Таму Партыя бнф чакае ад Вас публічнага адказу на наступныя пытаньні




Дата канвертавання17.03.2016
Памер43.93 Kb.
сп. С.С.Сідорскаму

Прэм’ер-міністру Рэспублікі Беларусь

вул. Савецкая, 11

220010, г. Мінск

Шаноўны Сяргей Сяргеевіч,

Беларускую эканоміку ахапіў фінансава-эканамічны крызыс. Усе групы грамадзтва ў трывозе за будучыню свайго дабрабыту й пэрспэктывы ўласнага эканамічнага выжываньня.

Крызыс мае глябальны характар. Але яго прычыны, наступствы і, галоўнае, пэрспэктывы хуткага пераадоленьня ў розных краінах моцна адрозьніваюцца і залежаць ад ступені дэмакратыі і адказнасьці ўлады перад грамадзтвам.

Адной зь перадумоваў пераадоленьня крызысу ёсьць фактар узаемнага даверу. Немагчыма выпрацоўваць спосабы вырашэньня эканамічных праблемаў ва ўмовах сакрэтнасьці, якой акружаныя эканамічная інфармацыя і эканамічныя рашэньні. Сакрэтнасьць толькі правакуе домыслы, чуткі, нэрвовасьць, а ў выніку далейшае пагаршэньне сытуацыі з нацыянальнай грашовай адзінкай і фінансава-эканамічнай сытуацыяй у цэлым. Непразрыстасьць вакол пагадненьняў з Расеяй вымушае меркаваць пра патаемную здачу карэнных нацыянальна-дзяржаўных інтарэсаў нашай краіны.



У нармальным грамадзтве грамадзянская супольнасьць патрабуе ад ураду і мае аб’ектыўную публічную інфармацыю пра стан рэчаў. Нязгодная, крытычная частка грамадзтва можа толькі тады напоўніць свае макрасхемы канкрэтнымі рэкамэндацыямі, калі будзе мець доступ да першакрыніцаў, якія ў цывілізаваных грамадзтвах ня лічацца дзяржаўнай ці камэрцыйнай таямніцай.

Таму Партыя БНФ чакае ад Вас публічнага адказу на наступныя пытаньні:

  1. На якіх палітычных ды эканамічных умовах кіраўніцтва Беларусі дамовілася з Расеяй пра цану на газ у 2009 годзе?

  2. Якімі палітычнымі ды эканамічнымі ўмовамі суправаджаецца расейскі крэдыт у памеры 2 млрд. даляраў?

  3. 2,5-мільярдны крэдыт МВФ для Беларусі можа часткова дапамагчы выканаць толькі кароткатэрміновыя праграмы. Як мяркуецца распарадзіцца ім для стабілізацыі фінансавай сыстэмы і не дапусьціць яго змарнаваньня і раскраданьня ўладнай групоўкай? Як бачыць урад працяг фінансава-эканамічнай палітыкі пасьля вычарпаньня крэдыту МВФ?

  4. Як зьмянілася за апошнія гады форма ўласнасьці ААТ “Белтрансгаз”? Якім чынам перадача значнага пакету акцыяў ААТ расейскім суб’ектам гаспадараньня адаб’ецца на энэргетычнай бясьпецы нашай краіны?

  5. Якія фінансавыя крыніцы ва ўмовах крызысу мяркуецца выкарыстаць для пабудовы АЭС? Як будзе ўмацоўвацца энэргетычная незалежнасьць Беларусі, калі замову на будаўніцтва АЭС атрымліваюць расейскія карпарацыі? Якім вырашаныя пытаньні паразуменьня з Эўрапейскім Зьвязам, каля межаў якога мяркуецца будаваць АЭС, а таксама пытаньні захаваньня, будаўніцтва сховішчаў, транспарту рэшткаў адпрацаванага паліва?

  6. Як зьмяніўся стан асабістых рублёвых рахункаў найвышэйшых службовых асобаў краіны, у тым ліку Вашых уласных, Вашых блізкіх сваякоў, Вашых намесьнікаў, міністраў у пэрыяд за два тыдні да дэвальвацыі? Якую адказнасьць панесьлі ўладныя чыноўнікі й блізкі да ўлады бізнэс, якія своечасова мелі інфармацыю пра плянаваную дэвальвацыю беларускага рубля, а ў выніку, у адрозьненьне ад звычайных укладчыкаў, ня толькі не панесьлі стратаў, але ўзбагаціліся?

  7. Выступаючы 13 студзеня перад журналістамі пасьля наведваньня “Белкамунмашу”, А.Лукашэнка амаль даслоўна сказаў: “Сейчас не нужно плакать о каких-то рублях, нужно спасать производство …”. Ці азначае гэта, што найбольш бедным укладчыкам (непрацоўным пэнсіянэрам з малой пэнсіяй, калгасьнікам) 20%-ая страта банкаўскіх укладаў ня будзе кампэнсаваная?

  8. Якім чынам будзе выкананы новапрыняты бездэфіцытны бюджэт, калі не скасаваныя доўгатэрміновыя дарагія нерэнтабэльныя праграмы будаўніцтва аграгарадкоў, спартовых аб’ектаў, плянуюцца фактычна незваротныя крэдыты калгасам, чыя запазычанасьць дзяржаве складае больш за 45% пры 9%-най долі сельгасвытворчасьці ў сукупным ВП?

  9. Ці будуць для зьмяншэньня бюджэтнага дэфіцыту скарочаны дзяржапарат, замарожаныя ці зьніжаныя аклады чыноўнікам (пачынаючы з найвышэйшых, г. зн. з прэзыдэнта і Вас), зьніжаныя ці скасаваныя бонусы банкаўскім мэнэджэрам, падвышаныя падаткі на люксусовыя пакупкі?

  10. Звычайная пэнсія складае каля 40% сярэдняга заробку і сёньня дэвальвавалася прыблізна да ўзроўню 2006 году. Пэнсія чыноўніка, пачынаючы з 5-гадовага стажу – значна вышэйшая, а потым дасягае 70% ад заробку. Якія захады будуць зробленыя для скасаваньня відавочнай пэнсійнай дыскрымінацыі? Ці і калі плянуецца падвышэньне пэнсійнага ўзросту?

  11. Штучна падтрымліваецца няпоўная занятасьць на вытворчасьці. Гэта кансэрвуе тэхналягічнае адставаньне і неканкурэнтаздольнасьць беларускіх тавараў. Як улічваюцца пры ацэнцы стану працоўных рэсурсаў краіны 1,5 млн. чалавек працаздольнага ўзросту, якіх “не хапае” ў статыстыцы занятасьці? Калі будуць зробленыя празрысты кваліфікаваны падлік фінансаў, скарачэньне занятых на нерэнтабэльных вытворчасьцях, падвышэньне выплатаў па беспрацоўі (ад 30% да 50% ад сярэдняга заробку) і тым самым легалізацыя рэальнага беспрацоўя?

  12. Як суадносяцца пляны разбудовы расейска-беларуска-казахстанскага вытворча-спажывецкага цыклю, якія кансэрвуюць старую вытворчасьць, зь неабходнасьцю мадэрнізацыі беларускай прамысловасьці і яе выхаду на стабільныя і патрабавальныя рынкі разьвітых краінаў?

  13. Ці гатовы ўрад даць публічную справаздачу пра зьмену формы ўласнасьці (перавод з ААТ у ЗАТ) за апошнія 5 гадоў і фактычных уласьнікаў найбольш ліквідных і прыбытковых прадпрыемстваў вытворчасьці, гандлю, абслугоўваньня?

  14. Пры дапамозе якіх мэханізмаў урад гарантуе захаванасьць асабовых укладаў у банках зь беларускім і замежным капіталам?

  15. Калі і якім чынам урад зьбіраецца выканаць абавязак вярнуць маёмасьць і страты шматкроць абрабаваным грамадзянам, у тым ліку празь зямельную рэформу?

  16. Ці, калі і за кошт чаго будуць выкананыя рашэньні аб сацыяльных гарантыях асобным групам насельніцтва, у тым ліку ўказ аб павелічэньні дапамогі маладым сем’ям зь дзецьмі з 1 студзеня 2009 г.? Ці і ў якой ступені будуць падвышаныя цэны на лекі й мэдычныя паслугі? Ці будуць праіндэксаваныя з улікам дэвальвацыі сацыяльныя выплаты?

* * *

Толькі маючы ясныя адказы на пастаўленыя вышэй пытаньні, беларускае грамадзтва будзе мець давер да ўраду. Яно зможа ці падтрымаць захады ўраду, ці прапанаваць іншыя формы выхаду з крызыснай сытуацыі пры захаваньні ўнутранай кансалідацыі грамадзтва.

Партыя БНФ гатовая прапанаваць пазытыўны адказ на кожнае пытаньне, пастаўленае ўраду. Аднак практычная рэалізацыя выратавальных для эканомікі крокаў будзе магчымай толькі пасьля дэмакратычных рэформаў, у атмасфэры грамадзкага даверу.

Па даручэньні Сойму Партыі БНФ

З найлепшымі пажаданьнямі

Лявон Баршчэўскі



Старшыня

Партыя БНФ


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка