Такая выпала ім доля




Дата канвертавання18.05.2016
Памер49.18 Kb.
Такая выпала ім доля

Вёсачка Зарэчча адпачывае ад летніх і восеньскіх турбот. Ціха на яе вуліцы ў зімовы час.

Ціха было і ля хаты, што прымасцілася на ўзгорку непадалёку ад вясковага клуба. Вокны дома гля-дзяць на шлях. А па шляху тым пакацілася ў мінулае маладосць яе гаспадароў. Шлях памятае многа. Толькі ён моўчкі прымаў на сябе заўсёды ўсе і беды, і радасці, што адбываліся ў Зарэччы. А гаспадары хаты могуць многае ўспомніць і расказаць. Яны -- старажылы ў Зарэччы. Сяргею Канстанцінавічу Картузову -- 84, яго жонцы Кацярыне Емяльянаўне – 87 год.

Я сядзела ў маленькім пакойчыку звычайнай вясковай хаты. На століку размерана адлічваў час гадзіннік, а побач занялі месца фотаздымкі ў рамках. І чорна-белыя, даўнішнія, і больш сучасныя, каляровыя. У фотаздымках захоў-ваецца гісторыя лёсу кожнай сям’і. Гэтак жа і ў Картузовых.

--Вось толькі маленькім хлопчыкам я не здымаўся, -- прагаварыў Сяргей Канстанцінавіч, -- не засталося такой памяці, хоць паглядзеў бы, ці ўнукі на мяне падобныя. Але якія здымкі былі да вайны, – працягваў ён, -- я ў трыццатым годзе на таку нарадзіўся. Маці жыта малаціла, адпачываць ёй у жніво некалі было. Так я і прыйшоў у гэты свет, першы сын у вялікай сям’і. Пасля мяне яшчэ восьмёра дзяцей у бацькоў нарадзілася. Але толькі аднаму мне, -- уздыхнуў ветэран, -- Бог даў доўгі век. З братоў і сясцёр нікога ўжо няма ў жывых. Наша вёска Краснагорка прымыкала да Зарэчча. І калгас да вайны тут існаваў асобна і зваўся “Краснагорка”. Туды запісаліся мае бацькі, яны заўсёды верылі ў лепшую долю сваіх дзяцей і працавалі да сёмага поту. Жылі мы ў вялікім панскім доме. Ён нам дастаўся ад дзеда, які служыў конюхам у пана. Да вайны я пайшоў у школу і паспеў закончыць тры класы.

Добра памятае Сяргей Канстанцінавіч канец чэрвеня 1941 г. Пачатак вайны. Галасіла маці, праводзячы бацьку на зборны пункт, плакалі малодшыя дзеці. А праз некалькі дзён па шляху адступалі нашы войскі. Салдаты капалі акопы, спрабавалі ўмацаваць абарону ля вёскі, але не вытрымалі націску азвярэлых фашыстаў, адступалі далей.

Пачалося жыццё пад акупацыяй. І ў тым жыцці кожны крок трэба было рабіць асцярожна, кожнае пачутае слова трымаць у сабе.

--Многія з вёскі ваявалі на франтах, а мы свята верылі: вораг бу-дзе разбіты, -- казаў Сяргей Канстанцінавіч. -- Вунь, бачыце, -- паказаў ён праз акно, -- адгэтуль добра відаць гара, яна завецца Спасскай і знаходзіцца паміж Зарэччам і Цяцерынам. Невядома, колькі над ёй вякоў прашумела, відаць, шмат бітваў на сябе ўспрымала. Раней, яшчэ і да вайны, гара высокай была. А ў 1944-м, ужо перад самым прыходам нашых, немцы цягалі на гару бярвенні, камяні – умацоўвалі абарону. З гары добра праглядвалася мясцовасць, вось і зладзілі ворагі там сваё “асінае гняздо”, устанавілі мінамёт. Немцы адступалі, і на полі за Зарэччам стаяла многа іхняй тэхнікі. Фашысты білі з гары па нашых. Не давалі ім наладзіць пераправу праз Друць. А мы, падлеткі -- народ цікаўны, не ўседзелі ў схованцы, і калі страляніна крыху аціхла, агародамі прабраліся да рэчкі.

Рызыкавалі моцна. Дазор на гары, відаць, заўважыў нас і ўдарыў з пулямёта. Ні жывыя, ні мёртвыя скаціліся мы пад абрыў і доўга ляжалі там. А пад вечар пачалі паўзком прабірацца да вёскі. Ля сцяны крайняй хаты ля пушкі 45-кі залёг наш чырвонаармеец. Зноў з гары ўдарылі з мінамёта. Байца параніла і кантузіла, ён страціў прытомнасць. Мы дапамаглі яго баявым сябрам адцягнуць параненага за вугал пабудовы.

--Уцякайце, -- крычалі яны на нас, -- тут зараз такое пачнецца. Мы ледзь паспелі адбегчыся, як новы шквал мінамётнага агню знішчыў пушку і пабудову. Відаць, загінулі нашы байцы, думаў я, і слёзы набягалі на вочы.

На нашай хаце быў назіральны пункт чырвонаармейцаў. Адтуль перадавалі каардынаты на поле пад Старкі. Немцы ўцякалі, іх білі нашы «Кацюшы».

А раніцай фронт ужо адкаціўся далей, на вуліцы нашай вызваленай вёскі яшчэ плыў сіні чад, людзі ўжо выходзілі з хат, віталі вызваленне.

Нас, вясковых падлеткаў, падсцерагала новая бяда, і віной ва ўсім была празмерная цікаўнасць. Мы шукалі трафеі, кінутыя немцамі цацкі, а здаралася знаходзілі смерць. Так стала і з маім сябрам, хлапчуком-бежанцам. Яны з маці амаль усю вайну пражылі ў нашай вёсцы і ўжо збіраліся ехаць у свой край. А ў той дзень на узгорку ля бяроз Пеця знайшоў снарад і развінціў яго... Хлопца пахавалі на мясцовых могілках. Мяне маці доўга настаўляла, каб я не чапаў тыя страшныя цацкі, не хадзіў гуляць у лес. Але і мяне яна не ўберагла ад бяды. Вось, -- Сяргей Канстанцінавіч паказаў сваю пакалечаную руку, -- ведаеце, мне тады яшчэ пашанцавала, магло быць значна горш.

Той дзень канца восені плыў ціхі і бязветраны. Мы доўга сядзелі ля Друці, абмяркоўвалі жыццё, марылі, калі вайна назусім скончыцца і вярнуцца нашы бацькі. Колькі будзе шчасця. Насядзеўшыся, пабеглі на ўзлесак. Я быў далекавата ад хлопцаў, хацеў гукнуць іх, каб разам па-глядзець, што за дзіўны дрот ля дрэў. Ім быў упутаны і бліжэйшы куст. Я адступіў, каб лепей разгледзець яго, спатыкнуўся і ўпаў. А калі падымаўся, зачапіў рукой той злашчасны дрот. Тады і рванула. Я быў ў куртцы і рукавіцах. Адразу і болю не адчуў, а калі ўбачыў, што з рукі цячэ кроў моцна напалохаўся. Да гэтай пары не разумею, як мне так пашанцавала, што пакалечыла толькі руку. Дарослыя, якія прыбеглі на месца выбуху і панеслі мяне ў бальніцу, пасля казалі: “Бог яго ўратаваў”.

Памятаю вочы маці, якая схілялася надо мной. Твар у яе быў белы, без крывінкі. А вусны шапталі: «Я ж прасіла цябе, сынок!».

Доўга Сяргей пралячыўся ў бальніцы ў Круглым, лекаў не хапала, рука не зажывала. Потым і дома маці прамывала яе травамі і маліла Бога аб лепшым.

--Я залячыў руку, -- працягваў свой горкі аповед Сяргей Канстанцінавіч, -- але застаўся інвалідам.

Бацька наш прайшоў усю вайну і вярнуўся жывы. Дзень яго вяртання прынёс у сям’ю шчасце і надзею на лепшае жыццё, бо пасля вайны жылося вельмі цяжка.

--Ой, як цяжка, -- уступіла ў размову і Кацярына Емяльянаўна, якая да гэтага ўвесь час маўчала, не перабівала мужа.

Кацярыне Емяльянаўне ў вайну таксама давялося паспытаць шмат ліха. Шаснаццацігадовую дзяўчыну сілком пагналі на работы ў Нямеччыну. Перажыла там і страх, і голад, і холад. Працавала ў г. Росток на ваенным заводзе “Дзюзінг”. Пад наглядам злоснага немца-майстра стаяла за такарным станком па дванаццаць гадзін за суткі. Нават разагнуцца не дазвалялася. У абед прыносілі параную рэпу, горкую-горкую, што палын. Але ж елі, куды дзенешся, бо больш нічога не давалі. Іншы раз выдзялялі па кавалачку хлеба ўперамешку з апілкамі, -- са слязьмі прыпомніла ветэран.

Вярнулася Кацярына на радзіму ў 1945 годзе.

--Хацела я вывучыцца на медсястру, -- расказала яна далей, -- бо да вайны закончыла сем класаў з добрымі адзнакамі. Але тых, хто пабываў у Нямеччыне, у навучальныя ўстановы не прымалі. Не было да нас даверу. Пайшла працаваць у калгас, цялят даглядала. І лёс свой далека не шукала. На другім канцы вёскі жыў Сяргей. Згулялі сціплае вяселле ў 1948 годзе. Вось ужо 65 гадоў мы разам.

Мужна пераадольвалі ўсе цяжкасці, падтрымлівалі адно аднаго. Сяргей уладкаваўся на працу механізатарам у МТС, пасля і ў мясцовым калгасе рабіў трактарыстам. Атрымаў за шматгадовую добрасумленную працу заслужаныя ўзнагароды. Атрымала працоўныя ўзнагароды і Кацярына Ямяльянаўна.

У дружнай сям’і выгадавалася шасцёра дзяцей. На жаль, сына Леаніда ўжо няма ў жывых. Дочкі Тамара, Зінаіда і Наталля жывуць у Магілёве, Антаніна -- у Мінску, Ніна -- у Круглым. Маюць Сяргей Канстанцінавіч і Кацярына Емяльянаўна 14 унукаў і 20 праўнукаў.



--Усіх у самалёт не забярэш, – жартуе Сяргей Канстанцінавіч. Ён шчаслівы, што нашчадкі жывуць пад мірным небам, на полі за вёскай улетку цвітуць рамонкі, зімою яго ўсцілае чысты снег. Спасская гара даўно адпачывае ад вайны.

С. ВАРАПАЕВА.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка