Тэкставае суправаджэнне да прэзентацыі “Жыццё і творчасць Аляксея Нічыпаравіча Карпюка




Дата канвертавання17.03.2016
Памер65.49 Kb.

ДУА “Біскупіцкая базавая школа” Т.У.Язерская

Тэкставае суправаджэнне да прэзентацыі “Жыццё і творчасць Аляксея Нічыпаравіча Карпюка (14.04.1920 -14.07.1992гг.)

Слайд 3

А цяпер?... Менавіта тут працаваў дырэктарам Біскупіцкай сямігадовай школы Ваўкавыскага раёна ў 1951-1953 годах КАРПЮК АЛЯКСЕЙ НІЧЫПАРАВІЧ . Школа, праўда, не толькі гэтым знакамітая…



Слайд 4

Пазней ён стане вядомым пісьменнікам Гродзеншчыны, а на той час гэта быў зусім звычайны мужчына… Адзінае, што яго адрознівала, гэта тое, што ён быў выключна праўдзівым, крыштальна чэсным, энергічным, ініцыятыўным. Аднак усё, за што ён браўся, супраць яго ж і спрацоўвала… Вырасціў ля школы жыта, каб былі грошы для паездкі вучняў на экскурсію ў Белавежскую пушчу – абвінавацілі ва ўласнай карысці. Абараніў мясцовых сялян на сходзе – таксама стаў вінаватым… Карацей кажучы, ні адна добрая справа не абыходзілася без пакарання….

Затое сад, пасаджаны ля школы па ініцыятыве Аляксея Нічыпаравіча Карпюка, да гэтага часу дае добрыя ўраджаі.

Слайд 5

Але будзем паслядоўныя… І гісторыю Аляксея Нічыпаравіча Карпюка пачнем папарадку….

Слайд 6

Тут, у гэтай хатцы вёскі Страшава, што на Беласточчыне (цяпер тэрыторыя Польшчы), і нарадзіўся 14 красавіка 1920 года ў сялянскай сям’і Аляксей Нічыпаравіч Карпюк.

Слайд 7

Бацькі мелі добры надзел зямлі (31 гектар), але 18 гектараў з гэтага надзелу былі пясчанымі і камяністымі, а астатнія 13 уяўлялі сабой балота-тарфянік.

  • Успамінаючы дзяцінства, Аляксей амаль не бачыў сябе сярод равеснікаў за гульнямі. Толькі і запамяталася, як у спякотнае лета ныла спіна і салёны пот засцілаў вочы. Вельмі зацелася захварэць на нейкі час, каб адпачыць, выспацца.

Слайд 8

Скончыўшы два класы польскай гімназіі ў Вільні і не маючы сродкаў далей вучыцца, нейкі час знаходзіўся ў бацькоў, быў прыняты мясцовымі падпольшчыкамі ў 1934 годзе ў камсамол, пасля чаго пачалася сур’ёзная справа. Па словах самога А.К.Карпюка: “Ноччу мы недзе збіраліся, кудысьці ішлі на спатканне з чалавекам, перапраўлялі ў суседнія вёскі нейкіх людзей, пераносілі пакеты кніжачак, брашур, пракламацый.”

Слайд 9

Якое шматграннае чалавечае жыццё… 22 чэрвеня 1941 года падзяліла жыццё людзей на “да” і “пасля”. Вайна Аляксея Карпюка застала, калі ён быў студэнтам Навагрудскага педвучылішча. У дзеючую армію адразу ў ваенкамаце не ўзялі. З Навагрудка вырашыў ісці дамоў. Пасля вяртання юнак са сваімі сябрамі ўсталёўвае кантакты з акружэнцамі. Добра валодаючы нямецкай мовай, па загаду камандзіра групы ўладкоўваецца працаваць на чыгунку. У 1943 г. па даносе правакатара ўся сям’я мужчын Карпюкоў трапляе за краты Беластоцкай турмы, затым два браты “за бандытызм” аказваюцца ў лагеры смерці Штутгоф. Спрабуе некалькі разоў уцячы. Дзейнічаў напачатку ў складзе партызанскага атрада імя А.Матросава. У страшаўскіх лясах арганізоўвае атрад імя К.Каліноўскага…..

Слайд 10

Многа выдатных баявых аперацый на рахунку партызанскага атрада імя Кастуся Каліноўскага пад кіраўніцтвам Аляксея Карпюка. Самае цікавае, што за ўвесь час баявых дзеянняў у атрадзе загінула толькі 3 чалавекі.
26 красавіка 1945 года ў 13.00 на берлінскай вуліцы Мольтке за спінаю 25-гадовага радавога Карпюка ўзрываецца нямецкая міна… Дзіра, металічны і два драўляныя (ад разбітага аўтаматнага прыклада) асколкі ў лёгкім. Некалькі цяжкіх аперацый, балансаванне паміж жыццём і смерцю, доўгае лячэнне. Са шпіталя Аляксей выходзіць толькі ў жніўні 1945 года. Пасля гэтага яшчэ тры разы ён спрабуе пазбавіцца ад “падарункаў” вайны. Нарэшце ў Маскоўскім даследчым інстытуце грудной хірургіі асколкі вымаюць (разам з лёгкім)…


  • Самае крыўднае ў гэтай сітуацыі тое, што па хлуслівым даносе ў КДБ нейкі «доброжелатель» усумніўся ў гераічным баявым прошлым Аляксея Нічыпаравіча, пасля чаго ён быў пазбаўлены партыйнага білета і работы на цэлых два гады…

Слайд 11

У 1947 годзе пазнаёміўся з самай цудоўнай у свеце дзяўчынай, Альшэўскай Інай Анатольеўнай, і закахаўся ў яе. Не пабаяўся, што гэта была дачка “ворага”народа. Ва ўсім быў праўдзівым і шчырым, ніколі ў жыцці не шукаў карысці для сябе, не ўмеў здраджваць, тым больш у каханні.

Слайд 12

Як пазней успамінала Іна Анатольеўна: “Карпюк А.Н. быў без адзінага лёгкага, таму што быў паранены ў час вайны ў грудзі. Я закахалася ў хлопца, які перанёс 5 аперацый і спіна яго мела выгляд, быццам па ёй трактар прайшоўся. Аднойчы на беразе Нёмана, убачыўшы да пояса распранутага хлопца, я закахалася ў гэтую спіну. Аказалася на ўсё жыццё”.

Слайд 13

Крыху ачуняўшы пасля цяжкага ранення, Карпюк А.Н. паступае ў Гродзенскі педагагічны інстытут імя Янкі Купалы на аддзяленне англійскай мовы.

Слайд 14

У ліпені 1949 года Карпюк А.Н. атрымаў дыплом настаўніка англійскай мовы 8-10 класаў, ажаніўся з Інай Анатольеўнай і з аптымізмам накіраваўся на работу: яго прызначылі загадчыкам аддзела народнай адукацыі Сапоцкінскага раёна. У 1951-1953 гадах Карпюк А.Н. пераехаў з сям’ёй у Ваўкавыск і стаў працаваць дырэктарам Біскупіцкай сямігадовай школы

Слайд 15

Жыццё ў школцы «кіпела» на поўную моц. Вучні з задавальненнем удзельнічалі ў спаборніцтвах, конкурсах, святах, мерапрыемствах, адрозніваліся вялікай актыўнасцю і стараннасцю. Магчыма, з гэтай прычыны многія былыя выпускнікі Біскупіцкай школы пасля займалі кіруючыя пасады ў вытворчасці краіны.

Слайд 16

Жыццё паступова ўваходзіла ў сваю каляіну.
У Біскупцах мясцовыя камуністы абралі Карпюка А.Н. сакратаром калгаснай партыйнай арганізацыі. Нягледзячы на грамадскую работу, на актыўнасць жыццёвай пазіцыі, у яго вызваліўся час для іншых спраў. “Вось тады другі раз у жыцці і задумаўся я сур’ёзна: што рабіць? Перспектыва настаўніка англійскай мовы не вабіла. Раптам зарадзілася дзёрзкая думка – давай напішу кніжку”, - успамінаў Аляксей Нічыпаравіч.


З дапамогай жонкі і сваіх сяброў Аляксей Нічыпаравіч пачынае працаваць над аповесцю “У адным інстытуце”. Янка Брыль даў штуршок творчай фантазіі.

Адначасова наводзіў парадак у школе, будаваў новую.

З жахам заўважыў: што б карыснае ні зрабіў, пытанне паўставала супроць самога Карпюка А.Н. Доўга ў Біскупцах не затрымаўся – знялі з пасады пасля ліста ў ЦК КПСС аб няправільных, на яго думку, метадах нарыхтоўкі ў Беларусі хлеба, аб заганнай практыцы паспешлівага выканання плана....

Слайд 17

  • У хуткім часе нарадзілася трое дзетак.

  • Бацькоўскія клопаты адбіралі таксама многа часу.

Слайд 18

Іна Анатольеўна Карпюк, як верная сябоўка і жонка, усё жыццё падтрымлівала мужа, нават у самыя складаныя і небяспечныя моманты жыцця. Гэта надавала сілы…
Жыццё рухалася сваёй каляінаю… І вось ужо ўнукаў дачакаліся разам, але, нажаль, здароўе з гадамі і жыццёвымі праблемамі не паляпшаецца, а пагаршаецца…
Нават у апошнія хвіліны жыцця Іна Анатольеўна была побач з невылечна хворым Аляксеем Нічыпаравічам... Такая самаахвярнасць заслугоўвае выключнай павагі.


Слайд 19

Гэта што датычыцца асабістага жыцця. Як жа рухаліся справы ў грамадскім жыцці і ў пісьменніцкай дзейнасці?
1. Увесь час гэты чалавек не ўпісваўся ў афіцыйны фармат эпохі, бо на кожнай пасадзе вызначаўся прынцыповасцю, няўрымслівай ініцыятыўнасцю, нераўнадушнасцю да хлусні, таму нярэдка быў вельмі не даспадобы бюракратам розных узроўняў. Але было ў пісьменніка тое, што да гэтай пары выклікае павагу і захапленне: максімальна сумленныя адносіны да даручанай справы, вернасць уласным ідэалам і прынцыпам.
2. Пасля ўдалага дэбюту ў 1953 годзе з аповесцю «У адным інстытуце», былі выданы аповесці і апавяданні: «Дзве сасны» (1958г.), «Данута»(1960), «Пушчанская адысея» (1964), «Свежая рыба» (1978),»Сучасны канфлікт» (1985), «Карані» (1988 г.) і інш.


Слайд 20

Гэтыя і іншыя творы пісьменніка былі выдадзены прыжыццёва.

Слайд 21

Сяброўства праз усе гады звязвала сям’ю Аляксея Нічыпаравіча Карпюка і Васіля Уладзіміравіча Быкава. Яны былі паяднаныя лёсам, каб у цяжкія хвіліны падтрымліваць адзін аднаго. У той час, калі Аляксей Нічыпаравіч па хлусліваму даносу быў выключаны з радоў камуністычнай партыі і страціў работу, першым на дапамогу прыйшоў Васіль Уладзіміравіч. Два буйныя гродзенскія пісьменнікі мелі сувязь не толькі матэрыяльную, але, перш за ўсё, духоўную…

Слайд 22

Ніколі А.Н.Карпюк не баяўся падтрымліваць сувязь з асобамі, да якіх непрыхільна ставілася савецкая ўлада. Здымак побач з Ларысай Геніюш, якая не прыняла беларускае грамадзянства, таму з’яўляецца доказам.

Слайд 23

На ўсе ўрачыстасці, якія адбываліся ў Гродне, пісьменніка запрашалі як ганаровага госця, сакратара Гродзенскага абласнога аддзялення СП БССР, дырэктара Рэспубліканскага музея атэізму і гісторыі рэлігіі.

  • Заслужаны работнік культуры БССР (1980 г.)

  • Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны 1 і 2 ступені, медалямі і залатым крыжам ордэна «Віртуці Мілітары» (Польшча)

Слайд 24

14 ліпеня 1992 года, пасля цяжкай працяглай хваробы, на 73 годзе жыцця, Аляксея Нічыпаравіча Карпюка не стала. Ушанаванне і провады ў апошні шлях адбываліся ў сценах інстытута (на той час ужо ўніверсітэта), дзе вучыўся і працаваў пісьменнік.

Слайд 25

Сёння памяць пра Аляксея Нічыпаравіча Карпюка ўшаноўваецца ў сэрцах тысяч беларусаў, хто меў шчасце яго ведаць асабіста: вучняў Біскупіцкай школы, якія вучыліся пад яго кіраўніцтвам і ведалі як дырэктара, чытачоў, каторыя прачыталі хоць бы адзін твор пісьменніка …. Удзячныя гродзенцы прыносяць на месца, дзе А.Н.Карпюк знайшоў апошні прытулак, кветкі. У 2008 годзе побач з мужам сціпла заняла сваё месца і Іна Анатольеўна Карпюк, прыжыццёвы яго ангел-храніцель…

Слайд 26

Паскрыптум:
На працягу пэўнага перыяду групоўка зацікаўленых гродзенцаў звяртаецца да мясцовых улад, каб у гонар Васіля Быкава і Аляксея Карпюка былі названы вуліцы горада Гродна…
Пакуль што ініцыятыву ўлады ігнаруюць маўчаннем…


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка