Тэкст, набраны дробным шрыфтам, да вывучэння не абавязковы Усяго 72 пытанні




старонка9/35
Дата канвертавання14.03.2016
Памер7.58 Mb.
1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   35

17. Эканамічныя і палітычныя перамены ў Еўропе ў XVI-XVII стст. Пачатак Новага часу.

Паняцце "Новы час" з'явілася ў эпоху Адраджэння і звязвалася з развіццём асобы, навукі і культуры. Гуманісты лічылі, што чалавецтва ўступіла ў асобны — Новы — перыяд свайго развіцця. 3 канца XVII ст. у заходнееўрапейскіх універсітэтах традыцыйным стала дзяленне сусветнай гісторыі на старажытную гісторыю, Сярэднія вякі і Новы час. Гэтай перыядызацыяй гістарычная навука карыстаецца да сённяшняга дня. У XX ст. з'явілася паняцце "найноўшая", або "сучасная гісторыя".

Новы час бярэ свой пачатак на рубяжы XV — XVI стст. З ім звязаны такія падзеі, як адкрыццё Амерыкі, Рэфармацыя, Нідэрландская бур-жуазная рэвалюцыя. Новая гісторыя завяршаецца ў пачатку XX ст. Рубя-жом паміж новай і найноўшай (сучаснай) гісторыяй прынята лічыць Пер-шую сусветную вайну 1914 — 1918 гг. У сваю чаргу Новы час падзяляецца на два перыяды: да Вялікай французскай рэвалюцыі і пасля яе.

У начальны перыяд Новага часу адбываецца зараджэнне сучаснай вавукі. Значныя поспехі былі дасягнуты ў галіне прыродазнаўства, у геаграфіі і астраноміі. Далёкія марскія экспедыцыі пашыралі прасторавыя ўяўленні людзей, прымушалі вывучаць напрамкі ветру, плыні, клімат. Была засвоена тэхніка вызначэння геаграфічнай даўгаты і шыраты, складзена дакладная карта Еўропы.

У галіне астраноміі рэвалюцыйную ролю адыграў вялікі польскі вучоны М. Капернік (1473—1543). Яго кніга "Аб вярчэнні нябесных сфер" абгрунтоўвала геліяцэнтрычную ідэю, у адпаведнасці з якою Зямля не з'яўляецца цэнтрам свету, а круціцца вакол сваёй восі і вакол Сонца побач з іншымі пла-нетамі. Погляды Каперніка прапагандаваў вялікі італьянскі вучоны Дж. Бруна (1548 1600). Ён таксама сцвярджаў аб існаванні ў бяскрайнім сусвеце мноства сістэм, падобных да сонечнай.

У XVII ст. у Еўропе быў зроблены шэраг новых навуковых адкрыццяў, якія прывялі да ўтварэння новай прыродазнаўчай карціны свету, канчат-кова змянілі сярэднявечныя погляды. Узніклі новыя метады і прынцыпы навуковага пазнання. Так, нямецкі вучоны I. Кеплер (1571—1630) абгрун-таваў і развіў геліяцэнтрычную тэорыю Каперніка, адкрыў тры законы руху планет. Італьянец Г. Галілей (1564 —1642) эксперыментальна пацвердзіў ідэі Каперніка. Ён сканструяваў тэлескоп для назірання за нябеснымі целамі, які павялічваў памеры назіраемых аб'ектаў у 32 разы. Англійскі вучоны І. Ньютан (1643—1727) адкрыў закон сусветнага прыця-жэння, які не толькі завяршыў геліяцэнтрычнае ўяўленне аб сонечнай сістэме, але і даў абгрунтаванне многім працэсам, якія адбываліся ў сусвеце, стаў асновай адзінай фізічнай карціны свету.



Зараджэнне каліталістычных адносін. Істотныя зрухі адбываліся і ў галіне эканомікі. У прамысловай вытворчасці амаль паўсюдна былі ўдаска-налены прылады працы і тэхналагічныя працэсы. Найбольш значным быў прагрэс у здабываючай і апрацоўваючай галінах. З'явілася даволі складанае для свайго часу абсталяванне для шахт, у металургічнай прамысловасці замест невялікіх горнаў пачалі будаваць больш высокія, якія сталі право-бразам будучых доменных печаў. У металаапрацоўцы былі ўдасканалены молаты, у тэкстыльнай прамысловасці замест прымітыўнага вертыкальнага станка з'яўляецца гарызантальны ткацкі станок, Са з'яўленнем свабоднага капіталу ўзнікаюць майстэрні або прадпрыемствы, якія атрымалі назву мануфактуры (ад лац. manus- рука, factura — вырабляць). Характэрнымі прыкметамі мануфактуры сталі падзяленне працы і выкарыстанне наёмных рабочых. Істотныя зрухі адбыліся і ў развіцці сродкаў перамяшчэння, аса-бліва ў марcкім транспарце. З'яўленне ў пачатку XVII ст. агнястрэльнай зброі прывяло да сапраўднай рэвалюцыі ў ваеннай справе. 3 пачаткам кні-гадрукавання з'явілася новая галіна - тыпаграфская справа; пачалі вырабляць акуляры і гадзіннікі. Далейшае развіццё тэхнікі і тэхналогіі, хоць і не та-кое хуткае, адбывалася і ў сельскай гаспадарцы.

На аснове прагрэсу ў матэрыяльнай вытворчасці назіраліся змены ў гас-падарчых адносінах. Калі раней значная частка насельніцтва вяла натураль-ную гаспадарку, то зараз павялічылася роля таварна-грашовых адносін. Ад-начасова пашырыўся ўнутраны рынак, дзе галоўнай дзеючай асобай ста-новіцца купец. Ускладнілася грашовае абарачэнне, з'явіліся новыя віды гандлёвых здзелак і пагадненняў, біржа ператварылася ў месца аперацый з таварамі і каштоўнымі паперамі, развіваліся крэдыт і банкаўская справа. Усё гэта садзейнічала з'яўленню свабоднага капіталу — адной з рашаючых умоў зараджэння ў феадальным грамадстве капіталістычнага ўкладу. Фармі-руюцца класы буржуазіі і наёмных рабочых.

У выніку глыбокіх зрухаў у эканамічнай і сацыяльнай структуры гра-мадства змянілася форма феадальнай дзяржавы — саслоўная манархія ў большасці еўрапейскіх краін уступіла месца абсалютызму. Кароль не толькі сканцэнтраваў у сваіх руках вышэйшую дзяржаўную ўладу, але і падпарад-каваў царкву. Феадальная знаць і дваранства ўбачылі пагрозу сваім зкана-мічным і палітычным прывілеям і павялі барацьбу супраць узмацнення каралеўскай улады. У гэтых умовах манархія пачала шукаць апору ў апазі-цыйнай феадалам палітычнай сіле — буржуазіі. Буржуазія давала абсалют-най манархіі фінансавыя сродкі, а ўзамен атрымлівала выгады ад пратэк-цыянісцкай і меркантыльнай палітыкі абсалютызму. Такі саюз цалкам задавальняў буржуазію, таму што дазваляў ёй умацаваць свае пазіцыі.

Абсалютная манархія адыграла ў еўрапейскіх краінах станоўчую ролю ў развіцці нацыянальнай прамысловасці і гандлю, а таксама ў завяршэнні палітычнай цэнтралізацыі. Аднак гістарычна прагрэсіўнае ўздзеянне феа-дальна-абсалютысцкая манархія аказвала нядоўга. Калі буржуазія ператва-рылася ў магутную эканамічную сілу і пачала прэтэндаваць на палітычную ўладу, абсалютызм перайшоў да палітыкі падаўлення і рабавання буржуазіі. У сваю чаргу буржуазія, якая адлюстроўвала інтарэсы прагрэсіўнай часткі грамадства, пачала адкрытую барацьбу супраць абсалютызму і сіл феадаль-най рэакцыі. Гэты непрымірымы канфлікт знайшоў сваё вырашэнне ў буржуазных рэвалюцыях.



Рэвалюцыі Новага часу. Першая еўрапейская буржуазная рэвалюцыя адбылася ў Нідэрландах у 1566—1579 гг. Яе асноўнымі прычынамі былі: 1) ранняе развіццё капіталізму; 2) прыгнёт іспанскай кароны, бо Нідэрланды былі калоніяй Іспаніі. У першай палове XVI ст. склаліся глыбокія супярэч-насці паміж буржуазным развіццём Нідэрландаў і палітычным рэжымам феадальнай Іспаніі. Гэта надало буржуазнай рэвалюцыі нацыянальна-вызваленчае адценне.

Паўстанне пачалося ў 1566 г. і з перапынкамі працягвалася да 1579 г. У студзені 1579 г. была заключана Утрэхцкая унія, якая паклала пачатак існа-ванню сямі Злучаных правінцый Нідэрландаў. Так узнікла першая буржуаз-ная рэспубліка, ядром якой стала Галандыя. Нідэрландская буржуазная рэвалюцыя насіла лакальны характар і адыграла вялікую ролю ў развіцці капіталізму непасрэдна ў Галандыі.

Намнога большае значэнне для Еўропы мела Англійская буржуазная рэвалюцыя 1640—1660 гг. Тут яшчэ ў пачатку XVII ст. абвастрыліся палі-тычныя, сацыяльныя і рэлігійныя супярэчнасці, што і з'явілася асноўнай прычынай рэвалюцыі. У выніку першай (1642—1646) і другой (1648) гра-мадзянскіх войнаў значна змянілася палітычная сістэма краіны. У Англіі была абвешчана канстытуцыйная манархія. У адпаведнасці з выбарчай рэформай (1654) большасць месц у парламенце атрымалі дваране, буйная і сярэдняя буржуазія. Закон 1689 г. зацвердзіў уладу парламента, які з гэтага часу стаў вышэйшым заканадаўчым органам у краіне.

Англійская буржуазыая рэвалюцыя з'явілася першай рэвалюцыяй "еўра-пейскага маштабу", якая нанесла сакрушальны ўдар па феадалізму. Англій-ская буржуазія атрымала доступ да ўлады і свабоду прадпрымальніцкай дзейнасці. Былі адкрыта аб'яўлены буржуазныя парадкі, якія ў далейшым прыйшлі на змену і ў іншых краінах Заходняй Еўропы.



Утварэнне каланіяльнай сіетэмы. 3 развіццём капіталізму цесна звязаны пачатак каланіяльных захопаў. Таварна-грашовыя адносіны, якія ў гэты час хутка распаўсюджваліся, зрабілі золата галоўным крытэрыем багацця. Нязначныя запасы каштоўных металаў у Еўропе падштурхоўвалі еўрапейцаў да пошуку новых зямель, багатых золатам.

Паняцце "каланізацыя" і "каланіялізм" маюць два значэнні. У шыро-кім сэнсе слова "каланізацыя" абазначае стварэнне на чужой тэрыторыі пасяленняў жыхароў якой-небудзь іншай краіны. У вузкім сэнсе яно аба-значае захоп чужой тэрыторыі з мэтай эксплуатацыі мясцовага насельніц-тва. Першымі з еўрапейскіх краін на шлях каланіяльных захопаў сталі Іспанія і Партугалія. Найболыную зацікаўленасць у іх выклікалі багатыя краіны Усходу. Аднак шырокае пранікненне еўрапейцаў на Усход стала магчымым толькі пасля экспедыцыі Васка да Гамы, які адкрыў марскі шлях у Індыю ў абход Афрыкі. Да канца XVI ст. у сувязях з Усходам дамінавалі партугальцы. У XVII ст. пранікненне на Ус-ход пачалі галандцы, французы і англічане.

Найбольшага поспеху каланізатары дасягнулі ў тых рэгіёнах, дзе не існавала моцных дзяржаў. Там жа, дзе склаліся магутныя цэнтралізава-ныя краіны, еўрапейцам доўгі час не ўдавалася ўстанавіць сваё панаван-не. Спачатку яны змаглі стварыць свае апорныя пункты ў шэрагу краін — Японіі, Кітаі, Бірме, аднак да канца XVIII ст. адтуль былі выгнаны.

Першапачаткова эксплуатацыя калоній вялася шляхам рабаваннй, які асабліва эфектыўна выкарыстоўвалі партугальцы і іспанцы. Галандцы, французы і англічане, замацаваўшыся на Усходзе, сталі на шлях развіцця гандлю. 3 усходніх краін яны вывозілі тавары, якія карысталіся попытам у Ёўропе. Паступова гандаль ператварыўся ў галоўны від адносін паміж Захадам і Усходам; рабаванні адышлі на другое месца. Таму невыпадкова перыяд XVI — XVII стст. атрымаў назву перыяду гандлёвай экспансіі еўрапейцаў на Усход.

Неабходна адзначыць, што еўрапейскае пранікненне ў гэты час мала хвалявала правіцеляў усходніх краін. Усход па сваёй эканамічнай і ваеннай магутнасці перасягаў Захад. Акрамя таго, мясцовыя валадары былі заці-каўлены ў гандлі з Захадам, які прыносіў ім значныя даходы. Напрыклад, султаны Асманскай імперыі нават заахвочвалі гандлёвыя кантакты з еўрапейцамі і ўводзілі для еўрапейскіх купцоў значныя льготы.

Усходніх правіцеляў хвалявала не столькі магчымасць вайны з еўрапейца-мі, колькі іх культурны ўплыў, у якім бачылася пагроза існуючым парадкам. Па-першае, хрысціянства, якое распаўсюджвалася на Усходзе, магло быць выкарыстана апазіцыяй. Па-другое, еўрапейцы прыносілі з сабою новыя каштоўнасці і маральныя нормы: індывідуалізм, свабоду асобы, імкненне да актыўнай дзейнасці і г.д. Менавіта таму правіцелі Японіі, Кітая, Карэі ў XVI — XVII стст. сталі на шлях самаізаляцыі ад знешняга свету. Аднак гэта самаізаляцыя не была абсалютнай. Абмежаваны гандаль з еўрапейцамі захоўваўся, аднак быў пастаўлены пад жорсткі дзяржаўны кантроль.

У цэлым пранікненне еўрапейцаў на Усход аб'ектыўна мела прагрэ-сіўнае значэнне, таму што вяло да пераадольвання ізаляванасці двух цэнтраў сусветнай цывілізацыі. У той жа час гэты працэс набыў від каланіяльных захопаў, рабавання падпарадкаваных народаў. У XVI — XVII стст. гэтыя негатыўныя вынікі каланізацыі толькі пачыналі праяў-ляцца. Усход у гэты час быў дастаткова моцным, каб даць у выпадку неабходнасці адпор каланізатарам. Тым не менш еўрапейцы пастаянна пашыралі зону свайго ўплыву ва ўсходніх краінах. Далейшае развіццё каланіялізму залежала ад таго, як адкажа Усход на еўрапейскае пранік-ненне.

У 1492 г. з Іспаніі адправілася экспедыцыя пад кіраўніцтвам Xрыстафора Калумба, якая мела за мэту адкрыць марскі шлях у Індыю. Праз 70 дзён экспедыцыя дасягнула ўзбярэжжа Амерыкі. 3 пачатку XVI ст. пачынаецца заваяванне Іспаніяй Паўднёва-Амерыканскага кантынента, якое фактычна завяршылася да сярэдзіны стагоддзя. Выключэннем стала толькі Бразілія, якую захапіла Партугалія.

Каланізацыя Амерыкі ўяўляла сабою варварскае знішчэнне індзейскіх плямёнаў, іх культуры і прыродных рэсурсаў кантынента. Індзейскае насельніцтва значна скарацілася, таму ў хуткім часе ў Амерыку сталі ўводзіць з Афрыкі неграў — рабоў для работы на плантацыях.

3 канца XVI ст. пачынаецца пранікненне ў Новы Свет англічан, якія пачалі захопліваць марскія шляхі і калоніі іспанцаў. Яны засна-валі ў ІІаўночнай Амерыцы шэраг калоній, дзе на плантацыях таксама працавалі вывезеныя з Афрыкі рабы. У пачатку XVII ст. у барацьбу за калоніі ўступіла Галандыя. На ўзбярэжжы Паўночнай Амерыкі галандцам удалося заснаваць шэраг сваіх пасяленняў. Аднак у выніку трох англа-галандскіх войнаў XVII ст. яны перайшлі да Англіі.

Каланіяльная палітыка была цесна звязана з развіццём капіта-лізму ў Еўропе. Розны ўзровень развіцця краін Еўропы і народаў Амерыкі прад-вызначыў адставанне і залежныя формы іх інтэграцыі ў сусветны капіта-лістычны рынак.

Такім чынам, у XVI — XVII стст. у краінах Заходняй Еўропы адбываліся важнейшыя падзеі, якія вызначылі асноўныя кірункі развіцця сусветнай цывілізацыі. Зараджаўся капіталізм, адбываліся буржуазныя рэвалюцыі, пачыналася ўтварэнне каланіяльнай сістэмы. У сферу міжнародных адносін уцягваліся краіны Усходу.


18. Люблінская унія: прычыны заключэння і змест.
Лiвонская (або Iнфлянцкая) вайна – самая працяглая ў гiсторыi Беларусi (1558-1583) вайна ВКЛ, Польшчы i Лiвонскага ордэна супраць Маскоўскай дзяржавы, якая імкнулася заваяваць выхад да Балтыйскага мора. ВКЛ вы-ступiла пратэктарам Лiвонскага ордэна і таму сама апынулася пад па-грозай заваявання.

Маскоўскiя войскi на пачатку 1562 дайшлi да Шклова, Оршы, Вiцебска. У адказ харугвы ВКЛ здзейснiлi рэйд па Смаленшчыне. А ў вераснi 1562 г. Iван Грозны (Жахлiвы) асадзiў (аблажыў) Полацк 60-тысячнай армiяй з 200 гарматамi i праз 2 тыднi (15 лютага) захапiў яго. Пачалася доўгая чарга пера-моў пасольстваў дзвюх дзяржаў аб умовах мiру.

Адначасова няўдалы для шляхты ВКЛ ход Iнфлянцкай вайны падштур-хнуў яе да звароту аб дапамозе да Польшчы. Вядома, што да гэтага часу абедзве дзяржавы не раз прыходзiлi на дапамогу адна адной. Вядома таксама, што ва ўзаема-адносiнах памiж дзяржавамi ўжо склалiся перадумовы для больш сур’ёзных кантактаў. На гэты раз польскiя магнаты вырашылi скарыстаць цяжкае становiшча княства. У вераснi 1562 г. беларуская шляхта, з’ехаўшыся на палявы сойм пад Вiцебскам, звярнулася ў Вiльню да Князя вкл з просьбай заключыць агульную унiю з Польшчай.

Вялікі князь Жыгiмонт II Аўгуст (1548-1572) ён жа і кароль Польшчы {апошнi з Ягелонаў} падтрымаў ідэю ваеннага саюзу. Пытанне аб унii раз-глядаў Вiленскi сойм 1563 г. i абраў дэлегацыю для перагавораў з Польшчай. Магнаты згадзiлiся на гэта пры ўмове шырокай самастойнасцi ВКЛ. Перагаворы пра-цягвалiся некалькi гадоў.

Урэшце 10 студзеня 1569 г. у Люблiне адкрыўся агульны сейм Польшчы i ВКЛ. Спачатку дэпутаты абедзвюх дзяржаў засядалi асобна. Магнаты ВКЛ выступалi за абарончы саюз. Польскiя дэпутаты звярнулiся да караля, каб сейм засядаў разам. У канцы лютага большасць дэпутатаў ВКЛ (у тым лiку амаль усе магнаты), не згаджаючыся з польскiм праектам унii, пакiнула Люблiн. Тады польскiя сенатары i дэпутаты паставiлi перад каралём пытанне аб далучэннi Падляшша i Валынi да Польшчы, тым больш, што тамтэйшая шляхта была згодна на гэта, спадзеючыся на пашырэнне сваiх правоў. 5 сакавiка 1569 кароль выдаў адпаведны акт. Паны-Рада ВКЛ заявiла пратэст і пакінула сойм, аднак большасць шляхты iх не падтрымала. Дэпутатам ВКЛ быў усталяваны тэрмiн для вяртання.10 мая 1569 кароль склiкаў соймiкi ВКЛ, дзе шляхта дала згоду на падпiсанне унii.

26 красавiка кароль выдаў акт аб далучэннi Валынi да Польшчы i сейм праз месяц зацвердзiў гэта. Дэпутаты ад Кiеўскага ваяводства, каб знайсцi абарону ад нападаў крымскiх татар, таксама далi згоду на далучэнне i 5 чэрвеня 1569 г. вая-водства было iнкарпаравана ў склад Польшчы.

1 чэрвеня ў склад Польшчы ўвайшло Падолле.

ВКЛ зменшылася да этнiчнай беларускай i лiтоўскай тэрыторыi.

Канчатковы акт Люблiнскай унii пасля новага абмеркавання быў за-цверджаны сеймам 1 лiпеня 1569 г., кароль падпiсаў яго – 4 лiпеня.

Актам абвяшчалася аб’яднанне на аснове роўнасцi Польшчы (Кароны) i ВКЛ (Лiтвы, або Княства) у федэратыўную дзяржаву – Рэч Паспалiтую. На чале дзяржавы мусіў устаць польскi кароль (ён жа вкл), якога пажыццёва выбі-рала шляхта. Уладу караля абмяжоўваў агульны сейм з 2 палат – cената i па-сольскай iзбы, склад якой ствараўся павятовымi соймiкамi (па 2 паслы).

Скасоўвалася мыта памiж Польшчай i ВКЛ, але ўсталёўваліся абмежа-ваннi на атрыманне зямлi для польскай шляхты ў ВКЛ, а для беларускай – у Польшчы.

Дзяржаўныя i мясцовыя пасады ў абедзвюх дзяржавах маглi займаць толькi мясцовыя ўраджэнцы.

Абедзве дзяржавы захоўвалi cвой суверэнiтэт, асобную адмiнiстрацыю, судовы апарат, фiнансавую сiстэму, эмiсiю грошай, мытную сiстэму.

Сейм прымаў асобныя законы для Польшчы i ВКЛ. Суверэнiтэт ВКЛ быў умацаваны Статутам ВКЛ 1588. Кожная з дзяржаў мела сваю дзяржаўную мову: ВКЛ - беларускую, Польшча – лацiнскую.

Люблiнская унiя была кампрамiсам феадалаў Польшы i ВКЛ, у вынiку якога ўтварылася больш моцная дзяржава. Унiя замацавала палiтычнае адзiн-ства абедзвюх дзяржаў, узмацнiла працэсы iх эканамiчнага i палiтычнага зблiжэння.

Шляхта ВКЛ захавала свае саслоўныя прывiлеi. Магнаты ВКЛ, хоць i страцiлi былыя пазiцыi ў кiраваннi дзяржавы, але захавалi свае латыфундыi, вышэйшыя дзяржаўныя пасады i палiтычны ўплыў. Клас феадалаў ВКЛ у цэлым выйграў ад заключэння унii. Скончылася перамогай Лiвонская вайна. ВКЛ вярнула ранейшыя ўладаннi.

Разам з тым Люблiнская унiя аблегчыла паланiзацыю беларуска-лiтоўскай шляхты i часткi гараджан. Фактычна iснавала да трэцяга падзелу РП 1795 г.

Становiшча беларускiх зямель пасля заключэння унii 1569 г.

Пасля смерцi ў 1572 г. апошняга з дынастыi Ягелонаў караля Жыгiмонта II Аўгуста (адначасова ён з’яўляўся вкл Жыгiмонтам III), першым абраным каралём РП стаў французскi прынц Генрых Валуа (1573-1574). Сенатары ад ВКЛ дамаглiся ад яго прызнання асобных правоў княства i таго, каб даходы з Падляшша i Валынi па-ранейшаму паступалi ў скарбнiцу iх дзяржавы.

Карыстаючыся нежаданнем новага караля займацца дзяржаўнымi справа-мi, удзельнiкi сейма 1573 г. распрацавалi шэраг патрабаванняў да манарха, якiя ўвайшлi ў гiсторыю як “Генрыкавы артыкулы”.

У адпаведнасцi з iмi, толькi сейм мог прымаць рашэннi, абавязковыя для ўсiх дзяржаўных асоб, па пытаннях, звязаных з абвяшчэннем вайны i склiкан-нем “паспалiтага рушання”. Манарх РП быў пастаўлены пад кантроль Паста-яннага савета з 16 сенатараў-рэзiдэнтаў, абiраемых сеймам.

Адмова манарха выконваць прад’яўленых умоў вызваляла шляхту ад падпарадкавання каралю.

Гэтыя патрабаваннi – “Генрыкавы артыкулы” захавалi сiлу пасля ўцёкаў ў Парыж самога Генрыка i былi зацверджаны зноў абраным каралём Стэфа-нам Баторыям (1576-1586), а за iм i ўсiмi астатнiмi каралямi.

Новы кароль РП С. Баторый аб’яднаў сiлы абедзвюх дзяржаў i давёў вай-ну з Iванам IV да пераможнага канца. 30 жнiўня 1579 войска РП вызвалiла Полацк, а праз год баявыя дзеяннi ўжо вялiся на тэрыторыi Расii. Ям-Заполь-скi мiр ад 15 студзеня 1582 г. вярнуў ВКЛ страчаныя этнiчныя землi.

Канстытуцыйная дактрына РП сцвярджала, што сейм складаецца з 3 “сеймавых саслоўяў”: караля, сената i палаты дэпутатаў (пасольскай iзбы). “Генрыкавы артыкулы” пацвярджалi, што манарх павiнен склiкаць сеймы праз кожныя 2 гады, у асобных выпадках часцей. Месцам iх правядзення прызначалася Варшава, а з 1673 кожны трэцi сейм належала праводзiць у Гродна, на тэрыторыi ВКЛ.

Не атрымала РП i адзiнай судовай сiстэмы: кароль не меў функцый вы-шэйшай судовай iнстанцыi для шляхты, да таго ж у ВКЛ у 1581 г. быў ство-раны “Галоўны лiтоўскi трыбунал”.

Асаблiва важнай перашкодай на шляху унiфiкацыi палiтычных ciстэм Кароны i Княства стаў новы Статут 1588 г. У лiку яго распрацоўшчыкаў – вiленскi ваявода i вялiкi гетман Леў Сапега (1557-1633), канцлер Астафiй Валовiч i iнш.

У Вiльнi новы кодэкс законаў разглядаўся як прававая гарантыя адасоб-ленасцi ВКЛ ад кароны, аснова яго самастойнасцi i паўнавартасцi як дзяр-жавы. Не касуючы самога Люблiнскага акта, новы Статут фактычна пазбаў-ляў яго юрыдычнай сiлы, паколькi не змяшчаў нiводнай пастановы аб унii (яна згадвалася толькi ў самым агульным плане).

Ва ўступе да новага Статута падканцлер Леў Сапега змясцiў пранiк-нёныя словы пра свабоду як найважнейшую каштоўнасць грамадства. Як лi-чыў Л. Сапега, сапраўднага гонару заслугоўвае i тое, што Статут быў напiса-ны на сваёй, стара-беларускай мове: “А еслi которому народу встыд прав своiх не уметi, поготовю нам, которые не обчым якiм языком, але своiм властным права спiсаные маем...”.

Статут сцвярджаў, што найважнейшыя знешнепалiтычныя пытаннi (вай-на i мiр, склiканне паспалiтага рушання) меў вырашаць толькi вальны сойм ВКЛ. Палякi ў iм трактавалiся як чужаземцы (як i ў Статутах 1529, 1566). Цяпер яны больш не маглi набываць у ВКЛ зямлю i дзяржаўныя пасады, а на нованабытых тэрыторыях можна было асядаць толькi пры ўмове служэння Вялiкаму Княству. Фактычна, новы звод законаў не прызнаваў i ранейшых тэрытарыяльных страт на карысць польскай дзяржавы.

З прычыны антылюблiнскага характару новага зводу законаў польскi бок не збiраўся прымаць яго на супольным сойме. Новы Статут стаў законам толькi дзякуючы збегу абставiн. Пасля элекцыi 1587 г., у якой дэлегацыя беларуска-лiтоўскай дзяржавы не брала ўдзелу, Вялiкае Княства выставiла за-цвярджэнне Статута як умову прызнання абранага Жыгiмонта III Вазы (1587-1634) сваiм манархам. У вынiку 28 студзеня 1588 г. на каранацыйным сойме Жыгiмонт ІІІ Ваза выдаў прывiлей, якiм зацвердзiў трэцi Статут ВКЛ i да-зволiў яго друкаваць.

Так у ВКЛ набыў сiлу галоўнага закону звод новых прававых нормаў, якi, па сутнасцi, адмаўляў прынцыпы дзяржаўнай унii з Каронай. Ён быў аба-вязковы для ўсяго насельнiцтва Княства, так i для чужаземцаў, калi тыя трап-лялi на тэрыторыю Беларусi i Лiтвы.

Палiтычны лад ВКЛ, замацаваны Трэцiм Статутам, не адпавядаў таму яго становiшчу ў РП, якое вызначыў Люблiнскi акт. Фармальна дзве дзяржа-вы аб’ядноўвалi толькi супольныя манарх i сойм. Асобнымi ж для ВКЛ былi скарб i манета, канцылярыя i пячаткi, трыбунал i ўрады, сваё войска i законы, урэшце свая дзяржаўная мова. Не iснаваа фактычна нiводнага агульнага для дзвюх дзяржаў мiнiстра цi кiраўнiцтва. Такая палiтычная сiстэма праiснавала практычна нязменнай да канца ХVIII ст.

На 1569 год у межах ВКЛ налiчвалася прыкладна 3,5 млн жыхароў, з iх больш за 1,8 млн – на землях цяперашняй Беларусi. Да шляхецкага стану ад-носiлася прыкладна 9 % насельнiцтва.

На пачатку ХVI ст. у ВКЛ пражывала каля 10 тыс iудзеяў, каля 7 тыс татараў.

Буйнейшымi гарадамi (прыкладна па 10 тыс жыхароў) з’яўлялiся Берас-це, Вiцебск, Магiлёў, Пiнск, Слуцк. Самы буйны – Полацк.

Прыкладна 40% гарадоў (Быхаў, Дуброўна, Капыль, Клецк, Лепель, Мiр, Нясвiж, Талачын, Чашнiкi, Шклоў) належалi магнатам.

Гэта быў час, калі Люблінская унія яшчэ не выявіла сваіх негатыўных момантаў, калі ВКЛ яшчэ перажывала перыяд развіцця, так званы “залаты век”.

19. Асаблівасці канфесійных адносін на тэрыторыі Беларусі ў XVI-XVII стст. Рэфармацыя і контррэфармацыя. Утварэнне уніяцкай царквы і яе роля ў лёсе беларускага народа.

Рэфармацыя .Залаты век” ВКЛ супаў у часе з велiзарнымi падзеямi ў Еўропе, якiя былi звязаны з шырокiм сацыяльна-палiтычным i iдэалагiчным рухам, скiраваным супраць рымска-каталiцкай царквы, названым Рэфар-мацыяй. Ёсць думка, што гэта была барацьба за рэлiгiйнае пераўтварэнне дзяржавы, за пазбаўленне касцёла пазiцый панаваўшага веравызнання i звя-заных з iмi прывiлеяў. Iдэйнымi крынiцамi Рэфармацыi былi гуманiзм эпохi Адраджэння i сярэднявяковыя ерасi.

Гуманiсты выступалi з крытыкай сярэднявяковага светапогляду i абгрун-тавалi прынцыпы буржуазнага iндывiдуалiзму. Галоўнае месца ў iдэалогii займала вучэнне, што для выратавання душы вернiка не патрабуецца пасрэд-нiцтва царквы, таму адмаўлялася неабходнасць яе iснавання з усёй iерархiяй на чале з папам рымскiм. Адзiнай крынiцай веры было абвешчана Свяшчэн-нае пiсанне – Бiблiя, а Свяшчэннае паданне адмаўлялася.

Iдэолагi Рэфармацыi патрабавалi адмены царкоўнай дзесяцiны i пышнага каталiцкага культу, секулярызацыi (адчужэння) царкоўнай маёмасцi (най-перш зямельнай) на карысць дзяржавы i прыватных асоб, стварэння сама-стойных дэмакратычных i cамакiравальных танных нацыянальных цэркваў. Варта зазначыць, што у ВКЛ прывабнасць Рэфармацыi не залежала ад маёмасных iнтарэсаў, паколькi зямельныя ўладаннi каталiцкай i праваслаўнай цэркваў складалi толькi 5 % ад усiх.

Пачаткам Рэфармацыi лiчыцца выступленне 31 кастрычнiка 1517 г. Пра-фесара тэалогii Вiтэнбергскага унiверсiтэта Марцiна Лютэра, у якiм ён асу-дзiў гандаль папскiмi iндульгенцыямi. У лiку вядучых тэарэтыкаў Рэфарма-цыi былi тэолагi са Швейцарыi У. Цвiнглi i Ж. Кальвiн, а таксама Т.Мюнцэр.

На Беларусi Рэфармацыя была абумоўлена глыбокiмi сацыяльна-гiста-рычнымi прычынамi i паўплывала на ўсе бакi народнага жыцця. Рост гарадоў, развiццё рамяства i гандлю, абвастрэнне класавых супярэчнасцей, сутыкнен-не эканамiчных i палiтычных iнтарэсаў розных сацыяльных груп, культурны ўздым стваралi спрыяльныя ўмовы для яе пашырэння. Гараджане iмкнулiся вызвалiцца ад феадальнай залежнасцi, магнаты i шляхта разлiчвалi захапiць багацце i зямельныя ўладаннi, гарадскiя нiзы i сялянства змагалiся супраць уцiску свецкiх i царкоўных феадалаў. Толькі сялянскiя масы не прынялi шырокага ўдзелу ў рэфармацыйным працэсе.

На фармiраванне Рэфармацыi на Беларусi паўплываў заходне-еўрапейскi гуманiзм, гусiцкая iдэалогiя, вучэннi правадыроў еўрапейскай Рэфармацыi (асаблiва кальвiнiзм), iдэi рускага вальнадумства.

Прагрэсiўная грамадская думка Расii, рацыяналiстычныя ерасi Ф. Касога, Iгнацiя, якiя жылi на Беларусi, М. Башкiна садзейнiчалi фармiраванню рады-кальнага кiрунку беларускай Рэфармацыi.

Ёсць звесткi, што першыя пратэстанцкiя абшчыны ўзнiклi да сярэдзiны ХVI стагоддзя. Вядома, што ў 1535 г. слуцкi князь Юрый Альлькавiч выдзелiў зямельны ўчастак для лютэрэнскай царквы ў Слуцку. Аднак лютэранства тут не атрымала такога вялiкага пашырэння, як кальвiнiзм, якi больш адпавядаў традыцыйным каштоўнасцям вольнасцi магнатаў i шляхты. Пачатак Рэфар-мацыi ў ВКЛ быў пакладзены Радзiвiламi. У 1553 г. з каталiцтва ў кальвiнiзм перайшоў вялiкi канцлер i вiленскi ваявода Мiкалай Радзiвiл Чорны (1515-1565) i гетман найвышэйшы Мiкалай Радзiвiл Руды (1512-1584).

У тым жа 1553 М. Р. Чорны заснаваў у Берасцi першы на Беларусi каль-вiнскi збор i друкарню. Ён жа стаў галоўным пратэктарам кальвiнiзму ў ВКЛ. Рэфармацыю падтрымалi буйныя феадалы: Кiшкi, Сапегi, Хадкевiчы, Тышке-вiчы i iнш.

У 1550-я гг. у духу кальвiнiзму рэфармаваны цэрквы ў Нясвiжы, Брэсце, Клецку, Ляхавiчах, Койданаве, Наваградку, пазней у Вiцебску, Мiнску, По-лацку, Глыбокiм, Iвянцы, Оршы, Смаргонi i iнш.

У 1557 г. у Вiльнi адбыўся ўстаноўчы сход пратэстанцкiх абшчын ВКЛ.

Да 1560 г. рэфармацыйны рух на Беларусi набыў стройную кальвiнiсц-кую арганiзацыю. Пры пратэстанцкiх абшчынах адкрывалiся школы, шпiталi, друкарнi (Брэст, Нясвiж, Лоск).

Новае веравызнанне знаходзiла сваю сацыяльную апору найперш у ася-роддзi магнатаў i шляхты. Толькi самае дробнае рыцарства заставалася пры сваёй веры. Трэцяй вялiкай сацыяльнай групай, якая далучылася да рэфар-мацыйнага руху, стала беларускае мяшчанства, асаблiва яго элiта. Мяшчане былi зацiаўлены ў аслабленнi касцёла, праз юрысдыкi якога абмяжоўвалiся сацыяльна-эканамiчныя правы гарадскога жыхарства.

На землях паноў-пратэстантаў у новае веравызнанне пераводзiлiся i сяляне. М. Р. Чорны закрыў у сваiх уладаннях 187 каталiцкiх храмаў, канфiскаваў iх зя-мельны фонд i маёмасць, а падданых перавёў у пратэстантызм.

У 1560-х гг. адбыўся раскол кальвiнiсцкага лагеру. З яго вылучыўся ра-дыкальна-рэфармацыйны кiрунак - антытрынiтарыi (прыхiльнiкi арыян-ства), якiя крытыкавалi асновы феадалiзму, падтрымлiвалi патрабаваннi нi-зоў. На Беларусi новае адгалiнаванне арыянаў называлася “братамi лiтоўскiмi”, а ў Польшчы “братамi польскiмi”. У сацыяльным плане лiдэры арыянаў цвёрда ставi-лi патрабаванне палепшыць становiшча сялян i наогул – cкасаваць халопства. У 1569 г. лiтоўскiя i польскiя браты паспрабавалi стварыць у Ракаве, што ў Сандамiрскiм ваяводстве, сваю абшчыну, заснаваную на агульнай працы i маёмаснай роўнасцi, аднак гэта спроба не мела поспеху.

Пераемнiкамi антытрынiтарыяў былi сацыяне (заснавальнiк – Фауст Cоцын, ужо менш радыкальная плынь: патрабавалi верацярпiмасцi, аддзя-лення царквы ад дзяржавы, вялiкую ўвагу надавалi развiццю асветы).

Своеасаблiвасцю Беларусi было тое, што ў рэфармацыйным руху ўдзель-нiчалi i выхадцы з праваслаўнай царквы. Сваiх збораў яны не стварылi.

Рэфармацыя актыўна ўздзейнiчала на духоўныя працэсы. З ёю звязана фармiраванне беларускай народнасцi i станаўленне нацыянальнай сама-свя-домасцi, пашырэнне кнiгадрукавання, развiццё лiтаратуры i мастацтва, ас-ветнiцкай дзейнасцi. Публiцыстыка рэфарматараў узбагацiла iдэйны змест беларускай лiтаратуры, яе тэматыку, жанры i стылi. Рэфармацыйнае кнiга-друкаванне абапiралася на значную выдавецкую базу, у свет выходзiла тэма-тычна разнастайная лiтаратура (кананiчныя кнiгi, палемiчныя творы, бук-вары, граматыкi), але ж у асноўным, за рэдкiм выключэннем, на польскай мо-ве. На старабеларускай мове выдавалi свае творы кальвiнiсты – Васiль Ця-пiнскi i Сымон Будны.

З’явiлiся кальвiнскiя зборы, якiя нярэдка будавалiся як храмы-крэпасцi. У другой палове ХVI ст. пашырылася лiнейная сiстэма нотнага пiсьма, што ўплывала на развiццё новых форм царкоўных спеваў i свецкай музычнай культуры. Рэфармацыя падарвала аўтарытэт афiцыйнай тэалогii, садзейнiчала развiццю свецкiх ведаў.

Лепшыя часы Рэфармацыйная царква Беларусi i Лiтвы перажывала ў 1550-1560-х гг. На 1591 год у межах беларуска-лiтоўскай дзяржавы налiч-валася 207 пратэстанцкiх збораў, з iх 189 былi святынямi кальвiнiстаў. А на тэрыторыi сучаснай Беларусi да сярэдзiны ХVII ст. iснавала 85 кальвiнскiх i 7 арыянскiх збораў.

Аб паспяховым пашырэннi Рэфармацыi на Беларусi cведчылi яе працiўнiкi. Напрыклад, вiленскi казнадзей Пётр Скарга сцвярджаў, што ерэтыкi захапiлi ў Княстве 650 храмаў, а мiтрапалiт I. Пацей пазней пiсаў, што ў Наваградаскiм павеце “наўрад цi хоць адзiн шляхецкi дом з сотнi” застаўся не ахопленым духам пратэстантызму i г. д.


1   ...   5   6   7   8   9   10   11   12   ...   35


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка