Свята распрацавана і праведзена ў 1 класе настаўніцай Пікта І. М. Вядучы




Дата канвертавання01.05.2016
Памер139.67 Kb.
Ёдзь.Т.Г., Пікта І.М.

Навагрудскі р-н., Гродзенскай вобл.,

ДУА “Ладзеніцкі ВПК дзіцячы сад-БШ”
Адукацыйна-выхаваўчы модуль ў 1 класе

Абрад ініцыяцыі (Пасвяты ў школьнікі).

мультымедыйная прэзентацыя “З легендай у сэрцы”(прыкладаецца)

(Свята распрацавана і праведзена ў 1 класе настаўніцай Пікта І.М.)

Вядучы


Зямля наднёманская,

Колькі сілы

Тваёй унутры прайшло ў глыбінны рух…

…З глыбінь ты ўзвышаеш курганы

Паданні, замчышчы, сівыя вежы,

І пушчы, і дубы на прыбярэжжы,

І песні наднямонскай стараны…

Я на Русі спакон беларусін.

Нічога, што ліцвінам называлі.

Мяне дзялілі, паланізавалі

Ды помню я, якога роду сын!

З той памяццю – і крэўнасць удвая.

І ўлюблёнасць –

З болем да бязмежнасці.

Каб не чуццё вось гэтай прыналежнасці,

Зямля Міцкевічаў, кім быў бы я?


Вучань


Па-над Нёманам аблокі

Белыя плывуць.

Шлях няпросты іх, далёкі,

А яны пяюць.

Песні іх – пра луг і поле,

Пра зялёны гай,

Песні іх – пра наваколле

Пра чароўны край.

Па-над Нёманам аблокі

Белыя плывуць.

Як жа можна не спяваць тут?

І яны пяюць.



( “Песня пра Нёман”)

Вядучы

Бацька Нёман і яго дочкі – Вілія, Бярэзіна, Шчара, Зяльвіна, Котра, Лоша збіраюць паўнаводную даніну з магутных дуброў Налібоцкай пушчы і светлых азёр пушчы Гродзенскай, з узгоркаў навагрудскіх, і запаведных бароў Белавежы.



Легенда пра Нёман.

(Сцэна стылізавана пад інтэр’ер сялянскай хаты. Гучыць музыка. У хаце сядзяць дзеці і дарослыя. Усе заняты работаю.)

Бабуля:

Апавяданні старых пра розныя здарэнні пераходзілі ад чалавека да чалавека са старадаўніх часоў і сталі гісторыяй нашай беларускай зямлі, характарам яе народа. Прыпамінаю народнае паданне гэтага краю пра Нёман, якое ходзіць сярод люду, хоць цяжка тут знайсці праўду. Слухайце… Даўным – даўно, тысячы гадоў назад, з-пад вялізнага каменя, дзе б’е крынічка, нарадзіўся славуты багатыр…



На сцэне з’яўляюцца хлопец і дзяўчына: Нёман і Лоша.

Лоша (дзяўчына ў народным адзенні):

Прывітанне, Нёманец, жыхар лясоў дрымучых ды лугоў шырокіх! Ты як заўсёды працуеш, прыродзе, людзям і ўсяму жывому памагаеш? Працаўнік і прыгажун ты наш!



Нёман (хлопец ў народным адзенні):

Вітаю цябе, суседка! Што ж, не магу я проста ляжаць у цяньку і любавацца сабой, калі вакол столькі спраў! Мне хочаццца дапамагчы людзям, парадаваць іх.



Бабуля:

Гэтыя двое часта сустракаліся, але гаварылі нядоўга. Магчыма, якраз за маўклівасць і называла Лоша свайго суседа Неманцом. Але цяпер ніхто не згадае, за што Нёману прыглянулася такая прыгажуня. Адно вядома: было вяселле.



(Шум, вяселле)

Шчара: Ад мяне, цёткі Шчары, ад усіх родных жаніха: Сулы, Усы, Уздзянкі – добрай долі маладым!

Нёман: Дзякуй, цётачка Шчара!

Лоша: Вялікі дзякуй!..

Бабуля:

Скончылася вяселле, пачаліся будні. Зноў Нёман ад працы не бачыў ні дня, ні ночы.



Нёман:

Пайшлі са мной, я навучу цябе дапамагаць людзям, звярам, птахам, рыбе, і усякай іншай жыўнасці. Навучу цешыць сваім люстэркам вод прыбярэжныя лясы, палеткі, лугі. Ты ўбачыш, як на сваіх грудзях я нашу чаўны, ганяю плыты. Хадзем са мной на шырокі прастор, красуня мая ненаглядная!



Лоша:

Не, я лепш застануся тут, у цяньку. Ды і працаваць мне сягодня зусім не хочацца…



Бабуля:

І вось адной цёмнай ноччу кінуўся Нёман прэч. Стараўся замесці след: дзе пад поплавам прабяжыць, дзе для перадыху вынырне плёсам, азярцом, а затым зноў схаваецца. І толькі там, дзе цяпер стаіць Забалоцце, асілак пайшоў да мора.



Лоша:

Гэй, любы Нёманец! Дзе ты? (гукае) Сяброўкі мае, Пціч, Бярэзіна, Свіслач, Выня, да-па-ма-жы-це!



Выня:

Сяброўка, што за гора ў цябе?



Лоша:

Ах, Выня! Па далінах ды нізінах бегла, аж сіл не стала, дый не ведаю, куды далей падацца, дзе майго Нёманца шукаць, каго яшчэ на дапамогу гукаць-клікаць?



Выня:

Давай удзвюх ля груда пясчанага, дзе Пясочнае, паглядзім.



Бабуля:

Там яны і ўбачылі, што Нёман праз долы і лясы дарогу сабе пракладвае.



Лоша (крычыць):

Прабач мяне, Нёман. Зразумела я, што зачахну, як буду жыць так, як раней, ды застануся адна.



Нёман: (голас за сцэнай)

Дык дапамагай мне! З цягам часу і людзі не абмінуць стараною твае берагі: паблізу пачнуць будавацца…



Бабуля:

Так нарадзіліся многія новыя вёскі. А Нёман жа ніколі не забываецца на родныя мясціны - кожную вясну, кожную восень дажджлівую вяртаецца да сваёй маці-крынічкі, каб сустрэцца са сваёй Лошай, са сваёй маладосцю…



Вядучы.

Напеўныя народныя песні, незабыўныя легенды і паданні, пачутыя пад Смаргонню Міхаілам Агінскім, навеялі кампазітару неўміручы паланез “Развітанне з Радзімаю”.



( Паланез “Развітанне з Радзімаю” словы Сяржука Сокалава-Воюша)

Водар закінутага саду



У небе зорка Мілавіца,

Таямніцы паркавых прысадаў

Пэўна, неаднойчы на чужыне

Будуць мроіцца і сніцца…

Ростань на ростанях краіны.



Раніць думкі шлях абраны.

Прагне сэрца ў родныя мясціны,

І Радзімы вобраз ажывае
Растрывожанаю ранай…

Золак, ахутаны туманам,

Далягляды ў барвах бэзу.

І гучаць нябёсныя арганы,

І жывуць ў сэрцы,

І зліваюцца у гуках палянэзу…
Вядучы:

Сын верны, нястомны зямлі нашай роднай

У светлых сваіх берагах і крутых

Хвалюецца Нёман ля слаўнага Гродна,

Хвалюецца Нёман між ніў залатых.

І сонца і зоры - паходні начныя

Праменяцца ў вечна жывую ваду.

З дубамі сівымі дубы маладыя

Над хвалямі шчырай гамонкай гудуць:

“Нас Нёман ніколі ў бядзе не пакінуў,

кідаў тых на дно, хто жыццё наша сёк.

І ён з сінім морам лясную краіну

Блакітнай рукою яднае навек”.

Зямля Беларусі, як родная маці,

Не дрэмлючы, Нёман у далі вядзе.

Адвечныя пушчы, палі, сенажаці

Калышуцца дзівам у чыстай вадзе.

Вядучы:

Спадчына…гэта гісторыя беларускага народа - шматпакутнага і гераічнага, гісторыя нашай нацыянальнай культуры. Давайце нагадаем сёння незабыўныя старонкі гэтай гісторыі, каб з вышыні сучаснага культурнага ўзроўню відавочней стала, хто мы такія, праз што прайшлі.



Гучыць музыка, цымбалы і баян.

Раздзел 1. XIV-XVI стагоддзі. Эпоха Адраджэння

1-ы вядучы:

Эпоха Адраджэння. Тады адрадзіліся эпохі і краіны, людзі пачалі больш глыбока спасцігаць культурна-гістарычную спадчыну. Менавіта на эпоху Адраджэння прыпадае ўзвышэнне беларускай нацыі. Беларуская мова выконвала ролю дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім. На дзяржаўнай мове Вялікага княства Літоўскага быў напісаны адзін з самых выдатных помнікаў сусветнай культуры “Статут Вялікага княства Літоўскага”.



2-гі вядучы:

Францыск Скарына – першы друкар на Беларусі. Першай кнігай Скарыны быў “Псалтыр”. Наступнай была “Біблія”.Затым ён надрукаваў “Маленькую дарожную кніжку” і “Апостала” са сваімі прадмовамі і пасляслоўямі.



1-ы вядучы:

Як запавед нашчадкам гучаць яго мудрыя словы: “Любіце кнігі, бо яны крыніца ведаў, мудрасці і навукі…лекі для душы”, “Любіце і шануйце слова, з якім вас літасцівы Бог на свеце пусціў”, “Любіце бацькоўскую зямлю”.



2-гі вядучы:

Зоркамі не меншай велічыні на небасхіле Беларускага адраджэння былі Мікола Гусоўскі са сваёй славутай “Паэмай пра зубра”, Сымон Будны – гуманіст і друкар, выдаў на беларускай мове “Катэхізіс”, Сімяон полацкі – царкоўны дзеыч, педагог і пісьменнік.



1-ы вядучы:

Усіх гэтых дзеячаў яднае адно: палымяная любоў да Радзімы і жаданне яе росквіту.



Гучыць музыка, цымбалы і баян.

Раздзел 2. XVII-XIXстагоддзі

1-ы вядучы:

Над роднай мовай навісла пагроза асіміляцыі ў сувязі з далучэннем Беларускіх зямель то да Рэчы Паспалітай, то да Расіі. Пачынаецца заняпад у літаратуры, ў культуры.



2-гі вядучы:

Слова наша роднае,

хапала на стагоддзі доўгія цябе,

Багдпновіч, Колас і Купала

Прыпадалі да цябе ў журбе.

1-ы вядучы:

Адкідалі кпіны і абразу,

З дзён былых цягнулі ў заўтра ніць.

І хаця не ўсіх і не адразу –

Навучылі ўсё ж цябе цаніць.

2-гі вядучы:

Але слова роднае прабівала сабе дарогу праз палымяную дзейнасць лепшых сыноў нашай зямлі: Янкі Купалы, Якуба Коласа,Цёткі, Максіма Багдановіча, Каруся Каганца – аўтара “Лемантара”, беларускага буквара.



Гучыць музыка, цымбалы і баян.

Раздзел 3. Шляхі Адраджэння.

20-30-я гады XX стагоддзя

1-ы вядучы:

Кажуць, мова мая аджывае

Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.

Для мяне ж яна вечна жывая,

Як раса, як сляза, як зара.

2-гі вядучы:

Калі ж хто загадае “не трэба!” –

Адрачэцца ад мовы народ, -

Папрашу я і сонца і неба:

Мне не трэба ні славы, ні хлеба,

Асудзіце на безліч нягод.

Толькі месяцаў назвы пакіньце,

Назвы родныя роднай зямлі,

Пра якія з маленства ў блакіце

Бор шуміць і пяюць жураўлі.



1-ы вядучы:

З 1918 года ў нашу літаратуру, навуку ўліваецца кагорта сумленных і таленавітых людзей, якія ўвесь пыл свайго сэрца аддалі справе будаўніцтва новага жыцця. Гэта Кандрат Крапіва, Кузьма Чорны, Міхась Чарот, Андрэй Мрый, Тодар Кляшторны, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Лёсік, Платон Галавач, Максім Гарэцкі, Усевалад Ігнатоўскі.



2-гі вядучы:

Беларуская навука, культура перажывалі сваё трэцяе нараджэнне: адкрываліся новыя навучальныя ўстановы, тэатры, выдаваліся беларускамоўныя газеты.



1-ы вядучы:

Але перыяд Адраджэння працягваўся нядоўга. Цяжкія страты панесла ў 20-30-я гады беларуская літаратура, навука, культура і асабліва ў гады “культу асобы”.



Гучыць музыка, цымбалы і баян.

Раздзел 4. Адраджэнне ў сучаснай Беларусі

1-ы вядучы:

Нібы маці, берагчы

Працаўніцу нашу мову.

Бо яна – жыцця зачын

І пачатак песні новай.

2-гі вядучы:

І толькі сёння з’явілася рэальныя магчымасці здзейсніць сапраўды штосьці адметнае на ніве гістарычнай навукі, рашуча павярнуць з дапамогай яе беларускі народ тварам да сваіх нацыянальных вытокаў.



1-ы вядучы:

Я слаўлю дар вялікі мовы

З вяршынь высокага быцця,

Над светам будучыні новай

І чалавечага жыцця.

2-гі вядучы:

Прайдзіся па школах -

У Мінску, у Гродна, у Віцебску,

Брэсце або ў Магілёве,-

Як хораша дзеткі шчабечуць

На роднай, сваёй беларускай

Матульчынай мове!

1-ы вядучы:

У кожным тэатры, ля кожнай трыбуны

Я чую пявучыя, мілыя гукі.

Ад сэрца да сэрца – ці свята, ці будні –

Ідзе мая мова, іде без прынукі.

2-гі вядучы:

І так па дзяржаўнаму смела і горда,

Трымаецца ўсюды, што часам між волі

Гарачая хваля прыступіць да горла

І слёзы ад шчасця не знаюць патолі.

Вядучыя (разам). Дык жыві і квітней, маё роднае слова!

Раздзел 5.Сцяжынкамі Адраджэння ў нашай школе


1-ы вядучы:

Дарагія сябры!

З гонарам за свой люд беларускі чытайце кнігі, напісаныя на яго на роднай мове. Яны дапамогуць вам адкрыць новыя далягляды, узбагацяць вас духоўна.

2-гі вядучы:

Асноўнай мэтай нашай парцы з’яўляецца выхаванне ў вучняў нацыянальных агульначалавечых каштоўнасцей.



1-ы вядучы:

Мы працуем па традыцыйных методыках, якія накіраваны на развіццё творчасці, духоўнага багацця кожнага вучня, збіраем і вывучаем творы вуснай народнай творчасці нашага гісторыка-этнаграфічнага рэгіёна Панямонне.

Пачынаем падарожжа па краіне ведаў і здольнасцей. Сустракайце нашых вучняў, якія будуць праходзіць выпрабаванні на інтэлектуальныя, фізічныя, музычныя і мастацкія здольнасці, а таксама вапрабаванні на этыку.

Пачынаем з урока роднай мовы – з выпрабаванняў на інтэлектуальныя здольнасці.



  • Фрагмент урока роднай мовы з вучнямі 1 класа праводзіць настаўніца Пікта Ірына Міхайлаўна.

  • Перапынак прапануе нам беларускую народную гульню “У мак”.

  • Фрагмент урока фальклорнага танца з вучнямі 1 класа праводзіць настаўніца Арлова Вольга Уладзіміраўна.

  • Перапынак прапануе нам беларускую народную гульню “Гусі”.

  • Фрагмент урока фальклорных спеваў з вучнямі 1 класа праводзіць настаўніца Валенцюкевіч Ларыса Анатольеўна.

Вядучы:

Для ўручэння вучнёўскіх білетаў вучням 1 класа запрашаем дырэктара Ладзеніцкай базавай школы-дзіцячага сада Варава Аляксандру Мікалаеўну. (Уручэнне)



Дзеці прагаворваюць словы клятвы:

Клянёмся помніць зямлю, што мяне ўзгадавала!

Клянёмся трымацца каранёў роду свайго!

Клянёмся не здрадзіць самому сабе!

Клянёмся шанаваць родную мову, як родную маці!

Вядучы:

Са словамі віншавання да вас, нашы першакласнікі, звяртаецца начальнік УА Навагрудскага РВК Мітлашук Г.І.



Вядучы:

Са словамі віншавання да першакласнікаў звяртаюцца нашы госці, якія прыехалі з Трабскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна.



Вядучы:

Першакласнікаў віншуюць іх бацькі.



Вядучы:

Пачынаем канцэрт-віншаванне. На сцэну запрашаем вучняў 2-га класа.

Добры дзень вам, дарагім сябрам

Наша шчырае вітанне.

Мы прыйшлі да вас

Слова шчырае сказаць

Поспехаў у навуцы

Мы вам хочам пажадаць.

Я жадаю вам сардэчна

Каб ад музыкі чароўнай

Быў настрой у вас цудоўны.

Каб усё, што вы рашылі, загадалі –

Мела збыцца.

Каб заўжды ў жыцці свяціла

Зоркай, песня Мілавіца.

Каб жылі вы ўсе

Радасным жыццём,

Каб ад святаў і Пасвятаў

Шумен быў ваш дом.

Каб у дружбе жылі

Ўсе вы між сабой.

Каб на свеце панавалі

Мір і супакой.

Ад хваляў жытняга поля,

Ад нашай цудоўнай зямлі

Мы нізкі паклон вам і звонкія песні

Як шчыры наш дар прыняслі.

Мы сёння так рады сустрэчаю

І рады вас песняй вітаць.

Пагоднага неба, вялікага шчасця

Нам хочацца ўсім пажадаць.

Выконваецца беларуская народная песня”


Калі мы вам даспадобы,

Запрашаем усіх да нас.

Будзем рады мы сябрам,

Пачастуем ласкай.

Няхай сонца свеціць вам

Як у добрай казцы.

Няхай будзе жыццё ваша

Святам слаўным, урачыстым,

Як крынічанька – празрыстым.

Эй, музыкі, браточкі мае,

Зайграйце беларускі народны танец мне.

Мае ногі туп-туп тупацяць

І на месцы зусім не стаяць.

Беларускі народны танец


Вядучы.

А зараз свае віншаванні вам даруюць вучні 3-га этнакласа.

У Беларусі – ясныя вочы

Многа любві ў грудзях.

Звонкае поле,

Звонкія сосны, звонкі і сонечны шлях.

У Беларусі кожны куточак,

Дзе ты ні пойдзеш, пяе…

Звонкае слова,

Звонкая песня,

Звонкая песня яе.

Выконваецца беларуская народная песня “Сядзіць мядзведзь на калодзе”

Без цымбалаў немагчыма

Уявіць зямлю-Айчыну,

Бо і ў радасці і ў скрусе

Любяць іх на Беларусі.

Пад цымбалы,

Пад цымбалы

Тут


Лявоніха

Скакала!


А цяпер пад тыя ж гукі

Скачуць праўнукі і ўнукі.


Беларускі народны танец «Лявоніха»


Хай здароўе і шчасце вас ніколі не пакідаюць.

Каб былі здаровы самі,

Каб былі здаровы таты і мамы!
Вядучы.

Зараз свае віншаванні вам даруюць вучні 4-га этнакласа.

Мы сардэчна ад душы

Вас віншуем, малышы.

А чаго ж мы вам жадаем?

Зараз, зараз прыгадаем.

Каб бадзёрымі былі вы,

Каб разумнымі раслі вы.

Каб кожны навучальны год

Прынёс вам радасць і даброт.

Хай дарогі усе на свеце

Вам адкрыюцца ў жыцці,

Мы жадаем шчыра, дзеці

Вам шчаслівымі расці.

Ад шчырага сэрца

Вам долі жадаем.

Ніхто з вас ніколі

Хай гора не знае.



Гучыць беларуская народная песня.

Вядучы.

На сцэну запрашаем вучняў 5-га класа.

Людзі добрыя, вітаю!

Я ў вас вось што запытаю:

Вы скажыце госці мне

Ці вам добра тут, ці не?

Ну тады чаго чакаеце?

Чаго артыстаў не вітаеце?

Песні, знайце, - сэрца дар.

Шанаваць іх трэба.

Кепскі з нас той гаспадар,

Што не мае хлеба.

І без песен та народ

Што ён варт быць можа?



Гучыць беларуская народная песня-карагод “Лянок”

Ад шчырага сэрца

Вам долі жадаем.

Ніхто з вас ніколі

Хай гора не знае.

Бывайце здаровы

І ў шчасці жывіце.

А прыйдзем калі ў госці

Дык шчыра прыміце.

Вядучы.

Свае віншаванні вам дораць вучні 6-га класа.

Будзем танчыць, гуляць і спяваць

Эгнаклас наш са святам вітаць

Віншаванні свае вам дарыць

Бо з усмешкаю весела жыць!

Вось цяпер нам пагуляць

Пакуль грае скрыпка

Рукі, ногі не баляць,

Серадзінка гібка.


Гучыць “Эцюд” у выкананні юнай скрыпачкі Пікта Алены

Мы віншуем вас са святам

І жадаем усім рабятам

Не хварэць, не сумаваць,

Болей есці, добра спаць,

Не злавацца, не сварыцца,

Калі здарыцца – мірыцца.

У этнашколе сябраваць.

І гуляць, і працаваць.

Не заўсёды нам вось тут

Тенцаваць, спяваць, смяяцца.

Трэба зараз нам сябры

З вамі развітацца.

А на развітанне прыгадаем:

«Чаго ж мы вам, сябры нашы жадаем?»

Каб было вам гожа,

Весела жылося,

Шчасліва раслося.

Каб вы спявалі

Песні вясёленькія.

Каб вы скакалі

Танцы ўдаленькія.

Надзялі вас, Божа, і долей, і шчасцем, і добрым здароўем. Каб былі багатыя, як восень, вясёлыя, як вясна.

Вядучы.

Зараз свае віншаванні вам даруюць вучні 7-га класа.



  1. Прыйшлі мы сёння з віншаваннем

Для першакласнікаў сваіх,

Каб нашы шчырыя жаданні

Спаўняліся кожны дзень для іх.


  1. Як мілагучныя званочкі

Яны спяваюць і звіняць,

Цікаўныя жывыя вочкі

На свет дапытліва глядзяць.


  1. Ах, дзеці, дзеці-птушаняты!

Прад вамі выраю гады.

Вам засяваць жыцця зярняты,

Вырошчваць і даглядаць сады.


  1. Вам раскрываць навук сакрэты,

Каб быў шчаслівы чалавек


Вачыма вашымі планета

Глядзіць сягодня ў новы век.



Выконваецца беларуская народная песня “Ехаў бацька за лучынай”

Вядучы.

Свае віншаванні вам дораць вучні 8 - класа

Добры дзень, паважаныя сябры!


  1. Што ж, пачнём мы свой расказ:

Жыве ў школе этнаклас.

Могуць цацкі майстраваць

І партрэты маляваць,

З гліны наляпіць ватрушак,

Вырабляць цудоўных птушак!

Вось якія яны ў нас!

Значыць, свята для ўсіх будзе:

Песні, гульні, карагоды,

Смех і жарты, і прыгоды!

Запрашаем усіх ласкава

Разам з намі святкаваць.

Паважаныя “этнаўцы”!

Жадаем:

Каб прынёс гэты год вам


Дабрабыт і плён.

Многа радасці, веру светлых дзён.

Няхай збудзецца, што жадаецца!

Што задумана – прыдбаецца!

Усяго вам добрага!

Вядучы.

Далучаюцца да віншаванняў вучні 9 – га класа.

Што за свята сёння ў вас?

Не магу я зразумець:

Пэўна, свята дзеці ладзяць,

Вочы сталі зіхацець.

Імяніннікаў нашых мы сёння віншуем,

Пець будзем з імі і пажартуем.

Дарагія дзеткі, рады вас вітаць,

У кошыку для вас падарункі ляжаць.

А зараз нас паслухайце,

Нашы віншаванні прымайце.

Са святам віншуем,

Добрую долю гатуем,

Здароўя і шчасця жадаем.

Каб былі моцныя, як вада,

Вясёлыя, як жвавы ручаёк,

Прыгожыя, здаровыя, як малады дубок.

Каб жыццё было светлае, як вада,

І ніколі вас не напаткала бяда,

Каб былі вясёленькімі, здаровенькімі, дзетачкі,

Прыгожымі, як вясновыя кветачкі.

Хай чыстымі вашы рукі будуць,

Справы добрыя не забудуць,

Матулям і татулям дапамагаюць,

Шчасце ў жыцці здабываюць.

Хай чыстымі будуць вочы ў вас,

А сэрца будзе добрым.

Такім даём мы вам наказ,

Сябрам нашым малодшым.

Са святам вас усіх віншуем,

Жыцця доўгага ўсім жадаем.

Каб хлопчыкі, як дубкі мацнелі, раслі,

А дзяўчаткі, як каліна ды вішня, цвілі,

Каб шчодрымі былі ўсім надзіва.

І зіхацелі радасцю вочкі,

Як кветкі роднай Беларусі – васілёчкі.

Надышоў і мой час вас адарыць.

У кошыку маім падарунак ляжыць.

Зусім незвычайны, ад маці – зямліцы,

Адтуль, дзе цячэ жывая вадзіца,

Дала мне галінкі святая вярба,

Калі яны побач – абыдзе журба.

Долю яны захаваюць у хаце,

А сум і тугу не будуць пускаці.

Дык вось для вас, мае вы дзеткі,

Дару гэтыя прыгожыя кветкі.

Вядучы.

Свае віншаванні вам дорыць фолкгурт «Дзяніца»



Вядучы.
Да віншаванняў далучаецца танцавальны гурт «Ладачкі»

Вядучы.

Зараз свае віншаванні вам даруюць вучні з хора “Забаўлянка”



Вядучы.

Зараз свае віншаванні вам даруе калектыў настаўнікаў вакальнага гурта “Ладзея”



Вядучы.

Паважаныя сябры!



Свята падрыхтавалі:

  • Дырэктар школы - Варава А.М.

  • Намеснік дырэктара па ВВР школы - Ёдзь Т.Г.

  • Настаўнікі этнакласаў – Пікта І.М., Чубрык Н.В., Аблажэй З.М., Пілько В.А.

  • Настаўнікі школы і бацькі –

Гуцько Л.М., Малевіч Т.Г., Дуньчык Г.А., Шумская Т.В., Чамяроўская В.П., Раманчук С.М., Качан Н.У., Пярловіч І.І., Картасаў У.Ф., Мантуш Ж.У.

  • Настаўнікі музыкі і танцаў – Валенцюкевіч Л.А., Арлова В.У., Камендант Н.С., Прычэпа І.М., Сіруць В.Л.




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка