Свет маленства




Дата канвертавання09.05.2016
Памер59.75 Kb.

Наш зямляк
Яму нямногім больш за трыццаць. Але за гэтымі трыма дзясяткамі гадоў шмат вучобы і працы, шуканняў і дасягненняў, практыкі і вопыту, пераадоленняў і набыткаў. Цяпер ён мае пасаду галоўнага дарадчыка галоўнага ўпраўлення аграпрамысловага комплексу Апарата Савета Міністраў. А да гэтага была вучоба ў БДУ, у магістратуры галоўнага ўніверсітэта краіны, аспірантуры НАН Рэспублікі Беларусь, праца ў Беларускім навукова-даследчым геолага-разведачным інстытуце і ўдзел ў Першым з’ездзе вучоных Беларусі, кіраўніцтва аддзяленнем хіміі і навук аб зямлі ў Савеце маладых вучоных пры НАН РБ.

Віктар Іванавіч Гіпчык – наш зямляк, нарадзіўся ў вёсцы Карцэвічы (1980г.) і адзінаццаць гадоў вучыўся ў Карцэвіцкай сярэдняй школе, скончыўшы яе ў 1997годзе.


Свет маленства
Віктару Іванавічу Гіпчыку, герою майго аповеду, моцна пашанцавала - нарадзіцца і гадавацца не ў генеральскай сям’і, а пад сціплым сялянскім дахам, сярод звычайных вяскоўцаў. Дзед і бабуля –калгаснікі, маці і цётачка –настаўнікі. Гэтыя чацвёра чалавек ды яшчэ старэйшы на сем гадоў брат складалі яго сям’ю: схіляліся над калыскай, спявалі калыханкі, баялі казкі, забаўлялі гульнямі, пазней прывучалі да працы, адказнасці і самастойнасці, выхоўвалі гонар за свой народ і яго вялікія здзяйсненні.

Бабуля Воля – узор клапатлівасці і самаахвярнасці- шмат расказвала пра мінуўшчыну, гісторыю свайго роду, вёску Малева, сваю малую радзіму.

Дзед Васіль – майстар на ўсе рукі, цясляр, пячнік, паляўнічы-успамінаў, бывала, гады змагання з фашысцкімі захопнікамі, свайго камандзіра маёра Гожава і тое, як разам дайшлі да Германіі, сустрэлі там перамогу і “памылі ногі ў Шпрэе”.

Ад матулі –настаўніцы геаграфіі – убіраў зманлівы свет нязведаных даляў, экзатычных краін, падарожжаў і адкрыццяў, ад цёткі – настаўніцы роднай мовы- любоў да блізкага наваколля, мілых краявідаў бацькаўшчыны, вялікіх творцаў і герояў баларускай зямлі. Брат прылаўчаў да спартыўных гульняў, тэхнікі.


Найлепшая цацка
У кожнага з нас былі ў дзяцінстве свае цацкі: у большасці дзяўчынак – лялькі, у хлопчыкаў – машынкі, у адных – драўляныя конікі, у другіх – мудрагелістыя канструктары.Родныя ж Віктара Іванавіча ў адзін голас сведчаць, што з самага ранняга маленства найлепшай цацкай для яго была кніга. А сам ён і сёння ўспамінае такія па тым часе фаліянты,як “Калиф-аист”, пазней “Маўглі”, а яшчэпазней “Касмічная азбука.” Любімыя кніжкі былі чытаны-перачытаны, памятаўся змест кожнай старонкі.
Калекцыя

Яшчэ адно дзіцячае захапленне – калекцыянаванне, што, як лічыць Віктар Іванавіч, выхоўвала мэтанакіраванасць, цярплівасць, нават логіку. Уменне сістэматызаваць. У дадатак, гэта яшчэ пашырыла кругагляд падлетка, які пазнаваў праз захапленні свет ва ўсіх яго праявах. А збіралася ў розным узросце рознае: замежныя маркі, календары, паштоўкі, свечкі, старадаўнія прадметы сялянскага побыту, атласы, кнігі аб падарожніках.


Мара пачынаецца з дзяцінства, або незвычайны дыванок
З гадоў трох-пяці хлопчык ужо падарожнічаў. Як? А ўпадабаў ён, каб на падлозе, на дыванку, была раскладзена вялікая карта свету. Усеўшыся ля Індыі, чытыў пра Былу і Багіру, перамясціўшыся ў Антарктыду, еў са смакам бабулін фасолевы суп, як запраўскі палярнік, прымасціўшыся непадалёк ад Новаёй Зеландыі, запісваў адказы на пытанні ў сшытак па гісторыіі ці геаграфіі, як занатоўваў свае назіранні Міклуха-Маклай.

Калі вучыўся ў сярэдніх і старэйшых класах, карта, глобус, атласы заўсёды былі паблізу. Тэлевізійныя навіны ў свеце глядзеў з імі, і калі называлася нейкая краіна, горад, возера, рака – адразу ж знаходзіў іх каардынаты на карце. Таму і не дзіўна, што ў старэйшых класах стаў Віктар нязменным удзельнікам і пераможцам алімпіяд па геаграфіі, лёгка вызначыўся ў далейшым жыцці.


Што за хорам на гары?
Гэты вучнёўскі гімн роднай школе Віктар не раз спяваў са сваімі аднакласнікамі, мо старанней чым хто выводзячы кожную ноту:
Падзівіцеся, сябры,

Што за хорам на гары!

Гэта школа – светлы дом,

Кожны дзень сюды ідзём.


Любіў школу па-сапраўднаму, нібы другі свой дом. Заняткі практычна не прапускаў. Прадметы цікавілі ўсе, без выключэння. Кожны ўрок успрымаўся і цаніўся як найкашоўнейшыя хвіліны, што заўсёды, без выключзння, нясуць штосьці новае, патрэбнае, грунтоўнае. “А любімага настаўніка не было, інтрыгуюча- жартаўліва пачынае Віктар Іванавіч і ўжо пранікнёна-шчыра дадае: - Любімымі былі ўсе. Яны ж так стараліся дзеля нас. Дзякуючы ім, я займеў даволі важкі багаж ведаў.

Выдатніку ў вучобе, яму яшчэ хапала і часу, і энергіі на грамадскія справы. Мо таму школьнае жыццё прамільгнула вельмі імкліва.




Альма-матэр
Летам 1997 года з атэстатам медаліста падаўся выпускнік Карцэвіцкай СШ у галоўны ўніверсітэт краіны на геаграфічны факультэт, па спецыяльнасцт геалогія. Бліскуча здадзены першы экзамен даваў права не здаваць экзамены далей. Таму ў той жа дзень, пасля выдатнаў адзнакі, Віктар вяртаўся дамоў ужо студэнтам БДУ. У дадатак , вёз ў памяці ўспаміны пра здзіўленне і членаў прыёмнай камісіі і дэкана факультэта, што, заклікаўшы хлопца да сябе ў кабінет, дзівіўся: “Няўжо такія яшчэ ёсць у сельскіх школах!”




Магістр, навуковы супрацоўнік НАН РБ
Прынцып вучобы ў школе быў перанесены і на ўніверсітэт. Віктар Іванавіч прыгадвае, што, здаецца, не прапусціў ніводнай лекцыі, ніводнага занятку. Вучыцца – гэта ж так цікава!. Пасля пяці гадоў вучобы атрымаў прапанову здаць экзамены для паступлення ў магістратуру ўніверсітэта, што і зрабіў, каб павучыцца яшчэ адзін год і атрымаць званне магістра прыродазнаўчых навук. Пасля па запыце Акадэміі Навук Беларусі пайшоў працаваць у навукова-даследчы геолага-разведачны інстытут навуковым супрацоўнікам. Пра тыя гады ён успамінае:

-Праца мая была вельмі разнастайная. Я не палявы геолаг. Але даводзілася бываць на буравой, адбіраць пароды, працаваць з геалагічным малатком. Аднак асноўны час – гэта апрацоўка палявых матэрыялаў, даследаванні, апісанне парод, работа ля камп’ютара. Задзейнічаны мы былі ў шматлікіх праектах з вучонымі Расіі, Украіны. У нашага інстытута – цесныя сувязі з навукоўцамі Масквы, Іркуцка, Кіева, Апатытаў, Міяса. Свет навукі дзяржаўнымі межамі не раз’яднаны. У адных пытаннях нашы сябры просяць у нас дапамогі, у другіх – мы не можам абысціся без іх. Так, напрыклад, каб правесці ізатопны аналіз магматычных парод для маёй дысертацыі, я пасылаў даволі важкі пакунак (каля 50 кг) у горад Апатыты. Супрацоўнікі нашай лабараторыі рэгулярна ездзяць у горад Міяс. Гэтыя сувязі ўжо не толькі дзелавыя, але і сяброўскія.

Я працаваў з такімі велічынямі навукі, як акадэмікі Анатоль Аляксандравіч Махнач, Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі, доктар навук Галіна Кузьмінічна Хурсевіч, Сямён Аляксандравіч Кручак. Гэта вучоныя, узровень якіх сягае сусветнай вядомасці. Наш невялікі калектыў аб’ядноўвала некалькі пакаленняў вучоных. І заўсёды можна спадзявацца на надзейнае плячо сябра, разумную параду. Вельмі быў задаволены, што працую менавіта тут, з гэтымі людзьмі, пісаў кандыдацкую дысертацыю і лічыў, што Акадэмія Навук – менавіта тое месца, дзе магу рэалізавацца напоўніцу, скарыстаўшы ўсе свае веды і яшчэ паглыбіўшы іх. Тэма маёй дысертацыі – “Петралогія магматычных утварэнняў бабруйскай кальцавой структуры”. Гэта праект, які дапаможа высветліць мінаралагічны патэнцыял названай мясцовасці дзеля прагнозу на пошук металічных карысных выкапняў і алмазных трубак выбуху ў Беларусі, што дазволіць умацаваць мінеральна-сыравінную базу нашай краіны.
З’езд
З гонарам хочацца сказаць і пра тое, што наш зямляк прадстаўляў маладое пакаленне навукі на Першым з’ездзе вучоных Беларусі. Гэта было і ганарова, і вельмі адказна, прызнаецца Віктар Іванавіч. Тым больш, што ён у той час з’яўляўся намеснікам старшыні савета маладых вучоных свайго інстытута. На з’ездзе адчуваў сябе тым парасткам, які сярод магутных дрэў цягнецца да сонца і адчувае сябе вельмі ўтульна пад тымі кронамі, якія ўжо маюць багатыя плады. Праграма з’езда была цікавай і насычанай. Апроч агульных пасяджэнняў, была арганізавана работа ў секцыях, сярод якіх працавала і секцыя Рэспубліканскага Савета маладых вучоных “Моладзь і інавацыі”. Усё гэта сведчыла, што ў нашай краіне шануецца вопыт старэйшых і, разам з тым, ускладваюцца вялікія надзеі на моладзь.

Апошнія чатыры гады У.І.Гіпчык працуе ў Апараце Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Вокны яго кабінета на чацвёртым паверсе галоўнай будыніны нашай краіны глядзяць на плошчу Леніна, на родны ўніверсітэт. Думаецца, ці мог спадзявацца той вясковы выпускнік, які прыехаў сюды паступаць на вучобу, што праз які дзясятак гадоў ён будзе вырашаць складаныя пытанні краіны ў доме насупраць, несці адказную службу ў імя сваёй Радзімы. А стала гэта магчымым дзякуючы паўсядзённай настойлівай вучобе і працы. Чым не прыклад для сённяшняга пакалення нашых школьнікаў.




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка