Сярэдняя школа г п. Краснасельскі” Літаратурна-музычная кампазіцыя




Дата канвертавання30.04.2016
Памер145.59 Kb.





Дзяржаўная ўстанова адукацыі

Сярэдняя школа г.п.Краснасельскі”






Літаратурна-музычная кампазіцыя

Нам засталася спадчына”

Імкліва бягуць гады, дзесяцігоддзі і нават стагоддзі. Але колькі б часу не прайшло, заўсёды будуць жыць у памяці людзей Колас і Купала – выдатныя народныя паэты, без якіх немагчыма ўявіць сабе беларускую літаратуру.

У кастрычніку настаўнікі беларускай мовы і літаратуры правялі літаратурна-музычную кампазіцыю “Нам засталася спадчына”, прысвечаную 130 гадавіне з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, класікаў беларускай літаратуры, уладароў беларускага слова. У мерапрыемстве прынялі ўдзел вучні 5-8 класаў. Не засталіся збоку і бацькі, яны прыйшлі падтрымаць сваіх дзяцей і далучыцца да прыгожага.






Наведалі школьнае мерапрыемства і ганаровыя госці: намеснік старшыні пярвічнай арганізацыі Ваўкавыскага раёна “Белая Русь” Тамара Антонаўна Луговіч,

загадчык дзіцячага сада “Крынічка” Людміла Мікалаеўна Дзямешчык,

мясцовая паэтэса Алена Казіміраўна Блажыеўская.

Купала і Колас … Яны нарадзіліся ў адзін год. І мэту выбралі для сябе адну. Можа таму яны вельмі блізкія па сваіх эстэтычных поглядах, грамадскіх ідэалах. Яны былі ўпэўнены, што на нашай зямлі “многа слаўненькіх куточкаў”, якімі мы можам любавацца, якімі мы можам ганарыцца.

З гэтай думкай згодна і Ілона Куратчык, вучаніца 7”Б” класа, якая прачытала верш Я.Коласа “Многа слаўненькіх куточкаў”.






На экране ў гэты час усплывалі такія родныя і знаёмыя куточкі роднага краю – пасёлка Краснасельскі, па-майстэрску знятыя Скробат Святланай Вітальеўнай, намеснікам дырэктара, і вучнем 10 “А” класа Ігашавым Яўгенам.



Купала і Колас захапляліся веліччу і духоўнай прыгажосцю простага чалавека – чалавека працы. Яны паэтызавалі народную працу, бачылі ў ёй крыніцу радасці і чалавечага шчасця.

А дзяўчыну-жняю Купала нават параўноўвае з царыцай, бо яна прыгожая, велічная, з вянком на галаве, ідзе па полі, услаўляючы песняй залатое жніва.





Данешчык Юліяна,

Я.Купала “Жняя”

Паэма Я.Коласа “Новая зямля” – сапраўдная энцыклапедыя сялянскага жыцця, таму што ў ёй адлюстравана праца беларускага народа, яго побыт, псіхалогія, асаблівасці нацыянальнага характару, мова, прырода роднага краю.

І ў той жа час паэма ў многім аўтабіяграфічна. Адным з галоўных герояў з’яўляецца дзядзька Антось. Сапраўды дзядзька Антось – родны брат бацькі Якуба Коласа. Дзядзька ведаў многа розных апавяданняў, казак і ўмеў іх цікава расказваць, любіў дзяцей і ўмеў з імі ладзіць.
А вось якая смешная гісторыя адбылася аднойчы з дзядзькам Антосем, пра гэта расказаў Целеш Аляксей (урывак “Дзядзька-кухар” з паэмы “Новая зямля”)

Кожны, хто хоць раз дакранаўся да паэзіі Коласа і Купалы, адчуў незвычайную іх напеўнасць і музычнасць. Заўважылі гэта і кампазітары, так з’явіліся песні на словы Купалы “Явар і каліна”, “Малітва”, “Спадчына”, “Чорныя вочы”. Сваю ўласную мелодыю і лірычную афарбоўку атрымалі песні на словы Коласа “Мой родны кут”, “Каханне”. У музыцы вершы Коласа і Купалы набылі сваё новае жыццё. Сёння іх цяжка ўявіць асобна без музыкі.







У выкананні настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры прагучала песня на словы Купалы “Спадчына”.

Нашы настаўнікаў працягваюць справу, пачатую песнярамі беларускага слова, Янкам Купалам і Якубам Коласам. Для Валянціны Андрэеўны Адамовіч беларуская мова – гэта не проста школьны прадмет, гэта стан душы, гэта стыль жыцця. Валянціна Андрэеўна чэрпае з роднай мовы вобразы для сваіх уласных вершаў. І вершы атрымліваюцца ўзнёслымі, глыбокімі, хвалюючымі. “Коласаў Сымонка”



У асеннім полі

Льюцца гукі звонка:

Зноў вандруе па зямлі

Коласаў Сымонка.

Так вядзе па струнах

Сваёй любай скрыпкі,

Што сціхае вецер,

Замаўкаюць ліпкі,

Не шумяць бярозы

Сваім доўгім веццем,

Не гамоняць сосны

Аб усім на свеце.

І так чуліць душу –

Сэрца замірае.

Ляціць песня-праўда

Ад краю да краю.

Дае крылы людзям,

Адкрывае вочы.

Будзіць беларусаў

Пасля доўгай ночы.

Каб на свет зірнуці

Коласавым вокам

І зямельку родную

Паіць словам-сокам.

Дык вадзі па струнах,

Грай, Сымонка, звонка,

Каб песню пачула

Родная старонка!



Перачытваючы вершы Коласа і Купалы, мы можам уявіць і палюбавацца ўзыходам сонца і летняй раніцай, пачуць бусліны клёкат, спеў жаўранка і салаўя, пачуць вясёлую песню срэбразвоннага ручая.



У выкананні Фаміной Алены прагучалі вершы Я.Коласа “Ручэй” і Я.Купалы “Зіма”


Цудоўныя беларускія мясціны, някідкія вобразы роднага краю выклікаюць у Коласа і Купалы не толькі радасць і замілаванне, але і сум, смутак і нават горыч. Іх сэрцы баляць за прыгнечаны народ, зняволеную радзіму.



Усе гэтыя пачуцці паспрабаваў перадаць Тарановіч Вадзім, вучань 5 “А” класа, чытаючы верш Я.Коласа “Родныя вобразы”.
Купала і Колас, адчуваючы сябе часцінкамі цэлага, заўсёды шукалі ў прыродзе сугучнае свайму настрою, сваім перажыванням. І знаходзілі – ці ў сумнай мелодыі восеньскага дажджу, ці ў марознай сонечнай раніцы, ці ў радасным надыходзе вясны. Вобраз вясны абуджаў у сэрцах абодвух паэтаў светлыя, вольналюбівыя імкненні, адчуванне радасці і моцы жыцця.





Ціхончык Вікторыя, вучаніца 6 “А” класа,

выканала верш Я. Коласа “Песня аб вясне”

Санцэвіч Паліна, вучаніца 6 “В” класа,

прадставіла верш Я.Купалы “Вясна”

Аўтух Карына,

вучаніца 5 “В” класа,

прадставіла

верш Я.Купалы “За ўсё”

Мова – душа народа, векавая праца многіх пакаленняў, люстэрка духоўнага жыцця і творчасці грамадства, наш галоўны нацыянальны скарб. Але менавіта Коласу і Купалу прыйшлося змагацца за гэты скарб, каб наша мова загучала на поўны голас, каб мы не цураліся роднай мовы, каб на ёй размаўлялі, чыталі вершы і спявалі песні, каб яе пачулі не толькі ў нашай краіне.



Захарчык Алеся, вучаніца 5 “Б” класа,

выканала верш Я.Купалы

“Магутнае слова, ты роднае слова!”

Вялікая Айчынная вайна аставіла глыбокі след у жыцці і творчасці паэтаў. Лірыка гэтага перыяду вызначаецца публіцыстычнасцю, высокім грамадзянскім пафасам.


Мяшкевіч Таццяна, вучаніца 8 “Б” класа, выканала верш Я.Коласа “Згнанніку”

Напаткала Якуба Коласа і страшная асабістая трагедыя – сын Юрка загінуў на Заходнім фронце. Таму паэт добра ведае, якой цаной далася нам перамога.



Каўрыга Юлія, вучаніца 8 “Б” класа,

прачытала верш Я.Коласа “Ветэраны вайны”.

Каханне – выток самых высокіх вершаў, песень, карцін. Каханне – выток несмяротнасці, бо яно дае новае жыццё. Каханне – гэта імкненне, парыў, узлёт, а значыць, жыццё і творчасць. І не трэба думаць, што Коласу і Купалу гэта пачуццё незнаёма.

Колас і Купала таксама захапляліся прыгажосцю жанчын, яны таксама перажывалі і марылі пра ўзаемнае каханне. І шчыра прызнаваліся ў гэтым каханні




Я.Купала з жонкаю

Уладзіславай Францаўна Станкевіч,



Я.Колас з жонкай

Марыяй Дзмітрыеўнай і сынам

Каўрыга Анастасія,

вучаніца 8 “Б” класа з вершам Я.Купалы “Ён і яна”

Калі на беларускай мове чытаюць і размаўляюць маленькія дзеці, значыць у яе ёсць будучыня. Самая малодшая ўдзельніца мерапрыемства Ангеліна Целеш, вучаніца 2 класа, прачытала верш “Памятай!”, які напісала яе бабуля, наша паважаная Алена Казіміраўна Блажыеўская.






Памятай!
Памятай і не пакідай ніколі

Той родны куточак,

Дзе цябе называлі прыгожа:

“Дачушка альбо сыночак”.


Дзе спявалі табе калыханку,

Каб ты заснуў,

Дзе вучылі хадзіць,

Дзе пазнаеш кахання вясну.


А зямлі прыгажэйшай на свеце няма.

За азёрны твой край, край жытоў, край ільну.

А завецца ён сінявокі чаму?

Пачакай, зараз я адкажу.




Глянь на карту, сынок,

Колькі зорак блакітных, колькі стужак таксама -

Гэта жылкі рачушкі.

І спявае матуля для маленькай дачушкі.
Ведай, люба Ларысачка,

Беларусь – твая калысачка.

Падрасцеш, за яе ты маліся,

А ў людзях чужых ёю ты ганарыся.


Беларусь! Шчыра я абяцаю,

Што ніколі не здраджу табе,

А сёння цябе ўслаўляю з сэрца ідучым голасам

Радкамі песняроў нашых – Купалы і Коласа.



Алена Казіміраўна Блажыеўская
Імкліва бягуць гады, але мова Коласа і Купалы гучыць і сёння. Яна застаўляе нас перажываць, радавацца, любіць, прымушае мацней біцца нашыя сэрцы. Радасна становіцца на душы і сэрцы ад таго, што нашы вучні пад уплывам творчасці класікаў беларускай літаратуры ствараюць свае ўласныя вершы. І хто ведае, можа праз некалькі год пра іх загавораць, як пра таленавітых паэтаў.
Пра Янку Купалу

Вядомы яго кнігі ва ўсім свеце,

Іх ведаюць дарослыя і дзеці.

З душою чулай быў, адкрытай для народа,

Пісаў ён вершы і паэмы, казак многа…
У дваццаць год яго спаткала гора,

Такога лёсу не чакаў ён. Вельмі скора

Памерлі бацька, брат і дзве сястры,

І працаваць прыйшлося на чужой зямлі.


А праца гэта стала невыноснай-

Рашыў пачаць ён новае жыццё.

На службе ён змяніў прафесій мноства.

Паэта развівалась пачуццё.


Пісаць ён спрабаваў яшчэ з маленства

І вершы, і паэмы пра народ.

І кнігі друкавала выдавецтва.

У вершах чуўся гістарычны падыход.


Да сённяшняй пары чытаеш яго творы.

Яны хвалююць дзіўнай чысцінёй.

Купала хваліць родныя прасторы,

Ён ганарыцца беларускаю зямлёй.



Кірэева Маргарыта,

вучаніца 11 “В” класа

Вялікі дар
Жыву ў Беларусі і тым ганаруся,

Бо маю вялікі дар:

Нашчадак вялікіх людзей і падзей я

І дзіўнай прыроды ўладар.


З дзяцінства вядомы цудоўныя песні

І казкі матулі маёй,

Яны засталіся ў памяць ад продкаў

Як спадчына разам з зямлёй.


А ў небе дзве зоркі – Купала і Колас,

Калісьці зямлі нашай дар,

Яны заявілі ў поўны свой голас:

Народ на зямлі гаспадар!


О, як вы знайшлі тыя трапныя словы,

Што сёння ўражваюць нас?!

Дзе вы адшукалі выток сваёй мовы

У той цяжкі і жудасны час?


Паданняў, легендаў былінныя словы

Вы чулі з дзяцінства штодня.

З народа вы чэрпалі сілы аснову,

З народа ўзялі вы імя.


Пра зоркі, каханне, людскія пачуцці…

Шмат свету паведалі вы.

І мы праз стагоддзі змаглі дакрануцца

Да папараць-кветкі, як вы.


Адкрылі вы свету ў творах цудоўных:

Жыве беларускі народ!

А нашай зямельцы няма нідзе роўных.

Квітнее няхай з году ў год!


Пяцэвіч Ганна,

вучаніца 11 “В” класа

Слынныя сыны зямлі нашай

1882 год – асаблівая дата для нашай краіны. Спачатку гэтыя сухія лічбы не выклікаюць ніякіх думак, але калі ўспомніць, што менавіта ў гэтым годзе нарадзіліся дзве зоркі беларускай літаратуры, то ў сэрцы нешта зварушваецца і замірае, з’яўляецца невядома адкуль пачуццё гонару і замілавання. Гэтую дату ведае кожны чалавек, які лічыць сябе сапраўдным беларусам, патрыётам сваёй зямлі. Пра гэты год нам нельга забываць, бо ён звязаны з імёнамі Янкі Купалы і Якуба Коласа, якія ўнеслі неацэнны ўклад у літаратуру не толькі нашай Бацькаўшчыны, але і ўсяго свету. Я, калі чую імёны знакамітых песняроў і прарокаў беларускай зямлі, ганаруся. Ганаруся тым, што наша зямелька нарадзіла такіх сыноў-волатаў, сыноў-патрыётаў. У сэрцы з’яўляецца невычэрпная радасць за тое, што Бог літуецца над маім народам, які згубіўся ў плыні вякоў, згубіўся ў роднай вёсцы, згубіўся ў самім сабе, і пасылае сваіх прарокаў на зямлю, каб адкрыць вочы, распаліць сэрцы, каб даць надзею на будучыню, на заўтрашні дзень.

Каб ускалыхнуць сэрцы людзей, прабудзіць у іх думкі і сумленне, не дастаткова ўмення рыфмаваць радкі: трэба ў іх ўкласці ўсю сваю душу, свой вопыт, сваю мудрасць. І гэта атрымалася ў Коласа і Купалы.

Як сапраўдныя пасланцы, яны адкрываюць вочы на свае ўласныя патрэбы, а пры дапамозе свайго таленту становяцца зычным голасам, жывым сэрцам і смелымі думкамі тых, да каго яны былі пасланы, каму дапамаглі адшукаць уласнае “я”.

З цэлым народам гутарку весці,

Сэрца мільёнаў падслухаць біцця –

Гэткай шукаю цэлы век чэсці,

Гэта адно мне падпорай жыцця.

Ганаруся… Удзячна, што ўратавалі душу народа, яго мову, матчын спеў: народ без мовы – не народ. У сваёй творчасці Купала і Колас паказалі ўсю магутнасць беларускага слова, усю яго прыгажосць і веліч. Каб заступіцца за слабых, мова пад пяром іх станавілася магутнай зброяй – “узнімайся з нізін сакаліна сям’я”; каб паказаць замілаванне родным краем – серабрыстым ручайком і жаўруком у небе:

Звонка граюць струны цішы

На ўсе галасы.

Дрэмле ветрык і на ўзвышшы

Нават кветкі не калыша

Не страсе расы.

Я захапляюся, і цябе, мой сябра, заклікаю захапляцца, бо Колас і Купала – увасабленне як лепшых чалавечых якасцей, так і лепшых якасцей усяго беларускага народа.

Ты лічыш, што іх творы не сучасныя? Ты лічыш тое, што было надзённым больш за стагоддзе назад, не надзённае сёння, у дваццаць першым стагоддзі?

Надзённае і цяпер, бо імкненне чалавека да самаўдасканалення, маральнай чысціні і душэўнай раўнавагі не змянілася, змянілася толькі матэрыяльнае вакол яго.

Варта ведаць, варта памятаць, варта чытаць, бо мудрасць продкаў – гэта зорка, якая асвятляе дарогу нашчадкам у будучыню, якая становіцца адзіным выратаваннем у цяжкую хвіліну. Мудрасць Коласа і Купалы – неацэнны скарб, з якога трэба спасцігаць навуку любові да чалавека, прыроды, Радзімы.

Слаўныя сыны зямлі маёй роднай! Вам спяваю гімн радкамі свайго верша:

Хай ззяюць вашыя імёны

Век зоркамі ў вышыні,

А мы, нашчадкі, будзем помніць,

Што вы зрабілі для зямлі…

Зямлі гаротнай, зямлі светлай,

Зямлі крынічнай чысціні,

Зямлі, што белаю калісьці

Вы ў сваіх творах нараклі.



Лектарская група вучняў

6 “А” і 6 “Г” класаў

расказала пра жыццё і дзейнасць

Я.Купалы і Я.Коласа



Лектарская

група:
Спатар Аляксандра

Манцэвіч Кацярына

Токць Рыгор

Каласоўская Ала

Жаваранак Юлія

Чырвонік Юлія

Цi ведаеце вы, што...” Я. Купала



Сапраýднае iмя Янкі Купалы – Іван Дамінікавіч Луцэвіч?

Што ў сям’і Луцэвічаў было сямёра дзяцей, трое з якіх, на жаль, памерлі ў дзяцінстве?

Што любімыя пісьменнікі К.Чорны, Ф.Дастаеўскі, Л.Талстой?

Што Купала ведаў чэшскую, украінскую, польскую, рускую мовы і перакладаў з іх?

Што па натуры Купала быў хутчэй маўклівым, чым гаваркім?

Што ў Купалы была вялікая бібліятэка, якая, на жаль, згарэла ў час вайны?

Што Купала вельмі любіў ружы, таму ля дома развеў цудоўны разарый?

Што са сваёй жонкай Уладзіславай Купала пражыў душа ў душу 27 гадоў?

Што ў Купалы, на жаль, не было сваіх дзяцей, але яго дом быў заўсёды поўны чужымі дзецьмі?

Што ў Купалы была дача ў Ляўках, дзе яму добра пісалася?

Што ў 1925 годзе Купалу, першаму ў гісторыі беларускай літаратуры, было прысвоена ганаровае званне народнага паэта?






Усе чытальнікі вершаў атрымалі памятныя падарункі ад Тамары Антонаўны Луговіч, старшыні пярвічнай арганізацыі Ваўкавыскага раёна “Белая Русь” і ад настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры.

На душы было радасна і ўзнёсла ад таго, што атрымалася сапраўднае свята, на якім гучалі вершы, песні, музыка, на якім панаваў добры настрой. Пасля калі мы разам, калі гучыць роднае слова - значыць жыве наша Белая Русь.



Выстава з нагоды 130-годдзя

беларускіх класікаў

Я.Купалы і Я.Коласа


Загадчык інфармацыйна-бібліятэчнага цэнтра

Хут Т.Я.

Дзіўныя, гучныя вершы

Мусіць вам зорка паслала.

Першыя ў шэрагу першых –

Колас і Янка Купала

В.Любецкі


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка