Таццяна Іванаўна Шамякіна, Мінск жыццё І палітыка ў раманах івана шамякіна




Дата канвертавання29.03.2016
Памер89.47 Kb.
Таццяна Іванаўна Шамякіна, Мінск
ЖЫЦЦЁ І ПАЛІТЫКА Ў РАМАНАХ ІВАНА ШАМЯКІНА

Некаторыя беларускія крытыкі [1, 429–433] ўпарта насаджаюць сярод чытачоў думку пра Івана Шамякіна як яскравага прадстаўніка сацыялістычнага рэалізму, адданага савецкай уладзе кансерватара, ледзь не сталініста, хоць раманы пісьменніка абсалютна антысталінскія. Так, гэта пісьменнік-патрыёт, а само паняцце патрыятызму вось ужо чвэрць стагоддзя вынішчаецца са свядомасці народа. Пэўныя асобы не жадаюць заўважаць, які крытычны быў Шамякін у дачыненні да існуючай рэчаіснасці, і пры гэтым, сапраўды, адстойваў ідэю – перш за ўсё ідэю справядлівасці. Упікаюць пісьменніку фактычна за ідэю і не бачаць, як ідэя рэалізоўвалася, у якіх складаных жыццёвых абставінах сцвярджалася. Тэма «жыццё і палітыка» – актуальная ва ўсе часы. І ў Шамякіна яна раскрываецца адметна, арыгінальна, павучальна.

З двух тыпаў светапоглядаў, якія перманентна змагаліся паміж сабою на працягу ХХ ст. (а магчыма, на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва) – сціплага, калектывісцкага, духоўнага і індывідуалістычнага, прагнага, цялеснага – Шамякін усё жыццё трымаўся першага. Празаік, ён глядзеў на жыццё вачыма паэта. Важны і маральны воблік майстра. Часта ў гісторыі літаратуры здаралася, што пісьменнік, стваральнік мастацкіх тэкстаў, аказваўся ў маральна-этычным плане, паводле сваіх твораў, вышэйшы, чым носьбіт яго таленту – чалавек. Творчасць – такая дзіўная, набліжаная да Боскай, сфера, якая ўзвышае творцу, міжволі робіць яго лепшым, высакародным, гераічным, а ў чалавечым плане ён застаецца са сваімі хібамі і заганамі. У выпадку Шамякіна творца і чалавек – роўныя. Шамякін адэкватна пераносіў на герояў свае ўласныя рысы – надзвычай добрага, мяккага (магчыма, і залішне), рахманага, трохі наіўнага ў бытавым плане – амаль да старасці, шчыра ідэйнага чалавека, з узвышанымі поглядамі на людзей. Сумленнасць – вось што вызначала яго асобу. Сумленнасць, а значыць, выразныя ўяўленні пра дабро і зло, – тое, што сёння, не без ўдзелу, дарэчы, таленавітых пісьменнікаў, у тым ліку беларускіх, аказалася ў грамадстве размаітым, нівеліраваным.

Шамякін заўсёды верыў у дабро і вышэйшую справядлівасць і нават у ліхія 90-я гады, перажыўшы смерць блізкіх людзей (адзінага сына і жонкі), прайшоўшы праз злом сістэмы, у якую ўсё ж верыў, нават і бачачы яе заганы, ён не пераставаў лічыць, што ў рэшце рэшт, у нейкім канечным пункце, Дабро перамагае. Менавіта за сваю сумленнасць Шамякін выклікаў пякучую зайздрасць – і неабходна нарэшце сказаць праўду – часта і нянавісць усіх тых, хто быў ніжэй за яго – нават не па таленце, а па маральных якасцях. Нярэдка ў літаратуразнаўчых разглядах кніг некаторых беларускіх пісьменнікаў ужо і ў савецкі час сустракаліся глыбакадумныя разважанні пра хрысціянскія дабрачыннасці, біблейскую сімволіку, пра Бога. Да творчасці Шамякіна крытыкі такіх высокіх крытэрыяў не прыкладалі. Але Шамякін, які неаднаразова заяўляў пра свой атэізм, у рэальным жыцці паступаў заўсёды по-божаскі [2, 5–34].

Адзін з самых вядомых твораў І. Шамякіна – раман-пенталогія «Трывожнае шчасце». Дзеянне ў ім адбываецца да Вялікай Айчыннай вайны, у яе час і пасля вайны. Найлепшая аповесць з пяці – «Агонь і снег», што апавядае пра абарону Мурманска, дзе служыў амаль усю вайну і сам аўтар. Аповесць крытыкі ацанілі надзвычай высока, назваўшы лепшым творам І. Шамякіна аб Вялікай Айчыннай вайне. Але гэта і адзін з лепшых твораў аб вайне ва ўсёй беларускай літаратуры, каштоўнасць якога з цягам часу ўзрастае дзякуючы дакладна выверанаму аўтабіяграфізму. Нагадаем, што пенталогію Шамякін пісаў адначасова і нават раней, чым К. Сіманаў сваю трылогію «Жывыя і мёртвыя», сёння ацэненую як лепшы савецкі твор пра Вялікую Айчынную вайну; раней, чым і захваленыя аповесці В. Быкава. Між тым Шамякін ставіў тыя ж праблемы, што і названыя праслаўленыя пісьменнікі: недахопы ў камандаванні савецкімі войскамі, бяздушша ўладаў ў адносінах да чалавека, гераізм звычайных людзей, важнасць маральнага духу ваяроў для канчатковай Перамогі.

Героі пенталогіі ў сваім паўсядзённым жыцці і змаганні не аддзелены ад жыцця ўсёй краіны і Еўропы. Галоўны герой твора Пятро Шапятовіч даручае свае глыбока вынашаныя думкі аб міжнароднай сітуацыі дзённіку: «Пасля прамовы Сталіна зрабілася неяк спакайней. Але боль... боль не сціхае, ён з новай сілай коле сэрца кожны раз, калі ў паведамленнях Саўінфармбюро называецца новы напрамак. Часам узнікае надзея... Так, яна ўзнікла, калі нашы зноў адбілі Жлобін і Рагачоў. Можа, гэта пералом, можа далей на ўсход і ўніз па Дняпры яны не пасунуцца? Але з’явіўся Смаленскі напрамак і зноў боль... Узрадавала нас пагадненне паміж СССР і Англіяй. Зноў надзея». Такіх разважанняў у творы шмат.

Надзвычай крытычны аўтар да ўнутранай палітыкі – як у аповесці «Агонь і снег», так асабліва ў пятай аповесці з пенталогіі – «Мост», дзе гаворка ідзе пра аднаўленне краіны пасля вайны. Нізавыя работнікі на месцах упэўненыя, што вярхоўныя ўлады кіруюць імі дрэнна: «Ніхто разумнай каманды не можа даць». У выніку людзі не разумеюць мэты і сэнсу многіх партыйных і дзяржаўных рашэнняў. Аўтар паказвае, што ў гэтым – асноўная цяжкасць пасляваеннага часу і яго адрозненне – у негатыўны бок – нават ад ваеннага, калі ўсё было ясна і пэўна. Такім чынам, Шамякін паставіў пад сумненне бязгрэшнасць уладаў і зрабіў гэта надзвычай смела, у многіх эпізодах.

Своеасаблівым працягам пенталогіі, у прыватнасці яе ваенных аповесцей, стаў раман І. Шамякіна «Зеніт», створаны праз трыццаць гадоў пасля «Трывожнага шчасця».

Дзеянне рамана адбываецца ў апошні год вайны, захоплівае дні Перамогі. Шмат месца адведзена ў рамане вызваленым Савецкай Арміяй тэрыторыям. Галоўны герой Павел Шыянок, камсорг дывізіёна, палітыкай заўсёды цікавіўся. Хоць у апошні год вайны, пры наступленні савецкіх войскаў, любілі пра палітыку пагаварыць усе: «што думае Сталін, якія планы ў Жукава». Большую частку твора Павел разважае і гаворыць пра Фінляндыю. Фіны – самыя блізкія непрыяцелі на працягу ўсіх гадоў вайны. Немцы для зенітчыкаў – далёка, у небе, існуюць па сутнасці абстрактна; з фінамі прыходзілася часта сустракацца на зямлі, твар у твар. Гэта былі каварныя ворагі. Дастаткова ўспомніць пра міны, пакінутыя імі пры адступленні ў печках, ад адной з якіх загінула каханая Паўла Ліда («Семдзесят чалавек падарвалася на такіх хітрых мінах»).

Доўгі час Павел не мог зразумець палітыку СССР у адносінах да сваёй варожай суседкі. Чаму савецкія войскі не акупіруюць яе? Прычым «на фінаў былі злосныя не толькі за гэтую вайну, але і за кампанію трыццаць дзевятага – саракавога. Фінаў варта сурова пакараць».

Дарэчы, калі б СССР меў захватніцкія намеры ў савецка-фінскай вайне 1939–1940 гг., як сцвярджаюць ліберальныя гісторыкі, ён бы іх лёгка рэалізаваў у 1944–1945 гг., займаючы адну краіну Еўропы за другой. Сэнс савецка-фінскага канфлікту зусім іншы, пра што сёння маўчаць. Аднак далёка не ўсё было ясна і ў той час – непасрэдным удзельнікам вайны. Не ведаючы пра перагаворы, якія вяліся ў Швецыі па патаемных каналах, ніхто з палітработнікаў не мог адказаць на бясконцыя пытанні байцоў, чаму савецкія войскі ў сваім пераможным маршы не ўступаюць у Фінляндыю. Уступілі ж ужо ў Румынію, Венгрыю, іншыя краіны гітлераўскай кааліцыі (фактычна супраць СССР ваявала ўся Еўропа). А ў Фінляндыю не ўступаюць. Павел розумам прымаў словы Сталіна пра розніцу паміж урадам і народам. «А сэрца не магло дараваць смерць Ліды, смерці сяброў, што загінулі ў Мурманску, Кандалакшы, Афрыкандзе, Коўдзе, смерці многіх тысяч савецкіх людзей, што палеглі ў суровым паўночным краі на паўтаратысячакіламетровым Карэльскім фронце». Не маючы ніякіх інструкцый «зверху», Павел, між тым, на пытанні камсамольцаў адказваў надзвычай разумна і правільна: «Мы ставім задачу: вывесці Фінляндыю з вайны без лішніх ахвяр». Так яно і здарылася. Хоць пасля падпісання мірнага пагаднення з Фінляндыяй большасць савецкіх афіцэраў былі незадаволены, лічылі, што «залішне ганарова фіны выйшлі з вайны, беспакарана». Варта было б судзіць іх ваенны ўрад. Распавядаючы пра мір з Фінляндыяй байцам, Павел падкрэсліваў гуманнасць савецкіх уладаў у адносінах да фінаў: «Склалі зброю – жывіце, як вам хочацца». Але афіцэры меркавалі інакш: «Добрыя мы. Занадта добрыя. Евангельскае ўсёдараванне». Магчыма, у ваенны час яго не варта трымацца.

Аўтар нездарма зрабіў галоўнага героя «Зеніту» Паўла ў мірным жыцці гісторыкам (ён стаў доктарам навук, прафесарам): Шамякін лічыў, што мінулае ўваходзіць у сучаснае і працінае яго тысячамі ніцей, вельмі часта ўказваючы правільны накірунак у будучае. Аўтар добрасумленна ўзнаўляе рэальныя падзеі, узбагаціўшы іх прысутнасцю жывой душы. Пісьменнік моцны ў творы выдатнай распрацаванасцю самых розных характараў, псіхалагічных тыпаў, тэмпераментаў. Звяртае на сябе ўвагу і яго ўменне аперыраваць сучаснай, бягучай інфармацыяй з адначасовай рэанімацыяй мінулага часу, які ўплецены ў час цяперашні. У рамане герой, як і аўтар, упэўнены, што той маральна-этычны зарад, які вынесены з ваеннага мінулага, не згас, а пранесены праз дзесяцігоддзі менавіта сумленнымі людзьмі.

Адзін з лепшых раманаў І.Шамякіна – «Вазьму твой боль». Ён – таксама пра гісторыю, пераплеценую з сучаснасцю.

Усё сваё жыццё І. Шамякін быў упэўнены ў магчымасці мастацкай літаратуры змяняць людзей, рабіць іх лепшымі, прымушаць кожнага думаць пра іншага, як пра сябе самога. У імя высакароднай мэты пісьменнік, якога часам называлі ідэалістам, так шмат, апантана і натхнёна, працаваў. І толькі зыходзячы з гэтай устаноўкі творцы можна зразумець канкрэтны твор, ды і ўсю творчасць Шамякіна. Што тычыцца непасрэдна рамана «Вазьму твой боль», то менавіта філасофская яго сутнасць абумовіла структуру і такое выразнае раздзяленне персанажаў-антаганістаў: на выключна станоўчага – тыповага савецкага працаўніка Івана Батрака і рашуча адмоўнага – былога паліцая, злодзея Шышку.

Перыяд, які пазней назавуць «застоем» і ў які актыўна тварыў І. Шамякін, можна ацэньваць па-рознаму. Можна як перадышку (асабліва ў нас, у Беларусі, пад кіраўніцтвам мудрага і гуманнага П.М. Машэрава) паміж страшэнным напружаннем народа ў мабілізацыйным праекце 30–40-х гадоў і будучым хаосам «перабудовы». Можна і як рэгрэс, дэградацыю, здраду ранейшым ідэалам, за якія столькі пралілося крыві, – менавіта так уяўлялася тады Шамякіну. Усё ж не толькі маральны заняпад, абмяшчаньванне кіраўнікоў партыі і культурнай эліты ў 80-я гады, але і зайздрасць, прагнасць, нежаданне памятаць і думаць шырокіх мас, што якраз і хвалявала пісьменніка, прывялі да «перабудовы» з яе ўжо літаральна культам нажывы, а затым і да дзікага, варварскага капіталізму. І. Шамякін як чуйны творца ўлавіў цяжкі крызіс ментальнасці савецкага грамадства, што ўрэшце абрынуў усё чалавецтва ў геапалітычную катастрофу – распад Савецкага Саюза, пра які прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін сказаў: «Хто жадае вярнуцца ў СССР – не мае розуму, хто ж не шкадуе пра СССР – не мае сэрца».

Сёння асабліва актуальным з’яўляецца абсалютна дакладны аўтарскі дыягназ таго, што прывяло Шышку да работы ў паліцыю, да здрады – нават не дзяржаве і ладу, а сваім аднавяскоўцам: «разумовая прытупленасць, няўменне ўзняцца над сваімі эгаістычнымі жаданнямі, асэнсаваць падзеі часу не з пункту гледжання свайго “я” і свайго “сёння”, а з улікам інтарэсаў усіх людзей, з улікам будучыні народа і сваёй, ні на міг не аддзяляючы сябе ад народа».

Гэта якраз тое, што найбольш хвалявала Шамякіна ў яго сучасніках, нават калегах і кіраўніках дзяржавы. Але ўсё ж пісьменнік яшчэ спадзяваўся на народную мудрасць, на сілу калектыву. Таму важныя ў творы калектыўныя сцэны – працы, партыйнага сходу, дзе Іван распавядае пра забойцу Шышковіча.

Пісьменнік ставіць у рамане адразу некалькі надзвычай важных праблем, і сярод іх тую, якая хвалявала яго пастаянна: што больш важна, гаворачы моваю таго часу, – базіс ці надбудова: накарміць людзей, модна апрануць іх ці выхаваць духоўна, культурна, у пачуцці справядлівасці. Сам Шамякін пакутліва разважаў пра названую дылему ўсё жыццё і часам на крытыку ладу, якую чуў ад розных людзей, нават уласных дзяцей, адказваў тэзісам аб неабходнасці клопату партыі і дзяржавы перш за ўсё пра дабрабыт народа. (Неаднаразова ён гаварыў: «Чалавека неабходна найперш накарміць»). Хоць сам далёка не быў упэўнены ў неабходнасці пастаяннага і няўхільнага імкнення абавязкова дагнаць заходнія краіны па ўзроўні матэрыяльнага камфорту.

Як і ўсе яго равеснікі, пісьменнікі ваеннага пакалення, Шамякін жыў адчуваннем свайго абавязку зноў і зноў распавесці свету пра тое значнае і цяжкае, што ўбачыў, перажыў у ваенныя гады. Праўда, ён не жыў пад акупацыяй, але жылі яго бацькі, сёстры, жонка, дачка, і з імі магло здарыцца тое ж, што з роднымі Івана, героя рамана. Тэма паліцэйшчыны на Беларусі ўвогуле надзвычай балючая і цяжкакранальная. Адна справа – ворагі, іншая – свае. Шамякін ведаў некалькі выпадкаў помсты былым паліцаям, калі яны вярталіся з Сібіры. Яго і хваляваў – не юрыдычны, а чалавечы аспект праблемы: ці мелі права родзічы забойцаў на помсту? Шамякіну хацелася б зразумець тых людзей, якія не маглі дараваць здраду і пагібель родных. Пра тое, якая балючая для яго была гэтая калізія на працягу ўсёй творчасці, сведчыць яшчэ першая аповесць, дзякуючы якой ён і ўвайшоў у літаратуру, – «Помста» (1946 г.). У прынцыпе любая індывідуальная калізія ў канечным выпадку выяўляе пэўны сацыяльна-гістарычны канфлікт, а ён тут – глабальны: супрацьстаянне сіл Дабра і зла, гуманізму і фашызму.

Шамякін не толькі выдатна занатаваў рэаліі ваеннага часу, але і сцвердзіў маральныя перадумовы Перамогі як аснову жыццядзейнасці нацыі. Сапраўды, і тое, што Беларуская ССР увайшла ў ААН як самастойны геапалітычны суб’ект, і павага да беларушчыны (мовы, культуры) у савецкі час, і нават тое адзінае, што хоць неяк цэментуе народ сёння, – шмат што абумоўлена мінулай вайной.

У 1970-1980-я гады Шамякін яшчэ спадзяваўся і марыў пра лепшае, хоць і расчараванні апаноўвалі яго ледзь не кожны дзень. Яго складаны духоўны пошук выявіўся ў мастацкай паўнаце і жыццёвай стэрэаскапічнасці паказу не толькі знешніх падзей, але і ўнутраных станаў сваіх герояў. Адсюль насычанасць твора вобразнымі элементамі, якія, сюжэтна звязваючыся паміж сабою і з роздумамі герояў, сукупна павялічваюць складаную шматмернасць мастацкай ідэі.

Акадэмік У. Гніламёдаў назваў І. Шамякіна «летапісцам дзвюх эпох» – савецкай і постсавецкай. Гэта вызначальная, справядлівая і ганаровая характарыстыка знакамітага беларускага пісьменніка.


Літаратура

1. Баршчэўскі Л.П., Васючэнка П.В., Тычына М.А. Беларуская літаратура і свет: ад эпохі рамантызму да нашых дзён: папулярныя нарысы. – Мінск: Радыёла-плюс, 2006. – 596 с.



2. Шамякіна Таццяна. Іван Шамякін у незвычайных ракурсах. З асабістага. // Іван Шамякін : вядомы і невядомы : успаміны, эсэ, аповесць / уклад. Т.І.Шамякіна. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2011. – 272 с.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка