Тэма Гісторыя гістарычнай навукі ў Беларусі ў другой палове ХIХ ст




Дата канвертавання30.06.2016
Памер103.36 Kb.
Тэма 4. Гісторыя гістарычнай навукі ў Беларусі

ў другой палове ХIХ ст.

1. Грамадска-палітычныя ўмовы развіцця гістарыяграфіі гісторыі Беларусі ў другой палове ХІХ ст.

2. Канцэпцыя “заходнерусізма” і яе прадстаўнікі.

3. Дзяржаўна-прававая школа ў гістарыяграфіі.

4. Ліберальны і дэмакратычны накірункі ў гістарыяграфіі.
1. Грамадска-палітычныя ўмовы развіцця гістарыяграфіі гісторыі Беларусі ў другой палове ХІХ ст.

Моцны ўплыў на развіццё айчыннай гістарыяграфіі парэформеннага часу аказала паўстанне 1863 г. у Польшчы, Літве і Беларусі. Яно зноў звярнула ўвагу ўрада і расійскага грамадства, у цэлым, на заходні рэгіён краіны, заставіла нанава адкрыць Беларусь і яе гісторыю. Каб абвергнуць польскія прэтэнзіі на Беларусь і Літву, царскі ўрад пачаў актыўна даказываць рускі характар «заходняга края» імперыі.

Дзеля гэтага былі выдадзены два гістарычныя атласы.

Першы атлас з шасці карт падрыхтаваў палкоўнік Р.Ф.Эркерт (1863 г.). Выданне раскрывае арэал рассялення ў «заходнім краі» рускіх, палякаў, літоўцаў, латышоў, немцаў і яўрэяў. Зразумела, што ўкраінцы і беларусы былі аднесены да рускага этнасу. Першае выданне атласа выйшла на французскай мове і прадназначалася для еўрапейскай дыпламатыі ў адказ на падзеі 1863 г.

У 1864 г. выйшаў атлас, складзены падпалкоўнікам А.Ф.Рыціхам пад кіраўніцтвам Пампея Бацюшкава.

Актыўную падтрымку ўраду аказалі прадстаўнікі позняга расійскага славянафільства і ліберальная інтэлігенцыя, аб чым сведчаць публікацыі ў славянафільскіх выданнях «День», «Москва», «Русь». Да супрацоўніцтва з імі быў запрошаны прафесар Пецярбургскай духоўнай акадэміі, ідэолаг заходнерусізма М.В.Каяловіч, які звярнуўся з заклікам да расійскіх газет размяшчаць этнаграфічныя і гістарычныя матэрыялы аб «Заходняй Расіі».

Пазіцыя М.В.Каяловіча знайшла падтрымку ў віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва. Ён разумеў усю карысць гісторыі ў працэсе фарміравання грамадскай самасвядомасці жыхароў заходніх губерняў. Генерал-губернатар, акрамя русіфікацыі мясцовай адміністрацыі, прапанаваў імператару Аляксандру ІІ правесці рэформу школ і радыкальна змяніць змест гістарычнай адукацыі: «Необходимо всем и постоянно разъяснить, что край Северо-Западный всегда был и есть русский, и что польский элемент есть временный, заброшенный в эпоху польского владычества».

У пачатку 1864 г. Мураўёў задумаў выданне кнігі пра падзеі 1863 года. Вынікам стала двухтомная праца, выдадзеная ў 1867 – 1868 гг., «Сведения о польском мятеже 1863 года в Северо-Западном крае».

Для прапаганды ўрадавай палітыкі М.М.Мураўёў запрасіў у Вільню Ксенафонта Гаворскага.

У 1857 – 1858 гг. Гаворскі з’яўляўся рэдактарам неафіцыйнай часткі «Віцебскіх губернскіх ведамасцей». Яго заўважылі расійскія славянафілы, увялі ў навуковыя сталічныя салоны і зрабілі вядучым спецыялістам па «польскаму» пытанню. Прафесар М.В.Каяловіч садзейнічаў прызначэнню Гаворскага рэдактарам часопіса «Вестник Юго-Западной и Западной России», які выдаваўся з 1862 г. у Кіеве.

Па просьбе Мураўёва і папячыцеля Віленскай навучальнай акругі І.П.Карнілава выданне з 1864 г. перанеслі ў Вільню пад назвай «Вестник Западной России». Па тэматыцы публікацый часопіс быў гісторыка-літаратурным, але, з другога боку, ён з’яўляўся выразнікам афіцыйных поглядаў на палітыку, навуку, публіцыстыку. Аўтары змешчаных у ім артыкулаў аддавалі пашану праваслаўю, якое вызваліла Беларусь ад іга паланізма і лацінізма. Часопіс выходзіў пад дэвізам – «Калі Польшча не загінула, хай загіне – мы так хочам!». Уся гісторыя Беларусі падавалася аўтарамі «польскай інтрыгай» і «каталіцкім прымусам».

Каб пераарыентаваць гістарычную свядомасць насельніцтва Беларусі і Літвы па прыкладу Пецярбурга і Кіева ў Вільні з 29 красавіка 1864 г. пачала дзейнічаць Віленская археаграфічная камісія.


2. Канцэпцыя “заходнерусізма” і яе прадстаўнікі.

Заходнерусізм – гэта канцэпцыя, якая адмаўляла гістарычнасць беларусаў як самастойнай і самабытнай этнічнай адзінкі, атаясамлівала іх з вялікарускім этнасам. У заходнерусізме вылучалася дзве плыні: кансерватыўная (К.А.Гаворскі) і ліберальная (М.В.Каяловіч). Прадстаўнікі першага накірунку лічылі, што этнічныя асаблівасці беларусаў з’яўляюцца вынікам уплыву польска-каталіцкай экспансіі, таму заходняму краю неабходна вярнуць рускі характар. Прадстаўнікі ліберальнай плыні прызнавалі пэўную гісторыка-этнічную адметнасць Беларусі, але выключалі магчымасць яе нацыянальна-культурнага самавызначэння.

Арганізацыйнае афармленне гэтага гістарыяграфічнага накірунка адбылося ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі, а гістарыяграфічнае афармленне заходнерусізма звязана з працамі Міхаіла Каяловіча. Ён пашырыў і ў значнай ступені ўдакладніў гістарычныя погляды М.Г.Устралава. Яго канцэпцыя была панрасійскай славянафільскай і антыпольскай.

Свае метадалагічныя погляды Каяловіч раскрыў у кнізе «История русского самосознания» (1884 г.), якая стала буйной гістарыяграфічнай падзеяй – першай абагульняючай гістарыяграфічнай працай у Расіі. Даследчык прааналізаваў шырокае кола пытанняў па гісторыі гістарычнай навукі ад рускага летапісання па сучасныя яму працы.

З сінтэтычных абагульняючых прац, якія атрымалі грамадскае гучанне, можна назваць «Лекции по русской истории» (1862 – 1864 гг.), якія мелі чатыры выданні, і «Чтения по истории Западной России» (1884 г.). У іх Каяловіч прапанаваў уласную гістарычную канцэпцыю гісторыі Заходняй Расіі. Ён зыходзіў з вяршэнства праваслаўя ў гістарычным мінулым Беларусі, адзінстве інтарэсаў мясцовага насельніцтва з рускай арыстакратыяй. Гісторыю Беларусі аўтар зводзіў да нацыянальна-канфесійнага пытання, а сацыяльна-эканамічныя праблемы не закранаў.

Гістарыяграфічны падыход Каяловіча грунтаваўся на пазіцыі, што Заходняя Расія – гэта «западная Русь», якая ахоплівала «Белоруссию, западную Малороссию, или т. н. Украину, и Литву в собственном смысле слова». Дзяржаўнасць спачатку сфарміравалася ў межах рускага арэала «заходняй Русі», а потым пад націскам перасяленцкіх працэсаў была ўспрынята суседнімі літоўцамі. Да гэтага аб’яднальнага працэсу пад пагрозай крыжакоў з часам далучыліся жэмайты, якія ўжо ў ХІІІ ст. мелі свае дзяржаўныя формы.

Фактарам гістарычнага развіцця ён лічыў барацьбу «дзвух сіл»: рускай і польскай. Гісторыя Заходняй Русі да канца ХVІІІ ст., сцвярджаў Каяловіч, была прасякнута барацьбой польска-каталіцкай і русскай праваслаўнай цывілізацый.

У Пецярбургскай духоўнай акадэміі М.В.Каяловіч стварыў заходнерускую гістарычную школу, заснаваную на ідэях вялікадзяржаўнасці і манархізма. Але яе прадстаўнікі ўлічвалі ўплыў ліберальнай гістарыяграфіі, таму большую ўвагу сталі надаваць сацыяльнаму кантэксту ў гісторыі канфесійных адносін.

Адным з вядомых прадстаўнікоў заходнерускай гістарычнай плыні і вучняў Каяловіча з'яўляўся Платон Жуковіч. Цэнтральная месца па-ранейшаму займала царкоўная унія, аб чым гавораць наступныя працы: «Борьба против унии на современных ей польско-литовских сеймах (1595 – 1660 гг.)» (1897 г.), «Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией» (1901 – 1912 гг.). Жуковіч з'яўляецца адзіным прадстаўніком заходнерускай гістарыяграфіі, які звярнуўся да пытанняў сацыяльна-эканамічнай гісторыі, найперш, аграрнай гісторыі Беларусі канца ХVІІІ – сярэдзіны ХІХ ст. У 1895 г. ён выдаў працу «О русском землевладении в Северо-Западном крае от времени присоединения его к России».

Да старэйшых выкладчыкаў школы Каяловіча адносіцца Канстанцін Харламповіч. Навуковыя працы Харламповіча прысвечаны культуралагічнай праблематыцы ў кантэксце гісторыі праваслаўнай царквы: «К истории западнорусского просвещения. Виленская братская школа в первые полвека своего существования» (1897 г.), «Острожская православная школа» (1897 г.), «Западнорусские церковные братства и их просветительская деятельность в конце ХVI и начале ХVII в.» (1899 г.). Галоўнай працай яго жыцця стала кніга «Западнорусские православные школы ХVI и начале ХVII в. …» (1899 г.).

Яркім прадстаўніком заходнерускай гістарыяграфіі з’яўляецца рускі гісторык- славянафіл, археограф Іван Бяляеў. Бяляеў даследаваў гісторыю Беларусі да сярэдзіны ХVІ ст. У працы «Очерк истории Северо-Западного края России» (1867 г.) ён прасачыў гістарычнае развіццё Беларусі са старажытнасці да Крэўскай уніі 1385 г. Як і Каяловіч, разглядаў мінулае праз прызму барацьбы праваслаўнага насельніцтва супраць «націску лацінства і Нямеччыны». Аўтар падкрэсліваў, што яго кніга павінна «способствовать развитию у учащихся верных понятий в исконном господстве православия и русской народности…».

У «Истории Полотска или Северо-Западной Руси от древнейших времен до Люблинской унии», якая была надрукавана ў 1872 г., Бяляеў прааналізаваў сацыяльны і нацыянальны склад насельніцтва, гісторыю царквы, адміністрацыі Кіеўскай Русі і ВКЛ. Па сутнасці, аўтар паспрабаваў стварыць этнічную мадэль Полацкай зямлі. Вучоны лічыў, што тэрыторыя паміж Прыпяццю і Заходняй Дзвіной, Дняпром і Нёманам, Літва, землі суседніх прыбалтыйскіх плямён былі аб’яднаны ў працэсе славянскай каланізацыі ў адну Полацкую дзяржаву. Увесь разгляд гісторыі Полаччыны ў яго пабудаваны на прынцыпе аналогіі сацыяльнага жыцця Полацка і Ноўгарада (вечавыя сходы гараджан, арганізацыя купецтва і інш.) як вынік славянскай каланізацыі Полацка з Ноўгарада. Даследчык выказаў ідэю бесканфіктнай садружнасці ўлады і народа, першы з рускіх гісторыкаў зрабіў этнаграфічнае апісанне беларусаў, якіх лічыў крывічамі.

Найбольш выразна заходнеруская гістарыяграфічная пазіцыя прасочваецца ў працах рускага гісторыка Паўла Бранцава. Кнігі Бранцава («История Литовского государства с древнейших времен» (1889 г.), «Польский мятеж 1863 г.» (1891 г.), «Очерк древней Литвы и Западной России» (1896 г.) і інш.) паказывалі добратворны ўплыў на лёс «Заходняга краю» усяго праваслаўнага і рускага і адмоўны ўплыў усяго каталіцкага і польскага: «…после Люблинской унии было реализовано усиленное стремление поляков к окончательному уничтожению… самостоятельности Литовского государства».

Прапагандысцка-публіцыстычны накірунак у заходнерускай гістарыяграфіі прадстаўляў Іван Карнілаў. У 1901 г. Карнілаў выдаў «Русское дело в Северо-Западном крае: Материалы для истории Виленского учебного округа преимущественно в муравьевскую эпоху». Аўтар у прадмове раскрыў свой погляд на гісторыю Беларусі і Літвы, найперш, у ХІХ ст. Ён лічыў, што «Западный край, это наша древнейшая коренная страна, оплот православия и русской народности…».



3. Дзяржаўна-прававая школа ў гістарыяграфіі.

Пад уплывам пазітывізму ў другой палове ХІХ ст. у расійскай гістарыяграфіі сфарміравалася дзяржаўная або дзяржаўна-прававая школа, ля вытокаў якой знаходзіліся К.Д.Кавелін, Б.М.Чычэрын, С.М.Салаўёў. Гісторыкі праяўлялі зацікаўленасць да філасофіі гісторыі Гегеля, яго дыялектычнаму метаду, сфармулявалі канцэпцыю гістарычнага развіцця расійскай дзяржаўнасці, яе інстытутаў і прававых норм. Дзяржава разглядалася імі як суб’ект і рухавік гістарычнага прагрэсу.

Да другога пакалення прадстаўнікоў дзяржаўна-прававой школы адносяцца Міхаіл Уладзімірскі-Буданаў, Федар Леантовіч.

У сваіх працах («Немецкое право в Польше и Литве» (1868 г.), «Население Юго-Западной России от пол. ХIII до пол. ХVIII в.» (1886 г.)) Уладзімірскі-Буданаў аснову гістарычнага развіцця Вялікага княства Літоўскага бачыў у развіцці заканадаўчых норм краіны. Праўда, крыніцы і інстытуты права ён лічыў рускімі. Пагаршэнне становішча сялян тлумачыў тым, што нормы звычаёвага права былі выцеснены дзяржаўным правам, напрыклад «Уставай на валокі» Жыгімонта ІІ Аўгуста.

Уладзімірскі-Буданаў распрацаваў тэорыю «абшчыннага права» як «поўнага, вечнага і спадчыннага ўладання землямі нараўне з зямянамі і баярамі ў ХVІ ст.», якая пазней была абвергнута М.К.Любаўскім.

Зыходзячы з пазіцый прававога ідэалізму, даследчык лічыў, што магдэбургскае права, прынесенае ў ВКЛ з Польшчы разам з феадалізмам, стала прычынай заняпаду не толькі гарадоў Рэчы Паспалітай, але і краіны ў цэлым. Адзначым панславянскую пазіцыю Уладзімірскага-Буданава, які выступаў з ідэяй аб'яднання славянскіх народаў пад эгідай Расіі.

У манаграфіях «Очерки истории литовско-русского права» (1894 г.), «Сословный тип территориально-административного состава Литовского государства и его причины» (1895 г.) Леантовіч прааналізаваў працэс утварэння ВКЛ (аўтар сфармуліраваў тэзіс аб добраахвотным аб’яднанні Русі з Літвой дзеля вызвалення ад татара-мангольскага іга), ахарактарызаваў сацыяльны стан беларускіх зямель у складзе гэтай краіны, прававое становішча розных катэгорый сялянства ВКЛ, класіфікаваў сялянскія павіннасці. Даследчык развіваў тэорыю абшчыннага паходжання Рускай дзяржавы.
4. Ліберальны і дэмакратычны накірункі ў гістарыяграфіі.

Аўтарам шырокага гістарычнага сінтэзу, складзенага на падставе лекцыйнага курсу ў Маскоўскім універсітэце, стаў выдатны прадстаўнік ліберальнай гістарыяграфіі рускі гісторык Мацей Любаўскі.

На працягу трох дзесяцігоддзяў Любаўскі чытаў у Маскоўскім універсітэце спецкурс па гісторыі Вялікага княства Літоўскага, вёў семінары па крыніцазнаўству ВКЛ. Але рукапісы і матэрыялы даследчыка дайшлі да нас у нязначнай колькасці – у аб’ёме каля 200 старонак.

Найбольш значная абагульняючая работа па гісторыі ВКЛ – «Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно» (1910 г.). Выданне падобнай сінтэзнай працы аўтар растлумачыў адсутнасцю даступных абагульняючых дапаможнікаў, а ў навуковым сэнсе – вывучэннем парадаксальна розных шляхоў гістарычнага равіцця «Літоўскай» і Паўночна-Усходняй Русі» і тым самым для лепшага разумення станаўлення і эвалюцыя апошняй. Любаўскі стаў пачынальнікам тыпалагічна-параўнальнага метада ў вывучэнні гісторыі ВКЛ. У гістарыяграфіі традыцыйна залічваюць аўтара ў групу пазітывістаў гісторыкаў дзяржаўна-прававой школы, што патрабуе значнай карэктыроўкі. Ён імкнуўся да шырокага асвятлення гісторыі ВКЛ і толькі недахоп сур’ёзных культуралагічных і сацыяльна-эканамічных прац перашкодзілі яму ў ажыццяўленні ягоных планаў.

У другой палове ХІХ ст. фарміруецца ліберальная плынь ва ўкраінскай гістарыяграфіі, прадстаўленая «кіеўскай школай» У.Б.Антановіча. Погляды яе прадстаўнікоў на «літоўскі» перыяд у развіцці ўкраінскіх і беларускіх зямель былі прынцыпова рознымі, але падыходы і метадалогія даследавання насілі дэмакратычны характар. Яны не прымалі пазіцыю расійскай афіцыйнай гістарыяграфіі аб супадзенні дзяржаўнай і народнай гісторыі.

Сярод даследчыкаў «кіеўскай школы» вылучаецца арганізатар акадэмічнай гістарычнай навукі ва Украіне Міхаіл Грушэўскі. Гісторыя Беларусі закранаецца ў творах М.С.Грушэўскага галоўным чынам пры даследаванні агульнагістарычных працэсаў, што развіваліся ў ВКЛ, або асабліва аб’ядноўвалі украінскія і беларускія землі (грамадска-палітычныя традыцыі, духоўнае жыццё, царква, брацтвы і інш.). Аўтар вызначыў асобную ролю беларускіх зямель у палітычным і духоўным развіцці ВКЛ, абгрунтоўваў гэта іх геапалітычным становішчам і больш доўгім знаходжаннем у яго складзе.

Ліберальная традыцыя ў вывучэнні гісторыі Беларусі ў беларускай гістарыяграфіі звязана з прозвішчамі Яўхіма Карскага, Івана Лапы, Арсена Турцевіча, якія зыходзілі з самабытнага характару беларускай гісторыі.

«Энцыклапедыяй беларусазнаўства» стала фундаментальная праца Карскага «Беларусы», якая выйшла ў сямі выпусках (трох тамах) з 1903 па 1922 гг. На аснове комплекснага параўнальна-гістарычнага абагульнення разнастайных пісьмовых і этнаграфічных крыніц даследчык абгрунтаваў нацыянальную самабытнасць беларусаў як самастойнага славянскага народа, маючага сваю багатую і арыгінальную культуру, старажытныя традыцыі.



Асноўныя працы Лапы прысвечаны сацыяльна-палітычнай гісторыі ВКЛ у ХVI ст.: «Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской унии до смерти Стефана Батория (1569 – 1586). Опыт исследования политического и общественного строя» (1901 г.), «Великое княжество Литовское во второй половине ХVI ст. Литовско-русский повет и его сеймик» (1911 г.), «Западная Россия и ее соединение с Польшей в их историческом прошлом: Исторические очерки» (1924 г.).


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка