Тэма: Падагульненне і сістэматызацыя ведаў па тэме “Займеннік” Мэты




Дата канвертавання12.05.2016
Памер84.59 Kb.
Тэма: Падагульненне і сістэматызацыя ведаў па тэме “Займеннік”
Мэты:

- узгадаць і абагульніць веды пра займеннік як самастойную часціну мовы, асаблівасці яго ўжывання ў беларускай мове;

- удасканальваць уменні выдзяляць займеннік сярод іншых часцін мовы, характарызаваць яго віды, марфалагічныя асаблівасці, вызначаць сінтаксічную ролю ў сказе, ужываць ва ўласным маўленні;

- выхоўваць пачуццё любові да Радзімы, да роднага куточка, дзе нарадзіліся.


Тып урока: урок-падарожжа
Матэрыялы і абсталяванне: малюнкі пралесак, карткі з заданнямі.
Дэвіз урока (запісаны на дошцы): Важна не тое, што і колькі ты зрабіў, а тое, як ты гэта зрабіў.
Эпіграф (запісаны на дошцы): Любіце гэтую сваю святую зямлю аддана і да канца. Іншай вам не дадзена, дый не патрэбна - У. Караткевіч.
Ход урока
I. Арганізацыйны момант

Настаўнік: Паглядзіце ў акно. На вуліцы вясна. І мне захацелася, каб вясна была не толькі на вуліцы, але і ў нашым класе. Вы, напэўна, ведаеце, што першай прыкметай вясны з’яўляецца цёплае сонечнае надвор’е, калі пачынае таяць снег, пад нагамі бягуць ручайкі. “Зіма плача”, - кажуць у народзе. А яшчэ адной з прымет надыходу вясны з’яўляюцца кветкі. Успомніце, якія першыя кветкі з’яўляюцца вясной?

Вучань: Пралескі.

Настаўнік: Правільна. Той, хто сёння вельмі добра будзе працаваць на ўроку, атрымае ад мяне пралеску. У каго будзе найбольш кветачак, той атрымае 10 балаў.

Нашая праца на ўроку будзе адбывацца пад дэвізам “Важна не тое, што і колькі ты зрабіў, а як ты гэта зрабіў”. Гэта значыць, што ў першую чаргу я буду ацэньваць якасць зробленай вамі працы, а не колькасць выкананых практыкаванняў.


II. Паведамленне тэмы, пастаноўка мэт і задач урока

Настаўнік: На ўроках мы з вамі пазнаёміліся з такімі іменнымі часцінамі мовы як назоўнік, прыметнік, лічэбнік. А сёння мы ўзгадаем і абагулім веды пра часціну мовы, што можа замяняць усе раней згаданыя, хоць яна прадстаўлена адносна невялікай колькасцю слоў. Здагадаліся, якая гэта часціна мовы?

Вучань: Займеннік.

Паказ першага слайда, на якім запісана тэма ўрока і мэты.



Настаўнік: Мы з вамі будзем удасканальваць набытыя вамі ўменні выдзяляць займеннік сярод іншых часцін мовы, характарызаваць яго разрады, марфалагічныя асаблівасці, вызначаць сінтаксічную функцыю ў сказе і далей працягваць ужываць займеннікі ва ўласным маўленні.

І, канечне, на гэтым уроку мы з вамі будзем гаварыць пра нашу Радзіму, пра тое, як моцна мы яе любім. Вы ведаеце, што сёлетні год абвешчаны Годам роднай зямлі, таму ўсе мы павінны зрабіць так, каб наш родны край стаў яшчэ прыгажэйшы.

А зараз мы адпраўляемся ў падарожжа ў горад Займеннік.

Каб патрапіць нам у гэты горад, трэба расшыфраваць пароль. Такім паролем будзе эпіграф нашага сённяшняга ўрока – словы выдатнага беларускага пісьменніка У. Караткевіча.



Чытанне эпіграфа, які запісаны на дошцы

Настаўнік: Як вы разумееце гэтыя радочкі?

Заданне: Паспрабуйце запісаць гэтыя радочкі па памяці, знайдзіце ў тэксце займеннікі і вызначце іх разрад.

Праверка задання: ключ на слайдзе.

Паказ другога слайда, з ключом да задання.
III. Паўтарэнне і абагульненне

1. Франтальнае апытванне

Настаўнік: І так мы паспяхова прайшлі праз вароты нашага казачнага горада Займеннік і зараз накіроўваемся ў аўтобус, каб наведаць самыя знакамітыя мясціны. Але вы ведаеце, што ў аўтобусе заўсёды трэба набываць білет, які па дарозе можа праверыць кантралёр. Такім кантралёрам на нашым шляху выступяць тэарэтычныя пытанні, адказаўшы на якія, мы будзем рухацца далей. Памятайце, што мы адказваем прыгожа, па-беларуску, на пытанні даём поўныя адказы, падмацоўваючы іх прыкладамі.

Паказ трэцяга слайда, на якім запісаны кантрольныя пытанні (“Кантроль”)

  1. Што такое займеннік?

  2. На якія разрады паводле значэння падзяляюцца займеннікі?

  3. Якія займеннікі выкарыстоўваюцца ў мове замест назоўнікаў?

  4. Які займеннік не мае формы назоўнага склону?

  5. Што абазначаюць прыналежныя займеннікі? З якімі прыметнікамі яны суадносяцца?

  6. Чаму лёгка зблытаць адносныя і пытальныя займеннікі?

  7. На што паказваюць указальныя, азначальныя, адмоўныя і няпэўныя займеннікі?

  8. Якая роля займеннікаў у мове?

Настаўнік: Ну а зараз мы з вамі рухаемся далей.

Паказ чацвёртага слайда “Асабовыя і прыналежныя займеннікі”

Настаўнік: Першы наш прыпынак “Асабовыя і прыналежныя займеннікі”.

Паказ пятага слайда, на якім змешчана заданне

2. Заданне: Замяніце самастойныя часціны мовы на займеннікі (вусна)

1. Мяне завуць Віктар. Віктар любіць чытаць дэтэктывы.

2. Каці прапанавалі працаваць дыспетчарам, хоць Каця толькі нядаўна прыйшла на фабрыку.

3. Дзіця было вясёлае. Такім дзіця зрабіў падарунак маці.

4. На 8 Сакавіка дзяўчынкам уручылі падарункі. Падарункі вельмі парадавалі дзяўчынак.

Настаўнік: Якімі займеннікамі мы з вамі замянілі назоўнікі?

Вучань: Асабовымі.

Настаўнік: Наступнае заданне знаходзіцца ў вас на картачках. Чытаем яго ўмову.

3. Заданне на картках: Выразна прачытайце тэкст, вызначце яго асноўную думку (асноўная думка заключаецца ў сказе з тэксту). Выпішыце з тэксту прыналежныя займеннікі (разам з назоўнікамі). Вызначце іх род, лік і склон. (Першы займеннік разбірае вучань каля дошкі разам з класам, потым усе выконваюць самастойна).

Мая (Н., адз., ж.) Беларусь...

Галоўны твой (Н., адз., м.) скарб — людзі! Беларусы здаўна жывуць мудрымi запаветамi прашчураў: Сонца — на ўсiх адно, Зямля — адна, трымайся сваёй (Р., адз., ж.) хаты, беражы свой (В., адз., м.) гонар, не бяры чужое. Нiколi i нiкому не ўдавалася зняволiць наш (В., адз., м.) вольналюбiвы народ, які ўслаўляе сваю (В., адз., ж.) зямлю, гаворыць усяму свету пра добрае сваё (В., адз., н.) iмя, імя яго радзімы.

Праверка задання: зверыць з запісам на дошцы.
Фізхвілінка.

Устаньце, дзеткі, усміхніцеся,

Зямлі нашай пакланіцеся

За шчаслівы дзень учарашні.

Усе да сонца падцягніцеся,

Улева, управа ніхіліцеся,

Вераценцам пакруціцеся.

Раз прысядзьце, два прысядзьце

І за парты ціха сядзьце.
Паказ шостага слайда “Зваротны займеннік сябе

Настаўнік: Прачытайце, калі ласка, умову задання, змешчанага на картках, якія вы атрымалі.

4. Заданне на картках: Замест кропак пастаўце займеннік сябе ў патрэбнай форме. Вызначце яго склон.

З гадамі я навучыўся больш цаніць самога … . Трэба заўсёды старацца трымаць … ў руках. Не магу дараваць … такога неабдуманага ўчынку. Трэба непакоіцца не толькі пра … , але і пра іншых. Лепш адмовіць … ў чым-небудзь, чым свайму сябру.



Праверка задання: на слайдзе (самаправерка).

Паказ сёмага слайда, на якім змешчаны ключ да задання

Паказ восьмага слайда “Азначальныя і ўказальныя займеннікі”

Настаўнік: Успомніце, якія займеннікі адносяцца да азначальных?

Вучань: Да азначальных займеннікаў адносяцца сам, самы, кожны, увесь, усё, іншы.

Настаўнік: Што абазначаюць указальныя займеннікі? Пералічыце, калі ласка, указальныя займеннікі.

Вучань: Указальныя займеннікі ўказваюць на прадмет. Да іх адносяцца той, такі, гэты, гэтакі, гэтулькі.
(Рэлаксацыйная пауза)

Настаўнік: А зараз мы будзем працаваць пад музыку і гэта дасць магчымасць вам трошкі расслабіцца. Паслухайце музыку, паглядзіце ў акно і паразважайце, які цудоўны наш край у любое надвор’е.

Уключыць музыку
5. Заданне: Паспрабуйце апісаць тое, што вы ўявілі, некалькімі сказамі, выкарыстоўваючы пры гэтым азначальныя і ўказальныя займеннікі (вусна).

Праверка задання: вучні вусна зачытваюць створаныя імі тэксты.

Паказ дзевятага слайда “Адносныя і пытальныя займеннікі”

6. Заданне на картках: Выразна прачытайце тэкст. Выпішыце з тэксту адзін сказ з пытальным займеннікам і адзін з адносным.

Якая, вы думаеце, самая цікавая кніга на свеце? Адразу не адкажаце, не здагадаецеся. Гэта кніга – зямля, на якой мы жывём і якая з першых год нашага жыцця штодня вучыць нас гісторыі, мове. Яна адкрывае нам усё новыя і новыя словы, значэнне і сэнс якіх мы вучымся спазнаваць і разумець.

Тысячы і мільёны назваў існуе на зямлі. Кожная яе мясціна мае сваю назву.

Добра было б, каб адзін са сваіх сшыткаў вы назвалі “Мая бацькаўшчына” або “Мой родны кут”. У ім запісалі ўсё самае цікавае, пра што дазнаецеся ад старэйшых людзей.



Праверка задання: вучні вусна зачытваюць выпісаныя сказы.

Паказ дзесятага слайда “Няпэўныя і адмоўныя займеннікі”
7. Праца з падручнікам

А) Знаёмства з артыкулам у падручніку “Як правільна сказаць?”.

Б) Пр. 565, 556 (6 словазлучэнняў) – па варыянтах. Заданне: Перакладзіце на беларускую мову і запішыце. З двума словазлучэннямі складзіце сказы.

Слоўнік: запісаць словы на дошцы.

Праверка задання: ключ на слайдзе.

Паказ адзінаццатага слайда, на якім змешчаны ключ да практыкаванняў.

Настаўнік: Ну вось нашае падарожжа, на жаль, скончылася і павінны вярнуцца дадому.

Паказ дванаццатага слайда, на якім запісана дамашняе заданне
IV. Дамашняе заданне

Настаўнік: Пр. 568 (2 сказ). Выканаць па ўмове: выпісаць са сказу займеннікі і зрабіць іх пісьмовы марфалагічны разбор.

Мы з вамі ведаем, што сваю радзіму мы можам назваць мая Айчына, мая Бацькаўшчына, мой родны куточак, мая зямля, таму дадому тым, хто жадае, творчае заданне: напісаць сачыненне на адну з прапанаваных тэм “Кветкі маёй роднай зямлі” або “Мая малая радзіма ” (замест пр. 568).


V. Абагульненне (абагуліць разам з вучнямі), рэфлексія

1. Сказаць, што атрымалася, а што не, каму звярнуцца да кантрольных пытанняў і заданняў на с. 354 - 355.

2. Вучні выказваюцца пра сваю работу на ўроку (што выклікала цяжкасці, што было цікавае, запамінальнае), даюць ацэнку сваёй рабоце.
VI. Падвядзенне вынікаў урока

Пракаменціраваць усе адзнакі, даць парады тым, у каго не ўсё атрымалася.



Заданні

_____________________________________________________________________________



Выразна прачытайце тэкст, вызначце яго асноўную думку. Выпішыце з тэксту прыналежныя займеннікі. Вызначце іх род, лік і склон.

Мая Беларусь...

Галоўны твой скарб — людзі! Беларусы здаўна жывуць мудрымi запаветамi прашчураў: Сонца — на ўсiх адно, Зямля — адна, трымайся сваёй хаты, беражы свой гонар, не бяры чужое. Нiколi i нiкому не ўдавалася зняволiць наш вольналюбiвы народ, які ўслаўляе сваю зямлю, гаворыць усяму свету пра добрае сваё iмя, імя яго радзімы.

_____________________________________________________________________________



Замест кропак пастаўце займеннік сябе ў патрэбнай форме. Вызначце яго склон.

З гадамі я навучыўся больш цаніць самога … . Трэба заўсёды старацца трымаць … ў руках. Не магу дараваць … такога неабдуманага ўчынку. Трэба непакоіцца не толькі пра … , але і пра іншых. Лепш адмовіць … ў чым-небудзь, чым свайму сябру.

_____________________________________________________________________________

Выразна прачытайце тэкст. Выпішыце з тэксту адзін сказ з пытальным займеннікам і адзін з адносным.

Якая, вы думаеце, самая цікавая кніга на свеце? Адразу не адкажаце, не здагадаецеся. Гэта кніга – зямля, на якой мы жывём і якая з першых год нашага жыцця штодня вучыць нас гісторыі, мове. Яна адкрывае нам усё новыя і новыя словы, значэнне і сэнс якіх мы вучымся спазнаваць і разумець.

Тысячы і мільёны назваў існуе на зямлі. Кожная яе мясціна мае сваю назву.

Добра было б, каб адзін са сваіх сшыткаў вы назвалі “Мая бацькаўшчына” або “Мой родны кут”. У ім запісалі ўсё самае цікавае, пра што дазнаецеся ад старэйшых людзей.



_____________________________________________________________________________

(выдрукаваць належную колькасць)


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка