Таццяна Студзенка Беларускі дзяржаўны універсітэт




Дата канвертавання01.05.2016
Памер37.34 Kb.
Таццяна Студзенка

Беларускі дзяржаўны універсітэт


«Старая Новая Зямля» Тэадора Герцля:

да пачатку інтэрпрэтацыі ў беларускім культурным кантэксце


Твор, які мае назву «Старая Новая Зямля» (Altneuland, 1902) [3], не можа не выклікаць цікавасці ў беларускага чытача: сапраўды, інтрыгуе, ці ёсць у тэксце яўрэйскага пісьменніка і публіцыста, грамадскага дзеяча, заснавальніка сіянісцкага руху Т. Герцля (1860­1904) штосьці агульнае са зместам беларускай «Новай зямлі»? Што маецца на ўвазе пад азначэннямі «Старая» зямля і зямля «Новая»? Ці сапраўды твор Герцля, таксама як і Коласаў твор, у азначэнні «Новая Зямля» спасылаецца на тэкст прарока Ісаі аб «Новай зямлі пад новымі нябёсамі» (Іс 65:17­25) ­ сімвалічны вобраз ладу і дабрабыту, у больш шырокім сэнсе ­ сімвал грамадзянскай згоды, сусветнага братэрства? Ці так жа хораша, узнёсла, як у беларускага пісьменніка, пададзены ў незнаёмым яшчэ шырокаму колу чытачоў творы вобраз вольнай, апрацаванай дбайна і з любоўю уласнай зямлі ­ у сэнсе экзістэнцыяльнай уласнасці як адпаведнасці сабе, сваёй ідэнтычнасці, самасці, уласнай сапраўднасці? Ці так жа прывабна і жыва намаляваны матэрыяльны вобраз бяздоннага і бясконцага ў сваіх сутнасных сэнсах феномена зямлі, вобраз «прытулка», «куточка»?.. Безліч пытанняў. Іменавіта магчымасць амаль на ўсе з іх адказаць станоўча падштурхоўвае да прэзентацыі твора «Альтнойланд» у айчыным культурным асяроддзі. Да таго ж мы будзем мець магчымасць адзначыць і агульную сутнасць абодвух твораў у спробах вырашэння іх аўтарамі г. зв. «зямельнага пытання»: у Коласа ­ сціскання ідэнтычнасці з прычыны беззямельнасці, у Герцля ­ дыялектыкі святасці зямлі Палесціны.

Аб дыялектыцы святасці зямлі Палесціны сведчыць той факт, што ў ХХ ст. гэта зямля стала месцам татальнага супрацьстаяння, «Сусветнай гармоніі» наадварот. Перш за ўсё гэта звязана з літаралізацыяй і канкрэтызацыяй таго, што ў Бібліі вымагае сімвалічнага разумення: сутнасці Святога Запавету (Абяцання) і сутнасці феномена Зямлі Запаветнай. Зямлю – не толькі Палесціны­ робіць святой прысутнасць Бога, г. зн. праведнасць тых, хто жыве на гэтай зямлі. Уяўленне ж пра сакральнае як дадзенае, раз і назаўсёды гарантаванае правакуе шэраг супрацьлеглых трактовак дадзенасці, крытэрыяў і ўзроўняў сакральнасці і, адпаведна, шэраг ачагоў супрацьстаяння. Найбольш драматычны з іх ­ варожасць аднаверцаў, ультраартадоксаў і сіяністаў. Ультраартадоксы прынцыпова супраць развіцця Святой зямлі «па свецкім шляху, наканаваным грэшнікамі»: згодна з такой пазіцыяй, гэта зямля існуе выключна дзеля малітвы і духоўнай дзейнасці; да таго ж «Святая зямля можа прыняць толькі ідэальнага яўрэя, але ніяк не сярэдняга» [1, c. 291] ­ разуменне святасці зямлі, якое паміж іншым прыводзіць да адмаўлення яе матэрыяльнасці. Яшчэ адзін бок дыялектыкі святасці – палітызацыя Святой зямлі, у рэчышчы якой нават імя яе стала іншым: пасля Шасцідзённай вайны для арабаў размова ідзе пра «акупаваныя тэрыторыі», для прыхільнікаў анэксіі ­ пра «вызваленыя землі».

Альтэрнатыва праблеме Святой зямлі і была заяўлена Т. Герцлем, які пакінуў нашчадкам не толькі палітычнае (Der Judenstaat, 1896), але і мастацка-сімвалічнае ўяўленне пра адноўленую Святую зямлю ў рамане-утопіі «Альтнойланд». Тут улічаны двухбаковы характар Запавету, які ў біблейнай традыцыі асэнсаваны як Саюз («дагавор») між Богам і чалавекам: згодна з Запаветам–Саюзам, дасягнуць Абяцання значыць не ўзяць яго сілай, але ісці насустрач яму. Адсюль акцэнт на практычных кроках па прывядзенні Святой зямлі ў годны («боскі») выгляд, стварэнне на гэтай зямлі падстаў для міжнароднага духоўнага і эканамічнага супольніцтва. Аўтарская думка падкрэслівае самую сутнасць гістарычнай перспектывы Святой Кнігі, паводле якой пажаданая «гармонія» ажыццяўляецца ва ўзаемадзеянні народаў і асобаў, так што святасць зямлі Палесціны можа адбыцца толькі праз дыялог з сусветам.

«Альтнойланд» – сапраўдная паэма зямлі, прасякнутая лірызмам і цеплынёй. Размова ідзе пра тое, што адноўленая з любоўю і ў той жа час прагматычна, у збалансаванні аграрных і індустрыяльных праектаў, транспарту, ірыгацыі, урбанізацыі, турыстычнай сферы, у пачынаннях не кропкава–спантанных, а цэнтралізавана і планамерна скаардынаваных, – такая зямля не можа не паўстаць перад сусветам у сваёй аўтэнтычнай велічы і прыгажосці. Быццам у процівагу перакананню, што біблейны Эдэм не мае нічога агульнага ні з сельскай гаспадаркай, ні тым больш з індустрыялізацыяй, у рамане ўзнікае прыклад велічы апошняй (як гэта ні парадаксальна на слых сучаснага чалавека) – канал Мёртвага мора, па якім «вялікая вада» Міжземнамор’я паступае ў «Мёртвую» мелкаводдзе і нясе жыццё ўсім засушлівым землям Блізкага Усходу – усім, не толькі палесцінскім. «Святая зямля», такім чынам, усюды, дзе чалавек рэалізуе свой крэатыўны патэнцыял і такім чынам сцвярджае сябе як «вобраз і падабенства» Вышэйшага Творцы. Ці не пра гэта даводзіць і Коласава паэма?..



Адказ на пытанне, наколькі секулярная мадэль Герцля адпавядае духу біблейнай традыцыі, мы і знойдзем у гэтай традыцыі – у тэзісе пра абумоўленасць святасці: «Спраўджанне Боскай запаведзі мае месца толькі тады, калі адбываецца ў паўнаце сіл і здольнасцей асобы і праз паўнату патэнцыі веры» [2, c. 264-265]. Суаднясенне статусу і выгляду Святой зямлі магчыма разглядаць як імкненне стварыць падставы для жаданай паўнаты; у гэтым сэнсе відавочна секулярны мадэрнізаваны пачатак утопіі Герцля­ аснова гістарычнай аб’ектывацыі пазагістарычнага– адвечнага – Закона і такога ж адвечнага – бясконцага – Абяцання, насустрач якому патрэбна «устаць і ісці» (Быц12:1).

  1. Аттиас Ж.­К., Бенбасса Э. Вымышленный Израиль / Ж.К. Аттиас, Э Бенбасса; Пер. с франц. Д. М. Литвинова. ­ М, 2002. – 395 с.

  2. Бубер М. Два образа веры:/ М. Бубер Пер. с нем.­ М., 1995. ­ 464 с.

  3. Неrzl, Th. Altneuland/ Th Неrzl // Gesammelte zionistische Werke: in 5 Bd. ­ Bd. 5 Tel Aviv, 1935. ­ Bd. 5.– S. 125-421.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка