Танга з ружай”. Песьні на вершы Ўладзімера Някляева, 2006 Вечаровыя цені




Дата канвертавання13.05.2016
Памер45.87 Kb.
Танга з ружай”. Песьні на вершы Ўладзімера Някляева, 2006
Вечаровыя цені
Вечаровыя цені плывуць ад акна,

Пагаворым пад вечар

Не аб вечным, аб нечым,

Хоць пра тое, што хутка вясна.


Як даўно я табе не казаў пра вясну!

Прабачаюся, чуеш:

Ты са мной вясной начуеш,

Не баішся, што я не засну.


Усьміхаешся ў сьне, як глядзішся у ваду,

Не баішся, што ў ноч нечакана сыйду –

І ня страшна да раньня

І чакаць і баяцца вяртаньня...



Дарога
Ня з тымі пайшоў і дарогай ня той.

Дарэмна дарога прасіла:

“Чакай.

Азірніся.



Падумай.

Пастой”.


Вяла невядомая сіла.
Дарозе казаў: “Ты ня тая. Маўчы”.

Ні д’яблу ня верыў, ні Богу –

І крочыў, і крочыў

Удзень і ўначы,

Пакуль не адолеў дарогу.
І рушыў далей – на цалік, і сьляды

Пакінуў, што сьцежкаю сталі.

А тыя, што зь ім не пайшлі,

Хто куды


Пазбочвалі і заблукалі.
Глядзелі яны – хто з дупла, хто з нары,

Аброслыя мохам з карою, –

Як ён пад гарою,

Як ён на гары,

Як зьнік

І прапаў за гарою.


Не дазволь мне пайсьці
Не дазволь мне пайсьці... Затрымай...

Рукі на грудзях скрыжуй стамлёна...

Хай сабе ня варты я праклёну –

Праклінай.


Праклінай, галосячы пра страты,

Адзіноту, здраду і тугу.

Не магу я

Быць


Невінаватым!

Чуеш, не магу.


У імя няўмольнага расстаньня –

Над бяздоньнем,

На апошнім дні –

Не карай мяне ўсёдараваньнем!

Зьлітуйся...

Даруй мне...

Пракляні...

Самалёт
Першы раз за ўсё жыцьцё

Новы год


У адзіноце –

І такое пачуцьцё,

Як адзін у самалёце.
Што ж, і так яно бывае...

І нябёсаў пасярод

З пляшкі корак выбіваю:

З Новым Годам,

Самалёт!

Лазенкі
Тое ўсё, што назвалася Зося

І паклалася ў лёсе, як знак,

Я ня ведаю, як пачалося,

І ня думаю, скончыцца як.


Проста гэтак яно выпадае,

Праступае кляймом на ілбе...

Прастытутка мая маладая,

Дай за ўсіх пашкадую цябе!


Адкіпела і зьбегла, як пена,

Адбыло, што было... Перадых.

...Слаўна слухаць як граюць Шапэна

А дванаццатай па выхадных.


Слаўна з Зосей бадзяцца ў Лазенках,

Забываючы, хто ты такі...

На яе сінякі на каленьках,

Як на кветкі, ляцяць матылькі.



***
Бывай, Яблонская, бывай!

Прабегла восень па фальварку –

І графіка такая ў парку,

Хоць парк у раму забірай…


Бывай, Яблонская, бывай!

Я застаюся па-за рамай

Карціны, што праз дождж відна:

Раяль, камін – і ты адна,

Стамлёная любоўнай драмай,

З бакалам белага віна…


Апошні раз прыгубіць дай –

Заторгні на карціне шторы!

Я кінуў свой пякельны рай,

Грукоча ў ночы поезд скоры:

Бывай, Яблонская, бывай!
Ня стаў бакал на самы край!

Сьвятло і цень дрыжаць падманна –

І ўсё разрывіста туманна…

Цалую рукі, ясна панна,

Бывай, Яблонская, бывай!

Ад клявіш рук не адрывай!

У сьвеце, дзе вішчыць жалеза,

Пранізьліва гучыць няхай

Акорд апошні палянэза –

Бывай!


П’янка
У пакоі, замглёным ад дыму,

Непрытомным амаль ад віна,

Трое поўныя шклянкі падымуць

І налітае вып’юць да дна.


Утаропяцца ў сьцены. Запаляць.

Вочы ў вочы няўтульна зірнуць.

Ні за што не зачэпіцца памяць –

І яны наліваюць і п’юць.


Трое – зь Менску, зь Бярэсьця, з Гародні

Ледзьве знаюць адзін аднаго,

Дык з чаго яны п’юць так гаротна?

Проста так.

Проста п’юць.

Ні з чаго.


Бо пакуль на абшарах Айчыны,

Што ўсё толькі зьбіраецца быць,

Аніводнай ня знойдзеш прычыны,

Каб ня піць.



Залатыя страты
Скончылася лета… Не сумуй!

Звыклаю хадою час прастуе,

Ад спакою ён цябе ўратуе,

Ад самоты – сам сябе ратуй.


Не сумуй… Яшчэ ў тваіх гадах

Верасень – ня першая прыкмета…

Падаюць антонаўкі ў садах.

Скончылася, скончылася лета!

Вывесіла жоўтыя сьцягі –

На платах бульбоўнікам канае…


Не сумуй!.. Шырэй за берагі

Рэчак не бывае.


Прызвычайся рэчышчам цячы

І імгненьнем будучым багаты

Страчанае стратай не лічы,

Шчасным будзь, што меў такія страты.



У нашых снах
У нашых снах было каму прысьніцца.

Перад тваім партрэтам на стале

Дыміцца цыгарэта ў папяльніцы,

І кава ў філіжанцы астые.


Сто сноў яшчэ да несасьнёнай страты,

А ўжо ў адхіст,

Як травы ад касы,

Зламаны жэст, якім бакал падняты,

І рух, што папраўляе валасы.
Нібы на ветры мроіва сьняжынак –

Усё ў адхіст!..

Нічога не ўтрымаць.

Застацца жыць. Глядзець на фотаздымак.

Паліць цыгарку. Каву дапіваць.

Дзевяты плач
Калі з вайны вярнуліся салдаты:

“Дайшлі, – сказаў ім маршал. – Дажылі.

Па восьмыя плачы будзе плач дзевяты.

Яшчэ вам доўга плакаць на зямлі.


Віна вайны, і жах яе, і страты

На мне адным, бо вы за мной ішлі.

Па восьмыя плачы будзе плач дзевяты.

Яшчэ вам доўга плакаць на зямлі.


Кідайце зброю і стаўляйце хаты,

Бярыце баб, каб роду не зьвялі.

Па восьмыя плачы будзе плач дзевяты.

Яшчэ вам доўга плакаць на зямлі”.


“Пра што ён кажа? – думалі салдаты. –

Пра што ён плача?!. Мы перамаглі!..”

Па восьмыя плачы будзе плач дзевяты.

Яшчэ нам доўга плакаць на зямлі.



Воўк
Ууууу!..

Адзін
Чужы чужым – яны знайшлі свайго,

Ня свой сваім – яны пайшлі з чужымі,

Ня тузайся ні з тымі, ні з другімі.

Як ты адзін – ты больш за аднаго.


У высі птушка,

Рыба ў глыбіні,

Вандроўнік на фантомным небакраі,

Як ты адзін – ты не змарнуеш дні

На тое, каб спазнаць законы зграі.
Як ты адзін – аднойчы ўночы ты,

Угледзіўшы імгненны сьлед камэты,

Уцяміш таямніцу пустаты,

Зь якой Гасподзь саткаў усе Сусьветы.


Як ты адзін – ты боскай ткані ніць

У вушка голкі зловіш і, быць можа,

Пустое станеш ткаць, пустое шыць.

Як ты адзін,



Як Бог у тым паможа.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка