Свята “пакроў” Сцэна ўбрана, як сялянская хата. 1 Гаспадыня




Дата канвертавання13.05.2016
Памер45.16 Kb.
СВЯТА “ПАКРОЎ”

Сцэна ўбрана, як сялянская хата.



1 ГАСПАДЫНЯ: (аддае свячу) Паслужыла гэтаму дому, пойдзеш к другому. Давайце, даражэнькія жанчынкі, памолімся Богу, забяром свячу ды панясём яе да суседа.

2 ГАСПАДЫНЯ-СУСЕДКА: (чакае свячу) Вось парабіла, нарэшце, усю работу ў полі, прыбрала ў хаце. Сёння ж свята Пакроў – старажытнае народнае рэлігійнае свята, якое адзначалі нашы продкі кожны год 14 кастрычніка. Свята Пакроў заўсёды чакалі, бо тады было менш работы ў полі, усё ўжо было прыбрана, нездарма ж кажуць: “Як прыйдзе Пакрова, то я жыва-здарова, а як прыйдзе жніво, то ляжу ня жыва”.

У гэтым годзе прыйшла чарга і да маёй хаты. Усё парабіла ў хаце, прыбрала і пачастунак прыгатавала пачаставаць жанчын, якія прынясуць свячу, і месца ёй прыгатавала, можна чакаць гасцей.



Маладая дзяўчына сцеле салому,прыгаворвае:”Прыйшла Прачыстая, каб дарога была чыстая”. Па гэтай саломе, дзве сталыя жанчыны нясуць ікону, а за імі з гарашчымі свячамі ідуць астатнія.

1 ГАСПАДЫНЯ: (аддае ікону)Добры дзень у хату! Дазволь у хату зайсці, суседачка. Прымі, калі ласка, хлеб-соль і святую ікону.

2 ГАСПАДЫНЯ-СУСЕДКА: (прымае) Хлеб-соль прымаю, шчыра вас вітаю і ў хату да сябе запрашаю. Заходзьце. Заходзьце, калі ласка, даўно ўжо вас чакаю.



1 ГАСПАДЫНЯ: Цераз ваш дварок, цячэ ручаёк.

Сцяліце кладачку ды завіце ў хатачку.

А мы госці недакучныя. Не часта ходзім, не дакучаем, а ў гадочак адзін разочак на свята Пакроў. Мы не самі прыйшлі, з Ісусам Хрыстом, сса святою іконаю, са святою малітваю. Дазволь, гаспадыня, Госпаду Богу памаліцца.

2 ГАСПАДЫНЯ-СУСЕДКА: Дазваляю. Нясіце ікону на кут, дзе месца ёй гатова. Хлеб-соль прынімаю, шчыра вас вітаю і да сябе ў хату запрашаю. Калі ласка, праходзьце.

Ікону нясуць, на кут ставяць, запальваюць свячу, моляцца.





1 ГАСПАДЫНЯ:(пакрывае ікону сваім ручніком, цалуе яе)Прасвятая Багародзіца, памяні нас у тваіх малітвах, Божая Дзева Багародзіца, ды не загінем мы за памнажэння грахоў нашых, пакрый нас ад усялякага зла і лютых напасцей. На цябе спадзяёмся і твайго Пакрова свята ўшаноўваючы, цябе праслаўляем.

(спяваюць “Маці Прачыстая”)



2 ГАСПАДЫНЯ-СУСЕДКА: Вялікае дзякуй, вам, жанчынкі, што прнеслі святую ікону, асвяцілі маю хату малітваю. А зараз праходзьце да майго стала ды адведайце пачастунку. Сядайце, калі ласка, за сталы дубовыя, лаўкі цясовыя, харошым гасцям чырвонае месца.

Жанкі, выпейце майго квасу, каб імелі вы прыкрасу, ад майго кваску вы не кінецеся ў таску. А вось вам каша, каб жыццё было весялей ваша. Паспытайце мае бліны, каб сямейныя вы былі, каб удала вы перазімавалі. Пакаштаваўшы бліны, “вы запяклі вуглы”, гэта значыць, што зберажыце сям’ю і гаспадарку на працягу года.

Жанчыны частуюцца, дзякуюць гаспадыню за хлеб-соль.

1-Я ЖАНЧЫНА: Дзякуй табе, гаспадыня, за хлеб, за ласку, а зараз дазволь у тваёй хаце пагуляць, святы Пакроў правесці.

2-Я ЖАНЧЫНА: Прыйшла Первая Прачыстая, гаворыць: “На мяне ты не еж, не пячы, а ўсё з поля прыбяры”. А прыйшла Трэцяя Прачыстая ды гаворыць: “Усё ў полі чыста, прыйшоў Пакроў, да зімы гатоў”.

2 ГАСПАДЫНЯ-СУСЕДКА: Дазваляю, вельмі я ахвоча слухаць вашыя песні ды прыказкі.

Жанчыны запяваюць “Ой, мамачка, восень”, беларуская народная песня “Што з адной гары”.





1 ГАСПАДЫНЯ: А я хачу ў вас папытаці. Ці ведаеце вы, што свята Пакроў ды пытаецца да Увазвышанні:

“Ці запахана ў полі жыта?”

А я буду да й хадзіці, аглядаці,

Ці ўруніла ў полі жыта,

Зямлю жоўтым лістом засыпаці,

Рэчкі лёдам пакрываці, снегам чыстым пакрываці,

Снегам чыстым пакрываці.

Старых жонак кіёчкамі награждаці,

Сярэдніх жонак сыночкамі,

А маладых дзяўчат вяночкамі.



ЖАНЧЫНЫ: (адказваюць) Ведаем, ведаем.

2 ГАСПАДЫНЯ-СУСЕДКА: А чаго на Пакрова дзеўка, як карова?

ЖАНЧЫНЫ: (адказваюць) Замуж хоча.

ГАСПАДЫНЯ: Паводле народных прыкмет и назіранняў, Пакровы заўсёды былі пераменным лёсавызначальным момантам у жыцці людзей. Як раз у гэту пару дзяўчаты думалі аб сваёй долі, лёсе. Дзяўчаты ўвечары маліліся:

Святы Пакроў, святы Пакроў,

Пакрыў лістом зямлю, ваду лёдам

Пакрый вянцом мяне, маладу.

А раніцай беглі ў царкву, каб першай запаліць свячу. Лічылася, што хто першы запаліў свячу, той хутчэй пойдзе замуж.

1-Я ЖАНЧЫНА: Давайце-ка заспяваем беларускую народную песню “Ой па садочку я хадзіла”, “Вецер вее, павявае”.

А ці ведаеце вы прыкметы пра Пакроў?

3-Я ЖАНЧЫНА: Пасля Пакроў нельга кранаць зямлю. Казалі: “На Пакроў зіма закрывае лета, а Бог пячатае зямлю”, пасля гэтага да вясны ніхто не можа яе чапаць.

4-Я ЖАНЧЫНА: Народная мудрасць папярэджвае: “ не чапай зямлю пасля Пакрова да Благавешчання”.

2-Я ЖАНЧЫНА: А калі бяроза не скідае ліста да Пакрова, то не будзе снега і ў Каляды.

Вось яшчэ адно назіранне: “Калі краты рыюць зямлю да Пакрова, то зіма будзе без снега і цёплая”.



ГАСПАДЫНЯ: Якія вы мудрыя, усё заўважаеце, а ці ўмееце вы загадываць і адгадываць загадкі?

Жанчыны загадваюць загадкі. Пасля гэтага жанчыны спяваюць беларускія народныя песні: “І туды гара і сюды”, “Калініца”, “Будзе вечар, шчэй павечарэе”.





ГОСЦІ: Час позні, пара ўжо і дадаому збірацца, нагуляліся, наспяваліся, час з гаспадарамі развітацца.

Жадаюць гаспадарам дабрабыту ў хаце: “Піва варыць, сына жаніць, пасаг збіраць, дачку замуж аддаваць”.



ГАСПАДЫНЯ: Дзякуй вам вялікае, што да нас са святою іконаю, з малітвамі, ды вашымі цудоўнымі песнямі прыйшлі. Прыходзьце ж на наступны год, панясём свячу да майго суседа, паславім святы Пакроў.

Бывайце здаровы,

Майце ўсяго даволі,

А бяды ніколі.

Жанчыны з песняй “Бывайце здаровы” пакідаюць хату.

Матэрыял запісаны са слоў

жыхарак вескі Дзербічы Буда-Кашалёўскага краю:

Прышчэпавай Таццяны Кірылаўны, 1928 г.н.,



Сарокінай Соф’і Аляксееўны, 1930 г. н.

.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка