Сухі Павел Восіпавіч




Дата канвертавання27.03.2016
Памер24.05 Kb.
Сухі Павел Восіпавіч

Савецкі авіяканструктар, доктар тэхнічных навук.

Нарадзіўся 22 ліпеня 1895 г. у мястэчку Глыбокае Дзісенскага павета Віленскай губерні (зараз – г. Глыбокае Віцебскай вобласці). Бацькі яго былі настаўнікамі і працавалі ў мясцовай школе. У 1900 г. бацька Паўла Сухога атрымаў прапанову стаць дырэктарам адной са школ Гомеля, і сям'я перабіраецца на поўдзень Беларусі.

У 1914 г. Сухі скончыў Гомельскую гімназію з сярэбраным медалём і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. У 1915 г. перавёўся ў Маскоўскае вышэйшае тэхнічнае вучылішча (далей – МВТВ). З 1916 г. служыў у арміі. У 1918 – 1920 гг. працаваў настаўнікам у чыгуначнай школе ў Лунінцы.

Пасля заканчэння МВТВ ў 1925 г. Павел Сухі працаваў інжынерам-канструктарам ў Цэнтральным аэрагідрадынамічным інстытуце (далей – ЦАГІ). У канструктарскім бюро (далей – КБ) Тупалева ён распрацоўваў знішчальнікі І-4, І-14, быў вядучым канструктарам, начальнікам канструктарскай брыгады пры распрацоўцы самалётаў РД (АНТ-25) і «Радзіма» (АНТ-37). На самалёце АНТ-25 у 1937 г. лётчыкі Чкалаў, Байдукоў і Белякоў здзейснілі першы ў свеце беспасадачны пералёт Масква – Портленд (ЗША) праз Паўночны полюс.

Браў удзел у конкурснай распрацоўцы самалёта «Іваноў», якая скончылася стварэннем баявога шматмэтавага самалёта Су-2, які выкарыстоўваецца ў першыя гады Вялікай Айчыннай вайны.

У 1939-1940 гг. Павел Восіпавіч Сухі – галоўны канструктар вопытнага канструктарскага бюро. Пад яго кіраўніцтвам у 1940 – 1941 гг. былі створаны вопытныя знішчальнікі Су-1 і Су-3. Яшчэ раней быў распрацаваны бамбардзіроўшчык Су-2. Гэтая машына валодала выдатнай хуткасцю, мела магутнае ўзбраенне і для ўзлёту не патрабавала аэрадрома – дастаткова было любога роўнага поля.

Яшчэ да вайны Сухі атрымаў заданне на распрацоўку самалёта-штурмавіка. У чэрвені 1943 г. штурмавік Су-6 быў перададзены для дзяржаўных выпрабаванняў. Новая машына была вельмі высока ацэнена, але ў серыйную вытворчасць не выйшла. У час вайны Сухі стварыў і самы магутны браніраваны штурмавік Су-8, атрымаўшы за гэта Дзяржаўную прэмію.

У пасляваенныя гады Сухі быў у шэрагу першых савецкіх авіяканструктараў, якія вялі работы ў галіне рэактыўнай авіяцыі, стварыўшы некалькі вопытных рэактыўных знішчальнікаў. Пасля аднаўлення КБ пад яго кіраўніцтвам быў распрацаваны шэраг серыйных баявых машын, у ліку якіх значыўся знішчальнік Су-7 з хуткасцю палёту, які ўдвая перавысіў хуткасць гуку. Далей з КБ Сухога выйшлі знішчальнікі-перахопнікі Су-9, Су-10, Су-15, знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі Су-7Б з лыжным і колава-лыжным шасі, Су-17 са зменлівай ў палёце стрэлападобнасцю крыла, франтавы бамбардзіроўшчык Су-24, штурмавік Су-25, знішчальнік Су-27 і іншыя самалёты.

У 1958-1974 гг. Павел Сухі з'яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, быў актыўным грамадскім дзеячам.

Памёр 15 верасня 1975 г. Пахаваны ў Маскве.

За выдатныя работы ў галіне авіяцыйнай навукі і тэхнікі канструктар быў узнагароджаны залатым медалём імя акадэміка Тупалева (1975 г.). У 1957 г. Сухому было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы, у 1965 г. ён атрымаў другі залаты медаль «Серп і Молат». Сухі Павел Восіпавіч з'яўляецца кавалерам трох ордэнаў Леніна (1945 г., 1957 г., 1975 г.) , ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга (1938 г.), Чырвонай Зоркі (1933 г.) і « Знак Пашаны» (1936 г.), лаўрэатам Сталінскай прэміі (1943 г. - за стварэнне штурмавіка Су-6), Ленінскай прэміі (1968 г.), Дзяржаўнай прэміі СССР (1975 г. - пасмяротна).



У 2004 годзе імем Паўла Восіпавіча названая вуліца ў Маскве; яго імя прысвоена Гомельскаму дзяржаўнаму тэхнічнаму ўніверсітэту (ГДТУ).

У школе № 1 горада Глыбокае ў 1985 г. быў створаны музей Паўла Восіпавіча Сухога, на ўездзе ў горад у 1996 г. пастаўлены помнік канструктару ў выглядзе самалёта Су-17, яго імя носіць адна з вуліц Глыбокага.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка