).

Тэрыторыю паміж Нёманам і вярхоўямі р. Нараў насяляла група яцвяжскіх плямён — судзінаў, дайновы, паляксянаў і ўласна яцвягаў. Іх мова была пераходнай паміж балцкімі і славянскімі мовамі. Некаторыя даследчыкі лічаць, што яцвягі займалі болып шырокую тэрыторыю, уключаючы Нёманска-Бугскае міжрэчча (У.Сядоў). У першай палове XIII ст. зямля яцвягаў была часткова падпарадкавана галіцка-валынскімі і мазавецкімі князямі. У другой палове XIII ст. пасля кровапралітнай барацьбы яцвягі, як і суседнія роднасныя ім прусы, былі канчаткова заваяваны крыжакамі. Нейкая іх колькасць перасялілася ў суседнія землі — Літву, Полыпчу, Беларусь. Менавіта гэтым тлумачыцца тое, што ў заходніх раёнах Беларусі з'явіліся назвы населеных пунктаў Яцвязь, Ядзьвінкі, Прусы, Прусікі. Сляды знаходжання дайновы захаваліся ў тапонімах Дзейнава, Дайнова, Дайноўка, якія лакалізаваны ў раёнах Валожына, Гродна, Слоніма, Івянца. Такім чынам, ёсць усе падставы сцвярджаць, што яцвягі былі адным з кампанентаў у фарміраванні беларускай народнасці.

У заходнім рэгіёне Беларусі доўга пражывалі асобныя балцкія і змешаныя балцка-славянскія групы насельніцтва. У IX — XI стст. балцка-славянская мяжа праходзіла па лініі Гродна — Ліда — Іўе — Вілейка - Мядзель - Браслаў. У XII — XIII стст. яна адсунулася далей на захад і паўночны захад да сучаснай Літвы і Латвіі. Важна таксама адзначыць, што змяшэнне балтаў са славянамі адбывалася не толькі на тэрыторыі Беларусі, але ў нейкай ступені і на тэрыторыі Літвы і Латвіі. Аб гэтым сведчаць наступныя прыклады: у XII — ХПІ стст. на тэрыторыі Латвіі існавалі княствы Кукенойс і Герцыке, якія знаходзіліся ў залежнасці ад Полацка; старажытная частка г.Вільні была заснавана крывічамі ў XI — XII стст. Невыпадкова ў складзе аўкштайтаў выдзяляецца лакальная група дзукаў, у якой шмат агульнага з беларусамі.

У той жа час сярод славянскага насельніцтва працягвалі існаваць групы балтаў. Аб існаванні на заходняй частцы ўсходнеславянскай этнічнай тэрыторыі ўсходнебалцкіх груп літоўцаў сведчаць назвы населеных пунктаў — Літва, Літоўцы, Літоўка, якія і сёння сустракаюцца на Маладзечаншчыне, Слонімшчыне, Стаўбцоўшчыне і ў іншых мяс-цовасцях. Набегі нямецкіх рыцараў былі галоўнай прычынай пера-сялення невялікіх груп заходніх балтаў - жамойтаў на ўсход. Гэта пацвярджаюць назвы населеных пунктаў: Жамойцішкі (Воранаўскі р-н), Жамойдзі (Лідскі р-н), Жамойск (Докшыцкі р-н) і інш. Пад ціскам Лівонскага ордэна ў падзвінска-дняпроўскі рэгіён перасялілася і частка ўсходнебалцкага насельніцтва — латыголаў. На Віцебшчыне налічваецца каля 30 населеных пунктаў з назвай Латыголь, Латыголічы, Латыголава і інш. Наогул балцкіх назваў населеных пунктаў на тэрыторыі Беларусі сёння налічваецца болып за 200. Пераважная іх колькасць знаходзіцца ў заходніх раёнах.


4. Рэлігія і культура крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў.
Славяне ўяўлялі сваіх багоў у выглядзе людзей з чалавечымі звычаямі і паводзінамі. Яны маглі быць добрымі і злымі, прыносіць людзям карысць або шкоду. Каб богі былі міласцівымі да людзей, іх стараліся задобрыць, наладжвалі ў іх гонар розныя ўшанаванні: пакланяліся ім, прыносілі ахвяры, часцей у выглядзе пачастункаў, ежы. Язычнікі выраблялі з дрэва, каменю, косці, гліны вялікія і маленькія фігуркі багоў, якіх называлі ідаламі ("каменнымі бабамі").

Важнейшай асаблівасцю язычніцтва з'яўляецца шматбожжа. У язычніцкі пантэон славян уваходзілі багі: Пярун (бог грому і маланкі), Сварог (бог неба) і яго сын Дажбог (бог сонечнага святла), Ярыла (бог веснавой урадлівасці і плоднасці жывёлы), Мокаш, Цёця (багіня дабрабыту і сямейнага жыцця), Зюзя (бог холаду), Жыжаль (бог агню Зніч (бог паграбальнага агню), Стрыбог (бог вятроў), Пераплут (бог хмяльнога вяселля), Вялес (апякун жывёлагадоўлі), Леля» (багіня вясны, дзявочай прыгажосці і кахання) і інш.

Вядома, што ў дагаворах Русі з Візантыяй славяне прысягалі Перуном і Вялесам. Бог грому і маланкі Пярун з'яўляўся вярхоўным язычніцкім божышчам усходніх славян. Ён быў падобны на старажытнагрэчаскага Зеўса, старажытнарымскага Юпіцера, балцкага Пяркунаса. Лічыўся ўладаром неба, даравальнікам дажджу. Ад яго залежаў плён сялянскай працы, таму Пярун ушаноўваўся і як земляробчы бог. У X ст. ён лічыўся таксама богам-заступнікам княжацкай дружыны.

Месца, дзе язычнікі ўшаноўвалі сваіх багоў, прыносілі ім ахвяры, называлася капішчам, або свяцілішчам. Яны размяшчаліся на ўзвышшах, астравах, на берагах рэк і азёр, сярод балот. Звычайна капішча ўяўляла сабой пляцоўку круглаи формы, у цэнтры якой стаяў ідал - вобразнае адлюстраванне бога. Па краях пляцоўка была акрэслена ровам, камянямі або ямамі. Найчасцей капішчы прысвячаліся галоўнаму богу - Пяруну. Паводле падання, каля Полацка на беразе Валовага возера знаходзілася капішча Пяруна. Рэшткі свяцілішча X ст. адкрыты каля вёскі Ходасавічы Рагачоўскага раёна. Тут стаяў драўляны ідал, вакол якога ў час святкаванняў распальваліся вогнішчы.

3 VI ст. славяне на тэрыторыі Беларусі пачалі спальваць нябожчыкаў і хаваць у курганах. Паводле язычніцкіх вераванняў агонь быў свяшчэннай ачышчальнай сілай. Яму і аддавалі цела нябожчыка разам з некаторымі рэчамі, якімі ён карыстаўся пры жыцці: жаночымі ўпрыгожаннямі, гліняным посудам, прыладамі працы. Лічылася, што яны спатрэбяцца яму ў замагільным жыцці. Спаленыя рэшткі чалавека змяшчалі ў гліняную пасудзіну - урну. Яе ставілі там, дзе потым узводзілі насып. Пры насыпанні кургана ўчынялася трызна - развітанне з нябожчыкам у выглядзе ваеннай гульні ці спаборніцтва.

Летапіс сведчыць, што яшчэ ў XIV ст. вялікага князя літоўскага Гедыміна пасля смерці спалілі разам з яго слугамі і палоннымі крыжакамі.

Памёршага любога ўзросту па традыцыі адносілі да ліку "дзядоў", продкаў. У старажытнага насельніцтва Беларусі доўгі час захоўваўся сямейна-родавы культ шанавання продкаў, звязаны з пахавальнымі звычаямі. Некалькі разоў у год адзначаліся памінальныя святы - Дзяды (восенню) і Радаўніца (вясной). Да іх старанна рыхтаваліся - чысцілі і мылі жыллё, рыхтавалі абрадавую ежу. Перажыткам культу продкаў была вера ў дамавіка - нябачнага заступніка сям'і.

Святы і абрады здаўна прымяркоўвалі да пэўных каляндарных дат. У гэтых святах прасочваюцца напластаванні розных эпох - ад самых архаічных да новага часу. Каляндарная абраднасць ва ўсходніх славян мела аграрна-магічны характар, таму што асноўнай яе функцыяй было забеспячэнне дабрабыту сялянскай сям'і, які залежаў у першую чаргу ад ураджаю.

Залежнасць жыцця і працы селяніна ад прыродных стыхій вымушала яго выконваць разнастайныя абрады, прымеркаваныя да пэўных падзей, строга рэгламентаваныя часам. Адпа-ведна чатыром порам года існавалі чатыры вялікія святы, вакол якіх групаваліся іншыя. У сваю чаргу асноўныя святы прыблізна накладваліся на астранамічныя перыяды, якія былі звязаны з сонцастаяннем ці раўнадзенствам. Увесь земляробчы каляндар трымаўся на цыклах: зімой - Каляды, вясной - Вялікдзень, летам - Купалле, восенню - Дзяды, Пакровы.



Такім чынам, паганства - гэта вынік жыццёвай дзейнасці і светапогляду людзей, адлюстраванне іх патрэб. Увядзенне хрысціянства не скасавала цалкам язычніцкіх уяўленняў і культуры. Хрысціянская царква вымушана была дапасоўваць свае святы і абрады да язычніцкага святочнага календара.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка