Сяргей Запрудскі Беларусістычныя зацікаўленні Самуэля Багуміла Ліндэ1




Дата канвертавання20.03.2016
Памер243.97 Kb.


Сяргей Запрудскі

Беларусістычныя зацікаўленні Самуэля Багуміла Ліндэ1

1. У беларускіх энцыклапедычных і даведкавых крыніцах пра сла­ву­та­га польскага лексікографа, аўтара Слоўніка польскай мовы (1807–1814)2 Самуэля Багуміла Ліндэ змешчана даволі не­ад­нас­тай­ная інфармацыя. Напрыклад, аўтары Энцыклапедыі гісторыі Бе­ла­ру­сі звяртаюць увагу найперш на тое, што навуковая спадчына С. Б. Ліндэ ў ліку прац іншых польскіх даследчыкаў у пачатку ХІХ ста­год­дзя служыла тэарэтычным абгрунтаваннем паланізацыі і ака­та­ліч­ван­ня насельніцтва Беларусі [Церашковіч, Чаквін 1993, 470], сцвярджаюць, што Ліндэ ў ліку іншых польскіх даследчыкаў „імкнуўся тэарэтычна абгрунтаваць погляды польскай і апалячанай бе­ла­рус­кай шляхты на Беларусь як частку Польшчы і разглядаў бе­ла­ру­саў як этнаграфічную групу польскага народа” [Біч 1996, 19]. У эн­цык­ла­пе­дыч­ным даведніку Францыск Скарына і яго час пра С. Б. Ліндэ гаворыцца на аснове надрукаванай ім у 1816 г. кнігі Аб Лі­тоў­с­кім статуце, рускай мовай і друкам выдадзеным па­ве­дамлен­не (O Statucie litewskim ruskim jezykiem i drukiem wydanym wiadomość): аўтар кнігі „зрабіў заключэнне, што ў выданнях Ска­ры­ны стараславянская мова пераважае над беларускай... адзначыў так­са­ма, што літары Акафіста значна прыгажэйшыя за друк Ас­т­рож­с­кай бібліі 1581 г.” [Жураўскі 1988, 396]. У даведніку Статут Вя­лі­ка­га Княства Літоўскага. 1588 (Мінск 1989) сярод іншага сцвяр­­д­жа­ец­ца, што Ліндэ „першы ў навуковай літаратуры паказаў, што Статут 1588 г. быў напісаны на беларускай мове” [Сокал 1989, 476], у энцыклапедыі Беларуская мова выказваецца думка, што ў Ста­ту­це ВКЛ Ліндэ знайшоў „уплыў народнай гаворкі” [Каханоў­скі 1994, 271]. У падручніку Гісторыя беларускага мовазнаўства Л. М. Ша­куна (Мінск, 1995) імя Ліндэ адзін раз згадваецца ў сувязі з гаворкай пра кнігу С. Буліча Очерк истории языкознания в Рос­сии (Санкт-Пецярбург, 1904) (паведамляецца, што яе аўтар зра­біў агляд выказванняў аб беларускай мове такіх вучоных як К. Ка­лайдовіч, С. Б. Ліндэ, Я. Балхавіцінаў, М. Румянцаў), другі раз імя Ліндэ ўзнікае ў сувязі са згадкай пра бібліяграфічныя апісанні бе­ла­рус­кіх пісьмовых помнікаў, зробленых у пачатку ХІХ ст. [Шакун 1995, 8, 39].

Пры ўсёй важнасці пералічаных звестак нельга, аднак, не пры­знаць, што ў беларускай літаратуры і, асабліва, у падручніку Л. Ша­куна пра Ліндэ прыведзена вельмі скупая інфармацыя. У кні­зе Шакуна абодва разы аўтар Слоўніка польскай мовы фігуруе то­ль­кі ў пераліках, як „адзін з некалькіх”; у другім выпадку яго імя пры­цяг­ну­та ў тым ліку як ілюстрацыя да гаворкі пра невысокі ўзро­вень навукі ў пачатку ХІХ ст., „недастатковае знаёмства вучоных з фак­та­мі беларускай мовы” [Шакун 1995, 39].



Прыведзеныя кваліфікацыі, аднак, пакідаюць у чытача не­ка­то­рыя пытанні. У прыватнасці, не вельмі зразумела, як стасуюцца зга­да­ныя вышэй імкненні Ліндэ тэарэтычна абгрунтаваць па­ла­ні­за­цыю беларусаў з ягонай жа аргументацыяй на карысць ха­рак­та­рыс­ты­кі мовы Статута 1588 г. як беларускай (апошняе, несумненна, трэ­ба было б кваліфікаваць як выразна „прабеларускую” акцыю). Ві­­да­воч­на, існуе патрэба больш грунтоўнага асвятлення бе­ла­ру­сіс­тыч­ных зацікаўленняў польскага навукоўца.

2. Больш глыбокае азнаямленне з прысвечанай Ліндэ бе­ла­рус­кай літаратурай прымушае задаць і іншае пытанне: у якой меры ў пра­цэ­се падрыхтоўкі свайго слоўніка навуковец выкарыстоўваў (калі выкарыстоўваў) беларускі матэрыял? У той час, як адны аў­та­ры лічаць, што прыцягненне Ліндэ беларускай лексікі было знач­ным, другія мяркуюць, што яно было хутчэй эпізадычным. Ёсць так­са­ма даследчыкі, якія адмаўляюць сам факт такога вы­ка­рыс­тан­ня.

2.1. Да ліку першых аўтараў належыць П. Бяссонаў, які сцвер­дзіў, што Ліндэ „увёў многія беларускія народныя выразы… у свой ма­ну­мен­та­ль­ны Слоўнік польскай мовы...: у гэтай справе ён ака­заўся непараўнальна больш уважлівым, навуковым і нават бес­ста­рон­нім у параўнанні з нашымі ўласнымі, нядаўнімі дамарослымі спро­ба­мі” [Бессонов 1871, XXI]3. Прыхільнікамі думкі аб тым, што бе­ла­рус­кі лексічны матэрыял быў шырока выкарыстаны ў слоўніку Лін­дэ, з’яўляюцца таксама аўтар манаграфіі аб польскіх да­след­чыках бе­ла­рус­ка­га фальклору і мовы М. Аляхновіч [Olechnowicz 1986, 216] і аўтар нататкі, змешчанай у 1996 годзе на 225 я ўгодкі Ліндэ ў ад­рыў­ным календары „Наш край” [Леўчык 1996]. Цікава пры гэ­тым адзначыць: на адрозненне ад П. Бяссонава М. Аляхновіч лі­чыў, што Ліндэ багата выкарыстаў перадусім беларускія дру­ка­ва­ныя матэрыялы XVI i XVII стст., затое вусныя крыніцы беларускай мо­вы прыцягнуў у значна меншай ступені [Olechnowicz 1986, 216].

2.2. Памяркоўныя ацэнкі выкарыстання Ліндэ беларускага ма­тэ­ры­я­лу знаходзім у А. Пыпіна і А. Крывіцкага. У канцы ХІХ ст. пер­шы зазначыў, што Ліндэ „выкарыстаў народны беларускі ма­тэ­ры­ял для свайго слоўніка” [Пыпин 1892, 37]. У нядаўняй працы А. Крывіцкага (а ўслед за ім і каментатарамі нядаўна пе­ра­вы­дадзе­на­га першага тома Беларусаў Карскага) выказана думка пра тое, што ў слоўніку Ліндэ (акрамя польскай) пададзена таксама лексіка бе­ла­рус­кіх гаворак [Крывіцкі 2003, 37; Карский 2006, 385]4.

2.3. Адмаўленне наяўнасці беларускага складніка ў слоўніку Лін­дэ знаходзім у двух даследаваннях Т. Левашкевіча [Lewasz­kie­wicz 1980, Lewaszkiewicz 1981]. У першай працы аўтар заз­на­чыў, што да пералому XVIII–XIX стст. беларуская і ўкраінская мо­вы трактаваліся як гаворкі расійскай [Lewaszkiewicz 1980, 39]. У дру­гой працы Т. Левашкевіч зрабіў спецыяльную агаворку аб тым, што адсутнасць беларускіх і украінскіх слоў сярод славянскіх па­ра­ле­ляў у слоўніку Ліндэ вынікае з таго, што за часамі ўкладальніка Слоў­ні­ка польскай мовы беларуская і украінская мовы раз­г­ля­да­лі­ся як гаворкі расійскай мовы [Lewaszkiewicz 1981, 135]. У сваіх ацэн­ках Т. Левашкевіч сыходзіць з таго, што беларуская і ук­ра­ін­с­кая мова былі абмінуты Ліндэ ў ягоным пераліку славянскіх моў і ды­я­лек­таў, з якіх ён чэрпаў паралелі для польскіх слоў.

2.4. Не вельмі выразнае выказванне адносна выкарыстання Лін­дэ беларускага матэрыялу месціцца ў працы Я. Карскага Бе­ла­ру­сы. Паводле заснавальніка беларускай філалогіі, „збор ма­тэ­ры­я­лаў для польскага слоўніка ў пачатку ХІХ ст. прымусіў закрануць мі­ма­ходзь і мову некаторых юрыдычных заходнерускіх помнікаў, нап­рык­лад, Літоўскага Статута 1588 г.” [Карский 2006, 283]. Пад „польскім слоўнікам” тут маецца на ўвазе, несумненна, слоўнік Лін­дэ. Што ж да эпізадычнага апісання ў пачатку ХІХ ст. некаторых бела­рус­кіх юрыдычных помнікаў, то тут, напэўна, падразумявалася пра­ца Ліндэ 1816 г. O Statucie litewskim ruskim jezykiem i drukiem wydanym wiadomość. З выказвання Карскага незразумела, якое да­чы­нен­не апошняя праца Ліндэ мела да збору матэрыялаў для слоў­ні­ка, выданне якога было ажыццёўлена ў 1807–1815 гг.

2.5. Нягледзячы на тое, што сярод прыведзеных меркаванняў асоб­ныя маглі б быць кваліфікаваны як „асабліва верагодныя”, больш мэтазгодна прызнаць патрэбу спецыяльнага вывучэння праб­­­ле­мы ўдзелу беларускай лексікі ў слоўніку Ліндэ. Некаторыя лек­се­мы ў сваім слоўніку (напрыклад, bajdak, bakuła, bałaka, dopus­cić się, gleba, hledzić, jar, kidać і інш.) Ліндэ падаў як ар­ха­із­мы, аднак папраўдзе сярод іх былі і рэгіяналізмы [Matuszczyk 1994, Matuszczyk 1998]5. З’яўляючыся самастойнай праблемай, тэ­ма бе­ла­рускага лексічнага ўдзелу ў складзе слоўніка Ліндэ, аднак, вы­хо­дзіць за межы гэтага даклада.

2.6. Дагэтуль найбольш падрабязнымі працамі, у якіх ас­вят­ляец­ца беларусістычная дзейнасць Ліндэ, з’яўляюцца адпаведныя раз­дзе­лы з манаграфій А. Пыпіна і М. Аляхновіча. А. Пыпін не без здзіў­лен­ня звярнуў увагу на тую акалічнасць, што „літаратуру цар­коў­най мовы”, надрукаваную не толькі ў Кракаве, але і ў „за­ход­не­рускім краі”, Ліндэ лічыў складовай часткай польскай ку­ль­тур­на-гістарычнай спадчыны. Расійскі даследчык падрабязна пе­ра­ка­заў меркаванні Ліндэ адносна ролі польскіх арыстакратаў і по­ль­с­кіх друкарняў у развіцці беларускага кнігадрукавання, з аднаго бо­ку, і месца „рускай” мовы ў польскай гісторыі і культуры6. Пыпін так­са­ма зафіксаваў ацэнкі Ліндэ, згодна з якімі беларуская мова ХVI ст. з лексічнага боку мала чым адрознівалася ад польскай; па­вод­ле думкі Пыпіна, такое меркаванне Ліндэ магло абумоўлівацца тым фактам, што ў тагачаснай кніжнай беларускай мове (у Пыпіна: „у за­ходнерускай мове”) было многа лексічных запазычанняў з поль­­с­кай мовы [Пыпин 1892, 32−33]. Пыпін, бадай, амбівалентна ста­віў­ся да беларускай мовы, лічачы яе адначасова і самастойнай адзінкай, і складовай часткай расійскай мовы. Увогуле расійскі на­вуковец натуральным чынам разглядаў працы Ліндэ ў кантэксце за­ці­каў­лен­ня апошняга расійскай культурай і расійскай мовай. У цэлым Пы­пін назваў разгляд Ліндэ кнігі Сопікава „выдатным для свайго ча­су”.

Што ж да манаграфіі М. Аляхновіча, то ў ёй сцвярджаецца, што ў пачатку ХІХ ст. Ліндэ ініцыяваў зацікаўленне беларускай мовай. Гэ­тае зацікаўленне было рэалізавана ў 1815–1816 гг. падчас пад­ра­бяз­на­га разгляду Ліндэ выдадзенай у 1813–1815 гг. у Санкт-Пе­цяр­бур­гу працы В. Сопікава Опыт российской библиографии. У сваім ар­ты­­ку­ле O literaturze slowiansko-rosyjskiej7 Ліндэ адгукнуўся на пуб­­лі­­ка­цыю Сопікава, дзе закрануў і некаторыя праблемы бе­ла­рус­кай мовы. Затым Ліндэ надрукаваў ужо згаданую працу пра Статут Вя­лі­ка­га Княства Літоўскага 1588 г., дзе сярод іншага назваў мову Ста­ту­та беларускай, пры гэтым падкрэсліўшы апошняе слова [Olech­nowicz 1986, 215–218]. Ліндэ прыйшоў да такой высновы, аба­пі­ра­ю­чы­ся на некаторыя меркаванні В. Сопікава. Сопікаў на­зы­ваў выдадзенае ў Вільні ў 1596 г. Казанне св. Кірылы аб ан­тых­рыс­це C. Зізанія беларускім творам, а Ліндэ заўважыў, што мова Ста­тута ў асноўных сваіх рысах супадае з мовай твора Зізанія. Ліндэ па­раў­наў паралельныя фрагменты са Статута і надрукаванай на цар­­коў­нас­ла­вян­с­кай мове Астрожскай бібліі і прыйшоў да выс­новы, што беларуская мова не была падобнай ні да польскай, ні да стара-цар­коў­нас­ла­вян­с­кай [Olechnowicz 1986, 218]. Паводле Лін­дэ, бе­ла­рус­кая мова была аўтахтоннай мовай насельніцтва Вялікага Княс­т­ва Літоўскага [тамсама]. М. Аляхновіч зазначыў, што ме­на­ві­та ад Ліндэ ў польскай навуковай літаратуры ідзе традыцыя раз­г­ля­даць мову Статута як беларускую [Olechnowicz 1986, 75, 124, 218].



2.7. Яўна недаацаніў уклад Ліндэ ў беларусістыку пачынальнік бе­ла­рус­кай філалогіі Я. Карскі, які ў сваім аглядзе прац аб бе­ла­рус­кай мове з водгуку Ліндэ на працу В. Сопікава няўхвальна прывёў то­ль­кі адно меркаванне польскага аўтара, згодна з якім беларуская мо­ва ўяўляе сабой „bardzo do polszczyzny zblizony dialekt” [Карский 2006, 324]. Што да працы Ліндэ аб Статуце Вялікага Княства Лі­тоў­с­ка­га, то і тут Я. Карскі звярнуў увагу толькі на тое, што Ліндэ „даводзіць, што заходнерускі дыялект бліжэйшы да польскай, чым да рускай мовы. Разглядаючы лексічны склад Статута, ён кладзе ў ас­но­ву польскую мову, а рускія словы пазначае толькі як заносныя” [Тамсама]. Я. Карскі не ўлічыў ні часу напісання прац Ліндэ, ні ма­тэ­ры­я­лу, якім карыстаўся польскі даследчык, ні (даволі не­вы­со­ка­га) агульнага ўзроўню тагачаснай лінгвістыкі, ні мэтаў, пас­таў­ле­ных Ліндэ пры напісанні сваіх прац. Відавочна, неабгрунтаванай з’яў­ля­ец­ца заўвага Я. Карскага аб тым, што нібыта Ліндэ трактаваў „рускія” словы ў беларускай мове выключна як „заносныя”.

3. Папраўдзе, у вялікай, надрукаванай у 8 мі фрагментах, рэ­цэн­зіі-артыкуле 1815–1816 гг. на працу В. Сопікава Ліндэ некалькі ра­зоў закранаў тэмы, якія мелі дачыненне да беларускай культуры. Звяр­тан­не да гэтых тэмаў адбылося пад уплывам прац Т. Чацкага, Ф. Бэнт­коўскага, Е. С. Бантке, Ё. Добраўскага і, вядома ж, В. Сопі­кава. У сувязі з ростам цікавасці да гісторыі пісьменства ў 1810 я гг. існаваў попыт на гістарыяграфію кнігадрукавання і біб­лі­яг­ра­фіч­ныя апісанні, і сваёй працай Ліндэ імкнуўся задаволіць гэ­ты попыт, звяртаючы ўвагу найперш на тыя з’явы, якія маглі быць ці­ка­вы­мі адначасова і для польскага, і для расійскага грамадства. Та­му зусім не дзіўна, што ўжо ў 1816 г. вялікія фрагменты рэцэнзіі Лін­дэ былі надрукаваны ў Расіі ў перакладзе на рускую мову [гл.: Лин­де 1816]. Аналізуючы каталог Сопікава, Ліндэ звярнуў увагу на тое, што мову не ўсіх надрукаваных кірылічнымі літарамі выданняў трэ­ба квалі­фі­каваць як царкоўнаславянскую, „шмат ёсць напісаных па-ма­ларасійску або па-беларасійску” [Linde 1815–1816. Т. ІІІ, 31]. Лін­дэ прывёў выказванне Сопікава, згодна з якім беларуская мова з’яў­ля­ла­ся мовай людзей грэцкага вызнання (г. зн. праваслаўных), што жылі у Белай Русі і Польшчы. Расійскі бібліёграф зазначыў, што „ву­чо­ныя манахі ў гэтых землях аж да канца XVII стагоддзя амаль усе свае тэалагічныя і маралістычныя творы пісалі на гэтай мо­ве; яна ёсць сумесь моў славянскай, рускай, польскай, а часткова і ла­цінскай”. Кніга Сопікава, у якой некаторыя старыя кнігі на­зы­ва­лі­ся беларускімі, а таксама было змешчана адно з першых у ХІХ ст. вы­зна­­чэн­няў беларускай мовы, паслужыла зыходным пунктам для ўлас­ных беларусазнаўчых разваг Ліндэ.

Так, навуковец вельмі ўважліва і падрабязна разгледзеў тыя мес­цы кнігі Сопікава, у якіх гаворка ішла пра Скарыну; прыс­ве­ча­ны Скарыне, чацвёрты фрагмент рэцэнзіі Ліндэ заняў у часопісе больш за 20 старонак8. Гэты агляд прац „паляка” [Linde 1815–1816, Т. ІІІ, 28, 297], „нашага суайчынніка” Скарыны [Linde 1815–1816, Т. ІІІ, 277] уяўляў сабой каментаваны пераказ, з выкарыстаннем „больш за ўсё артыкулаў Добраўскага” [Владимиров 1888, Х], ад­па­вед­ных урыўкаў працы Сопікава. У другім фрагменце свайго ар­ты­ку­ла Ліндэ напісаў нават, што з твораў Скарыны (поруч з творамі М. Сматрыцкага) „не адна важная выпіска ўвайшла ў Польскі слоў­нік” [Linde 1815–1816. Т. ІІІ, 29], аднак у дачыненні да Скарыны такую кваліфікацыю трэба аднесці або на рахунак паспешлівасці, або на рахунак публіцыстычнага перабольшання: сярод крыніц слоў­­ні­ка твораў Ф. Скарыны няма [гл.: Hrabec, Pepłowski 1963].

У прысвечаным Скарыне фрагменце сваёй рэцэнзіі Ліндэ трой­чы выказаў меркаванні адносна мовы твораў беларускага пер­ша­дру­ка­ра. Першы раз, грунтуючыся на 4 х радках, змешчаных на тыту­ле кнігі Іоў, Ліндэ заўважыў, што „мова Скарыны блізкая да на­шай польскай” [Linde 1815–1816. Т. ІІІ, 281]. Другі раз Ліндэ за­пя­­рэ­чыў выказанай Добраўскім думцы, згодна з якой Скарына ў сваіх тво­рах адаптаваў традыцыйна ўжываную царкоўнасла­вян­скую мо­ву такім чынам, каб яна была лепш зразумелая расійцам. Паводле Лін­дэ, Скарына хутчэй пісаў свае творы „на рускім дыя­лекце, ве­ль­мі блізкім да польскай мовы” [Linde, 1815–1816. Т. ІІІ, 292]. На­рэш­це, прывёўшы шэраг паланізмаў з твораў Скарыны, Ліндэ заў­ва­жыў, што Скарына „нямала дадаў рускай мовы, а ў прад­мове да кні­гі Эсфір згадвае пра сваю прыродную рускую мову” (выдзелена Лін­дэ. – С. З.) [Linde 1815–1816. Т. ІІІ, 293]. Та­кім чынам, у рэцэнзіі на працу Сопікава Ліндэ кваліфікаваў мову Скарыны як – вельмі бліз­кую да польскай і нятоесную царкоўна­сла­вянскай – рускую мо­ву (ruski język, што, зразумела, не супа­дала з тэрмінам ра­сій­с­кая мова)9. Такое меркаванне Ліндэ можна суаднесці з думкай Бан­т­ке, які сцвярджаў, што Скарына перакладаў на „рускі дыялект, якім карыстаюцца каля Полацка” [цыт. паводле: Неміроўскі 1988, 254].

Рыхтуючы пазней сваю манаграфію аб розных выданнях Ста­ту­та, Ліндэ, аднак, скарэкціраваў свае ранейшыя погляды і выказаўся на карысць наяўнасці ў мове Скарыны значнага цар­коў­нас­ла­вян­ска­га пласта (гэтым самым фактычна падтрымаўшы меркаванне Доб­раў­с­ка­га, з якім раней спрачаўся): „хоць у Скарыны назіраем да­меш­ку рускай мовы да царкоўнай, старая славянская мова ў яго вы­раз­на пераважае” [Linde 1816, 18].

У 7 м фрагменце сваёй працы ў спецыяльным адступленні Лін­дэ параўнаў мову выдадзенага ў Вільні ў 1596 г. Казання св. Кірыла аб антыхрысце C. Зізанія з прыведзеным у гэтым жа творы ана­ла­гіч­ным польскім тэкстам і прыйшоў да высновы, што беларуская мо­ва адрозніваецца ад польскай „толькі канчаткамі слоў – скла­няль­ных і спрагальных, але рэдка калі лексікай” [Linde 1815–1816. Т. V, 13].

Значэнне публікацыі Ліндэ для беларусістыкі было ў тым, што яе аўтар звярнуў увагу на існаванне вялікай колькасці над­ру­ка­ва­ных па-беларуску кніг, падрабязна пісаў пра выданні Скарыны і спра­ба­ваў ахарактарызаваць мову, на якой яны напісаны, параўнаў бе­ла­рус­кую і польскую мовы і прыйшоў да высновы пра іх вялікае лек­січ­нае падабенства.

З беларусістычных тэм у рэцэнзіі Ліндэ таксама звяртаюць на ся­бе ўвагу невялікія (але напісаныя з выразным натхненнем) фраг­мен­ты, звязаныя з С. Будным, дзейнасцю друкароў Мамонічаў і інш.

4. Новым этапам у беларусістычных зацікаўленнях Ліндэ стала вы­дадзе­ная ім у 1816 м (фактычна друкаванне было завершана ў 1817 м) годзе кніга O Statucie litewskim ruskim jezykiem i drukiem wydanym wiadomość, якая лічыцца „першай ў Польшчы біб­лі­яг­ра­фіч­най манаграфіяй, заснаванай на моўным і тыпаграфічным ме­та­дах”, якой уласцівы „наватарскі характар закранутых праблем” [Błażejewicz 1981, 45]. Манаграфія Ліндэ пэўным чынам паў­п­лы­ва­ла на ажыўленне даследаванняў у гэтай галіне [Michalski 1981, 21].

З польскімі перакладамі Статута Ліндэ быў знаёмы, калі яшчэ рых­та­ваў сваю лексікаграфічную працу: кансультацыі наконт ней­кіх „складаных фрагментаў” Статута ён атрымліваў ад А. Чар­та­рыскага [Ptaszyk 1983, 151]. Яшчэ ў лютым 1797 г. Ліндэ пі­саў, што ў задуманым ім Слоўніку польскай мовы даўнiх і новых ча­соў у якасці крыніцы польскай мовы ён будзе выкарыстоўваць у тым ліку das Litthauische Statut; пад гэтай крыніцай разумелася ві­лен­с­кае польскамоўнае выданне трэцяй рэдакцыі Статута 1744 г. [Ptaszyk 1983, 139, 144]10. У Слоўніку польскай мовы ў якасці ілюс­т­ра­цый­нага матэрыялу сустракаюцца цытаты са Статута (напрыклад, пры сло­вах kopa, horodniczy – horodowy). Праца пра Статут спа­чатку планавалася да друку ў „Pamiętniku Warszawskim”, дзе была анан­савана (Linde 1815–1816. T. IV, 295), але яе памер аказаўся настолькі вялікім, што яе прыйшлося выдаць асоб­най кнігай. Напі­санне дадзенага даследавання замовіў Ліндэ рэ­дак­тар „Pamiętnikа Warszawskiego” Ф. Бэнткоўскі, які незадоўга пе­рад тым знайшоў асобнік Статута 1588 г. у бібліятэцы графа Яна Су­ха­до­ль­с­ка­га. Пра­ца пачала друкавацца тады, калі яна была яшчэ да­лё­кая да завяр­шэння; гэта дало вынікам змушанае ўключэнне ў яе на прасунутым этапе некаторых ўдакладненняў і цэлага шэрагу да­дат­каў.

Займаючыся апісаннем і супастаўленнем розных (беларускага, по­ль­с­кіх і рускага) выданняў „каштоўнага помніка славянска-по­ль­с­кай літаратуры” [Linde 1816, 2], Ліндэ быў павінен асэнсаваць і пы­тан­не мовы, на якой Статут быў напісаны. Гэтую тэму Лiндэ раз­­гледзеў у другім раздзеле сваёй працы, які называўся Аб гра­фі­цы і мо­ве Статута [Linde 1816, 11–19].

Найперш услед за Сопікавым польскі даследчык звярнуў увагу на асаблівы, падобны да рукапіснага, друк Статута і ўслед за Со­пі­ка­вым выказаў правільную здагадку, што спецыяльны друк быў вы­ка­рыс­та­ны дзеля распадабнення з царкоўнымі кнігамі [Linde 1816, 5, 12].

Ліндэ аддаў належнае таму, што ў 3 м артыкуле ІІІ раздзела Ста­ту­та мова дакумента называлася „рускай”: „на руский езык пре­ло­жо­на и руским же писмом” [Статут 1989, 112]. Не­ды­фе­рэн­цы­я­ванае выкарыстанне некаторымі тагачаснымі польскімі аўтарамі тэр­мі­на Ruski język вымусіла Ліндэ зрабіць заўвагу адносна таго, што гэ­ты выраз нярэдка ўжываўся неўласціва: напрыклад, Т. Чацкі ў не­ка­то­рых выпадках змешваў назву руская мова з назвамі цар­коў­ная мова і расійская мова [Linde 1816, 12]. Аднак руская мова моц­на адрозніваецца ад гэтых ідыёмаў, і, сцвярджае Ліндэ, „расіянін, які з захапленнем дэкламуе творы Ламаносава, Дзяр­жа­ві­на і г.д., а таксама грэцка-расійскі (праваслаўны – С. З.) святар, які ўсю славянскую Біблію ведае напамяць, не зразумее ніводнага ар­ты­ку­ла рускага літоўскага статута настолькі, што ўзнікла патрэба вы­даць статут у перакладзе на расійскую мову” [Тамсама]. Зы­ходзя­чы з таго, што мова Статута не адрозніваецца ад мовы ква­ліфі­ка­ва­на­га Сопікавым як беларускае Казання св. Кірылы аб ан­ты­хрыс­це, Ліндэ назваў мову Літоўскага статута Беларускай, вы­дзе­­ліў­шы ў тэксце гэту назву [Linde 1816, 13]. Беларуская мова Ста­ту­та падобная да польскай; на думку Ліндэ, яна паддаецца пе­ра­кладу на польскую мову шляхам пераробкі на польскі лад кан­чат­каў назоўнікаў і дзеясловаў. Мімаходзь Ліндэ заўважыў, што аку­рат такім спосабам (шляхам пераробкі канчаткаў) здзяйсняўся пе­ра­клад Статута на польскую мову і што засведчаная ў польскім пе­ра­кладзе выразная чысціня польскай мовы (якая, паводле Ліндэ, ужо пачынала скажацца) тлумачыцца акурат моцнай моўнай за­леж­нас­цю ад арыгіналу [Linde 1816, 15].

Зрэшты, у „рускім” Літоўскім Статуце ёсць нямала слоў, не ве­ль­мі звычайных для палякаў. Многа ёсць таксама слоў, якія палякі з за розніцы ў графіцы разумеюць з цяжкасцю. Некаторыя словы ўжы­ва­юц­ца ў адрозных ад польскіх лексем значэннях. Нарэшце, у „рускай” мове ёсць даволі шматлікія словы, якія да адпаведных по­ль­с­кіх вельмі непадобныя або й зусім незразумелыя для палякаў, за­тое блізкія да расійскай або да стараславянскай [Linde 1816, 15–17]. Свае развагі Ліндэ пацвярджаў, прыводзячы адпаведныя спісы слоў11.

Звяртаючыся да вызначэння беларускай мовы Сопікава, Ліндэ ас­п­рэ­чыў уклад у фарміраванне беларускай мовы лацінскай мовы („лаціны ў нашым Рускім Статуце няшмат”, c. 17), затое звярнуў ува­гу на абмінуты Сопікавым пласт нямецкіх запазычанняў (якія, на яго думку, у Статуце амаль тыя самыя, што і ў польскай мове).

Змешчаныя ў Статуце фрагменты з Бібліі, на думку Ліндэ, узяты не з Астрожскай Бібліі і не з Бібліі Скарыны. Біблейскія фрагменты ў Статуце – гэта вынік адвольнай працы нейкага беларускага пе­рак­лад­чы­ка, які арыентаваўся на вусную мову сваіх землякоў. Не вык­лю­ча­на таксама, што змешчаныя ў Статуце фрагменты з Бібліі за­па­зы­ча­ны з нейкага раней перакладзенага беларускага тэ­а­ла­гіч­на-маральнага твора [Linde 1816, 18–19]. Далейшы лёс беларускага ды­я­лек­та Ліндэ звязваў з гісторыяй Статута ВКЛ.

Такім чынам, у манаграфіі Ліндэ істотнымі для беларусістыкі ака­­за­лі­ся размежаванне беларускай („рускай”), расійскай і ста­ра­сла­вян­с­кай моў у якасці асобных ідыёмаў і кваліфікацыя мовы Ста­ту­та як беларускай. Зыходзячы з гістарычнай назвы беларускай мо­вы (руская мова) і тагачаснай ужывальнай назвы расійскай мовы (język rosyjski, российский язык) Ліндэ указаў на анталагічную роз­ні­цу паміж беларускай і расійскай мовамі. Не пазбаўленымі ці­ка­вас­ці і пацверджанымі сучаснымі даследчыкамі [Жураўскі 1989] ака­за­лі­ся прыватныя меркаванні Ліндэ адносна спецыфікі друку Ста­ту­та, ступені падабенства беларускай і польскай моў, наяўнасці ў Статуце лацінізмаў і інш.12

Меркаванні Ліндэ адносна кваліфікацыі мовы Статута вык­лі­калі дыскусію ў польскай навуцы. Погляд Ліндэ аспрэчыў І. Ляле­вель; меркаванне аўтара працы Аб літоўскім статуце... у 1820 я гады падтрымаў I. Даніловіч, у 1840 я гг. – A. Міцкевіч, у 1850 я – M. Вішнеўскі [Olechnowicz 1986, 75, 124, 218].



5. Звяртанне Ліндэ ў 1815–1816 гг. да некаторых праблем бе­ла­рус­кай мовы можна разглядаць як своеасаблівы post scriptum да вы­дадзе­на­га ім у 1807–1815 гг. Слоўніка польскай мовы. Як вядома, Лін­дэ меў панславістычныя погляды і свой слоўнік рабіў дзеля рэ­а­лі­за­цыі панславістычных ідэй [Lewaszkiewicz 1980]. Дзякуючы зна­ём­с­т­ву ў 1814–1815 гг. з некаторымі працамі, дзе закраналася гіс­то­­рыя беларускага кнігадрукавання і пісьменства (працы Со­пі­ка­ва, Добраўскага, Бантке), Ліндэ ўбачыў, што з поля ягонага зроку вы­па­ла яшчэ адна – лексічна вельмі блізкая да польскай – сла­вян­ская мова, якая мае багатыя пісьмовыя традыцыі. Пасля за­вяр­шэння выдання Слоўніка польскай мовы Ліндэ працягваў збіраць ма­тэ­ры­ял з розных славянскіх моў, спадзеючыся рэалізаваць свой пан­сла­віс­тыч­ны праект, таму выяўленне „новай” (ды яшчэ вельмі па­­доб­най да польскай) славянскай мовы не магло не выклікаць яго­­на­га энтузіязму. Даследаванню польска-ўсходнеславянскіх гіс­та­рыч­на-культурных сувязяў спрыяла ў гэты час і палітычная ка­н­’­юн­к­ту­ра, якая заахвочвала акцэнтаваць увагу на супольных з’явах у па­ля­каў і расіян („рускіх”).

6. Апошні раз Ліндэ ўскосна закрануў беларусістычныя праб­ле­мы ў прадмове да перакладзенай ім Учебной книги российской ли­те­­ра­ту­ры (Rys historyczny literatury rosyjskiej) М. Грэча (Варшава 1823). Вяртаючыся да ўжо пастаўленай ім раней праб­ле­мы неаб­ход­насці размяжоўваць паняцці руская і расійская мова, ён паўторна прапанаваў сваю дыферэнцыяцыю, прывёўшы гэтым ра­зам цэлы шэраг назваў роднасных ідыёмаў, што патрабавалі, на яго думку, больш дакладнага акрэслення: славянская, цар­коў­ная, руская, маларасійская, беларуская, расійская мовы [Linde 1823, XIII]. Пры гэтым рускай ён назваў мову, якая „была ва ўжыт­ку ў Маскве і ваколіцах да часу Пятра Вялікага і трохі пазней”, бе­ла­рус­кай – „на якой народ размаўляе ў Літве і часткова на Ва­лы­ні”, сучаснай расійскай – „якая ўзнікла пасля Пятра Вя­лі­ка­га”. Сэнсоўным у гэ­тай дыферэнцыяцыі было аддзяленне „гістарычнай” рускай мовы ад усіх тагачасных трох жывых ус­ход­нес­ла­вян­с­кіх моў: украінскай (маларасійскай), беларускай і та­га­час­най расійскай. Аднак у да­дзеным выпадку, падпаўшы, магчыма, пад уплыў нейкіх расійскіх аўтараў, Ліндэ яўна звузіў арэал бы­та­ван­ня рускай мовы, абме­жаваў­шы яго Масквой і ваколіцамі. Не паз­баў­ле­ная элементаў ра­цыя­наль­насці, ягоная дыферэнцыяцыя не была, аднак, прынята тагачасным расійскім грамадствам, якое зна­ходзі­ла­ся ў працэсе бурнага этна-гістарычнага самапазнання. Лін­дэ запярэчыў Бул­га­рын, сцвердзіўшы, што для сапраўдных рус­кіх руская і расійская мовы – гэта адно і тое ж [Булгарин 1823]. Та­кім чынам, азначэнне рускі ўсё часцей стала выкарыстоўвацца як важны этнонім для расійскай гісторыі, які, аднак, не павінен быў мець дачынення (ці мець толькі ўскосныя адносіны) да гісторыі бе­ла­рус­кай.

7. На кароткі час Ліндэ блізка дакрануўся да некаторых вельмі важ­ных пісьмовых помнікаў беларускай гісторыі: выданняў Ф. Ска­ры­ны, Статута Вялікага Княства Літоўскага і інш. Першы ана­ліз Ста­тута дазволіў Ліндэ ідэнтыфікаваць беларускую мову як ад­роз­ную і ад польскай, і ад расійскай, і ад царкоўнаславянскай. Ве­ра­годна, з прычыны таго, аднак, што паглыбленая распрацоўка бе­ларус­кай тэматыкі не магла прыносіць палітычных дывідэндаў Лін­дэ неўзабаве перастаў акцэнтаваць беларускі ракурс польска-ўсход­нес­ла­вян­с­кіх сувязяў, звузіўшы яго да польска-расійскага.


Літаратура:

Бессонов 1871: Бессонов П., Белорусские песни, Москва.

Біч 1996: Біч М., Станаўленне нацыянальнай гістарыяграфічнай кан­цэпцыі, [y:] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі, Т. 3, Мінск 1996, c. 19–22.

Булгарин 1823: Булгарин Ф., Рец. на: Grecz M., Rys historyczny lite­ratu­ry rosyjskiej, Warszawa 1823, „Северный архив” 1923, Ч. VII, № 18, c. 401–416.

Владимиров 1888: Владимиров П. В., Доктор Франциск Скорина. Его переводы, печатные издания и язык, Санкт-Петербург 1888.

Жураўскі А. І., Ліндэ (Linde) Самуэль Багуміл, [y:] Францыск Скарына і яго час. Энцыклапедычны даведнік, Мінск 1988, c. 396.

Жураўскі 1989: Жураўскі А. І., Мова Статута, [y:] Статут Вялікага Княства Літоўскага. 1588. Тэксты. Даведнік. Каментарыі, Мінск 1989, c. 502–506.

Карский 2006: Карский Е. Ф., Белорусы, Том 1, Введение в изучение язы­ка и народной словесности, Минск 2006, 656 с.

Каханоўскі 1994: Каханоўскі Г., Краязнаўства і мова, [y:] Беларуская мо­ва. Энцыклапедыя, Мінск 1994, c. 271–272.

Крывіцкі 2003: Крывіцкі А. А., Дыялекталогія беларускай мовы, Мінск 2003.

Леўчык 1996: Леўчык Ян, 225 гадоў з дня нараджэння С. Б. Ліндэ (1771–1847), вядомага польскага лексікографа, даследчыка беларускай мо­вы, „Наш край” 1996, 24 красавіка.

Линде 1816: Линде С. Б., О российской литературе, „Вестник Евро­пы” 1816, Ч. ХС, № 22, c. 110–136; № 23/24, c. 230–254.

Неміроўскі 1988: Неміроўскі Я. Л., Бантке (Bandtkie) Ежы Самуэль, [y:] Францыск Скарына і яго час. Энцыклапедычны даведнік, Мінск, c. 254.

Пыпин 1892: Пыпин А. Н., История русской этнографии, Т. ІV, Бело­рус­сия и Сибирь, СПб. 1892.

Сокал 1989: Сокал С. Ф., Гістарыяграфія Статута, [y:] Статут Вя­лікага Княства Літоўскага. 1588. Тэксты. Даведнік. Каментарыі, Мінск 1989, c. 475–476.

Церашковіч П. У., Чаквін І. У., Беларусы, [y:] Энцыклапедыя гісторыі Бе­ларусі, Т. 1, Мінск 1993, c. 464–481.

Шакун 1995: Шакун Л. М., Гісторыя беларускага мовазнаўства, Мінск 1995.

ЭСБМ 1: Этымалагічны слоўнік беларускай мовы, Т. 1, Мінск 1978.

Błażejewicz 1981: Błażejewicz О., Warszawski okres działalności Lindego, „Pra­ce filologiczne”, T. XXX, Warszawa 1981, s. 35–47.

Hrabec S., Pepłowski F., Wiadomości o autorach i dziełach cytowanych w słow­niku Lindego, Warszawa 1963.

Kurzowa Z., Polszczyzna Lwowa i kresów południowo-wschodnich do 1939 roku, Warszawa-Kraków 1985.

Lewaszkiewicz 1980: Lewaszkiewicz T., Panslawistyczne osobliwości lek­sy­kalne Samuela Bogumiła Lindego i jego projekt, Wrocław [etc.] 1980.

Lewaszkiewicz 1981: Lewaszkiewicz T., Słowiańskie materiały leksykalne w Słowniku języka polskiego Samuela Bogumiła Lindego (źródła – sta­tys­tyka – zasady wprowadzania leksyki do artykułów hasłowych), „Prace filo­logiczne”, T. XXX, Warszawa 1981, s. 125–142.

Linde 1815–1816: Linde S. B., O literaturze słowiańsko-rosyjskiej, „Pa­mięt­nik Warszawski” 1815, T. II, № 8, s. 411–428; T. III, № 9, s, 14–34; № 10, s. 133–150; № 11, s. 277–298. 1816, T. IV, № 13, s. 3–21; № 15, s. 285–296; T. V, № 17, s. 3–21; № 18, s. 125–144.

Linde 1816: Linde S. B., O Statucie litewskim ruskim językiem i drukiem wy­danym wiadomość, Warszawa 1816.

Linde 1823: Linde, Przedmowa polskiego wydawcy, [w:] Grecz M., Rys his­toryczny literatury rosyjskiej, Warszawa 1823, s. I–XXX.

Matuszczyk 1994: Matuszczyk B., Archaizmy leksykalne w Słowniku ję­zy­ka polskiego S. B. Lindego w świetle geografii wyrazowej, [w:] Pol­sz­czyz­na dawna i współczesna, Toruń 1994, s. 75–82.

Matuszczyk 1998: Matuszczyk B., W sprawie koncepcji Słowniku języ­ka polskiego Samuila Bogumiła Lindego, „Język polski” LXXVIII, 1998, zesz. 1–2, s. 98–103.

Michalski 1981: Michalski J., Działalność Lindego na tle ówczesnego ży­cia kulturalnego, „Prace filologiczne”, T. XXX, Warszawa 1981, s. 15–22.

Olechnowicz 1986: Olechnowicz M., Polscy badacze folkloru i języka bia­ło­ruskiego w XIX wieku, Łódź 1986.

Ptaszyk 1992: Ptaszyk M., Kalendarz życia i twórczości S. B. Lindego, Wroc­ław 1992.

Ptaszyk 1983: Ptaszyk M., Prospekty Słownika polskiego wyrazów za­dawnionych i teraz używanych Samuela Bogumiła Lindego z 1797 r., „Ze skarbca kultury”, Zesz. 38, Wrocław [etc.] 1983, s. 133—164.

Rys polskiego słownika J P. Linde po wyjściu całego dzieła na powszechny widok, Wilno 1822, 211 s.

Walczak 2003: Walczak B., Wyrazy gwarowe w słownikach języka pols­kiego (Historia, stan obecny, postulaty), [y:] Gwary dziś. 2. Regionalne słow­niki i atłasy gwarowe, pod red. J. Sierociuka, Poznań 2003, s. 35–43.


1 Тэкст з’яўляецца дапрацаванай версіяй даклада, прачытанага аўтарам на польска-беларускіх канферэнцыях у Мінску (21−23 чэрвеня 2003 г.) і Кракаве (1−2 ліпеня 2004 г.). Выказваю сардэчную падзяку Р. Радзіку і М. Пташыку за пра­дa­стаў­ленне некаторых недаступных польскіх прац.

2 Папраўдзе, апошні шосты том слоўніка быў надрукаваны ў лютым 1815 г. [Pta­szyk 1992, 113].

3 Як этнографа П. Бяссонава асабліва цікавілі этнаграфічныя рэаліі; падобна, ён ацаніў слоўнік Ліндэ так высока акурат з за багацця пададзенай у слоўніку лексі­кі гэтага разраду. Пра тое, што праца Ліндэ часам выходзіла па за рамкі філалагічнай і набывала рысы энцыклапедыі, пісалі яшчэ сучаснікі Ліндэ; гл., напрыклад: Rys 1822, 20.

4 Наяўнасць у слоўніку Ліндэ беларускай лексікі, здаецца, стала для некаторых беларускіх мовазнаўцаў своеасаблівай легендай. Акурат гэтай прычынай трэба тлумачыць выказанае ў каментарах да нядаўна выдадзенага першага тома Бе­ла­русаў Я. Карскага меркаванне аб тым, што нібыта Ян Чачот дасылаў Ліндэ для слоўніка беларускія лексічныя матэрыялы [Карский 2006, 385]. Але ж Слоўнік польскай мовы Ліндэ пачаў друкавацца ў 1807 г. (калі Чачоту было ўсяго 11 гадоў), а скончыў публікавацца ў 1815 г., калі Чачот яшчэ нават не быў студэнтам Вілен­ска­га універсітэта... У 1994 г. у якасці беларускіх Г. Каханоўскі кваліфікаваў за­свед­ча­ныя ў рыхтаваным Ліндэ агульнаславянскім слоўніку лексемы свавольнік, ста­лец­це, заносны, наскочыць, іглісты, худаваты, бызвыходны, высокадзяржаўны, лагодны, шукальны [Каханоўскі 1994, 271], аднак у дачыненні да большасці пера­лі­чаных слоў падобнае сцвярджэнне выглядае неабгрунтаваным.

5 Б. Матушчык разглядае архаізмы і рэгіяналізмы Ліндэ пераважна ў рамках польскага дыялектнага кантынуума. З працы даследчыцы вынікае, што некаторыя з іх (напрыклад, bajdak і bakuła) у часы Ліндэ не былі засведчаны ў поль­ска­моўных пісьмовых крыніцах. Пазней, аднак, лексема bajdak была адлю­стравана ў вілен­скім і варшаўскім слоўніках з указаннем на яе рэгіянальны харак­тар, а фор­мы bakuły i bakulić былі пададзены ў Слоўніку польскіх гаворак Я. Карловіча [Matuszczyk 1994, 78, 80]. Словы байдак і бакула вядомы жывой беларускай мове (параўн.: ЭСБМ 1, 277–278, 284). Бадай, падобныя лексемы тра­пілі у слоўнік Ліндэ з вуснай „крэсовай” польскай мовы, аднак выявіць іх нялёгка, бо лічыцца, што слоўнік Ліндэ месціць адносна „вельмі мала” дыялектызмаў [Wal­czak 2003, 37]. Пры гэтым Ліндэ падаў геаграфію гэтых слоў толькі ў 17 ці выпад­ках (у тым ліку паходжанне 11 ці слоў пададзена як „з Літвы”, „з Русі”) (тамсама). Тэарэтычна беларусізмы маглі трапляць у слоўнік Ліндэ і праз пісьмовыя крыні­цы – праз творы даўніх польскамоўных аўтараў, якія мелі дачыненне да Беларусі (С. Буднага, М. Сматрыцкага), іншых польскіх аўтараў, мова якія зазнала ўплыў (стара)бе­ла­рускай („рускай”) [Kurzowa 1985, 44–45], або праз пераклады са старабеларускай на польскую (напрыклад, Статута Вялікага Княства Літоўскага).

6 У прыватнасці, Пыпін прывёў наступныя меркаванні Ліндэ: „у нашым Кра­каве выйшлі першыя на царкоўнай мове выданні; Кіеў, Супрасль, Пачаеў, Нясвіж, Львоў, Вільня і інш. удзельнічалі ў друкаванні царкоўных кніг; імёны князёў Астрожскіх, Радзівілаў, Саламярэцкіх, графаў Хадкевічаў праславіліся спрыяннем гэтай галіне славянскай літаратуры; Літоўскія Статуты, першы і трэці, выйшлі на рускай мове; усе Ягелоны аж да Жыгімонта Аўгуста ў Літве пісалі па-руску, давалі граматы і прывілеі, а паводле слоў нашага Бантке (у яго гісторыі кнігадрукавання), здаецца, некаторыя з іх не надта добра ведалі польскую мову і, прынамсі, Казімір Ягелон раней умеў па-руску, чым па-польску...” [Пыпин 1892, 32–33].

7 У Аляхновіча і іншых крыніцах: O literaturze rosyjskiej. Рэцэнзія Ліндэ на працу Сопікава, папраўдзе, пачынала друкавацца пад назвай O literaturze rosyj­skiej, але на працягу друкавання (спачатку ў змесце да тома ІІІ, а з 1816 г. – і ў зме­сце, і ў загалоўках чарговых урыўкаў) назва была ўдакладнена. Спасылаючыся пазней на свой артыкул, у кнізе O Statucie litewskim ruskim jezykiem i drukiem wyda­­nym wiadomość Лiндэ назваў яго нарысам „славянска-расійскай” літаратуры [Lin­de 1816, 1].

8 Ліндэ распрацоўваў скарынаўскі сюжэт свайго артыкула з асаблівым зада­вальненнем, што было заўважана ўжо перакладчыкам працы Ліндэ на расійскую мову Качаноўскім [Линде 1816, 132].

9 Выкарыстанне Ліндэ ў якасці наймення мовы Cкарыны, а таксама першага і трэ­ця­га статутаў ВКЛ тэрміна руская мова схіліла перакладчыка гэтай працы Лін­дэ на рускую мову М. Качаноўскага (дзеля ўнікнення змешвання гэтага тэрміна з „нашим русским [языком]”) адмежаваць тэрмін ruski język ад аналагічнага най­мен­ня, выкарыстоўванага ў тагачаснай расійскай літаратуры. Ён зрабіў гэта шля­хам перакладу польскага тэрміна ruski język як руській язык, пазначыўшы, што тэрмін руськая мова (ruski język) ужываецца польскімі аўтарамі для най­мен­ня мовы жыхароў Мінскай, Кіеўскай, Валынскай і Падольскай губерняў [Линде 1816, 122].

10 Аналізуючы ў 1816 г. розныя польскамоўныя выданні Статута, Ліндэ прый­шоў да высновы, што пашкоджаны асобнік, з якім ён працаваў у Вене, робячы з яго выпіскі для свайго слоўніка, быў выдадзены не ў 1744 м, а ў 1694 м годзе [Linde 1816, 69].

11 Так, напрыклад, згодна з Ліндэ, палякам у „рускай” мове былі далёкія нас­туп­ныя словы і выразы: больший, борздо, борздый, яко наборзде, ведь же, вен­чаль­на жона, вернути, вздоймом, вон ‘прэч’, дойлид, дойлидский, дочка, дубцы, дубят кожы, ждати, дождати, неждучи, жеребеи кинути, здешний, злишок, клейно, закликати, докличет ли, кожа, коли, колько, куст, нет, огурний, пир, плита, полтина, после, празник, пуга, путь, смотрити, сорок, судно, себр, себрений, селезень, скатерка, теперь, теперешний, топкий, тяжатися, утка, с хоромами, шурин [Linde 1816, 16–17].

12 А. Жураўскі канстатуе выкарыстанне пры друкаванні Статута спецыяльнага кур­­сі­ва з мэтай адрозніць свецкае выданне ад рэлігійных кніг [Жураўскі 1989, 503], звяртае ўвагу на характэрнае мове Статута „цеснае ўзаемадзеянне беларускай мо­вы з польскай” [506], фіксуе „ўмераны” пласт лацінізмаў [506] і інш.



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка