Сяргей Запрудскі Некаторыя заўвагі аб вывучэнні “трасянкі”




старонка1/5
Дата канвертавання01.05.2016
Памер0.78 Mb.
  1   2   3   4   5
Сяргей Запрудскі

Некаторыя заўвагі аб вывучэнні “трасянкі”,

або Выклікі для беларускіх гуманітарных і сацыяльных навук
Апублікавана: Arche. 2009. № 11-12. С. 157 – 200.
Патрэба вывучаць шматаблічнае беларускае вуснае змешанае маўленне, якое ў звычайным і навуковым ужытку часта называецца “трасянкай”1, аказалася для беларускай лінгвістыкі пэўным “моцным арэшкам”. Прайшло ўжо больш за дваццаць гадоў з пачатку абмеркавання гэтай з’явы ў грамадстве і дзесяць гадоў з часу першай спецыяльнай публікацыі пра “трасянку” беларускага мовазнаўца2, аднак у беларускай лінгвістыцы даследаванне вуснага змешанага маўлення дагэтуль працягвае заставацца справай прыватных ініцыятыў асобных людзей. Феномен беларускай лінгвістыкі, якая неахвотна даследуе трасянку, ухіляецца ад яе вывучэння, цікавы ў святле той акалічнасці, што асэнсаванне гэтай складанай і супярэчлівай з’явы цяжка сабе ўявіць без значнага ўкладу ў гэту галіну з боку беларускіх аўтараў. Гэта нежаданне абумоўлена, праўдападобна, у тым ліку выключнай складанасцю самога аб’екта даследавання, які патрабуе доўгатэрміновай комплекснай распрацоўкі з прыцягненнем ведаў, якія выходзяць за рамкі лінгвістыкі. Даволі натуральным у такой сітуацыі прыходзіцца прызнаць стан рэчаў, пры якім найбольш заўважныя ініцыятывы вывучэння трасянкі паходзяць з-за межаў Беларусі (параўн. у гэтым плане працы І. Ліскавец, Г. Генчэля і яго супрацоўнікаў, М. Слобады і інш.).
Пачаткі вывучэння “трасянкі” ў Беларусі: адкуль мы выйшлі?

Пачаткі вывучэння нейкага аб’екта ў многім могуць прадвызначаць ход наступнага яго даследавання. Ва ўмовах адсутнасці корпусу запісаў трасянкі значнае месца ў даследаваннях можа займаць вывучэнне дыскурсу аб ёй.

На адрозненне ад украінскай сітуацыі, дзе выраз “суржык” у яго моўнай іпастасі ў 1978 г. быў прыведзены ў шматтомным Слоўніку украінскай мовы, выраз “трасянка” ў значэнні ‘сумесь беларускай і рускай моў’ у беларускіх лексікаграфічных крыніцах 1970 – 1980-х гадоў не фіксаваўся. Упершыню гэта слова было апісана ў беларускім слоўніку толькі ў 1996 годзе, дзе трасянка была кваліфікавана як “прадукт беларуска-рускага змешанага маўлення”3.

Нельга, аднак, сказаць, што беларускія лінгвісты і гуманітарыі ранейшых гадоў не сутыкаліся з якімі-небудзь элементамі моўнага змешвання ці змешанымі моўнымі фармацыямі ўвогуле.

Так, задумваючыся ў 1846 годзе, чаму ў пададзеных яму запісах беларускіх песень часціца ці амаль заўсёды перадавалася як чы, Ян Чачот прыходзіў да высновы, што прычынай гэтаму можа служыць тая акалічнасць, што “прызвычаеныя да польскай мовы вясковыя дзяўчаты, якія служаць па дамах, дзе лепей размаўляюць па-польску” маглі так дыктаваць песні сваім паненкам і паням4.

У 1860-х гадах Іван Насовіч назіраў нейкае знарочыстае, «только из чванства», «укідванне» ў беларускае маўленне польскіх слоў у вуснах дробнай беларускай шляхты, якая добра гаварыла па-беларуску, заўважаючы, аднак, пры гэтым, што падобныя моўныя паводзіны былі рэдкасцю5.

Наведаўшы ў 1926 годзе Мінск, Вацлаў Ластоўскі сутыкнуўся з вусным змешаным маўленнем, якое ён назваў чаўнёйчаўпня, што ад дзеяслова чаўпсці ‘гаварыць лухту, плявузгаць’)6. Рэцэнзуючы творы Цішкі Гартнага, мовазнавец і літаратурны крытык М. Байкоў у 1927 годзе ўхвальна выказаўся аб перадачы аўтарам ў драматычным творы асаблівасцей маўлення русіфікаваных персанажаў, якія карыстаюцца “беларуска-расійскім жаргонам”. Такая “жаргонная” мова, на думку Байкова, для сцэнічнага маўлення некаторых герояў з’яўляецца “зусім натуральнай”7.

У артыкуле, прысвечаным пісьменнасці вучняў, метадыст В. Самцэвіч у канцы 1920-х гадоў наогул вельмі крытычна выказаўся наконт стану вуснага беларускага маўлення з пункту гледжання яго адпаведнасці беларускай літаратурнай мове: “наша інтэлігенцыя ў сям’і і жыцці наогул беларускай мовай яшчэ не карыстаецца, а калі часам і ўжывае беларускія словы, дык далёка не ў літаратурнай форме; тое самае трэба сказаць і аб пераважнай частцы рабочых; аб мяшчанскіх колах трэба сказаць, што мова гэтай групы з’яўляецца кангламератам усіх моў, якія ёсць на данай тэрыторыі.. У “настаўніцкіх” беларускімі сказамі толькі “перасыпаецца” гутарка на расейскай мове; у добрых выпадках можна чуць мяшаную расейска-беларускую гутарку. Зразумела, што такая ж мешаніна адчуваецца і ў гутарках вучняў”8. Гэтае меркаванне сярод іншага цікавае як адно з першых выказванняў беларускіх метадыстаў, зробленае ўсяго праз дзесяць гадоў пасля прызнання самастойнасці беларускай мовы і скіраванае на павышэнне культуры беларускага маўлення вучняў, уласна, на ўзнікненне такой культуры. Паводле аўтара, у канцы 1920-х гадоў існавала неабходнасць “рашуча паставіць пытанне аб карыстанні літаратурнай беларускай мовай ва ўсёй вучэбна-выхаваўчай працы школы”9.

Крытыкуючы ўжыванне русізмаў у пісьмовай беларускай мове, пісьменнік Кузьма Чорны10 ў 1928 годзе палемічна, з элементамі шаржа апеляваў да ўжыванняў на пісьме кшталту «жалацельна здзелаць савяшчанне і ісчарпаць эці вапросы, каб саздаць упечатленне». Падобныя ўжыванні, на думку Чорнага, былі абумоўлены той акалічнасцю, што некаторыя пісьменнікі або журналісты насамрэч думалі па-расійску, але ў сітуацыі беларусізацыі 1920-х гадоў пісалі свае творы на беларускай мове. Адпаведна, іх ужыванне характарызавалася шматлікімі расійскімі сінтаксічнымі і лексічнымі ўплывамі. Пісьменнік рэзка адмоўна адзываўся аб гэтым “жаргоне” (словы “жаргон”, “жаргонны” шматкроць сустракаюцца ў розных месцах яго артыкула “Небеларуская мова ў беларускай літаратуры”), у такім маўленні, на яго думку, было мала чаго беларускага. Чорны сцвярджаў, што такая разнавіднасць мовы ігнаруе народную мову, “разбурае наша моўнае багацце” і “шкодзіць нашай беларускай літаратурнай культуры, бо наша літаратурная мова толькі цяпер пачынае крышталявацца”. Пісьменнік у сваім артыкуле разважаў пра тое, у якой меры апраўдана ўжыванне ў мастацкім творы «жаргону» некаторых герояў і прыходзіў да высновы, што такое выкарыстанне павінна быць абачлівым, паколькі, з аднаго боку, «ніводзін сапраўдны мастак слова не дазволіць, каб увесь твор быў у жаргоне гэтых тыпаў”, і, па-другое, героі з падобнымі моўнымі навыкамі не з’яўляюцца тыповымі ў Беларусі11.

Даследуючы гаворкі Парыцкага раёна, у 1929 г. С.Некрашэвіч канстатаваў, што «ў кожнай вёсцы пачуеш і расійскую песьню, і расійскую брыдкую частушку, пачуеш і беларуска-расійскую жаргонную гаворку»12.

Этнограф, фалькларыст, фатограф Ян Булгак (1876—1950) ва ўспамінах пра сваё праведзенае на Наваградчыне дзяцінства так характарызаваў сямейнае ўжыванне перыяду 1880-х гадоў: гутарковая мова сям’і «склалася пад моцным уплывам народнай беларускай гаворкі з дадаткам розных іншых уплываў. Гэта быў крэсовы бігос, не вельмі правільны граматычна, багаты правінцыяналізмамі, рускімі запазычаннямі, народнымі скрыўленнямі… Дзеці… недакладна і неміласэрна калечылі польскую мову гутарковым варыянтам, які нагадваў рускую мову старых літоўскіх актаў XVI і XVII стст.” У іншым месцы Булгак называў штодзённую мову свайго атачэння “нашым паўсядзённым жаргонам”13.

Усё гэта былі, аднак, пераважна толькі дробныя, не заўважаныя лінгвістамі рэмаркі, якія ў будучыні не мелі працягу.

Маўленне людзей, якія больш ці менш інтэнсіўна змешвалі беларускую і рускую мовы, з выкарыстаннем стылізацыі адлюстроўвалася ў некаторых творах беларускай мастацкай літаратуры. Ужо ў напісанай у 1866 г. п’есе В. Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта” парадзіравалася маўленне прыстава Кручкова, якое ўключала вялікую колькасць рускіх слоў14. Змешанае маўленне як мастацкі сродак выкарыстоўваецца таксама ў п’есе “Тутэйшыя” Янкі Купалы, напісанай у 1922 годзе15. У 1970—1980-я гады змешанае маўленне або звычайнае ўключэнне ў беларускае маўленне асобных рускіх формаў як характаралагічны, гумарыстычны або сатырычны сродак абыгрывалі ў сваіх творах пісьменнікі Янка Брыль (аповесць “Ніжнія Байдуны”, 1975), Ніл Гілевіч (раман у вершах ”Родныя дзеці”, 1985), Анатоль Кудравец (апавяданне “Ігнат Сцяпанавіч Вапшчэткі”, 1979), Міхась Клебановіч (зборнік “Ранішняе сонца”, 1981) і інш. Такое абыгрыванне працягваецца і цяпер у паэтычных песенных тэкстах Анемпадыстава, Шалкевіча і інш.16.

Трасянка як дыскурс

Перадгісторыя распрацоўкі тэмы “трасянкі” на старонках газеты “Літаратура і мастацтва” ў 1986—1988 гг.

Першыя заўважныя на ўзроўні грамадскай свядомасці зародкі рэфлексіі наконт пэўнага (непрымальнага) “змешанага” (найперш пісьмовага) маўлення і выпадкі выкарыстання лексемы “трасянка” ў яе моўным значэнні ў сучаснай Беларусі фіксуюцца, праўдападобна, у другой палове 1980-х гадоў, найперш у артыкулах журналістаў і пісьменнікаў. Гэта тэматыка асвятлялася перадусім на старонках газеты «Літаратура і мастацтва”. Тэма “змешанай мовы” не распрацоўвалася непасрэдна і спачатку ў нейкім эмбрыянальным выглядзе прысутнічала ў артыкулах аб мове беларускай мастацкай літаратуры, павышэнні яе культуры. Пачынаючы з другой паловы 1986 года на старонках газеты быў надрукаваны шэраг публікацый, у якіх у той або іншай форме крытыкавалася пэўная недасканалая або і нават “несапраўдная” з пункту гледжання прыдатнасці для ўжывання беларуская мова.


Клопат пра культуру мовы, або барацьба за “народнасць” літаратурнай мовы

У ліпені 1986 года на старонках газеты была надрукавана прамова тагачаснага першага сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў БССР Н. Гілевіча на VIII з’ездзе пісьменнікаў СССР, дзе ён крытычна гаварыў у тым ліку пра творы аўтараў, напісаныя “беднай, канцылярскай, поснай, несакавітай, нацыянальна ненатуральнай, калькіраванай” мовай, звяртаў увагу на тое, што нават кнігі некаторых вядомых пісьменнікаў “дэградуюць у моўных адносінах”17.

9 cтудзеня 1987 года у артыкуле “Каб жыло дрэва культуры…”, прысвечаным сітуацыі з выкладаннем беларускай мовы на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта, Л. Тарасюк канстатавала, што на гэтым факультэце ў той час беларуская мова выкладалася ў вельмі абмежаваных аб’ёмах. З гэтай прычыны аўтарка прызнала заканамерным, што беларускія журналісты “з цяжкасцю валодаюць беларускім словам (часта толькі з дапамогай машыністак-перакладчыц)”18.

У красавіку 1987 года на старонках газеты была змешчана рэцэнзія Г. Малажай на кнігу філалагічных эцюдаў, абразкоў і артыкулаў “Само слова гаворыць” пісьменніка і навукоўца Ф. Янкоўскага. Рэцэнзентка вельмі ўхвальна гаварыла пра неабыякавасць прафесара, загадчыка кафедры беларускай мовы сталічнага педагагічнага інстытута, да розных праблем беларускай мовы. Услед за аўтарам кнігі, які, “дбаючы пра чысціню і асаблівасць” беларускай мовы, у сваёй эсэістыцы не прызнаваў правільнасці ўжывання ў беларускай мове некаторых слоў тыпу клапатлівы (на думку аўтара, яго павінна было замяняцца словам руплівы), рэцэнзентка сфармулявала абагульненую пазіцыю-пажаданне, пазіцыю-сцверджанне для ўсіх беларускіх мовазнаўцаў: “руплівы даследчык не прымае (мелася на ўвазе: не павінен прымаць. – С.З.) непатрэбнага запазычання слоў, не прымае выкарыстання граматычных мадэлей, неўласцівых беларускай мове”19.

Пытанні культуры маўлення на тэатральнай сцэне былі ўзняты ў допісе А. Асташонка, які вельмі крытычна ацаніў маўленчую практыку акцёраў акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы (“лексічныя памылкі сустракаюцца проста жахлівыя, а тонкасці арфаэпіі, ужо не кажучы пра інтанацыйныя асаблівасці беларускай мовы, адступаюць на другі і трэці планы”). Рэдакцыя падтрымала аўтара ў сваёй рэдакцыйнай заўвазе, пазначыўшы, што ў заклапочанасці чысцінёй мовы, якая гучыць з падмосткаў тэатра імя Янкі Купалы, аўтар допіса быў “далёка не адзіны”. Пры гэтым была зроблена спасылка на іншага чытача газеты, які абураўся “моўным сурагатам”, пачутым ім на некаторых спектаклях тэатра20. У водгуках на гэту публікацыю чытачы газеты скардзіліся на тое, што ў тэатры гучыць “ненатуральная беларуская мова”, што тэатр дае ўрокі “як не трэба казаць па-беларуску”, што некаторыя п’есы, якія паслужылі асновай для сцэнічных пастановак кшталту “Верачкі” Макаёнка, напісаны вельмі дрэннай мовай21.

У сярэдзіне 1987 года ў кантэксце гаворкі пра сапраўдную культуру і “падробку пад яе, імітацыю і сурагат”, “сапраўдную” рускую мову, права на развіццё беларускай мовы пісьменнік Яўген Лецка разважаў на старонках газеты пра тое, як трэба было б кваліфікаваць моўныя навыкі гарадскіх жыхароў Беларусі: “Я вельмі сумняваюся, што беларускія гараджане развіваюць і ўзбагачаюць рускую мову.. яны яе хутчэй засмечваюць і збядняюць, навязваюць неўласцівы ёй лад і афарбоўку. І адначасова стрымліваюць развіццё роднай мовы, яе гарадскога гутарковага пласта, што ў сваю чаргу адбіваецца на літаратуры, у прыватнасці стрымлівае станаўленне нашай так званай гарадской прозы”22.

З канца верасня 1987 г. на старонках “ЛіМа” змяшчалася пастаянная рубрыка “Культура мовы”, якая была адкрыта артыкулам “Не ленавацца папраўляць” дацэнта БДУ М. Карповіч, прысвечаным мове сучаснай прозы, разгляданай на матэрыяле апавяданняў. Калі ў гэтым артыкуле вялася ў значнай ступені карпаратыўная гаворка пра нюансы пісьменніцкай працы са словам, уласна, пра тонкасці пісьменніцкага рамясла, то ў наступнай публікацыі рубрыкі, артыкуле журналіста Сяргея Дубаўца “Інструмент складаны, тонкі…”, надрукаваным 2 кастрычніка, пайшла больш шырокая гаворка пра мову беларускага дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА, з вынікамі моўнай практыкі якога сутыкаліся ўсе жыхары Беларусі. Аўтар вельмі крытычна паставіўся да культываванай агенцтвам разнавіднасці беларускай пісьмовай мовы, якая, на яго думку, магла нагадваць “нейкі суцэльны пераклад”. (Пераклад з рускай мовы як спосаб падрыхтоўкі беларускамоўных тэкстаў, натуральна, займаў вельмі значнае месца ў дзейнасці агенцтва.) Між тым, паводле меркавання С. Дубаўца, рыхтаваць пісьмовыя тэксты можна і трэба больш умела, а шматлікім ужывальным у пісьмовай мове ненатуральным выразам “заўсёды можна знайсці адпаведнікі ў народнай лексіцы”. Аўтар сцвердзіў, што “пры ўсёй блізкасці і роднасці рускай і беларускай моў гэта дзве розныя стыхіі, дзве індывідуальныя суладнасці, дзве “экалогіі””. Пафас аўтара артыкула быў скіраваны супраць “механічнага прыпадабнення” беларускай мовы да рускай, ад чаго “мова страчвае сваю суладнасць і мілагучнасць”, супраць ужывання на пісьме “грубай і непрыгожай”, “несапраўднай” беларускай мовы, якую ў народзе слушна могуць называць “исковерканным русским языком”23.

Артыкул М. Карповіч выклікаў два палемічныя водгукі з боку пісьменнікаў М. Дубоўскага і А. Асіпенкі. М. Дубоўскі аспрэчыў разуменне аўтарам артыкула “Не ленавацца папраўляць” спецыфікі мастацкай творчасці, у рэдакцыйнай заўвазе да яго артыкула рэдакцыя паведаміла пра допісы некаторых іншых чытачоў газеты, якія таксама крытыкавалі М. Карповіч, -- гэтым разам за “зусім не ўзорную мову” яе матэрыялу. Рэдакцыя самакрытычна прызнала, што “артыкул М. Карповіч сапраўды трэба было б нам адрэдагаваць больш старанна”, і сцвердзіла, што “пытанні павышэння культуры пісьма стаяць на парадку дня”24.

4 снежня 1987 года на старонках газеты А. Асіпенка наракаў на тое, што ў беларускай сітуацыі “канцылярскія звароты абступаюць чалавека з малых гадоў. Ад іх няма збавення”. Аўтар крытычна згадваў пашыраныя ў рэдактарскай практыцы “нявычытаныя пасля машынкі рукапісы, абы-як скіданыя зборнікі вершаў і прозы, артыкулы з такой мовай, што, па даўняму выразу Янкі Брыля, пяра няма куды ўбіць”. А. Асіпенка проціпаставіў “рэдактара, які недасканала ведае мову” і “вопытнага, пісьменнага рэдактара, які ставіцца да мовы мастацкага твора не з меркамі фармальнай стылістыкі”, сцвердзіў, што ў апошнія гады літаратура стала адступаць перад націскам “чыноўна-бюракратычнай мовы”. На думку пісьменніка, у 1980-я гады літаратары трапілі ў “абсурднае кола моўнай безвыходнасці”, а пытанне культуры мовы “набывала ўсё больш глабальны характар, станавілася справай агульнадзяржаўнай”. У сваім артыкуле пісьменнік сярод іншага імкнуўся ў тым ліку высмеяць непрымальныя рысы навуковага стылю, якія ён ўбачыў у “каструбаватай, псеўданавуковай” мове артыкула М. Карповіч25.

Засяроджванне падчас абмеркавання праблем літаратурнай мовы пераважна на мастацкім стылі і, адначасова, недастатковы ўлік спецыфічных патрэб навуковага і адміністрацыйна-дзелавога стыляў беларускай мовы, пэўнае іх “пагардлівае” “непрызнанне”, складае пэўную традыцыю беларускага пісьменніцкага – і не толькі, гл. ніжэй -- дыскурсу аб мове. Праявы падобнага падыходу можна было заўважыць, напрыклад, яшчэ ў артыкулах канца 1920-х гадоў Кузьмы Чорнага. Гэты аўтар падкрэсліваў, што беларуская мова з’яўляецца “мовай беларускіх казак і песень”, і ў пошуку вельмі пажаданага ў пісьменніцкай творчасці “жывога кніжнага слова” часам адмаўляў як “несапраўдныя” некаторыя ўжывальныя ў адміністрацыйна-дзелавым стылі формы, якія не мелі аналагаў у народнай мове26. У некаторых папулярных публікацыях 1940-1960-х гадоў аб беларускай мове часам праводзілася выразная мяжа паміж народнай мовай і “кніжнай”, пры гэтым “кніжная” звычайна разглядалася як бедная і заштампаваная, а паняцце народнасці служыла “бадай, адзіным крытэрыем ацэнкі моўных сродкаў незалежна ад сферы іх ужывання і функцыі”27. Падобныя падыходы часам давалі вынікам радыкальныя высновы, згодна з якімі практыка літаратурнай мовы ў цэлым не павінна была разыходзіцца з практыкай народнай мовы. Так, у 1957 годзе ў сваіх артыкулах “За чыстату мовы” і “Думкі аб мове” пісьменнік Янка Скрыган, напрыклад, крытыкаваў выкарыстанне ў мастацкай літаратуры і публіцыстыцы аддзеяслоўных назоўнікаў тыпу з’яўленне, заканчэнне, выданне, прыход, без якіх, несумненна, проста немагчыма ўявіць сабе, прынамсі, публіцыстычны стыль. Літаратурных крытыкаў Д.Бугаёва і Р.Шкрабу ў плане культуры мовы не задавальнялі некаторыя неад’емныя праявы навуковага (ужыванне адцягненых назоўнікаў з суфіксамі -асць, -энне) або дзелавога стыляў (клішыраваныя выразы), у сувязі з чым яны прапаноўвалі карыстацца толькі зусім простымі “народнымі” выразамі і канструкцыямі28. Перакананне, што беларуская мова выключна “народная”, настолькі моцна ўкарэнена ў пэўных колах беларускай інтэлігенцыі, што часам некаторыя прадстаўнікі гэтых колаў выказваюцца за неабходнасць пазбягання ў беларускай мове некаторых звычайных (трэба думаць, “празмеру вучоных”) слоў тыпу функцыянаваць / функцыяніраваць29, або выказваюць шкадаванне з той нагоды, што ў навучальных дапаможніках ужываюцца словы кшталту функцыяванне, рэсурсы, зафіксавана30.

У сакавіку 1988 г. на старонках “ЛіМа” быў надрукаваны артыкул “Служэнне слову” мовазнаўца Алеся Каўруса, у якім разглядаліся моўныя погляды Кузьмы Чорнага і Уладзіміра Дубоўкі, чый клопат “пра ўзбагачэнне мовы, роздум пра шляхі яе развіцця і ўдасканалення не страцілі сваёй актуальнасці і сёння”. Кузьма Чорны, сцвярджаў Каўрус, напамінаў літаратарам пра іх гістарычную адказнасць у справе зберажэння “моўнага багацця, якое Беларусь збірала і ахоўвала ўсе доўгія вякі”, абураўся тымі аўтарамі, якія не выкарыстоўвалі моўнага багацця, хто “няўважлівымі, абыякавымі адносінамі да слова псаваў, калечыў мову”. Аўтар артыкула прыводзіў меркаванне Кузьмы Чорнага, згодна з якім мова мастацкіх твораў павінна была быць “простаю, жывою – гэтакаю, якою яна жыве, а не прыдумліваецца”; сярод іншага Каўрус станоўча ацаніў усе канкрэтныя рэкамендацыі Кузьмы Чорнага, выказаныя ім ў яго артыкулах. На думку Каўруса, “вопыт дбайнага абыходжання са словам” Кузьмы Чорнага і Уладзіміра Дубоўкі быў “павучальным і каштоўным для сучаснай моўна-літаратурнай практыкі”31. У пазней выдадзенай кнізе “Мова народа, мова пісьменніка”, у якую ўвайшоў і артыкул “Служэнне слову”, А. Каўрус узмацніў матыў неабходнасці для пісьменніка ведаць народную мову: “парушэнні лексічнай і сінтаксічнай спалучальнасці слоў, граматычныя і стылістычныя памылкі ідуць ад няведання жывой народнай мовы, ад таго, што аўтар думае не па-беларуску і пераносіць у беларускую мову неўласцівыя ёй словазлучэнні і сказы”32.

У надрукаваным у лютым-сакавіку 1989 года цыкле артыкулаў Н. Гілевіча “Паміж былым і наступным” сярод іншага падкрэслівалася неабходнасць для пісьменнікаў “пачаць вялікую гаворку пра мову нашай літаратуры”, паставіць пытанні моўнага майстэрства у цэнтр увагі. На думку аўтара, выдатная літаратура не можа стварацца на “пачварным моўным валапюку, на ўбогім канцылярскім жаргоне”, між тым беларуская літаратурная мова “страціла жывое натуральнае гучанне і стала падобнай на кепскі, непісьменны, калькаваны пераклад з рускай”, “тэндэнцыя псавання, калечання і нявечання мовы” ў тагачаснай мастацкай літаратуры Беларусі “набірала сілу”33.

Шэраг публікацый на тэму культуры мовы на старонках пісьменніцкай газеты на працягу 1987 – 1988 гадоў абумовіў правядзенне 27 красавіка 1989 года спецыяльнага пленума Саюза пісьменнікаў на тэму “Нацыянальная свядомасць і культура слова”. Абмеркаванне на форуме было больш шырокім у параўнанні з назвай, у садакладзе Ніла Гілевіча на гэты конт было заяўлена, што больш дакладнай тэма пленума выглядала б так: “Нацыянальная самасвядомасць і лёс роднага слова”. Праблематыка культуры мовы ўспрымалася ініцыятарамі правядзення пленума як выключна важная для лёсу мовы ў цэлым: як сцвердзіў Ніл Гілевіч, “у нашых умовах паняцце культура слова можна разумець і як лёс роднага слова”. На пленуме чарговы раз прагучалі філіпікі на адрас “адной з самых вялікіх бед нашай мовы – бязбожнага, жахлівага калькавання з рускай лексікі, фразеалогіі і сінтаксісу”34. У спрэчках па дакладах спецыяльна абмяркоўвалася праблема так званага “скрытнага перакладу”, калі, створаныя на рускай мове, шматлікія тэксты да чытача траплялі на дрэннай беларускай мове і ўспрымаліся ім як першапачаткова беларускія. Было сцверджана, што да справы перакладу з рускай мовы на беларускую ў гэты час часта прыцягваліся некваліфікаваныя, выпадковыя людзі, што ў цэлым негатыўна ўплывала на ўзровень беларускамоўнага друку. Адзін з выступоўцаў выказаў меркаванне, што сітуацыю, пры якой “пісьменнік сёння яўна грашыць моўнымі недакладнасцямі, калькамі, моўныя запасы яго звужаны”, прыходзіцца лічыць заканамернай35.

У сярэдзіне 1989 года паэтэса Д. Бічэль-Загнетава выказала меркаванне аб тым, што існуе патрэба “вяртаць словы з клінічнай смерці”, “рыхтаваць рэформу мовы супраць рэформы 1933 года”, прычым гэта рэфарматарская актыўнасць павінна быць складовай часткай дзейнасці новаўтворанай грамадскай арганізацыі “Мартыралог Беларусі”36. Выключна крытычную ацэнку стану тагачаснай беларускай батанічнай тэрміналогіі і, адначасова, навуковых даследаванняў у гэтай галіне знаходзім у допісе студэнта А. Гуркова “Развіццё -- у адметнасці”. З нагоды фактычнага матэрыялу манаграфіі Л. Антанюк “Беларуская навуковая тэрміналогія: фарміраванне, структура, упарадкаванне, канструяванне, функцыяніраванне” (Мінск, 1987) у зацемцы гаварылася пра “исковерканный русский язык” і сцвярджалася, што развіццё беларускай тэрміналогіі можа быць “толькі ў арыгінальнасці і адметнасці”37.

Пафасам пералічаных матэрыялаў, апублікаваных у пісьменніцкай газеце, было сярод іншага сцвердзіць, што далёка не кожнаму аўтару, які можа ведаць правілы граматыкі беларускай мовы, аднак не знаёмы з народнай мовай і правіламі “добрага густу” ў літаратурнай творчасці, дадзена быць не толькі сапраўдным пісьменнікам, але і пісьменнікам увогуле. Пры дапамозе ўстанаўлення высокага крытэрыю валодання “сапраўднай”, “народнай” мовай, якая не ігнаравала б моўнага багацця народных гаворак, рабілася спроба паставіць бар’ер на шляху “нудных, нецікавых, зацяганых з пункту гледжання моўнага майстэрства мастацкіх (і не толькі мастацкіх) твораў”38, якія ў той час запаланілі рэдакцыі літаратурных выданняў. Падспудна выказаная тут думка, згодна з якой напісаны недастаткова “народнай” мовай твор можа быць толькі “нудным” і “нецікавым”, з’яўляецца адлюстраваннем той акалічнасці, што павышэнне мастацкага ўзроўню пасляваеннай беларускай літаратуры ў 1960 – 1980-х гадах адбывалася паралельна з паслядоўных вызваленнем яе мовы ад устойлівых шаблонаў, забароны на ўжыванне каларытных народных слоў, навязаных ёй літаратурнай крытыкай 1930-х гадоў.

Звяртанне да тэмы мовы літаратуры на старонках газеты “Літаратура і мастацтва” ў канцы 1980-х гадоў было абумоўлена той акалічнасцю, што ва ўмовах імклівай русіфікацыі Беларусі 1970-1980-х гадоў, у сітуацыі змены беларускай мовы рускай у беларускай мове натуральным чынам сталі заўважацца некаторыя прыкметы выраджэння39. У гэты час сярод аўтараў беларускамоўных твораў аформілася група “новых” гараджан, білінгваў, якія ў штодзённым жыцці карысталіся найперш рускай мовай і, магчыма, ведалі яе лепш за беларускую. Прымяняльна да мовы беларускай мастацкай літаратуры яны былі своеасаблівымі “паўмоўцамі” (анг. semi-speakers) (пра праблему “паўмоўя” падрабязней гл. ніжэй), адпаведна узус іх беларускамоўных твораў (напісаных звычайна на вясковую тэматыку) насамрэч часам меў адбітак другаснасці, траціў рысы натуральнасці і арыгінальнасці. Уласна, у цэлым цяжка запярэчыць гэтым аўтарам у валоданні правільнай лексікай і граматыкай беларускай мовы, і найбольшая праблемы, з якой яны сутыкаліся, была праблема адчувальнасці розных стылістычных рэгістраў беларускай мовы, так неабходная ў мастацкай творчасці. Між тым акурат нячуласць да стылістыкі найперш вылучаецца, калі гаворка ідзе пра ўздзеянне моўнага выраджэння на моўную структуру; таксама гаворыцца пра страту некаторых канкрэтных мадэляў дыскурсу, уласцівых пэўным страчаным стылям40. Увогуле, у сітуацыі ўсё нарастаючай русіфікацыі і ўсё большай канкурэнцыі беларускамоўнай літаратуры з рускай вялікае значэнне меў сам выбар такімі аўтарамі беларускай мовы, аднак, па-першае, невыкарыстанне ў загрожанай, якая знаходзіцца ў стане заўсёднай канкурэнцыі з рускай, беларускай мове разнастайных моўных рэсурсаў ўспрымалася як больш сур’ёзная праблема ў параўнанні з аналагічнай праблемай у рускай мове, чыя пазіцыя намнога больш моцная. Па другое, часам даволі відавочная няўмелая, “другасная” мова твораў такіх аўтараў магла кампраметаваць літаратурную творчасць на беларускай мове ў цэлым (беларускія чытачы зусім не сутыкаліся з такой з’явай ў рускай літаратуры), аслабляла яе пазіцыі ў канкурэнцыі з рускай. Таму праблема “сапраўднай” мовы ў літаратурнай творчасці, пазней трансфармаваная ў тэму “вяртання” мове “сапраўднага беларускага аблічча” (Ніл Гілевіч, ІІ з’езд Таварыства беларускай мовы, чэрвень 1991 года), была добра зразумелай чытачам беларускай літаратуры канца 1980-х гадоў і ўспрымалася як вельмі сур’ёзная. У ідэалагічным плане атакі на “несапраўдную” мову з’яўляліся пэўным эўфемістычным заменнікам грамадскай крытыкі “таталітарнай”, “драўлянай” “навамовы”, “мовы хлусні” (падобныя выразы, аднак, яшчэ пакуль не ўжываліся), у рамках якой пэўнай “фальшывай”, “штучнай” (у беларускім выпадку: створанай пад рускім уплывам) мове процістаўлялася пэўная “сапраўдная” мова, у беларускім выпадку -- “народная”, беларуская.

  1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка