Свой нерв супраць “тэатра off”




Дата канвертавання27.03.2016
Памер58.06 Kb.

Свой нерв супраць “тэатра off”


Паўгадзіны з Кшыштафам Занусі
22 верасня на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага адбылася прэм'ера спектакля "Дзева і Смерць" у пастаноўцы рэжысёра Кшыштафа Занусі. Сказаць, што сталічныя тэатралы чакалі гэтай падзеі, значыць не сказаць нічога: імя знакамітага польскага кінематаграфіста, добра вядомае і беларускім прыхільнікам экраннага мастацтва, выклікала непадробны інтарэс да таго, што ж гэты творца прапануе на тэатральных падмостках. У час наведвання Беларусі рэжысёрам з ім сустрэўся міністр культуры нашай краіны Павел Латушка. Падчас сустрэчы, сярод іншага, ішла гаворка пра шляхі актывізацыі беларуска-польскіх культурных сувязей, у тым ліку і ў галіне кінематографа... А калі адна з апошніх рэпетыцый спектакля "Дзева і Смерць" скончылася, акцёры скіраваліся ў грымёркі, агні сафітаў згаслі, рэжысёр яшчэ працягваў задуменна ўглядацца ў прастору сцэны. Але праз імгненне Кшыштаф Занусі стаў самой увагай у час эксклюзіўнай гутаркі з карэспандэнтам "Культуры".

 - Для маладых рэжысёраў пярэдадзень спектакля - час хваляванняў. А ці захавалі вы тое адчуванне, што творчасць - гэта заўсёды рызыка?

- Натуральна, а як жа іначай! Страх - гэта як боль, гэта нармальная ўласцівасць жывога арганізма. Таму я баюся пазбыцца страху. Без страху небяспечна жыць, паколькі гэта наша абарона.



- Праца над спектаклем завершана. Ці адчуваеце вы цяпер задавальненне?

- Я не адчуваю яго ніколі, бо ніколі вынік не адпавядае ідэалу. Але калі казаць непасрэдна пра гэтую пастаноўку... Так, я вельмі цешуся, што спектакль у нас складваецца, што сёння ў ігры акцёраў урэшце з'явіліся тыя адценні, якіх я вельмі чакаў.



- А што наконт пачуцця здзіўлення? Здаецца, вы пабачылі ўжо столькі, што ўразіць вас бадай немагчыма...

- На шчасце, гэта не так. Здзіўленне - гэта яшчэ адзін доказ таго, што вочы ў мяне расплюшчаныя. Толькі што вярнуўся з Кітая. Вандроўкі туды - гэта сапраўдны эмацыйны шок для прадстаўніка еўраатлантычнай цывілізацыі. Тое, што адбываецца там апошнія 10- 15 гадоў, - гэта каласальны ўздым. Прызнаюся, Шанхай болей уражвае, чым Нью-Ёрк.



- Вы маеце на ўвазе развіццё эканамічнае або культурнае?

 - Усебаковае. Ёсць мовы, дзе гэтыя паняцці наогул не размежаваныя. Мне падаецца, што такое развіццё адбываецца паралельна, і дысананс у тэмпах можа быць толькі часовым. Чалавек, што жыве быццам звер, які павінен з ранку да ночы змагацца за сваё выжыванне, наўрад ці будзе думаць пра ўзвышанае.

- Я ведаю, што вы вельмі любіце сабак...

- І гэтая любоў узаемная, што вельмі важна. Так у жыцці здараецца не заўсёды. Прыкладам, мая любоў да фізікі, якая захавалася і пагэтуль, на жаль, аднабаковая. Фізіка ніколі не праяўляла да мяне "цёплых пачуццяў", і таму я яе пакінуў.



- Адным з дасягненняў духоўнай сферы жыцця чалавека ў апошнія пару стагоддзяў лічыцца секулярызацыя.

 - Я гатовы прызнаць як дасягненне. З нашага жыцця сыходзіць павярхоўная, фальшывая, бадай што язычніцкая рэлігійнасць, а яе месца займае куды больш глыбокая вера, якая заўсёды існавала і будзе існаваць. Таму секулярызацыя - гэта працэс, які тычыўся павярхоўных з'яў, глыбокае духоўнае жыццё ён не закрануў. Яно квітнее ва ўсім свеце, я бачу яго праявы ва ўсіх культурах - у тым ліку, і ў еўрапейскай.

- Апошнім часам вельмі часта паўстаюць канфлікты паміж рэлігіяй і мастацтвам, якія нярэдка свядома правакуюць самі мастакі...

 - Гэта вельмі павярхоўныя падыходы. А тое, што мастацтва мае свае праблемы ў сутыкненні з пустэчай - вось куды больш глыбокая праблема. Творчасць тых, хто арыентуецца на скандал, мне ўвогуле нецікавая. Бога пакрыўдзіць немагчыма, і займаючыся падобным глупствам, чалавек адно толькі ганьбіць сябе.

- Складаецца ўражанне, быццам пазіцыя Касцёла адносна сучаснай культуры досыць спрэчная: адзін святар можа ў сваіх казаннях асуджаць рок-музыку, а другі і сам яе граць у хрысціянскім гурце.

- Ніводзін святар не павінен асуджаць тую або іншую з'яву культуры, бо не мае для гэтага паўнамоцтваў. Або, у крайнім выпадку, высоўваць сур'ёзныя аргументы сваёй пазіцыі, падмацаваныя адпаведнай адукацыяй. Не магу назваць сябе прыхільнікам рок-музыкі, але, без сумневу, мяне яна не палохае. Асабліва сёння, калі з'явілася куды больш небяспечная рэч - нігілізм. Раней, у часы Дастаеўскага, быў гэткі нігілізм абраных, які тычыўся толькі эліты. Сёння ж перад намі паўстае небяспека новага нігілізму, калі нават блюзнерства немагчымае, бо для чалавека няма нічога святога, калі Фаўст не знайшоў бы для свайго тавару пакупнікоў .



- Такім чынам, пытанне: да чаго ідзе сучаснае мастацтва?

 - І яно - адкрытае, выклікае сапраўдны неспакой. Ці не занадта шмат там распаду? Ці не бракуе суму аб ідэале? Зноў-такі - вечная дылема. Тая неверагодная эмансіпацыя мас, якая адбываецца ў апошнія дзесяцігоддзі ў Еўропе і Амерыцы, - гэта, лічу, вельмі станоўчы працэс. Але эліта, авангард павінны сфармавацца наноў. Тыя, якія мы мелі, ужо вычарпалі сябе. Гэты працэс асабіста для мяне нязручны, але ён неабходны і выклікае аптымізм.

 - Маўляў, за хваляй маскультуры прыйдзе новы час росквіту?..



 - Памятаю, колькі дзесяцігоддзяў таму адна мая цётка пачула пра з'яўленне "літаратуры для служанак" і вельмі здзівілася: няўжо служанкі ўжо ўмеюць чытаць? Галівудскія карціны, вобразна кажучы, накіраваны на непісьменных гледачоў, і для іх гэта ўжо вялізная культура. Гэта маленькі крок наперад. Але ім яшчэ далёка да Шэкспіра. Зрэшты, з іншага боку... Шэкспіра ў свой час глядзелі простыя людзі і глыбока разумелі. А сёння адвакаты і ўрачы глядзяць тэлесерыялы.

- На пачатку ХХ стагоддзя заснавальнік футурызму Марынэці пісаў: традыцыйны тэатр сваё ўжо аджыў, і на замену яму прапаноўваў атракцыйную забаву - мюзікхол. Ці не здаецца вам, што гэтыя прароцтвы ў значнай меры спраўдзіліся?

- Ведаеце, тэатр - гэта тая праява культуры, якая даступная толькі вельмі маленькаму працэнту насельніцтва. Прыкладам, паводле статыстыкі, толькі 4% амерыканцаў хоць раз у жыцці былі ў тэатры. А ў ХІХ стагоддзі ён выступаў галоўнай праявай культуры. Але ж чым больш дасканалымі будуць тэхналогіі, тым болей мы будзем сумаваць аб жывым акцёру, яго голасе, фізічнай прысутнасці.



- Напэўна, гэта прычына, па якой вы працуеце ў тэатры...

- Калі ў мяне нядаўна з'явілася новая п'еса, я адразу аддаў яе на тэлебачанне, бо ўсведамляў, што там будзе ў сто разоў болей гледачоў. Нават пры поўных аншлагах у тэатрах немагчыма сабраць тую мільённую аўдыторыю, якую меў той твор у Польшчы.

 - У наш век глабалізацыі ўжо без жартаў можна задаць пытанне: ці моцна адрозніваецца па сваім светаадчуванні Беларусь ад Кітая?

- Натуральна! Скажу нават болей: Беларусь адрозніваецца ад сваіх суседзяў: Расіі, Украіны, Прыбалтыкі. У вас ёсць нейкая спецыфіка, якую мне зараз цяжка будзе сфармуляваць, але... я вельмі добра яе адчуваю.

- У нашых тэатральных колах ужо не першы год існуе своеасаблівы комплекс непаўнавартаснасці ў сэнсе адставання ад сусветных магістральных тэндэнцый...

 - Думаю, што ваш тэатр акурат бліжэй да іх. Эталон жывога тэатра - гэта Вялікабрытанія. У Германіі і Францыі тэатра шмат, але ён ужо не настолькі жывы, а ваш - псіхалагічна больш глыбокі, заснаваны на акцёрах, а не на рэжысёрах. Я не думаю, што тут можна казаць пра адставанне. Тое, што многія лічаць кансерватыўным, раптам выяўляецца акурат найбольш прагрэсіўным. Самае моцнае - рэалістычны псіхалагічны тэатр, са сваім нервам. А розныя "тэатры off" - яны банальныя. Авангард - не варты сапраўднага мастака. Гэта хіба для моладзі.

- Але ж у польскім тэатры было нямала слынных эксперыментатараў - згадайма хаця б Кантара і Гратоўскага...

 - У тым і справа, што яны не з'яўляліся эксперыментатарамі. Але такім чынам успрымалася іх творчасць. З Гратоўскім мне даводзілася сябраваць, і я ведаю: ні пра якія эксперыменты ён не думаў. Але ж тэатр у нас розны, і традыцыя псіхалагічнага тэатра ў Польшчы па-ранейшаму жывая. Але ёсць модны тэатр. Не думаю, што ён доўга пражыве.

Між іншым, крытыка - гэта вялікая цяжкасць для сучаснага тэатра. Чаму? Калі крытык уплывовага выдання робіць добрую рэцэнзію, нікога ўжо неяк не цікавіць, што на гэты спектакль ніхто не купляе білеты. Дыктатура крытыкаў прыводзіць да кепскіх вынікаў.

 На рынак трэба звяртаць увагу! Здаровы розум простага гледача - гэта крытэрый, а крытык усё ж- не для таго, каб судзіць, а каб вытлумачваць. А судзіць павінен глядач. Крытыкі мусяць паказаць, што яны ўбачылі ў спектаклі, абмяжоўваючы свой суб'ектывізм, бо ў апошнім заўсёды ёсць вялікі складнік ганарлівасці. Так і хочацца спытаць: "Шаноўны крытык, а хто вы такі? Дакажыце, што вы зразумелі мой спектакль і яго кантэкст, што вы дастаткова кампетэнтны спецыяліст, каб меркаваць на гэты конт. А цяпер розныя выданні яшчэ практыкуюць рэйтынгі з зорачкамі. Поўнае глупства!



- Але ж гэтага вымагае сама кан'юнктура СМІ. Трэба напісаць нязмушана, з гумарам...

- А атрымліваецца бязглузда! (Усміхаецца.) Кажу з усмешкай, але я шчыра веру ў тое, што глупства не застанецца беспакараным! Калі мы атрымалі такі шыкоўны падарунак ад Бога, як розум, давядзецца і даць справаздачу за яго выкарыстанне.



- Такім чынам, "чалавек - гучыць самавіта"...

 - Для мяне слова "чалавек" не гучыць самавіта, я не пішу яго з вялікай літары. Слова "Бог" - іншая справа.



Аўтар: Ілля СВІРЫН


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка