Т. А. Марозава (Мінск) фальклор карпаратыўна-прафесійнай субкультуры горада: традыцыі, рэцэпцыя




Дата канвертавання01.05.2016
Памер82.44 Kb.
Т. А. Марозава (Мінск)
ФАЛЬКЛОР КАРПАРАТЫЎНА-ПРАФЕСІЙНАЙ СУБКУЛЬТУРЫ ГОРАДА: ТРАДЫЦЫІ, РЭЦЭПЦЫЯ
Сярод азначэнняў субкультуры, якія вядомы на сённяшні дзень у гуманітарнай навуцы (Т. В. Разанава, Н. Б. Жураўлёва, Н. Ю. Токава), асаблівую цікавасць выклікае фармулёўка рускай даследчыцы Т. Б. Шчапанскай: “Субкультура – гэта камунікатыўная сістэма, здольная да самаўзнаўлення ў часе” [1, с. 29]. Наяўнасць вербальнай спецыфікі – арго і фальклорных твораў – з’яўляецца найбольш яскравымі і лёгка фіксуемымі прыкметамі існавання субкультуры, а часта і яе адзінымі знешнімі праявамі.

Праведзены намі аналіз матэрыялаў рэгіянальнага архіву вучэбна-навуковай лабараторыі БДУ (далей – ВНЛБФ БДУ) з боку суаднясення дадзенай матрыцы да вывучэння гарадскога фальклору паказаў, што выкарыстанне паняцце “субкультура” да розных аб’яднанняў вельмі шырокае. На нашу думку, варта ўвесці ва ўжытак відавое драбленне “субгрупа” у дачыненні да канкрэтных суполак, аб’яднанняў па інтарэсах, месцах баўлення часу, прафесійнай дзейнасці і г. д. Адпаведна ў нашым разуменні субкультура – гэта камунікатыўная сістэма, якая ўключае ў сябе ад адной да некалькіх субгруп. У сувязі з гэтым у межах карпаратыўна-прафесійнай субкультуры мы вылучаем субгрупы камп’ютарную, блатную (крымінальную), медыцынскую (бальнічную), лагерную, экстрэмальную (аліпіністы, спелеёлагі, пажарнікі), спартыўную і інш. На нашу думку, дадзены падзел палягчае вывучэнне ўнутрысістэмных сувязей, якія “падтрымліваюць” існаванне субкультуры.

Сёння ў архіве ВНЛБФ БДУ захоўваюцца матэрыялы толькі трох з вышэйназваных субгурп – камп’ютарнай, блатной (крымінальнай) і медыцынскай (бальнічнай). Нягледзячы на тое, што студэнты-першакурснікі амаль кожны год працуюць важатымі ў школьных дзіцячых лагерах або ад’язжаюць у будаўнічыя атрады, тым не менш фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў па ўнутрыгрупавых адносінах і маўленчых клішэ гэтых субгруп у лабараторыі няма. Што тычыцца экстрэмальнай або спартыўнай субгруп, то гэта вельмі спецыфічныя віды прафесійнай дзейнасці. У гэтыя субгрупы не заўсёды можна патрапіць, калі ты сам не з’яўляешся членам калектыву. Мы адразу папярэджваем магчымыя пярэчанні апанентаў наконт блатной (крымінальнай) субгрупы, таму што яна таксама з’яўляецца вельмі спецыфічнай і цяжка даступнай для пранікнення ў яе свет. Зразумела, што інфарматарамі тут выступаюць былыя арыштанты, а збіральнікамі – іх знаёмыя або родныя.

Такім чынам, па аб’ектыўных прычынах наш аналіз тычыцца трох субгруп прафесійна-карпаратыўнай субкультуры – камп’ютарнай, блатной (крымінальнай) і медыцынскай (бальнічнай). Тым не менш, мы не лічым, што названых запісаў недастаткова для таго, каб праводзіць навуковыя даследванні, якія тычацца карпаратыўна-прафесійнай субкультуры. На нашу думку, пачынаць працу варта ўжо таму, што гэта можа, па-першае, пракласці шлях у айчыннай навуцы да падобных даследаванняў, па-другое – выклікаць зацікаўленасць у збіральнікаў сучаснага фальклору.

У межах дадзенага артыкула мы падрабязна спынімся на аналізе фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў камп’ютарнай субгрупы карпаратыўна-прафесійнай субкультуры горада. Асяроддзе праграмістаў і электроншчыкаў па ўзроўні традыцыйнасці і забабонаў падобнае да асяроддзя маракоў і прафесійных спарцменаў. На думку К. Э. Шумава, звязана гэта з тым, што нават самы кваліфікаваны спецыяліст знаёмы з асноўнымі прынцыпамі працы камп’ютара, аднак не можа патлумачыць (ды і проста – ведаць) падрабязна, як працуе кожны асобны вузел. Са з’яўленнем камп’ютарных сетак сфарміравалася і асаблівая інфармацыйная прастора, якая напоўнена сотнямі тысяч дыялогаў, сфарміраваўся асаблівы тып камунікацыі, які значна адрозніваецца ад натуральнага або тэхнічнага [2, с. 128].

Сучасныя інфармацыйныя сродкі і тэхналогіі дазваляюць здзяйсняць камунікатыўныя акты ў рэжыме прамога дыялогу. Тут пераважае камунікацыя шляхам абмену вербальнымі тэкставымі паведамленнямі. Унутры ж групы, дзе магчыма прамая камунікацыя (лабараторыя, вучэбная ўстанова, клуб і інш.) вусная форма з’яўляецца асноўнай. Праз спецыфіку сваёй вытворчасці праграмісты значна адрозніваюцца ад звычайнага пазарабочага асяроддзя (сям’і, сяброў, родных), таму што валодаюць тэхналогіямі, якія астатнім амаль недаступныя. У сувязі з гэтым праграмісты аказваюцца ў сітуацыі камунікатыўнай адасобленасці ў сферы сваёй вытворчасці. Зносіны праз камп’тарныя сеткі становяцца для іх вельмі істотнымі, таму што дазваляюць пашырыць камунікатыўныя мегчымасці амаль да бязмезжных. Гэтаму спрыяе і тое, што ў сусветных сетках тыпу Інтэрнета асноўнай мовай з’яўляецца англійская.

Як і любая іншая прафесійная група, праграмісты свядома і несвядома імкнуцца сфарміраваць уласныя традыцыі, якія ахопліваюць усе бакі жыццядзейнасці асяроддзя і яго знешнія кантакты. Несвядомае ў гэтых традыцыях праяўляецца ў фарміраванні структур і тэкстаў (у шырокім разуменні), важных для любога прафесійнага асяроддзя. Дадзеныя традыцыі заснаваныя на апазіцыі “свой-чужы”. Пры гэтым “сваім” з’яўляецца тое, што мае адносіны да сферы прафесійных інтарэсаў, а “чужым” – тое, што спалучаецца з гэтым асяроддзем. Астатняе, у тым ліку і арганізацыя свету, у склад якога ўваходзіць група, для праграмістаў не мае значэння да той ступені, у якой яно не тычыцца іх прафесійных інтарэсаў.

Жанравы склад твораў камп’ютарнай субгрупы наступны:

1) прыказкі і прымаўкі, якія трансліруюцца як у сетцы Інтэрнет, так і ў асяроддзі праграмістаў-камп’ютаршчыкаў. Такія творы насычаны спецыяльнай лексікай, аднак у жанравым плане ўяўляюць сабой пераробкі вядомых традыцыйных прыказак. Напрыклад, “Семеро одного дисплея не ждут”, “Семь бед – один Reset”, “Легко, как два байта переслать” (запісала студэнтка 1 курса філфака БДУ Салаўёва Настасся Дзмітраўна ў г. Мінску ад Бурыка Сяргея Аляксандравіча, 1983 г. н.);

2) афарызмы і творы-квінтэсенцыі “народнай камп’ютарнай мудрасці” (азначэнне дадзена самімі носьбітамі). Першыя не з’яўляюцца пераробкамі вядомых думак ці знакамітых выказванняў, а ў новым ключы дапрацоўваюць іх працяг, раскрываюць вядомую дагэтуль думку па-свойму, спецыфічна. Напрыклад, афарызм “Наша жизнь – ирга. С великолепной графикой, но ужасной задумкой. Системные требования не всегда дотягивают” (запісала студэнтка 1 курса філфака БДУ Салаўёва Настасся Дзмітраўна ў г. Мінску ад Бурыка Сяргея Аляксандравіча, 1983 г. н.). “Народная мудрасць” – гэта суцэльная кантамінацыя, якая арганізуецца па ўзоры мелодыкі і слоў вядомых песень або рытміцы вядомых вершаў, якія могуць быць аб’яднаны з казачнай канцоўкай, якая заключае абавязковую ўласную выснову. Напрыклад, “Если глюк оказался вдруг и не друг, и не враг, а баг… то помни, что жизнь – игра, в которой нет setap’a. Тут и сказочке Escape, а кто не понял – F1” (запісала студэнтка 1 курса філфака БДУ Салаўёва Настасся Дзмітраўна ў г. Мінску ад Бурыка Сяргея Аляксандравіча, 1983 г. н.);

3) смехавыя формы – жарты, пытанні-загадкі, пародыі на парады (або дрэнныя парады) і анекдоты, якія даступныя для разумення не толькі носьбітам субгрупы, але і звычайным карыстальнікам-“чайнікам”. Яны насычаны тэрмінамі і паняццямі з камп’ютарнай сферы, прычым калі ўласна жарты выкарыстоўваюць названую лексіку спрэс, то пытанні-загадкі спрабуць змадэляваць мастацкі свет па літаратурным або фальклорным ўзоры-клішэ, які ў спалучэнні з камп’ютарнымі паняццямі набывае жартаўлівы эфект. Напрыклад, жарты: “Поступило предложение внести дискеты по 1,2 Мб и 720 Кб в “Красную книгу”; “Объявление в магазине: “В продаже появились конфеты “Мишка на сервере”; “Объявление на столбе: “Лечу от запоев, табакокурения, лишнего веса и Интернета”; “На экране сообщение: “Коврик для мыши совершил недопустимую операцию и будет свернут” (запісала студэнтка 1 курса філфака БДУ Салаўёва Настасся Дзмітраўна ў г. Мінску ад Бурыка Сяргея Аляксандравіча, 1983 г. н.).

Пытанне-загадка:

“Вопрос:

– Где у А. С. Пушкина упоминается про проблему обслуживания локальных сетей неквалифицированным персоналом?

Ответ:

– Прибежали в избу дети,



Второпях зовут отца:

– Тятя, тятя, наши сети [вылучана намі. – Т. М.]

Притащили мертвеца…”

(Запісала студэнтка 1 курса філфака БДУ Салаўёва Настасся Дзмітраўна ў г. Мінску ад Бурыка Сяргея Аляксандравіча, 1983 г. н.).

Пародыі-дрэнныя парады – гэта пераробкі на вядомыя дзіцячыя вершыкі, на рытмічную структуру якіх добра накладваецца новы змест. Напрыклад,

Если Enter западает на чужой клавиатуре,

Ты облей его кефиром,

А потом помой под душем,

Посильнее вдарь ей ломом,

Стукни пару раз об стенку,

Со стола швырни-ка на пол,

Походи по ней ногами –

На чужой клавиатуре это очень помогает.

(Запісала студэнтка 1 курса філфака БДУ Странова Вера Уладзіміраўна ў г. Мінску ад Аўчыннікавай Ганны Эдуардаўны, 1988 г. н.).

Анекдоты на камп’ютарную тэматыку, відаць, адзіныя жанры, якія захоўваюць прыкметы традыцыйнасці формы і зместу, хаця яны часам узнаўляюць сітуацыі, якія зразумелыя людзям, спрактыкаваным у аперацыях камп’ютара. Напрыклад, “Девушка-пользователь устанавливает программу. На экране периодически появляется надпись: “Вставьте диск 1”, “Вставьте диск 2”, “Вставьте диск 3”. Девушка добросовестно выполняет все требования. Однако после третьего диска с компьютером что-то не то. Девушка звонит в службу технической поддержки: “Я сделала все как надо, но почему-то второй диск поместился еле-еле, а на третий места уже нет”; “Программиста перед входом в заведение для VIP-персон останавливает секьюрити: – А разрешение есть? Программист: – А как же?! 800 х 600!”, “Едут в плотно набитом транспорте качок, бандит и программист. Места нет, развернуться негде. Качок говорит: – Давайте их всех прижмем хорошенько – станет просторнее. Бандит говорит: – А давайте зарежем пару человек, остальные испугаются и выбегут. А программист говорит: – Лучше давайте их всех в одну папку сбросим и зазипуем [сархивируем. – Т. М.]. Так эффективнее” (запісала студэнтка 1 курса філфака БДУ Салаўёва Настасся Дзмітраўна ў г. Мінску ад Салаўёва Дмітрыя Сяргеевіча, 1960 г. н.);

4) электронныя “лісты шчасця” – творы магічнага характару, якія рапрацоўваюць вядомую яшчэ ў ХХ ст. сітуацыю з паштовым атрыманнем і наступным абавязкова памножаным адсыланнем лістоў, здольных паўплываць на добры лёс. Эпісталярны стыль у такіх празаічных творах заменены на накіроўваюча-павучальны з яскравым дамінаваннем пагрозлівых наступстваў у выніку невыканання патрабаванняў. Напрыклад, “Это письмо счастья – ваша судьба. Скопируйте его и отправьте по 50-ти первым попавшимся адресам, и будет вам счастье большое, неисчерпаемая виртуальная память, увеличенная вдвое скорость вашего слабенького процессора и страница в Интернете без глюков. А если вы не сделаете того, что требуется, то не видать вам больше цветов на мониторе, винчестер через день и вовсе подорвется, а шарик в мышке превратится в квадратик” (запісала студэнтка 1 курса філфака БДУ Салаўёва Настасся Дзмітраўна ў г. Мінску ад Салаўёва Дмітрыя Сяргеевіча, 1960 г. н.);

5) малітвы праграмістаў і малітвы юзераў (звычайных карыстальнікаў камп’ютара) – спроба ствараць свае ўласныя тэксты па аналогіі з малітвамі. Пры гэтым дастакова стабільна ў розных прафесійных групах у якасці ўзору выбіраецца малітва “Отча Наш”: “Молитва программиста. Отче наш иже еси в моем РС! Да святится имя и расширение твое, да придет прерывание твое и да будет воля твоя! TETRIS насущный дай нам на каждый день. И прости нам вирусы наши, как копирайты прощаем мы. И не ввергни нас в Stack Overflow, но избавь нас от зависания, ибо твое есть адресное пространство, порты и регистры, Во имя CTR’a, ALT’a и святого DEL’a, ныне и присно во веки веков, RETURN!” [2, с. 145].

Такім чынам, здзейснены аналіз сутнасных характарыстык камп’ютарнай субгрупы карпаратыўна-прафесійнай субкультуры выявіў наступнае:

1) як і ўсе субкультуры, карпаратыўна-прафесійная ўяўляе сабой замкнёную сістэму са сваімі традыцыямі і стэрэатыпамі паводзінаў;

2) камп’ютарная субгрупа мае сваю сістэму жанраў пры прыблізна аднолькавай ступені закрытасці традыцыі: пры спробе класіфікаваць творы па жанравых характарыстыках назіраецца тэндэнцыя да перакадзіравання ў змястоўным плане вядомых у розных субгрупах жанраў (тых жа анекдотаў, прыказак, афарызмаў, прыпевак і інш.), тады як спецыфічна адметныя творы складаюць меншасць, аднак вельмі выразную, і таму дастатковую для характарыстыкі з’явы;

3) камп’ютарная прафесійная субгрупа, свядома ці несвядома, пабудаваны на апазіцыі “свой-чужы”. Пры гэтым “сваё” – гэта тое, што звязана са сферай прафесійных інтарэсаў, а “чужое” – што тычыцца астатняга асяроддзя. Усё іншае для іх абыякавае ў той ступені, у якой яно не закранае іх прафесійных інтарэсаў.

Даследаванне ажыццёўлена пры фінансавай падтрымцы Беларускага рэспубліканскага фонда фундаментальных даследаванняў (код праекта № Г08М-070).

_______________



1. ЩепанскаяТ. Б. Традиции городских субкультур / Т. Б. Щепанская // Современный городской фольклор: сб. ст. / редкол.: А. Ф. Белоусов [ и др.]. – М., 2003. – С. 27–33.

2. ШумовК. Э. Профессиональный мир программистов / К. Э. Шумов // Современный городской фольклор: сб. ст. / редкол.: А. Ф. Белоусов [ и др.]. – М., 2003. – С. 128–164.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка