Сяргей Запрудскі (Мінск) Назвы беларускай мовы ў працах даследчыкаў




старонка1/3
Дата канвертавання20.03.2016
Памер407.91 Kb.
  1   2   3
Сяргей Запрудскі (Мінск)

Назвы беларускай мовы ў працах даследчыкаў

ХІХ стагоддзя. Працы 1800 – 1810-х гадоў
Апублікавана: Беларусь і беларусы ў прасторы і часе. Зборнік да 75-годдзя прафесара Адама Мальдзіса. Пад рэдакцыяй Сяргея Запрудскага, Аляксандра Фядуты, Захара Шыбекі. Мн., 2007. С. 252–268.
Перарабляць самавольна назву народаў і іх мовы ёсць, вядома ж, важная памылка і заўсёды спараджае новыя.

І. Магілеўскі, Аб рускай мове, [1829] 1838

0. Уступныя заўвагі.

У навукова-папулярных і навуковых працах прафесара Адама Мальдзіса шматкроць закранаецца пытанне аб выкарыстанні для наймення Беларусі і беларускай мовы розных назваў.

Так, напрыклад, пішучы ў «Падарожжы ў ХІХ стагоддзе» пра зборнік Яна Чачота 1846 года, Адам Мальдзіс удакладніў, што беларускую мову Чачот называў крывіцкай (Мальдзіс 1969, 20). У «Падарожжы...» шмат разоў ужыта назва Літва, прыметнік літоўскі, якія ўключалі ў сябе паняцці Беларусь, беларускі. Гэта акалічнасць звычайна тлумачылася аўтарам: «шматпакутнай Літвы (як тады называлі і Беларусь)» – с. 78 (тут і далей усе неагавораныя вылучэнні ў цытатах – нашы. – С.З.); «у Літве (як тады называлі і Беларусь)» – с. 91; «народ у Літве (г. зн. у Беларусі)» – с. 109 і інш. У кнізе рассеяна нямала азначэнняў з кампанентамі літоўскі, беларускі, рускі з неўласцівымі сучасным значэннямі (многія з іх спецыяльна тлумачыліся аўтарам): «добра ведалі наш літоўскі (г. зн. беларускі) народ» – с. 13; «літоўскі патрыятызм» – с. 48; «грэка-рускае (праваслаўнае) веравызнанне» – с. 50; «агульны нарыс літоўскай (г. зн. беларускай) вёскі» – с. 50; «літоўска-руская грамада» – с. 68; “так званы «беларускі» (па іншых крыніцах – «літоўскі») гурток” – с. 77 – 78 і інш.

У нарысе «Шляхі вялі праз Беларусь» Адам Мальдзіс разам з яго суаўтарам заўважылі, што «па традыцыі, якая ішла яшчэ з часоў старажытнарускай дзяржавы», беларускія землі ў XVI ст. называліся «таксама Руссю, беларусы – русінамі, а беларуская мова – русінскай мовай» (Грыцкевіч, Мальдзіс 1980, 23). У фрагменце, прысвечаным славацкаму падарожніку пачатку XVIII ст. А. Крману, аўтары зазначылі, што «ў адпаведнасці з тагачаснымі ўяўленнямі» ён называў беларускую мову літоўскай (Тамсама, 53). Цытуючы выказванне І. Анацэвіча 1822 г. аб выкарыстанні моў у Жырмунах, аўтары нарыса ўдакладнілі, што тэрмін руская мова ў выразе «граніца паміж рускай і літоўскай мовамі», быў ўжыты ў значэнні ‘беларуская мова’ (Тамсама, 159). Згадваючы аўтара сярэдзіны XVI ст. Паола Джовія Навакомскага, В. Грыцкевіч і А. Мальдзіс прывялі яго сведчанне аб тым, што «маскавіты, як і славяне, далматы, багемцы, палякі і літоўцы (тут аўтары зрабілі ўдакладненне, што пад літоўцамі маюцца на ўвазе славянамоўныя жыхары ВКЛ. – С.З.) ужываюць ілірыйскую мову і ілірыйскія пісьмёны» (Тамсама, 52).

У працы «Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры ХVIIІ стагоддзя» былі змешчаны невялікія раздзелы «Пошукі ўласнага імя» і «Веданне беларускай мовы», у якіх аўтар сведчыў, што назва Беларусь у мемуарных творах XVIII ст. ужывалася рэдка, недакладна, пераважна ў дачыненні да Полаччыны, Віцебшчыны і Магілёўшчыны. Аўтар сцвярджаў, што (жыхары Беларусі) «літвіны» і «ліцвякі», як правіла, добра ведалі беларускую мову. Пад пяром мемуарыстаў (М. Матушэвіча, Я. Тышкевіча) яна называлася рускай, аднак Г. Жавускі ўжываў таксама выраз беларускі дыялект як проціпастаўлены рускай мове прыбылага на Віцебшчыну намесніка Пасека (Мальдзіс 1982, 88 – 92; гл. таксама: Мальдзіс 2001, 128 – 133). Аўтар сам ужыў выраз беларусчына (“«беларусчына» часам была своеасаблівым сродкам зносін паміж мясцовымі магнатамі і рускімі саноўнікамі”, Мальдзіс 1982, 90), што – калі мець на ўвазе пераважна польскую мову выкарыстаных ім крыніц – можа падштурхоўваць да здагадкі, што ў разгляданых творах мог сустракацца выраз białoruszczyzna.

У іншых сваіх працах юбіляр выказаў гіпотэзу адносна разумення тэрміна літоўскі прымяняльна да спадчыны С. Богуш-Сестранцэвіча (Мальдзіс 1974a; Мальдзіс 1974b, 83 – 84; Мальдзіс 1980, 260). У прыватнасці, ён сцвердзіў, што за тэрмінам літоўскі ў дачыненні да нязнойдзенага філалагічнага рукапісу Богуш-Сестранцэвіча хаваецца тэрмін беларускі. З прац прафесара А. Мальдзіса вынікае, што

– у XVI стагоддзі беларуская мова сярод іншых назваў мела найменне русінскай, поруч з іншымі славянскімі – ілірыйскай

– у XVIII стагоддзі заходняя і цэнтральная часткі Беларусі часта называліся Літвой, а беларуская мова называлася літоўскай, рускай,

– у працах ХІХ стагоддзя Беларусь часта называлася Літвой, а беларуская мова магла выступаць пад назвамі крывіцкая мова, руская мова, літоўская мова, «беларускі дыялект».

1. Пытанне назваў беларускай мовы (на адрозненне ад назвы Беларусь) на працягу гісторыі і ў ХІХ ст., у прыватнасці, разглядалася ў навуковай літаратуры пераважна мімаходзь.



1.1. Так, у пачынальніка беларускай філалогіі Я. Карскага знаходзім заўвагі наконт таго, што ў аўтараў XVI ст. (Ф. Скарыны, аўтараў Статута 1588 г., Р. Хадкевіча, Лаўрэнція Зізанія) беларуская мова называлася рускай або простай рускай. Карскі, зрэшты, зазначае выкарыстанне ў Лаўрэнція Зізанія (XVI ст.) і Памвы Бярынды (XVII ст.) тэрміна літоўскі , а таксама ўжыванне ў XVII ст. Юрыем Крыжанічам «і ўвогуле ў Маскоўскай Русі» назвы беларуская мова (Карский 2006, 322 323). Заснавальнік беларускай філалогіі прыводзіць выкарыстанне ў прыпісцы да аднаго рукапісу ў зборы Буслаева (ХІХ ст.) тэрміна «польска-рускі пераклад», падае ўжыванне лінгвоніма беларуская мова В. Сопікавым – пераважна, паводле Карскага, у дачыненні да твораў паўднёва-заходнерускага (г. зн. украінскага) паходжання (Тамсама, 323 324). У цэлым у працах Я. Карскага рассеяна вельмі многа канкрэтных сведчанняў аб назвах беларускай мовы, якія, аднак, ён, здаецца, не імкнуўся сістэматызаваць.

1.2. У галоўнай працы па гісторыі беларускага мовазнаўства, падрычніку Льва Шакуна, сустракаюцца толькі мімалётныя заўвагі адносна таго, што ў ХІХ ст. беларусаў называлі «беларусцамі», «ліцвінамі», «літвякамі», «крывічамі», «русінамі», а мову беларускіх помнікаў у канцы XVIII – пачатку XIX стагоддзя «і беларускай, і заходнярускай (часцей), а то і літоўска-рускай, польска-рускай, польска-маларуска-рускай і яшчэ як-небудзь інакш, што яскрава выяўляе ўзровень тагачаснай навукі» (Шакун 1995, 33, 39). Як відаць з прыведзенай цытаты, Л. Шакун, верагодна, лічыў пэўнага роду непаразуменнем тую акалічнасць, што ў пачатку ХІХ ст. беларуская мова не мела стабільнай, уніфікаванай назвы; тым больш крытычна ён ставіўся да наяўнасці складаных («праз дэфіс») назваў тыпу літоўска-руская, польска-руская і пад. Можна меркаваць, што падобны падыход у той або іншай ступені ўласцівы і іншым сучасным аўтарам. Нядаўна В. Булгакаў заўважыў, што ў першай палове ХІХ ст. польскія інтэлектуалы нібыта наўмысна не культывавалі адзінай назвы беларускай мовы і называлі яе то славяна-крывіцкай, то рускай, то літоўска-рускай, то рутэнскай, то русінскай, то польска-рускай, то крывіцкай, то славяна-літоўскай (Булгакаў 2006, 114). Трактуючы ўжыванне ў 1842 г. П. Шафарыкам выразу літоўска-руская гаворка, А. Каўка лічыць, што гэтым «памылковым» тэрмінам чэшскі славіст абавязаны выдадзенаму ў Маскве ў 1836 г. «Зборніку Муханава» (Кавко 1995, 55). Разважаючы пра тое, чаму першая друкаваная беларускамоўная кніга ХІХ ст. (Krótkie zebranie nauki chrześcijańskiej dla wieśniaków mówiących językiem polsko-ruskim wyznania rzymsko-katolickiego, Вільня, 1835) мела ў сваёй назве выраз польска-руская мова, М. Хаўстовіч выказаў меркаванне, што адной з прычын магло быць тое, што яе ўкладальнік «не ведаў адпаведнага наймення тае мовы, на якой звяртаўся да чытача» (Хаўстовіч 2007, 181). З падобных кваліфікацый вынікае, што на пераломе 1830 – 1840-х гг. адпаведная назва для беларускай мовы (маецца на ўвазе, натуральна, тэрмін беларуская мова) ужо існавала, аднак гэта не былі выразы літоўска-руская гаворка ці польска-руская мова.

1.3. На працягу апошняга часу назвы Беларусь, беларус, беларускі і сумежныя найменні прыцягнулі даволі значную ўвагу беларускіх даследчыкаў, пры гэтым дадзеныя праблемы былі закрануты не толькі ў некаторых агульных працах (Запруднік 1996; Гістарычны шлях 2001; Сагановіч 2001; Шыбека 2003), але і ў некалькіх спецыяльных публікацыях (Імя тваё 1991; Сагановіч 1992; Белы 2000; Некрашевич-Короткая 2003; Лабынцев 2005; Щавинская 2005, Баршчэўская 2007, Латышонак 2007). У шэрагу даследаванняў, у тым ліку ініцыяваных юбілярам, праблема назваў беларускай мовы закранаецца ўскосна (параўн., напрыклад: McMillin 1966, Беларусь у Вялікім княстве Літоўскім 1992, Мякишев 1999, Bieder 2004, Bieder 2006). У некаторых працах, у тым ліку акадэмічнага і навучальнага характару, міжволі можна заўважыць тэндэнцыю акцэнтаваць ўвагу на выкарыстанні назваў Літва, ліцвіны, літоўскі (ліцвінскі) і, адпаведна, недаацэньваць гістарычнасць resp. натуральнасць назвы Беларусь, беларусы, беларускі (параўн., напрыклад: Шыбека 2003, 13 – 14, 51; Хаўстовіч 2001, 153) ГЛ. КАНЕЦ ГЭТАГА ФАЙЛА!. Тэндэнцыя папулярызаваць назвы Літва, літоўскі, ліцвінскі ў якасці назваў Беларусі і яе азначэння з асаблівым энтузіязмам была ўспрынята сярод непрафесіяналаў і некаторых пісьменнікаў (параўн., напрыклад: Тобін 2007).

2. З вышэй згаданай літаратуры атрымліваецца, што ў ХІХ ст. беларуская мова магла называцца:

– І. беларускай

– ІІa. рускай, а таксама складанымі назвамі з апорным кампанентам -рускі (ужываным не на першым месцы): заходнярускай, літоўска-рускай, польска-рускай, польска-маларуска-рускай

– IIb. русінскай

– IIc. рутэнскай

– III. літоўскай, а таксама складанымі назвамі з кампанентам -літоўскі (ужываным на першым або другім месцы): літоўска-рускай, славяна-літоўскай

– IV. крывіцкай, а таксама складанай назвай з кампанентам -крывіцкі: славяна-крывіцкай.

Сітуацыя, калі нейкая мова на нейкім этапе свайго развіцця мела аж 12 назваў,1 відаць, з’яўляецца не вельмі звычайнай.

2.1. Дадзенае прадстаўленне патрабуе некаторага мінімальнага каментару.

Першае. Тэрмін беларускі, несумненна, вытворны ад тэрміна рускі. Нягледзячы на гэта з прычыны вялікага значэння тэрміна беларускі і з-за выразнай адмежаванасці гэтых назваў сёння ў нашай класіфікацыі выраз беларускі вынесены на першае месца і пададзены асобна ад тэрміна рускі.

Другое. Тэрміны рускі, русінскі і рутэнскі разглядаюцца намі як этымалагічна тоесныя. Варыянтнасць русінскі / рутэнскі ўзнікла з прычыны сутыкнення ў рамках адной мовы славянскай і лацінскай практыкі: тэрмін рутэнскі мае, несумненна, неславянскае паходжанне. Праўдападобна, і тэрмін русінскі мог выкарыстоўвацца не толькі як спрадвечны, але і пад уплывам неславянскіх найменняў Ruthen /us, /-isch, /-ian.

3. Якія ж былі прычыны выкарыстання ў ХІХ стагоддзі разнастайных тэрмінаў для наймення беларускай мовы? Ці прыведзены пералік вычэрпвае ўсе назвы? Чым кіраваліся розныя аўтары, абіраючы тую або іншую назву? Ці быў у многіх з іх выбар увогуле? Як суадносілася ўжыванне розных лінгвонімаў з этнонімамі? Чаму не выкарыстоўвалася уніфікаванае найменне? На некаторыя з гэтых пытанняў мы паспрабуем адказаць у дадзенай публікацыі, выразна ўсведамляючы, што яна з’яўляецца толькі першым подступам да вялікай тэмы.

3.1. Насуперак погляду аб палітычным уплыве на мовазнаўства пачатку ХІХ ст. (Шакун, Булгакаў і іншыя) ужыванне ў гэты час у навуковых працах розных назваў беларускай мовы, згодна з нашымі дадзенымі, не залежала ад палітычнай кан’юнктуры. Апантаныя азартам першаадкрывальнікаў, многія навукоўцы гэтага часу імкнуліся прадставіць навуковай грамадскасці новую, дагэтуль малазнаную навуцы (беларускую) мову або проста згадвалі яе ў сваіх працах – і не больш за тое. Ва ўмовах, калі не існавала аднастайнай назвы Беларусі ў яе сучасных геаграфічных абшарах, а розныя яе часткі называліся па-рознаму, складана чакаць, каб для назвы мовы беларусаў існавала нейкае аднастайнае найменне. Адпаведна ў першай палове ХІХ ст. яно проста не магло папулярызавацца ўсімі навукоўцамі. Тэрміны, якімі карысталіся ў гэты час даследчыкі, былі абумоўлены не (столькі) палітычнай кан’юнктурай, а пэўнымі традыцыямі, якія ішлі з папярэдняга часу, або жаданнем (гэта асабліва справядліва для складаных тэрмінаў) найбольш адэкватным спосабам абазначыць характар «новай» мовы. Пры размеркаванні разнастайных тэрмінаў дзіўным чынам перапляталіся энда- і экзалінгвонімы, рознамоўная (польска-, расійска-, нямецка-, чэшскамоўная) навуковая практыка, выкарыстанне розных назваў у этна-культурным, палітычна-грамадзянскім, адміністрацыйным і канфесійным значэнні, этнічнае паходжанне і дзяржаўная прыналежнасць аўтараў лінгвістычных прац, апора на пісьмовую vs вусную практыку выкарыстання тых або іншых лінгвонімаў і інш. Варта ўлічваць, што ў пачатку ХІХ ст. не толькі тэрмін беларускі ў дачыненні да мовы яшчэ не меў сучаснага зместавага напаўнення, але і назвы рускі і літоўскі мелі «дыфузныя», няўстойлівыя ў тэрміналагічным плане (і адрозныя ад сучасных) значэнні і яшчэ не былі трывала замацаваны за назвамі моў сучасных рускага і літоўскага народаў.

Уласцівы працам першай паловы ХІХ ст. разнабой у найменаванні беларускай мовы сягнуў і ў другую палову ХІХ ст. У сваіх «Нататках адносна беларускай гаворкі» 1852 г. Ф. Галатузаў сцвярджаў, што існуе шмат спрэчных думак наконт яе назвы: «Праўда, ёй звычайна ўсвойваецца назва беларуская; аднак ёсць вучоныя, якія лічаць, што гэта назва памылковая, і што яе трэба называць руськай […]; іншыя прыдаюць ёй і адну, і другую назвы разам […], або называюць яе таксама і літоўска-рускай …» (Прыгодзіч 2007, 24).

4. Назва руская мова ў XVI – XVIII стагоддзях

4.1. Як вядома, у беларускім пісьменстве старажытнага перыяду беларуская пісьмовая мова мела назву руская мова (руский языкъ) (Жураўскі, Прыгодзіч 1994, 147), такая назва ўжывалася, прынамсі, з XIV ст. У прадмове да сваёй «Бібліі» Скарына вызначыў назву свайго твора так: «Бивлиа греческим языком по рускии сказуется книги». Усходнеславянскі першадрукар тлумачыў, што ён «положилъ есми на боцех некоторыи слова для людей простых… рускимъ языкомъ». Выраз руская мова ўзнаўляўся ў Катэхізісе Сымона Буднага 1562 г., прызначаным для «для простых людей языка руского», а таксама ў трэцяй рэдакцыі Статута ВКЛ 1588 г., дзе ў 3-м артыкуле ІІІ раздзела мова Статута называлася рускай: «на руский езык преложона и руским же писмом». З лінгвістычнага пункту гледжання замест старажытнага тэрміна руская мова (руский язык) зусім апраўдана ўжываць назву беларуская мова, бо «якраз мова іменна гэтай беларускай часткі (Вялікага княства Літоўскага. – С.З.) і паслужыла асновай сістэмы фанетычных, граматычных і лексічных сродкаў пісьменнасці эпохі Вялікага княства Літоўскага» (Жураўскі 1998, 451).

Назва руская мова ўжывалася і за межамі беларускай тэрыторыі. Так, у выдадзеным на лаціне ў 1517 г. «Трактаце пра дзве Сарматыі» (твор перавыдаваўся ў XVI ст. 18 разоў) Мацея з Мехава (Maciej z Miechowa) звярталася ўвага на тое, што у Ноўгарадзе, Пскове, Полацку, Смаленску размаўляюць на рускай мове (Ruthenicum), на гэтай мове ў Вялікім княстве Літоўскім здзяйсняецца юрыдычная практыка (Dini 2000). Руская мова сярод іншых славянскіх (польскай, чэшскай, харвацкай, баснійскай, сербскай, рацкай, балгарскай) была названа ў працы польскага аўтара Л. Гурніцкага 1566 г. (гл.: Rudnik-Karwatowa 1996, 89).



Працу Мацея з Мехава выкарысталі швейцарскія гуманісты Тэадор Бухман (Бібліяндар) (Buchmann (Bibliander) Theodor) і Конрад Геснер (Konrad Gessner), калі друкавалі свае вядомыя развагі аб паходжанні розных моў, уключаючы славянскія. Аўтар працы 1548 г. De ratione communi omnium linguarum et litterarum commentarius, Бібліяндар падаў звесткі пра беларускую і ўкраінскую мовы (Rutenicus sermo) (Банькоўскі-Цуліг 1991, 11). У працы К. Геснера Mithridates (1555) сярод 60-ці славянскіх народаў беларусы выступалі пад назвамі русаны або рутэны (Russani, Rutheni) (Мыльников 2000, 124 – 125), cмаленцы (Smolenses), магчыма, таксама пад назвай літоўцаў / ліцвінаў (Li(h)tuani) (гл. ніжэй).

На пэўны час за межамі Маскоўскай дзяржавы тэрмін рускія сталі ўжываць не да ўсёй Русі, а толькі да той яе часткі, якая ўваходзіла ў Польскае каралеўства і Вялікае княства Літоўскае (Мыльников 1999, 82). А. Мыльнікаў сцвярджае, што к канцу XVII ст. падобная тэрміналогія стабілізавалася і робіць абагульненне, што ў XVI – XVII стст. немаскоўскія аўтары пад рускімі часцей за ўсё разумелі акурат украінска-беларускае насельніцтва Польска-Літоўскай дзяржавы, спасылаючыся ў тым ліку на практыку кіеўскага «Синопсиса», дзе Москва (маскавіты) і Росы (украінцы і беларусы) былі пададзены асобна (Тамсама, 83 – 84). Зразумела, гэта акалічнасць спрыяла шырокаму выкарыстанню тэрміна руская мова ў дачыненні да беларускай (і ўкраінскай) мовы.

У XVI – XVII ст. як у Беларусі, так і за яе межамі для наймення беларускай мовы гэта назва шырока бытавала. У вядомым вершы Яна Казіміра Пашкевіча, датаваным 1621 г., сцвярджалася:

Полска квитнет лациною,

Литва квитнет русчизною.

Без той в Полсце не пребудешь,

Без сей в Литве блазнем будеш.

Міхалон Літвін, аўтар працы «Пра норавы татар, ліцвінаў і маскавітаў» (напісана на лаціне да 1550 г.) называў рускую мову (idioma Ruthenicum) чужой для літоўцаў, неадабральна ставіўся да выкарыстання ёю маскоўскага алфавіту (literas Moscouiticas) (Дини 1999, 44; Семянчук 1999, 214 – 215). Падчас свайго знаходжання ў Варшаве ў 1646 г. харвацкі місіянер Юрый Крыжаніч гаварыў ганцу маскоўскага цара Г. Дохтураву, што ён прыбыў у Рэч Паспалітую, «каб навучыцца польскай і беларускай мовам (Polonicam et Rutenicam); але сярод усіх найбольш жадаю навучыцца вашай маскоўскай» (vestram Moscoviticam)» (цыт. паводле: Долобко 1937, 7). У напісанай на лаціне падчас побыту ў Вільні працы «Кіева-Пячорская лаўра» пратэстанта Ёгана Гербіна (Яна Капусты) (выдадзена ў Йене ў 1675 г.) руская (Ruthenica) і маскоўская (Moscovitica) мовы таксама падаваліся асобна (Gerbinius 1675, 167). Падобнае размежаванне было звычайнай практыкай: А. Мыльнікаў сцвярджае, што да пэўнага часу ў творах заходнеславянскіх і іншаславянскіх гісторыкаў і філолагаў руская мова ў якасці «заходнерускай» (беларуска-украінскай) мовы пры пералічэнні ставілася ў адзін шэраг з маскавіцкай мовай. Згодна з гэтым аўтарам, прыкладна з сярэдзіны XVII cт., аднак, паняцці руская і маскавіцкая мовы сталі ўсё больш атаясамлівацца (Мыльников 1999, 85).

Спецыфічным было выкарыстанне азначэння рускі ў дачыненні да мовы ў Маскоўскай Русі, дзе яно абазначала не жывую або мясцовую пісьмовую мову, а царкоўнаславянскую, будучы сінонімам наймення словенский (Целунова 2000, 89).2

4.2. Атаясамлення паняццяў руская і маскавіцкая мовы, аднак, не адбывалася ў Польшчы, дзе за назвай знаёмых адукаваным палякам у XVII ст. беларускай і ўкраінскай моў (якія часам не адрозніваліся) замацаваўся тэрмін руская мова (język Ruski), у той час як мова жыхароў Масковіі і, пазней, Расійскай імперыі называлася расійскай або маскоўскай. Выкарыстанне азначэння рускі назіраем ў XVIIXVIII стст. у шэрагу выданняў, прызначаных для пашырэння ў тым ліку на тэрыторыі Беларусі. У Кракаве, напрыклад, у 1690 – 1724 гг. выдаваўся «Рымскі і рускі каляндар» Ф. Нявескага, «Каляндар польскі і рускі» на 1707 – 1720 гг. М. Кіцінскага. З 1713 г. у Супрасльскай друкарні выдаваўся на польскай мове «Каляндар польскі і рускі».

  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка