Тэма Гістарыяграфія гісторыі Беларусі ў ХVIII – першай палове ХIХ ст




Дата канвертавання30.06.2016
Памер65.76 Kb.
Тэма 3. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі ў ХVIII –

першай палове ХIХ ст.

1. Віленская гістарычная школа.

2. Гісторыя Беларусі ў працах рускіх гісторыкаў.

3. М.Р. Устралаў і яго погляды на гісторыю Беларусі.


1. Віленская гістарычная школа.

У першай трэці ХІХ ст. цэнтрам прапаганды ідэй Асветніцтва на тэрыторыі Беларусі і Літвы становіцца Віленскі імператарскі універсітэт, створаны на базе галоўнай Літоўскай школы ў 1803 г. па загаду Аляксандра І. Цыкл гуманітарных, у т.л. і гістарычных дысцыплін, выкладаўся на двух факультэтах: факультэце навук маральных і палітычных; факультэце літаратур і свабодных мастацтваў. Іх абслугоўвала кафедра ўсеагульнай гісторыі. Адным з яе загадчыкаў з’яўляўся вядомы польскі гісторык і грамадска-палітычны дзеяч Іаахім Лялевель.

Упершыню ў польскай гістарыяграфіі Лялевель вызначыў паняцце сусветнай гісторыі як гісторыі ўсіх народаў і дзяржаў. Ён з’ўляецца заснавальнікам і галоўным прадстаўніком «рамантычнай» школы ў гістарыяграфіі Польшчы, Беларусі і Літвы. Пад уплывам польскага нацыянальнага руху ён лічыў справу вывучэння гісторыі актуальным і патрыятычным абавязкам. Гісторыя, на яго думку, ствараецца для народа, а народ – гэта сялянства і шляхта.

Свае погляды на гісторыю ВКЛ і Русі Лялевель раскрыў у манаграфіі «Гісторыя Літвы і Русі да Люблінскай уніі з Польшчай 1569 года» (1839 г.). У сваёй працы ён паспрабаваў даць комплексную панарамную характарыстыку іх унутранага развіцця, дзяржаўна-палітычных адносін, знешніх фактараў, у т. л. дзяржаўных і царкоўных уній з Польшчай. Лялевель крытычна ацаніў развіццё гістарычнай думкі ад узнікнення рускага летапісання да пачатку ХІХ ст. Упершыню ў гістарыяграфіі даследчык вывучыў польскія крыніцы па гісторыі Расіі.

Гісторыя ВКЛ пачынаецца з часоў Кіеўскай Русі і заканчваецца Люблінскай уніяй. На думку даследчыка, Княства было асноўным пераемнікам гістарычнай, традыцыйнай і культурнай спадчыны Кіеўскай Русі, што садзейнічала яго ўнутранаму развіццю і знешняй адпорнасці. «Гаспадарства ўзнікла на рыштаваннях тагачаснай Русі, - пісаў Лялевель, - і прыстасаванні да ніх наезднічай Літвы».

У першай трэці ХІХ ст. у Вільні сфарміравалася група даследчыкаў-гісторыкаў, якія стаялі ля вытокаў не толькі беларусазнаўства, але і беларускай нацыянальнай ідэі. Яны асвятлялі гісторыю ВКЛ з патрыятычных, літоўска-беларускіх пазіцый, выказываліся за аднаўленне самастойнасці ВКЛ і вяртанне дзяржаўнага статуса старабеларускай пісьмовай мове.

Працуючы ў Віленскім універсітэце, І. Даніловіч пачаў займацца зборам, вывучэннем і публікацыяй пісьмовых крыніц па гісторыі Беларусі і Літвы. Даследчык сам праводзіў археаграфічныя пошукі матэрыялаў у архівах Пецярбурга, Варшавы, Масквы. У бібліятэцы графа М.П.Румянцава ён знайшоў Судзебнік Казіміра ІV 1468 г., а ў Супрасльскім манастыры – Супрасльскі летапіс.

Гісторыя ВКЛ разглядалася І.Анацэвічам у спецыяльным курсе, а не пры вывучэнні ўсеагульнай гісторыі. Лекцыі карысталіся папулярнасцю сярод студэнтаў. Гісторык планаваў напісаць абагульняючую працу, але не атрымалася. Ужо пасля смерці выйшлі артыкулы на польскай мове «Погляд на першапачатковую гісторыю Літвы» (1846 г.), «Погляд на гісторыю Вялікага княства Літоўскага» (1849 – 1850 гг.). ёсць меркаванне, што рукапіс сваёй «Гісторыі Літвы» вучоны перадаў Ігнату Крашэўскаму.

Ярашэвіч актыўна займаўся даследаваннем старажытнай гісторыі ВКЛ і крыніцазнаўствам. Вялікі ўплыў на яго аказаў загадчык кафедры ўсеагульнай гісторыі Лялевель, з якім вучоны ў 1817 – 1830 гг. вёў інтэнсіўную перапіску.

Дакладнае вывучэнне гістарычных крыніц дазволіла Ярашэвічу падрыхтаваць фундаментальнае выданне «Вобраз Літвы з пункту гледжання цывілізацыі ад найстаражытнейшых часоў да канца ХVІІІ ст.», якое выйшла ў трох тамах (830 старонак) у 1844 – 1845 гг. Гэтае даследаванне стала адлюстраваннем істотнага прагрэсу ў развіцці гістарычнай навукі Беларусі і Літвы. Ярашэвіч першым у айчыннай гістарыяграфіі стаў разумець гістарычную навуку як цывілізацыйны закон развіцця асветы грамадства.




2. Гісторыя Беларусі ў працах рускіх гісторыкаў.

Адным з першых расійскіх даследчыкаў, які прааналізаваў гістарычныя падзеі на Беларусі, з’яўляецца Васіль Тацішчаў.

Вядома, што В.М.Тацішчаў чытаў і выкарыстаў у сваёй «Истории Российской» Полацкі летапіс. Таму яго праца з’яўляецца каштоўнай крыніцай, на аснове якой удакладняюцца многія падзеі з гісторыі Беларусі. У прыватнасці, аўтар вызначыў прычыну нападу наўгародскага князя Уладзіміра Святаславіча на Полацк у 980 г. – паход Рагвалода на Наўгародскія землі, раскрыў намер менскага князя Глеба Усяславіча заваяваць Наўгародскія і Смаленскія землі. Тацішчаў лічыў, што горад Навагрудак заснаваны князем Яраславам Мудрым падчас яго пахода на Літву ў 1044 г., што полацкі князь Усяслаў Брачыславіч здзейсніў ваенную акцыю не на Ноўгарад, а на Навагрудак (памылкова). Бітву на Нямізе даследчык лакалізаваў на Нёмане 10 сакавіка 1067 г. Таксама аўтар паказаў акалічнасці ўтварэння ВКЛ, апісаў помсту Войшалка забойцам Міндоўга і інш.

Тацішчаў адным з першых зрабіў спробу перыядызацыі гісторыі Полацкага княства, вызначыўшы тры перыяды: мясцовае княжанне, вечавы, у складзе ВКЛ. Ён упершыню даследаваў пытанне паходжання і геаграфічнага значэння тэрміна «Белая Русь». Даследчык лічыў, што гэтая назва ўзнікла ў ХІІ ст. у дачыненні да Растова-Суздальскіх зямель. Традыцыю Тацішчава прадоўжыў вядомы расійскі вучоны-прыродазнавец, паэт, мастак Міхаіл Васільевіч Ламаносаў (1711 – 1765 гг.), які стаяў на пазіцыі аўтахтоннасці Русі, у склад якой ён адносіў і беларускія землі.

Звесткі пра Беларусь можна атрымаць у дакументальных дадатках да працы князя Міхаіла Міхайлавіча Шчарбатава (1733 – 1790 гг.) «История Российская». Гэта, найперш скаргавыя спісы пятнаццатага стагоддзя аб нападах на гандляроў і падарожнікаў з Вялікага княства Маскоўскага, дакументы пра перамовы аб перамір’і ў гады Лівонскай вайны, дакументы пра ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі ў перыяд ІІ-й Паўночнай вайны 1700 – 1721 гг.

У гэты час на ніве гісторыі плённа працаваў рускі дваранскі гісторык Мікалай Бантыш-Каменскі.

У 1794 г. Кацярына ІІ праз обер-пракурора Сінода графа Мусіна-Пушкіна даручыла Бантыш-Каменскаму падрыхтаваць падрабязныя звесткі пра «уніятаў польскіх». Вынікам праведзенага даследавання стала кніга «Исторические сведения о возникшей в Польше унии…», выдадзеная ў Маскве ў 1805 г. Аўтар сцвярджаў, што ўнія выражала інтарэсы папства, была сродкам дзяржаўнай палітыкі і вынікам кампраміснай пазіцыі праваслаўных іерархаў. Усё гэта выклікала шырокае народнае супраціўленне. Расійскі імператар Аляксандр І узнагародзіў гісторыка дыяментавым пярсцёнкам.
3. М.Р. Устралаў і яго погляды на гісторыю Беларусі.

Мікалай Устралаў. У 30-я гг. ХІХ ст. упершыню ў расійскай гістарыяграфіі ён паспрабаваў уключыць гісторыю «Заходняй Русі» у канцэптуальную схему рускай гісторыі.

У 1837 г. выйшла першае, а ў 1842 г. – другое выданне асноўнай працы Устралава «Русская история» у двух тамах. Даследаванне аўтар падрыхтаваў па прапанове міністра народнай асветы графа С.С.Уварава. Устралаў прапанаваў уласную метадалогію вывучэння гісторыі заходніх зямель Русі: 1) як узнікла ВКЛ і як страціла сваю самастойнасць? 2) як адносілася да ВКЛ Маскоўская дзяржава? 3) як разумелі ВКЛ сучаснікі да канца ХVII ст.? 4) што думалі пра ВКЛ пазнейшыя гісторыкі Расіі?

Ён заклаў асновы так званай «заходнерускай» афіцыйнай ідэалогіі. Згодна з асноўнымі парадыгмамі гэтай канцэпцыі для ўсёй хрысціянскай Русі з даўніх часоў было характэрна спалучэнне трох духоўных імператываў: праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць.

Асобная глава кнігі прысвечана гісторыі ВКЛ. Устралаў адзначыў сваю цікавасць да мінулага Вялікага княства Літоўскага адсутнасцю адзінага падыхода сярод вучоных. Адныя даследчыкі лічылі ВКЛ рускай дзяржавай, другія польскай правінцыяй. Устралаў звярнуў увагу на тэрытарыяльную, дэмаграфічную, культурную і рэлігійную перавагу рускага насельніцтва ВКЛ над этнічнымі літоўцамі. Тэрыторыю ВКЛ у ХІV – ХVІІІ ст. ён падзяляў на дзве часткі: «Русские княжества, - пісаў ён, - к западу от Днепра, кроме Галиции, присоединившейся к Польше, слились также в одно целое и образовали вместе с Литовским народом самостоятельное государство, под именем Великого княжества Литовского, главою коего был дом Гедимина». Гісторык лічыў, што ВКЛ было заснавана Гедзімінам, які па прыкладу маскоўскіх князёў рознымі шляхамі збіраў землі вакол Вільні. Пры яго пераемніках «Літоўская дзяржава» уяўляла тую ж сістэму княстваў, што і «Масква» да Івана ІІІ. Таксама ў Вялікім княстве Літоўскім мова, вера, заканадаўства былі «рускімі». «Западная Русь до конца ХVІ века оставалась под властью Князей Литовских, в роде Гедимина, но так же, как и Восточная, спасла свою веру, свой язык, свои уставы гражданские. Следовательно самые крепкие узы связывали её с Восточной Россией, и народ, свято сохраняя законы прародителей, неоднократно обнаруживал живейшее желание возвратиться в подданство Царя православного, целыми областями присоединяясь к его державе». Вялікім злом для дзяржаўнага развіцця стала Крэўская ўнія 1385 г., якая азначала паварот на захад. А пасля Люблінскай уніі ВКЛ стала здабычай езуітаў («иго польское, тягостнее татарского»). Усё «рускае», г.зн. праваслаўнае, стала знішчацца. Рускія цары, пачынаючы ад Івана Каліты да Кацярыны ІІ, імкнуліся аб’яднаць усю Русь – гэта галоўны накірунак знешняй палітыкі Расіі.

Аўтар вызначыў тры галоўныя памылкі, якія былі дапушчаны рускімі даследчыкамі пры аналізе гісторыі ВКЛ. Па-першае, лічылі літоўцаў больш магутным народам, чым славяне. Па-другое, глядзелі на ВКЛ як на варожую Расіі дзяржаву. Па-трэцяе, не вызначалі ўнію ВКЛ і Польшчы як зло для рускага насельніцтва Княства. Задачай рускага гісторыка, на думку Устралава, з’яўляецца раскрыццё барацьбы Русі супраць польскага прыгнёту і вяртання яе да Расіі. Таму расійскі даслечык павінен гісторыі ВКЛ надаваць такую ж увагу як і гісторыі Паўночна-Усходняй Русі.



Устралаў заклаў аснову канцэпцыі заходнерусізма ў гістарычнай навуцы, але не здолеў стварыць сінтэзнай канцэпцыі гісторыі ВКЛ. Гэта тлумачыцца слабой распрацаванасцю праблем сацыяльна-палітычнай гісторыі Беларусі і Літвы і адсутнасцю абагульняючай інфармацыі аб іх культурным, канфесійным, эканамічным развіцці.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка