Сяргей Запрудскі Некаторыя заўвагі аб вывучэнні “трасянкі”




старонка3/5
Дата канвертавання01.05.2016
Памер0.78 Mb.
1   2   3   4   5

Вывады. Такім чынам, у аснове ўзнікнення дыскурсу “паўмоўя”-“трасянкі” ляжаў перадусім клопат пра развіццё больш дасканалага, “узорнага” прымянення пісьмовай формы беларускай літаратурнай мовы, імкненне да пашырэння сфераў ужывання беларускай мовы ўвогуле. Сам тэрмін “трасянка”, які некаторыя аўтары схільны разглядаць у рамках “народнай метамоўнай лексікі”87, нарадзіўся ў выніку вытанчанай інтэлігенцкай рэфлексіі на нацыянальныя тэмы, скіраванай на грамадскія пераўтварэнні. Ужо з самага пачатку дыскурс трасянкі выступаў у вельмі разбудаваным выглядзе. Слова “трасянка” адпачатку прыкладалася да вельмі розных моўных разнавіднасцяў.

Нараджэнне падобнага тэрміна сведчыла аб пэўным (высокім) узроўні моўнай свядомасці беларускай інтэлігенцыі ў другой палове 1980-х гадоў і аб пэўнай спрыяльнай сітуацыі для яго ўзнікнення. Звяртае на сябе ўвагу тая акалічнасць, што, напрыклад, у 1979—1981 гадах, калі укладалася кніга А. Бембеля “Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс”, яе героі і сам аўтар часам згадвалі “русско-белорусский язык”, «дрэнную рускую мову», «смешанный говор», «моўнае асарці», “нейкую змешаную мову” і інш., аднак, яшчэ не карысталіся словам “трасянка”88. Не ўжываўся выраз “трасянка” і ў артыкуле Ніла Гілевіча “Мова, якой мы пішам…”, а таксама ў пазнейшых публікацыях “Літаратуры і мастацтва”. Рэдкія публікацыі на тэму культуры маўлення першай паловы 1980-х гадоў не мелі вынікам выбуху грамадскай цікавасці да гэтых праблем: грамадства ў той час было яшчэ не гатова (часткова і не мела магчымасці) сур’ёзна іх абмяркоўваць.

Культываванне слова “трасянка” ў творах журналістаў і пісьменнікаў у канцы 1980-х – пачатку 1990-х гадоў абумоўлена, такім чынам, спецыфічнай грамадскай сітуацыяй змагання за беларускую мову ў гэты час.

Узнікненне дыскурсу трасянкі ў 1988 годзе спадарожнічала руху за наданне беларускай мове дзяржаўнага статусу ў цэлым, аднак у 1989 годзе была зафіксавана і адваротная спроба выкарыстаць факт пашырэння ў Беларусі змешанага маўлення для аспрэчвання імкнення надаць беларускай мове афіцыйны статус. У апублікаваным у 1989 годзе ў часопісе “Политический собеседник” артыкуле “Койне – явление тревожное. Белорусскому языку – государственность?.. Давайте не спешить» яго аўтар, кандыдат філалагічных навук з Гомеля А. Катэрлі пярэчыў супраць магчымага надання беларускай мове дзяржаўнага статусу на той падставе, што ў Беларусі беларуская мова ўжываецца мала, затое шырока распаўсюджана «койне, смесь русского и белорусского языков», што ўяўляе сабой «основную, так сказать, «лингвистическую проблему», специфическую в условиях Белорусии»89.

Незалежна ад таго, чым кіраваліся ініцыятары гэтых рознанакіраваных памкненняў, трэба сцвердзіць, што іх хутчэй магла не вельмі цікавіць глыбінная і супярэчлівая, незалежная ад даследчыцкіх ухілаў, навуковая сутнасць гэтай з’явы. Адпаведна, часам першыя аўтары маглі задавальняцца першымі, недастаткова глыбокімі і/або перабольшанымі ацэнкамі і характарыстыкамі гэтага феномена, да таго ж падаваць іх у выгадным для сябе святле.
Трасянка як навуковы дыскурс (1990-я гады)

Бадай, ужо з пачатку 1990-х гадоў некаторыя беларускія мовазнаўцы пачалі карыстацца словам “трасянка” (спачатку хутчэй па-за рамкамі акадэмічнага дыскурсу) як узуальным, без тлумачэння яго значэння (аднак спачатку абавязкова бралі яго ў двухкоссе). Напрыклад, у адной са сваіх публікацый Г.Цыхун перасцерагаў ад ператварэння беларускай літаратурнай мовы ў “трасянку”90, г. зн., верагодна, у нейкую “змешаную”, пазбаўленую сістэмнасці мову. Іншыя беларускія мовазнаўцы карысталіся словам “трасянка” з нястрогім значэннем “пэўны від змешанага маўлення”, параўн. у М. Абабуркі: «Сённяшняе вуснае маўленне некаторых маладых людзей – гэта кангламерат або ўвогуле рознастылёвая “трасянка”»91.

У 1990 годзе ў рамках навукова-публіцыстычнага дыскурсу была ажыццёўлена першая спроба агледзець ў гісторыі моўнага развіцця Беларусі моўныя феномены, аналагічныя “трасянцы”, пры гэтым аўтар-лінгвіст зазначыў, што пераноснае значэнне слова “трасянка” становіцца ўсё больш ужывальным “у працэсе барацьбы за адраджэнне беларуская мовы”; у артыкуле разглядаўся пераважна матэрыял пісьмовай мовы92.

Увосень 1990 года дзве супрацоўніцы Інстытута мовазнаўства АН БССР апублікавалі ў папулярным друку артыкул аб выніках анкетавання ў партыйных органах і прафсаюзных арганізацыях, якое праводзілася ў 17-ці раёнах Беларусі ў рамках больш шырокага сацыялагічнага даследавання, дзе зрабілі выснову аб тым, што вуснае маўленне ў вырашэнні бягучых спраў гэтых органаў і арганізацый нярэдка прызнаецца самімі рэспандэнтамі “змешаным”. Высокая верагоднасць несвядомага блытання элементаў дзвюх моў дае вынікам “так званую змешаную мову і нізкую моўную культуру”. На думку аўтараў, “змешаная руска-беларуская мова” патрабуе асобага разгляду, у дзейнасці партыйных і прафсаюзных камітэтаў яе параджэнне выклікаецца імкненнем “зблізіцца з народнымі масамі”, аднак вынік такой дзейнасці нельга ацэньваць пазітыўна. Прыкладаў выкарыстання “змешанай мовы” вельмі многа, самі яе носьбіты адчуваюць, што такое ўжыванне “не можа задавальняць грамадства”. “Змешаная мова”, аднак, не сустракаецца ў шэрагу мінскіх гарадскіх партыйных і прафсаюзных арганізацый93.

У 1994 годзе феномен “трасянкі” атрымаў першую кароткую навуковую дэфініцыю пад пяром беларускага лінгвіста ў навуковым друку: яна была ахарактарызавана як «множество русифицированных идиолектов», “множество стихийно и по-разному русифицированных индивидуальных вариантов белорусской речи”94. У 1996 годзе пытанне вуснага змешанага маўлення мімаходзь закраналася ў артыкуле, прысвечаным псіхалінгвістычным аспектам беларуска-рускага білінгвізму, надрукаваным на старонках галоўнага лінгвістычнага часопіса Беларусі, пры гэтым у адным месцы артыкула станоўча ацэньвалася выкарыстанне выразу “трасянка” для азначэння некаторых існых тыпаў маўлення95 (Выгонная 1996, 12). У маладаступнай для беларускіх лінгвістаў працы Б. Плотнікаў ахарактарызаваў трасянку як спецыфічную разнавіднасць крэольскай мовы ў Еўропе96. Нарэшце, у 1998 годзе адбылася спроба “канчатковай тэрміналагізацыі” слова “трасянка” ў беларускай лінгвістыцы ў вядомым артыкуле Цыхуна, дзе метафарычны характар выразу “трасянка”, які можа “адкрываць новыя аб’екты і аспекты даследавання”, быў ацэнены станоўча, а сама з’ява была кваліфікавана як “крэалізаваны варыянт беларускай мовы”97.

Як вынікае з вышэйпрыведзенага, у гэты час матыў “крэалістычнасці” трасянкі распрацоўваў не адзін Г. Цыхун. У 1999 годзе Плотнікаў назваў трасянку (якая ўяўляла, на яго думку, адну з дзвюх разнавіднасцей беларускага гутарковага маўлення) “не толькі сярод славянскіх краін, але і ў Еўропе ў цэлым” “унікальнай з’явай, што нагадвае пэўныя разнавіднасці крэольскіх моў”, “стыхійным гібрыдам дзвюх розных моў”98, паўтарыўшы, такім чынам, свае меркаванні, апублікаваныя ў 1996 годзе на нямецкай мове99. Згодна з гэтым аўтарам, у трасянцы шматлікія лексічныя запазычанні з рускай мовы “жывуць разам з зыходнымі формамі роднай мовы ў механічна змешаным стане, не з’яўляюцца тут засвоенымі, а выдзяляюцца выразнымі русізмамі ў беларускім фанетычным і граматычным абліччы”100.

Ініцыятыва карыстацца тэрмінам “трасянка” і пісаць у сувязі з ёй пра крэалістычнасць, аднак, не знайшла падтрымкі ў калектыўнай манаграфіі Інстытута мовазнаўства “Типология двуязычия и многоязычия в Беларуси” (падрыхтавана па выніках палявога даследавання другой паловы 1980-х гадоў), у рамках якой быў змешчаны раздзел “Змешаныя формы маўлення”; у гэтым раздзеле ўжываліся выразы “смешанная речь”, “смешанный язык”, аднак тэрмін “трасянка” не згадваўся ўвогуле101.
Спецыфіка асваення ў 1990-я гады тэрміна “трасянка” у навуковым дыскурсе

Маруднае разгортванне вывучэння “трасянкі” беларускімі навукоўцамі ў 1990-я гады адбывалася ў вельмі спецыфічных умовах.

Па-першае, у беларускай лінгвістыцы фактычна не існавала хоць якой традыцыі абмяркоўваць з’яву “няправільнага” і “нерэгулярнага”, гетэрагеннага з пункту гледжання моўнай сістэмы вуснага змешанага маўлення, існаванне якога дагэтуль у лінгвістычных працах па не звязаных з навукай прычынах ігнаравалася102.

Па-другое, выразны прыярытэт у асэнсаванні феномена ў гэты час быў за пісьменнікамі, журналістамі, палітыкамі (гл. вышэй).

Па-трэцяе, абмеркаванне “трасянкі” другой паловы 1980-х – 1990-х гадоў адбывалася ў рамках вельмі важнага этапа нацыябудавання, які суправаджаўся вострай палітычнай і нацыянальнай барацьбой. У метамоўным дыскурсе ў гэты час буйным цветам расцвіла пурыстычная ідэалогія, “трасянка” ў гэтай сітуацыі прызнавалася феноменам, які патрэбна было абавязкова выкараніць103. З аднаго боку, палітычны кантэкст у гэты час рабіў некаторыя навуковыя працы “пранікальнымі” для ідэалагічных і палітычных канатацый, і некаторыя з гэтых прац, ці, прынамсі, пэўныя іх аспекты міжволі станавіліся як бы пэўным “водгукам” на палітычныя спрэчкі або іх “працягам”. З другога боку, пэўныя з’явы, якія ў гэты час шырока і (“празмеру”) эмацыянальна абмяркоўваліся палітыкамі і журналістамі, у беларускай лінгвістыцы таго часу лічыліся “непажаданымі” аб’ектамі для “строгіх” навуковых даследаванняў. Усё гэта трохі парадаксальным чынам мела месца ў сітуацыі, калі з прычыны агульнай дэмакратызацыі грамадскага жыцця і з узнікненнем шматлікіх непадцэнзурных дыскурсаў “трасянка” ўпершыню аказалася выстаўленай на ўсеагульны агляд, стала заўважацца і асэнсоўвацца грамадствам.

Дыскурс трасянкі на ўзроўні масавай свядомасці ў Беларусі стаў асабліва заўважны дзякуючы моўным навыкам такіх палітычных дзячоў як былы старшыня Вярхоўнага Савета БССР (1990—1991) Мікалай Дземянцей і цяперашні прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Іх моўнае ўжыванне неаднаразова падвяргалася асмяянню ў СМІ, для абазначэння няправільнага гаварэння на змешанай “руска-беларускай мове” быў створаны наватвор “дземянцееўка”. Ужо ў верасні 1990 года супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства АН БССР канстатавалі, што “многа гаворыцца пра “трасянку” на радыё, тэлебачанні, у выступленнях з трыбун”104. У 1994 годзе на Міжнародным кангрэсе ў абарону дэмакратыі і культуры ў Мінску М. Карповіч сцвярджала, што “пра нашу “трасянку” з вуснаў першых асоб ведаюць усе”105. Увогуле, меркаванне (несумненна, памылковае) пра тое, што прэзідэнт А. Лукашэнка гаворыць на трасянцы штодзённа і што ён не ўмее гаварыць іначай, у літаратуры і, асабліва, у публіцыстыцы было выказана неаднаразова106.

У сувязі з прыведзеным вышэй кантэкстам зразумела, чаму першая кваліфікацыя “трасянкі” як “крэалізаванай (змешанай) руска-беларускай «напаўмовы»” грамадскага дзеяча Зянона Пазняка сёння можа быць залічана да прадукту акадэмічнага дыскурсу толькі ў пэўнай ступені.

“Трасянку” ад крэольскіх моў, якія ўзнікаюць на аснове піджынаў, адрозніваюць шэраг асаблівасцяў. Як прадаўжальнікі піджынаў крэольскія мовы ўзнікаюць як мовы-пасрэднікі ў экстрэмальных сітуацыях, калі існуе патрэба ў агульным сродку зносінаў рознамоўных людзей, прычым гэтыя мовы няроднасныя. Бадай, нельга сказаць, што трасянка ўзнікае як рух да стварэння агульнага сродку камунікацыі з боку і беларускамоўнага, і рускамоўнага насельніцтва, – трасянку стварае пераважна толькі беларускамоўнае насельніцтва, якое ёй карыстаецца як абыходкавай гутарковай мовай у асяроддзі “сваіх”. Пры піджынізацыі з боку носьбітаў мацнейшай мовы звычайна адбываецца свядомае яе спрашчэнне (граматыка піджынаў надзвычай простая) – але, як заўважана вышэй, удзел у “стварэнні” трасянкі рускамоўнага насельніцтва мінімальны, па-другое, граматыка вуснага маўлення “трасянкамоўных” з пункту гледжання “прастаты” або “складанасці”, бадай, прынцыпова не адрозніваецца ад маўлення беларускамоўных або рускамоўных людзей107. Адрознівае “трасянку” і крэольскія мовы і тое, што апошнія папраўдзе з’яўляюцца мовамі (пра тое, што “трасянка” не ёсць мова гл. ніжэй), якія маюць сваіх устойлівых носьбітаў, крэольскія мовы нармальна перадаюцца ад пакалення ад пакалення як асноўны сродак камунікацыі.

Аднак для першага этапа вывучэння “трасянкі” (не больш за тое) спроба яе вызначэння пры дапамозе нейкіх вядомых у лінгвістыцы фармацый можа з’яўляцца ў нейкай ступені рацыянальнай. З другога боку, параўнанне “трасянкі” з крэольскім мовамі мела ў сваёй аснове немалую долю палітычнай канатацыі, паколькі скіроўвала дыскусію пра трасянку у “посткаланіялісцкае” рэчышча з прадказальнымі развагамі пра нераўнапраўны характар функцыянавання беларускай мовы.

Спасылка ў артыкуле Пазняка і ў праекце праграмы камісіі беларускай мовы на “напаўмоўе” таксама мела публіцыстычны ўхіл. У сітуацыі канца 1980-х гадоў гэта слова магло ўспрымацца як пэўны публіцыстычна-“навуковы” канструкт, які, праўдападобна, добра суадносіўся з матывамі “дэфармацыі” і “дэструкцыі”, засведчанымі ў праграме камісіі, або таксама ўказваў на наяўнасць у Беларусі носьбітаў беларускай мовы, якія валодалі ёй толькі часткова.

І ўсё ж навуковую эўрыстычнасць выразу паўмоўе ў беларускай сітуацыі канца 1980-х гадоў, верагодна, не варта недаацэньваць. Хоць ужыванне гэтага слова ў значэнні ‘сітуацыя, пры якой чалавек не валодае ніводнай мовай, а размаўляе на змешанай гаворцы’ можна прызнаць у значнай меры прапагандысцкім, ён тым не менш пэўны кароткі час не атрымліваў крытыкі з боку беларускіх лінгвістаў, а, па-другое, мог параджаць пэўныя карысныя рэфлексіі адносна характару двухмоўя ў Беларусі. Параўн. у гэтым плане датаванае жніўнем 1988 года даволі нейтральнае сцверджанне А. Падлужнага пра тое, што для аналізу моўнай сітуацыі ў Беларусі нельга абысціся толькі канстатацыяй таго, што існуе “нейкая змешаная беларуска-руская мова або паўмова”108, а таксама пазнейшыя развагі украінскай даследчыцы Н. Плюшч пра тое, ці можна ахарактарызаваць тэрмінам “масавае двухмоўе” украінскую сітуацыю: «Терміном “масова двомовність”, на мій погляд, сьогодні не можна повністю охарактеризувати реальну мовну ситуацію. Треба вже, мабуть, знаходити новий термін, можливо, якась “напівмовність”?»109. Расійскія аўтары Вахцін і Галаўко не запярэчваюць ужывання тэрміна “полуязычие” для абазначэння пераломнага пакалення ў нейкай супольнасці, якая стала падлягаць моўнаму зруху: адны прадстаўнікі гэтага пакалення ўжо пачалі страчваць тытульную мову, у той час як іншыя яшчэ недастаткова валодаюць новай засвоенай мовай110. Здаецца, яшчэ менш падстаў запярэчваць навуковасць тэрміна “паўмовец” (анг. semi-speaker), пушчанага ва ўжытак Н. Дарыян для абазначэння “недасканалых моўцаў”, якія не валодаюць поўнасцю нейкай мовай, што відаць на прыкладзе іх адхіленняў ад агульнапрынятай нормы.

У святле вышэйсказанага не ўяўляецца дзіўным, што на пачатковай стадыі вывучэння “трасянкі” ў значнай меры дэтэрміналагізаванымі выразамі кшталту “creolized «semilanguage»”, “creol”, “new pidgin language” карысталіся (гэтым разам без палітычных канатацый) не толькі беларускія, але і некаторыя заходнія даследчыкі і журналісты111. Параўн. таксама тое, што тэрмін “крэалізаванае маўленне” прымяняльна да “трасянкі” сярод беларускіх аўтараў ужываецца не толькі адным Г. Цыхуном, і тое, што некаторыя украінскія аўтары дагэтуль залічваюць даследаванні, прысвечаныя суржыку, да “крэалістыкі”112. Падобныя акалічнасці тлумачацца тым, што вывучэнне трасянкі ў Беларусі (а суржыку ва Украіне) яшчэ толькі пачынаецца.

Цяжкасць вывучэння “трасянкі” ў беларускім кантэксце на пачатковым этапе, такім чынам, была звязана з тым, што беларускія лінгвісты атрымалі гэтае паняцце ў пэўнай спецыфічнай сітуацыі ў пэўным “гатовым” выглядзе з рук пісьменнікаў, журналістаў і палітыкаў разам з усімі яго публіцыстычнымі наслаеннямі, якія спачатку (магчыма нават: да гэтай пары) не проста было “адчужыць”. Верагодна, важным дадатковым ускладняльным чыннікам была таксама тая акалічнасць, што абмеркаванне “трасянкі” выйшла з улоння (і ў значнай меры развівалася ў рамках) моцна ідэалагізаванай барацьбы за павышэнне узроўню “культуры маўлення”, за “дасканалую” беларускую мову, у рамках якой рыторыка, эфектнасць выказвання, яго палемічная завостранасць часта былі значна больш важкімі за лагічную або навуковую дакладнасць выказвання.

Пачынаючы ад Язэпа Лёсіка і Янкі Станкевіча, славутых аўтараў 1920-х—1930-х гадоў (іх мовазнаўчыя творы перавыдадзены ў сучаснай Беларусі, працы Янкі Станкевіча -- неаднаразова), у Беларусі культура маўлення – адзін з самых улюбёных відаў лінгвістычнай, з моцным адбіткам дыдактызму, рэфлексіі як у асяроддзі афіцыйнай, так, у роўнай ступені, і ў рамках “папулярнай” навукі. На гэту тэму выдаюцца спецыяльныя кнігі, артыкулы на такія тэмы друкуюць многія мовазнаўцы, праводзяцца спецыяльныя канферэнцыі. Адзін з вядучых беларускіх лінгвістаў, з 1956 года загадчык кафедры беларускай мовы Мінскага педагагічнага інстытута, Фёдар Янкоўскі з пачатку 1960-х да канца 1980-х гадоў шматразова апублікаваў у розных сваіх выданнях развагі наконт правамернасці ўжывання ў беларускай мове тых або іншых слоў; выразнай прыкметай гэтых разваг было настойлівае жаданне папярэдзіць няправільнае ўжыванне ў беларускай пісьмовай мове многіх недастаткова “народных” (часта зафіксаваных у слоўніках) лексем. Праграма, прысвечаная культуры маўлення, рэгулярна транслюецца па радыё па агульнанацыянальнаму каналу. Пытанні культуры мовы актыўна абмяркоўваюцца ў перадачах беларускай рэдакцыі радыё “Свабода”. Разнастайныя крыніцы сведчаць пра тое, што беларускаму лінгвістычнаму дыскурсу ў яго прысвечанай беларускай літаратурнай мове частцы ў цэлым уласцівы моцны нарматывісцкі адбітак, што не толькі многія пісьменнікі і літаратуразнаўцы (гл. вышэй), але і, прынамсі, некаторыя беларускія лінгвісты незадаволены існуючым беларускім пісьмовым і вусным маўленнем як недастаткова “народным”113.

Нягледзячы на неспрыяльны для навуковых даследаванняў трасянкі грамадска-палітычны фон, ужо ў першым заўважным артыкуле беларускіх лінгвістаў пра “трасянку”, артыкуле Г. Цыхуна 1988 года, а таксама ў працах іншых беларускіх аўтараў былі выказаны многія вельмі важныя назіранні. У прыватнасці, было сцверджана, што без трасянкі ў гарадскім асяроддзі новапрыбыламу выхадцу з вёскі не абысціся: трасянка “забяспечвае даволі высокі ўзровень моўнай інтэграцыі ў гарадскім асяроддзі”114. Адкрываўчай была рэмарка Цыхуна і наконт таго, што трасянка з’яўляецца “сродкам ідэнтыфікацыі або групавой салідарнасці яе носьбітаў”.

Аднак, вывучэнне трасянкі ў Беларусі ў канцы 1980-х – 1990-я гады аказалася не пазбаўленым выразных крытычна-ацэначных кваліфікацый, што было ў згодзе з асуджальнымі ацэнкамі змешанага маўлення 1980-х гадоў115. У аснове такіх кваліфікацый ляжыць як моцна засвоеная беларускімі лінгвістамі “ідэалогія стандартнай мовы”, погляд на лінгвістыку як на абавязковае вывучэнне “сістэмы” мовы і (або) заклапочанасць неспрыяльным становішчам беларускай мовы. Напрыклад, Н. Мячкоўская ў адной сваёй працы ў сувязі з трасянкай піша пра “тупик гибридного говорения»116. Так, хутчэй у духу пастулатаў камісіі беларускай мовы Г. Цыхун у сваім самым вядомым у Беларусі артыкуле пра “трасянку” сцвярджаў, што ў трасянцы адбываецца “змяшэнне і спрашчэнне (“прымітывізацыя”) зыходных структур”, што, на думку аўтара, і тлумачыць “непаўнавартасны” характар трасянкі ва ўспрыняцці людзей. Культываванне трасянкі, згодна з Цыхуном, “як бы паралізуе моўную дзейнасць індывідуума”117. У артыкулах Цыхуна знаходзім таксама выраз “моўны канфармізм”118, ужыты, бадай, з негатыўнай канатацыяй. Пра “разбурэнне абедзвюх моўных сістэм” у выпадку “трасянкі” (зноў такі ў духу камісіі беларускай мовы) пісала ў сваёй працы Л. Сямешка119. У. Свяжынскі зазначаў, што эвалюцыянуючы ў напрамку да рускай мовы, трасянка пагражае існаванню беларускай мовы: “наша мова… паступова ператвараецца ў мясцовы варыянт рускай мовы”120. Б.Плотнікаў папярэджваў, што “трасянка пры афіцыйным дзяржаўным двухмоўі не толькі замінае ўсялякім мерапрыемствам і намаганням па ўкараненню культуры беларускага ці рускага маўлення, але і пагражае набыць самастойны статус такога варыянта мовы, які можа быць унармаваны і закадыфікаваны ў адпаведных навуковых працах і афіцыйных пастановах, што, зразумела, прынясе толькі шкоду беларускай літаратурнай мове”. Гэты ж аўтар пісаў, што “трасянка не можа характарызавацца станоўчымі ацэнкамі і азначэннямі ні з боку мілагучнасці, ні з боку свайго прэстыжу”, што “цалкам матываваная і зразумелая” адмоўная ацэнка трасянкі з пункту гледжання яе гучання “аўтаматычна і несправядліва пераносіцца на ацэнку беларускай мовы ў цэлым”121. Не выключана, што ва ўмовах неспрыяльнага становішча беларускай мовы і “неразвітага” становішча беларускай сацыялінгвістыкі ўказанні на “параліч моўнай дзейнасці”, “разбурэнне сістэм” і характарыстыка трасянкі як адзінай крэольскай мовы ў Еўропе можна разглядаць не (столькі) як (строгія) навуковыя фармулёўкі, колькі як у нейкай ступені адносна “мяккія”, алегарычныя эўфемістычныя “публіцыстычныя” заменнікі “ўласна” сацыялінгвістычных кваліфікацый тыпу “змена беларускай мовы рускай”, або “заняпад/смерць беларускай мовы”122.

Пры вывучэнні трасянкі пажадана ўлічваць агульныя тэарэтычныя парадыгмы, з якімі навукоўцы падступаюцца да вывучэння трасянкі. У еўрапейскай дыялекталогіі, этнаграфіі і фалькларыстыцы моцна развіты кансерватыўны “пастаральны” падыход, згодна з якім культуры, мовы і дыялекты знікаюць, змены абавязкова ўспрымаюцца як непажаданыя скажэнні, як страта аўтэнтычнасці, а мінулае разглядаецца як пэўны ўзор123. Знаходзячыся “ўнутры” сітуацыі агульнага неспрыяльнага становішча беларускай мовы, працуючы ў рамках беларускай нацыянальнай лінгвістычнай традыцыі, пры кваліфікацыі трасянкі беларускія лінгвісты міжволі ў цэлым больш, чым іх замежныя калегі могуць быць падлеглыя гэтаму падыходу124.
Складанасць ідэнтыфікацыі трасянкі як аб’екта даследавання
Відавочная складанасць катэгарызацыі трасянкі, непрывычнасць яе як аб’екта вывучэння абумоўліваюць мноства ракурсаў даследавання. Гэтыя ракурсы могуць ўкладаюцца як у рамкі “традыцыйнай”, добра засвоенай у Беларусі лінгвістыкі, так і належаць да адносна “новых” (або неактыўна распрацоўваных у Беларусі) адгалінаванняў мовазнаўства. Аспекты вывучэння трасянкі могуць увогуле выходзяць за рамкі лінгвістычнай навукі, сягаючы ў сацыялогію, псіхалогію, культурную антрапалогію, камунікацыю. Гэта шматлікасць дае вынікам разнастайнасць падыходаў і дэфініцый гэтай з’явы, якія пакуль з цяжкасцю складваюцца ў якую-небудзь спарадкаваную і іерархічна арганізаваную сістэму125.

Так, напрыклад, з пункту гледжання “культуры маўлення” і методыкі выкладання мовы “трасянка”, праўдападобна, будзе з’яўляцца грубым адхіленнем ад нормаў беларускай літаратурнай мовы. Такі погляд у рамках беларускай лінгвістыкі, якая настойліва на працягу доўгіх гадоў змагаецца за культываванне уніфікаваных версій беларускай і рускай моў, бадай, калі не самы пашыраны, то найбольш уплывовы. Прычым тут у згодзе знаходзяцца погляды як беларусістаў, так і шматлікіх беларускіх русістаў. У дадатак да ўжо прыведзеных ацэначных выказванняў беларускіх аўтараў пра трасянку параўн. дадаткова наступныя меркаванні: “Трасянка – чудовищная смесь языков – не только показатель низкого культурного уровня страны – это система формирования акультурных личностей с сумятицей в душах и головах”126; трасянкавае маўленне “і непрывабнае, і непрыгожае нават з пункту гледжання яго гучання”127; “Трасянка – гэта шкодны вынік дрэннага валодання сваёй, роднай мовай і іншымі”128.

З пункту гледжання гісторыі беларускай літаратурнай мовы, бадай, цікавай была б катэгарызацыя трасянкі з улікам прэскрыптыўна-пурыстычнага падыходу ў фарміраванні беларускай літаратурнай мовы (параўн. матэрыял грамадскага абмеркавання, прыведзены вышэй).

Названая праблема суадносінаў спосабу фарміравання літаратурнай мовы з узнікненнем у рамках канкрэтнай моўнай культуры з’явы тыпу “трасянкі” цікавая не толькі ў рамках гісторыі беларускай літаратурнай мовы, але, верагодна, мае і больш шырокае тэарэтычнае значэнне. З аднаго боку, можа выклікаць цікавасць стварэнне пэўнай тыпалогіі змешаных моўных фармацый, заснаваных на аснове пэўных “малых” моў. З другога, можна прадказаць, што ў рамках больш “моцных” моўных культур, якія не зведалі больш ці менш заўважнага ўздзеяння прэскрыптывізму, чыё быццё ў любым выглядзе не можа падлягаць аспрэчванню, феномены, аналагічныя трасянцы, могуць ідэнтыфікавацца, заўважацца грамадствам у меншай ступені, або, прынамсі, могуць больш “натуральным” спосабам “пераварвацца” мясцовай моўнай культурай. Нарэшце, існаванне ў рамках беларускай моўнай культуры такога феномена як трасянка перспектыўна было б разглядаць у рамках вылучэння сярод літаратурных моў моў “з жорсткімі моўнымі межамі” і моў “з мяккімі моўнымі межамі”. У рэчышчы агульнай тэорыі мовы патрабавалі б асэнсавання пытанні, ці ў выпадку трасянкі мы маем справу з (асобнай) мовай або з маўленнем, штó ў трасянцы агульнае з беларускай мовай, а што з рускай, з’яўляецца трасянка “сістэмай” або не, ці ў выпадку трасянкі можна гаварыць пра захаванне тоеснасці зыходнай (беларускай) мовы і інш.

У рамках стылістыкі дыскусіі будуць весціся, верагодна, вакол пытанняў, ці ўяўляе сабой “трасянка” асобную функцыянальна-стылістычную разнавіднасць беларускай мовы, нейкі самастойны стылістычны рэгістр, прастамоўе ці, напрыклад, кайнэ.

“Трасянка” можа разглядацца як перадусім сацыялінгвістычны феномен – і тады на першы план могуць выходзіць пытанні кшталту, ці з’яўляецца трасянка сацыялектам, “паўмовай”, зноў такі стылістычным рэгістрам, зноў такі кайнэ, пераключэннем кодаў, “абмежаваным кодам” (restricted code) і г. д. У больш прыватным ракурсе моўнага зруху, які назіраецца ў Беларусі, трасянку, верагодна, можна разглядаць як прамежкавы этап у пераходзе на рускую мову.

Выключна багатую глебу для даследавання “трасянкі” дае слаба распрацаваная ў беларускай лінгвістыцы парадыгма моўных кантактаў (кантактнай лінгвістыкі), якая мае сваю развітую тэрміналогію. У адпаведнасці з некаторымі пастулатамі гэтай парадыгмы і, здавалася б, насуперак відавочнасці, трасянка нават можа не лічыцца “змешанай мовай”129. Даследаванне трасянкі ў рамках гэтай парадыгмы моцна рэкамендуецца.

У рамках тэорыі маўленчай камунікацыі трасянка ўяўляе сабой выключную цікавасць як пэўная стратэгія маўленчых паводзінаў. У рамках сацыяльнай псіхалогіі трасянка можа выклікаць цікавасць як сродак ідэнтыфікацыі пэўных груп людзей або асобных індывідуумаў, важнымі тут былі б такія праблемы як стаўленне да трасянкі, яе ўспрыманне і інш. З пункту гледжання засваення другой мовы, на першы погляд, трасянку перспектыўна было б разглядаць як прамежкавую мову (inter-language). Цікавую сферу прыкладання сілаў знайшлі б у трасянцы таксама культуролагі, дыялектолагі, спецыялісты ў галіне тэорыі дыскурсу, семіётыкі і г. д і да т. п.

Наяўнасць гэтых шматлікіх перспектыў аналізу трасянкі можа ствараць ілюзію поўнай метадалагічнай разнагалосіцы. Але пералічаныя “вузка-прыватныя” погляды на трасянку маюць перавагу спецыялізавана-сканцэнтраванага аналізу гэтага феномена. З другога, здаецца, нейкі ўлік сумежных і несумежных ракурсаў, сувязь паміж імі, бадай, маглі б быць карыснымі і пры разглядзе прыватных аспектаў. Так, напрыклад, пры разглядзе трасянкі ў аспекце школьнай педагогікі (у рамках якой важнай катэгорыяй з’яўляецца моўная кампетэнцыя), варта мець на ўвазе і тое, як трасянка праяўляе сябе таксама ў аспекце маўленчай камунікацыі, для якой больш важнай з’яўляецца катэгорыя маўленчай кампетэнцыі. Ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму, які мае месца ў Беларусі, у аспекце сацыялінгвістыкі мала мае сэнсу займацца важнай для школьнага навучання катэгорыяй моўнай кампетэнцыі, затое зноў-такі вельмі істотнай тут з’яўляецца катэгорыя маўленчай кампетэнцыі.

Калі мець на ўвазе, што большасць названых аспектаў яшчэ толькі пачынаюць распрацоўвацца, і лёгкае і простае “запазычванне” напрацовак сумежных дысцыплін і ракурсаў, “перацяканне” адных у другія пакуль з’яўляецца толькі пажаданнем, то тады тым больш становіцца відавочнай складанасць вывучэння трасянкі ў любым ракурсе. У далейшым выкладанні мы паспрабуем коратка ахарактарызаваць некаторыя праблемы, з якімі сутыкнецца даследчык трасянкі, вывучаючы яе ў рамках агульнай тэорыі мовы і з перспектывы яе суадносін з беларускай літаратурнай мовай.


1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка