Таццяна Студзенка Беларускі джяржаўны універсітэт




Дата канвертавання29.03.2016
Памер39.51 Kb.
Таццяна Студзенка

Беларускі джяржаўны універсітэт


Універсалогія як парадыгма даследавання літаратурнай класікі

Паняцці «ўніверсальнае» і «класічнае» ў літаратуразнаўстве традыцыйна ўспрымаюцца амаль як тоесныя. Тым больш парадаксальна, што дагэтуль не зроблены спробы выпрацаваць пэўную парадыгму даследавання ўніверсальнага – не толькі найбольш адметнай, але і надзвычай разнастайна аднаўляльнай рысы літаратурнай класікі, што само па сабе можа служыць падставай пашыранай, панарамнай рэфлексіі, патрэба ў якой сёння адчуваецца ўсё больш настойліва.

Даводзіцца канстатаваць, што за доўгі час бяздумнага, апрыёрнага ўжывання паняццяў «універсальнае», «універсалізм» яны амаль сцёрліся і на сёння не ўтрымліваюць амаль ніякай інфармацыі. Ужо напрыканцы ХІХ ст. – часу, раз’юшанага вірлівым ходам жыцця, часу разгубленасці, страты арыенціраў – В. Віндэльбанд вымушаны быў нагадваць сучаснікам, што па сутнасці (а не па абсягу дзейнасці!) значыць «універсальнасць» асобы І. Гётэ і «ўніверсалізм» яго творчасці: цэльная адпаведнасць, арганічная сукупнасць сама– і светаўспрымання, здольнасць разам перажываць асабісты і нацыянальны вопыт як вопыт гістарычны, г. зн. існасна неабходны ў пэўны адпаведны час [1]. Дарэчы, філосафу В. Віндэльбанду належыць яшчэ адзін літаратуразнаўчы эцюд на тую ж тэму: роздум пра душэўную хваробу Ф. Гёльдэрліна, прычыны якой хвалююць даследчыкаў ужо амаль дзве сотні гадоў. Галоўная прычына – разрыў цэльнасці свядомасці ў так званы Новы час, надзвычай балючае перажыванне паэтам татальнай спецыялізацыі, адчужэння розных культурных сфер і перадусім – культуры і жыцця ўвогуле. Боль, тым ці іншым чынам уласцівы ўсім не «таўстаскурым» сучаснікам паэта, для яго ўзмоцнены амаль адчувальным ідэалам антычнай гармоніі і цэльнасці [2]. Сёння мы імкнёмся ўзнавіць сэнс «універсальнага» як перш за ўсё «цэльнага» не толькі з прычыны нястачы крытэрыяў ацэнкі значных літаратурных з’яў, але і з матывацыяй, аналагічнай віндэльбандаўскай: з прагай захавання цэльнасці розуму і разумення падчас панавання постмадэрнісцкай «шызафрэніі». «Жыві і цэльнасці шукай», – зазначыў калісьці М. Багдановіч; гэтыя словы маглі б стаяць на месцы эпіграфа да ўзнятай тэмы.

Вызначальны сэнс паняцця «ўніверсальнае» акцэнтаваны і сучасным расійскім культуролагам-эмігрантам М. Эпштэйнам: «Універсальнае – найпершым чынам не ўсeагульнае, а шматлікае ў адным; <…> катэгорыя, якая вызначае шматбаковасць, уласцівую пэўнай з’яве; якасць адзінкавага аднаўляцца рознымі гранямі» [3, с. 436]. Універсальнае – пэўны космас чагосьці; уяўленне і мастацкая фіксацыя такога «космасу» адпаведныя матрыцы Першага Тварэння, створанага Адзіным Богам Сусвету. Невыпадкова ў Пісанні менавіта праз творчасць чалавек зразуметы як «вобраз і падабенства» Вышэйшага Творцы. Творчасць-тварэнне і надае статус класічных (непераўзыходных) тэкстам, якія мы традыцыйна характарызуем таксама як універсальныя.

Універсальнае-цэльнае абумовіла класічную кананізацыю творчасці не толькі І. Гётэ, але і такіх разнастайных майстроў, як В. Шэкспір, Э. Заля, Ж. Гюйсманс, Т. Ман, В. Фолкнер, Г. Гарсія Маркес, У. Эка, як беларускія паэты Я. Колас і Я. Купала, – усіх яднае стварэнне тых ці іншых унікальных мастацкіх космасаў (універсумаў). Шэкспіраўская цэльнасць-універсальнасць – свет чалавечых пачуццяў, узнятых на паверхню перажываннем найбольш жорсткіх жыццёвых драм. Універсум манументальных «Ругон-Макараў» Э. Заля – у вышуку агульных заканамернасцяў генезісу палітычнага, сямейнага і асабістага быцця; варыяцыі на тую ж тэму знойдзем у шэрагу твораў Т. Мана, у цыкле пра Ёкнапатофу В. Фолкнера, у рамане «Сто гадоў самоты» Г. Гарсія Маркеса. Узгадаем «Наадварот» Ж. Гюйсманса, раман-каталог дэкадэнцкай культуры, – таксама цэльнасць, толькі іншага, «энцыклапедычнага» кшталту. «Імя ружы» У. Эка – таксама «каталог», на гэты раз – культуры постмадэрнісцкай, яе характэрнага светаўспрымання, раман, створаны з дапамогай цэлага комплексу тыповых постмадэрнісцкіх прыёмаў літаратурнага пісьма (так бы мовіць, «здвоены каталог»). Ці не праўда, што змест найбольш універсальных беларускіх паэм – такіх, як «Адвечная песня», «Яна і Я» Я. Купалы, «Новая зямля» Я. Коласа, паэм-метафар сялянскага і ўвогуле чалавечага жыцця, – у святле папярэдніх нататак «універсалогіі» падаецца яшчэ больш знакавым і, безумоўна, звышгодным ў параўнанні з адпаведнай сусветнай літаратурнай традыцыяй? Дарэчы, ці не чакае свет расповеду пра сябе (пры пасрэдніцтве перакладаў) з боку гэтых, па вялікім рахунку яшчэ невядомых яму творцаў?..

Відавочна, што сутнасць універсальнай творчасці – найбольш выразнае і разнастайнае акцэнтаванне той ці іншай шматграннасці. Калі пэўны твор разгортваецца ў падобным рэчышчы, мы маем метадалагічныя (а не метафарычныя) падставы характарызаваць яго як універсальны. У сваю чаргу, калі тэарэтычны аналіз імкнецца выявіць пэўную мастацкую шматграннасць (універсальнасць-цэльнасць), прасочваючы механізмы яе стварэння, мы гаворым пра ўніверсалагічны падыход як падыход метадалагічны. Канкрэтнае тэарэтычнае яго напаўненне можа адбыцца праз уяўленне феномена цэласнага ў рэфлектыўнай форме сістэмы, зразумела – на фактычным матэрыяле пэўных тэкстаў. Як магчымая цэласнасць – цэласнасць увогуле і мастацкая ў прыватнасці? – такія асноўныя пытанні ўніверсалогіі. Яшчэ раз падкрэслім: універсалогія – метадалогія, адэкватная цэласным (універсальным) творам і ў той жа час адпаведная патрэбам літаратуразнаўства ў междысцыплінарных крытэрыях ацэнкі літаратурных з’яў.

Літаратура

1. Виндельбанд, В. О философии Гёте (Речь, произнесенная в 1899 г. в Страсбурге в связи с установлением памятника молодому Гёте) / В. Виндельбанд Избранное. // Пер. с нем. М. И Левиной, Г. Сонина. – М.: Юрист, 1995. – С. 140 – 159.



2. Виндельбанд, В. Фридрих Гёльдерлин и его судьба (Доклад, прочитанный во Фрейбургском академическом сообществе 29 ноября 1878 г.) / В. Виндельбанд // Избранное. – С. 120–139.

3. Эпштейн, М. Н. Универсика // проективный философский словарь: новые термины и понятия / Под ред. М. Тульчинского и М. Эпштейна. – СПб.: Алетейя, 2003. – С. 436–439.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка