Талент чалавечнасці I дабрыні творчая індывідуальнасць андрэя макаёнка




Дата канвертавання27.03.2016
Памер62.86 Kb.
ТАЛЕНТ ЧАЛАВЕЧНАСЦІ I ДАБРЫНІ

ТВОРЧАЯ ІНДЫВІДУАЛЬНАСЦЬ АНДРЭЯ МАКАЁНКА

Петр Маляўка
Сярод сучасных айчынных драматургаў, якія вывелі камедыю ў сферу значных грамадскіх праблем, раскрылі яе сацыяльнае прызначэнне, па праву можна назваць таленавітага беларускага камедыёграфа Андрэя Макаёнка. Яго п'есы заўсёды выклікалі павышаную цікавасць тэатральных калектываў і гледачоў. Абапіраючыся на багацце беларускага фальклору, пісьменнік па-наватарску развіваў традыцыі драматургіі — праўдзіва і ярка адлюстроўваў жыццё народа.

3 ранняга дзяцінства будучы драматург бачыў руплівую працу сваіх бацькоў, аднавяскоўцаў. У віхуры супярэчлівых сацыяльных пераўтварэнняў 1930-х гг. фармаваліся характар, светаразуменне і погляды юнака, назапашваўся неабходны для літаратурнай творчасці жыццёвы вопыт. Свае карэктывы ў лёс Андрэя Макаёнка ўнесла і Вялікая Айчынная вайна, падчас якой ён быў палітруком роты, удзельнічаў у крымскім дэсанце. Маці выплакала ўсе слёзы, амаль страціла надзею ўбачыць сына жывым, бо ў хуткім часе пасля вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў атрымала пахаванку. А ў гэты час цяжкае раненне на доўгія месяцы прыка-вала А. Макаёнка да шпітальнага ложка. Яму пагражала ампутацыя ног. Толькі сіла волі і мужнасць дапамаглі выратаваць іх, пазбегнуўшы хірургічнага ўмяшальніцтва. Пасля шпіталя нейкі час працаваў ваенруком у адной са школ Грузіі. Вярнуўшыся ў вызваленую Беларусь, цяжка перажываў трагедыю ў сям'і, даведаўшыся, што ў вайну загінулі бацька і сястра-партызанка. Гора не зламала мужнага салдата, а яшчэ больш загартавала характар, дало сэрцу неймаверны штуршок, напоўніла яго на ўсё астатняе жыццё бязмежнай чуласцю, дабрынёй, спагадай, даверам да людзей.

Андрэй Макаёнак пачаў публікавацца ў 1950-я гг. Напісаныя ім ў гэты час сатырычныя памфлеты і фельетоны, гумарыстычныя апавяданні адметныя мастацкай выразнасцю, праблемнасцю, актуальнасцю. Першыя драматургічныя спробы — "Перад сустрэчай" (1950), "Жыццё патрабуе" (1950), "Крымінальная справа" (1951), "Першае пытанне" (1952) і іншыя — вызначаліся вострай надзённасцю, камедыйна-сатырычнай характарыстыкай персанажаў.

Малады драматург добра разумеў, што абраны ім жанр літаратуры патрабуе выключнай чуйнасці да праблем сучаснасці, і, трэба сказаць, А. Макаёнак валодаў гэтай якасцю. Ён з асаблівай увагай прыглядаўся да станоўчых і адмоўных з'яваў у той сферы чалавечай дзейнасці, ад якой залежыць дабрабыт народа. Шмат разоў звяртаўся да жыцця працаўнікоў вёскі. Ужо ў першай вострай і надзённай сатырычнай камедыі "Выбачайце, калі ласка!" (1954) пісьменнік, высмейваючы бюракратаў кар'ерыстаў, выявіў уласную высокую грамадзянскасць і прынцыповасць. Раскрываючы прыстасавальніцкі характар аднаго з галоўных персанажаў, Каліберава, выводзячы "начыстую ваду" прайдзісветаў Моцкіна і Печкурова, аўтар асуджаў калібераўшчыну як шкодную з'яву.

Па часе Андрэй Макаёнак напісаў яшчэ дзве сатырычныя камедыі — "Каб людзі не журыліся" (1959) і "Лявоніха на арбіце" (1961), у якіх раскрываліся праблемы сельскай рэчаіснасці, пытанні калгаснага будаўніцтва, паказваліся людзі з абывацельскай псіхалогіяй. Традыцыі народнага трагіфарсу, якія бяруць пачатак у вуснай народнай творчасці, па-наватарску пераасэнсаваны драматургам у трагікамедыі "Трыбунал" (1970), адметнай па метадзе абагульненняў, адлюстраванні высокай героікі простых беларускіх сялян — пастуха Цярэшкі, яго жонкі Паліны і іх дзяцей.

Складаныя пытанні адносінаў чалавека да прыроды, зямлі, праблема лёсу вясковай моладзі ў эпоху навукова-тэхнічнага прагрэсу адбіліся ў камедыі "Таблетку пад язык" (1973). Гэта быў ужо новы ўзровень драматургіі з больш шырокім праблемным поглядам на чалавека працы. Пры дапамозе трапнага драматургічнага ходу (рэпартаж) аўтар як бы вынес на сцэну складанае і часам супярэчлівае жыццё вёскі 1970-х гг. і пры гэтым сінтэзаваў у творы мноства мастацкіх прыёмаў: і псіхалагічны спосаб раскрыцця характару, і адкрыта публіцыстычныя спрэчкі, і востры сатырычны напал, і паэтычны пафас фіналу.

"Зацюканы апостал" (1971), "Трыбунал" (1970), "Святая прастата" (1976), "Верачка" (1979), "Пагарэльцы" (1980) — п'есы, ідэйны стрыжань якіх заключаецца ў сцвярджэнні чалавечнасці і дабрыні, у асуджэнні бездухоўнасці і нялюдскасці. Апошні з вышэй пералічаных твораў, які з цяжкасцю (не з-за мастацкіх хібаў) прабіваў сабе шлях на тэатральную сцэну, вылучаецца своеасаблівай сюжэтна-кампазіцыйнай будовай. П'еса складаецца з дзвюх частак. Падзеі ж, што адбываюцца ў кожнай з іх, адрозніваюцца па часе, аднак і першая, і другая часткі ўзаемазвязаныя асноўнай думкай, сутнасці якой А. Макаёнак растлумачыў ва ўступе да ўсёй камедыі, сатырычнай па жанравай разнавіднасці. Аўтар "Пагарэльцаў", адлюстроўваючы негатыўныя з'явы, асэнсоўваючы іх, прыйшоў да важнай высновы: чалавеку, незалежна ад сацыяльнай прыступкі, на якой ён знаходзіцца, абавязкова давядзецца адказваць за тое, што зрабіі (добрае ці благое), калі не перад самім сабою, то перад нашчадкамі. Сацыяльна-філасофскай сутнасцю высновы (філасофскім крэда), сфармуляваным адным са станоўчых персанажаў, пачынаецца і заканчваецца п'еса: "Некалькі наводных пытанняў аб сувязях паміж сёння і заўтра. Адыходзячы на спачын, запытай сябе сам. Што ты зрабіў сёння? Падвядзі вынікі справам тваім... Чым гэта павернецца для цябе, для людзеі заўтра ? Праз год ? Праз дзесяць гадоў ?А праз дваццацьгод?".

У звязку з гэтымі філасофскімі развагамі характарызуюцца ўсе персанажы твора, асабліва адмоўныя. I Ухватаў, і Кудасаў, і Клёпкін, і Бусько — усе яны адрозныя, непадобныя, кожнаму з іх уласцівыя свае рысы, аднак іх яднае агульная мэта: прага ўлады над людзьмі. Толькі выпадкова, пасля "непрадказальнага землятрусу", і пасада старшыні гарвыканкама "трапіла" ў рукі Ухватава, на якога і раўняюцца яго падначаленыя. Галоўнае для іх у жыцці — улада, для дасягнення якой усе сродкі прымальныя. Па-майстэрску напісаныя камедыёграфам у першай частцы п'есы сцэны, з якіх бачна, як усе рвуцца да ўлады:

Кудасаў. А якія ў нас галоўныя ўчасткі? Што галоўнае для нашага савецкага чалавека, для нашага народа, для рабочага класа?..

Ухватаў. Ну, давай, давай сам. Што?

Кудасаў. Тры рэчы. Яда — раз. Хата, кватэра — два. I адзежы — тры. Вось тут і ключавы пасады: горгандаль прадуктамі, горгандаль прамтаварамі, горжылупраўленне.

Ухватаў. Правільна, гэта тры кіты.

Намеры Кудасава яшчэ выразна не выяўляюцца, затое вельмі адкрыта, амаль нахабна гаворыць пра сваю мэту Бусько:

Бусько (проста, але катэгарычна). Мені трэба ўлада над людзьмі ? О так!..

У х в а т а ў. Можа гор-хап ?

Бусько. Ха-ха-ха! Калі ёсць гор-хап, давай гор-хап. Падзелімся!'.

"Шчырасць" гэтага персанажа шугае аж цераз край. Да таго ж, добрая сцэнічная рэпліка заўсёды дзейсная і характэрная. Яна рухае падзеі і дазваляе адначасова паглыбіцца ў характар персанажа. Як вядома, мова лепш за анкету выяўляе чалавечую сутнасць, і ў сатырычнай камедыі "Пагарэльцы" гэта добра відаць.

Андрэй Макаёнак пераканальна сцвярджаў, што негатыўныя сацыяльныя з'явы застаюцца надоўга і адмоўна ўплываюць на моладзь. Шантаж, вымаганне, кар'ерызм, барацьба за месца пад сонцам — вось характэрныя рысы Стэлы і Гарыка.

Станоўчыя рысы ўвасабляе вобраз Аляксея Аляксеевіча. Яму аўтар нібы даручае распарадзіцца лёсам мяшчан-уладалюбцаў:

Алёша. Прыйдзе час, невукаў папруць, мякка кажучы.

Па ходу дзеяння п'есы адмоўнае паступова разбіваецца, развейваецца. Станоўчы эфект у сатырычнай камедыі дасягаецца самім пафасам выкрыцця, пераканальнай матывацыяй дзейных асобаў, паказам абставінаў і прычын, пры якіх негатыўнае на пэўны час можа актывізавацца, і, вядома, адлюстраваннем пазітыўнага, якое ўрэшце бярэ верх, што мы і назіраем у п'есе "Пагарэльцы" — сатырычнай камедыі-роздуме.

Заключным акордам у творчай спадчыне Андрэя Макаёнка стала п'еса "Дыхайце эканомна" (1983), надрукаваная ўжо пасля заўчаснай смерці аўтара. Гэты твор — значнае дасягненне на шляху адлюстравання буржуазнага грамадства і эксплуататарскіх класаў наогул. Згадаем, што і першы твор А. Макаёнка — драма "На досвітку" — быў прысвечаны класавай барацьбе французскага пралетарыяту.



На працягу ўсяго дзеяння ў п'есе адчуваецца непахіснасць аўтара ў абароне чалавечых каштоўнасцяў. Гэтая пазіцыя драматурга заўсёды была моцнай, выразнай. Вялікім зарадам чалавекалюбнасці, грамадзянскасці, высокіх маральных ідэалаў напоўнены трагікамедыі "Трыбунал", "Зацюканы апостал", "небяспечная" камедыя "Кашмар". Паступова, крок за крокам, А. Макаёнак выпісваў агульнае палатно, на якім усё больш яскрава выяўляліся "сильные мира сего" з іх слоўным рэзанёрствам і хлуслівай свабодай асобы.

Над кожным творам камедыёграф працаваў доўга, старанна асэнсоўваў і аналізаваў убачанае за мяжой, дзе ён сутыкнуўся з рэальнасцю капіталістычнага свету. П'еса "Дыхайце эканомна" стала вяршыняй творчасці драматурга. Яе характэрная асаблівасць — паказ гісторыі развіцця чалавечага грамадства ў адваротнай храналагічнай паслядоўнасці: ад сучаснасці да зараджэння чалавечай цывілізацыі. Аўтар сканцэнтраваў увесь арсенал сваіх сатырычных сродкаў на выкрыцці эксплуататараў розных эпох і масцей. Сярод гэтых уладалюбцаў і Адольф, і Людвік, і Фарыд, і іншыя — кожны з іх у пэўны гістарычны момант станавіўся дыктатарам. Для дасягнення карыслівых мэтаў яны не спыняліся ні перад чым, нават перад магчымай пагібеллю цэлых народаў, чалавечай цывілізацыі наогул. Яны гатовыя ўсё кінуць у пекла, каб толькі ўсталявацца на троне. Ужо ў першых дзеях твора выразна адчуваецца інтэлектуальна-грамадскі фон, значнасць пуб-ліцыстычных элементаў, насычанасць палітычнай лексікай. Элементы публіцыстыкі займаюць важнае месца ў маналогах і дыялогах персанажаў ужо ў другой дзеі і дамінуюць у фінале п'есы, а паралельна з гэтым адчуваецца палымяная пазіцыя аўтара: абарона ўсяго жывога на зямлі. Яна па-майстэрску акрэслена ў эпіграфе да другой дзеі твора: "Мы спазнаем, нарэшце, шлях арла ў небе, шлях кіта ў акіяне, шлях тыгра ў джунглях. Там мы зноў знойдзем нашу роднасць з жывёльным светам, страта якой з'яўляецца адной з самых горкіх для сучаснага чалавека".


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка