Тэма культура беларускіх зямель у эпоху




Дата канвертавання14.07.2016
Памер34.26 Kb.
Тэма 2. КУЛЬТУРА БЕЛАРУСКІХ ЗЯМЕЛЬ У ЭПОХУ

План:

1 Матэрыяльная культура. Прылады працы.

2 Кераміка.Упрыгожанні.

3 Дахрысцыянскія вераванні. Язычніцкі пантэон.

1. Матэрыяльная культура старажытнага чалавека была цесна звязана з навакольным асяродзем. Прылады працы ствараліся з крэмня, у бронзавым веку з’явіліся бронзавыя, у раннім жалезным веку – жалезныя прылады працы. Асартымент быў вельмі разнастайны: скрабкі, дзіды, наканечнікі стрэлаў, гарпуны, праколкі, шылы, нажы, сярпы, сякеры, цёслы і інш. Развіццё матэрыяльнай культуры рухала грамадства ў бок сацыяльнай арганізацыі. Вынаходніцтва прымітыўнага свідравальнага станка, вертыкальнага ткацкага станка, кола, чаўна, ганчарства стала вялікімі крокамі на шляху развіцця старажытнага чалавека.

2. Гліняны посуд, што з'явіўся ў неаліце, пакрываўся разнастайнымі арнаментамі, якія мелі магічны сэнс, а таксама задавальнялі эстэтычныя патрэбы чалавека. Элементамі арнаментаў былі адбіткі грабеньчатага і лінейнага штампа, наколы, насечкі, ямкі, пракрэсленыя рысы, якія ўтваралі паясы, вертыкальныя лініі, касыя і рамбічныя кампазіцыі. Асабліва насычанымі арнаменты на посудзе становяцца ў познім неаліце. Цела і вопратку людзі каменнага веку яшчэ з часоў позняга палеаліту ўпрыгожвалі рознымі амулетамі з зубоў ваўка, лісіцы, пясца і іншых звяроў. Пра існаванне ўжо ў старажытным каменным веку культу ваўка сведчаць выяўленыя на некаторых тэрыторыях яго рытуальныя пахаванні і экспанаванне ваўчыных чарапоў. Як паказана многімі даследчыкамі, пазней воўк увасабляў хтанічнае (падземнае) бажаство. Такая повязь міфалагічных персанажаў з жывёламі мае вытокі ў татэмных уяўленнях, надзвычай характэрных для палеаліту і мезаліту. Як мяркуюць даследчыкі па матэрыялах з суседняй Літвы, у тыя эпохі ў рэлігійных уяўленнях дамінаваў вобраз "Гаспадара звяроў", які ўяўляўся ў вобразе лася і іншых дзікіх жывёлін.

3. У палеаліце яшчэ вельмі рана ўжываць тэрміны "бог" або "бажаство". Міфалагічныя персанажы таго часу былі толькі іх правобразамі. Старажытныя жыхары тых жа Елісеевіч на Браншчыне ў магічных мэтах выкарыстоўвалі так званыя чурынгі - пласціны з біўняў маманта, аздобленыя геаметрычнымі арнаментамі, сярод якіх вядомы паралельныя лініі, зігзагі, шасцівугольнікі. На адной пласціне сярод геаметрычнага арнаменту маюцца дзве схематычныя выявы канічных чумаў, на іншай пласціне "жытло" паказана з паўкруглым дахам. Шырока вядомыя на многіх палеалітычных стаянках Еўропы вырабленыя з косці фігуркі жанчын, празваных "палеалітычнымі Венерамі". Адна такая змайстраваная з біўня маманта статуэтка знойдзена непадалёку ад тэрыторыі Беларусі на стаянцы Елісеевічы ў Бранскай вобласці. Яна адрозніваецца ад аналагічных знаходак Усходняй Еўропы больш дасканалай прапорцыяй форм. Галава ў елісеевіцкай статуэткі была, магчыма, адбітая або адсутнічала з самага пачатку. На многіх іншых палеалітычных статуэтках галовы, асабліва твар, выяўлены вельмі схематычна. На мезалітычных стаянках Беларусі амаль не маецца знаходак рога і косці, якія былі адпаведным матэрыялам для арнаментавання і дробнай пластыкі. Па гэтай прычыне цяжка што-небудзь сказаць пра рэлігію і мастацтва таго часу. Толькі пад Смаргонню ў жвіровым кар'еры знойдзены масіўны выраб з рога, пакрыты нарэзкавым і кропкавым узорам. У новакаменны час пашыраюцца выявы антрапаморфных істот. Такая выява знойдзена на адной з пасудзін з паселішча Юравічы ў Калінкавіцкім раёне ("мужчына з качкай"). На косці.з возера Вячэра ў Любанскім раёне былі выгравіраваны мужчынскія, таксама схематычныя выявы, адна з іх трымае ў руцэ рэч, падобную на сякеру. Майстэрства старажытных скульптараў найбольш праявілася ў антрапаморфных выявах з Асаўца Бешанковіцкага раёна, дзе знойдзены дзве выявы людзей - драўляная і касцяная. Абедзве скульптуркі ўяўляюць еўрапеоідны антрапалагічны тып. Звязана гэта з тым, што старажытныя майстры стваралі абагульненыя вобразы сваіх супляменнікаў.

Калі ў мастацтве палеаліту антрапаморфныя выявы прысвечаны пераважна жанчынам, то ў неаліце Беларусі сустракаліся толькі мужчынскія выявы - вобразы нейкіх міфічных герояў і духаў. Гэта было выклікана складваннем патрыярхальных родавых каЛектываў, дамінаваннем у гаспадарцы паляўнічых і пастухоў. У той час як палеалітычныя жаночыя статуэткі адлюстроўвалі перш за ўсё біялагічны пачатак у чалавеку пры схематычным паказе галавы і твару, то неалітычныя мастакі асноўную ўвагу надавалі твару з індывідуальнымі асаблівасцямі. Чалавек у гэты час усё больш асэнсоўваў сябе мыслячай істотай.

На тэрыторыі Беларусі знойдзены толькі адзінкавыя пахаванні каменнага веку. Таму мы не ведаем тагачасных пахавальных абрадаў і не можам рэканструяваць вераванні, звязаныя з культамі мёртвых. Толькі з позняга неаліту паходзіць некалькі пахаванняў на Росі ў Ваўкавыскім раёне, пакінутых носьбітамі культуры шарападобных амфар. Мяркуючы па канструкцыі магіл і тым, што ў іх змяшчалася, шарападобнікі практыкавалі як культы памерлых, так і плоднасці.

Літаратура:

Гiсторыя Беларусi: у 6 т. / рэдкал.: М. Касцюк (гал. рэд.) [i iнш.]. – Мiнск: Экаперспектыва, 2000–2005. – 6 т.



Качаноўскі, У.У. Гісторыя культуры Беларусі : вучэб. дапаможнік / У.У. Качаноўскі. – Мiнск : НКФ «Экаперспектыва», 1994. – 162 с.

Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусь : вучэб. дапаможнік / Л. Лыч, У. Навiцкi. 2-е выд. – Мiнск : ВП «Экаперспектыва», 1997. – 453 с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка