Тэма Гістарыяграфія гісторыі Беларусі ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст




Дата канвертавання01.07.2016
Памер55.09 Kb.
Тэма 5. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст.

1. Станаўленне беларусазнаўства як асновы беларускай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі.

2. Гістарычная публіцыстыка “Нашай Нівы”. Гістарычныя погляды Я. Купалы.

3. «Кароткая гісторыя Беларусі» В. Ластоўскага.


1. Станаўленне беларусазнаўства як асновы беларускай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі.

Станаўленне нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі цесна звязана з развіццём навуковых ведаў пра Беларусь і беларускі народ – беларусазнаўствам. У канцы ХVІІІ – пачатку ХІХ ст. Беларусь у навуковых адносінах заставалася амаль зусім не вывучаным рэгіёнам. Адсутнічалі даследаванні аб мове, вуснай народнай творчасці, матэрыяльнай культуры, этнічных межах рассялення беларусаў, гісторыі краю. Не існавала адзінай назвы народа і краіны. Назва «Беларусь» на той час замацавалася толькі за ўсходнімі губернямі – Віцебскай і Магілёўскай. У асобных публікацыях да Беларусі далучалася Смаленская губерня (яе цэнтральная і заходняя часткі). Мінская, Гродзенская і Віленская губерні называліся Літвою, а іх насельніцтва – ліцвінамі або літоўцамі. Сацыяльныя вярхі грамадства і інтэлігенцыя былі паланізаваны. У грамадска-культурным жыцці краю панавала польская мова. Таму многімі прадстаўнікамі расійскай інтэлігенцыі Беларусь успрымалася як частка Польшчы.

На развіццё этнічнай самасвядомасці беларускага народа адмоўна ўплываў яго раскол па веравызнанні на праваслаўных і католікаў. Праваслаўе ўспрымалася як «руская» вера, каталіцызм – як «польская». Адпаведную прапаганду вялі царква і касцёл. Веравызнаннем вызначалася этнічная прыналежнасць не толькі ў свядомасці селяніна, але і ў разуменні інтэлігенцыі, нават вучоных.

Вывучэнне Беларусі гісторыкамі, этнографамі, мовазнаўцамі ў ХІХ – пачатку ХХ ст.



2. Гістарычная публіцыстыка “Нашай Нівы”. Гістарычныя погляды Я. Купалы.

У 1906 – 1915 гг. цэнтрам беларускага нацыянальна-адраджэнцкага руху з’яўляліся газеты «Наша доля» і «Наша ніва».

Газета «Наша ніва», якая друкавалася ў Вільні з лістапада 1906 г. да жніўня 1915 г. Выданне мела нацыянальна-асветніцкі характар, яе рэдактары імкнуліся «запаліць святло ў цемры» і «данесці навуку людзям». Змест штотыднёвіка складаўся з наступных рубрык: інфармацыя, спосабы правядзення вольнага часу, палітыка і культура, гісторыя і сучаснасць. Толькі за тры гады (1906 – 1909 гг.) у газеце было надрукавана 906 паведамленняў з 489 вёсак і мястэчак Беларусі. Але выданне нельга лічыць масавым – у 1911 г. тыраж складаў 3 тыс. экзэмпляраў.

Нацыянальная гісторыя з’яўлялася вядучай тэмай, якая дамінавала ва ўсіх нумарах штотыднёвіка. Ужо ў другім нумары на тытульнай старонцы на фоне руінаў Наваградскага замка рэдактары «Нашай нівы» пісалі пра каранацыю Міндоўга ў 1252 г., пра пачаткі ВКЛ, пра першую сталіцу гэтай дзяржавы. Цікава, што аўтары ўпаміналі вялікага «песняра нашага краю» Адама Міцкевіча.

Таксама ў газеце друкаваліся матэрыялы па ўсеагульнай гісторыі, гісторыі літаратуры, этнаграфіі, мастацтву, гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху. Напрыклад, ананімны артыкул «Сымон Канарскі» (1907 г.), нарысы А.Пагодзіна «Колькі слоў аб нацыянальным адраджэнні забытага народу» (1908 г.), «Владыслаў Сыракомля» (1908 г.), артыкулы Д.Дарашэнкі «Беларусы і іх нацыянальнае адраджэнне» (1909 г.), Зямкевіча «Адам Ганоры Кіркор» (1911 г.), В.Ластоўскага «З мінуўшчыны горада Быхава» (1911 г.), «Людвіг Кандратовіч» (1912 г.), «Хроніка ВКЛ» (1914 г.).

Аўтары гістарычных публікацый лічылі, што родная мова – самы кароткі шлях да культурнасці беларусаў, а ХІХ ст. і расійская ўлада не прынеслі ім нічога карыснага. Рэдактар-выдавец У.Уласаў выказаў у 1908 г. думку, якая стала ў наступным гістарыяграфічнай традыцыяй: «беларуская нацыя – зона перакрыжавання станоўчых рысаў памежных нацый». Негатыўныя іх якасці не знайшлі ўкаранення сярод беларусаў. Канцэпцыя атрымала распрацоўку ў працах Ігната Абдзіраловіча (1921 г.) і Уладзіміра Конана (1992 г.).

На старонках «Нашай нівы» публікавалася, а ў 1910 г. выйшла асобным выданнем «Кароткая гісторыя Беларусі» В.Ю.Ластоўскага – важная веха ў станаўленні нацыянальнай гістарыяграфіі. Пры рэдакцыі «Нашай нівы» намаганнямі І.Луцкевіча быў арганізаваны Беларускі музей. Дзякуючы штотыднёвіку раскрыліся літаратурныя таленты Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Гаруна, З.Бядулі, Ц.Гартнага, М.Гарэцкага, К.Буйло і інш. беларускіх пісьменнікаў, публіцыстаў і крытыкаў.

Я. Купала ў сваёй творчасці зыходзіў з аб’ектыўнасці працэсу ўтварэння народаў, якія фарміраваліся ў розных умовах бытавання на працягу многіх тысячагоддзяў – кожны са сваімі адвечнымі і адметнымі мовамі, звычаямі, парадкамі, нацыянальнымі праявамі. Народ ён параўноўваў з вялізнай сям’ёй-раднёй. Найбольш важнай адметнасцю народа лічыў мову, «якую вякі ўсвянцілі і ўкаранілі ў ім, на якой ён і яго продкі, з самага пачатку свайго паяўлення на зямлі, узраслі і ўзгадаваліся». Я.Купала не раз адзначаў, што ў гісторыі Беларусі быў перыяд, калі краіна жыла сваім незалежным жыццём, мела сваіх князёў, сваё веча. Пазней, паводле Купалы, Беларусь папала пад уладарства Літвы, але беларуская мова ў той жа час стала мовай «літоўскіх законаў», «урадавым словам». Народ не страціў дзяржаўнасць. ВКЛ Я.Купала называў «Вялікім Літоўска-Беларускім княствам». Заняпад Беларусі ён адносіў да часоў уніі ВКЛ з Польшчай, калі беларуская знаць, «каб заслужыцца на ласку ў польскім урадзе», здрадзіла свайму народу, прыняла польскую мову і культуру, «сталася чужацкай на сваёй беларускай зямлі». Панскі двор і сялянская вёска пачалі гаварыць на розных мовах. Класавыя супярэчнасці паміж панамі і сялянамі набылі нацыянальную афарбоўку. Паэт канстатаваў, што ў Расійскай імперыі на Беларусі да польска-панскага бізуна дабавілася «чыноўніцка-жандарская нагайка». Але народ, па словах Я.Купалы, «не зацёр сваёй асобнасці, свайго нацыянальнага духу..., хоць і валок на сабе ярмо колькі векавога чужога ўладарства», якое, праўда, надоўга затрымала яго нацыянальнае і культурнае развіццё. У артыкуле «Вера і нацыянальнасць» (газета «Наша ніва», 1914, № 27) Купала адзначаў неспрыяльнае ўздзеянне на працэс станаўлення беларускай нацыі каталіцкага касцёла і праваслаўнай царквы, іх змагання за душу беларуса. У артыкуле падкрэслівалася, што ў беларусаў-католікаў і беларусаў-праваслаўных «адна Бацькаўшчына – Беларусь, адна мова родная – беларуская, адны звычаі і абычаі, ад веку перадаваныя з пакалення ў пакаленне». Найцяжэйшыя часы гісторыі Беларусі паэт звязваў з чужацкім панаваннем і, зыходзячы з гэтага, рабіў выснову, што «толькі адна поўная дзяржаўная незалежнасць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаванне, і добрую славу нашаму народу» (газета «Беларусь», 1919, № 33).


3. «Кароткая гісторыя Беларусі» В. Ластоўскага.

У 1910 г. выйшла першая сінтэтычная праца па айчыннай гісторыі, напісаная з пазіцый беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі, «Кароткая гісторыя Беларусі» Вацлава Ластоўскага.

У прадмове да кнігі Ластоўскі растлумачыў, чаму ён узяўся за гэтую працу. На яго думку, «гісторыя – гэта фундамэнт, на каторым будуецца жыцьцё народу». Праца адметна тым, што ўпершыню наша гісторыя падаецца не як гісторыя «усходніх крэсаў» Рэчы Паспалітай або Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі, а як гісторыя адметнай і самадастатковай Беларусі.

Аўтарам былі выкарыстаны даследаванні этнаграфічнага, гістарычнага і статыстычнага характару расійскіх, польскіх і беларускіх навукоўцаў, у тым ліку М.В.Каяловіча, Я.Ф.Карскага і М.В.Доўнар-Запольскага, апублікаваныя зборнікі дакументаў. За ўзор даследчык узяў невялікія па аб’ёму нацыянальныя гісторыі Польшчы і Украіны. Ластоўскі стварыў нацыянальную кампіляцыю гісторыі, змест якой вынікаў з палітычных патрэб і грунтаваўся на даследаваных гістарычных фактах.



Праца падзелена на пяць перыядаў: 1) ад старажытных часоў да ўцёкаў полацкіх князёў у Літву (1129 г.); 2) ад вяртання полацкіх князёў да смерці Вітаўта (1132 – 1430 гг.); 3) ад смерці Вітаўта да Люблінскай уніі (1430 – 1569 гг.); 4) ад Люблінскай уніі да падзелаў Польшчы; 5) Беларусь пад расійскім панаваннем.

Даследчыкі лічаць «Кароткую гісторыю Беларусі» «рамантызаванай» гісторыяй. Ластоўскі зыходзіў з пазіцыі бяскласавасці гістарычнага працэсу і спрадвечнай дэмакратычнасці беларускага грамадства. Гісторыя Беларусі ім ўспрымалася як гісторыя самаразвіцця грамадскай самасвядомасці, а гэта было звязана з рэлігійнасцю. Даследчык ідэалізаваў грамадскія структуры ХV – ХVІ ст., перабольшваў ролю інтэлігенцыі ў фарміраванні нацыі. Відавочна і пэўная мадэрнізацыя гістарычнага працэсу – пошук беларускай дзяржаўнасці ў старажытнарускі перыяд.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка