Сярэдняя школа №1 імя В. Х. Галаўко г. Бярозы




старонка1/3
Дата канвертавання23.03.2016
Памер0.78 Mb.
  1   2   3

Жуковіч Мікола, дырэктар, настаўнік-метадыст ДУА “Сярэдняя школа № 1 імя В.Х. Галаўко

г. Бярозы”


Лічбавыя адукацыйныя рэсурсы і інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі ў працэсе выкладання беларускай мовы і літаратуры ў 5-11 класах агульнай сярэдняй школы
Сёння любы прагрэсіўны настаўнік добра ўсведамляе і цвёрда перакананы на ўласным педагагічным вопыце, што без камп’ютарных інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій нельга ўжо абысціся ў адукацыйнай сістэме XXI стагоддзя. Асобныя выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры таксама пачалі выкарыстоўваць звычайны персанальны камп’ютар ці ноўтбук у сваёй працы. Апошнім часам на старонках педагагічных выданняў, у тым уліку і ў часопісах “Беларуская мова і літаратура”, “Роднае слова”, многімі аўтарамі пададзены разнастайныя тэхналогіі па эфектыўным засваенні навучэнцамі праграмнай вучэбнай інфармацыі і яе сістэматызацыі, а таксама апісаны метады і прыёмы работы з аб’ёмнымі і выразнымі лічбавымі дыдактычнымі сродкамі.

Пра камп’ютар і выкарыстанне некаторых інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій на занятках беларускай мовы і літаратуры намі раней таксама асвятлялася ў разнастайных артыкулах вышэйназваных выданняў. Практычна ўсе гэтыя матэрыялы былі ўключаны ў нашы дапаможнікі для настаўнікаў “Сучасныя педагагічныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры” (выдавецтва “Аверсэв”, 2007 год), “Сучасныя адукацыйныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры” (выдавецтва “Аверсэв”, 2015 год) і зараз знаходзяцца на аўтарскім вэб-сайце “Каб харашэць душой” (электронны адрас – zhukovich4.narod.ru.).

Як паказвае выкладчыцкая практыка, з дапамогай камп’ютара можна больш якасна арганізаваць індывідуальную і групавую формы навучання, паступова сфарміраваць у навучэнцаў сучаснай сярэдняй школы высокі ўзровень самаадукацыйных навыкаў і ўменняў, матываваць цікавасць да вывучэння беларускай мовы і літаратуры.

Прымяненне лічбавых адукацыйных рэсурсаў, безумоўна, аблягчае і працу настаўніка: напрыклад, яму не трэба рабіць неабходныя запісы на дошцы ці пасля заняткаў затрачваць пэўны час на праверку вынікаў бягучай тэставай работы. Такое выкладанне мяняе і характар псіхалагічнага ўзаемадзеяння педагога і вучня: камп’ютар веды ацэньвае аб’ектыўна, і з ім не паспрачаешся. Нават традыцыйнае слова педагога, скажам, па біяграфіі пэўнага пісьменніка пры жаданні можна замяніць калектыўным праглядам відэасюжэта, загадзя запісанага на лічбавыя носьбіты з тэлевізійных каналаў ці інтэрнэта.

У сярэдняй школе звычайны персанальны камп’ютар ці ноўтбук магчымы на разнастайных тыпах і відах сучаснага ўрока як мовы, так і літаратуры: тлумачэння новага матэрыялу, камбінаванай будовы, паўтарэння ці пры правядзенні кантрольных работ і інш.; а таксама відавочна рацыянальнае выкарыстанне інтэрактыўных мадэляў і на асноўных структурных этапах вучэбных заняткаў: матывацыйным, інфармацыйна-пошукавым, трэніровачна-карэкцыйным і кантрольна-рэфлексійным.

Настаўніку беларускай мовы і літаратуры ўжо сёння неабходна смела асвойваць магчымасці камп’ютарных тэхналогій і самому ствараць новыя методыкі выкладання сваіх прадметаў, зыходзячы з запатрабаванняў вучняў, магчымасцей сучаснай інфармацыйнай прасторы ды і матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальнай установы.



Тэрмін “лічбавыя адукацыйныя рэсурсы” трэба разумець як камп’ютарныя сродкі навучання, што ўяўляюць сабою віртуальную нагляднасць, гук у лічбавай форме, якія неабходны для арганізацыі адукацыйнага працэсу. Можна карыстацца і такімі сінонімамі, як “электронныя сродкі навучання”, ці “праграмна-педагагічныя сродкі”.

Да лічбавых адукацыйных рэсурсаў адносяцца наступныя віды навучальных аб’ектаў:



  • сімвальныя (разнастайныя знакі, сімвалы, тэксты, графікі);

  • вобразныя аб’екты (фотаздымкі і малюнкі);

  • аўдыёінфармацыя (вусныя тэксты, музыка, песні);

  • відэааб’екты (разнастайныя анімацыі, відэасюжэты, фільмы);

  • аб’екты “віртуальнай рэальнасці” (праграмаваныя трэнажоры, інтэрактыўныя мадэлі, канструктары).

Кожны з гэтых пералічаных аб’ектаў сёння таксама можа быць выкарыстаны настаўнікам у

адукацыйным працэсе. Асобныя з іх, зыходзячы з канкрэтнай мэты і задач урока, валодаюць большым ці меншым прыярытэтам у выкладанні. Напрыклад, відэааб’екты і вобразныя аб’екты больш прыдатны для заняткаў па літаратуры, сімвальныя будуць запатрабаваны часцей на мове.

Улічыўшы гэтыя акалічнасці і аксіёму, што выкарыстанне камп’ютарных інфармацыйных тэхналогій паскарае працэс тлумачэння праграмнага матэрыялу і павышае яго візуальную якасць, настаўнік беларускай мовы і літаратуры павінен сам добра ўмець працаваць у праграмах Microsoft Word і PowerPoint, а таксама валодаць праектнай методыкай.

Пры самастойнай падрыхтоўцы лічбавых адукацыйных прадуктаў неабходна ўлічваць узроставыя асаблівасці вучняў, тэму і мэту заняткаў, санітарна-гігіенічныя патрабаванні і інш. А таксама звяртаем увагу на апраўданы і абаснаваны псіхолага-педагагічны прынцып мэтавай устаноўкі ў час нагляднай дэманстрацыіі і слухання. Менавіта мэтавызначэнне дапамагае навучэнцам арганізаваць належнае назіранне і ўспрыняцце інфармацыйнага матэрыялу, наладжвае працэс адбору пэўных фактаў, іх сарціроўку і ацэнку. Таму, напрыклад, на інфармацыйна-пошукавым этапе перад дэманстрацыяй прэзентацыі настаўнік павінен яскрава і дакладна фармуляваць мэту і задачы школьніку непасрэдна перад самым праглядам. Як сцвярджаюць псіхолагі, успрыняцце мультымедыйнага адукацыйнага прадукта – гэта даволі складаны псіхафізічны працэс, бо патрабуецца ад навучэнца адначасовае напружанне слыхавых і зрокавых аналізатараў. Калі гэтыя аналізатары працуюць паралельна над адной задачай, то поспех засваення гарантаваны, а калі мэтавая ўстаноўка ўскладнена ці зусім адсутнічае, то ёсць небяспека ўзаемнага тармажэння гэтых самых аналізатараў.

З дапамогай лічбавых адукацыйных рэсурсаў настаўнік павінен імкнуцца забяспечваць трываласць набытых ведаў і ўменняў і на трэніровачна-карэкцыйным этапе сучаснага ўрока як мовы, так і літаратуры. Тут важна пасля прагляду, скажам, пэўнага відэасюжэта арганізаваць паўторнае ўзнаўленне толькі што ўбачанага ці пачутага і ажывіць пэўныя вобразы яшчэ раз, бо, як сцвярджаюць фізіёлагі, у аснове вучнёўскіх ведаў ляжаць усё-такі часовыя сувязі, якія ўзнікаюць ў кары галаўнога мозгу асобы. Трываласць гэтых сувязяў у значнай ступені залежыць ад сілы працэсаў узбуджэння і тармажэння.

Выкарыстанне лічбавых прадуктаў будзе спрыяльным і на кантрольна-рэфлексійным этапе сучаснага ўрока. Паўторны прагляд відэасюжэта, прэзентацыі з вусным каментарыем саміх вучняў больш дзейсны і эфектыўны, чым пераказ вывучанага параграфа ці артыкула з падручніка. Як паказвае выкладчыцкая практыка, і праверка ведаў навучэнцаў з дапамогай электронных сродкаў навучання стварае таксама матывацыйны штуршок да дзеяння, натхняе да паспяховага вывучэння беларускай мовы і літаратуры.

Як вядома, выкладчык сёння можа выкарыстаць у сваёй працы наступныя інтэрактыўныя адукацыйныя мадэлі:


  • мультымедыйныя прэзентацыі, выкананыя ў праграме PowerPoint;

  • аўдыякнігі, фонахрэстаматыі;

  • тэкставы рэдактар;

  • інтэрнэт-рэсурсы;

  • тэлебачанне і кіно;

  • тэсты;

  • электронныя падручнікі і інш.

Ніжэй паспрабуем паказаць дыяпазон гэтых магчымасцей і эфектыўныя тэхналогіі выкарыстання лічбавых адукацыйных рэсурсаў у выкладанні беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе практычна ў разнастайных адукацыйных рэжымах: у навучальным, у рэжыме графічнага ілюстравання праграмнага вучэбнага матэрыялу, у трэніровачным з мэтай выпрацоўкі і замацавання агульнавучэбных уменняў і навыкаў па пэўнай тэме, у дыягнастычным рэжыме тэсціравання якасці засваення праграмнага матэрыялу і ў рэжыме самаадукацыі, спалучыўшы традыцыйнае навучанне з камп’ютарнымі інфармацыйна- камунікатыўнымі тэхналогіямі.

Тэрмін інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі ў галіне адукацыі ўзнік нядаўна ў інтэрнэце і пакуль актыўна яшчэ не прапісаны ў новых выданнях навукова-педагагічнай літаратуры. Дагэтуль ў лексіконе настаўнікі ўжывалі такія сінанімічныя паняцці, як інфармацыйна-камп'ютарныя ці інфармацыйныя тэхналогіі. На сёння можам сустрэць і наступную назву – інфармацыйна-тэлекамунікатыўныя тэхналогіі і інш.

У слоўніку іншамоўных слоў аўтара А.М. Булыкі пра словаўтваральны назоўнік першай часткі гэтага тэрміна чытаем наступнае: «Інфармацыя (лац. information = паведамленне, растлумачванне). 1. Паведамленне аб становішчы спраў у якой-н. галіне, аб чыёй-н. дзейнасці; звесткі аб чым-н. Апублікаваць інфармацыю. Газетная інфармацыя. Бюро тэхнічнай інфармацыі. 2. Сукупнасць якіх-н. звестак, ведаў. Паток інфармацыі. 3. Звесткі аб навакольным свеце, якія атрымлівае чалавек праз органы пачуццяў. Інфармацыя праз органы пачуццяў перадаецца ў мозг”.

Слова “камунікацыя” таксама мнагазначнае: у гэтым жа выданні яму даецца два тлумачэнні. Да тэмы гаворкі дадзенага артыкула адпавядае наступнае: “(лац. communicatio)…2. Абмен думкамі, перадача інфармацыі пры дапамозе мовы. Мова як сродак камунікацыі”.

Акцэнтуем увагу чытача, што правільна і дакладна ўжываць усё-такі прыметнік «камунікатыўныя», а не «камунікацыйныя». Слова “камунікатыўны” “(лац. communicativus). Які мае адносіны да перадачы інфармацыі пры дапамозе мовы”.

Безумоўна, інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі актыўна выкарыстоўваюцца настаўнікамі-прадметнікамі, каб за невялікі прамежак часу больш эфектыўна дасягнуць галоўную мэту – адукацыі (навучання і выхавання) навучэнцаў. Зразумела, што з дапамогай іх паралельна адбываецца і рэалізацыя вучэбных планаў, праграм, перадача вучню пэўнай сістэмы ведаў па прадмеце, а таксама ажыццяўляюцца метады і сродкі для стварэння, збору, перадачы, захавання і апрацоўкі інфармацыі.

Як вядома, інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі выкарыстоўваюцца і ў вытворчай, эканамічнай, вайсковай, юрыдычнай і іншых галінах чалавечай дзейнасці. Таму ад сферы выкарыстання залежыць і іх класіфікацыя па тыпах і відах. На жаль, аўтару гэтага артыкула не ўдалося знайсці ў інтэрнэце больш-менш стабільнага падзелу і адпаведных назваў інфармацыйным тэхналогіям. У кожнага навукоўца яна свая.

У залежнасці ад ступені выкарыстання камп’ютараў у адукацыйнай сістэме можна інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі падзяліць на два тыпы: бескамп’ютарныя і камп’ютарныя.

Да ліку бескамп’ютарных інфармацыйных тэхналогій адносяцца наступныя іх віды:

- папяровыя тэхналогіі (сродкамі з’яўляюцца падручнікі, вучэбныя і вучэбна-метадычныя дапаможнікі);

- аптычнатэхнічныя (эпіпраектары, дыяпраектары, графапраектары, кінапраектары, лазерныя ўказкі);


  • электроннатэхнічныя (тэлевізары і прайгравальнікі лазерных дыскаў).

Да камп’ютарнага тыпу прадстаўлення інфармацыі адносяцца такія віды тэхналогій:

  • тэхналогія выкарыстання навучальных праграм;

  • мультымедыйная тэхналогія;

  • тэхналогія дыстанцыйнага навучання.

Як вядома, пералічаныя віды выкарыстоўваюцца ў адукацыйнай сферы як для

інфармавання вучняў, так і з мэтай кантролю выяўлення набытых імі ведаў. Таму, зыходзячы з мэты прымянення, узнікаюць і адпаведныя назвы гэтым групам: тэхналогіі прадстаўлення інфармацыі і тэхналогіі кантролю ведаў.

З развіццём тэхнічнага прагрэсу зараз у наш час відавочна назіраецца, як сродкі асобных вышэйпералічаных тыпаў і відаў інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій змяняюцца, удасканальваюцца, з’яўляюцца новыя ці зусім некаторыя знікаюць з ужытку. Да апошняй катэгорыі, напрыклад, можна аднесці від аптычнатэхнічных тэхналогій, таму што эпіпраектары, дыяпраектары, графапраектары, кінапраектары практычна пакінулі сцены навучальных устаноў, а іх тэхнічныя якасці канструктарамі ўжо аб’яднаны ў звычайны персанальны камп’ютар. Таму зараз большую перавагу ў навучальных установах займаюць усё-такі тэхналогіі камп’ютарнага тыпу.

На сёння школьнаму настаўніку, бывае, ужо цяжка размежаваць тыпавую ці відавую класіфікацыю асобных інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій, бо зноў жа з тэхнічным прагрэсам яскрава назіраецца іх аб’яднанне, інтэграцыя асобных сродкаў. Для прыкладу прыводзім інтэрактыўнае тэлебачанне, дзе, на першы погляд, звычайны хатні лічбавы тэлевізар функцыянуе ўжо як персанальны камп’ютар.

У большасці ў змесце інтэрнэтных навукова-педагагічных артыкулаў іх аўтары называюць віды інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій у залежнасці ад сродкаў і формаў іх выкарыстання. Таму часта зараз можна сустрэць і такія назвы:


  • тэхналогія прэзентацый;

  • тэхналогія тэлеканферэнцый;

  • тэхналогія гіпертэксту;

  • тэхналогія электроннай пошты;

  • тэхналогія інтэрнэту;

  • тэхналогія стварэння вэб-старонак інш.

Безумоўна, валоданне настаўнікам класіфікацыяй інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій не паўплывае на якасць выкладання ў школе. Таму ў ніжэйпададзеным матэрыяле мы прынцыпова не прытрымліваемся адной нейкай тэрміналогіі, а спрабуем паказаць набыткі, новыя магчымасці, праблемы і перспектывы ў выкладанні беларускай мовы і літаратуры на сучасным этапе.
Асноўнае прызначэнне камп’ютарнай тэхналогіі выкарыстання навучальных праграм

заключаецца ў стварэнні разнастайных адукацыйных прадуктаў і захаванні гэтай інфармацыі на кампакт-дысках. Як правіла, індывідуальная праца з імі дае мажлівасць навучэнцу глыбока засвоіць і зразумець праграмны матэрыял. Дзякуючы гэтай тэхналогіі запісаны дыск можна прыстасаваць для індывідуальнага карыстання, што дае мажлівасць вучню для самаадукацыі і самаправеркі атрыманых ведаў. Калі параўноўваць электронныя адукацыйныя выданні са звычайнай кнігай, то апошняя прайграе з-за адсутнасці дынамікі графічнай формы.

Рэспубліканскім навукова-метадычным цэнтрам ужо распрацаваны і дасланы на дысках у кожную базавую і сярэднюю школу камплекты лічбавых адукацыйных рэсурсаў практычна па ўсіх агульнаадукацыйных прадметах, у тым ліку і па беларускай мове і літаратуры:


Назва электронных сродкаў навучання

Распрацоўшчык і год выдання

Педагагічна-метадычны комплекс (ПМК) «Беларуская мова»

РБ / ІНІС-СОФТ, 1999

Беларуская мова. Сярэдняя школа. Частка 1

РБ / Софт-Перспектыва, 2007

Беларуская мова. Сiнтаксiс i пунктуацыя

РБ / Софт-Перспектыва, 2008

Беларуская лiтаратура. Сусвет роднага слова

РБ / Софт-Перспектыва, 2008

ПМК «Падрыхтоўка да цэнтралізаванага тэсціравання па біялогіі, рускай, беларускай і англійскай мовах» і інш.

РБ / БДПУ, ІНІС-СОФТ, 2005

Мэта стварэння гэтага праекта заключалася ў першую чаргу ў дапамозе настаўніку і навучэнцу пры падрыхтоўцы і правядзенні заняткаў, у забеспячэнні іх мастацкімі тэкстамі, асабліва па літаратуры, па прычыне адсутнасці хрэстаматый для 10 і 11-ых класаў.

На сёння кіраўніцтва Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узяло пад асаблівы кантроль выкарыстанне ў школах электронных сродкаў навучання: штогод праводзіцца маніторынг па суправаджэнні адукацыйнага працэсу лічбавымі рэсурсамі. У сувязі з увядзеннем новых правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі асобныя матэрыялы па беларускай мове, на жаль, ужо страцілі сваю навізну і актуальнасць.



Электронны падручнік – гэта адзін з галоўных рэсурсаў тэхналогіі выкарыстання навучальных праграм, інтэрактыўная адукацыйная мадэль, якую таксама можна выкарыстаць з навучэнцамі агульнай сярэдняй школы ў рэжыме самаадукацыі. Такія кнігі па сутнасці ўяўляюць сабой цэлы электронны вучэбна-метадычны комплекс навучальных, трэніровачных і кантралюючых матэрыялаў, якія размешчаны на магнітных носьбітах – CD-дысках, што прадназначаны для звычайнага камп’ютара. Калі гаварыць пра электронны падручнік больш спрошчана, то гэта дапаможнік у віртуальным наборы навуковых звестак пэўнай вучэбнай дысцыпліны. Для замацавання ў ім аўтарамі падабраны разнастайныя практыкаванні і заданні, у змесце могуць быць і тэсты, прысутнічаюць табліцы, схемы, відэасюжэты, ілюстрацыі і музыка. Як правіла, электронны падручнік дапаўняе звычайны і эфектыўны ў тых выпадках, калі ён дапамагае хутка знайсці неабходную інфармацыю, значна эканоміць час карыстальніка, забяспечвае імгненную зваротную сувязь (напрыклад, праверыць веды па пэўным раздзеле).

Наяўнасць такіх дапаможнікаў на асобных дысках і ў інтэрнэце пакуль недастатковая. Трэба прызнаць, што гэты лічбавы адукацыйны прадукт па беларусазнаўству распрацаваны зусім слаба і недасканала. Развіццё пытання яшчэ ў перспектыве. Лічым, што толькі абмежаванае кола настаўнікаў можа на сёння выкарыстоўваць гэты рэсурс у сваёй выкладчыцкай працы.

Для ўзору варта звярнуць увагу на змест першага электроннага падручніка пад назвай “Гавары са мной па-беларуску. Базавы курс класічнай беларускай мовы” аўтараў Сяргея Аляксандрава і Галіны Мыцык. Рэсурс знаходзіцца ў інтэрнэце па адрасе http://old.knihi.com/www.padrucnik. Настаўнік беларускай мовы пасля знаёмства з гэтым дапаможнікам можа распрацаваць і правесці некалькі ўрокаў мовы практычна ў кожным класе сярэдняй школы, загадзя звярнуўшы ўвагу навучэнцаў на асаблівасці “тарашкевіцкай” арфаграфіі.

Электронныя падручнікі па беларускай літаратуры у інтэрнэтнай прасторы пакуль адсутнічаюць. Выкладчыкі і вучні 10-11-ых класаў могуць карыстацца толькі копіяй дапаможнікаў, якімі былі забяспечаны ўсе сярэднія школы рэспублікі і перададзены на дыскавым носьбіце.

Рэкамендуем выкарыстаць для правядзення некаторых урокаў беларускай літаратуры ў 5-ым класе сайт-зборнік “Казкі беларускія” (http://kazki.by). Ролю электроннага падручніка могуць выканаць цікавыя і змястоўныя энцыклапедыі па архітэктуры Беларусі (сайты www.belarus.by і http://be.wikipedia.org). Даведнікам можна лічыць і яшчэ адзін лічбавы рэсурс – энцыклапедыю электронную, змешчаную на сайце http://slounik.org. У ім ёсць разнастайныя віды беларускіх слоўнікаў: арфаграфічны, тлумачальны, этымалагічны, фразеалагічны, дыялектны, руска-беларускі, беларуска-рускі і інш.

Аўдыякнігі, фонахрэстаматыі ўяўляюць сабой электронны запіс мастацкіх тэкстаў ці іх фрагментаў для пэўнага класа сярэдняй школы ў выкананні прафесійных акцёраў і звычайна з музычным суправаджэннем. На жаль, такія складнікі ў вучэбна-метадычным комплесе па вывучэнні беларускай літаратуры ў 5-11-ых класах у сучаснай навучальнай установе таксама пакуль адсутнічаюць па разнастайных прычынах. Па-першае, у пачатку XXI стагоддзя адбыліся карэнныя змены ў змесце і структуры вучэбных праграм. Таму многія пласцінкі з-за сваёй неадпаведнасці страцілі актуальнасць і былі спісаны з тавара-матэрыяльнай адказнасці загадчыкаў кабінетаў беларускай мовы і літаратуры. Па-другое, больш сур’ёзнай прычынай стала састарэласць звычайных прагравальнікаў і адсутнасць да іх элементарных запчастак. Значную ролю ў гэтым працэсе перааснашчэння сыграла і паступовае з’яўленне ў вучэбных кабінетах персанальных камп’ютараў, якія замянілі і выдатна спалучылі ў адно цэлае ўсе раней існаваўшыя тэхнічныя сродкі навучання.

Спадзяёмся, што ў будучым праблема наяўнасці сучасных лічбавых фонахрэстаматый з цягам часу будзе вырашана. Патрэбнасць у іх ўсё-такі ёсць. Выразнае мастацкае чытанне твора прафесійным артыстам дае мажлівасць самому настаўніку не толькі зберагчы голас і адпачыць, але і акцэнтаваць увагу на арфаэпічныя і акцэнталагічныя нормы асобных слоў, на правільнасць інтанацыі пэўных твораў. А выпуск некаторых аўдыякніг, якія не трэба чытаць, а толькі слухаць, матывуе цікавасць сучаснікаў і да чытання беларускамоўных паэм, аповесцяў і раманаў.

У сваёй працы настаўнік беларускай мовы і літаратуры ўжо сёння пры жаданні можа набыць у кнігарнях і выкарыстаць на ўроку праслухванне некаторых мастацкіх твораў, што знаходзяцца на наступных дысках:



  1. “Беларускія народныя казкі”. Казкі пра жывёл. 10 трэкаў. Чытае Алег Хаменка, Ларыса Рыжкова і Тамара Лісіцкая.

  2. “Ехаў казачнік Бай. Беларускія народныя казкі і калыханкі”. 24 трэкі. Чытае Ігар Блінкоў.

3. “Легенды і паданні” (пра заснаванне Менска, Бярэсця, Магілёва, Гомеля, пра Нарач і возера Свіцязь і інш.) 23 трэкі. Чытае Віктар Манаеў.

4. “Максім Багдановіч. Вершы”. 25 твораў. Сярод іх “Слуцкія ткачыхі”, “Летапісец”, “Кніга”, “Па-над белым пухам вішняў” і інш. Чытае Віктар Манаеў.

5. Аўдыякніга “Якуб Колас. “Новая зямля”. Паэма”. Чытае Мікола Рабычын.

6. Аўдыякніга “Якуб Колас. “Сымон-музыка”. Паэма”. Чытае Валерый Шушкевіч.

7. Аўдыякніга “Янка Купала. Вершы. Паэмы”. Чытае Валерый Шушкевіч.

8. Аўдыякніга “Іван Мележ. “Людзі на балоце”. Чытае Андрэй Каляда.

9. Аўдыякніга “Іван Мележ. “Подых навальніцы”. Чытае Андрэй Каляда.

10. Аўдыякніга “Уладзімір Караткевіч. Зборнік вершаў “Быў. Ёсць. Буду”. Чытае Андрэй Каляда і інш.

11. Аўдыякніга “Уладзімір Караткевіч. “Ладдзя Роспачы”, “Чазенія” і інш. Чытае Андрэй Каляда.

12. Аўдыякніга “Уладзімір Караткевіч. Раман “Каласы пад сярпом тваім”. Чытае Андрэй Каляда.

13. Аўдыякніга “Ніл Гілевіч. Выбранае”. Чытае аўтар.

14. Аўдыякніга “Рыгор Барадулін. Навошта”. Чытае аўтар.

15. Аўдыякніга “Янка Маўр. “Палескія рабінзоны”, “У краіне райскай птушкі” .Чытае Уладзімір Козічаў.

Настаўнік зможа выкарыстаць на асобных занятках і інтэрнэтныя рэсурсы, асабліва сайты “Старое радыё” і “Архівы Беларусі” (www.staroeradio.ru і http://archives.gov.by). Калі набраць у пошукавым акне менавіта гэтых вэб-праектаў па-руску частку слова “белорусс…”, то з’явіцца невялікая аўдыёпадборка беларускамоўных песень і радыёспектакляў. На другім сайце ёсць мажлівасць паслухаць праграмныя вершы Максіма Багдановіча. Напоўнены беларускім фальклорам сайт http://iplayer.fm.



Аб з’яўленні новых беларускамоўных аўдыёкніг можна даведацца пры пастаянным наведванні такіх вэб-праектаў, як http://gukkniga.narod.ru, http://kamunikat.org ці www.prastora.by і інш. На сёння самым змястоўным з вэб-праектаў на беларускамоўныя аўдыякнігі з’яўляецца http://knihi.com/audyjoknihi/html. У ім змешчаны наступныя фоназапісы праграмных твораў:


Клас

Аўтар

Назва твора

5

Уладзімір Караткевіч

“Бацькаўшчына”




Максім Багдановіч

“Зімой”




Уладзімір Караткевіч

“Кацёл з каменьчыкамі”




Міхась Лынькоў

“Васількі”




Міхась Лынькоў

“Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў”




Міхась Лынькоў

“Міколка-паравоз”

6

Анатоль Вялюгін

“Спелы бор”




Кузьма Чорны

“Насцечка”




Мікола Сурначоў

“У стоптаным жыце”

7

Янка Купала

“Курган”




Якуб Колас

“Ручэй”




Максім Багдановіч

“Па-над белым пухам вішняў...” («Маёвая песня»)




Леанід Дайнека

“Меч князя Вячкі”

8

Максім Багдановіч

“Раманс” («Зорка Венера»)




Максім Багдановіч

“Слуцкія ткачыхі”




Аляксей Дудараў

“Вечар”




Янка Купала

“Спадчына”




Максім Танк

“Шчасце”




Уладзімір Караткевіч

“Паром на бурнай рацэ”




Янка Купала

“Паўлінка”




Віталь Вольскі

“Несцерка”




Рафаэла Джаваньёлі

“Спартак”




Міхась Стральцоў

“Адзін лапаць, адзін чунь”

9

Аўтар невядомы

“Слова пра паход Ігаравы”




Канстанцін Вераніцын

“Тарас на Парнасе”




Адам Міцкевіч

“Пан Тадэвуш”. Уступ




Ян Баршчэўскі

“Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”




Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

“Пінская шляхта”




Аркадзь Куляшоў

“Хамуціус”




Якуб Колас

“Родныя вобразы”




Якуб Колас

“Новая зямля”




Якуб Колас

“На ростанях”




Якуб Колас

“Сымон-музыка”




Максім Багдановіч

“Жывеш не вечна, чалавек...”




Мікола Арочка

“Судны дзень Скарыны”

10

Кандрат Крапіва

“Дыпламаваны баран”




Кандрат Крапіва

“Хто смяецца апошнім”




Максім Танк

“Мой хлеб надзённы”




Іван Мележ

“Людзі на балоце”




Уладзімір Караткевіч

“Каласы пад сярпом тваім”




Уладзімір Караткевіч

“Ладдзя Роспачы”




Андрэй Макаёнак

“Зацюканы апостал”

11

Іван Шамякін

“Сэрца на далоні”




Іван Шамякін

“Трывожнае шчасце”




Георгій Марчук

“Давыд-гарадоцкія каноны”




Аляксей Дудараў

“Радавыя”




Алесь Петрашкевіч

“Напісанае застаецца”

Электронныя тэсты – гэта яшчэ адзін са складнікаў вучэбна-метадычных комплексаў тэхналогіі выкарыстання навучальных праграм. Такія кантрольна-вымяральныя матэрыялы таксама размешчаны на CD (кампакт-дысках). У сувязі з падрыхтоўкай выпускнікоў 11-ых класаў да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы ў многіх школах рэспублікі апрабіруюцца заняткі і па камп’ютарным тэсціраванні. Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў былі распрацаваны спецыяльныя дыскі з тэстамі і па беларускай мове. Набыць іх навучальная ўстанова можа толькі на камерцыйнай аснове.

Тэставы спосаб кантролю ведаў дае мажлівасць выкладчыку беларускай мовы за нязначны час урока аб’ектыўна ацаніць практычна ўсіх вучняў класа па пэўнай тэме, а то і па пэўным раздзеле вучэбнай праграмы.

Ёсць у наяўнасці разнастайныя электронныя праграмы складання тэставых заданняў па любой тэме ці раздзеле як мовы, так і літаратуры ў 5-11-ых класах навучальнай установы. Некаторыя ўзоры па складанні тэставых заданняў можна ўбачыць на сайце “Каб харашэць душой” (адрас – zhukovich4.narod.ru.) Гэтыя прадукты з’явіліся дзякуючы праграме “КРАБ 2”, што прызначана спецыяльна для стварэння і правядзення тэстаў. Гэтыя канструктары можна спампаваць у інтэрнэце на сайтах http://krabtest.narod.ru ці www.keepsoft.ru.

Будучым абітурыентам настаўнік можа парэкамендаваць выявіць свой узровень ведаў па беларускай мове пры ўмове рэгістрацыі на сайце http://vedy.by. Тут змешчаны комплексныя тэсты па розных вучэбных прадметах, якія задзейнічаны ў цэнтралізаваным рэспубліканскім тэсціраванні. Падобны матэрыял і структура заданняў па мове знаходзяцца і на сайце http://testirovanie.org .

Недахопам тэставых праграм можна лічыць адсутнасць моманту работы над памылкамі. Але пры жаданні і гэта паддаецца праграмаванню. Пры стварэнні сваіх электронных тэстаў як па мове, так і літаратуры рэкамендуем пасля кожнага задання ўводзіць кадр з паведамленнем вучню, як ён адказаў: “Вы адказалі правільна” ці “…памылкова”. Пры наяўнасці памылкі патрэбна ўвесці нумары правільных адказаў.

Прапануем незвычайную форму кантролю за ведамі вучняў на ўроках беларускай літаратуры з дапамогай персанальнага камп’ютара. Прыдатнымі для такой працы могуць паслужыць розныя яго мадэлі, якія даволі распаўсюджаны ў навучальных установах нашай рэспублікі.

Метад выкарыстання камп'ютара на падагульняльных занятках па літаратуры дастаткова эфектыўны: за адзін урок настаўнік мае мажлівасць без значных намаганняў праверыць веды школьнікаў 5-11-ых класаў па пэўнай вывучанай тэме, раздзеле, аб'ёмным мастацкім творы; аб'ектыўна ацаніць працу 20 - 25 вучняў пры наяўнасці ў кабінеце 10 -15 персанальных электронна-вылічальных машын. Акрамя гэтага, заняткі на камп'ютары выпрацоўваюць навыкі індывідуальнай працы і – самае галоўнае на сённяшні дзень – павышаюць цікавасць да вывучэння літаратуры як прадмета.

Праграма зрэзаў ведаў у форме тэстаў не патрабуе ад вучня якіх-небудзь значных навыкаў і ўменняў па пытаннях праграмавання на камп’ютары. На вопыце пераканаліся, што неабходны прынцып работы камп'ютарнага тэсціравання можна вывучыць за 2 - 3 хвіліны. Перад такім урокам пажадана правесці, асабліва з 5 класам, невялікія ўводныя заняткі з мэтай псіхалагічнай адаптацыі да кабінета інфарматыкі, навучання элементарным прыёмам работы на машыне. Не лішнім момантам будзе невялікая гутарка па патрабаваннях бяспекі, дысцыпліны і гігіены.

Добра, калі на ўводныя заняткі настаўнік падрыхтуе пробны мікраматэрыял, праграму, набліжаную да тэмы будучага зрэзу.

Праграма-тэст даволі простая. Праўда, закласці яе ў "памяць" машыны па сіле толькі спецыялісту – настаўніку інфарматыкі ці добра падрыхтаванаму вучню-аматару. Філолагу не варта дужа хвалявацца за калегу, які згадзіўся запісаць праграму-тэст у камп’ютар, нават калі ў наяўнасці ёсць звыш 10 машын. Канечне, праца над закладкай заданняў патрабуе значнага часу, адказнасці, празмернай увагі ды і фізічных сілаў. Але, дзякуючы носьбіту інфармацыі – магнітнаму дыску, флэшцы – спецыяліст можа перанесці запісаны тэст з аднаго камп'ютара на другі за некалькі хвілінаў. Ёсць спосаб перадаць праграмаваны тэст і па лакальнай сетцы паміж камп'ютарамі.

Каб праілюстраваць адметнасць афармлення заданняў, спецыфіку іх выканання, прывядзём найбольш тыповыя патрабаванні да запісу праграмы тэста.

Пажадана ўсю структуру зрабіць у форме зменнага кадра, які лёгка пераключыць націскам клавішы "Еntеr" – "Увод".

На першым кадры-застаўцы патрэбна запісаць тэму заняткаў. На другім – мэту, але падаць яе варта з улікам узроставых асаблівасцяў школьнікаў. Добра, калі будуць агавораны і крытэрыі адзнак. Цэнтральным блокам праграмы з'яўляецца блок 10 - 30 пытанняў. Можна да пытанняў падаць варыятыўныя адказы, што дае мажлівасць вучню націскаць клавішу толькі з адпаведным, на яго думку, нумарам адказу. Пажадана, каб на экране манітора адразу высвечвалася, як адказаў вучань: "правільна" ці "памылкова". Калі памыліўся, то які варыянт правільны.

Аформіць кадр прапануем наступным чынам:

1. Пад пэўным нумарам запісаць змест пытання.

2. Праз інтэрвал падаць магчымыя варыянты адказу.

3. Затым змясціць інфармацыю аб правільнасці ці памылковасці адказу.

4. Калі вучань памыліўся, то варта ўвесці інфармацыю з правільным нумарам адказу.

5.У правым верхнім куце змясціць табло падліку.

Гэта можа выглядаць на экране так:
Пытанне 7
Хто з беларускіх пісьменнікаў XIX ст. быў Так Не


2

5
удзельнікам паўстання 1863-1864 гг.?


  1. Францішак Багушэвіч

  2. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

  3. Ян Чачот

  4. Кастусь Каліноўскі

  5. Адам Міцкевіч

  6. Ян Баршчэўскі


1,2,4

Ваш адказ:




правільна

Вы адказалі:


Націсніце клавішу “Enter”
Дапусцім варыянт памылковага адказу. Тады інфармацыя будзе выглядаць наступным чынам:
Пытанне 23
Назавіце вядомы верш М.Багдановіча, які Так Не


3

20
можна лічыць беларускім варыянтам біблейскага

міфа пра патоп?



  1. “Пагоня”.

  2. “Вераніка”.

  3. “У вёсцы”.

  4. “Страцім-лебедзь”.

  5. “Максім і Магдалена”.

  6. “Санет” (“Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі…”).


6

Ваш адказ:




памылкова

Вы адказалі:

Націсніце клавішу “Enter”
Каб надаць жывасць "дыялогу" вучня з камп’ютарам, прапануем увесці гукавое афармленне: на станоўчы адказ можна запісаць прывітальныя сігналы, на памылковыя – сумныя, працяжныя. Такое гукавое суправаджэнне ўласціва амаль кожнай мадэлі камп'ютара.

На апошнім кадры праграмы пажадана змясціць падагульняльную табліцу. Напрыклад:

Паважаны дзевяцікласнік!
На гэтым тэст закончыўся.


27
Вы адказвалі правільна

на пытанняў



3
памылкова

на пытанні.




8

За свае веды атрымліваеце адзнаку


Бывайце здаровы! Да новых сустрэч!

Запісаную праграму-тэст добра захоўваць на магнітным дыску, які без асаблівых праблем можна выкарыстаць і ў наступным навучальным годзе. Такім чынам філолагу можна паступова папаўняць свой уласны банк праграм як па мове, так і літаратуры.

Як выявілася з выкладчыцкай практыкі, праводзіць кантрольна-вымяральныя ўрокі з прымяненнем камп'ютара пажадана апошнім па раскладзе пэўнага класа.

Што ж рабіць настаўніку літаратуры, калі ёсць магчымасць зрэз ведаў правесці на другім-чацвёртым уроках? Тады прапануем на такія заняткі падрыхтаваць кніжную выставу з буклетаў, фотаальбомаў, твораў, літаратуразнаўчых працаў па творчасці пэўнага пісьменніка, каб вучань пасля заліку мог з карысцю правесці астатні час урока: адвольна пагартаць старонкі незнаёмай кнігі.

Калі ўлічваць усё яшчэ пасрэднае становішча многіх агульнаадукацыйных школ рэспублікі па камп'ютарызацыі, то настаўніку беларускай мовы і літаратуры не так часта давядзецца праводзіць падобныя заняткі ў кабінеце інфарматыкі, але адзін-два ўрокі на навучальны год, думаецца, будуць рэальным святам для вучняў 5-11-ых класаў.
Адным з галоўных момантаў любога ўрока мовы ці літаратуры з’яўляецца тлумачэнне новага матэрыялу ў час інфармацыйна-пошукавага этапу. Настаўнік можа зрабіць яго максімальна наглядным і зразумелым для вучняў. Каб эфектыўна дасягнуць гэтага, трэба выкарыстоўваць мультымедыйную тэхналогію, якая прызначана для стварэння разнастайных навучальных прэзентацый, выкананых у праграме PowerPoint. Яны ўяўляюць сабою дасканала прадуманы мультымедыйны канспект, у змесце якога прысутнічае сціслы тэкст, асноўныя правілы-азначэнні, апорныя схемы, табліцы, малюнкі, фотаздымкі, відэафрагменты, анімацыя і гук. Праграма PowerPoint дае мажлівасць будаваць разнастайныя графікі і дыяграмы, рыхтаваць паказ і дэманстрацыю слайдаў, што дапамагаюць сэканоміць час на ўроку.

Англійская прыстаўка multi (мульты) асацыіруецца ў чытача са словамі “мультфільм”, “мультыплікатар”, “мультымільянер” і інш. У сувязі з развіццём і ўдасканаленнем камп’ютарнай тэхнікі з 90-ых гадоў мінулага стагоддзя стаў шырока вядомы яшчэ адзін тэрмін – “мультымедыа”.

Што датычыцца лексічнага значэння гэтага слова, то яно складаецца з дзвюх частак: multi, што ў перакладзе абазначае многа, шмат, і media – асяроддзе. Як тэрмін (гл. вучэбны дапаможнік для сярэдняй школы С.Сімановіча, Г.Яўсеева і А.Аляксеева “Агульная інфарматыка”, М., 2003) слова мае наступнае азначэнне: “Мультымедыа – гэта аб’яднанне ў адным дакуменце гукавой, музычнай і відэаінфармацыі з мэтай імітацыі ўздзеяння рэальнага свету на органы пачуццяў”.

Сапраўды, дзякуючы выкарыстанню такой камп’ютарнай тэхналогіі на сучасным уроку школьнік мае мажлівасць успрымаць неабходную інфармацыю адначасова некалькімі органамі пачуццяў, а не паслядоўна, як гэта звычайна бывае пры традыцыйным выкладанні. Як зазначалася вышэй, на сёння мультымедыйная сістэма ўжо даўно замяніла і выдатна спалучыла ў адно цэлае добра знаёмыя настаўніку графапраектар, ці кадаскоп, дыяпраектар (фільмаскоп), эпіпраектар, прайгравальнік і магнітафон.

Перавага мультымедыйнай праграмы яшчэ і ў тым, што вучань пад час самастойнай дзейнасці як на ўроку, так і дома можа выбіраць уласны тэмп працы, пасільны аб’ём інфармацыі і ступень яе цяжкасці. Такі прыём выкладання і навучання дае настаўніку мажлівасць з поспехам рэалізоўваць дыферэнцыраваны падыход у навучанні. Дзеці больш грунтоўна запамінаюць новы матэрыял, павышаецца іх матывацыя да пазнання школьных прадметаў, значна эканоміцца час на выкананне трэніровачна-карэкцыйных заданняў, развіваецца наглядна-вобразнае мысленне, фарміруецца ўменне работы з інфармацыяй: яе пошук, адбор і перапрацоўка.

З дапамогай камп’ютарнай графічнай праграмы PowerPoint настаўнік пры жаданні можа сам стварыць і паказаць вучням на экране набор слайдаў з разнастайнымі схемамі, табліцамі, малюнкамі, фотаздымкамі, неабходным тэкстам. Таксама ёсць магчымасць дэманстраваць анімацыйныя фільмы, відэакліпы, слухаць мелодыі на ўроках як мовы, так і літаратуры. Прафесійна падрыхтаваная дэманстрацыя пэўнай інфармацыі ў навуцы, адукацыі, бізнесе, медыцыне, прамысловасці і іншых галінах чалавечай дзейнасці называецца яшчэ і прэзентацыяй .

Раней урок, на якім выкарыстоўвалася камп’ютарная тэхніка і праграмныя сродкі навучання, у дыдактыцы называўся ўрокам з камп’ютарнай падтрымкай. Затым шырокае выкарыстанне настаўніцтвам сродкаў мультымедыа нарадзіла новую назву – мультымедыа – ўрок. Для больш зручнага вымаўлення з цягам часу і гэтае слова скарацілася, і цяпер у педагагічнай літаратуры найчасцей ужываецца тэрмін “медыа-ўрок”.

Перш чым уводзіць мультымедыйныя сродкі навучання ў адукацыйны працэс, настаўнік павінен усвядоміць педагагічную мэтазгоднасць прымянення камп’ютарнай тэхнікі на ўроку: што ў выніку гэта дасць вучням і самому педагогу-карыстальніку.

Зразумела, што камп’ютар ніколі не заменіць настаўніка, а толькі дапаможа зрабіць яго працу больш эфектыўнай. Па-першае, педагог на медыа-ўроку часцей за ўсё выступае ў якасці кансультанта, а гэта значыць, ён зможа адвесці на індывідуальную работу з вучнямі больш часу. Па-другое, ёсць унікальная магчымасць зрабіць урокі роднай мовы і літаратуры больш цікавымі, нагляднымі і дынамічнымі. Па-трэцяе, школьнікі за даволі кароткі тэрмін лепш запамінаюць неабходны матэрыял, больш глыбока ўсведамляюць яго сутнасць.

Мультымедыа-ўрок – гэта таксама тып урока фарміравання новых ведаў, як і

ўрок-лекцыя, урок-семінар, урок-экскурсія, урок-даследаванне. Праводзіць яго можна ў звычайным класе, які абсталяваны камплектам апаратных сродкаў. Для дэманстрацыі неабходны камп’ютар, спецыяльны праектар, экран, гукавыя калонкі і наяўнасць прыстасаванняў для кампакт-дыскаў.

   Распрацаваць першы камплект вучэбна-метадычных матэрыялаў настаўніку-філолагу будзе

складана. Добра, калі гэта зробіць выкладчык інфарматыкі ці аматар-знаўца медыа-тэхналогіі. Але бясспрэчна, што без папярэдне прадуманай паслядоўнасці слайдаў прэзентацыя атрымаецца няўдалай. Таму настаўніку патрэбна скрупулёзна спланаваць сваё бачанне выкладу новай тэмы.

У час праектавання мультымедыа-ўрока рэкамендуецца ўлічваць і захоўваць некаторыя санітарна-гігіенічныя правілы і патрабаванні. Для школьнікаў 6-7 класаў можна адвесці да дваццаці хвілін часу на бесперапынную працу за камп’ютарам, для 8-9 класаў – да дваццаці пяці хвілін, для старшакласнікаў – да трыццаці. З мэтай зніжэння стамляльнасці вучняў прапануем працу за камп’ютарам чаргаваць з працай за дадатковым сталом: спалучаць прагляд прэзентацыйнага матэрыялу на маніторы ці экране з выкананнем разнастайных трэніровачна-карэкцыйных заданняў і практыкаванняў.

Якім жа чынам дастасаваць мультымедыйную тэхналогію да ўрока беларускай мовы? Паспрабуем праілюстраваць гэта на асноўных этапах і фрагментах, напрыклад, па тэме “Прызначэнне літар е, ё, ю, я, іў 5-ым класе.

Як паказвае педагагічны вопыт, гэты матэрыял засвойваецца вучнямі з цяжкасцю, таму мы прапануем вывучаць яго з дапамогай мультымедыйных сродкаў, выкарыстоўваючы прыём блокавай падачы паняццяў.

Мэта ўрока: паглыбіць у вучняў паняцце пра двайную ролю літар е, ё, ю, я, і. Пазнаёміць з пяццю пазіцыямі ётавых галосных, калі яны абазначаюць два гукі адной літарай. Садзейнічаць засваенню тэрмінаў, якія называюць фанетычныя паняцці.

Выпрацоўваць уменне адрозніваць на слых гукі, якія на пісьме абазначаны з удзелам вышэйназваных літар. Запісваць два гукі адной літарай, пераводзіць адпаведныя літарныя абазначэнні ў гукавыя, вызначаць гукавы склад слоў з ётавымі літарамі.

Выхоўваць у пяцікласнікаў жыццёвую свядомую патрэбу ў набыцці ведаў для далейшага ўладкавання свайго жыцця і дасягнення асабістых поспехаў.

Тып ўрока: камбінаваны з суправаджэннем камп’ютарных інфармацыйнай і тэставай тэхналогій.

Літаратура: Красней В.П. і інш. Беларуская мова. Вучэбны дапаможнік для 5 класа агульнаадукацыйных устаноў з беларускай і рускай мовамі навучання. Частка 1. – Мн. 2008, “Нацыянальны інстытут адукацыі”.

Абсталяванне: камп’ютары, мультымедыйная прэзентацыя “Суадносіны паміж галоснымі гукамі і літарамі” і тэставыя электронныя заданні на дадзеную тэму (матэрыялы можна выкарыстаць з сайта “Каб харашэць душой”, электронны адрас – zhukovich4.narod.ru.)

Пасля праверкі дамашняга практыкавання настаўнік беларускай мовы ў невялікім уступным слове скажа, што кожны падлетак, вядома, марыць і жадае хутчэй вырасці, стаць дарослым грамадзянінам і ажыццявіць сваю даўнюю мару: стаць афіцэрам, доктарам, настаўнікам ці лётчыкам. І гэтае імкненне зразумелае, адвечнае і не аднаго пакалення. Але для таго каб ажыццявіць сваю мару, сёння патрэбна сучаснаму старшакласніку у першую чаргу здаць цэнтралізаванае тэсціраванне па адной з дзяржаўных моў. На сёння так склалася, што менавіта ад вынікаў гэтага іспыту ў многім і залежыць далейшы лёс вучня.

Затым настаўнік прапануе хвілін пяць пабыць у ролі вучняў-старшакласнікаў, якія выконваюць па беларускай мове тэставае заданне на веданне фанетыкі. З мэтай актывізацыі набытых раней ведаў і для стварэння сітуацыі поспеху на матывацыйным этапе настаўнік прапануе аднаму з вучняў класа з каментарыем адказаць на запісанае загадзя на дошцы тэставае заданне да ўрока і выправіць памылкі:



Адзначце словы, транскрыпцыя якіх зроблена правільна:

1) снежань [с’н’эжан’],

2) люты [л’юты],

3) вясна [вас’на],

4) ліпень [л’іп’эн’],

5) вясёлка [в’ас’олка].



Адказ: 1, 4, 5.

З мэтай стварэння арыенціровачнага аб’екта для будучай тэмы дадзеных заняткаў і пастаноўкі тупіковай сітуацыі настаўнік прапануе класу паразважаць над зместам яшчэ аднаго тэставага задання, якое пажадана таксама запісаць і своечасова адкрыць прысутным вучням на другім крыле дошкі:



Адзначце словы, транскрыпцыя якіх зроблена правільна:

1) яблык [йаблык],

2) спее [с’п’эйэ],

3) шампіньён [шамп’ін’он],

4) камп’ютар [кампутар],

5) салаўіны [салаўйіны].



Адказ: 1, 2, 5.

Як паказвае практыка, пяцікласнікі на дадзеным этапе ўрока практычна ўсе памыляюцца з

выкананнем гэтага задання. Яно і відавочна: па праграме ў 4 класе такая тэма не вывучалася.

Такім чынам, тупіковая сітуацыя, ці так званы “кручок”, матывацыйнага этапу атрымаўся ўдалым. Таму педагогу тут будзе да месца прапанаваць вучням асэнсаваць сваё становішча і паставіць перад сабой бліжэйшую мэту і задачы ўрока.

Пасля некалькіх вучнёўскіх маналогаў настаўнік адлюструе на маніторах камп’ютараў ці на экране мультымедыйнай устаноўкі тэму і мэту дадзенага ўрока.

Улічыўшы важнасць дадзенага матэрыялу ў сістэме курса вучэбнага прадмета “Беларуская мова” і недастатковы падыход яго тлумачэння ў вышэйназваным падручніку, настаўнік далей запросіць пяцікласнікаў уважліва паназіраць за прадстаўленай інфармацыяй на маніторах камп’ютара і паслухаць тлумачэнне педагога. Слова выкладчыка будзе ўяўляць сабой звычайнае агучванне тэарэтычнага і ілюстрацыйнага матэрыялу па дадзенай тэме заняткаў. Мультымедыйныя кадры, як паказвае вопыт, нязмушана будуць прыцягваць і ўтрымліваць увагу вучняў. Практычна на кожным слайдзе неабходныя аб’екты да тэмы з’яўляюцца на экране не ў гатовым выглядзе, як паказана ў дадзеных кадрах, а іх прадстаўленне адбываецца паступова, пасля чарговага шчаўчка “мышкаю”.

Тлумачэнне на інфармацыйным этапе ўрока зойме хвілін восем. Наступныя кадры прэзентацыі “Суадносіны паміж галоснымі гукамі і літарамі” могуць быць наступнымі:

Пасля прагляду прэзентацыі настаўнік беларускай мовы прапануе вучням класа самастойна прачытаць тэарэтычны матэрыял падручніка на старонках 120 і 121 і сказаць, які матэрыял ім падаўся дакладным, больш зразумелым і чаму.

На трэніровачна-карэкцыйным этапе дадзенага ўрока з мэтай замацавання набытых тэарэтычных ведаў варта прапанаваць вучням вусна выканаць разнастайныя практыкаванні падручніка, а на кантрольна-рэфлексійным настаўнік рэкамендуе пяцікласнікам паспрабаваць выявіць свой узровень ведаў па вывучанай тэме ўрока, адказаўшы ў пары з суседам па парце на дзесяць тэставых заданняў, якія ўведзены ў камп’ютарную праграму сістэмы “КРАБ 2”.

Апошнім часам прагрэсіўныя настаўнікі захапіліся стварэннем мультымедыйных прэзентацый з аўтаматызаванай сістэмай, якая ўяўляе сабою дазіраваны аб’ём інфармацыі і з добра прадуманым дыктарскім тэкстам за кадрам. Чытальнікам звычайна з’яўляецца настаўнік, які выкладае дадзеныя прадметы. Гэта дае мажлівасць вучням адаптавана, без напружання ўспрымаць змест загадзя падрыхтаванага вучэбнага матэрыялу. Усе прыклады кадраў прэзентацыі павінны добра быць праілюстраваны, адпавядаць санітарна-гігіенічным патрабаванням. Дзякуючы нязмушанай увазе і нязмушанаму запамінанню, у навучэнцаў паніжаецца стамляльнасць, якасна засвойваецца вучэбны матэрыял.

Звычайна працягласць прагляду такой праграмы займае ад 3 да 20 хвілін. Любой аўтаматызаванай прэзентацыяй, нягледзячы на яе аб’ём, настаўнік мае мажлівасць кіраваць кнопкамі “паўза”, “стоп” і “вяртанне да пачатку”. З дапамогай пералічаных опцый выкладчык пры неабходнасці можа спыніць прагляд такога матэрыялу, абмеркаваць змест убачанага і пачутага, запісаць у сшытках пэўнае азначэнне паняцця, зафіксаваць апорную схему, табліцу ці факт, напрыклад, з жыцця і творчасці пісьменніка. Варта задаць пэўныя пытанні класу, каб праверыць, ці правільна навучэнцы запомнілі праграмны матэрыял. Пасля карэкціроўкі інфармацыі можна працягнуць работу па прагляду далей.
Аўтаматызаваны праект рэкамендуем выкарыстоўваць і на трэніровачна-карэкцыйным, і кантрольна-рэфлексійным этапах сучаснага ўрока. Напрыклад, пры паўторным праглядзе выкладчык можа выключыць гук дыктарскага тэксту і прапанаваць асобным вучням класа самім папрацаваць чытальнікам дадзенага матэрыялу, узнавіць тое, што дэманструецца на экране. Вялікафарматную прэзентацыю прапануем агучваць па ланцужку некалькім школьнікам. Можна і не адключаць дыктарскі тэкст, а прыпыніць яго з дапамогай кнопкі “стоп” і прапанаваць вучням працягнуць змест азначэння ці прывесці свае прыклады да сказанага.

Пры наяўнасці ў вучняў хатніх камп’ютараў рэкамендуем ім скалькаваць у настаўніка дадзены матэрыял і дома яго некалькі разоў прагледзець, паслухаць і падрыхтаваць лінгвістычнае ці літаратуразнаўчае вуснае паведамленне.

Зараз у педагагічным друку ўсё часцей сустракаюцца публікацыі пра тэхналогію дыстанцыйнага навучання, асноўнымі срокамі якой з’яўляюцца інтэрактыўнае тэлебачанне, інтэрнэт, электронная пошта і інш.

Электронны падручнік ці інтэрнэт-урок, як сцвярджаюць навукоўцы, у XXI стагоддзі стануць самай эфектыўнай формай навучання і падрыхтоўкі спецыялістаў. Заняткі аб'ядноўвае тое, што арганізуюцца яны на базе камп'ютарных інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій.

Дзякуючы доступу да інтэрнэту сучасныя школьнікі і студэнты могуць засвоіць праграму, атрымаць неабходны навучальны матэрыял практычна па любой дысцыпліне ў электронным ці друкаваным выглядзе і – самае важнае – авалодаць ім самастойна, без выкладчыка. Роля настаўніка тут мяняецца на ролю кансультанта, партнёра па творчым пошуку. На яго ўскладаюцца функцыі каардынацыі працэсу і карэкцыі выкладанага курса.

З дапамогай інтэрнэту навучэнец на значнай адлегласці і не выходзячы з дому можа ўжо сёння адкрыць сайты электронных бібліятэк і за лічаныя секунды знайсці патрэбны раздзел кнігі, параграф, цытату, кінафільм, табліцу ці мастацкі твор. Камп'ютарная сістэма таксама дае вучню мажлівасць на адлегласці праверыць веды па вывучанай тэме, выявіць дапушчаныя памылкі і атрымаць адпаведныя рэкамендацыі.

Характэрнай асаблівасцю дыстанцыйнага навучання з'яўляецца тое, што вучні могуць не наведваць заняткі ў навучальнай установе, а выбіраць для працы зручныя для сябе час, месца і тэмп. У аснову такога навучання пакладзены модульны прынцып: прымяненне інструкцый для самастойнай ці групавой працы з інфармацыйнымі крыніцамі сеткі.

Такім чынам, дыстанцыйнае навучанне – гэта атрыманне навучэнцамі ведаў па пэўнай галіне навукі на любой адлегласці і ў любы час з дапамогай камп'ютарных інфармацыйных тэхналогій без наведвання навучальнай установы.

Інтэрнэт відавочна пранікае ў адукацыйную галіну. Такі падыход дазваляе сучаснаму выкладчыку вырашаць наступныя метадычныя задачы:

1) фарміраваць у школьнікаў устойлівую матывацыю вучыцца,

2) развіваць уменні самастойнай працы з праграмным матэрыялам,

3) выпрацоўваць крытычнае мысленне ва ўмовах карыстання вялікім аб'ёмам інфармацыі,

4) паспяхова развіваць здольнасці індывідуальнай працы і ў камандзе,

5) удасканальваць навыкі самаадукацыі і самакантролю.

Як вядома, мажлівасці выкарыстання інтэрнэтных рэсурсаў вялікія. Сеціва інтэрнэта дапамагае і вучням, і настаўнікам атрымаць любую неабходную інфармацыю.

На сёння выкладчык беларускай мовы і літаратуры інтэрнэтнымі рэсурсамі таксама не абдзелены. Іх наяўнасць пакуль нешматлікая ў параўнанні з іншымі спецыялістамі школы, але з кожным годам, дзякуючы рупліўцам, колькасць беларускамоўных вэб-праектаў усё ж такі павялічваецца. Узнікае часта праблема даведацца пра іх электронныя адрасы ці не зусім задавальняе рабочая мова: асобныя сайты створаны аўтарамі на ненарматыўным правапісе, у многіх прысутнічае “тарашкевіцкая” арфаграфія. На нашу думку, такі матэрыял варта не пакідаць па-за ўвагай, а па мажлівасці выкарыстоўваць у старшых класах. Пры нагодзе трэба паведаміць навучэнцам пра гісторыю, станаўленне і варыянтнасць сучаснай беларускай арфаграфіі, арфаэпічных і акцэнталагічных нормаў.

На ўроках беларускай мовы і літаратуры з дапамогай інтэрнэта можна вырашаць шматлікія дыдактычныя задачы:


  • фарміраваць навыкі і ўменне выразнага мастацкага чытання;

  • удасканальваць уменне звязнага вуснага і пісьмовага маўлення;

  • пашыраць слоўнікавы запас навучэнцаў;

  • развіваць іх лінгвістычныя, мастацкія і літаратуразнаўчыя здольнасці;

  • фарміраваць нацыянальную самасвядомасць і ўстойлівую матывацыю да вывучэння роднай мовы і літаратуры і інш.

Акрамя гэтага, дзякуючы адукацыйным электронным рэсурсам, можна пашыраць кругагляд вучняў, наладжваць і падтрымліваць дзелавыя сувязі і кантакты са сваімі равеснікамі як ў рэспубліцы, так і за мяжой. Для арганізацыі доступу да патрэбных рэсурсаў дастаткова ведаць і набраць у пошукавай сістэме адрас галоўнай старонкі пэўнага сайта.

Тыпы і віды вэб-сайтаў навукоўцамі таксама канчаткова пакуль не вызначаны. Калі прааналізаваць іх прызначэнне, змест і структуру, то можна канстатаваць наступныя (паводле Жуковіча М.В.):



  • сайт-кніга (сайт-электронная бібліятэка, -энцыклапедыя, -альманах, -альбом, -зборнік),

  • сайт-аўдыя і -відэатэка (сайт музыкі, песні і кіно),

  • сайт-рэклама (сайт-інтэрнэт-магазін (крама), -афіша),

  • сайт-СМІ (сродкаў масавай інфармацыі: сайт-газета, -часопіс, -радыё, -тэлебачанне),

  • сайт-музей (віртуальны музей пісьменніка, мастака, кампазітара; -архіў),

  • аўтарскі сайт (сайт настаўніка, мастака, спевака і інш.),

  • адміністратыўны сайт (дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый, устаноў, грамадскіх аб’яднанняў і таварыстаў; абласнога і раённага выканаўчага камітэта, дзіцячага садка, школы, каледжа, ліцэя, гімназіі, універсітэта, акадэміі, тэатра, камбіната, завода і інш.),

  • сайт-клуб (клуб па інтарэсах аматараў, прыхільнікаў спевака, кінаакцёра і г.д.),

  • сайт праграмаванага забеспячэння і інш.

Пазнаёміцца з нарматыўнымі дакументамі, павысіць свой інтэлектуальны, навукова-педагагічны і метадычны ўзровень сучасны настаўнік беларускай мовы і літаратуры зможа дзякуючы наступным вэб-праектам:
  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка