Святліца” запрашае!




Дата канвертавання30.06.2016
Памер18.95 Kb.
Гаргун Анастасія Сяргееўна
Святліца” запрашае!

Амаль кожны дзень збірае ў сваіх сценах Цэнтр дзіцячай творчасці маленькіх майстроў, якія мараць навучыцца якому-небудзь віду дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, штосьці зрабіць сваімі рукамі. Заўсёды з радушшам і пяшчотаю праводзяць заняткі выдатныя майстры сваёй справы.

Вучні Горкаўскай школы часта наведваюць гэты куточак Старадарожчыны. Нам вельмі падабаюцца шматлікія гурткі, сярод якіх лепка з гліны, малюнак па шклу, вышыўка лентамі, джутавая пілігрань, валянне з шэрсці, батык і многія другія.

Прадоўжылася наша падарожжа ў Цэнтры рамёстваў “Святліца”. Вядомы ён сваёй калекцыяй Рухаўскіх дываноў. Ёсць у цэнтры майстэрня па ткацтву, якая даўно атрымала званне народнай.

Змаглі дзеці паспрабаваць сябе ў ролі майстроў па ткацтву. Таленавітая майстрыха Рудакоўская Наталля Аляксандраўна дапамагла выткаць радкоў колькі ручніка. На свае вочы мы ўбачылі музейную калекцыю тканых паясоў. Сярод іх многія створаны майстрамі “Святліцы” ў розных тэхніках.

Нашых вучняў вельмі зацікавілі вырабы з саломы. Сярод іх – саламяныя павукі. Міхеева Святлана Іванаўна цікава расказала нам аб прызначэнні, відах саламяных павукоў. Мы даведаліся, што саламяныя павукі – адно з самых старажытных тварэнняў з саломкі і самае загадкавае. Гэта дэкаратыўныя падвясныя канструкцыі з саломы, якія беларусы спрадвеку вывешвалі ў доме падчас святаў у самым ганаровым месцы дома – Чырвоным куце.    Саламяны павук – гэта традыцыйнае ўпрыгожванне інтэр’ера сялянскай хаты на Каляды ці Пасху. Беларусы не ставілі навагоднюю елку, а рабілі з залатой саломы павукоў. Сабраныя з лёгкіх саламяных трубачак, павукі былі бязважкія і ажурныя. Ахоўваць, прыносіць шчасце і ў той жа час упрыгожваць, дарыць эстэтычнае задавальненне – прызначэнне гэтых дзіўных канструкцый. Існуюць розныя формы падвесных канструкцый: шарападобны павук, пірамідальны, рамбічны, павук-зорка, падвесныя канструкцыі на абручах і іншыя.

Астроўская Таццяна Аляксандраўна правяла майстар-клас па вырабу павукоў з саломы. Вучні Горкаўскай школы з ахвотай і энтузіазмам прыняліся за справу. Зробленыя “павучкі” былі прымацаваны да аднаго вялікага, які цэнтр падараваў школе. Цяпер гэты павук упрыгожвае адзін з залаў Народнага музея Горкаўскай школы.



Усім дзецям вельмі спадабалася экскурсія. Дзякуючы такім таленавітым і руплівым людзям, існуюць такія дзіўныя куточкі на Старадарожчыне як “Святліца”, якія дапамагаюць людзям далучыцца да гісторыі і народнай творчасці.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка