Свята на ўзнагароды багата




старонка1/3
Дата канвертавання17.03.2016
Памер412.83 Kb.
  1   2   3
28

свята на ўзнагароды багата

Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь за дасягненне высокіх паказчыкаў у рэспубліканскім спаборніцтве ў вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ўзнагароджаны СГК ЗАТ “Вітэкс” (дырэктар У. Зуеў), які заняў трэцяе месца сярод арганізацый па вытворчасці малака. Ганаровымі граматамі абласнога выканаўчага камітэта ўзнагароджаны дырэктар ААТ “Уздзенскі райаграсэрвіс” Аляксандр Біч і ва-дзіцель гэтай гаспадаркі Алег Хворастаў, настаўніца біялогіі з Дзе-шчанскага сада-сярэдняй школы Наталля Надтока, акушэрка раённай бальніцы Таісія Ярмолік. Падзякі старшыні аблвыканкама атрымалі трактарыст-машыніст эксперыментальнай базы імя Катоўскага Дзмітрый Якавенка, аператар “агракомплекса “Белая Русь” Ніна Агапава, вадзіцель “Наднёмана” Анатолій казак, маёр міліцыі Міхаіл Давыдоўскі, намеснік начальніка аддзела прамысловасці райспажыўтаварыства Святлана Стрыгельская. Грашовымі прэміямі заахвочаны галоўны заатэхнік ААТ “Асілак” Надзея Бушыла, аператар машыннага даення з “Новага жыцця” Кацярына Гасціла, аператар па штучным асемяненні жывёлы “Райаграсэрвісу” Ніна Лятун.

Перш чым прадоўжыць ганаровую місію ўзнагароджвання лепшых калектываў, працаўнікоў раёна, старшыня райвыканкама В. Пахольчык шчыра падзякаваў людзям працы, па выніках якой наш раён заняў 6-е месца ў вобласці ў рэйтынгу па эфектыўнасці вытворчай дзейнасці і 4-е па росту вытворчасці валавой прадукцыі. На раённую Дошку гонару занесены і ўзнагароджаны ганаровымі пераходнымі сцягамі ААТ “Уздзенскі райаграсэрвіс” (дырэктар Аляксандр Біч), ААТ “Марк Фармэль” (дырэктар Андрэй Серыкаў), вучэбна-педагагічны комплекс “Дзешчанскі дзіцячы сад-сярэдняя школа” (дырэктар Рамуальда Нямчонак), Слабадскі сельскі выканаўчы камітэт (старшыня Таццяна Пракацень).

За лепшыя паказчыкі ў жывёлагадоўлі Ганаровай граматай райвыканкама ўзнагароджаны СГК ЗАТ “Вітэкс” (дырэктар У. Зуеў), у паляводстве – ЗАТ “ААБ Агра-Кухцічы” (дырэктар В. Царук), за лепшую арганізацыю работы па ахове працы –лясгас (дырэктар А. Буры).

Заслужанае ўшанаванне атрымалі перадавікі вытворчасці, якія занесены на раённую Дошку гонару. За шматгадовую добрасумленную працу ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта ўручаны станоч-ніку лясгаса Уладзіміру Вішнеўскаму, аператару з “Агракомплекса “Белая русь” Ларысе Папельскай, трактарысту-машыністу з “Наднёмана” Леаніду Усу. Дарэчы, Леанід Пятровіч у гэты дзень прымаў віншаванні і са сваім 50-гадовым юбілеем.

Дзясяткі перадавікоў розных сфер дзейнасці атрымалі ў той святочны дзень падзякі райвыканкама і падзячныя пісьмы старшыні райвыканкама, прафсаюзныя ўзнагароды. Адметнай асаблівасцю дастойнага ўшанавання сёлета было і тое, што ў кагорце пераможцаў разам са сталымі людзьмі, хлебаробамі і рабочымі былі і школьнікі. За поспехі ў вучобе і спартыўныя дасягненні падзячныя пісьмы старшыні райвыканкама атрымалі Лізавета Быліна з СШ №1, Яўгеній Вішнеўскі і Мікалай Паўлоўскі з гімназіі, Кацярына Гарбацэвіч з СШ № 2, Аня савеня, Мікіта Валюк і Ілья Лойка з Дзешчанскага сада-школы, Таццяна Чуйко з Нёманскай СШ.

Так, памятным быў 2014 год, ён падарыў шмат перамог і дасягненняў. Яркай старонкай быў упісаны ў гэты летапіс і абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі”. Аб гэтым незабыўным мерапрыемстве нагадалі прысутным кадры на сцэнічным экране. Святочны настрой прадоўжылі майстры сцэны — хор і педагогі дзіцячай школы мастацтваў, танцавальныя калектывы “Вясёлка” і ”Уздзяначка”, салісты Людміла Казей, Марына Бурая, Дзмітрый Буднік, Караліна Прыёмка, Аляксандр каханы, Наталля Кізіно, Вольга Тоўстая, група “Алмазны бераг”, ансамбль інструментальнай музыкі, “Зборная субота”.

Ёсць нам чым ганарыцца, чым жыць, што ўслаўляць словам і песняй. Паклон вам, людзі працы! Няхай жыццё ваша будзе, як песня – шчырая, звонкая, раздольная пад мірным небам роднай Айчыны.

Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ.

Фота святланы АСТРАВУХ.

Зарплата павялічыцца ў два этапы

Тарыфная стаўка першага разраду павышаецца ў Беларусі ўжо ў лютым, а потым і ў сакавіку. Аб гэтым гаворыцца ў пастанове Савета Міністраў № 109 ад 18 лютага 2015 года.

Цяпер для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, якія атрымліваюць субсідыі і работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый, тарыфная стаўка першага разраду вызначана з 1 лютага ў памеры 277 тысяч рублёў. А з 1 сакавіка яна павялічваецца да 292 тысяч рублёў. У выніку за два этапы тарыфная стаўка першага разраду падрасце прыкладна на 6%.

Адначасова павялічацца памеры дзяржаўных стыпендый навучэнцам, даплат маладым спецыялістам, за вучоныя ступені, а таксама іншых вы-плат, якія залежаць ад памеру тарыфнай стаўкі першага разраду.

Ветэраны

Чалавек шчырай душы

Сяргея Севанавіча Аўсяпяна добра ведаюць на вуліцы Мала-дзёжнай, дзе жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны, і многія жыхары нашага райцэнтра. Гэта незвычайна шчыры і добразычлівы чалавек.

Больш як дваццаць гадоў таму ўздзенская зямля стала для Сяргея Севанавіча другой Бацькаўшчынай. Сюды ён пераехаў з далёкай Арменіі. Шмат выпрабаванняў выпала на лёс гэтага чалавека. Пакінула след на ўсё жыццё вайна. Амаль тры гады службы ў артылерыйскай брыгадзе на рахунку старшага сяржанта Аўсяпяна. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ён быў камандзірам агнявога ўзвода зенітна-артылерыйскага палка. Сярод узнагарод – медалі “За абарону Каўказа”, “За перамогу над Герма-ніяй” і нагрудны знак “Ветэран вайны”.

У яго працоўнай кніжцы значыцца толькі адно прадпрыемства – завод ордэна Леніна імя Шмідта ў горадзе Баку. Пачынаў звычайным рабочым у пракатным цэху, пасля быў штампоўшчыкам, наладчыкам ковачных машын, кавальскага-прэсавага абсталявання, майстрам цэха. Яго выбіралі вызваленым сакратаром партыйнай арганізацыі механазборачнага цэха.

Магчыма, па-іншаму склаўся б лёс ветэрана, але свае карэктывы ўнёс 1990 год. Пасля трагічных ваенных дзеянняў на тэрыторыі Арменіі Сяргей Аўсяпян з сям’ёй пераязджае ва Узду. Добра памятаюць жыхары горада, ды і бліжэйшых вёсак, як сумленна працаваў Сяргей Севанавіч са сваім зяцем у КБА, як якасна рамантаваў абутак: рабіў прафілактыку, мяняў набойкі ў ботах, туфлях ці басаножках.

Ужо тут, на Уздзеншчыне, памерла яго жонка. Дзеці перабраліся ў Маскву. Нягледзячы на адлегласць, сын і дачка па некалькі разоў на месяц наведваюць роднага чалавека. Неаднаразова прапаноўвалі забраць яго да сябе, але Сяргея Севанавіча на сталічнае жыццё хапала не надоўга. Яму надакучвала ся-дзець у кватэры, ды і на вуліцу выйдзеш – толькі незнаёмыя твары. Побач няма сяброў. А ва Уздзе іх у ветэрана многа. З аднымі пагутарыць па тэлефоне, з другімі – су-стрэнецца на вуліцы. А яшчэ Сяргей Севанавіч з’яўляецца ганаровым госцем на мерапрыемствах, якія ладзяцца ў бібліятэцы, аддзяленнях для маладых інвалідаў і пажылых людзей.

Дзверы яго дома заўсёды адчынены для добрых людзей. У гэтым пераканалася, калі 16 лютага разам са старшынёй раённага Савета ветэранаў вайны і працы Таццянай Лычкоўскай, сябрамі ветэрана Анатоліем Якуценкам і Уладзімірам Парабковічам завітала да яго ў госці, каб павіншаваць з 90-гадовым юбілеем, пажадаць каўказскага здароўя і даўгалецця. Радасць сустрэчы з юбілярам па-дзялілі і яго дзеці.



НА ЗДЫМКУ: Сяргей Севанавіч АЎСЯПЯН з дачкой Асяй, сынам Аляксандрам і ўнукам Міхаілам.

Вера ЛУКАШЭВІЧ.

Фота аўтара.

Актуальныя пытанні

Нарада ідэалагічнага актыву раёна папярэднічала адзінаму дню інфармавання. Размову з ідэолагамі вялі намеснік старшыні райвыканкама А. Зінавенка і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі А. Спірына.

Дакладчыкі даступна і цікава агучылі інфармацыйны матэрыял, выказалі сваю думку. Асабліва гэта тычылася выступлення дырэктара ЦБП № 625 “Беларусбанка” Таццяны Дубовік, якая расказала аб праблемах і перспектывах развіцця грашова-крэдытнай палітыкі Рэспублікі Беларусь.

Урадам і Нацыянальным банкам вызначаны параметры крэдытавання дзяржаўных праграм і мерапрыемстваў, зыходзячы з наяўнасці рэальных крыніц фінансавання. Працэнтная палітыка ў 2015 годзе будзе насіць антыінфляцыйную накіраванасць, будзе забяспечвацца перавышэнне даходнасці зберажэнняў у беларускіх рублях над валютнымі зберажэннямі. Зняты ўсе абмежаванні па пакупцы валюты, атрыманні крэдытаў. На ранейшых умовах выдаюцца крэдыты на рамонт і рэканструкцыю жылля, навучанне. А вось крэдытаванне на будаўніцтва жылля значна зменшана, ільгота застаецца толькі для мнагадзетных сем’яў.

Аб супрацьдзеянні злачыннасці і карупцыі ў вобласці і раёне расказала памочнік пракурора Надзея Цімашэнка. Вопытам ідэалагічнай работы ў сваім калектыве падзялілася намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Уздзенскай СШ № 2 імя К. Крапівы Алеся Міхед.



Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ.

Гаварылі пра надзённае…

Члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы на чале з намеснікам старшыні райвыканкама А. Зінавенка сустрэліся з калектывам дзіцячай школы мастацтваў.

Кіраўнік групы спынілася на пытаннях грашова-крэдытнай палітыкі ў краіне. Працэнтныя стаўкі высокія, і таму перад тым, як узяць у банку крэдыт, трэба падумаць, ці патрэбен ён, узважыўшы ўсе “за” і “супраць”. Сабраць і аформіць дакументы, здаецца, не так і складана, а вось як пасля плаціць – для многіх ужо праблема.

Значна аблегчыла наша жыццё наяўнасць банкаўскіх пластыкавых картак: аплата па безнаяўным разліку ў інфакіёсках і тэрміналах дазваляе сэканоміць час, не стаяць у чарзе.

Пасля размова пайшла пра карупцыю і барацьбу з ёю. Па гэтай тэме пэўныя рэкамендацыі даў начальнік штаба РАУС Міхаіл Давыдоўскі.

Не пакінулі без увагі праблему п’янства, наркотыкаў. На ўліку ва ўрача-нарколага стаіць 40 непаўналетніх. Двое прыцягнуты да адказнасці за наркотыкі. На дыскатэках можна сустрэць п’яных падлеткаў. Напрошваецца пытанне – куды гля-дзяць бацькі? Любую праблему можна вырашыць, калі дзейнічаць пра-вільна, аператыўна. У залах дыскатэк і на ўваходзе ўстаноўлены відэакамеры. Некалькі нядобрасумленных работнікаў, якія прапусцілі лю-дзей пад хмяльком на танцы, пакараны штрафамі.

Аднак завяршылася сустрэча на пазітыўнай ноце. Станоўчую ацэнку кіраўнік групы дала дзейнасці школы мастацтваў, адзначыўшы высокі прафесіяналізм і майстэрства педагогаў у развіцці творчых здольнасцей дзяцей.

– Нам прыемна бачыць вашых выхаванцаў на сцэне Палаца культуры, дзе яны дараць гледачам шчырыя ўсмешкі, заварожваюць рытмічнымі рухамі і зачароўваюць сілай голасу, – адзначыла Ала Зінавенка.

Вера ЛУКАШЭВІЧ.

У СПРЭЧКАХ НАРАДЖАЕЦЦА ІСЦІНА

Работнікаў швейнага цэха камбіната бытавога абслугоўвання для правядзення адзінага дня інфармавання насельніцтва не сталі запрашаць у асобны пакой – члены інфармацыйна-прапагандысцкай групы райвыканкама зайшлі да іх на рабочае месца. Некаторыя з жанчын, седзячы за швейнымі машынкамі, спачатку спрабавалі сумясціць карыснае з прыемным: адначасова і слухаць, і працягваць выконваць няхітрыя аперацыі. Ды не атрымліваецца так – і тут, і там па-трэбна канцэнтрацыя ўвагі. Будзеш няўважліва слухаць – нічога не зразумееш, пачнеш працаваць і думаць пра іншае – дапусціш брак. Таму неўзабаве ўсе засяродзілі ўвагу на выступленні спецыяліста.

А ў ролі эксперта даходліва пра сучасную крэдытна-грашовую палітыку дзяржавы расказвала намеснік дырэктара Уздзенскага цэнтра банкаўскіх паслуг Беларусбанка Ірына Пякарская. Не стала яна доўга зачытваць апошнія нарматыўныя заканадаўчыя акты, а пачала размову з работ-нікамі быткамбіната з актуальнага пытання: як лепш захоўваць асабістыя зберажэнні – у беларускіх рублях ці замежнай валюце.

—У нас такія заробкі, што лішкаў тых асабліва няма, — выказала сваю думку адна з жанчын. – Тут думаеш не пра тое, якія працэнты ад уклада атрымаць, а як да чарговай палучкі дажыць.

Ды не ўсе былі так песімістычна настроены. Адна з супрацоўніц, маючы эканамічную адукацыю, уступі-ла з банкаўскім работнікам у дыскусію. Пачалі скрупулёзна падлічваць, якую выгаду жанчына мела б, калі б свае ўмоўныя сто мільёнаў рублёў паклала на год у банк на рублёвы ўклад ці ў “зялёнай” валюце. І. Пякарская даказала прысутным: дзеля ўмацавання курсу беларускага рубля, стабілізацыі айчыннай эканомікі трэба ўсё ж аддаваць перавагу нацыянальнай валюце. І рызыкі страціць свае зберажэнні ў такім выпадку менш. Не выпадкова ў апошні час на дзяржаўным узроўні прад-прынята нямала канкрэтных крокаў па дэларызацыі эканамічных, гандлёвых разлікаў. Беларускі рубель усё больш упэўнена займае месца долара на аўтазаправачных станцыях, у санаторна-курортных установах, аб’-ектах прыдарожнага сэрвісу, пунктах мытнага пропуску і г.д.

Банкі зноў пачалі выдаваць крэдыты – на спажывецкія патрэбы, атрыманне першай вышэйшай адукацыі, тэрміновай медыцынскай дапамогі, набыццё аўтамабіля, устаноўку помніка… Працэнты немалыя, калі ўлічыць не вельмі высокія заробкі тых жа бытавікоў. Але гэта ў некалькі разоў менш, чым у большасці камерцыйных банкаў, дзе грошы атрымаць лягчэй і хутчэй, а пасля плакаць даводзіцца, калі прыходзіць час вяртання – да 2 % у дзень ад узятай сумы набягае…

— Я хачу выказаць удзячнасць адміністрацыі і ўсяму персаналу райбальніцы, — адзначыла жанчына, калі пачалі задаваць пытанні членам інфармацыйна-прапагандысцкай групы. — За час, калі я ляжала там мінулы раз (гады тры таму) і цяпер адбыліся вялікія перамены. І культура абслугоўвання палепшылася, і харчаванне…

— А чэргі як былі, так і застаюцца, — не пагадзілася з ёй калега. — Талон да тэрапеўта па папярэдняй тэлефоннай заяўцы ўзяць праблематычна, шмат часу даводзіцца траціць у чарзе для таго, каб атрымаць лякарства па рэцэпце.

— Магчыма, сітуацыя на мінулым тыдні ўскладнілася ў сувязі з ростам рэспіраторных захворванняў, — патлумачыў намеснік галоўнага ўрача райбальніцы Сяргей Пацяйковіч. — А яшчэ пэўны час многія ўрачы былі задзейнічаны ў рабоце прызыўной камісіі ў райваенкамаце.

Начальнік райаддзела ўнутраных спраў Андрэй Бярозка даў кансультацыю наконт таго, як работнікі праваахоўных органаў могуць адрэагаваць на сігнал аб вырабе і збыце самагону. Для таго, каб прыцягнуць чалавека да адказнасці, цяпер няма неабходнасці з дапамогай сведкаў фіксаваць факт продажу самаробнай атруты. Але ў кожным канкрэтным выпадку падыход можа быць розны: адна справа, калі пенсіянерка вырабіла некалькі літраў для ўласнай патрэбы (каб разлічыцца за прывезеныя дровы, выкапаную родзічамі бульбу), і зусім іншая, калі цэлы бровар працуе, гаспадар гандлюе сівухай днём і ноччу…

Віктар САБАЛЕЎСКІ.

Каб не гулялі сабакі па Тычынках

З матэрыялам адзінага дня інфармавання работнікаў “Райаграсэрвісу”, якія 19 лютага сабраліся ў актавай зале адміністрацыйнага будынка, пазнаёміў намеснік кіраўніка прапагандысцкай групы, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач А. Унуковіч. Карыстаючыся магчымасцю такой су-стрэчы з кіраўніком санітарнай службы раёна, прысутныя прасілі садзейнічання ў навядзенні парадку з бадзяжнымі сабакамі, якія зграямі бегаюць па вуліцах вёсак Тычынкі, Прысынак, збіраюцца каля кантэйнераў са смеццем.

А. Унуковіч праінфармаваў аб выніках аналізу пітной вады, якая паступала са свідравіны вуліцы Юбілейнай і мела непрыемны пах. Цяпер работа гэтай свідравіны часова прыпынена, а водазабеспячэнне вядзецца з цэнтральнага водазабору. Была засяроджана ўвага і на навядзенні парадку на вуліцах, уласных падворках.



Наш кар.

Навіны ад БелТА

Ільгот


будзе менш

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным пакінуць падатковыя ільготы толькі для прыярытэтных відаў дзейнасці.

“Цяпер няма магчымасці прадастаўляць падатковыя ільготы ў ранейшым аб’ёме. Мы павінны зыходзіць з прынцыпу, калі ўсе суб’екты гаспадарання працуюць у аднолькавых умовах. Выключэнне могуць складаць толькі прыярытэтныя віды дзейнасці, якія ўяўляюць цікавасць для дзяржавы з пункту гледжання стварэння ўмоў для эфектыўнага развіцця і, вядома ж, атрымання аддачы”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Цяпер у краіне дзейнічае амаль 250 падатковых ільгот. Бюджэт толькі ў 2013 годзе недабраў з-за гэтага каля мільярда долараў ЗША.
Лепш прадаць

за паўцаны,

чым выкінуць

Прадпрыемствам харчовага гандлю неабходна істотна зніжаць цэны на тавары з тэрмінам годнасці, які набліжаецца да заканчэння. Такую рэкамендацыю даў міністр гандлю Валянцін Чаканаў на падагульняючай калегіі ведамства.

Гандлёвыя аб’екты не павінны чакаць апошняга дня тэрміну годнасці тавараў, а за некалькі дзён пачынаць уцэньваць. У прыклад міністр прывёў гандлёвыя аб’екты ў Заходняй Еўропе, на паліцах якіх часта можна сустрэць аднолькавы тавар з цэнамі, якія кардынальна адрозніваюцца. “Прыходжу ў магазін у Італіі. На паліцы ляжыць сыр, тэрмін годнасці якога заставаўся суткі, яны яго прадавалі ў два разы танней, чым такі ж самы, у якога тэрмін годнасці яшчэ 10 дзён. Падыходзяць людзі, хапаюць, чарга выстраілася”, — сказаў Валянцін Чаканаў.

“Зніжаючы цану, можна страціць палавіну кошту, але ў выпадку закрыцця магазіна можна страціць прадпрыемства, людзей, зарплату і ўсё астатняе”, — падкрэсліў міністр.
Платных дарог пабольшае

Сетка платных дарог у Беларусі павялічыцца да 2020 года да 2 тысяч км. Аб гэтым паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення аўтамабільных дарог Міністэрства транспарту і камунікацый Яўген Ракала.

У тым ліку ў 2015 годзе сетка платных дарог, аб’яднаных сістэмай BelToll, будзе павялічана больш як на 300 км. Электронная сістэма пачне дзейнічаць на ўведзеным пасля рэканструкцыі ўчастку трасы М5 Жлобін — Гомель, участках з чатырохпалосным рухам трасы Р23 Мінск — Мікашэвічы, дарогі Р21 Віцебск — граніца Расіі. Цяпер працягласць платных аўтамагістралей у Беларусі складае 1.189 км.

За 2015-2019 гады ў Беларусі плануецца рэканструяваць і ўзвесці каля 1.158 км рэспубліканскіх аўтадарог і больш як 2.210 пагонных метраў мастоў і пуцеправодаў. Да 2020 года намечана правесці капітальны рамонт 1,6 тысячы км і бягучы рамонт 7,2 тысячы км рэспубліканскіх дарог.

Такім чынам, да 2020 года працягласць рэспубліканскіх аўтамабільных дарог у добрым стане павялічыцца ў параўнанні з 2014 годам на 4.972 км і скла-дзе амаль 60 % ад іх агульнай працягласці.



СПАБОРНІЦТВА ВЫЯВІЦЬ НАЙБОЛЬШ РУПЛІВЫХ

Рашэннем № 185 ад 13 лютага 2015 года зацверджана інструкцыя аб правядзенні раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на веснавой сяўбе.

У спаборніцтве ўдзельнічаюць і могуць быць прызнаны пераможцамі сельгаспрадпрыемствы ці іх філіялы, якія забяспечаць выкананне плана сяўбы па ўсіх культурах ва ўстаноўленыя тэрміны і на высокім агратэхнічным узроўні, а таксама трактарысты-машыністы, занятыя на пагрузцы і ўнясенні арганікі, унясенні мінеральных удабрэнняў, асноўнай і перадпасяўной апрацоўцы глебы, сяўбе яравых збожжавых, кукурузы, цукровых буракоў, пасадцы бульбы, хімпраполцы культур і забяспечаць найвышэйшую выпрацоўку на агрэгат пры высокай якасці работ, захаванні тэхналогіі і тэхнікі бяспекі, выкананні задання і не дапусцяць перарасходу гаруча-змазачных матэрыялаў.

Пераможцамі будуць прызнаны і ўзнагаро-джаны:

сярод сельгаспрадпрыемстваў – за першыя тры месцы граматай і прэміямі ў 20, 15 і 12 базавых велічынь адпаведна, у тым ліку кіраўнікам адпаведна па 6, 5 і 4 базавыя велічыні;

сярод трактарыстаў-машыністаў устанаўліваецца 10 прызавых месцаў з уручэннем прэмій за І месца 4 базавыя велічыні, за ІІ – 3, за ІІІ – 2;

сярод трактарыстаў- машыністаў, занятых на пагрузцы і ўнясенні ўдабрэнняў, угнаенняў, апрацоўцы глебы, сяўбе і хімпраполцы культур, устанаўліваюцца па 3 прызавыя месцы па кожнаму віду работ, а для маладых хлебаробаў (да 31 года) – па 1 прызавому месцу;

сярод трактарыстаў, занятых на сяўбе цукровых буракоў, пасадцы бульбы,— па 1 месцу сярод старэйшых і маладых.

Па 10 базавых велічынь будуць прэміраваны кіраўнікі, спецыялісты і работнікі сельскагаспадарчых і абслугоўваючых арганізацый, прамысловых прадпрыемстваў і іншых арганізацый, якія прымуць актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні сяўбы.

Не вылучаюцца на ўзнагароджванне сельгаспрадпрыемствы, у якіх меліся выпадкі траўматызму са смяротным зыходам, а таксама трактарысты, якія дапусцілі парушэнні працоўнай дысцыпліны і тэхнікі бяспекі.

Прафсаюзнае жыццё

У здаровым целе – здаровы дух



Гэту народную мудрасць яскрава могуць па-цвердзіць у калектыве раённай бальніцы. Акрамя таго, што лекары аблягчаюць фізічны боль сваіх пацыентаў, стараюцца падтрымаць іх маральна, яны і самі камандай выязджаюць на прыроду, арганізоўваюць спартыўныя спаборніцтвы, наведваюць спартыўныя залы, басейн. Магчымасць жа заняцца сабой знойдзецца заўсёды, было б жаданне.

— Лёгкімі на пад’ём медыкі былі заўсёды, — расказвае старшыня прафсаюзнага камітэта Кацярына Булка. — Стаўку робім на моладзь, якая штогод папаўняе наш калектыў. І першае такое нефармальнае знаёмства адбываецца на асенняй спартакіядзе. Вось і мінулай восенню ва ўрочышчы “Вішнякі” сустракаліся каманды маладых спецыялістаў і работнікаў са стажам. Адпачынак атрымаўся цудоўным. Заразіўшыся такім спартыўным духам, мы і ў студзені пагулялі ў пейнтбол, сабраўшыся ў ваколіцах пасёлка Глінішчы. Таксама, думаю, ніхто не пашкадаваў. Дарэчы, мы прапанавалі райкаму БРСМ праводзіць такія мерапрыемствы паміж камандамі розных арганізацый раёна. Моладзі патрэбны новыя знаёмствы, добры адпачынак, адрэналін, тады і настрой на працу іншы. Тым больш, што маладым людзям тут жыць і працаваць, ствараць свае сем’і. Думаю, што кожнаму кіраўніку хацелася б, каб добрыя спецыялісты ў калектыве затрымаліся.

А ці шмат моладзі прыходзіць у калектыў медыкаў?

— Так. У 2013 годзе мы прынялі 17 маладых калег, летась – 15.

Акрамя культурнай праграмы для маладых спецыялістаў важным з’яўляецца наяўнасць жылля і дастойная зарплата. Як тут абстаяць справы?

— Усе медыцынскія работнікі, якія прыбылі на працу ў ЦРБ і не маюць свайго жылля, забяспечаны інтэрнатам, адзін урач пражывае ў арэндным жыллі. Прыемна і тое, што амаль трэцяя частка нашых маладых калег з’яўляюцца ўраджэнцамі нашага раёна, прыязджаюць у свае родныя мясціны, толькі ўжо ў новым амплуа. Усе маладыя спецыялісты маюць даплаты па кантракту 50 % і столькі ж даплаты за складаную працу. Матэрыяльная зацікаўленасць ёсць.

Ёсць, напэўна, і свая пярвічная арганізацыя БРСМ?

— Бясспрэчна. Лідарам яе з’яўляецца ініцыятыўны спецыяліст Павел Кавальчук. Распрацаваны сумесны план работы маладзёжнай пярвічкі і прафсаюзнага камі-тэта. Прадугледжаны ў ім спартыўныя спаборніцтвы, культурна-забаўляльная праграма, прысвячэнне ў прафесію, правядзенне розных акцый і удзел у мерапрыемствах, накіраваных на здаровы лад жыцця.



Святлана МІХАЙЛОЎСКАЯ.

На здымках: у зале боўлінгу Наталля ГЕЙ і Кацярына БУЛКА; медыкі на асенняй спартакіядзе.

Увага: прамыя лініі!

3 сакавіка з 10.00 да 11.00 гадзін па тэл. 65-8-37 на пытанні “прамой лініі” па праблемах аказання наркалагічнай дапамогі насельніцтву раёна адкажа ўрач-псіхіятр-нарколаг Аляксандр Расціслававіч ПАЎЛОВІЧ.

5 сакавіка з 10.00 да 11.00 па тэл. 51-9-75 па тэме аказання хірургічнай медыцынскай дапамогі насельніцтву раёна адкажа загадчык хірургічнага аддзялення райбальніцы Яўгеній Валер’евіч СЕРАФІМАЎ.

Абарваны провад лепш

не чапаць

Электрычная энергія з’яўляецца самым зручным для карыстання ў быце і на вытворчасці відам энергіі. Але яна можа прынесці і непапраўную шкоду здароўю, калі не выконваць меры асабістай бяспекі.

Выпадкі электратраўматызму адбываюцца часцей з-за недастатковай дасведчанасці бытавых спажыўцоў электрычнай энергіі аб небяспецы ўздзеяння электрычнага току і няўважлівасці самога чалавека. Невыкананне элементарных патрабаванняў электрабяспекі ў быце прыводзіць да сумных наступстваў.

Уздзенская раённая інспекцыя “Энерганагляд” папярэджвае: катэгарычна забараняецца залазіць на апоры паветраных ліній электраперадач, гуляць паблізу ліній, запускаць папяровых змеяў, пранікаць за агаро-джы і ў памяшканні трансфарматарных падстанцый і электрашчытавых, на тэрыторыю нядзеючых і пустых аб’ектаў, дзе могуць знаходзіцца электраўстаноўкі пад напружаннем. Нельга накідваць на правады розныя прадметы, набліжацца да абарваных правадоў менш чым за 10 метраў.

Калі вы сталі сведкай здарэння, неабходна тэрмінова паведаміць дзяжурнаму дыспетчару раёна электрычных сетак па тэлефоне 65-0-74 або ў аддзел МНС. Ні ў якім разе нельга самастойна рамантаваць электраправодку і бытавыя электрапрыборы, карыстацца самаробнымі пераноснымі і электранагравальнымі электрычнымі прыборамі.

Выкананне правілаў электрабяспекі ў быце забяспечыць вам бяспеку і жыццё.


  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка