Свята на ўзнагароды багата




старонка2/3
Дата канвертавання17.03.2016
Памер412.83 Kb.
1   2   3

Сяргей Міхед,

начальнік раённай інспекцыі “Энерганагляд”.

Тэма

для

роздуму

Для кахання ўзросту няма

Вяртаючыся з работы, стала сведкай цікавай размовы матулі і яе трохгадовага сыночка. Хлапчук заявіў, што любіць Светку. Я пасмяялася пра сябе, паколькі аб’екты любові ў такім узросце мяняюцца штодня: Кацька, Соня, Аліса, Светка ... Чым сталей чалавек, тым вышэй яго патрабаванні да супрацьлеглага полу.

Кахаць, вядома, прыемна. Вось толькі калі каханне не заканчваецца шлюбам у 17 гадоў. Зараз становіцца “модным” рана выходзіць замуж (жаніцца). Я задаю сабе пытанне: “Ці не разаб’ецца іх юнае захопленае пачуццё аб жорсткі побыт, да якога яны з-за ўзросту не пры-стасаваныя?” І, наогул, ці здольна маладое сэрца па-сапраўднаму кахаць? Як мне здаецца, са-праўднае каханне настолькі глыбокае пачуццё, што можа пасяліцца толькі ў мудрых сэрцах. У юных жа жыве закаханасць уперамешку з дзіцячым максімалізмам, калі ўсё ўспрымаецца гіпертрафіравана. Такое каханне рэдка атрымліваецца пранесці праз усё жыццё. Хоць выключэнні, вядома, магчымыя.

А ці бывае для кахання позна? Колькі прыкладаў, калі ўжо даўно адзінокія людзі адважваюцца зноў пабудаваць сваё шчасце. Жанчына, як правіла, саромеецца прынятага рашэння. Яна баіцца асуджэння, таго, што людзі вакол будуць кпіць, маўляў, на старасці гадоў “бес в ребро”...

Чаму ў нашай краіне людзі, якім ужо за 60, лічаць сябе старымі? Паглядзіце на еўрапейскіх бабуль. Яны носяць модныя штаны, не грэбуюць мейк-апам, наведваюць стылістаў, жывуць поўным жыццём, справядліва мяркуючы, што ў 60 яно толькі пачынаецца. Сталыя людзі не баяцца насмешак, таму што нікому і ў галаву не прыйдзе смяяцца над чалавекам, які ў любым узросце лічыцца паўнаварта-сным, а таму – мае права на шчасце.



Дар’я ЗЯНЬКОВІЧ.

МАМА І ДАЧКА

Два гады Валянціна Дзядзькіна з’яўляецца старэйшынай вёскі Мрочкі. На гэту пасаду яе абралі невыпадкова. Тут яе малая радзіма, сюды жанчына прыязджала кожныя выхадныя і вярнулася адразу пасля выхаду на пенсію, каб не пакідаць адну маці, якой даўно ўжо за восемдзесят гадоў.

Як высветлілася, Таццяна Іванаўна Казлоўская – дзіця вайны. Нарадзілася ў 1932 годзе. Хоць і малая была (усяго 8 гадоў), але многае запомнілася.

– Я родам з Харытонаўкі, гэта Капыльскі раён. Жылі мы ў маленькай хатцы, такіх, напэўна, ужо і няма. Дык вось, сядзім у хаце, а тут тата ў акно стукае і кажа: “Дзеці, не пужайцеся, немцы ў вёску прыйшлі”, – расказвае бабуля.

На нейкі час Таццяна Іванаўна заплюшчвае вочы, рукамі перабірае насоўку. Дзіцячыя ўспаміны больш нагадваюць кадры з кінахронікі, аднак гэта не фільм, які можна пера-ключыць.

– Мама, ты толькі не хвалюйся, – супакойвае дачка.

– Ой, дзіцятка, столькі ўсяго было, што баюся, каб не наблытаць чаго, – працягвае бабуля.

Таццяна Іванаўна была малодшай у сям’і. Памятае, як разам з сёстрамі перадавалі салдатам малако і ежу, якую гатавала маці. Шмат разоў хаваліся ў жыце, якое расло на ўзлеску. Бачыла дзяўчынка і смерць. Неяк у вёску прыйшлі маладыя хлопцы. А недалёка немцы стаялі. Дарослыя папярэдзілі, што лепш не высоўвацца на дарогу. А хлопцы не паслухаліся, сказалі, што тут чыста, пайшлі ў бок вясковых могілак, дзе іх і застрэлілі. Праўда, немцы дазволілі іх пахаваць.

І такіх эпізодаў дзяўчынка і яе родныя бачылі шмат. Мяжа паміж Капыльскім і Уздзенскім раёнам – партызанскія мясціны.

– Тата (ён адсюль, з Мрочак) расказваў, а яму ў гады вайны 12 было, што дарослыя, калі чулі выбухі, хапалі дзяцей, тое-сёе з ежы і хаваліся ў зямлянках, – далучаецца да размовы Валянціна. – Аднаго разу маці, пачуўшы выбухі і гул самалётаў, схапіла парася і бягом. За ёю дзеці, а яму, тату, давялося несці гадавалую сястрычку.

– У нашай хаце часта бывалі партызаны, – гаворыць Т. Казлоў-ская. – Аднойчы жыдовачка прый-шла, папрасілася пераначаваць. Маці сказала, што пагрэцца яна можа, а вось начаваць пусціць – страшна. Маці дала ёй адзенне і адправіла на сенавал. Не ведаю, што з ёю стала. Толькі потым я даведалася, што ў Капылі яўрэяў знішчаць пачалі, вось і шукалі яны паратунку…

Усяго хапіла бацькам Валянціны Іванаўны, але пераадолелі ўсе цяжкасці. Восем гадоў назад пайшоў з жыцця тата, маці засталася адна. Валянціна Іванаўна, дасягнуўшы пенсіённага ўзросту, зразумела, што трэба пастаянна быць побач з ёю. У снежні 2010 года яна перабралася са сталіцы ў Мрочкі. Спачатку прыехала адна, бо муж яшчэ працаваў, а потым і ён сюды перабраўся. Старшыня Слабадскога сельскага Савета Таццяна Пракацень прапанавала ёй заняць пасаду старэйшыны, бо ўбачыла ў новай жыхарцы адказную жанчыну. Яе папярэдніцы Алене Міцэвіч патрэбна была перадышка, яна ўжо па стане здароўя не магла займацца такой грамадскай работай.

– У нашай вёсцы 51 дом. Зімуе тут усяго 11 чалавек, – гаворыць старэйшына. – Астатнія, як правіла, гэта старыя бацькоўскія дамы, ку- ды прыязджаюць дзеці. Я іх назы- ваю “птушкі з выраю вярнуліся”, бо дачнікамі іх назваць цяжка. Сярод старэйшых жыхароў вёскі Феня Сямёнаўна Рудакоўская, Ева Васільеўна Шчасновіч, Алена Вячаславаўна Міцэвіч і мая маці. Ёсць і маладзейшыя, але таксама пенсіянеркі. А дзяцей ужо няма. Наша вёска – ідэальнае месца для адпачынку пасля гарад-ской мітусні і шуму. Зімой дарогі чысцяцца, ліхтары гараць, аўталаўка ходзіць рэгулярна. Летась на могілках парадак навялі, небяспечныя дрэвы спілавалі. Дзякуй за гэта Таццяне Паўлаўне.

Летам Валянціна Іванаўна садзіцца на веласіпед, праязджае па вёсцы, нават у Харытонаўку, да якой два кіламетры, заедзе. Зімой яна шмат чытае. Асвоіла жанчына і вышыўку крыжыкам, на якую, калі працавала, не хапала часу…

НА ЗДЫМКУ: Таццяна КАЗЛОЎСКАЯ з дачкой Валянцінай.

Вера ЛУКАШЭВІЧ.

Фота аўтара.

Самая вялікая сям’я

Султан мула Ісмаіл з’ўляецца бацькам 548 сыноў і 340 дачок. Гэта значыць, у яго гарэме амаль кожныя 20 дзён нараджалася дзіця.



Цікавы факт

72-гадовы Арсантус Огвел мае 41 законную жонку. Ён быў 126 разоў жанаты і 85 разоў разведзены. Зараз у яго сям’і 497 дзяцей і 185 унукаў.



Іспанская жонка

Іспанская спявачка Глорыя Ласо ў свае 62 гады ўстанавіла рэкорд, выйшаўшы замуж ў адзінаццаты раз.



Самы

настойлівы жаніх

Індыйскі заклінальнік змей Дакхінараі чарговы раз ажаніўся, і гэта ўжо 88-мы яго шлюб. 24 яго жонкі памерлі, 59 ад яго збеглі, а астатнія добра жывуць з ім адной сям’ёй.



Самыя пажылыя

Харыс Сцівенс з’яўляецца самым старым з вядомых у свеце жані-хоў. Нядаўна ён ажаніўся з 84-гадовай Тэльмай Лука, будучы ва ўзросце 103 гадоў. Пазнаёміліся яны ў доме састарэлых. А вось самай пажылой нявестай у свеце была Уніфрэд Кларк, якая павянчалася за 1 дзень да свайго стогадовага юбілею.


Найстарэйшыя парадзіхі

Індыянка Омкары Панвар у 2008 годзе нарадзіла блізнят, хлопчыка і дзяўчынку. Жанчыне было на той час 70 гадоў, і яна ўжо мела 2 дарослых дачок і 5 унукаў. Але яе 77-гадовы муж вельмі хацеў пакінуць пасля сябе спадчынніка мужчынскага полу, таму сям’я, заклаўшы ўсю сваю маёмасць, вырашылася на ЭКА. Праўда, афіцыйна гэты рэкорд нідзе не зарэгістраваны, бо Панвар не мела дакументаў, што пацвярджалі б яе ўзрост.

Затое ў Кнізе рэкордаў Гінэса зафіксаваны выпадак іспанкі Марыі дэль Кармен Бусада, якая за некалькі дзён да 67-годдзя нарадзіла ў 2006 годзе з дапамогай кесарава сячэння двойню хлопчыкаў.

Сярод мам, якія нарадзілі дзяцей, зачатых натуральным шляхам, самай узроставай парадзіхай з’яўляецца Дэн Брук — у 1997 годзе гэтая жыхарка Вялікабрытаніі ва ўзросце 59 гадоў нарадзіла здаровага сына.

Расіянцы Наталлі Сурковай было 57 гадоў, калі яна ў 1996 го-дзе нарадзіла дачку. Раіса Ахмадзеева з Ульянаўска, маючы 56 пашпартных гадоў за плячыма, у 2006 годзе нарадзіла сына. Жыхарка Чарнігава Валянціна Падвербная сваю дачку, якая з’явілася на свет у 2011 годзе, нарадзіла ажно ў 65 гадоў!

(Па старонках друку).

На заметку гаспадыні

Маленькія хітрасці



Многія бытавыя праблемы можна лёгка і хутка выправіць. Хочацца падзяліцца парадамі па доме, якія вам рана ці позна спатрэбяцца.

Трэба ліквідаваць непрыемны пах у сумцы? Пакладзіце ў яе на адзін дзень чайны пакецік.

Нагару на прасе лёгка пазбавіцца сумессю нашатырнага спірту і воцату. Мяккую анучку намачыце ў прыгатаваным растворы і пратрыце прас.

Абавязкова апрацоўвайце драўляныя кухонныя дошкі растворам вады з воцатам.

Каб зварыць смачную грэчку, вады павінна быць у два разы больш, чым круп. Варыце кашу спачатку на моцным агні, а затым на слабым.

Алей варта дабаўляць у салату толькі пасля солі і перцу. Памятайце, што соль у алеі не раствараецца.

Каб хутка астудзіць гарачы кампот у каструлі, пастаўце яго ў посуд большага памеру з халоднай пад- соленай вадой.

Пры гатаванні такіх відаў рыбы, як камбала і траска вылучаецца непрыемны, спецыфічны пах, якога можна пазбавіцца з дапамогай кораня пятрушкі, які варта дабавіць пры гатаванні, ня-лішняй будзе і галоўка цыбуліны.

Палявыя кветкі даўжэй прастаяць, калі ў вазу з вадой дадаць пару кропелек мыйнага сродку. Галоўнае ў гэтай справе не перабольшыць, бо магчымы зваротны эфект.

З мэтай атрымання беласнежнай ванны неабходна прыгатаваць для яе чысткі спецыяльны раствор: кальцыніраваная сода (2 сталовыя лыжкі) і харчовая сода (2 сталовыя лыжкі). Нанясіце гэтую сумесь на ванну, пачакайце 5 хвілін (не змываць). Затым нанясіце наступную сумесь: воцат (50 г) і адбельвальнік (50 г). Пачакайце паўгадзіны і змыйце сумесь вадой.

Калі ў вас скончыліся духі, не спяшайцеся выкідваць флакон. Зніміце дазатар, наліце ў флакон звычайнай вады (на 1/2 аб’ёму) і апусціце туды драўляныя палачкі. Яны будуць ўбіраць араматызаваную вільгаць і распаўсюджваць прыемны пах па пакоі.

Марфа ВАСІЛЬЕВА.

На конкурс “ПАМЯЦЬ МАЦНЕЙ ЗА ЧАС”

Навечна разам

Яны былі аднагодкамі, Павел Лыч і Змітрок Цітко. Абодва нарадзіліся ў звычайных сялянскіх мнагадзетных сем’ях. Павел быў трэцім з сямі дзяцей у Сям’і Івана і Ганны Лычоў, Змітрок — апошнім, пятым у сям’і Зосі Цітко. Жылі ў адной вёсцы, таму дзеці з маленства былі разам, сябравалі, рана пазналі нялёгкую сялян-скую працу. Яшчэ ў дашкольныя гады кожны ведаў свае абавязкі: пасвіць свіней і гусей, гатаваць зелле для пракорму жывёлы, даглядаць малодшых. Паўліка і Змітрака разам можна было бачыць з торбачкамі на лузе за зборам шчаўя, з вудамі на беразе Нёмана ці Тур’і. У адзін год пайшлі ў школу, сядзелі ў класе за адной партай з такімі ж хлапчукамі, як самі, часам гарэзавалі, шасталі па людскіх агародах і садах, бегалі да дзяўчат.

Ужо падросшы, у свабодныя ад школы дні працавалі на калгасных палетках — аралі, баранавалі, акучвалі бульбу, добра ўпраўляліся з коньмі. Яшчэ ў даваенныя гады ў мясцовым калгасе “Авангард” быў створаны духавы аркестр, пра які ведалі не толькі ў суседніх вёсках, але і ў раёне. Дзе якое вяселле, пахаванне, урачыстасць, свята — там і музыканты. Павел стаў трубачом, Змітрок — барабаншчыкам.

Ішлі гады. калі юнакам споўнілася па 16, па закліку камсамола абодва падаліся ў горад на будаўніцтва авіязавода. Ды нядоўга давялося працаваць. Грымнула вайна. пачаліся першыя налёты на Мінск варожых самалётаў, выбухі бомбаў, пажары, з’явіліся першыя ахвяры.

— Куды падацца? Як дзейнічаць далей? — раіліся хлопцы.

Зайшлі на прызыўны пункт ваенкамата. Армейскі прадстаўнік, агле-дзеўшы юнакоў, сказаў:

— Вам яшчэ рана ваяваць. Падрастайце, ваш час пакуль не настаў.

Павел і Змітрок пакідалі палаючы Мінск, узяўшы напрамак на сваю малую Радзіму. Малапрыметнымі дарогамі і сцежкамі, без яды і вады дабраліся дамоў. Не па душы ім прыйшоўся “новы парадак”, які акупанты наводзілі на беларускай зямлі.

Праз некаторы час стала вядома, што з мясцовых актывістаў і адступаючых чырвонаармейцаў у лясах ствараюцца партызанскія атрады і падпольныя групы. У суседняй вёсцы Пясочнае, дзе быў створаны паліцэйскі ўчастак, ноччу партызаны знішчылі нямецкіх прыхвастняў, што падаліся на службу да захопнікаў, а сам участак разбурылі. А вось і другая звестка: пад Старыцай партызаны далі бой немцам.

Шырылася, нарастала партызанская барацьба. І ўжо вясной 1942 года Павел і Змітрок сталі партызанамі атрада імя Катоўскага, што дзейнічаў на тэрыторыі Уздзенскага і Капыль-скага раёнаў. Прыйшлі яны ў атрад не з пустымі рукамі — у абодвух была зброя, якую яны знаходзілі на месцах баёў. У атрадзе Змітрок стаў кулямётчыкам, а Павел — стралком. Разам хадзілі на баявыя заданні, пераносілі няўзгоды ляснога жыцця, разам радаваліся поспехам, перажывалі за родных і блізкіх, дзяліліся апошняй скарынкай, марылі.

Не было спакою захопнікам у раённых цэнтрах — Уздзе і Капылі, Нясвіжы і Стоўбцах. Партызанскі рух трымаў акупантаў у страху і напружанні. Захопнікі раз за разам рабілі спробы ліквідаваць партызан. Аднойчы партызанская разведка данесла, што ў напрамку да лаўскага лесу, дзе быў лагер катоўцаў, рухаецца ба- тальён немцаў. Вораг значна пера-ўзыходзіў партызан і па жывой сіле, і па ўзбраенні. Прынялі рашэнне пера-правіць атрад на запасную стаянку за Нёман, у лясны масіў Сокал і вывезці параненых і хворых са шпіталю, што размяшчаўся ў адной з хат у вёсцы Лавы. Каб ажыццявіць гэта, патрэбна было хоць на некалькі гадзін затрымаць ворага, навязаць яму бой. Для засады партызаны адбіралі добраахвотнікаў, сярод 18 смельчакоў былі Павел і Змітрок.

Цішыню марознай снежаньскай раніцы 1942 года парушылі выбухі снарадаў і мін, стракатанне аўтаматаў і кулямётаў. Завязаўся цяжкі працяглы бой. Партызаны адбівалі адзін за другім наступы ворага. А ў гэты час атрад конна і пешшу ўброд перабіраўся цераз пакрыты тонкім лёдам Нёман каля вёскі Касцяшы. Паступова пачалі заціхаць партызанскія вы-стралы з засады, канчаліся патроны. Адзін за другім гінулі народныя мсціўцы. Цяжка паранены, ведаючы, што выйсці жывым не ўдасца, Змітрок схаваў свой кулямёт, каб не дастаўся карнікам. У гэтым баі ўсе 18 партызан загінулі, але цаною свайго жыцця далі магчымасць асноўнаму атраду перабрацца ў бяспечнае месца. Цяжкія страты ў Лаўскім баі панеслі і акупанты. У іх ужо не хапіла ні сілы, ні храбрасці праследаваць адыходзячы атрад. Ды толькі жудасную расправу ўчынілі яны над мёртвымі ці цяжка параненымі партызанамі.

У адзін дзень хавалі Паўла і Змітрака. Ім было толькі па васямнаццаць гадоў. Усе жыхары вёскі, ад малога да старога, праводзілі іх у апошнюю дарогу. Былі яны заўсёды разам па жыцці, у адной магіле і пахаваны. Адзін на дваіх на іх магіле ўстаноўлены помнік. Пасмяротна Павел Лыч і Змітрок Цітко ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І ступені. На гранітным помніку, што ўстаноўлены ў цэнтры вёскі Касцяшы загінуўшым у вайне землякам, высечаны і іх проз-вішчы.

Р. S. З некалі мнагадзетных сем’яў, дзе нарадзіліся і выраслі нашы героі, сёння ў жывых засталіся толькі пляменніца Паўла Раіса і пляменнік Змітрака Міхась, якія даглядаюць магілу сваіх маладых дзядзькоў. Дарэчы, у сям’і Івана Лыча, акрамя Паўла, загінуў на фронце старэйшы сын Піліп, а ў сям’і Зосі Цітко — яшчэ трое сыноў, Сцяпан, Супрон і Васілій.



Яўгеній ЗВЯРЫНСКІ.

Сацыяльны

ракурс

Астравок дапамогі

Аддзяленне дзённага прабывання для людзей пажылога ўзросту ў горадзе Узда адкрылася нядаўна. Яго супрацоўнікі імкнуцца зацікавіць людзей пажылога ўзросту наведваць установу. Тут створана многае для арганізацыі іх вольнага часу. Пенсіянеры прыходзяць сюды раніцай, а ўвечары вяртаюцца дадому. На працягу дня яны маюць магчымасць ва ўтульнай абстаноўцы пагутарыць, паўдзельнічаць у розных культурна-масавых мерапрыемствах. Галоўнае для супрацоўнікаў аддзялення – дапамагчы пажылым людзям у пераадольванні адзіноты, напоўніць іх жыццё новым сэнсам, стварыць умовы для раскрыцця іх творчага патэнцыялу, актыўнага ладу жыцця.

– У аддзяленне залічваюцца пенсіянеры незалежна ад іх сямейнага становішча, якія захавалі здольнасць да самаабслугоўвання і актыўнага перамяшчэння, – расказала загадчыца аддзялення А. Дубовік. – На падставе асабістай заявы і даведкі з медыцынскай установы аб адсутнасці супрацьпаказанняў да прыняцця ў аддзяленне мы прымаем усіх жадаючых. Цяпер нас наведвае 26 пенсіянераў.

Падапечным прадастаўляецца комплекс сацыяльна-бытавых і культурных паслуг. У аддзяленні ажыццяўляецца назіранне за станам здароўя, праводзяцца мерапрыемствы па аздараўленні (фізічныя практыкаванні, прымяняюцца трэнажоры). Асаблівае месца займаюць культурныя мерапрыемствы. Падтрымліваецца сувязь з бібліятэкай, музеем. Пажылыя людзі прымаюць удзел у літаратурна-музычных сустрэчах, арганізуюцца экскурсіі. Тут працуюць клубы па інтарэсах: “Школа здароўя” (кіраўнік Наталля Шапіра)”, “Вясёлка хобі” (Тамара Місючэнка), “Камп’ютарны клуб” (Галіна Варакса), гасцёўня “Сардэчныя сустрэчы”, вакальны гурток “Сакавіца”.

– Я рада, што ў нашым горадзе з’явілася такое ад-дзяленне, – адзначыла А. Дубовік. – Гэта выдатны астравок дапамогі пенсіянерам. Мы штодзень адорваем іх сваёй дабрынёй і душэўнасцю. Чакаем вас па адрасе: г.Узда, вул. Школьная, 2 ці па тэлефоне 60-4-94.

НА ЗДЫМКАХ: падапечныя аддзялення разам з загадчыцай Аленай ДУБОВІК; у здаровым целе – здаровы дух; Галіна ВАРАКСА дапамагае засвоіць камп’ютар.

Дар’я ЗЯНЬКОВІЧ.

Фота аўтара.
ЗА КАМФОРТ ТРЭБА ПЛАЦІЦЬ

Мы прывыклі жыць у цёплых кватэрах, карыстацца гарачай вадой, газам, сродкамі сувязі, іншымі дабротамі цывілізацыі. Але не ўсе своечасова разлічваюцца за камфорт і ўтульнасць.

Уздзенская ЖКГ папярэджвае, што ў выпадку няўплаты запазычанасці за камунальныя плацяжы (тэх-абслугоўванне, капітальны рамонт, ацяпленне, падагрэў вады, уборку смецця) да 25 чысла штомесяц да неплацельшчыкаў будуць прымяняцца прадугледжаныя заканадаўствам меры ўздзеяння. Магчыма прыпыненне прадастаўлення пэўных відаў камунальных паслуг, узнавіць якія можна будзе на платнай аснове пасля пагашэння даўжніком запазычанасці. На неплацельшчыка афармляецца выканаўчы надпіс у натарыяльнай канторы, па якім вяртанне запазычанасці (асноўны доўг, пяня, дзяржпошліна за афармленне выканаўчага надпісу) будзе ажыццяўляцца ў бяс-спрэчным парадку судовымі выканаўцамі. Калі маецца запазычанасць за жыллёва-камунальныя паслугі тэрмі-нам звыш 6 месяцаў, неплацельшчыкі высяляюцца ў адпаведнасці з рашэннем суда ў жылое памяшканне значна меншай плошчы з вяртаннем запазычанасці (асноўны доўг і пяня) і судовых расходаў (дзяржпошліна 5 % ад сумы доўга + дзяржпошліна за разгляд іскавай заявы аб высяленні).

З якога дня ўласнік ці наймальнік кватэры становіцца даўжніком і калі яму могуць адмовіць у камунальных паслугах? Напрыклад, вы атрымалі рахунак-паведамленне на аплату па-слуг за студзень 2015 года. Разлічыцца неабходна да 25 лютага ўключна, пасля гэтай даты вы будзеце лічыцца неплацельшчыкам. У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў ад 16 снежня 2005 года № 1466 арганізацыя, якая аказвае камунальныя па-слугі, мае права прыпыніць прада-стаўленне такіх паслуг грамадзяніну, які мае без уважлівых прычын запазычанасць па аплаце за два і больш разліковыя перыяды і не пагасіў гэту запазычанасць на працягу 5 дзён пасля атрымання пісьмовага папярэджання, якое дастаўляецца па пошце заказным пісьмом ці ўручаецца грама-дзяніну пад распіску. Пяня ў памеры 0,3 % ад сумы ўплаты пачынае набягаць ужо з 26 лютага. Пасля 31 сакавіка такому грамадзяніну накіруюць папярэджанне і дадуць яшчэ 5 дзён для ажыццяўлення плацяжу. Калі і пасля гэтага аплата не зроблена, ад-ключаецца вада ці электраэнергія.

Якія прычыны ўтварэння запазычанасці лічацца ўважлівымі? Калі га-спадар кватэры трапіў у бальніцу, паехаў у камандзіроўку, страціў работу, аплаціць паслугу могуць яго ро-дзічы, сябры. Каб аформіць плацяжы, не абавязкова ісці ў банк, многія ўжо разлічваюцца праз інтэрнэт. З любой сітуацыі можна знайсці выйсце.

Як вярнуць камунальныя даброты? Парадак такі. Ідзіце ў банк (ашчадкасу, на пошту), аплачваеце запазычанасць і адносіце квітанцыі ў ЖКГ. Там вам выдадуць яшчэ адну плацёжку з калькуляцыяй затрат, звязаных з узнаўленнем аказваемых паслуг. Яшчэ раз у банк, на пошту, зноў – у кантору камунгаса. Пасля гэтага паслугі вернуцца ў вашу кватэру на працягу не больш як 2 сутак. Не жадаеце такой валакіты? Аплачвайце ўсё своечасова!

Паважаныя грамадзяне! У мэтах прадухілення дадатковых расходаў і захавання займаемага вамі жылля ў вашай уласнасці прапануем пагасіць маючую запазычанасць і ў будучым своечасова разлічвацца за жыллёва-камунальныя паслугі.

Таісія РАБЦЭВІЧ,

намеснік дырэктара ЖКГ

па ідэалагічнай рабоце.

Няхай шчупак аднерасціцца

Пасля лютаўскіх марозаў усе з нецярпеннем чакаюць вясны, калі пры-грэе сонца, пабягуць ручайкі, адкрыюцца вялікія і малыя рэкі. Пасля з’яўлення талай вады пачынае інтэнсіўна рухацца, карміцца і рыхтавацца да штогадовага нерасту рыба. Першым нерасціцца шчупак. Ён рухаецца ўверх супраць цячэння па рэках і канавах у пошуках неглыбокіх прагрэтых мясцін.

Мінская абласная інспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету нагадвае, што ў адпаведнасці з правіламі вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства краіны ўстаноўлена забарона на лоўлю звычайнага шчупака з 1 сакавіка па 15 красавіка. За здабычу такой рыбы ў гэты перыяд прадугледжана адміністрацыйная (штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй сродкаў здабычы) ці крымінальная адказнасць.



Вадзім ВАРАБЕЙ.

Новыя імёны Уздзеншчыны

Адкрываем новыя імёны разам!” – пад такім дэвізам стартаваў рэспубліканскі маладзёжны вакальны конкурс “Новыя імёны Беларусі”, заснаваны Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі. У ім прымае ўдзел таленавітая моладзь пярвіч-ных прафсаюзных арганізацый нашай краіны ва ўзросце ад 16 да 31 года.

14 лютага ў Палацы культуры прайшоў раённы этап конкурсу. Дванаццаць самых таленавітых, цікавых, мэтанакіраваных маладых людзей прадставілі свае вакальныя нумары ўвазе гледачоў і членаў журы. Атмасферу дня стваралі Вольга Тарасевіч (Уз-дзенская СШ № 1 імя А. Пушкіна), Вольга Трыгубовіч (гімназія), Віктар Крышталёў (санаторная школа-інтэрнат), Таццяна Заброцкая (ЦРБ), Таццяна Сабалеўская (СШ № 2 імя К. Крапівы), Алег Туміловіч (ЖКГ), Караліна Прыёмка (раённы Дом культуры), Ірына Кавальчук (ЦРБ), Вольга Тоўстая (райспажыўтаварыства), Антаніна Каханая (раённы Дом культуры), Міхаіл Яловік (участак “Дар- СлаўАгра” філіяла “Агракомплекс “Белая Русь”), Аляксандр Бадун (ліцэй).

Са сцэны гучалі кампазіцыі не толькі пад “мінусоўку”, але і пад акампанімент гітары, баяна і нават без мікрафона. Выступленне канкурсантаў суправаджалася апладысментамі, некаторых віталі стоячы, не раз чулася з залы захопленае “Ваў!”. Аднак гэта былі эмоцыі гледачоў. Прафесійную адзнаку выступаючым давала журы, у склад якога ўвайшлі Алена Малашэвіч, Людміла Казей, Аксана Салавей, Марына Бурая, Анатолій Фалько і Наталля Кананенка. Пасля абмеркавання былі выбраны тры найбольш яркія, запамінальныя выканаўцы: Вольга Трыгубовіч, Караліна Прыёмка і Вольга Тоўстая. Яны і будуць прадстаўляць наш раён на абласным этапе конкурсу.

Святлана АСТРАВУХ.

Правілы трэба ведаць

12 лютага ў раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі адбылася 10-я раённая алімпіяда па правілах дарожнага руху, арганізаваная ад-дзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і АДАІ РАУС. Вучні 5- 7-х класаў змагаліся за перамогу і права ўдзельнічаць у абласной алімпіядзе па ПДР. Адкрылі спаборніцтвы старшы інспектар ДПС Аляксандр Мацейка і старшы дзяржаўта-інспектар Андрэй Абозны. Правя-дзенне такіх мерапрыемстваў задумана нездарма: штодня на дарогах учыняецца вялікая колькасць ДТЗ, у якіх, здараецца, пакутуюць і нават гінуць дзеці. Часцяком гэта адбываецца з-за няведання ці парушэння правілаў дарожнага руху, адсутнасці ў пешаходаў у цёмны час сутак святлоадбівальных элементаў. Пачынаць выхаваўчую работу трэба з малых гадоў, каб дзеці выраслі, ведаючы і паважаючы правілы дарожнага руху.

Свае веды хлопцы і дзяўчаты маглі праявіць на алімпіядзе ў двух этапах. Спачатку юныя знаўцы дарожных правілаў на працягу 10 хвілін павінны былі адказаць на 10 пытанняў білета. На другім этапе каманды павінны былі знайсці парушальнікаў дарожнага руху і адказаць на пытанні. Для алімпіяды былі ада-браны складаныя пытанні, так што задачы, пастаўленыя перад яе ўдзель-нікамі, былі няпростымі.

Пераможцы раённай алімпіяды атрымалі дыпломы ад аддзела адукацыі, падарункі ад дзяржаўтаінспекцыі. Каманда-пераможца з гімназіі прыме ўдзел у абласной алімпіядзе па правілах дарожнага руху.

НА ЗДЫМКУ: юныя знаўцы правілаў дарожнага руху з А. МАЦЕЙКАМ, А. ШЫМАНСКАЙ, В. КАЗАК і А. АБОЗНЫМ.

1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка