«сярэдняя агульнаадукацыйная школа №213г. Мінска» Матэрыялы школьнага конкурса чытальнікаў




Дата канвертавання22.03.2016
Памер174.55 Kb.



Установа адукацыі

«СЯРЭДНЯЯ АГУЛЬНААДУКАЦЫЙНАЯ ШКОЛА № 213г. МІНСКА»

Матэрыялы

школьнага конкурса чытальнікаў

(да 195-годдзя з дня нараджэння выдатнага ўкраінскага паэта і мастака Тараса Шаўчэнкі)



«...і мяне ў сям’і вялікай, у сям’і вольнай, новай, не забудзьце – памяніце нязлым, ціхім словам»


Аўтар: Філіповіч Станіслава Тадэушаўна,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры

СШ №213 г. Мінска


Падрыхтавала: Чумак Ніна Мікалаеўна,

намеснік дырэктара па выхаваўчай працы

Мінск

2009

Сцэнарый

школьнага конкурса чытальнікаў

(да 195-годдзя з дня нараджэння выдатнага ўкраінскага паэта і мастака Тараса Шаўчэнкі)



А ты жыў, кабзар,

І жывуць твае песні на свеце.

І табе, пясняр,

Зносяць песень дар

Твае вольныя ўнукі і дзеці.

Я. Колас




Настаўнік: Добры дзень, дарагія сябры! Мы сабраліся сёння у нашым этнагафічным клубе “Светач”, каб ушанаваць памяць Вялікага паэта, гуманіста, патрыёта сваёй Бацькаўшчыны, змагара за правы, свабоду і незалежнасць украінскага народа – Тараса Рыгоравіча Шаўчэнку. Пазнаёміцца з незвычайным лёсам паэта, яго думкамі, разважаннямі, пачытаць яго вершы і зразумець, чаму яго вельмі шануюць не толькі на Радзіме, але і ва ўсім свеце (паказ помнікаў Тарасу Шаўчэнку). Партрэты Шаўчэнкі вісяць над школьнымі дошкамі, у вестыбюлях і нават змешчаныя на банкнотах. Яго імем названы вуліцы, плошчы.

Тараса Шаўчэнку называюць Вялікім Кабзаром Украіны. А ці ведаеце вы, хто такія кабзары? (паказаць на стэндзе кобзу - музычны народны ўкраінскі інструмент). Кабзары – гэта бадзяжныя сляпыя спевакі, якіх суправаджаў хлопчык-павадыр. За медны грош, кавалак хлеба яны спявалі народныя песні.

Звярніце увагу на партрэт пісьменніка, на нас глядзіць чалавек з такім добрым тварам! Хоць лёс яго быў надзвычай цяжкі.

Перш чым распачаць наш конкурс, мы зробім нядоўгае падарожжа па дарогах жыцця Тараса Шаўчэнкі. А правядуць нас вучні 11А класа, сябры этнаклуба “Светач”. Уважліва паслухайце іх!



1 вядоўца: Тарас Шаўчэнка нарадзіўся 195 год назад у 1814 годзе, у беднай сялянскай сям'і. Бацьку звалі Рыгор Адамавіч, а маці - Кацярына Якімаўна. Сям'я Шаўчэнкаў была уласнасцю пана Энгельгардта. Тарас нарадзіўся ў вёсцы Морынцы. Праз год сям'я перабралася ў суседнюю вёску Кірылаўку – цяпер Шаўчэнка на Чарнігаўшчыне. Тут ва ўбогай хаце прайшло яго дзяціства. (Паказ карціны “Хата”)
Адны няшчасці

У тым сяле, што я люблю:

Чарней за чорную зямлю

Блукаюць людзі; паўсыхалі

Сады, і хаткі пагнілі,

Старыя да зямлі прыпалі;

Ставы бур’янам параслі.

Сяло, нібыта пагарэла,

Нібыта людзі падурэлі,

На паншчыну нямыя йдуць

І дзетачак сваіх вядуць.
2 вядоўца: Сям'я жыла вельмі бедна: пяць сясцёр і два браты. Бацька і маці працавалі на панскім полі ад цямна і да цямна. Тарас цэлымі днямі іх не бачыў. Маці замяняла сястра Кацярына, а болей за ўсіх ён любіў дзеда Івана Андрэевіча Швеца, які расказваў пра былую вольнасць Украіны, пра паўстанні народа супраць сваіх і чужых прыгнятальнікаў. Расказы абуджалі ў Тараса роздум пра лёс прыгонных людзей. Тарас рос вельмі цікаўным хлопчыкам. З маленства ведаў украінскія песні, паданні, легенды, казкі.

З захапленнем слухаў маленькі Тарас бадзяжных сляпых спевакоў – кабзароў, яго хвалявалі песні аб подзвігах запарожскіх казакоў, якія мужна змагаліся з татарамі, туркамі, польскімі панамі.


3 вядоўца: Бацька яго ведаў грамату, што ў тыя часы было вялікай рэдкасцю для прыгоннага селяніна. Ён першым навучыў сына чытанню, пісьму і ліку. Далей была школа мясцовага дзячка, дзе не абыходзілася і без лупцоўкі. Настаунік – дзяк – быў вельмі сярдзіты. Вінаватых вучняў часта біў вішнёвымі розгамі. Тады гэта быў асноўны сродак выхавання. А дзяўчынак і зусім не вучылі.
4 вядоўца: Маляваць Тарас пачаў вельмі рана. У вольныя хвіліны любіў маляваць вугалем ці крэйдаю на варотах, сценах, прутком на зямлі. Мама і сястра Кацярына таксама добра малявалі. На сценах каля вакон – кветкі, на печцы – галубоў, пеўняў. Іх нават запрашалі маляваць у суседнія хаты. Тарас яшчэ перапісваў, калі меў паперу і аловак, радкі любімых вершаў.
5 вядоўца: Самыя дарагія людзі – гэта тата і маці. Хлопчыку не споўнілася і дзевяці гадоў, калі ў соракагадовым узросце памерла маці, надарваўшыся ад цяжкай працы. Пяцёра дзяцей засталіся з бацькам. А неўзабаве старэйшая сястра Кацярына выйшла замуж у суседнюю вёску.

Хата без гаспадыні не хата, і ў тым жа годзе з’явілася мачыха, нядобрая і сярдзітая жанчына, ды яшчэ і з трыма сваімі дзецьмі. Цяжка жылося сіротам. Пра гэты час Тарас Шаўчэнка пазней пісаў: ”Мяне мачыха асабліва ненавідзела, пэўна, за тое, што я часцяком лупцаваў яе Сцяпанку”.

Аднойчы ў хату зайшоў стары салдат і папрасіўся пераначаваць. А раніцай салдат убачыў, што з яго мех хтосьці выкраў залатыя манеты. Мачыха вырашыла, што гэта Тарас, і моцна пабіла яго. А потым высветлілася, што грошы скраў Сцяпанка – сын мачыхі. Пазней Шаўчэнка напіша:

О маці, маці,

Чаму ты рана спаць лягла!

А то б ты бога пракляла

За сынаў лёс.
1 вядоўца: Кажуць, адна бяда не ходзіць. Праз 2 гады, калі Тарасу ішоў дванаццаты год, занядужыў і памёр бацька. З гэтага часу пачынаецца цяжкае жыццё беспрытульнага дзіцяці. Спачатку Тарас быў пастушком, пасля яго ўзяў да сябе бацькаў брат, у якога ён працаваў на гаспадарцы ўпоравень з дарослымі мужчынамі. Потым наняўся ў парабкі.

Пачуццё крыўды расло, калі галадаў, а гаспадары, у якіх ён вымушаны быў працаваць, секлі розгамі і не дазвалялі вучыцца.


2 вядоўца: 1828 год прынёс нечаканыя змены ў жыцці Тараса. Малады пан Энгельгардт вырашыў праехаць па сваіх вёсках, каб набраць дворню. На вочы яму трапіў зграбны і працавіты Тарас Шаўчэнка. Паніч узяў яго пакаёвым казачком: падаваць піпку з тытунем, слоік з вадою, боты і іншае. Памешчык быў вельмі багаты, жыў на шырокую нагу. Пан часта бываў у Кіеве, Вільні і Пецярбурзе.Тараса разам з другімі дваровымі людзьмі бралі з сабою.
3 вядоўца: Аднойчы – гэта было у Вільні 6 снежня 1829 года –пан з жонкаю паехалі на баль. Казачок запаліў свечы і пачаў змалёўваць партрэт аднаго з герояў вайны 1812 года – казака Платава. Ён яго змаляваў поўнасцю, засталося дамаляваць толькі капыты каню. Захапіўшыся працай, ён не заўважыў, як вярнуўся пан і зайшоў у кабінет: “Хто табе дазволіў паліць свечы?”

Пабіў пан Тараса ды яшчэ і на другі дзень загадаў адлупцаваць яго розгамі на канюшні. З 15 год Тарас вымушаны быў служыць у Энгельгардтаў і зазнаў лёс прыгоннага халопа. У Вільні адбылася яшчэ адна падзея ў жыцці Тараса – ён палюбіў польку Дусю Гусікоўскую. Дзяўчына вольная, свабодная, а ён не належыў сабе, ён – чужая ўласнасць. Прыгонны! Гэта слова асабліва цяжка гучала для яго. Раб, якога можна біць, прадаваць, закладваць. Думкі аб волі і шчасці не пакідалі яго. Але для халопа, хай сабе і таленавітага, воля і шчасце былі недасяжнымі.


4 вядоўца: У 1831 годзе Энгельгард пераехаў у Пецярбург. Памешчык пераканаўся, што з Тараса слугі не выйдзе. Ён рашыў зрабіць яго сваім “прыдворным” жывапісцам. Энгелгардт аддаў Тараса ў навучанне на 4 гады да жывапісца Шыраеву. Вялікай радасцю 18-гадовага юнака былі наведванні Летняга сада, дзе былі злепкі антычных статуй. Познімі вечарамі і ў ціхія белыя ночы, калі сканчваўся працоўны дзень у Шыраева, ён ішоў у Летні сад і змалёўваў статуі. Аднойчы ў Летнім садзе адбылася сустрэча Шаўчэнкі з земляком – мастаком Сашэнкам. Сашэнка адразу зразумеў, што перад ім чалавек незвычайнага таленту. Ён прыняў актыўны ўдзел у лёсе прыгоннага юнака, пазнаеміў яго з выдатным майстрам жывапісу Карлам Бруловым і знакамітым паэтам Жукоўскім. Яны зацікавіліся таленавітым юнаком і вырашылі аддаць яго вучыцца ў вышэйшую мастацкую школу – у Акадэмію, каб такі талент не знік.
5 вядоўца: Але ў Акадэмію прыгонных не дапускалі, там мелі права вучыцца толькі свабодныя людзі. Яны спрабавалі ўгаварыць пана, каб адпусціў Тараса на волю. Але ж дзе там! І слухаць не хацеў – пану патрэбныя грошы.

Памешчык прасіў 2500 тысяч рублёў за выкуп свайго прыгоннага (у той час гэта былі вялікія грошы). Грошы для выкупу былі здабытыя своеасаблівым шляхам. Сусветна вядомы мастак Карл Брулоў намаляваў партрэт пісьменніка Васіля Жукоўскага, чытальніка царыцы і выхавальніка цара Аляксандра II, і гэты партрэт быў разыграны ў латарэю (паказ партрэта). Партрэт і зараз знаходзіцца ў Кіеве ў музеі Шаўчэнкі. Ад латарэі атрымалі 2500 тысяч рублёў і выкупілі Тараса з няволі. Тады яму было 24 гады. 25 красавіка 1838 года на кватэры мастака Брулова Тарасу была ўручана “вольная”. З вялікім захапленнем Тарас узяўся за працу. Пісаў карціны пад кіраваўніцтвам Карла Брулова, шмат чытаў, папаўняў свае веды. Галоўнае – ён цяпер быў вольным чалавекам! Тарас пісаў свайму брату Мікіце: “Жыву, вучуся, нікому не кланяюся і нікога не баюся… Вялікае шчасце быць вольным чалавекам!”


1 вядоўца: Вольны Шаўчэнка вучыўся ў Акадэміі мастацтваў, пісаў вершы і паэмы. За карціны “Малюнак з натуры”, “Маленькі пабірушка дае кусок хлеба сабаку”, “Цыганка-варажбітка” Тарас атрымоўвае 3 сярэбраныя медалі. Яго цудоўнай карцінай “Марыя” захапляецца ужо не адно пакаленне не толькі ўкраінскіх, але і замежных аматараў жывапісу (паказ карцін). Але юнака цягнула не толькі да малюнка і фарбаў; яму хацелася словам выказаць сваю тугу па роднай краіне, складаць песні,як тыя кабзары, якіх ён з хваляваннем слухаў у дзяцінстве.Першая тоненькая кніжачка вершаў Шаўчэнкі пад назвай “Кабзар” выйшла ў 1840 годзе на ўкраінскай мове. Усяго восем вершаў у зборніку. Блізкі сябар паэта В. Штрэнберг намаляваў да кнігі такі малюнак: каля хаты сядзіць малады кабзар, ён грае і спявае, а побач з ім хлопчык-павадыр. “Кабзар” зрабіў вялікае ўражанне на ўкраінскіх і рускіх чытачоў. Адны захапляліся, другія абвінавачвалі яго ў тым, што ён піша “для мужыкоў”, “на мужыцкай мове”, бо “няма ўкраінскага народа, украінскай мовы і літаратуры”. Маларасія не мела права на сваю мову, сваю культуру.
2 вядоўца: Тарас Шаўчэнка не быў на Украіне 14 гадоў. Нарэшце ў 1843 годзе прыехаў у родныя мясціны і прабыў амаль год. Наведаў сваіх братоў – Мікіту, Восіпа і сясцёр – Кацярыну, Ярыну, Марусю. Пабываў у дзеда Івана, ва ўсіх сваіх родных. Тут ён зрабіў сотні малюнкаў, напісаў новыя вершы, паэмы. Вельмі любіў і шкадаваў прыгонных дзяцей. Праязджаючы па Украіне і бачачы няшчасных дзяцей-жабракоў, ён успамінаў сваё дзяцінства:
Мальчишку встречу, одинок

Как с ветки сорванный листок,

Сидит он прислонившись к тыну,

Одетый в рваную холстину, -

И мнится мне, что это я,

Что это молодость моя!

И мнится мне: в суровой доле

Он не увидит вольной воли,

Священной воли.
Дзяцям прысвечаныя карціны “Дзеці-жабракі”, ”Дзеці просяць міластыню” і іншыя (паказ карцін).

Шаўчэнка казаў: “Той яшчэ не зусім дрэнны чалавек, каго любяць дзеці”. Да глыбіні душы кранаюць яго словы, прысвечаныя маці-пакутніцы, прыгоннай жанчыне



У нашым раі на зямлі

Мы прыгажэйшага не маем,

Чым тая маці маладая

З дзіцяткам родным і малым.

Бывае, часам нагляджуся

На гэта дзіва, і нуда

Душу ахопіць, так шкада

Мне бедную, і зажуруся,

І перад ёю памалюся,

Як быццам на абраз святы

Той маці чыстае, святое,

Што ў свет наш бога прынясла…
3 вядоўца: У 1846 годзе паэт уступае ў тайную палітычную арганізацыю Кірыла-Мефодзеўскага брацтва.Яны жадалі стварыць федэрацыю вольных славянскіх народаў, марылі знішчыць прыгоннае права. Шаўчэнка казаў, што мы адной маці дзеці, што ўсе мы славяне. І варагуюць не палякі і ўкраінцы, не праваслаўныя і каталікі, а паны і прыгнечаныя імі сяляне. Ен прадбачыў, што прыйдуць часы, калі паміж усімі славянскімі народамі ўсталюецца мір і згода.

Няхай жытам, пшаніцаю, як золатам, пакрыта, неразмежавана застанецца на векі ад мора да мора славянская зямля”, - пісаў Тарас Шаўчэнка.

У арганізацыі быў даносчык, і 5 красавіка 1847 года Шаўчэнку арыштавалі. Самая жорсткая кара спасцігла паэта, у якога пры вобыску былі знойдзеныя бунтарскія вершы і злая сатыра на цара – “Сон”. Паэта выслалі на 10 год у салдатчыну за Урал. “ Пад найстражэйшы нагляд, з забаронаю пісаць і маляваць”, - напісаў на прысудзе цар Мікалай I. Муштравалі кожны дзень да беспрытомнасці. У Шаўчэнкі аднялі ўсё: Радзіму, свабоду, сяброў, права на творчасць. Зроблена ўсё, каб забіць у ім жывую душу.
4 вядоўца: Нечакана вясной 1848 года ў Арэнбург прыехаў малады географ Аляксей Бутакоў, ён узяў з сабой Тараса Шаўчэнку для замалёвак берагоў Аральскага мора. Тарас быў рады вырвацца з крэпасці, ён мог маляваць. 2 месяцы ен плаваў на караблі “Канстанцін” і ўсё маляваў і маляваў (паказ карцін). За гэты час ён напісаў шмат хвалючых вершаў аб Радзіме, аб сваёй любай Украіне.
5 вядоўца: Амаль паўтары годы даследавала экспедыцыя берагі Аральскага мора, на другую зіму вярнулася ў Орск . У гэты час адзін з афіцэраў данёс, што Шаўчэнка парушыў царскую волю – малюе і піша, а начальства яму патурае. У Шаўчэнкі зрабілі вобыск, адабралі паперу, кнігі і пасадзілі ў турму. Праз 5 месяцаў яго перавялі ў Новапятроўскую крэпасць. Там ён прабыў 7 гадоў.

За ім пастаянна сачылі. Гэта была пакута. Невядома дакладна, хто ж прыносіў усё-такі мастаку Шаўчэнку алоўкі і паперу. Тарас намаляваў карціну “Кара шпіцруцекамі” – салдата, які правініўся, праганялі праз шыхт і 2 тысячы салдат білі яго пугай.


1 вядоўца: Шаўчэнка быў вызвалены з салдатчыны па амністыі пасля смерці Мікалая I. У 1858 годзе ён прыехаў у Маскву. у 1859 годзе ён у апошні раз пабываў на Бацькаўшчыне, роднай Украіне. Шаўчэнка наведаў сваіх родных, знаёмых. Яго асабліва цікавіў лёс сяброўкі дзяцінства Аксаны Каваленкі, з якой разам раслі, працавалі ў полі, спявалі ўкраінскія песні. Трагічна склаўся лёс дзяўчыны (урывак з верша “Мы разам некалі раслі”).
А што за дзеўчына была.

Ды проста краля! І не ўбога, -

Ды толькі долі бог не даў…

А можа, й даў, ды хтось украў

І абдурыў святога бога.

Паўсюль ён бачыў тое ж беднае паднявольнае жыццё: “Усюды быў і ўсё плакаў,- пісаў паэт свайму сябру, - разарылі нашу Украіну”. Шаўчэнка ўвесь час знаходзіўся пад тайным наглядам паліцыі. Яго размовы з сялянамі падслухоўваліся жандармамі У рэшце рэшт ён зноў быў арыштаваны. Яму забаранілі жыць на Украіне і вярнулі ў Расію. Ён пісаў:


І не ў адным сяле такім,

А скрозь па слаўнай Украіне

Паны ярмо надзелі ўсім

Працоўным людзям.

………………………



І я, заплакаўшы, назад

Ізноў паехаў на чужыну
2 вядоўца: Паэт вельмі хацеў пасяліцца на Украіне і месца сабе выбраў. У прадмове да альбома “Жывапісная Украіна” Шаўчэнка пісаў: “Мне здаецца, будзь мая радзіма самая бедная, нікчэмная на зямлі, і тады яна б мне здавалася прыгажэйшай за Швейцарыю і Італію”

Аж стыне сэрца, як згадаю,

Што не ў Украіне пахаваюць,

Што не ў Украіне буду жыць,

Людзей і госпада любіць.
Але канчаткова падарванае здароўе дало пра сябе знаць. 10 сакавіка 1861 года Тараса Шаўчэнкі не стала. Ён памёр у 47 гадоў.

Някрасаў, чыё імя было вядома ў Расіі кожнаму чалавеку, прысвяціў усхваляваны верш “На смерць паэта”



Все он изведал: тюрьму петербургскую,

Справки, допросы, жандармов любезности,

Все – раздольную степь Оренбургскую,

И ее крепость.
Народ выканаў ягоны запавет: “Як памру, дык пахавайце на Украіне мілай…” У маі таго ж 1861 года сябры паэта перавезлі труну з целам з Пецярбурга на Украіну і ўрачыста пахавалі там, дзе ён хацеў паставіць хату – на высокай гары над Дняпром у Каневе, недалёка ад старажытнага города Кіева.
3 вядоўца: Цяпер гэта – сусветна вядомае месца – Тарасава гара, з помнікам паэту, які узвышаецца над яго магілай.

Падвядзём кароткую спраўку: з 47 год свайго жыцця Шаўчэнка правёў 24 гады ў прыгоннай няволі, 10 гадоў у сслылцы і толькі 13 пражыў ва ўмовах такой свабоды, пра якую сам сказаў:



У няволі цяжка… Хоць і волі,

Сказаць па-праўдзе не было.
4 вядоўца: Мысляр, філосаф, змагар, прарок, бацька ўкраінскай нацыі - вось хто такі Тарас Шаўчэнка. Асноўныя тэмы і матывы творчасці Тараса Шаўчэнкі – сіроцтва, сацыяльная няроўнасць, трагічны лёс прыгоннай жанчыны, тэма гісторыі Украіны, казацкай волі.

Такім чынам, украінцы небеспадстаўна называюць Шаўчэнку Вялікім Кабзаром. Ен не проста спяваў песні пра народнае жыццё – нядолю, як гэта рабілі сляпыя лірнікі і кабзары, а прызываў да барацьбы: “Барыцеся - і вы пабораеце”.

Не супраць рускага народа, а супраць рускага царызму і ўсіх крыўд у адносінах да Украіны скіраваная яго творчасць. Шаўчэнка добра разумеў, што рускаму народу, які знемагае ў прыгонным ярме, жывецца не лягчэй. Увесь талент Шаўчэнка аддаў служэнню ў імя лепшай долі свайго народа і сваёй Радзімы. Ягоныя вершы зрабіліся песнямі, сталі народнымі. Хоць улады забаранялі і знішчалі творы Шаўчэнкі, іх ведаў і любіў народ не толькі на Украіне, але і па-за яе межамі.
5 вядоўца: Як родны Шаўчэнка і для беларусаў. Не аднойчы даводзілася Тарасу Шаўчэнку хадзіць і ездзіць па беларускай зямлі, з многімі нашымі суайчыннікамі ён быў асабіста знаёмы, з некаторымі сябраваў. У іх ліку - Віктар Каліноўскі (родны брат Кастуся Каліноўскага), беларускі скульптар Міхаіл Мікешын (аўтар помніка Багдану Хмяльніцкаму ў Кіеве).

Ён меў дабратворнае ўздзеянне на станаўленне новай беларускай літаратуры. З удзячнасцю і захапленнем пісалі пра яго Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Танк, Пімен Панчанка, Пятрусь Броўка. Імем Шаўчэнкі названы бульвар у Мінску, вуліцы ў Гомелі, Бабруйску і іншых гарадах Беларусі. А ў сталіцы побач са старажытным Віленскім трактам, па якім разам з панам “казачок” Тарас ехаў калісьці ў Вільню, у 2001 годзе пастаўлены бронзавы помнік (паказ помніка). Тарас Шаўчэнка і дагэтуль навучае нас “любіць свабоду, Родны край і мову”.


Настаўнік: Вялікі дзякуй вам за цікавы аповяд. А конкурс чытальнікаў твораў гэтага геніяльнага паэта мы пачнем з вельмі папулярнай народнай песні, напісанай на верш Тараса Шаўчэнкі (“Реве та стогне Дніпр широкий…”).
Чытанне вершаў Тараса Шаўчэнкі ўдзельнікамі конкурсу.
Старшыня журы: Вось і скончыўся наш конкурс. Вялікі дзякуй вам, хлопчыкі і дзяўчынкі, за добрае чытанне вершаў, за цікавасць да творчасці Тараса Шаўчэнкі. Хто захоча глыбей пазнаёміцца з Вялікім паэтам, той можа прачытаць кнігі пра яго, яго творы: вершы, паэмы, аповесці, дзённік. Вынікі конкурсу падвядзе журы, і мы хутка збярэмся разам, каб іх агучыць. Усяго вам добрага!
Дадатак 1

Слова пра конкурс

(разважанні вучняў, ўдзельнікаў конкурса)

В ком нет любви к стране родной,

Те сердцем нищие калеки,

Ничтожные в своих делах

И суетны в ничтожной славе.

Т. Шаўчэнка, 1842 г.

Нядаўна ў нашай школе прайшоў конкурс чытальнікаў вершаў сусветна вядомага ўкраінскага паэта i мастака Тараса Шаўчэнкі. Дзеля таго, каб прыняць удзел у мерапрыемстве, вучні амаль ycix узростаў з захапленнем i азартам вучылі на памяць вершы Вялікага Кабзара. У нашым школьным этнаклубе «Светач» сабраліся тыя, хто жадаў як мага лепш перадаць пачуцці патрыятызму, любові да народа, свабоды. Сур'ёзна настроеныя i трохі ўзбуджаныя дзеці, зачараваныя твары журы, нейкая непаўторная ўтульнасць, прыемнасць – усе гэта было тут у дзень конкурса.

На мой погляд, у iм не было npaiгpaўшых, бо бясцэнныя думкі паэта, якія увайшлі ў сэрцы прысутных, будуць накіроўваць ix жыццё на патрэбную дарогу i застануцца з імі назаўжды.

Цяжкі прыгонны шлях Шаўчэнкі увесь час прымушаў яго думаць аб жьцці, аб волі i аб шчасці. Таму ўсе яго творы, як вершы, так i карціны, пранікнуты нейкай асабістай смагай да вышэйшых чалавечых якасцей. Чытаючы радкі гэтых вершаў, мы бездапаможна сутыкаемся з чалавечымі парокамі прыгонніцтва i няволі, але ў той жа час мы адчуваем нейкую прыгажосць радзімы Тараса, яе непаўторнасць i вабнасць да сябе.

Што ж, пасля ўсяго гэтага хочацца сказаць yciм: любіце, людзі, свой край, сваю мову i народ свой, бо любоў адзін да аднаго нас прасвятляе, уразумляе i po6iць нашы душы npocтымі i адчыненымі да дабра, да свету.

Пазднякоў Арцём
Я з вялікім задавальненнем згадзілася прыняць удзел у конкурсе, таму што лічу гэта важным для сябе і маіх равеснікаў. Гэта дае нам веды пра нашу гісторыю і гісторыю суседніх краін, знаёміць са знакамітымі людзьмі, можна сказаць, “нацыянальнымі героямі”. Лічу, такім і быў Тарас Шаўчэнка.

На конкурсе я чытала яго верш “Прарок”. Мяне ўразіў глыбокі сэнс твора, і я вельмі старалася данесці гэта да слухачоў.

Была рада стаць адной з вядоўцах конкурса, пазнаёміць прысутных з біяграфіяй гэтага пісьменіка і мастака. Ён вучыць нас мець сваю нацыянальную годнасць, цаніць і любіць сваю Радзіму.

Кохан Дар’я

Я чытаў верш на рускай мове “Завещание”, уважліва слухаў біяграфію паэта. Як моцна ён любіў сваю мілую Украіну, свой народ, сваю мову!



Джабер Васіль

Я цяпер добра ведаю, хто такі Тарас Шаўчэнка, чаму яго так шануюць ва ўсім свеце і ў нас. Бо ён “навучыў любіць свабоду, родны край і мову”, – так сказаў Якуб Колас у вершы “Памяці Шаўчэнкі”. Я гэты верш расказваў на конкурсе і вельмі-вельмі хваляваўся.



Гарошка Аляксей

Бацькам рідного слова”, – так называюць украінцы Тараса Рыгоравіча Шаўчэнку. Мая маці ўкраінка, і таму на конкурс я выбрала верш на ўкраінскай мове “Зацвіла в долыні”. Якая прыгожая, мілагучная, цудоўная мова! А яе доўгі час ганьбілі, забаранялі! Тараса Шаўчэку, які выпусціў своў першы зборнік вершаў “Кабзар” на роднай мове, улады абвінялі ў тым, што ён піша “на мужыцкай мове і для мужыкоў”, бо Маларасія не мела права на свою мову, сваю культуру. Як мы падобны сваёй гісторыяй! Яны – Маларасія, мы – Паўночна-Заходні край. Нас не прызнавалі як нацыі. Пазнаёміўшыся бліжэй з яго жыццём, творамі, так захацелася пабыць на Радзіме паэта, пакланіцца яму…



Лобач Алена
Мы рады, што прынялі ўдзел у конкурсе. Было вельмі цікава даведацца пра жыццё і творчасць гэтага таленавітага чалавека, паслухаць яго вершы ў выкананні вучняў нашай школы на рускай, беларускай і ўкраінскай мовах. Мы чыталі вершы “Русалачка” і “Дівічьі ночі” на ўкраінскай мове. Гэта вельмі прыгожая мова! Пасля конкурсу нам захацелася глыбей даследаваць яго след на беларускай зямлі, мы наведалі помнік Тараса Шаўчэнку ў Мінску, прайшліся по бульвары Шаўчэнкі. А болей за ўсе - марым паехаць на яго Радзіму!

Саўчук Аксана, Палевіч Лена
24 лістапада ў нашай школе прайшоў конкурс чытальнікаў твораў Тараса Шаўчэнкі. Спярша мы пазнаёмілі прысутных з біяграфіяй паэта, якая ўразіла ўсіх. Столькі нягод выпала на долю гэтага таленавітага чалавека! Але ён не зламаўся! Яго жыццё – гэта подзвіг!

Я чытала верш “Думка” і зразумела, як страшна застацца сіратой.



Цяжка-цяжка жыць на свеце

Сіраце без роду:

Няма куды прыхіліцца, -

Хоць з гары ды ў воду!

Я зразумела, як трэба цаніць тое, што ты маеш – тату з мамай, родных, зямлю, на якой нарадзілася…

Цяжка-цяжка ўміраці,

Цяжка ў чужым краі!

І яшчэ я не разумею тых людзей, якія атрымоўваюць радасць ад таго, што прыніжаюць, здзекваюцца над другімі. Гэта штосьці бесчалавечнае!



Пеціна Ірына
Я выбрала на конкурс верш “Мы разам некалі раслі”, які крануў мяне да глыбіні душы. З біяграфіі Шаўчэнкі я даведалася, што ў дзяцінстве ён сябраваў з Аксанай Каваленка. Яна была сіратой, дзеці разам гулялі, працавалі, плялі вянкі, спявалі ўкраінскія песні. Пазней ад брата Тарас даведаўся, што ў Аксаны нешчасліва склалася жыццё. Абманутая і пакінутая панам, яна з дзіцем знікла з вёскі. А хіба можна было ў тыя часы прыгоннай жанчыне быць шчаслівай? Калі чытаеш гэты верш, то з першых радкоў адчуваеш горыч і моцны боль…

Гудкоўская Таццяна


Сапраўдным адкрыццём стала для мяне знаёмства з творчасцю гэтага вялікага пісьменніка і таленавітага мастака. Гісторыя яго жыцця кранула і ўразіла мяне. Колькі выпрабаванняў было на яго шляху! Чытаючы вершы, міжволі пранікаешся ўсімі пачуццямі, якія перажыў сам пісьменнік. Вершы ў Тараса Шаўчэнкі сапраўды незвычайныя. Пад уражаннем верша “Зацвіла в долине”, я зрабіла да яго замалёўку…

Латыш Наташа
Дадатак 1





І. М. Шульга.
Сустрэча Шаўчэнкі з І.М. Сашэнкам ў Летнім садзе

Дадатак 2







База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка