Тэма: Мова ў грамадстве: гісторыя і сучаснасць Лекцыя 1 Мова і грамадства. Функцыі мовы. Мова і маўленне




Дата канвертавання01.04.2016
Памер88.02 Kb.
Тэма: Мова ў грамадстве: гісторыя і сучаснасць
Лекцыя 1

Мова і грамадства. Функцыі мовы. Мова і маўленне

Мова – найважнейшы сродак зносін паміж людзьмі. Сацыяльная прырода чалавека выяўлена ў мове, дзякуючы якой ён далучаецца да пэўнага калектыву людзей, народнасці, нацыі, фарміруецца як асоба. З мовай у значнай ступені звязана інтэлектуальнае развіццё асобы. Іншымі словамі, чалавечая мова ператварае біялагічную істоту чалавека ў сацыяльную.

Слова “мова” ўжываецца і для абазначэння сродку зносін пэўнай этнічнай групы (беларуская мова, французская мова і г.д.). Канкрэтныя этнічныя мовы – формы існавання агульначалавечай мовы. Нацыянальная мова складваецца ў перыяд ператварэння народнасці ў нацыю, паколькі нацыя характарызуецца найперш агульнасцю мовы. Нацыянальная мова кансалідуе людзей у нацыю, з’яўляецца сродкам вусных і пісьмовых зносін нацыі.

Акрамя стасункаў унутры нацыі, існуе патрэба і ў мове міжнацыянальных зносін і замежных мовах, паколькі мовы народаў свету з’яўляюцца скарбніцай ведаў і вопыту чалавецтва. Роля міжнацыянальных і міжмоўных кантактаў узрастае і набывае з цягам часу ўсё большую актуальнасць.

Нярэдка творчыя асобы здольныя адлюстроўваць у сваёй мове не толькі агульначалавечыя моўныя заканамернасці і заканамернасці нацыянальнай мовы, але і ўласны вопыт, манеру пісьма, маўленчыя здольнасці, характар, светапогляд і г.д. У гэтым сэнсе можна гаварыць, напрыклад, пра “мову Янкі Купалы”.

Сукупнасць дапаможных сродкаў зносін (жэстаў, мімікі, рухаў) таксама назваюць мовай.

З улікам дыферэнцыяцыі ролі і сітуацыйнага значэння можна вылучыць наступныя функцыі мовы: камунікатыўная, намінатыўная, пазнавальная, экспрэсіўная, мастацкая, акумулятыўная, этнічная.
Пад мовай прынята разумець сукупнасць і сістэму сродкаў зносін, іншымі словамі – гэта знакавы механізм. Маўленне – гэта своеасаблівая форма прымянення і рэалізацыі моўных сродкаў. Інакш кажучы, маўленне – функцыянаванне мовы, ужыванне яе людзьмі ў працэсе зносін, камунікацыі. Такім чынам, маўленне – арганізаваны па законах мовы працэс выкарыстання моўных адзінак, прадстаўлены праз разнастайныя акты рэалізацыі камунікатыўных патрэб людзей.

Маўленне можа быць вусным або пісьмовым, унутраным і знешнім.

Вынікам маўленчай дзейнасці чалавека з’яўляецца тэкст. Адрозніваюць тры тыпы маўлення (тыпы тэкстаў): апісанне, апавяданне і разважанне. Кожны з іх вызначаецца адметнай кампазіцыяй і характэрнымі зместавымі асаблівасцямі.
У залежнасці ад паходжання і наяўнасці ці адсутнасці агульных рыс усе мовы свету падзяляюцца на роднасныя і няроднасныя. Роднасныя ўтвараюць моўныя сем’і, групы і падгрупы.

Сем’і з’яўляюцца самымі буйнымі моўнымі аб’яднаннямі. У адной з самых вялікіх у свеце моўных сем’яў – індаеўрапейскай – вучоныя налічваюць 16 моўных груп.

Адной з груп індаеўрапейскай сям’і з’яўляецца славянская, у якой вылучаюць тры моўныя падгрупы:


  • усходнеславянская (беларуская, руская і ўкраінская мовы).

  • заходнеславянская (польская, чэшская, славацкая, сербалужыцкая, “мёртвая” палабская мовы);

  • паўднёваславянская (балгарская, македонская, славенская, сербская, харвацкая, “мёртвая” стараславянская мовы).



Лекцыя 2

Беларуская мова ў прасторы і часе. Формы беларускай нацыянальнай мовы

Славяне выдзеліліся з індаеўрапейскага адзінства прыблізна ў пачатку ІІІ тысячагоддзя да н.э. Затым доўгі час яны жылі сумесна на адносна невялікай тэрыторыі (агульнаславянскі перыяд). Тагачасную мову славян праславянскай, або агульнаславянскай мовай-асновай.

Прыблізна ў VI ст. н.э. агульнаславянскае моўнае адзінства распалася. Пачалося выдзяленне з праславянскай мовы асобных дыялектаў (славянскіх груп), з якіх пазней і сфарміраваліся славянскія мовы.

Археолагі лічаць, што апошняя хваля масавай славянскай міграцыі на Беларусь прыпадае на VI ст. н.э. Тут аселі пераважна плямёны крывічоў, палачан, дрыгавічоў і радзімічаў. Самы буйны цэнтр крывічоў – Полацк – ужо ў ІХ ст. становіцца адным з наймагутнейных палітычных і культурных цэнтраў ва Усходняй Еўропе. Полацкае княства (летапісы называюць яго таксама Полацкай зямлёй) – гэта першая дзяржава з усімі адпаведнымі атрыбутамі на нашай тэрыторыі.

У канцы X ст. (988 г.) усходнія славяне прынялі хрысціянства, разам з якім на іх землі прыйшло пісьменства (на стараславянскай, ці царкоўнаславянскай мове). З часоў узнікнення пісьменства і першых літаратурна-пісьмовых твораў ва ўсходніх славян і пачынаецца разгляд гісторыі беларускай літаратурнай мовы, у развіцці якой можна вылучыць наступны этапы:


  1. Агульнаўсходнеславянская мова: XIXIII стст.

Значная колькасць пісьмовых помнікаў, створаных на Беларусі ў гэты перыяд, напісана на царкоўнаславянскай (стараславянскай у яе ўсходнім варыянце) мове. Гэта пераважна творы богаслужбовай літаратуры (евангеллі, псалтыры і інш.). З арыгінальных рэлігійных твораў старажытнай эпохі дайшлі да нас творы Кірылы Тураўскага (казанні, павучанні, малітвы), пісьменнікаў-асветнікаў Клімента Смаляціча і Аўраама Смаленскага. У XII ст. вялікую асветніцкую дзейнасць праводзіла Ефрасіння Полацкая.

У ХІІІ ст. узнікла наша новая дзяржава – Вялікае Княства Літоўскае. Пераважную частку дзяржавы складалі славянскія землі, балцкія займалі ўсяго 1/15 плошчы. У ВКЛ была прынята славянская сістэма дзяржаўнай арганізацыі. Славянская частка значна пераважала балцкую і была больш развітая ў сацыяльна-эканамічным і культурным плане. Натуральна, што беларуская культура дамінавала.



2. Старабеларуская мова: XIVXVIII стст.

Галоўная асаблівасць нашай культуры часоў ВКЛ – выразны нацыянальны кірунак яе развіцця. Яна грунтавалася на беларускай мове, што была афіцыйнай мовай дзяржавы. Ужо ў XIV ст. старабеларуская мова набыла ўсе асноўныя рысы, характэрныя і для сучаснай беларускай мовы.

У ВКЛ старабеларуская мова ўжывалася ва ўсіх сферах грамадскага жыцця і была сродкам наддыялектных пісьмовых зносін на ўсёй тэрыторыі. На ёй упершыню ў гісторыі ўсходніх славян (!)на пачатку XVI ст. з’явіліся друкаваныя кнігі; перакладаліся мастацкія творы, стваралася арыгінальная мастацкая літаратура, летапісы і хронікі, рэлігійныя тэксты, вучэбныя кнігі, слоўнікі; ствараліся дакументы дзяржаўнага значэння.

На ВКЛ распаўсюдзіўся інтэлектуальны ўздым эпохі Адраджэння (Рэнесансу). У гэты час жылі і працавалі такія вядомыя асветнікі, як Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Сімяон Полацкі, Мялецій Сматрыцкі, Андрэй Рымша і інш. Усё гэта дае падставы вучоным XV–XVI стст. называць “залатым векам” у гісторыі беларускай культуры, літаратуры, мовы.

Аднак далейшае развіццё беларускай нацыі і яе мовы адбывалася ў неспрыяльных умовах. Утварэнне федэратыўнай дзяржавы – Рэчы Паспалітай (Люблінская унія 1569 г.) мела вынікам значны палітычны і культурны ўплыў з боку Польшчы. Паступова беларуская мова выцясняецца з пісьмовага ўжытку.

У канцы XVIII ст. беларускія землі былі далучаны да Расійскай імперыі. Беларускія землі сталі правінцыяй Расійскай імперыі, тут насаджалася рускае чынавенства, руская школа. Пачалася жорсткая русіфікацыя краю, якая ўзмацнялася пасля нацыянальна-вызваленчых паўстанняў 1794 г., 1830–1831 гг., 1863–1864 гг. Беларуская мова прыходзіць у поўны заняпад.



3. Новая (нацыянальная) беларуская літаратурная мова: XIX
XXI стст.

Менавіта ў гэты час нацыянальна-культурнага заняпаду ў асяроддзі навукоўцаў-беларусаў, выхаваных на традыцыях польскай і рускай культур, умацоўваецца разуменне самабытнасці беларускага народа.

Ля вытокаў беларускай нацыянальнай мовы стаялі Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, Уладзіслаў Сыракомля, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Кастусь Каліноўскі, Францішак Багушэвіч і інш. Станаўленне адзінай беларускай літаратурнай мовы асабліва інтэнсіўна ішло ў пачатку XX ст. (дзейнасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі, Алеся Гаруна, Сяргея Палуяна, Цішкі Гартнага, Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулі і інш.).

Асаблівасцю фарміравання новай беларускай літаратурнай мовы было тое, што яна складвалася на народна-гутарковай аснове, без якой-небудзь сувязі з культурай старога беларускага пісьменства.

20-я гады ХХ ст. – цікавы і шмат у чым вызначальны этап развіцця беларускай мовы. Яна набыла статус дзяржаўнай і абслугоўвала ўсе сферы жыцця народа. На беларускай мове пачало весціся навучанне ў школах, тэхнікумах, ВНУ. Упершыню ў гісторыі на ёй ствараліся падручнікі для школ па ўсіх прадметах, а таксама шматлікія слоўнікі, у першую чаргу перакладного характару. Сярод тых, хто актыўна працаваў на ніве адраджэння беларускай культуры і мовы ў 1920-я гады, варта назваць Браніслава Тарашкевіча, Язэпа Лёсіка, Вацлава Ластоўскага, братоў Гаўрылу і Максіма Гарэцкіх, Сцяпана Некрашэвіча, Міколу Байкова, Яна Станкевіча, Уладзіміра Дубоўку і іншых мовазнаўцаў і пісьменнікаў.

К канцу 20-х гадоў ХХ стагоддзя працэсы беларусізацыі пачалі згортвацца. У 30-я гады гэта суправаджалася нечуванымі рэпрэсіямі супраць тых, хто актыўна працаваў на ніве адраджэння беларускай культуры. Пачынаецца мэтанакіраванае выцясненне беларускай мовы з усіх сфер жыцця, яе сацыяльныя функцыі абмяжоўваюцца.

На працягу 50–80-х гадоў сферы выкарыстання беларускай мовы звужаліся: скарачаліся тыражы беларускамоўных выданняў, беларускія школы пераводзіліся на рускую мову навучання.

Пачатак 1990-х гадоў – спроба адраджэння беларускай мовы. Прыняты 26 студзеня 1990 года Закон аб мовах вызначаў адзінай дзяржаўнай мовай беларускую. Аднак пасля рэферэндума 1995 года другой дзяржаўнай мовай на Беларусі стала руская, што дазволіла ёй практычна заняць месца адзінай дзяржаўнай мовы ў нашай краіне. Зараз, на жаль, беларуская мова не з’яўляецца рэальным паўнавартасным сродкам зносін нацыі.


Нацыянальная мова – гэта сродак пісьмовых і вусных зносін нацыі, яе генетычная памяць, духоўная скарбонка. Яна кансалідуе народ у нацыю. Асноўнымі формамі (разнавіднасцямі) існавання беларускай нацыянальнай мовы (таксама як і іншых нацыянальных моў) з’яўляюцца дыялектная і літаратурная мова.

Дыялектная мова – гэта тэрытарыяльна неаднастайная мова народа, якая мае абмежаванае пашырэнне і вусную форму бытавання. Дыялектная мова існуе ў выглядзе мясцовых гаворак. Гаворка – гэта мова аднаго ці некалькіх населеных пунктаў з аднатыпнымі моўнымі рысамі. Беларускія гаворкі аб’яднаны ў два тэрытарыяльныя дыялекты (дыялектныя масівы) – паўночна-ўсходні і паўднёва-заходні. Паміж паўночна-ўсходнім і паўднёва-заходнім дыялектнымі масівамі вылучаюцца пераходныя сярэднебеларускія гаворкі (зона Ашмяны – Мінск – Барысаў). У апошні час сфера ўжывання народных гаворак звузілася, зменшылася колькасць іх носьбітаў. Аднак гаворкі застаюцца крыніцай ўзбагачэння літаратурнай мовы.

Літаратурная мова – найвышэйшая апрацаваная, упарадкаваная і нармалізаваная форма нацыянальнай мовы, якая прызначана абслугоўваць разнастайныя сферы грамадскай дзейнасці чалавека. Сучасная беларуская літаратурная мова пачала складвацца ў ХІХ стагоддзі. Асаблівасцю гэтага працэсу было тое, што новая беларуская мова амаль не мела традыцый пераемнасці з пісьмовай старабеларускай мовай і складвалася на народна-гутарковай аснове. Аснову беларускай літаратурнай мовы склалі гаворкі цэнтральнай Беларусі. Для літаратурнай мовы характэрныя пісьмова замацаваныя нормы. Паняцце нормы – цэнтральнае ў вызначэнні літаратурнай мовы; наяўнасць пісьмовай формы забяспечвае ўстойлівасць апошняй. Моўныя нормы – гэта замацаваныя ў маўленчай практыцы правілы вымаўлення, словаўжывання, пабудовы сказаў і тэкстаў. Разнастайныя нормы (арфаэпічныя, акцэнталагічныя, арфаграфічныя, словаўтваральныя, марфалагічныя, лексічныя, сінтаксічныя, фразеалагічныя, стылістычныя) забяспечваюць стабільнасць і надзейнае функцыянаванне літаратурнай мовы.

Такім чынам, дыферэнцыяльнымі прыкметамі літаратурнай мовы лічацца яе апрацаванасць (стандартызаванасць), наяўнасць сістэмы нормаў, наддыялектнасць, поліфункцыянальнасць, функцыянальна-стылістычная варыятыўнасць лексікі.



Лекцыя 3

Білінгвізм. Інтэрферэнцыя

Значная частка насельніцтва нашай краіны валодае дзвюма мовамі – беларускай і рускай. Па выніках перапісаў насельніцтва, колькасць рускіх на Беларусі значна саступае колькасці беларусаў. Аднак функцыі рускай мовы ў нашай краіне значна шырэйшыя за функцыі беларускай мовы: руская мова пераважае ў такіх сферах, як дзяржаўнае кіраванне, навука, адукацыя, справаводства, тэхнічная дакументацыя і інш.



Білінгвізм, або двухмоўе – гэта папераменнае карыстанне дзвюма мовамі. Калі ва ўжытку знаходзяцца некалькі моў, гавораць пра шматмоўе, або полілінгвізм.

Двухмоўе бывае індывідуальным, групавым, поўным; нацыянальным; дзяржаўным.



Двухмоўе непазбежна вядзе да інтэрферэнцыі – памылковага зблытвання розных элементаў моў, якія кантактуюць. Інтэрферэнцыя можа адбывацца на розных моўных узроўнях: фанетычным, акцэнталагічным, словаўтваральным, лексічным, марфалагічным, сінтаксічным.

Узровень інтэрферэнцыі залежыць ад ступені авалодання другой мовай, ад здольнасці свядомага адрознення фактаў розных моў, а таксама ад ступені генетычнай роднаснасці моў, якія знаходзяцца ў кантакце. Праблема інтэрферэнцыі ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму надзвычай актуальная. Ад яе канструктыўнага вырашэння залежыць не толькі правільнасць і чысціня вуснага і пісьмовага маўлення, але і сам факт захавання і існавання беларускай мовы, а ў выніку – і беларусаў як этнічнай адзінкі.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка