Сяргей Запрудскі Некаторыя заўвагі аб вывучэнні “трасянкі”




старонка2/5
Дата канвертавання01.05.2016
Памер0.78 Mb.
1   2   3   4   5

Пытанне “недасканалых” слоўнікаў і пазіцыі лінгвістаў адносна кадыфікацыі

Акрамя абмеркавання праблем культуры мовы, на старонках газеты з зімы 1987 года рэгулярна распрацоўваўся матыў недасканаласці існуючых беларускіх слоўнікаў41 і прафесійнай адказнасці лінгвістаў за моўную сітуацыю ў Беларусі. Так, у лютым 1987 года ў газеце была надрукавана крытычная нататка М. Стомы пра пяцітомны Тлумачальны слоўнік беларускай мовы пад загалоўкам “Чакаем дадатку”. Яе аўтар лічыў, што задачу “служыць свайго роду моўным узорам” тлумачальны слоўнік выконвае няпоўна, а “распачатую лексікаграфічную работу нельга лічыць завершанай”. Стома рэкамендаваў лексікографам у будучай працы “больш зважаць на традыцыі нашага пісьменства і жывую беларускую мову”42. У вышэйназваным артыкуле С. Дубаўца не толькі прыводзіліся некаторыя канкрэтныя прыклады непрымальнай кадыфікацыі некаторых слоў, але і сцвярджалася, што беларуская мова не павінна з’яўляцца манаполіяй “вузкага кола спецыялістаў”43.

На гэтыя публікацыі, а таксама на іншы допіс аднаго з чытачоў газеты адрэагаваў тагачасны дырэктар Інстытута мовазнаўства АН БССР Аркадзь Жураўскі, змясціўшы на старонках газеты артыкул “Марым пра ідэальны слоўнік?” Аўтар не пагадзіўся з выказанымі канкрэтнымі і агульнымі заўвагамі і сярод іншага патлумачыў, што “жывая беларуская мова”, да якой апеляваў Стома, адлюстроўваецца не ў тлумачальных, а ў “спецыяльных дыялектных слоўніках”44.

У нататцы студэнта Ю. Пацюпы, якая ўяўляла сабой крытычны водгук на артыкул А. Жураўскага, надрукаваны ў часопісе “Беларуская мова і літаратура ў школе”, фармулявалася вымога да лінгвістаў культываваць у кадыфікацыйнай практыцы пурызм, які мог у нейкай меры карэкціраваць развіццё нормаў беларускай мовы ў неспрыяльнай моўнай сітуацыі. Аўтар не захацеў прызнаваць “законнымі” многія санкцыянаваныя нарматыўнымі слоўнікамі запазычанні з рускай мовы на той падставе, што яны нібыта ўзнікаюць “пад уздзеяннем рэальнай моўнай сітуацыі” (гэтым выразам карыстаўся антаганіст Пацюпы, А. Жураўскі). На думку гэтага аўтара, эўфемізм “рэальная моўная сітуацыя” больш адэкватна было б называць “звужэннем сферы ўжывання беларускай мовы”, а галоўнымі прычынамі пранікнення ў беларускую мову русізмаў трэба было б лічыць асаблівасці дзяржаўнай моўнай палітыкі, суб’ектывізм мовазнаўцаў і недахоп культывавання належнай “моўнай культуры”45.

Закіды на адрас тлумачальнага слоўніка падтрымала і чытачка газеты Т. Стахейка, якая сцвердзіла, што “пяцітомны наш слоўнік мае шмат хібаў і няўваг да роднай мовы” і што сёе-тое ў ім і іншых слоўніках “успрымаецца з сумненнем”46. Рыгор Родчанка дакараў дырэктара Інстытута мовазнаўства Жураўскага і лінгвістаў увогуле за тое, што яны не займаюцца некаторымі патрэбнымі грамадству справамі47.

Прынцыповы пытанні адносінаў мовазнаўцаў да кадыфікацыі былі ўзняты ў артыкуле “А ці так гэта сапраўды?” фізіка па адукацыі з г. Обнінска Курскай вобласці Валерыя Голуба, які аспрэчыў многія падыходы дырэктара Інстытута мовазнаўства, выказаныя ім у артыкуле, змешчаным ў часопісе “Беларуская мова і літаратура ў школе”. На думку аўтара, тая акалічнасць, што “якасць нармалізацыі” беларускай мовы на працягу ХХ стагоддзя, пра якую пісаў Жураўскі, аказалася “невысокай”, і беларуская мова ў выніку з’яўляецца “мовай з няўстойлівымі граматычнымі і лексічнымі нормамі”, тлумачыцца пэўнымі “пабочнымі меркаваннямі і асабістымі густамі” дырэктара Інстытута мовазнаўства. Гэтыя пабочныя меркаванні, паводле аўтара артыкула, былі “несумяшчальныя з сапраўды навуковым падыходам”. Згодна з палемічным сцверджаннем Голуба, нельга было выключаць, што мэтай дзейнасці Жураўскага і некаторых яго калег з’яўляецца “дэфармацыя беларускай мовы да выгляду, скажам, усходнеаршанскага дыялекту, блізкага да суседняй мовы”. В. Голуб сцвердзіў таксама, што адным з вынікаў “адміністрацыйна-бюракратычнай антынацыянальнай моўнай палітыкі” стала тое, што “мова пэўнай часткі сялян-беларусаў перасыпана русізмамі, у якіх яна не мае ўнутранай патрэбы. Апошняе не засталося па-за ўвагай Жураўскага. Але адпаведную выснову з яе вучоны зрабіць не здолеў ці не захацеў і насуперак усякай логіцы пачаў разглядаць гэты моўны вінегрэт як гаворку беларускай мовы. А чаму не рускай? Ён жа, гэты вінегрэт, не менш падобен і на рускую”. На думку аўтара артыкула, ні рускаму мовазнаўству, ні рускаму народу, ні беларускаму мовазнаўству, ні беларускаму народу “такі вінегрэт” не патрэбен; у ім зацікаўлены толькі чыноўнікі, для якіх “ленінскі запавет у нацыянальным пытанні стаў на справе фількінай граматай”, а таксама некаторыя навукоўцы (гэта слова аўтар узяў у двухкоссе), якія “паразітуюць на густах згаданых чыноўнікаў”48.

Закіды на адрас мовазнаўцаў, якія “манапалізавалі” мову, змяшчаліся і ў калектыўным допісе маладых пісьменнікаў “Рэпрэсіраваны правапіс”49 і ў допісе І. Чарняўскага50. І. Чарняўскі сцвердзіў, што пры поўнай абыякавасці мовазнаўцаў праз друк і радыё “распаўсюджваецца элементарная непісьменнасць”.

На думку аўтара артыкула “Вярнуць з нябыту слова…”, краязнаўца З. Сіцько, людзі, якія хацелі б гаварыць на літаратурнай мове ў поўнай згодзе з яе нормамі, “не заўсёды могуць знайсці тую норму ў слоўніках”. Паводле аўтара, з падрыхтаваных лінгвістамі слоўнікаў не было відаць, што іх стваральнікі “заступаюцца” за беларускую мову, у “Тлумачальным слоўніку беларускай мовы” словы “жывой мовы” знайсці нялёгка. Аўтар далучыўся да выказанага папярэднімі чытачамі газеты пажадання мець лепшы слоўнік беларускай мовы, які грунтаваўся б на больш разнастайных крыніцах, а не прадстаўляў бы “мову пісарчукоў” і “трасянку газет”51. Здаецца, гэта было першае ўжыванне на старонках газеты “Літаратура і мастацтва” слова “трасянка”, якое тут абазначала ‘кепскую газетную мову’.

Чытач газеты С. Харэўскі ў пачатку 1989 года запатрабаваў “рэформы слоўнікавага складу” беларускай мовы52, а Алесь Лісіцкі сцвердзіў, што “зашмат у слоўніках такога, чаго жывая мова не прымала і не прымае”53. У сярэдзіне 1989 года на старонках газеты паэтэса Д. Бічэль-Загнетава выказала сваё задавальненне з нагоды таго, што “мы дачакаліся таго спеўнага часу, калі ранейшыя слоўнікі перасталі лічыцца законам ці нормай”; паэтэса таксама выказала меркаванне, што будучае рэфармаванне мовы не спадабаецца “кансерватыўным мовазнаўцам”54.

Выразны голас у абарону беларускай лексікаграфіі прагучаў толькі ў 27 красавіка 1989 года, калі на пленуме праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі адзін з дакладчыкаў, літаратуразнавец А. Яскевіч неадабральна адгукнуўся аб тым, што ў выступленнях апошняга часу праца лінгвістаў над тлумачальным слоўнікам была поўнасцю дыскрэдытавана55. Праўда, у спрэчках прагучала і процілеглае меркаванне, было сцверджана, што інтарэсы беларускіх даследчыкаў-мовазнаўцаў “даўно палітычна зарыентаваны – скіраваны на вывучэнне руска-беларускіх моўных сувязей у духу звышінтэрнацыяналізму, гэта значыць дзеля таго, каб даказаць, што паглынанне беларускае мовы іншаю моваю, рускаю – гэта працэс быццам натуральны і прагрэсіўны”. Той жа самы прамоўца, літаратуразнаўца Аляксей Пяткевіч, выключна негатыўна паставіўся і да таго, што нібыта вялікая колькасць мовазнаўцаў “скрупулёзна, з дапамогай самай новай тэхнікі падлічвае суадносіны рускай і беларускай лексікі ў жывой гаворцы нашай рэспублікі”56. Несправядлівае меркаванне аб тым, што многія беларускія мовазнаўцы скрупулёзна вывучаюць суадносіны рускай і беларускай лексікі ў жывой гаворцы, было выклікана, магчыма, тым, што меркаванні на гэты конт былі апублікаваны ў артыкуле дырэктара Інстытута мовазнаўства А. Жураўскага ў часопісе “Беларуская мова і літаратура ў школе”. Акрамя таго на ўзаемадзеянне беларускай мовы з рускай увогуле была звернута вялікая ўвага беларускіх лінгвістаў, што яны самі і прызнавалі57.

Да прамой і ускоснай крытыкі наяўных слоўнікаў у 1990-я гады актыўна далучыліся некаторыя мовазнаўцы, найперш П. Сцяцко і А. Каўрус. Прынамсі некаторыя беларускія мовазнаўцы ў пачатку 1990-х гадоў лічылі, што беларускую мову чакаюць шматлікія ўнутраныя змены, параўн. наступнае выказванне: “іменна на сучасным этапе пачнецца распрацоўка норм у самых розных сферах, дзе родная мова ўступіць у свае правы. Гэтыя змены ў першую чаргу тычацца лексікі, у прыватнасці яе тэрміналагічнага пласта. Аднак магчымы змяненні і ў фанетыцы, арфаграфіі, марфалогіі і інш.”58. У сітуацыі, калі ўплыў рускай літаратурнай мовы на беларускую быў вельмі істотны, чаканні некаторых мовазнаўцаў адносна магчымых «дэрусіфікатарскіх» зменаў у беларускай мове на новым этапе яе развіцця трэба прызнаць прынамсі прадказальнымі.
Сітуацыя карыстальнікаў мовы

У сітуацыі выціскання беларускай мовы на перыферыю грамадскага жыцця і адсутнасці нарматыўнага (гарадскога) агульнаўжывальнага беларускамоўнага узусу рэкамендацыі А. Каўруса і іншых аўтараў арыентавацца на “жывую народную мову” ў якасці агульнага падыходу можна прызнаць карыснымі. Гэтыя рэкамендацыі ўказвалі карыстальнікам беларускай мовы, якія слаба яе ведалі, на тыя сегменты камунікацыі (вясковае жыццё), у якіх беларуская мова ў гэты час жыла і развівалася больш ці менш натуральным спосабам. Такія парады, аднак, пэўным чынам “недаацэньвалі” існы моўны узус, які, зрэшты, не ва ўсіх выпадках мог служыць дапамогай. Галоўны рэдактар часопіса “Беларуская мова і літаратура ў школе” М. Шавыркін у пачатку 1990 года канстатаваў, што ў супрацоўнікаў розных газет, часопісаў, выдавецтваў ёсць разыходжанні наконт “лексікі і граматычных форм”, акрамя таго, па асобных пытаннях няма згоды паміж вучонымі і пісьменнікамі. Аўтар артыкула таксама прадказваў павелічэнне лексічнага разнабою ў сувязі з тым, што з набыццём беларускай мовай дзяржаўнага статусу пашырыцца сфера яе ўжытку59. Недаацэнка узусу падмацоўвалася яшчэ грамадскім недаверам да існых нарматыўных слоўнікаў, іх дыскрэдытацыяй. У выніку ўсяго гэтага для людзей, якія хацелі валодаць дакладна акрэсленай літаратурнай нормай, стварылася даволі спецыфічная сітуацыя.

У сітуацыі, калі моўныя нормы яшчэ нядаўна “неперспектыўнай” беларускай мовы нярэдка засвойваліся не натуральным спосабам, г. зн. не праз масавае і рэгулярнае ўжыванне, заклікі да авалодання “народнай” мовай (якая, уласна, і стала асновай беларускай літаратурнай мовы), трэба прызнаць у нейкай ступені заканамернымі. З другога боку, на практыцы арыентацыя на такое невыразнае паняцце як “народная мова” (мелася на ўвазе пры гэтым, несумненна, “узорная” народная мова) пры кваліфікацыі шматлікіх канкрэтных ужыванняў магла даць вынікам (і шматкроць давала) адсутнасць цвёрдых крытэрыяў, блытаніну, пэўны рэлятывізм. Устанаўленне ж у якасці нарматыўнага пэўнага (і, несумненна, занадта вузкага) “пісьменніцкага” падыходу да мовы кшталту поглядаў Кузьмы Чорнага і Янкі Скрыгана з іх надаацэнкай спецыфікі афіцыйна-дзелавога і навуковага стыляў, рабіла для большасці карыстальнікаў беларускай мовы ўзорнае засваенне літаратурнай мовы калі не недаступнай, то, прынамсі, вельмі цяжкай задачай. З аднаго боку, у працэсе аўтарскай работы пісьменнікаў “пошукі найбольш дакладнага і дарэчнага слова дыктуюцца не характарам (норавам) нормы, а прынцыпам мэтазгоднасці”60. Гэтую мэтазгоднасць, аднак, не кожны моўца здольны адчуваць, не абавязкова павінен яе трымацца, і, па-другое, гэтую мэтазгоднасць не трэба падаваць пад выглядам захавання прынцыпу нарматыўнасці. З другога боку, погляды розных пісьменнікаў на тыя або іншыя канкрэтныя ўжыванні могуць адрознівацца. Такім чынам, арыентаваныя на “пісьменніцкія” прынцыпы нарматыўнасці літаратурнай мовы моўцы могуць застацца ва ўладзе розных, часам супярэчлівых, пісьменніцкіх схільнасцяў, без цвёрдых крытэрыяў нарматыўнасці пры кваліфікацыі тых або іншых канкрэтных спрэчных пытанняў. Свой уклад у існае бязладдзе уносіла таксама тая акалічнасць, што ў гэты час мова папоўнілася даволі вялікай колькасцю новых слоў, пераважна запазычаных. Усё гэта спрыяла таму, што стала няясна, штó ж такое нарматыўная беларуская мова, а ў грамадстве з’явіўся даволі шырокі слой людзей, не ўпэўненых у сваім добрым яе веданні. Прычым гэтыя людзі былі не толькі сярод групы тых, хто ў гэты час пачынаў вучыць спадчынную мову, але і сярод яе “традыцыйных” носьбітаў. Тым самым павысіўся сукупны “індэкс моўнай небяспекі” (Вільям Лабоў) – спачатку ў колах насельніцтва, якія ў іншых сітуацыях маглі б выступаць у якасці своеасаблівых экспертаў “правільнага” або “няправільнага” моўнага ўжывання, а потым і сярод “звычайных” носьбітаў беларускай мовы, якія і без таго як правіла ацэньваюць свой узровень валодання беларускай мовай скептычна.

У 7-м нумары часопіса “Беларуская мова і літаратура ў школе” за 1990-ы год быў надрукаваны артыкул з красамоўнай назвай “Чаму родная мова перастала быць роднаю?” настаўніка беларускай мовы Санюкоўскай сярэдняй школы Ельскага раёна Аляксея Кольчанкі, у якім аўтар скардзіўся на тое, што кадыфікацыя беларускай літаратурнай мовы традыцыйна не ўлічвае шматлікія асаблівасці народнай мовы на той падставе, што гэтыя рысы супадаюць з рускай мовай. Аўтар крытычна паставіўся і да некаторых новых тэндэнцый ва ўжыванні, а таксама да тых навацый у кадыфікацыі апошніх гадоў, якія (на думку аўтара, не выпадкова) процістаўлялі беларускую мову рускай. А. Кольчанка зрабіў радыкальную выснову, згодна з якой “у беларускім мовазнаўстве склалася свайго роду адміністрацыйна-камандная сістэма, якая ажыццяўляе жорсткі моўны дыктат, у выніку чаго беларуская літаратурная мова абнаўляецца надта запаволена”61. Незалежна ад таго, што канцэптуальна гэты артыкул, напэўна, моцна залежаў ад выказаных у гэтым жа часопісе ў пачатку 1988 года поглядаў мовазнаўца А. Жураўскага (з якім на старонках “ЛіМа” спрачаліся Ю. Пацюпа і В. Голуб, гл. вышэй), не прыходзіцца сумнявацца, што імкненне хутка рэфармаваць беларускую мову, унесці змены ў яе лексічны склад негатыўна ўспрымалася прынамсі нейкай часткай яе найбольш кансерватыўных карыстальнікаў.


Заўвагі наконт “змешанай” мовы з боку навукоўцаў

Паралельна з рэфлексіямі пісьменнікаў наконт “няправільнай” пісьмовай мовы і закідамі на адрас недасканалых слоўнікаў на старонках “ЛіМа” пачынаюць з’яўляцца асобныя меркаванні беларускіх лінгвістаў, у якіх сцвярджалася наяўнасць прынамсі ў некаторых носьбітаў пэўнай “змешанай” мовы. Так, 5 чэрвеня 1987 г. у ЛіМе быў надрукаваны артыкул тагачаснага загадчыка аддзела рускай мовы Інстытута мовазнаўства АН БССР Аляксандра Булыкі “Аднолькава свабодна валодаць…”, у якім з апорай на распачатае сацыялінгвістычнае даследаванне гаворка ў тым ліку вялася пра тое, што лексічная інтэрферэнцыя ў маўленні некаторых моўцаў мае фактычна “неабмежаваныя магчымасці”. Аўтар сцвердзіў, што ёсць выпадкі, калі незразумела, да якой мовы трэба прыпісаць маўленне некаторых людзей, якія, дарэчы, самі сваю мову прызнаюць “змешанай”62.

Меркаванні А. Булыкі аб наяўнасці “змешанай” мовы сведчаць аб пэўным прагрэсе ў святле той акалічнасці, што ў познесавецкі час беларускія лінгвісты не прызнаваліся ў існаванні такой з’явы. Напрыклад, у надрукаваным увосень 1986 года на старонках “Літаратуры і мастацтва” і ў іншых газетах інтэрв’ю журналісткі Т. Антонавай з акадэмікам М. Бірылам праблематыка кантактнай лінгвістыкі была прадстаўлена наступным, бадай, “дабратворным”, чынам: “у галіне фанетыкі хутчэй можна гаварыць пра ўплыў беларускай мовы на рускую мову, чым наадварот… Не назіраецца якіх-небудзь значных зрухаў пад уплывам рускай мовы ў галіне марфалогіі (словазмянення) і сінтаксісу… лексічная сістэма беларускай мовы шырока папаўняецца за кошт лексікі рускай мовы.. у першую чаргу тут маецца на ўвазе тэрміналагічная лексіка”63.

Публікацыя А. Булыкі мела працяг праз год, калі ў сярэдзіне 1988 года на старонках “ЛіМа” быў надрукаваны калектыўны артыкул супрацоўнікаў аддзела рускай мовы Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук, у якім былі прадстаўлены некаторыя вынікі анкетавання (8 тысяч анкет) жыхароў 12 сельскіх раёнаў і 4-х раёнаў горада Мінска. Сярод іншага аўтары зрабілі выснову, што (на адрозненне ад сялян і рабочых) “большасць служачых гаворыць на так званай “змешанай” мове, хоць некаторыя з іх адзначаюць, што пры патрэбе маглі б гаварыць па-беларуску”. З прыведзеных у артыкуле шматлікіх меркаванняў рэспандэнтаў можна зрабіць выснову, што нейкая іх частка была заклапочана станам культуры беларускага маўлення або крытычна ацэньвала уровень ведання насельніцтвам рускай мовы, параўн.: “Па тэлевізару не зусім добра гавораць па-беларуску”; “засмечанасць беларускай мовы нейкімі непатрэбнымі фразамі, якія рэжуць слых”; “не скажаць беларускую мову, змагацца за яе чысціню”; “рускай мовы ў нас не ведаюць, блытаюць з беларускай”64.

Яшчэ праз год, у чэрвені 1989 года на старонках газеты быў надрукаваны яшчэ адзін артыкул Аляксандра Булыкі, у якім прыводзіліся абноўленыя дадзеныя палявых даследаванняў Інстытута мовазнаўства (к гэтаму часу былі праанкетаваны ўжо 12500 інфармантаў з 25-ці сельскіх і 7-мі гарадскіх раёнаў). Артыкул быў надрукаваны пад рубрыкай “Беларускай мове – статус дзяржаўнай”, найбольш у ім звярталася ўвага на неспрыяльнае становішча беларускай мовы ў Беларусі. Факт наяўнасці ў шматлікіх жыхароў сяла “не беларускай мовы, не рускай мовы, а нейкай беларуска-рускай моўнай сумесі”, «так званай “змешанай” мовы» тлумачыўся ў артыкуле той акалічнасцю, што абласныя брэсцкая і гродзенская газеты ў гэты час выходзілі на рускай мове, у шэрагу раёнаў у гэтых абласцях на рускай мове выходзілі і раённыя газеты, на рускай мове друкаваліся спецыялізаваныя “Сельская газета” і часопіс «Сельское хозяйство Белоруссии»65.

Першыя ўжыванні на старонках газет слова “трасянка”

Як было сказана вышэй, першае ўжыванне на старонках газеты “Літаратура і мастацтва” слова “трасянка” (якое ў аўтара абазначала ‘кепскую, недастаткова “чыстую” газетную мову’) было зафіксавана ў кастрычніку 1988 года.

Другое ўжыванне слова “трасянка” ў значэнні “змешаная мова” на старонках “ЛіМа”, згодна з нашымі назіраннямі, фіксуецца ў студзені 1989 года у артыкуле пісьменніка Яўгена Лецкі з нагоды разваг аўтара адносна таго, на якой мове размаўляюць гарадскія жыхары Беларусі: “Дазвольце усумніцца, калі вы скажаце, што на рускай. Хутчэй за ўсё не на рускай, і не на беларускай, а на так званай трасянцы, у якой перамешана лексіка з абедзвюх моў. Мо рускіх слоў там і больш, але ж мы бачым толькі гэтыя відавочныя прыкметы, а тое, што сведчыць пра глыбінныя асновы мовы, ігнаруем. Да іх я бы аднёс саму мелодыку мовы, яе лад і строй, спалучэння слоў у сказе, нарэшце – акцэнт. А гэта ўсё не менш, а куды больш істотнае ў вызначэнні нацыянальнай адметнасці і прыналежнасці мовы, чым адна толькі, ды яшчэ такая перамешаная лексіка”66. У дадзеным выпадку “трасянкай” называлася вуснае маўленне гарадскіх жыхароў Беларусі.

Наступнае ўжыванне слова “трасянка” ў газеце “Літаратура і мастацтва” сустракаецца ў сакавіку 1989 года ў рэцэнзіі перакладчыка Васіля Сёмухі на нямецка-беларуска-рускі слоўнік, дзе ён называе “моднасцямі нашай трасянкі, якія праз навуку маняцца зліць мовы”, шэраг слоў, якія з’яўляліся русізмамі ў беларускай мове або ўяўляліся Сёмуху гэткімі67. “Трасянкай” у рэцэнзіі Сёмухі праўдападобна была названа пэўная русіфікаваная пісьмовая разнавіднасць “несапраўднай” беларускай мовы, да стварэння якой прыклалі руку лексікографы. Далей у красавіку 1989 года журналістка рускамоўнай газеты Г. Айзенштат “трасянкай” назвала вуснае маўленне вяскоўцаў68. У ліпені пра «паўмоўную “трасянку”» на старонках газеты пісаў З. Пазняк (гл. ніжэй).

Публікацыі ў друку другой паловы 1980-х гадоў даюць магчымасць меркаваць, што ў пісьменніцкім асяроддзі выраз “трасянка” ўжываўся, верагодна, не пазней, чым з 1987 года. У датаваных лютым гэтага года дзённікавых запісах пісьменніка Уладзіміра Дамашэвіча (апублікаваны ў 2007 г.) яшчэ не узуальнае слова “трасянка” было выкарыстана ў вузкім рэдактарскім значэнні: “Стыль (рэдагаванага твора. – С.З.) – трасянка, як я яго называю: накідванне ў кучу сказаў, якія амаль што не звязаны, іх можна перастаўляць, перамешваць, выкідаць, замяняць – і нічога не зменіцца, малюнка сапраўднага, празаічнага, як не было, так і не будзе”69.

Са старонак “Літаратуры і мастацтва” слова “трасянка” перакінулася і ў іншыя выданні. Напрыклад, у газеце “Звязда” яно сустракаецца ўпершыню, бадай, 24 лістапада 1989 года: “Хочацца, каб і беларус загаварыў, нарэшце, па-чалавечы, не саромеючыся сваёй руска-беларускай “трасянкі”, не баючыся, што атрымаецца нешта не так, не па правілах, не па “навуцы”70. У рамках абмеркавання праекта закона аб мовах чытач газеты “Знамя юности” Н. Гушчыновіч крытычна паставіўся да таго, што пісьменнікі (гэта слова было ўзята ў двухкоссе) і «кабінетныя вучоныя» высакамерна называлі жывую размоўную мову “трасянкай”71.

У 1989-м – пачатку 1990-х гадоў канцэпт «трасянкі» працягваў інтэнсіўна распрацоўвацца ў беларускай журналістыцы (шматлікія прыклады разнастайных публіцыстычных характарыстык гэтага тэрміна на матэрыяле больш позніх дыскусій гл. у працах Цыхуна і Слобады). Летам 1989 года, а потым у 1990 годзе ў развіццё сваёй ранейшай публікацыі 1987 года (гл. пра яе вышэй), у рамках дзейнасці за ўдасканаленне “культуры маўлення” С. Дубавец здзейсніў часткова жартоўную спробу падрыхтаваць матэрыялы для “перакладнога” “трасянка-беларускага слоўніка”72. Публікацыя гэтага слоўніка была пэўным рытарычна-дыскурсіўным прыёмам, працягам крытыкі аўтарам “новамовы”, непрымальных слоў, ужывальных у беларускай пісьмовай мове73.
Трасянка як паранавуковы дыскурс

У 1988 г. выраз “трасянка” упершыню сустракаецца ў рамках паранавуковага дыскурсу ў надрукаваным за межамі Беларусі славутым артыкуле “Двухмоўе і бюракратызм” беларускага мастацтвазнаўца, кандыдата навук і будучага палітычнага дзеяча Зянона Пазняка74. На думку гэтага аўтара ў канцы 1980-х гадоў толькі нязначная частка беларускага насельніцтва размаўляла на беларускай мове, затое 50-60 працэнтаў насельніцтва размаўлялі на “трасянцы”, іначай на “крэалізаванай (змешанай) руска-беларускай «напаўмове»”. Як менш пашыраную з’яву аўтар вызначыў у сваім артыкуле таксама і “рускую піджын-мову”, нібыта таксама ўласцівую насельніцтву Беларусі75. Меркаванні Пазняка ў канцы 1980-х былі выключна папулярнымі сярод часткі беларускіх гуманітарыяў, сам жа артыкул, які немагчыма было тады надрукаваць у Беларусі, выклікаў эфект “разарванай бомбы”76. Пералічаныя вышэй ужыванні выразу “трасянка” на старонках газеты “Літаратура і мастацтва” знаходзяцца ў прамой або ўскоснай сувязі з выкарыстаннем у 1988 г. гэтай лексемы З. Пазняком.


Трасянка” як грамадскі, папулярны дыскурс (канец 1980-х гадоў)

Думкі Пазняка адносна “трасянкі”-“паўмоўя” тады ж увайшлі ў праграму камісіі беларускай мовы пры Беларускім аддзяленні Савецкага Фонду Культуры (была прынята 28 красавіка 1988 года)77. У Беларусі гэты праект у скарочаным выглядзе з’явіўся ў друку толькі ў траўні 1989 года78, пасля таго, як ён быў апублікаваны ў Лондане79. У гэтым дакуменце (далей разглядаецца па поўнай лонданскай публікацыі), аднак, выкарыстоўваўся толькі выраз “паўмоўе” і не ўжываліся выразы “трасянка” і “крэалізаваны”. “Паўмоўю” ў праграме быў прад’яўлены выключна высокі рахунак, яно ў дакуменце было прадстаўлена як куды больш змястоўная і абагульненая катэгорыя, чым банальнае гаварэнне на “змешанай мове”: “У паўмоўным асяроддзі значная частка інтэлектуальнай і духоўнай энергіі народа выдаткоўваецца марна, патэнцыяльныя культурныя і творчыя магчымасці нацыі спаўна не выкарыстоўваюцца, назапашаны вопыт слаба замацоўваецца, абніжаецца грамадская памяць, пачуццё салідарнасці, адчуванне гісторыі. Паўмоўе спрыяе таму, што нацыя робіцца раз’яднанай, безабароннай перад антынароднай бюракратычнай палітыкай, разгулам бюракратычных карпарацый і ведамстваў, перад разбурэннем культуры і прыроднага асяроддзя, перад рэпрэсіямі, хлуснёй і дэмагогіяй, спажывецтвам і алкагольным атручваннем народа”80.

Праграма акцэнтавала ўвагу найперш на нездавальняючым пісьмовым выкарыстанні беларускай мовы. Згодна з яго аўтарамі, мова большасці беларускамоўных газет у гэты час зазнавала “мэтанакіраваную лексічную, марфалагічную і сінтаксічную дэструкцыю, запаўнялася калькамі з рускіх формаў”. У гэты час у мове друкаваных сродкаў масавай інфармацыі ствараліся “жаргонныя стэрэатыпы, якія ў жывой беларускай мове не існуюць і не ўзнікаюць”. Аўтараў праекта турбавала тое, што гэта “абмярцвенне беларускай мовы ў газетных формах” знаходзіла пэўную падтрымку ў навуковых працах і слоўніках Інстытута мовазнаўства АН БССР.

Пытанню вуснага беларускага маўлення ў праграме было ўдзелена менш увагі81. З аднаго боку, яно згадвалася ў кантэксце гаворкі пра пэўнае ўзорнае маўленне (“жывую беларускую мову”), на якое павінна была абапірацца пісьмовая мова. З другога, менавіта сітуацыя, пры якой “чалавек не валодае ніводнай мовай, а размаўляе на змешанай гаворцы”, у выніку чаго адбываецца «структурная дэфармацыя моўных сістэм», характарызавалася ў праграме як “паўмоўе”. У выніку “бюракратычных моўных эксперыментаў”, сцвярджалася ў праграме, “паўмоўе стала настолькі распаўсюджаным і прыкметным, што становіцца вялікай нацыянальнай бядой”82.

Тэзіс пра паўмоўе ў сярэдзіне студзеня 1989 года ў наступным выглядзе ўвайшоў у “Зварот Канфедэрацыі беларускіх суполак да беларускае моладзі”: “Неабходна нарэшце адмовіцца ад тэзы пра агульнанароднае “беларускае двумоўе”. Гэтая тэза ўзнікла ў гады застою як іншасказ русіфікацыі і служыць апошняй. Цэлы народ не можа быць двухмоўны. Цяперашні стан паўмоўя, пры якім большасць беларусаў не можа карыстацца ніводнаю з моў, прыводзіць да зніжэння інтэлектуальнага патэнцыялу нацыі”83.

У сярэдзіне 1989 года меркаванні З. Пазняка ў форме водгуку на адну з публікацый у “ЛіМе” ўсё ж былі ў скарочаным выглядзе надрукаваны ў Беларусі на старонках “Літаратуры і мастацтва”. У гэты час ужо прайшоў з’езд Беларускага народнага фронту, на якім ішла гаворка і пра “паўмоўе” (гл. ніжэй). Спасылаючыся на сваю мінулагоднюю эстонскую публікацыю, аўтар сцвердзіў, што масавы білінгвізм, які параджае “паўмоўе”, мае “дэструктыўную антыкультурную сутнасць”, а “паўмоўе” трэба расцэньваць як “культурна-нацыянальную катастрофу”. “Паўмоўныя” людзі не валодаюць ніводнай мовай, а гавораць на сумесі з розных моў, на своеасаблівым “крэалізаваным сурагаце”. “Паўмова” “не мае структурнага адзінства, у ёй парушаны адэкватнасці паняццяў, поўнасцю адсутнічаюць верхнія інтэлігентныя моўныя пласты, стылістыка і г.д. Высокая культура на “паўмове” не ствараецца, а чалавечая асоба не можа гарманічна развіваць свае інтэлектуальныя магчымасці.. Выхад з паўмоўнай “трасянкі”, што распаўсюдзілася на Беларусі, -- толькі ў дзяржаўнасці беларускай мовы.. у стварэнні ўсебаковых варункаў развіцця і адраджэння нацыянальнай мовы”84.


Трасянка” як палітычны дыскурс (канец 1980-х гадоў)

Па меры аслаблення камуністычнай улады і нарастання дэмакратычных тэндэнцый некаторыя грамадскія патрабаванні крышталяваліся ў палітычныя. У чэрвені 1989 года меркаванні Пазняка пра “паўмоўе” ўвайшлі ў праграму руху Беларускага народнага фронту, дзе “паўмоўе” (слова “трасянка” ў праграме не ўжывалася), “стан, пры якім чалавек не валодае належным чынам ніводнай з моваў і асуджаны на інтэлектуальную, культурную абмежаванасць і грамадзянскую пасіўнасць”, было кваліфікавана як “вынік моўнай палітыкі бюракратыі”85.

У 2001 г. Пазняк успамінаў, як ён увёў ва ўжытак у канцы 1980-х слова “трасянка”. З гэтых успамінаў добра відаць, што выраз “трасянка” ўжываўся аўтарам найперш як эфектыўны рытарычны сродак у палітычнай барацьбе са сваімі апанентамі. Параўн. у гэтым плане суаднясенне ўзнікнення “дэструктыўнага змешвання” з “…73-ма гадамі вырабленага гвалту над беларускай мовай за часы СССР”, кваліфікацыю трасянкі як “выніку моўнай палітыкі бюракратыі”, іранічнае суаднясенне “зьбедненай "паўмовы" ці своеасаблівай піджын-рускай (гібрыднай) мовы” з "клясычнымі" прамовамі Старшыні Вярхоўнага Савета Мікалая Дземянцея, таксама аперыраванне выразам кшталту “трасянкавыя палітыкі кіруюць уладай у дзяржаве”86.

1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка