Тэксты лекцый па курсу «Этналогія і этнаграфiя Беларусi» для студэнтаў 1 курса гістарычнага факультэта спецыяльнасць «Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны




Дата канвертавання01.05.2016
Памер100.25 Kb.
Тэксты лекцый па курсу «Этналогія і этнаграфiя Беларусi»

для студэнтаў 1 курса гістарычнага факультэта (спецыяльнасць «Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны

(па накірунках)»)
ТЭМА 17. ТРАДЫЦЫЙНЫЯ ЗАНЯТКІ БЕЛАРУСАЎ
1. Земляробства. Земляробчыя прылады працы.

2. Жывёлагадоўля.

3. Народныя рамёствы і промыслы.
Літаратура

Серыя “Беларусы”. Т. 1. Народныя рамёствы і промыслы. Мн., 1995.

Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. – Мн., 1997.
1. Земляробства. Земляробчыя прылады працы.

Гаспадарчая дзейнасць беларусаў уключала земляробства, жывёлагадоўлю, здабываючыя промыслы (збiральнiцтва, рыбалоўства, паляўнiцтва, пчалярства, лесахiмiчныя промыслы, нарыхтоўка i сплаў лесу), а таксама народныя рамёствы (кавальства, бондарства, стальмашнае рамяство, ганчарства, кушнерства, гарбарства i iнш.). Вырабляліся прылады працы і транспартныя сродкi (водныя i сухапутныя, колавыя i палозныя).

ЗЕМЛЯРОБСТВА, галіна сельскай гаспадаркі; асноўны занятак насельніцтва Беларусі са старажытных часоў. У шырокім (сучасным) сэнсе адпавядае раслінаводству і ўключае ворыўнае земляробства, лугаводства, садоўніцтва і лесаводства. Яго аснова — ворыўнае земляробства, якое грунтуецца на апрацоўцы глебы і вырошчванні культурных раслін з ужываннем спецыяльных сродкаў і адпаведных прылад працы. Вытворчы працэс уключае падрыхтоўку і апрацоўку глебы, сяўбу, догляд пасеваў, уборку, упарадкаванне і захоўванне ўраджаю. Асноўнай цяглавай сілай у земляробстве да сярэдзіны 20 ст. была рабочая (цяглавая) жывёла — конь і вол.

Традыцыйныя земляробчыя прылады — саха, рала, барана, акучнік, матыка, рыдлёўка, серп, каса, вілы, граблі, цэп і інш., кожная з якіх была пры-значана для пэўнага віду работ, хоць выяўляла прыкметную поліфункцыянальнасць і мела рэгіянальна-тыпалагічныя адрозненні. Для ўпарадкавання і захоўвання ўраджаю служылі спецыяльныя гаспадарчыя пабудовы — гумно, асець, клець, варыўня, склеп і інш.

Эвалюцыя 3емляробства адлюстроўвала паслядоўныя этапы ў развіцці вытворчых сіл і сацыяльна-эканам. адносін. 3емляробства ўзнікла на базе збіральніцтва і аселага ладу жыцця. Ускосныя звесткі аб ім адносяцца да часоў неаліту (3-е тыс. да н. э.). Аднак знаходкі прылад працы той пары (каменныя і рогавыя матыкі, крамянёвыя сярпы) не даюць бясспрэчных доказаў пра існаванне земляробства. Верагодныя даныя аб ім адносяцца да эпохі бронзы (канец 3 - пач. 1-га тыс. да н. э.), пра што сведчаць археал. знаходкі рэшткаў культурных раслін пшаніцы, ільну, проса. Пры раскопках паселішчаў ранняга жалезнага веку выяўлены таксама зерні гароху, вікі, палявых (конскіх) бабоў. Да гэтага часу адносяцца і знаходкі першага старажытнага рала (каля в. Каплапавічы Клецкага р-на, эпоха зарубінецкай культуры), што сведчыць пра пераход ад матыжнага земляробства да ворыўнага. Укараненне жалезных прылад працы стала пачаткам значных змен і ў сістэме земляробства і ў грамадскай арганізацыі працы, паскорыла пераход да патрыярхальнага ладу і станаўлення класавага грамадства.

Структура земляробства істотна не мянялася на працягу многіх стагоддзяў. Асноўнае месца займалі збожжавыя культуры (азімае жыта, пшаніца, ячмень, авёс, грэчка, проса), сеялі лён, каноплі, бабовыя (гарох, палявыя бабы, віку). Вырошчвалі гародніну (капусту, буракі, агуркі, моркву, рэдзьку, цыбулю, рэпу). 3 18 ст. стала пашырацца культура бульбы, якая для бел. селяніна хутка стала «другім хлебам». 3 канца 19 ст. важнае месца ў севазваротах займаюць пасевы кармавых траў.

Стан земляробства, узровень агратэхнічных ведаў і характар узаемадзеяння з экалагічным асяроддзем у значнай ступені адлюстроўваюць сістэмы земляробства, сярод якіх вылучаюць некалькі асноўных сістэм: падсечна-агнявую (лядная), абложную (ялавінная), трохполле і шматполле. Кожнай з іх уласцівы варыянты і асаблівасці, звязаныя з размеркаваннем пасяўных плошчаў, чаргаваннем пасеваў, прыёмамі апрацоўкі глебы і інш.

Да канца 19 ст. склалася некалькі аграрных раёнаў з уласцівымі ім асаблівасцямі спецыялізацыі, структурай пасяўных плошчаў, узроўнем агратэхнікі, працоўнымі традыцыямі, навыкамі, звычаямі, абрадамі. Найбольш заселенай і асвоенай пад земляробства была сярэдняя палоса Беларусі, раўніны Панямоння, Цэнтральнай Беларусі і левабярэжжа Дняпра. Ворыўная зямля ў сярэдзіне 19 ст. складала тут да палавіны ўсіх сельска-гаспадарчых угоддзяў. У сістэме севазваротаў панавала трохполле. Недахоп зямлі і яе адносная ўрадлівасць прымушалі сялян часам прымяняць двухполле без папару. У панскіх маентках побач з трохполлем сустракалася чатырохполле з пасевамі кармавых траў. Мясцовыя жыхары атрымлівалі параўнаўча высокія ўраджаі збожжавых (у 1802—03 сярэдняя ўраджайнасць у Гродзенскай губ. складала сам-4 — сам-5). Менш спрыяльнымі былі ўмовы ў паўночнай і паўднёвай частках Беларусі. Дзярнова-падзолістыя, часта завалуненыя глебы, мноства марэнных узвышшаў, азёр, адносна кароткі вегетацыйны перыяд (178—185 дзён) звужалі магчымасці хлебаробства на поўначы Беларусі (Паазер'е). Побач са збожжавымі ў структуры пасеваў тут важную ролю адыгрываў лён. У сувязі са зніжэннем урадлівасці зямель ад частых яго пасеваў значныя плошчы пакідаліся пад аблогу, а з канца 19 ст. з мэтай узнаўлення іх урадлівасці сталі шырэй прымяняць травапольныя севазвароты. На Палессі традыцыйнае земляробства было максімальна прыстасавана да мясцовых экалагічных умоў. Найбольш абжытымі тут былі лёсавыя раўніны ў басейне Ніжняй Прыпяці, цэнтральны (Тураўскі) масіў і раён Пабужжа. Вялізныя імшары Прыпяцкага Палесся мелі рэдкія пасяленні і былі слаба асвоены чалавекам. Значную плошчу сельска-гаспадарчых угоддзяў займалі сенакосы і няўдобіцы. Пад ворыва асвойваліся невялічкія ўчасткі, што ў выглядзе шматлікіх дзюн-астраўкоў былі раскіданы на значнай плошчы сярод неабсяжных балот і лясоў. Вясной мясцовыя жыхары пера-праўляліся на чоўнах з аднаго вострава на другі, ставілі там курані, што служылі ім часовым жыллём, апрацоўвалі і засявалі адзін участак за другім, у канцы лета збіралі ўраджай, абмалочвалі снапы ці складвалі іх неабмалочанымі на высокім памосце, дзе яны маглі захоўвацца і некалькі год. Раздробленасць зямельных участкаў і спецыфічная экалогія абумоўлівалі адпаведныя спосабы апрацоўкі зямлі, пашыранасць лядаў і лясных аблог, якія побач з папарнай (трохпольнай) сістэмай захоўваліся тут да пач. 20 ст.

За шматвяковую гісторыю бел. хлебаробы накапілі багаты вопыт працоўнай дзейнасці. Іх земляробчы каляндар увабраў практычныя назіранні за феналагічнымі зменамі (прылёт з выраю птушак, цвіценне пэўных раслін і выспяванне пладоў, стан надвор'я), якія ўвязваліся ў адзін прыродны рытм і захоўвалі шэраг карысных у паўсядзённай гаспадарчай дзейнасці парад і прагнозаў. У традыцыйным светаўспрыманні беларусаў сельска-гаспадарчая праца была асветлена пафасам веры ў яе жыццесцвярджальную сілу і была арганічна звязана з устойлівай сістэмай земляробчых абрадаў, традыцый, павер'яў. Да веснавой сяўбы селянін рыхтаваўся яшчэ з зімы: адбіраў на-еенне, вырабляў корабы і кошыкі, рыхтаваў мяшкі, чыніў вупраж, ладзіў саху. барану. Першы выхад у поле і заворванне быў для яго святам, як і інш. цыклы земляробства, суправаджаўся рознага роду абрадавымі дзеяннямі. Захоўваючы агульна-славянскую аснову, земляробчыя абрады адлюстроўвалі вечную ідэю барацьбы двух пачаткаў — светлага і цёмнага, жыцця і смерці на ўзроўні звычаёвай свядомасці, што знаходзіла сваё выяўленне ў сімвалічных абярэгах, нейтралізацыі нядобрых пачаткаў і інш. У асобных рытуальных элементах прасочваецца сувязь з ахоўнай магіяй, якая пазней страціла свой сэнс. У тым жа ідэйным рэчышчы былі вытрыманы і рытуальвыя нормы, звязаныя з сяўбою. Наступны комплекс абрадавых дзеянняў прыпадаў на перыяд уборкі ўраджаю ( Зажынкі, Дажынкі). Земляробчыя абрады знаходзілі адлюстраванне і ў іншых каляндарных святах — гуканне вясны, купалле, сёмуха, спас, пакровы і інш. Будучы неад'емнай часткай традыцыйнай культуры, яны выконвалі важную ролю ў яе жыццядзейнасці, у захаванні духоўнай спадчыны, у працоўным выхаванні маладога пакалення. Некато-рыя традыцыйныя звычаі і абрады часткова захаваліся ў сялянскім побыце да нашага часу. Пераасэнсаваныя і прыстасаваныя да новых сацыяльна-эканамічных умоў, яны знайшлі сваё месца ў сістэме сучасных працоўных свят — Свята першай баразны, Свята ўраджаю і інш.
2. Жывёлагадоўля.

ЖЫВЁЛАГАДОЎЛЯ, галіна сельскай гаспадаркі па развядзенню свойскай жывёлы; адзін з найважнейшых традыцыйных заняткаў беларусаў. Уключае гадоўлю буйной рагатай жывёлы, свіна-, авечка-, труса-, звера-, коне-, птушкагадоўлю, рыбаводства. Жывёлагадоўля забяспечвае насельніцтва прадуктамі харчавання (малако, мяса, масла, яйкі і інш.), лёгкую прамысловасць сыравінай (воўна, скура і інш.), служыць цяглавай сілай (коні, валы), дае асноўныя арганічныя ўгнаенні (гной); з адходаў жывёлагадоўлі атрымліваюць некаторыя кармы (кас-цяная мука, абястлушчанае малако), лекавыя прэпараты (сывараткі, гармо-ны) і інш.

Узнікла ў глыбокай старажытнасці, калі чалавек пачаў прыручаць дзікіх жывёл, выкарыстоўваць іх для гаспадарчых патрэб. Арганічна спалучалася з земляробствам. На Беларусі здаўна разводзяць буйную рагатую жывёлу, свіней, коней, авечак, хатнюю птушку. Асноўнае месца займае буйная рагатая жывёла. 3 сярэднявечча мясцовая парода, т. зв. літоўская, ці літоўска-беларуская (яе продак еўрапейскі тур), была прыстасавана да суровых умоў утрымання і непераборлівая ў кармах, пры добрым доглядзе хутка прыбаўляла ў вазе і давала тлустае малако. На 3ахадзе Беларусі яна была некалькі буйнейшай («зубровая парода»), часта выкарыстоўвалася і ў якасці рабочай жывёлы. Асабліва многа буйной рагатай жывёлы («гаўяды») разводзілі на Поўдні, дзе ў 2-й пал. 19 ст. кожны сялянскі двор (10 – 20 членаў сям'і) меў у сярэднім 6—10 галоў (без уліку маладняка). Конегадоўля была больш развіта на паўночным усходзе, дзе здаўна конь быў асноўнай цяглавай сілай. Коні мясцовай пароды былі невысокага росту (120-130 см), аднак параўнаўча моцныя і вынослівыя ў рабоце. У паўднёва-заходніх і цэнтральных частках Беларусі асноўнай цяглавай сілай былі валы; коней выкарыстоўвалі толькі пры баранаванні палеткаў і часткова пры транспартных перавозках. У 18 ст. сярэдняя норма рабочай жывёлы на сялянскі двор складала 1,6—1,7 запрэжкі (запрэжка - 2 валы ці 1 конь). Дробную свойскую жывёлу (свіней, авечак) разводзілі ў сялянскай гаспадарцы па ўсёй Беларусі. Гадавалі пераважна свіней мясцовай пароды. Найболыная колькасць авечак была ў Гродзенскай губ. Звычайна тут пакідалі на зіму 4—6 авечак. Разводзілі ў асноўным грубашэрсных, з канца 18 ст. і танкарунных. Авечкі давалі сыравіну для сялянскіх промыслаў (воўна для світ, сярмяг, андаракоў, аўчына для кажухоў і шапак) і былі важнай крыніцай харчавання. Авечкагадоўля была базай для развіцця суконна-шарсцяной прамысловасці. Развядзенне коз не адыгрывала прыкметнай ролі ў гаспадарцы.

Структура жывёлагадоўлі і яе экстэнсіўны характар мала мяняліся на працягу ўсяго сярэднявечча. Прыкметныя змены адбыліся толькі пасля адмены прыгоннага права (1861). Побач з ростам прадукцыйнай жывёлы павялічылася і колькасць коней, якія ўсё часцей замянялі валоў. Аднак асноўнае месца ў структуры жывёлагадоўлі па-ранейшаму займалі буйная рагатая жывёла і свінні. Буйной рагатай жывёлы на Беларусі ў разліку на душу насельніцтва было ў 1,5 раза болей, чым у сярэдняй паласе Расіі. Паступова жывёлагадоўля ў памешчыцкіх гаспадарках набыла таварны характар: паляпшаліся пародныя якасці жывёлы, кармавая база, усё болыш прадукцыі прадавалася на мясцовых і расійскіх рынках, пастаўлялася на экспарт. У сялянскіх гаспадарках жывёлагадоўля была паўнатуральнай: у 1912 г. 29,1 % сялянскіх двароў не мелі коней, 15 % — кароў.

У наш час жывёлагадоўля набыла малочна-мясны кірунак і стала прамыслова-аграрнай галіной вытворчасці. Сучасныя напрамкі ў яе развіцці звязаны з удасканаленнем форм уласнасці, умацаваннем кармавой базы, селекцыяй і павышэннем пароднасці статку. У жывёлагадоўлі прыкметна скарацілася колькасць коней і авечак. У асабістых гаспадарках сельскіх жыхароў пэўную ролю адыгрывае вырошчванне свіней, буйной рагатай жывёлы, а таксама птушкагадоўля.
3. Народныя рамёствы і промыслы.

РАМЁСТВЫ I ПРОМЫСЛЫ, дробная вытворчасць, заснаваная на індыві-дуальнай ручной працы. Паралельнае ўжыванне тэрмінаў рамёствы і промыслы адлюстроўвае поўнае ці частковае супадзенне іх прадметнага зместу, а разыходжанні звязаны з асэнсаваннем іх з пункту гледжання сацыяльна-эканамічнай характарыстыкі, сувязі з земляробствам, адносін да спажыўца і інш.

Рамёствы — вытворчасць прамысловых вырабаў уру-чную з выкарыстаннем механічных прылад і інструментаў, майстэрства ўмелых рук.

Промыслы — падсобная ў сельскай гаспадарцы вытворчасць, якая ўключае рамёствы і інш. неземляробчыя заняткі. Здабыванне гатовых прыродных рэсурсаў складае першасную форму прамысловых (і наогул гаспадарчых) заняткаў і вылучаецца ў асобную групу здабыўных промыслаў — збіральніцтва, рыбалоўства, паляўніцтва, бортніцтва, лясныя промыслы і інш. Рамяство — першая гіст. стадыя апрацоўчай вытворчасці, якая папярэднічала сучаснай машыннай прамысловасці. Болын выразная спецыялізацыя апрацоўчай (рамеснай) вытворчасці абумовіла яе разгалінаваную ўнутраную структуру. Паводле зыходнага матэрыялу вылучаюць асобныя рамёствы — дрэваапрацоўчыя, металаапрацоўчыя, гарбарна-футравыя, харчовыя, апрацоўка мінеральнай, валакністай сыравіны. выраб адзення, якія ў сваю чаргу складаюцца з больш вузка спецыялізацыі.

Рамёствы і промыслы прайшлі тры гістарычныя стадыі, адл адлюстроўваюць іх сацыяльныя нормы,— дамашняга рамяства, рамястства на заказ і рамяства на рынак, або дробнай таварнай вытворчасці. У феадальны перыяд амаль кожны сялянскі двор выступаў як самастойны вытворчы калектыў з шырокім дыпазонам гаспадарчай дзейнасці. Разнастайныя жыццёва неабходныя прадметы — жыллё, харчовыя прыпасы, выраб тканіны, скуры, рэчы хатняга ўжытку, посуд, сельска-гаспадарчыя прылады і транспартныя сродкі — усё ў абсалютнай большасці выраблялася на месцы сваімі рукамі.

Найболып пашыраны былі тыя, вырабы якіх карысталіся попытам сярод шырокіх слаёў насельніцтва: у гарадах — кавальскае, кравецкае, шавецкае, гарбарнае, цяслярнае, ганчарнае; у вёсках — розныя віды дрэваапрацоўкі (выраб посуду, сельска-гаспадарчых прылад, цяслярства), апрацоўка лёну і воўны, ткацтва, пляценне, здабыўныя промыслы.



Развіццё буйной прамысловасці абумовіла паступовае скарачэнне ткацкага, ганчарнага, экіпажнага промыслаў, звузіліся маштабы вышыўкі, набойкі, крашаніны, менш пашыранымі сталі апрацоўка ліпавай кары, выраб рагож і цыновак. Знішчэнне лясных масіваў і непамерная эксплуатацыя прыродных рэсурсаў прывялі да скарачэння пчалярства, рыбалоўства, палявання, збіральніцтва. Аднак некаторыя рамёствы і промыслы да канца 19 — пач. 20 ст. пашырыліся, у іх ліку кравецкае, шавецкае, шапавальнае, аўчыннае, кавальскае, выраб шкла, цэглы, кафлі, а з дрэваапрацоўчых — сталярнае і цяслярнае. У першыя дзесяцігоддзі 20 ст. сяляне ў вялікай колькасці ткалі для сябе ільняныя і шарсцяныя тканіны, посцілкі, ручнікі, абрусы, шылі бялізну, андаракі, фартухі, курты, світкі, рабілі паўсядзённы абутак з лыка і скуры, вязалі панчохі, рукавіцы і ініп. Амаль кожны селянін майстраваў для сябе саху, барану, драўляныя вілы, граблі, лапаты, выдзеўбаны посуд, будаваў з удзелам аднавяскоўцаў жыллё і гаспадарчыя пабудовы. Пераважная большасць рамёстваў і промыслаў засноўвалася на мужчынскай працы. Жаночая праца пераважала ў апрацоўцы льну,_пянькі і воўны, ткацтве, вышыўцы, хатняй вытворчасці адзення, кулінарнай справс. Жанчыны і дзеці дапа-магалі і ў сямейным падрадзе пры вырабе ганчарнага посуду, апрацоўцы скур і аўчыны, пляценні рыбацкіх сетак. Арганічна звязаныя з земляробствам і жывёлагадоўляй, рамёствы і промыслы беларусаў былі зарыентаваны на асенне-зімова-вясенні сезон, свабодны ад сельска-гаспадарчых работ. Летам і ўвосень сяляне збіралі ягады, грыбы, лекавыя травы, нарыхтоўвалі лыка для лапцей, займаліся пчалярствам і рыбалоўствам. Некаторыя кавалі, ганчары, шаўцы, гарбары працавалі круглы год.

Асваенне лепшых традыцый народнага рамяства ў наш час з'яўляецца адным з асноўных кірункаў у развіцці мясцовай прамысловаеці. Рамёствы і промыслы жывуць як народнае мастацтва, як майстэрства ўмельцаў, захаваліся ў народных мастацкіх промыслах і сталі неад'емнай часткай сучаснай беларускай культуры.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка