Тэксты для выразнага чытання




Дата канвертавання30.04.2016
Памер34.25 Kb.
Вымаўленне. Тэксты для выразнага чытання

  1. А быў ён, Шарык, не з ціхіх. Брахаў вельмі многа і вельмі ахвотна, то злосна, то весела несучы службу, на думку самога - зусім неабходную ў гаспадарцы.

Брахаў ён нават на жоўтага карнавухага ката Базыля, абы той трапіў яму на вока. Хоць Базыль і сам быў не лайдак які-небудзь, а сур'ёзны работнік, стары ўжо і, можа, больш за Шарыка паважаны ў хаце, - ён добра ловіць мышэй і вось ужо адзінаццаць год мармыча казкі цёцінай Іры, з якой яны, цёця Вера казала, і нарадзіліся ў адну зіму. Так што Базыль не вельмі баяўся Шарыкавага брэху, хоць само сабою блізка каля будкі не хадзіў. Янка Брыль
2. - Давай, давай! - не сунімаўся Саша. - Левым яго, левым!..

- Перакулімся! - вішчала Ксана Мікалаеўна.

Драпежным птахам учапіўся ў рулявое кола шафёр...

І Сярожу стала невыносна шкада гэтую бяскрыўдную шэранькую істоту, на якую няўмольна насоўвалася металічнае страшыдла з вогненнымі вачыма, а столькі дарослых і дужых людзей праглі яе пагібелі...

Заяц зрабіў апошняе намаганне і кінуўся да правай, схаванай у цемры, абочыны.

- Правым! Правым колам!.. - гучна камандаваў Саша.

Шафёр крутнуў руль у правы бок.

І тут абурэнне несправядлівасцю захліснула Сярожу.

- Не трэба! - крыкнуў ён на ўвесь голас. - Не трэба!

І ўчапіўся абедзвюма рукамі ў дужую руку шафёра. Артур Вольскі


3. Тым часам прыйшоў і ён з вугаллем. Старая забегала з селядцом і ўсё пыталася.

- Авохці, божачка наш, бацюхна, - казала яна, - каторы год свет увесь круціцца. Воля прыйшла, а ўсё канца няма. Карпавіч наш яшчэ злейшы цяперацька. Толькі й ведае хлопца баламуціць. Ай, каб не дарагоўля - памякчэў ба народ.

Калі елі селядца і пілі гарбату з брушнічным экстрактам, у дзверы нехта пастукаўся.

- Васілёк! А, Васілёк, - пачуўся грубы, але прыемны мужчынскі голас, - адчыні, браток, іду на гасця вашага падзівіцца.

- А каб яго качкі... знайшоў калі час, - нездаволена шапарнула старая. - Завядзець цяпер сваю дуду.

Увайшоў нізенькі, з сівымі кучаравымі валасамі дзядок у шырокім пільчаку зверху палатнянай вышыванай кашулі, у апорках; царамонна пакланіўся і працягнуў Абдзіраловічу руку.

- Іван Карпавіч Гаршчок, - сказаў ён, - Васілёў таварыш, работнік па мэталу.

- Прапаршчык Абдзіраловіч, - адказаў той. Максім Гарэцкі


4. Усё застолле ўпарта пацвердзіла: Кузьма Чорны

- Пі, сынку.

Малы памачыў губы і скрывіўся.

- Пі, пі.

Малы пацягнуў, белымі худымі рукамі шпарка паставіў чарку назад і моцна закашляўся.

- А-а, трэба было, васпане, разам!

Малы кашляў, цёр кулакамі па твары слёзы.

- Не, жаробкі я, васпане, не дам, - адразу схіліўся да Хведара Варывон.

- А Зося як сама захоча?

- Мы з ёю, васпане, не дзяліліся і не сварыліся...

Анэта прынесла гарбату і ўбачыла: малы кашляў, за ім стаяла Зося і трымала на руках меншага. Аўгіння нешта тлумачыла суседу.

- Хоць бы хто адвёў яго ад стала назад. Нашто яго тут трымаць, - сказала з пагардаю Анэта.
5. Стала зразумела Пану Богу, што ўсё трэба пачынаць спачатку.

Але каму пачынаць? Ясна, што людзям ня варта давяраць тое. Ужо аднойчы было даверана, і што атрымалася? Сорам адзін.

Порсткая чародка чорных мурашоў сноўдала каля босых, натружаных за даўгое жыцьцё Боскіх ног. Адзін муравейка, мабыць, самы зь іх сьмелы, борзьдзенька ўскараскаўся на Боскі вялікі палец і раздумна зьнерухомеў. Пан Бог сьпярша памкнуўся яго струхнуць прэч, ды падумаў: а можа, гэтым? Будуць сабе мітусіцца, рупіцца, бяз сваркі і варажнечы, грахоў ды эмоцыяў.

Сапраўды, варта было падумаць. Васіль Быкаў


6. Толькі пералезла яна праз плот і пачала знімаць чыгунок з пералаза, як над самай галавой пачула знаёмы голас:

- Дзетухна мая, што гэта нясеш ты такое?

Ледзь не выпаў чыгунок з рук, і Вулька зашаптала сабе пад нос, хутка-хутка:

- Бабка казала... Бабка казала...

А што казала бабка, адразу і не прыпомніш, калі стаіць перад табой гэты дзядзя Касмыль. Сусед жа ён, але яго чамусьці дужа недалюблівала бабка і не раз казала, што ў гэтага чалавека на сэрцы касмылі растуць. Якія там касмылі, добра і не ведала Вулька, але відаць, што страшныя. Тут жа і ўспомніла Вулька:

- Бабка казала, каб я попел вынесла з хаты... Міхась Лынькоў


----------------------------------------


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка