Сяргей Запрудскі Некаторыя заўвагі аб вывучэнні “трасянкі”




старонка4/5
Дата канвертавання01.05.2016
Памер0.78 Mb.
1   2   3   4   5

Мова vs маўленне

Праўдападобна, найбольш фундаментальным разыходжаннем паміж рознымі наяўнымі азначэннямі трасянкі з’яўляецца яе разуменне як асобнай (“трэцяй” пашыранай у Беларусі) мовы, з аднаго боку, і як маўлення (беларускага, рускага або змешанага), з другога. Здаецца, значная частка аўтараў экспліцытна і імпліцытна сцвярджаюць усё ж маўленчы характар трасянкі, і такі погляд здаецца нам абгрунтаваным. Існуе, такім чынам, беларускае маўленне, рускае маўленне і “трасянкавае” маўленне; адначасова ёсць беларуская мова, руская мова, але няма такой мовы як “трасянка”. Здаецца, аднак, што гэты важны падзел паміж маўленнем і мовай рэалізуецца ў розных працах не аднолькава катэгарычна. Пры характарыстыцы трасянкі даволі звычайным з’яўляецца нястрогае ўжыванне (як сінанімічных) поруч аднаго і другога тэрміна: і мова, і маўленне. Параўн.: “В языковой ситуации, сложившейся за последние три десятилетия на территории Беларуси, смешанная речь – реально существующее явление. Под смешанным языком в обществе понимается…»130. «Наравне с русским и белорусским языками существует и промежуточная форма смешанной речи…»131. У адной са сваіх прац Н. Мячкоўская піша пра «диалектно-просторечные идиомы», у іншай – пра “диалектно-просторечную речь»132. У цэлым часам бывае даволі складана вызначыць пазіцыю на гэты конт розных аўтараў або прадстаўнікоў розных нацыянальных школ лінгвістыкі. Так, на думку Г. Бідэра, рускія сацыялінгвісты на адрозненне ад беларускіх характарызуюць трасянку як прамежкавае змешанае маўленне133. Паводле нашых назіранняў, аднак, замежныя аўтары маюць тэндэнцыю часцей і ахвотней глядзець на трасянку як на асобную мову ў параўнанні з беларускімі аўтарамі.

Аднак нават тыя аўтары, якія адстойваюць погляд, згодна з якім беларуская мова і трасянка суадносяцца як мова і маўленне134, у сваіх працах дапускаюць ужыванне выразаў і кваліфікацый, якія могуць дазваляць думаць пра тое, што, поруч з рускай і беларускай мовамі, трасянка з’яўляецца нейкім моўным утварэннем. Так, паводле Г. Цыхуна, трасянка з’яўляецца «варыянтам беларускай мовы»135. Праўдападобна, розныя мовы па-рознаму рэалізуюцца ў маўленні з пункту гледжання “дыстанцыі” паміж канкрэтнай “мовай” і яе канкрэтнымі маўленчымі увасабленнямі; ёсць шматлікія выпадкі, калі мова і яе маўленне адрозніваюцца вельмі істотна. У мове (і тым больш у жывым вусным маўленні) можа назірацца даволі значная колькасць “несістэмных” з‘яў. Кваліфікацыя трасянкі як мовы, з аднаго боку, або як маўлення, з другога, накладала б пэўны адбітак на спосабы яе апісання. У прыватнасці, у выпадку прызнання трасянкі маўленнем немагчыма гаварыць пра напісанне нейкай “граматыкі” трасянкі. Такое прызнанне, аднак, не пярэчыла б магчымасці даследаваць і апісваць пэўныя “сістэмныя” з’явы, уласцівыя трасянцы. Нават калі лічыць трасянку прадуктам пэўнага спантаннага моўнага змешвання, тут застаецца многа месца для вывучэння пэўных рэгулярнасцяў. Цяпер, на адрозненне ад часу з’яўлення першых прац Лабова, калі сам заснавальнік гэтага напрамку быў схільны ўжываць выразы кшталту “нерэгулярная сумесь” (“irregular mixture”), існуе “адзінадушная згода сярод лінгвістаў і іншых навукоўцаў у тым, што паводзіны білінгва ў аспекце моўнага змешвання або пераключэння сістэматычныя, хоць і комплексныя”136.
Трасянка і беларуская літаратурная мова.

Акрамя спецыфікі беларускага дыскурсу аб мове, якому было ўдзелена даволі ўвагі вышэй, празмернаму прэскрыптыўнаму акцэнтаванню разнастайных моўных хібаў, занадта часта трактаваных як адхіленні ад “сапраўднай” мовы (і тым больш празмерна часта трактаваных як “трасянка”), садзейнічаюць некаторыя асаблівасці беларускай літаратурнай мовы.

Беларуская літаратурная мова грунтуецца на аснове народнай. У сувязі з гэтым нярэдка бывае, што ў дыскурсе аб літаратурнай мове ў якасці непрымальных агрэхаў, скіраваных супраць літаратурнай мовы, разглядаюцца некаторыя рысы літаратурнай мовы, якія не знаходзяць пацверджання ў народнай мове народнай. Своеасаблівы “этнаграфізм” моўнай свядомасці кадыфікатараў беларускай мовы, жаданне прыраўнаць літаратурную мову да народнай, атаясаміць іх, штораз адчуваецца ў тых або іншых моўных прадпісаннях, культываваных рознымі кадыфікатарамі ў ХХ стагоддзі, гэты этнаграфізм быў засведчаны ўжо ў самых першых канцэптульных працах беларускіх кадыфікатараў.

Адзін з першых кадыфікатараў беларускай літаратурнай мовы Язэп Лёсік, погляды якога на стварэнне беларускай літаратурнай мовы сфармуляваліся пад уплывам украінскай даследчыцы А.Курылы, у якасці ўзору літаратурнай мовы пры аналізе многіх граматычных асаблівасцяў шырока карыстаўся мовай фальклору, для засваення носьбітамі самай пажаданай версіі літаратурнай мовы раіў пры магчымасці "вучыцца ў самога народа", а пры адсутнасці такой магчымасці – "уважна чытаць народную вусную творчасць.., а чытаючы, старанна адзначаць усё асаблівае, цікавае, беларускае" (“Некаторыя ўвагі да беларускае літаратурнае мовы”, 1924-1925). У тэрміналагічнай галіне гэты аўтар быў прыхільнікам этнаграфічнага падыходу фарміравання беларускай навуковай тэрміналогіі, згодна з якім безумоўны прыярытэт павінен аддавацца моўным сродкам, пацверджаным у народнай мове137. Спасылкі найперш на “жывую народную мову, багаты і шматфарбны фальклор” сустракаем у рэкамендацыях рэдакцыі газеты “ЛіМ” 1940 года, у шматлікіх выказваннях, змешчаных у беларускай перыёдыцы ў 1940-я—1960-я гады.

Паколькі, аднак, дзякуючы працам дыялектолагаў, а таксама яшчэ нядаўна шматлікіх пісьменнікаў вясковай тэмы веданне народнай мовы увесь час невымерна і вельмі інтэнсіўна пашыралася, пастолькі беларуская літаратурная мова пастаянна з’яўляецца “закладніцай”, увесь час стаіць перад неабходнасцю “даганяць” наяўны “высокі” ўзровень народнай мовы, увесь час можа разглядацца як “недасканалая”.

Акрамя “народнага” ў беларускай літаратурнай мове вылучаецца і “літаратурны” пласт, наяўнасць якога абумоўлена пэўнымі заканамернасцямі развіцця літаратурнай мовы. Узаемадзейнічаючы адзін з адным, абодва гэтыя пласты маюць сваю спецыфіку засваення, адаптацыі ў рамках беларускай літаратурнай мовы.

Народны” пласт. Пры тым, што ў рамках літаратурнай мовы апора на народныя моўныя сродкі прызнаецца асноўным падыходам, нельга, аднак, сказаць, што ў літаратурнай мовы адназгодна прызнаюцца як “законныя” любыя з’явы, уласцівыя народнай мове. Па-першае, не ўсе зафіксаваныя ў большасці гаворак рысы знайшлі сваё адлюстраванне ў літаратурнай мове. Па-другое, сучасная літаратурная мова неахвотна ўключае ў свой актыўны склад некаторыя новыя, пашыраныя (якія ўжо сталі “народнымі”) і абумоўленыя рускім уплывам з’явы, даволі цвёрда трымаючыся ранейшых, кансерватыўных нормаў (якія ўжо, такім чынам, фактычна з’яўляюцца “ненароднымі”). Падобна да іншых моў меншасцяў138, у беларускай мове існуе разрыў паміж ужывальнай вуснай мовай і стандартнай версіяй мовы – і гэта з’яўляецца фундаментальнай (і ў цяперашнім яе незайздросным статусе – непазбежнай) праблемай яе быцця. Услед за падзелам Э. Хаўгена 1977 года можна гаварыць аб адрозненні “камунікатыўнай” (ужывальнай) нормы і “рытарычнай” нормы стандартнай беларускай мовы.

Літаратурны” пласт. “Літаратурны” пласт беларускай літаратурнай мовы складаецца са шматлікіх калек, уласных наватвораў, запазычанняў. З аднаго боку, арыентацыя на ўласную словатворчасць мела вельмі вялікае значэнне пры фарміраванні беларускай літаратурнай мовы. З другога боку, запазычванне з рускай мовы таксама мела інтэнсіўны характар. Згодна з падлікамі канца 1950-х гадоў, словы інтэрнацыянальнага паходжання, запазычаныя праз рускую мову, складалі ў беларускай мове прыблізна 13-15 працэнтаў лексічнага складу, а непасрэдныя запазычанні – 3-5 працэнтаў139. Падобнае становішча спарадзіла некаторыя праблемы. Па-першае, некаторыя наватворы да гэтай пары могуць успрымацца як “штучныя”, “ненародныя” – асабліва людзьмі, якія маюць малое дачыненне да беларускай літаратурнай мовы. Па-другое, значная колькасць запазычанняў з рускай мовы правакуе пэўную амбівалентнасць у дачыненні да іншых сродкаў, якія прабіваюцца з рускай мовы. Паўстае пытанне: калі “дазволены” адны русізмы, то чаму тады не прымаюцца іншыя?


Ідэнтыфікацыя трасянкі і пытанні ўспрымання.

Тая акалічнасць, што пакуль няма агульнапрызнанай і поўнай навуковай дэфініцыі трасянкі, можа ўскосна ўказваць на тое, што пры вызначэнні і апісанні трасянкі розныя навукоўцы (аўтар гэтых радкоў у іх ліку) прынамсі ў нейкай меры кіруюцца сваім асабістым успрыманнем гэтага феномена, у значнай ступені пакладаюцца ў тым ліку на сваю інтуіцыю, здагадкі. Усе пагаджаюцца з тым, што трасянка – гэта пэўнае “змяшэнне” элементаў дзвюх моў, аднак як толькі робіцца спроба вызначэння ступені гэтага змешвання, то адразу ж могуць ўзнікаць неаднолькавыя падыходы.

Праблемай з’яўляецца вызначэнне наколькі магчыма (верагодна, з прыцягненнем колькасных дадзеных) максімальна дакладнай ступені змешвання, якая і дазваляла б, здавалася б, дыягнаставаць трасянку на навуковай, а не на суб’ектыўнай аснове. Як справядліва падкрэслівае Герман Бідэр, ва ўсіх ранейшых даследаваннях трасянкі не пазначаецца “з якіх разнавіднасцяў беларускай і рускай моў складаецца трасянка, г. зн. наколькі вялікія ў ёй доля абедзвюх літаратурных моў, беларускіх дыялектаў і рускага прастамоўя”140. Адбываецца гэта, на нашу думку, не выпадкова.

У рамках вывучэння “суржыка” на неабходнасць дакладнага вызначэння ступені змешвання ўказала яшчэ ў 2007 годзе Л. Масенко141. У выкладанні украінскай даследчыцы гаворка ідзе пра неабходнасць устанаўлення “інтэрферэнцыйнага парогу, за якім пачынаецца працэс моўнай міксацыі”. На нашу думку, дакладнае ўстанаўленне такога парогу (прынамсі для трасянкі) наўрад магчымае.

Насуперак слоўнікавай фіксацыі некаторыя калькі, уласныя наватворы, запазычанні (гл. вышэй) не аднолькава засвоены беларускай мовай і могуць па-рознаму ўспрымацца ў беларускай мове (як “неад’емная” спадчына беларускай мовы vs непажаданыя запазычанні з іншай мовы). Многім звычайным носьбітам беларускай мовы ўласціва выразная ацэначнасць у дачыненні да тых або іншых разнавіднасцей беларускай мовы, а таксама да канкрэтных моўных сродкаў. Такая ж ці нават больш выразная ацэначнасць уласціва і тым носьбітам беларускай мовы, чыё веданне яе можна ацаніць як даволі ці нават вельмі нізкае142. Гэтак змяншэнне колькасці добрых носьбітаў беларускай мовы ўплывае на агульныя грамадскія крытэрыі кваліфікацыі нейкай разнавіднасці мовы як “правільнай”; такія крытэрыі становяцца ўсё менш выразнымі, у тым ліку таму, што меншае колькасць людзей, якія добра ведаюць беларускую мову. Адпаведна, усё больш туманнымі становяцца і крытэрыі выдзялення “трасянкі”. Пры яе ідэнтыфікацыі часта на агульнае ўражанне могуць ўплываць не столькі колькасныя паказчыкі ў маўленчай плыні рускіх і беларускіх элементаў, колькі наяўнасць у моўным патоку выразных кантрастаў, сутыкненняў “неспалучальнага” або цяжкаспалучальнага. Пры ацэнках чужога маўлення людзям уласціва найперш звяртаць увагу на пэўныя “экстравагантныя”, “нечаканыя” рысы, якія не з’яўляюцца ў чалавека “прыроднымі”. Напрыклад, Б. Шоў у прадмове да “Пігмаліёна” зазначаў, што “сумленны натуральны дыялект трушчобаў вытрымаць куды лягчэй, чым спробу фанетычна ненавучанай асобы пераймаць вульгарны жаргон членаў гольф-клуба”.

У сувязі з гэтым здаецца, што “трэцяя” якасць маўлення на трасянцы, якую выяўляюць некаторыя лінгвісты, з’яўляецца не столькі (прынамсі, не толькі) трэцяй “моўнай” якасцю, якая ўстанаўліваецца на аснове рэальна ўжываных моўных з’яў, колькі з’яўляецца пэўным стэрэатыпам нашага ўспрыняцця змешанага маўлення.

Нястрогі крытэрый успрымання трохі незаўважным спосабам прысутнічае ў некаторых працах, прысвечаныя беларускаму змешанаму маўленню. Так, напрыклад, характарызуючы мову сучаснай вёскі, пры характарыстыцы трох тыпаў маўлення Аляксандр Лукашанец карыстаецца выразамі накшталт „маўленне, якое ацэньваецца і ўспрымаецца (выдзелена намі. – С.З.) як дыялектнае”, „маўленне, якое ўспрымаецца і ацэньваецца як беларуская літаратурная мова”, “маўленне, якое ўспрымаецца і ацэньваецца і ўспрымаецца як руская літаратурная мова”143. У дысертацыі І. Ліскавец былі вылучаны пяць кодаў, што выкарыстоўваюцца ў Мінску, у тым ліку «трасянка”, беларускі „нацыялект” рускай мовы, уласцівы сельскім мігрантам, і беларускі „нацыялект” рускай мовы, уласцівы патомным гараджанам144. Вылучэнне названых кодаў для даследчыцы было нялёгкай справай. З аднаго боку, аўтарка сцвердзіла, што такое вылучэнне здзяйсняецца на падставе атрыманых дадзеных; з другога боку, прызнала, што «межы паміж кодамі размыты лінгвістычна». Разам з тым аўтарка сцвердзіла, што гэтыя межы тым не менш ”рэальныя з пункту гледжання іх успрыняцця”. Нарэшце, аўтарка дысертацыі паведаміла, што асноўным крытэрыем для размежавання кодаў для яе сталі… меркаванні апытаных шасці экспертаў, гэта значыць абаперлася на суб’ектыўныя успрыманні некалькіх чалавек.

Цікавыя назіранні наконт крытэрыя ўспрымання знаходзім у сведчаннях аднаго раманіста аб спробах адрозніць італьянскае маўленне ад іспанскага ў камунікацыі італьянскіх імігрантаў у Лацінскай Амерыцы, дзе стварылася змешаная італьянска-іспанская або італьянска-партугальская змешаная мова cocoliche. У пэўных сітуацыях, сцвярджае аўтар адпаведнага артыкула, “калі моўнае змешванне дасягае пэўнага ўзроўню, цяжка дыферэнцыяваць (іспанізаваную) італьянскую ад (італьянізаванай) іспанскай: адзінае (вылучана намі. – С.З.) адрозненне палягае ў намеры моўцаў выказваць сябе на той або іншай мове”145. Аўтар правёў эксперымент, згодна з якім адзін і той жа інфармант спачатку гаварыў на італьянскай мове, а потым, праз некалькі дзён -- на іспанскай мове. Розніца ў долі італьянскіх або іспанскіх слоў у абодвух выпадках была зусім нязначная. Аўтар прыйшоў да высновы, што ягоны інфармант “больш не адрознівае маўлення на іспанскай ад маўлення на італьянскай. Для яго гэтае адрозненне чыста псіхалагічнае, паколькі яно прыраўноўваецца да яго намеру гаварыць на адной або другой мове”146.

Разважаючы пра розніцу паміж пераключэннем і моўным змешваннем, Р. Познер звярнула ўвагу на тое, што моўнае змешванне намнога больш праблематычнае для даследавання ў сувязі з тым, што важныя пытанні неабходнасці адрозніць змешванне ад запазычванняў, прынятых для канкрэтнага выпадку (nonce-borrowing), а таксама ад іншых тыпаў вар’іравання пакуль не вырашаны147.

Здаецца, пакуль для паспяховага канстатавання факту наяўнасці нейкай “змешанай” мовы пры дапамозе дакладнага вымярэння долі тых або іншых элементаў у разгляданай “сумесі” ў беларускім выпадку няма дастатковых падстаў, а праблема ўспрымання пэўных маўленчых разнавіднасцей у якасці “змешаных” патрабуе спецыяльнага вывучэння.


Заключныя заўвагі

Вывучэнне трасянкі ў Беларусі мае супярэчлівую гісторыю ў сувязі з тым, што дадзеная праблематыка для беларускіх навукоўцаў з’яўляецца пэўнай экзотыкай. Паспяховаму вывучэнню феномена не спрыяла тая акалічнасць, што праблема “змешанай мовы” спачатку актыўна абмяркоўвалася ў папулярным дыскурсе ў аспекце павышэння культуры мовы, а затым стала прадметам палітычных спекуляцый. Узнікненне ў другой палове 1980-х гадоў выраза “трасянка” звязана з вельмі спецыфічным этапам у развіцці моўнай свядомасці беларускай інтэлігенцыі і ідэалагічнай барацьбы за беларускую мову; выкарыстанне гэтага выраза для навуковых мэтаў часам не спрыяе паспяховаму асэнсаванню феномена змешанага беларуска-рускага маўлення. Існуюць шматлікія ракурсы даследавання беларускага змешанага маўлення, якія выходзяць за рамкі лінгвістыкі і сягаюць у сферы сацыялогіі, псіхалогіі, камунікацыі. Адной з перспектыўных магчымасцей вывучэння трасянкі з’яўляецца яе даследаванне ў рэчышчы перцэптуальнай дыялекталогіі, якая асаблівую ўвагу звяртае на стаўленне носьбітаў мовы да розных яе разнавіднасцей.



1 У 1998 годзе было выказана меркаванню, згодна з якім тэрмін “трасянка” ўжо замацаваўся ў беларускай лінгвістыцы. Параўн.: Цыхун, Г. „Трасянка” як аб’ект лінгвістычнага даследавання // Сямешка, Л. І., М. Р. Прыгодзіч (рэд.). Беларуская мова ў другой палове ХХ стагоддзя. Мінск 1998. С. 84. На нашу думку, статус гэтага тэрміна да гэтай пары застаецца няпэўным.

2 Параўн.: Цыхун, Г. „Трасянка” як аб’ект…

3 Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы. Мінск, Беларуская энцыклапедыя, 1996. С. 661.

4 Чачот, Ян. Наваградскі замак. Мн., 1989. С. 190.

5 Носович, И. Воспоминания моей жизни // Неман. 1997. № 4. С. 254.

6 Цыхун, Г. 2000: Крэалізаваны прадукт. Трасянка як аб’ект лiнгвiстычнага даследавання. In: Arche 6, С. 51.

7 Крывіч, Мікола. Рэц. на: Цішка Гартны. Прысады, 1927 // Полымя. 1927. № 7. С. 254.

8 Самцэвіч, Б. Правапісная пісьменнасць у нашых сямёхгадовых школах // Асвета. 1928. № 5-6. С. 86-87.

9 Тамсама. С. 87.

10 Кузьма Чорны можа кваліфікавацца і як “сур’ёзны даследчык мастацкага слова”. Гл.: Каўрус, А. Мова народа, мова пісьменніка. Мінск, Мастацкая літаратура, 1989. С. 6.

11 Чорны, Кузьма. Небеларуская мова ў беларускай літаратуры // Узвышша. 1928. № 5. С. 173—183.

12 Некрашэвіч, С. Да характарыстыкі беларускіх гаворак Парыцкага раёна (Кароткі этнаграфічна-лінгвістычны нарыс) // Запіскі аддзела гуманітарных навук. Працы класа філалогіі. Т. 2. Кн. 9. 1929. С. 162.

13 Булгак, Ян. Край дзіцячых гадоў. Мн., 2004. С. 84.

14 Твор быў напісаны на пінскай гаворцы і ўпершыню апублікаваны ў адаптаваным да нормаў беларускай літаратурнай мовы ў 1918 г. Я. Лёсікам.

15 Рамза, Таццяна. Маўленне тутэйшых (на матэрыяле п'есы Янкі Купалы) // Literatura. Język. Kultura. Redakcja naukowa Mikołaj Timoszuk I Mikołaj Chaustowicz. Warszawa 2007. C. 238--245.

16 Гл.: Ramza, Taccjana. Die Evolution der Trasjanka in literarischen Texten // Zeitschrift für Slawistik. 53. 2008. 3. S. 305—325. Пра тое, наколькі плённай магла быць стылізацыя змешанага маўлення ў мастацкіх творах, можна ўскосна меркаваць па тым, што мянушка героя апавядання Кудраўца Вапшчэткі (гэта апавяданне пазней перарасло ў раман), якая ўяўляе сабой зрашчэнне двух слоў (“вапшчэ” і часціцы ткі), была вынесена ў назву твора.

17 Гілевіч, Н. Найпершы клопат душы і сэрца // Літаратура і мастацтва. 11 ліпеня 1986 г.


18 Тарасюк, Л. Каб жыло дрэва культуры // Літаратура і мастацтва. 9 студзеня 1987 г.

19 Малажай, Г. Неспакойныя радкі // Літаратура і мастацтва. 10 красавіка 1987 г.

20 Асташонак, А. А тэатр завецца купалаўскім // Літаратура і мастацтва. 24 красавіка 1987 г.

21 “А тэатр завецца купалаўскім…” // Літаратура і мастацтва. 26 чэрвеня 1987 г.

22 Лецка, Я. Нам трэба шмат зрабіць // Літаратура і мастацтва. 26 чэрвеня 1987 г.

23 Дубавец, С. Інструмент складаны, тонкі… // Літаратура і мастацтва. 2 кастрычніка 1987 г.

24 Дубоўскі, М. Шукаючы заганы // Літаратура і мастацтва. 16 кастрычніка 1987 г.


25 Асіпенка, А. Адкуль бяруцца “блохі” ў мастацтве // Літаратура і мастацтва. 4 снежня 1987 г.

26 Прыклады гл.: Гісторыя беларускага мовазнаўства. 1918 – 1941. Хрэстаматыя для студэнтаў філалагічнага факультэта. У дзвюх частках. Частка 2 / Аўтары-ўкладальнікі С.М.Запрудскі, Г.І.Кулеш. Мн.: БДУ, 2008. С. 50.

27 Чараповіч, Г.В. Праблемы фарміравання і развіцця беларускай літаратурнай мовы ў асвятленні перыядычнага друку 1940–1960 х гг. // Веснік Беларус. дзярж. ун-та. Сер. 4. Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. 2007. № 3. С. 17.

28 Тамсама. С. 15—16, 17.

29 Гл.: Запрудскі, Сяргей. Стаўленне да некаторых інавацый беларускай літаратурнай мовы (паводле дадзеных сацыялінгвістычнага апытання) // Studia Białorutenistyczne. 2. Redakcja: Rysard Radzik, Michał Sajewicz. Lublin, Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2008. С. 320.

30 Шкраба, Р. Энергія слова. Мінск, Мастацкая літаратура, 1988. С. 153.

31 Каўрус, А. Служэнне слову // Літаратура і мастацтва. 11 сакавіка 1988 г.

32 Гл.: Каўрус, А. Мова народа… С. 9--10.

33 Гілевіч, Н. Паміж былым і наступным // Літаратура і мастацтва. 24 лютага 1989 г.

34 Садаклад Ніла Гілевіча // Літаратура і мастацтва. 12 мая 1989 г.

35 Выступленні ў спрэчках // Тамсама.

36 Бічэль-Загнетава, Д. “Усё лятуць і лятуць тыя коні…” // Літаратура і мастацтва. 30 чэрвеня 1989 г.

37 Гуркоў, А. Развіццё – у адметнасці // Літаратура і мастацтва. 30 чэрвеня 1989 г.

38 Камароўскі, Я. Народнае слова: літаратурнае і дыялектнае // Беларуская мова і літаратура ў школе. 1990. № 8. С. 52.

39 Пытанні культуры пісьмовай мовы на старонках газеты “Літаратура і мастацтва” закраналіся і раней, часам і ў даволі вострай форме; гэта, аднак, не мела вынікам выбуху грамадскай цікавасці да гэтых праблем. Напрыклад, у артыкуле “Мова, якой мы пішам…” 1982 года Ніл Гілевіч указваў на “жахлівы валапюк, якім у нас, у Беларусі, карыстаюцца многія грамадзяне, а гледзячы на іх – і некаторыя пісьменнікі ў сваіх творах”, звяртаў увагу на “творы са слядамі недаравальнай для прафесійнага літаратара моўнай мешаніны” і пісаў пра тое, што “бестурботная замена беларускіх слоў рускімі” ўяўляе сабой “найбольш небяспечную” з’яву. Гл.: Гілевіч, Н. Мова, якой мы пішам // Літаратура і мастацтва. 11 чэрвеня 1982 г. Выказанае, аднак, у апошнюю чаргу, сярод іншых думак, у іншы час і ў іншай грамадскай сітуацыі, гэта меркаванне ў 1982 – 1983 гадах мела толькі нязначны водгук на старонках газеты, грамадства было яшчэ не гатова (часткова і не мела магчымасці) сур’ёзна яго абмяркоўваць.

40 Параўн.: Craig, Colette Grinevald. Language Contact and Language Degeneration // The Handbook of Sociolinguistics. Coulmas, F. (ed.). New York, 1998. P. 261—262.


41 У Беларусі часоў перабудовы першым і вельмі грунтоўным артыкулам, у якім крытыкаваўся выдадзены ў 1977-1984 гадах пяцітомны Тлумачальны слоўнік беларускай мовы, стаў апублікаваны ў 1986 годзе ў часопісе “Полымя” артыкул мовазнаўца П. Садоўскага. Параўн.: Садоўскі, Пятро. Час одуму: Да выхаду 5-томнага Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы // Полымя. 1986. № 5. С. 168—180.

42 Стома, М. Чакаем дадатку // Літаратура і мастацтва. 20 лютага 1987 г.

43 Дубавец, С. Інструмент складаны…

44 Жураўскі, А. Марым пра ідэальны слоўнік? // Літаратура і мастацтва. 5 лютага 1988 г.

45 Пацюпа, Ю. Каб не было суб’ектывізму // Літаратура і мастацтва. 15 красавіка 1988 г.

46 Стахейка, Т. “Не маючы намеру павучаць…” // Літаратура і мастацтва. 10 чэрвеня 1988 г.

47 Родчанка, Р. Ці чытаюць мовазнаўцы шыльды? // Тамсама.

48 Голуб, В. А ці так гэта сапраўды? // Літаратура і мастацтва. 5 жніўня 1988 г.

49 Арлоў, У., Асташонак, А., Баршчэўскі, Л. і інш. “Рэпрэсіраваны” правапіс // Літаратура і мастацтва. 16 верасня 1988 г.

50 Чарняўскі, І. А мовазнаўцы маўчаць… // Літаратура і мастацтва. 30 верасня 1988 г.

51 Сіцько, З. Вярнуць з нябыту слова… // Літаратура і мастацтва. 7 кастрычніка 1988 г.

52 З пошты “ЛіМа” // Літаратура і мастацтва. 6 студзеня 1989 г.

53 Лісіцкі, Алесь. “Калі душа маўчыць…” // Літаратура і мастацтва. 3 лютага 1989 г.

54 Бічэль-Загнетава, Д. “Усё лятуць і лятуць …”. Ацэнкі чытачоў газеты “Літаратура і мастацтва” тлумачальнага слоўніка пазней знайшлі пацверджанне ў кваліфікацыі гэтага слоўніка пісьменнікам У. Юрэвічам як такога, якому ўласцівы "недаравальна вялікія агрэхі на ніве скарыстання дыялектных пластоў мовы". Гл.: Юрэвіч, Уладзімір. Слова жывое, роднае, гаваркое… Мінск, Юнацтва, 1992. С. 73.

55 Даклад Алеся Яскевіча // Літаратура і мастацтва. 12 мая 1989 г.

56 Выступленні ў спрэчках // Літаратура і мастацтва. 12 мая 1989 г.

57 Параўн.: Роўная сярод роўных // Літаратура і мастацтва. 28 лістапада 1986 г.

58 Асновы культуры маўлення і стылістыкі. Пад рэдакцыяй У.В. Анічэнкі. Мінск, Універсітэцкае, 1992. С. 93--94.

59 Шавыркін, Міхась. Хто адказвае за культуру мовы? // Беларуская мова і літаратура ў школе. 1990. № 2. С. 3--4.

60 Тамашэвіч, Т.І. Нормы літаратурнай мовы // Беларуская мова: Энцыклапедыя. Мінск, Беларуская энцыклапедыя, 1994. С. 390.

61 Кольчанка, Аляксей. Чаму родная мова перастала быць роднаю? // Беларуская мова і літаратура ў школе. 1990. № 7. С. 4.

62 Булыка, Аляксандр. “Аднолькава свабодна валодаць…” // Літаратура і мастацтва. 5 чэрвеня 1987 г.

63 Роўная сярод роўных // Літаратура і мастацтва. 28 лістапада 1986 г.

64 Вештарт, Г., Кузьмянкова, Т., Кунцэвіч, Л., Нікалаева, В. “Люблю беларускую мову, але…” // Літаратура і мастацтва. 24 чэрвеня 1988 г.

65 Булыка, Аляксандр. Да родных вытокаў. Моўная сітуацыя ў люстэрку сацыялінгвістыкі // Літаратура і мастацтва. 2 чэрвеня 1989 г.

66 Лецка, Я. А душа ў народа адна // Літаратура і мастацтва. 27 студзеня 1989 г.

67 Сёмуха, В. Крытыкі не будзе… // Літаратура і мастацтва. 17 сакавіка 1989 г. Заўвагі Сёмухі выклікала змяшчэнне ў беларускай частцы слоўніка лексем
1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка